Град

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Град
Верш
Аўтар: Янка Купала
1905—1907
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/913


О вы, што век цэлы адзеты і сыты,
І з думкай адной, каб пражыць весялей!
Ці бачылі гора у вёсцы забытай?
Ці бачылі працу загнаных людзей?

Ці гнуўся з вас хто над сахою у полі?
Ці вёз з вас каторы да места дроў воз
На фунт які крупаў, на фунт які солі?
Ці пёкся на сонцы, ці мёрз у мароз?

Палац ваш сьмяецца зь нядолі бядачай, —
Век музыка, песьні і сытасьці крык.
А там гэт, у вёсцы і стогне, і плача
Ваш брат, пагарджаны галодны мужык.

Пад потам арэ, барануе і сее,
Каб белага хлеба прыдбаці для вас,
А хто ж з вас яго у бядзе пажалее?
Паслухалі ж песьні яго вы хоць раз?

Эй! песьня ад вас, як ад пнёў, адаб'ецца;
Вы рады б і песьню здушыць, апляваць,
Бо ў песьнях шмат скаргаў на хціўцаў нясецца,
А ў скаргах бяздольных шмат праўды чуваць.

Гуляйце да часу уцехай шалёнай,
А можа, і памяць надойдзе калі.
Эй! каб не спаткала вас доля Нэрона!
Рым можных шаленствы к упадку зьвялі…

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Зайшоў я раз к пану за нейкай патрэбай;
Сяджу, аж тут зь вёскі прыходзе мужык,
Худы, чуць жывы, знаць, даўно ня еў хлеба,
Хоць, праўда, к бясхлеб'ю зь іх кожны прывык.

Уйшоў, ўвесь трасецца, стаіць у парозе,
Баіцца йсьці далей, ат, ведама, гад!
Ён толькі адважны дрыжаць на марозе,
Крывавы пот ліці, каб пан быў багат.

Стаіць, і ўздыхае, і сьлёзы ўцірае,
З нагі на нагу праступае ўсё так,
Гняце, знаці, думка яго неўдалая.
Аж пан запытаўся: «Што скажаш, бядак?»

«Паночку міленькі! — той гэтак азваўся. —
Будзь ласкаў, зьмілуйся над горам маім —
Дай хлеба ці жыта, я ўсюдых цягаўся,
Нідзе не дастаў, сам галодны зусім.

І дома сямёра дзяцей засталося,
Нятоплена печка, няма што варыць,
А дзеткі заводзяць, а жонка галосе…
Ня йдзі хоць у хату, так цяжанька жыць.

Будзь ласкаў, паночку! Як будзе работа,
Я ўдвое за ласку табе адраблю.
Дай з пудзік, мей літасьць над нашай бядотай,
Пазыч, бо ці ж буду я грызьці зямлю?!»

І моліцца гэтак, і жаліцца гэтак,
А колькі сьлёз выліў, сам хіба ня знаў,
Клянецца на жонку, клянецца на дзетак,
Што ён не гультай, а што Бог гэтак даў,

Што град выбіў збожжа усё да каліўка,
Так зьбіў, нібы конь пакачаўся ў траве…
А добра ж была так абсеяна ніўка, —
Як глянеш, здаецца, па ёй штось плыве.

«Эй! шчыра, паночку, — ён гэтак гавора. —
З сахой, з бараной увіваўся я ў полі;
Ару, бараную да поту, а скора,
А ўсё каб зрабіці, а ўсё як найболей.

Аж глянуці люба — абсеяў шнур цэлы:
Лялее пшанічка, авёс і ячмень,
Лялее другі шнур з жытцом, ужо белы;
Хаджу і любуюся кожненькі дзень.

Вот, думаю, будзе і крупак, і хлеба,
Што лішняе — ў Менск павязу і прадам;
Вот будзе і солі, эй, ласкаў Бог зь неба!
Аддам ў магазын і падаткі аддам.

Дарэмныя ж думкі былі усё гэта:
Нядолі праўдзівай, знаць, родны я сын!
Дарэмна я біўся вясну так і лета:
Усю маю працу дзень зьнішчыў адзін.

Раз неяк на небе зьявілася хмура;
Усякі з нас летняму дожджыку рад,
Але тут шла летняя страшная бура…
О, Божа, хаця б не пасыпаўся град!

Гром глуха грахоча пад небам высокім,
Прыціхнулі птушкі, схаваўся каршун,
Мігнула маланка адблескам далёкім,
Ударыў у елку гняўлівы пярун.

Сьвет пеклам здаецца, зямля раве дзіка,
А неба, сыпнуўшы маланак агнём,
Азвалася бурай шалёнай, вялікай,
Лясы затрашчэлі, дождж лінуў ліўнём.

Пайшоў я назаўтра к пасевам на поле;
Падходжу, дзе жыта, дзе шнур зь ярыной,
Хацеў бы вярнуцца, ня йсьці ужо болей:
І смутна, і жудка, сам неяк ня свой.

Прыйшоў, і… затрэсьліся ногі і рукі,
Хацеў бы заплакаць — дый сьлёз не дастаў:
Дзе столькі ўлажыў я і працы, і мукі,
Мае ўсе пасевы зь зямлёй град зьмяшаў»…

Так скончыў няшчасны свой жаль выліваці,
Па твары ж сьляза за сьлязою бяжыць,
Як дзе летняй раніцай на сенажаці
Раса на травіцы вісіць і блішчыць.

Заплакаў бы, браце, я разам з табою,
Дый сьлёзаў цяперашні сьвет не ўзнае;
Сіл трэба магутных змаганьню зь бядою,
А сьлёзы, брат, высьмеюць толькі твае.

Вы скажаце, пэўна, што пан зьлітаваўся,
Даў хлеба ці збожжа, памог у бядзе?
Ці ж знае, чым гора, хто з горам ня знаўся?
Паноў такіх добрых няма, брат, нідзе.

Паны толькі могуць гуляці да поту,
І беднаму гэты пры мне сказаў там:
«Плаціў я улетку табе за работу,
Плаці ж і за хлеб мне: я дарма ня дам!»

(1905—1907)