Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецьця (1928)/Урад і яго адносіны да Беларусі ў першай чвэрці XIX сталецьця

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Апошнія годы XVIII сталецьця Урад і яго адносіны да Беларусі ў першай чвэрці XIX сталецьця
Лекцыя
Аўтар: Усевалад Ігнатоўскі
1928 год
Асьвета на Беларусі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Урад і яго адносіны да Беларусі ў першай чвэрці XIX сталецьця.

У ноч на 11 сакавіка 1801 году забойствам «божьего помазанника» закончылася панаваньне «ужаса». На царскі пасад праз труп бацькі ўваходзіць сын Паўла, Аляксандар І. Вярхі грамадзянства і прыдворныя колы сустрэлі яго цараваньне з надзеямі і радасьцю. Выхаваны на прынцыпах сэнтымэнтальнага лібэралізму, ён быў тыповым прадстаўніком дваранскай інтэлігэнцыі свайго часу. Многа гаварылася, многа пралівалася сьлёз радасьці й смутку, а суровае жыцьцё йшло сваёю чаргою, зусім не паддаючыся ўплыву гэтых бязгрунтоўных аранжарэйных гістарычных тыпаў. Пачыналі гэтыя людзі з галосных бліскучых слоў, а канчалі ці нікчэмнымі, ці бруднымі справамі. Яны напамінаюць нам тыя тыпы інстытутак, каторых выхоўвалі жаноцкія закрытыя школы дарэволюцыйнай Расіі. Раней эхі і охі, наіўны сантымэнтальны ідэалізм, погляд на сьвет праз ружовыя акуляры, а потым грубае мяшчанства.

Панскія жаночыя уборы ў пачатку XIX ст.

Вельмі яскрава намаляваў гэты тып людзей у пачатку XIX сталецьця Пушкін у сваім романе «Евгений Онегин» у васобе старой Ларынай. Як птушка з гнязда, выпархнула яна з «благородного» інстытуту, дзе яе вучылі «чему нибудь и как нибудь». Яна мела далікатна-шляхецкія манеры, ведала францускую мову ляпей за рускую, была закахана ў вычытанага з сэнтымэнтальных романаў гэроя, пісала сьлязьлівыя вершы ў альбомы сваім таварышкам, простую Параску называла «Полиною» і г. д. А потым, зрабіўшыся па волі сваіх бацькоў жонкаю вясковага памешчыка, яна хутка і бязбольна забылася аб сваіх інстытуцкіх прычудах. Яна кінула вершы і романы, занялася дамоваю гаспадаркаю ў умовах паншчыны і прыгону, саліла на зіму грыбы, варыла канфітуры, апранула халат і чапец, біла сваяручна пакаёўку. Яе ў мінулым сэнтымэнтальныя мазгі дадумаліся прымусіць сенных дзяўчат, калі тыя зьбіралі ў садзе ягады, сьпяваць песьні, каб іх «лукавые уста» часам не пажывіліся панскімі ягадамі. Зусім такім тыпам быў новы расійскі цар і яго прыдворныя. Пачалося з таго, што ўсяўладны монарх задаўся мэтаю «ограничить произвол нашего правительства», г. зн. абмежаваць самаго сябе, «устанавіць на ўсім сьвеце рэспублікі» і г. д., а скончылася вялікаю рэакцыяю. Пачалося рэволюцыянэрам, рэспубліканцам Лягарпам, а кончылася рэакцыянэрам дэгэнэратам Аракчэевым.

