Перайсці да зместу

Географія Эўропы (1924)/Заходняя Эўропа/Чэскі масыў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэрманія Чэскі масыў
Падручнік
Аўтар: Мікалай Азбукін
1924 год
Польшча

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Чэскі масыў.

(Азнач яго географічнае палажэньне. З якiмi краінамі ён мяжуецца на поўдні, на захадзе i на поўначы?).

На ўсход ад Паўднёвай Нямеччыны распасьцiраецца Чэскі спрадвечны масыў. Калісь, яшчэ ў першыя часы жыцьця зямлі, тут існавала магутнае ўзвышша. Мiльёны гадоў дажджы і рэкi руйнавалi i размывалі гэтую старонку, змывалi тыя пласты земных парод, з якiх складалася яе паверхня, але праз увесь гэты час старонка была сухазем'ем, толькi пакрысе рабілася ўсё ніжэй і ніжэй. Некалькі разоў мора залівала суседнія краіны, і Чэскі масыў рабіўся востравам, але хіба толькі маленькія часткі яго перавароч- валiся ў затокi суседніх мораў. Большая частка краю нiколi не пакры- валася вадой. Не зьмянілася Чэская старана і тагды, як навокала яе ў Сярэдняй і Паўднёвай Нямеччыне пачалі ўтварацца горсты і грабэны. Горсты (Судэты, Саксонскiя Рудныя горы, Чэскі Лес) утварыліся толькi на ўскрайках масыву, і ён зрабіўся катлінай, з усіх бакоў абкружанай горнымі сьценамi. Сучасны выгляд паверхні гэтай катлiны залежыць ад уласьцiвасьцяй земных парод, якія выступалі ў ёй на паверхню даўней. Там, дзе на паверхню выступалі цьвёрдыя граніты і іншыя скалы, якія дрэнна размывалiся вадой, там утварылiся ўзгор'i. Наадварот, там, дзе павярхоўныя пласты былi мяккімі, вада змыла ix, а на iх месцы ства- рылiся нiзiны.

Значныя ўзгор'і праходзяць па сярэдзіне краю на вадападзеле Лабы i Дунаю. Гэта так званыя Чэха-Мараўскiя ўзгор'i, на паўночны захад ад якiх у вадазборы Вышняй Лабы ляжыць Богемiя або ўласна-Чэхія, а на паўднёвы ўсход--нiзiна ракi Маравы, адной з прыток Дунаю. З паўдня Чэскі масыў аддзяляецца ад Венскай нізіны так званымі Аўстрыйскімі ўзгоркамі. Досыць значныя ўзгор'і праходзяць і па самай сярэдзіне ўласнай Чэхіі.

З гэтых сярэдня-чэскіх узгор'яў найболей вядомы Брды Лес, у якім каля мястэчка Пшыбрам знаходзяць многа рознага падземнага багацьця і ў тым ліку нават срэбную руду.

Дзякуючы горам, якія атачаюць чэскі масыў і засланяюць яго ад заходніх і паўночных вятроў, клімат краю параўнаўча сухі з досыць цёптым летам. Ападкаў тут выпадае ня лішне многа (500-600 мілм.), але яны разьмяркованы роўна па порах году, і сухменяй тут ня бывае. Занадта гарачыя дні (з сярэдняй тэмпэратурай ночадзеньня ў--200 і болей) тут зьяўляюцца рэдкасьцю, але цяплыні халае для ўзрастаньня ў большай частцы краіны вінаградніку і іншых далікатных расьлін. Узімку маразы чаргуюцца з адлігамі.

Сярэдняя тэмпэратура году ў Празе ў Богеміі +8,8°, сяр. тэмп. студзеня -1,2°, ліпеня +19,3°

Расьліннасьць Чэскага краю складаецца з ліставых лясоў, у якіх пераважваюць бук і дуб. Зразумела, што й тут, як паўсюды ў Заходняй Эўропе, большая частка гэтых лясоў перавернена чалавекам на нівы і сенажаці, але па горах лясоў захавалася яшчэ даволі.

Галоўную масу насельнікаў краю складаюць чэхі, але па ўскрайках масыву жыве многа немцаў.

