Гоніш мяне, панічок…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гоніш мяне, панічок…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1905—1907
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/673


Гоніш мяне, панічок,
Ды ня ў пору з хаты,
Што я бедны мужычок,
Доляй не багаты.

Гоніш з хаты, хаця я
Плаціў акуратне,
Хоць за гонькі, дом з гнільля
Драў ты грош астатні.

Ці ж на тое табе Бог
Даў багацьця болей,
Каб ты бедных душыць мог,
Як быкоў у полі?

Гэй, з табой жа мы браты,
Як лічыць з Адама,
А ты гоніш?! Каб жа ты
Цягаўся таксама!

Каб цягаўся рабаком, —
Бо рабак ты зь сьмецьця, —
І пазнаў, як бедаком
Кепска жыць на сьвеце!

(1905—1907)