Заняўшы царскі пасад, Аляксандар І утварыў каля сябе асобны, што ня ўходзіць у склад агульных дзяржаўных устаноў, так званы Інтымны Камітэт. Найчасьцей Аляксандар, патураючы тады францускім рэволюцыянэрам, называў яго „Komitet de salut republique”. Гэта была асабістая дарадчая установа пры асобе цара, дзе разглядваліся і абгаварваліся за шклянкаю гарбаты прынцыповыя пытаньні і фантастычныя проэкты будучай Расіі, каторую ўтворыць урад Аляксандра І. У склад Інтымнага Комітэту ўваходзілі асабістыя прыяцелі маладога самаўладцы, з такім самым сьветапаглядам і настроем, з такім самым вартаваньнем, як і ён сам. Гэта былі чатыры чалавекі: Качубей, Новасільцаў, Строганаў і вядомы польскі «патрыот» Адам Чартарыскі. Вельмі часта ў Комітэт наведваўся стары настаўнік Аляксандра—Лягарп. У сваіх поглядах на Беларусь Комітэт знаходзіўся пад уплывам Чартарыскага. Само сабою зразумела, што на Беларусь усе сябры Комітэту, не выключаючы й цара, глядзелі вачыма Чартарыскага. Беларусь ёсьць частка Рэчы Паспалітай, прылучаная пасьля падзелаў да Расійскай імпэрыі. Такім спосабам, беларускае пытаньне злучаецца неразрыўна з польскім пытаньнем і будзе выяўляцца разам з ім ня толькі ў першую чвэрць XIX сталецьця, але і ў далейшыя часы. На думку сяброў Інтымнага Комітэту Беларусь павінна ўвайсьці ў склад адноўленай, будучай Польшчы, як яе неразрыўная частка. Лібэралізм першых год аляксандраўскай эпохі будзе стаяць на гэтым поглядзе, пакуль не саткнецца з суровай міжнароднай політыкай і з сваім хатнім консэрватызмам і рэакцыяй.

Гэты консэрватызм існаваў ужо ў частцы ўраду і быў прадстаўлен даволі папулярнымі і моцнымі кансэрватарамі таго часу, на чале каторых стаялі—чалавек старой, катарынінскай эпохі, поэта Дзяржавін і «гісторыограф» імпэрыі Карамзін. На іх погляд, Беларусь ёсьць «искони русский край», вотчына яшчэ маскоўскіх князёў, каторая павінна заўсёды заставацца за Расіяй. Такім спосабам, у самым пачатку XIX сталецьця вытвараюцца два процілеглыя погляды на Беларусь, каторыя потым на працягу ўсяго сталецьця будуць змагацца паміж сабою і зацямняць праўдзівую істоту беларускага пытаньня. З аднаго боку будзе громка крычаць «истинно-поляк» разам з рускімі лібэраламі, з другога боку—«истинно-русский», і за імі ня будзе чутно слабога голасу беларуса, каторы ня можа крычаць з прычыны рэальнага характару.

Погляд консэрватыўных кругоў на беларускае пытаньне ў пачатку цараваньня Аляксандра І не бярэцца пад увагу ў агульнай політыцы. Ён выплывае політычна крыху пазьней, калі скончыцца лібэралізм ураду. Пакуль што ў вышэйшых урадавых колах пануе погляд на Беларусь, які вытварыўся ў Інтымным Комітэце пад уплывам А. Чартарыскага.

Трэба сказаць, што ня толькі рускае грамадзянства, але і рускія вучоныя хоць і цікавіліся, але яшчэ зусім мала ведалі, што такое Беларусь і беларусы ў сваім мінулым і цяперашнім. Перад намі падарожныя запісы вучонага чалавека, акадэміка Расійскай Акадэміі Навук В. М. Севергіна, каторы ў 1803 годзе зрабіў навуковую падарожу па Беларусі, цікавячыся толькі што прылучаным краем. Запісы акадэміка зьявіліся ў друку ў дзьвюх кніжках, пад назвамі: 1) «Записки путешествия по западным провинциям российского государства» (1803 г.) і 2) «Продолжение записок путешествия» і г. д. (1804 г.). Севергін—выдатны вучоны свайго часу ў галіне мінэралёгіі і хіміі, апроч таго, ён наагул ставіў сваім заданьнем пазнаньне Расіі і пашырэньне вед сярод грамадзянства. Зразумела, што ў часы сваёй падарожы ён мог добра разабрацца ў пытаньнях, блізкіх да сваёй спэцыяльнасьці. Што датычыць другіх галін жыцьця Беларусі, то тут, ня гледзячы на сваю вучонасьць, ён зусім ня можа ў іх разабрацца. Ён даволі наіўна вызначае, што на Беларусі ёсьць нават праваслаўныя цэрквы. Яго, незнаёмага з гісторыяй Беларусі, гэты факт вельмі дзівіць; таксама дзівіць і тое, што набажэнства ў гэтых цэрквах надта падобна на набажэнства, якое адпраўляецца ў цэрквах цэнтральнай Расіі; што рызы тутэйшых папоў падобны на рызы папоў у Расіі; што чытаюць і сьпяваюць на Беларусі па такіх самых славянскіх кнігах, як і ў Расіі. Тым ня менш, акадэмік зусім неспадзявана для нас называе ўсіх насельнікаў Беларусі схізматыкамі. Відаць, што аўтар зусім не зразумеў быту Беларусі, які вырас на рэальных умовах мінулага жыцьця.