Чэхі параўнаўча з іншымі славянскімі народамі адзначаюцца высокай культурнасьцю, працаздольнасьцю, сумленнасьцю. Гэтым яны трохі нагадваюць немцаў. Гэта ўпарты, спакойны і энэргічны народ, нацыянальна-сьвядомы і здольны. Вельмі вялікую здольнасьць выявілі чэхі ў мастацтве, асабліва ў музыцы. Высока стаіць сярод чэхай спорт. Тут між іншым утварыўся і адгэтуль распаўсюдзіўся па ўсіх славянскіх краëх слынны спартыўны хаўрус "Сокал", які меў на мэце фізычнае разьвіцьцё славянскай моладзі. На долю чэскага народу выпала шматвяковае змаганьне з немцамі, якія жывуць на поўнач, на захад і на ўсход ад чэхаў. Перажыткам гэтага гістарычнага змаганьня зьяўляецца нацыянальная воражасьць, якая й да гэтага часу засталася паміж немцамі і чэхамі Чэскага масыву.

Першапачатковымі насельнікамі краю лічацца кельты-племя бояў. Прыблізна ў першыя часы хрысьцянскай эры з поўначы сюды надыйшло гэрманскае племя маркоманаў, але ў часы вялікіх перасяленьняў іх адгэтуль выціснулі славянскія народы-чэхі і маравы, якія тут асталяваліся і залажылі свае дзяржавы: спачатку Мараўскае княства, потым чэскае каралеўства. Будова паверхні спрыяла захаваньню чэхамі сваіх нацыянальных асаблівасьцяй. Пад заслонай ускрайных гор Чэскае каралеўства доўга бараніла сваю незалежнасьць ад націску суседніх нямецкіх дзяржаў. Зьяўляючыся важнай абарончай лініяй, ускрайныя горы Чэхíі (Судэты, Саксонскія Рудныя, Чэскі Лес) маюць шмат даступных праходаў і не перашкаджалі гандлёвым і культурным зносінам паміж немцамі і чэхамі. Чэскія каралі наумысьля запрашалі немцаў у сваю дзяржаву, каб яны навучалі чэхаў палепшаным спосабам ральніцтва, рамёслам і гандлю. Патроху немцы засялілі паўночныя і заходнія ўскрайкі Чэхіі, а пад уплывы нямецкай культуры падпала ўся Чэха-Маравія. З цягам часу Чэскае каралеўства ўвайшло ў склад Гэрманскай саюзнай імпэрыі, а потым страціла сваю самастойнасьць зрабілася часткай Аўстрыйскай дзяржавы. Нямецкая культура ўжо рашуча панавала ў Чэхіі, і нямецкая мова была ужо мовай чэскай інтэлігэнцыі. Аднак народ чэскі захаваў сваю мову, свае звычаі і парадкі аж да таго часу, пакуль не пачалося чэскае нацыянальнае адраджэньне. Патроху

пачалі зьяўляцца чэскае пісьменства, чэская навука, чэскае нацыянальнае мастацтва. Чэхі пачалі дамагацца самаўраду, спачатку культурнага, потым і політычнага. Супроць чэхаў выступілі перш за ўсё немцы Чэхіі. Часамі чэха-нямецкая барацьба пераходзіла ў адкрытыя бойкі на вуліцах гарадоў.

Пасьля вайны 1914-18 г. з уладаньняў былай Аўстра-Вугоршчыны была вылучана між іншым Чэская рэспубліка (140500 кв. клм., 13600000 нас.). У склад яе ўвайшоў увесь чэскі масыў, а таксама Заходнія Карпаты, залюдненыя кроўнымі чэхам славакамі. З гэтай прычыны Чэская дзяржава набыла назоў Чэха-Славаччыны. Апрача славацкіх зямель да Чэскай рэспублікі адыйшла яшчэ так званая Закарпацкая Русь, якая ляжыць у Сярэдніх Карпатах і залюднена ўкраінцамі. Гэтая краіна мусіць атрымаць самаўрад. У межах Чэха-Славаччыны апынулася некалькі нацыянальнасьцяй, паміж якімі барацьба ня спынілася і да сучаснага моманту.