Як зазначалася раней, адносіны новага аляксандраўскага ураду да Рэчы Паспалітай, а ў тым ліку і да Беларусі, ёсьць па настрою такія самыя, як і ранейшага паўлаўскага ўраду. Аляксандар І і Інтымны Комітэт спачувае падзеленай Польшчы і польскім патрыётам. Такія адносіны да Польшчы і яе падзелаў Аляксандр І выявіў яшчэ ў часы цараваньня Катарыны ІІ, выяўляў і пазьней.

Яшчэ ў канцы 1795 году ў Пецярбург прыехалі прадстаўнікі польскай фаміліі Чартарыскіх, каторая ў астатнія часы існаваньня Польшчы грала вялікую ролю ў яе справах. Гэта былі браты Чартарыскія— Канстантын і Адам, аб каторым мы ўжо гаварылі раней. Вясною 1796 году паміж Аляксандрам, будучым імпэратарам, і Адамам Чартарыскім у садзе Таўрыдзкага палацу была цікавая гутарка, каторая адбывалася тры гадзіны. Гутарку з Аляксандрам Чартарыскі потым дакладна апісаў у сваіх мэмуарах. (Memories du prince A. Czartoryski, Paris, 1887, т. І.).

Прывядзем вынятак з названай вышэй гутаркі. «Ён (Аляксандар) сказаў мне, што ён ня згодзен з поглядамі і правіламі двару і габінэту; ён зусім не спагадае політыцы і спосабу дзейнасьці сваёй бабкі (Катарыны). Усе яго жаданьні былі на старане Польшчы і мелі сваёю мэтаю посьпех яе слаўнай барацьбы. Касьцюшка ў яго вачох быў вялікім чалавекам па свайму дабрадзейству і яшчэ затым, што ён бараніў справу люднасьці і справядлівасьці». Як кажа Чартарыскі, Аляксандар прасіў яго захаваць гэтую гутарку ў глыбокай тайне і нікому нічога не гаворыць аб ёй, апроч брата. Просьба Аляксандра зусім зразумела, калі прыняць пад увагу настрой катарынінскай політыкі ў адносінах да Рэчы Паспалітай. Ясна, што Чартарыскі прыняў пад увагу прыхільныя да Польшчы словы будучага расійскага самаўладцы, каб пачаць далейшую політыку Польшчы ў сувязі з політыкай Расіі, што мела зьмяніцца. З далейшых слоў мэмуараў відаць, што Чартарыскаму, як польскаму патрыоту, настрой будучага галавы расійскага ураду быў вельмі прыемны. «Я перадаў брату аб гэтай гутарцы і, падзяліўшыся паміж сабою нашым захапленьнем і нашым зьдзіўленьнем, мы разам пачалі марыць аб яскравай будучыне, каторая, здавалася, адчынялася перад намі». (Memories).

Пасьля ўступленьня на царскі пасад Аляксандра І, польскі патрыотызм мае падставу для сваіх надзей. Падстаўляецца плян аднавіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 году, утварыўшы дынастычную сувязь яе з Расійскай імпэрыяй праз асобу Аляксандра І. Адначасна з гэтым, у другой частцы польскіх патрыотычных кругоў вырастае яшчэ адзін плян: зьвязаць долю Польшчы з імем рэволюцыйнай Францыі. Там пачынае ўсходзіць сонца Наполеона, раней, як галоўнакамандуючага эгіпэцкай арміяй, потым, як консула і ўрэшце, як імпэратара французаў. З гэтым сонцам частка польскіх патрыотаў хоча злучыць дзень адноўленае Польшчы. Такім чынам, польская справа зьвязала сябе з прадстаўнікамі двух супярэчных імпэрыялістычных гаспадарстваў, каторыя будуць прагнуцца карыстацца Польшчаю для сваіх інтарэсаў.

У пачатку ХIХ-га сталецьця супярэчнасьць паміж Францыяй і Ўсходам з кожным годам расьце ўсё больш і больш. На чале рэакцыйнага Ўсходу становіцца Расійская імпэрыя, чаму зусім не прашкаджае наіўны лібэралізм яе ураду. Пачынаецца проціў Францыі кампанія 1805-6 гадоў. Для барацьбы з Францыяй складаецца коаліцыя, у каторую раней уваходзяць Расія, Англія, Аўстрыя. Праз нейкі час у коаліцыю ўцягваецца і Прусія. Польскія патрыятычныя кругі, спадзяючыся на Расію, не здаволены тым, што Расія ўвашла ў коаліцыю. Да гэтага справа адбудаваньня Рэчы Паспалітай вырысоўвалася ў іх вачох такім спосабам: Аляксандар І, імпэратар расійскі і будучы кароль польскі, зьявіцца з рускай арміяй у Варшаву і тут падпіша акт абвяшчэньня Польскай дзяржавы і карануецца польскаю каронаю. Затым, як кароль Польшчы, ён патрабуе ад Аўстрыі і Прусіі, каб яны адмовіліся ад тых частак Рэчы Паспалітай, каторыя яны атрымалі на аснове падзелу, і прылучылі іх да рускай часткі Польшчы. Узброеныя рускія сілы ў Варшаве будуць падмацоўваць патрабаваньні новага польскага караля. Апроч таго, адначасна ў польскіх землях Аўстрыі і Прусіі організуюцца польскія паўстанчэскія атрады, каторыя будуць пагражаць Аўстрыі і Прусіі з сярэдзіны. У выніку ўсяго гэтага і вырастае з руін польскае гаспадарства ў тым самым складзе, у якім яно існавала да падзелаў. Ясна, што коаліцыя Расіі з Прусіяй і Аўстрыяй руйнавала магчымасьць вышэйпаказанага пляну. Рускі імпэрыялізм, у васобе Аляксандра, тым ня менш стараецца падтрымаць падупалы настрой польскіх патрыётаў усякімі туманнымі абяцанкамі.

У верасьні 1805 году Аляксандар І чатыры тыдні прагасьцяваў у маёнтку Чартарыйскіх, Пулавах, недалёка ад Бярэсьця. Гасьцінам быў дадзен палітычны характар. Аляксандар саправажаў рускую армію, якая ішла на злучэньне з аўстрыйскай для барацьбы з Наполеонам, і суняўся ў Пулавах, каторыя знаходзіліся ўжо на аўстрыйскай тэрыторыі. Сюды сабраліся правадыры польскай політыкі. Тут было пушчана ў ход усё, каб утварыць у рускага сэнтымэнтальнага цара адпаведны польскі патрыотычны настрой. У васобным будынку, названым храмам Сыбілы, а таксама і ў готычным палацы князёў былі сабраны ўсялякія памяткі славы старажытнай Рэчы Паспалітай. Маёнтак быў як-бы архівам і музэям дзяржаўнасьці Польшчы. Княгіня-маці сама была для гасьця тлумачом гэтых памятак мінулага. Цар з вялікаю ўвагаю выслухоўваў тлумачэньне шчырай польскай патрыоткі. (Записки Каэтана Кажмяна, Руск. Вестник, 1865 г., № 2). З свайго баку «очаровательный сфинкс» ня скупіўся на ўрачыстыя, хоць і туманныя, абяцанкі, якія адпавядалі романтычнаму настрою Пулаваў. Было сказана многа громкіх слоў, праліта многа сьлёз захапленьня і выпіта шмат віна на банкетах і пікнікох.

А Наполеон у гэтыя часы не сядзеў злажыўшы рукі. Хуткім крокам яго армія накіравалася ў Аўстрыю. Тут пад Аўстэрліцам ён разьбіў аўстрыйскую і рускую арміі (1805). З-пад Аўстэрліца француская армія сьпешна была рушана на Вену—і сталіца Аўстрыі была ўзята. Пакончыўшы з адным членам коаліцыі, Наполеонаўская армія ўвашла на тэрыторыю Прусіі. У адзін дзень дашчэнту былі разьбіты дзьве прускія арміі, пры Вене і Аўэрштэце (1806). Праз некалькі тыдняў сталіца Прусіі, Бэрлін, таксама апынулася ў руках Наполеона. Тады на дапамогу Прусіі зьявілася руская армія. Пасьля некалькіх нерашучых стычак руская армія была разьбіта пад Фрыдляндам і адступіла за Нёман.

25 чэрвеня 1807 гаду адбываецца Тыльзыцкая згода паміж Францыяй і Расіяй. На грунце гэтай згоды утвараецца Вялікае Гэрцогства Варшаўскае, у склад якога ўвашлі амаль што ўсе польскія вобласьці, каторыя пасьля падзелаў былі ў складзе Прусіі. Новае гаспадарства было аддадзена пад уладу караля саксонскага і складала частку Рэйнскага Саюзу. Поўным гаспадаром у гэрцогстве быў Наполеон. На новае гаспадарства ён глядзеў, як на авангардны пункт для руху на ўсход. Польская армія, колькасьць якой была вызначана ў 30.000 салдат, павінна была служыць мэтам францускага імпэрыялізму. У 1809 годзе да гэрцогства былі далучаны польскія землі, адабраныя ў Аўстрыі: Заходняя Галіцыя, Кракаў і Вялічка. Усё гаспадарства злажыла каля 2.700 квадр. міль. Экономічны стан гэрцогства быў цяжкі, бо яно павінна было плаціць налогі на ваенныя патрэбы Наполеона. Вызваленае без зямлі сялянства папала ў цяжкую эканомінную залежнасьць ад сваіх паноў.

Утворанае Тыльзыцкаю згодаю польскае гаспадарства ня ўключае ў свае межы Літвы і Беларусі, каторыя засталіся ў межах Расійскай імпэрыі. Гэты факт прымушае польскіх політыкаў зьвярнуць увагу на магчымасьць пашырэньня новай Польшчы на ўсход. У 1811 годзе зноў пачынаюцца перагаворы паміж Чартарыскім і рускім урадам. Вызначаюцца ўсходнія межы будучай Польшчы: яны павінны ісьці па Заходняй Дзьвіне, Бярэзіне і Дняпру. Рэч Паспалітая павінна, на аснове ранейшых плянаў, дынастычна зьвязацца з Расіяй. Рускі цар павінен заставіць у Польшчы лібэральную канстытуцыю, утвораную Наполеонам. Шляхам перагавораў Польшча прагнецца ўвясьці ў свае межы Беларусь, а Расія—зрабіць з Польшчы буфэр у будучай барацьбе з Наполеонам, каторая ўжо прадчуваецца. На гэты раз перагаворы не даюць ніякіх вынікаў. Сымпатыі польскіх патрыётаў ужо накіраваны на зору Наполеона. Яны ўжо ад яго чакаюць поўнага адбудаваньня Рэчы Паспалітай.

У самым канцы 1811 і пачатку 1812 году ідзе яшчэ адна проба ўтварыць буфэрнае гаспадарства. Вынікае плян пабудаваць самастойнае, пад протэкторатам Расіі, Вялікае Княства Літоўскае. У гэтай справе вядуцца перагаворы з літоўска-беларускім магнацтвам, на чале якога стаіць Агінскі. Вызначаецца шырокая тэрыторыя для новага гаспадарства, куды ўваходзяць губэрні: Горадзенская, Менская, Віленская, вобласьць Беластоцкая, губэрні Кіеўская і Падольская. Для новага гаспадарства проэктуецца нават констытуцыя, падобная на Фінляндзкую. Гэты, вельмі беспадстаўны па замыслу, плян так і ня зьдзейсьніўся, бо распачалася вайна 1812 году.