Нацыянальнае змаганьне адбілася нават у работніцкіх організацыях Чэхіі. Яшчэ ў той час, як Чэхія належала да Аўстрыі, у чэскіх профэсыянальных саюзах існавалі 2 кірункі: немцы вымагалі, каб чэскія профсаюзы былі злучаны з іншымі ў аднэй дзяржаўнай аўстрыйскай організацыі; чэхі дамагаліся ўтварэньня асобных нацыянальных аб'яднаньняў профсаюзаў. Пасьля утварэньня Чэха-Славацкай рэспублікі погляды зьмяніліся. Чэхі пачалі вымагаць аб'яднаньня профсаюзаў у маладой дзяржаве, але немцы адасобіліся ў Нямецкую Профэсыянальную Комісію. У работніцкіх партыях таксама адчувалася розьніца ў поглядах нямецкіх і чэскіх работнікаў. Першыя ў час вайны падтрымалі аўстрыйскі ўрад і жадалі перамогі Нямеччыны і Аўстро-Вугоршчыны над Антантай. Другія спадзяваліся на перамогу Антанты і на распад Аўстра-Вугоршчыны. У сучаснай Чэха-Славацкай рэспубліцы адна проціў другой стаяць чэская соцыял-демократычная партыя і нямецкая соцыял-дэмократычная партыя Чэха-Славаччыны. Першая прымае ўдзел у кіраўніцтве дзяржавай, другая змагаецца з урадам і спадзяецца на распад Чэха-Славацкай рэспублікі. У 1920 годзе абедзьве гэтыя партыі адзяліліся, прычым з іх выдзялілася

частка работнікаў-інтэрнацыяналістых. Яны залажылі адзіную комуністычную партыю Чэха-Славаччыны, у якую уваходзяць як чэхі, гэтак і немцы. Сярод чэхаў аднак комуністычная партыя мае значна большы ўплыў, чымсь сярод немцаў, якія баяцца перавагі чэхаў у компартыі.

Нацыянальная барацьба перашкаджала і экономічнаму разьвіцьцю Чэxіі. Да вайны многа чэхаў шукала нацыянальнай свабоды за межамі бацькаўшчыны ў Амэрыцы і нават у адсталай Расіі, дзе чэхі займалі пасады настаўнікаў і капэльмайстраў або займаліся піваварствам і гандлем. Пасьля вайны з Чэхіі пачалі выяжджаць немцы. Адплыў працаздольных і энэргічных эмігрантаў мусіў адбіцца на гаспадарцы. Аднак дзякуючы высокай культуры насельнікаў і добрым прыродным варункам, гаспадарка усё-ж стаіць вельмі добра. Збожжа дае добрыя ўраджаі дзякуючы старэннаму вырабу зямлі і палепшаным спосабам ральніцтва. Побач з збожжам, як і заўсёды пры культурнай гаспадарцы, вялікія прасторы засяваюцца кармавымі расьлінамі, якімі жывіцца добрая мясцовая жывёла. Аднак спажыўных продуктаў не хапае для густога насельніцтва краю, так-што іх прыходзіцца ўвозіць з суседніх краін, галоўным чынам з Вугорскай нізіны. Значную вагу маюць толькі тэхнічныя расьліны, асабліва хмель, на вырабе якога грунтуецца слыннае чэскае піваварства. Для вывазу асабліва важны засевы цукровых буракоў. Маленькая Чэхія паводле вырабу цукру перавышае ўсе іншыя эўропэйскія дзяржавы апрача Нямеччыны.

Чэскі масыў мае ў дастатку розных карысных выкапняў. Вельмі многа ў Чэхіі каменнага вугалю (багатыя паклады яго залягаюць каля прытокі Лабы, Эгеру і ў іншых месцах); ёсьць тут многа жалеза, волава і інш. Карыстаюцца славай запасы графіту, з якога вырабляюць лепшыя гатункі алоўкаў; вельмі многа капаюць белагліньня (каолін), якое ідзе на выраб найлепшага чэскага парцаляну.

Дзякуючы багатым запасам каменнага вугалю, хутка пашыраецца ў Чэхіі фабрычная прамысловасьць. Выраб шкла і парцаляну карыстаецца тут вялікай славай яшчэ ад часу сярэдніх вякоў. У апошнія часы побач з гэтымі старымі галінамі прамысловасьці асталявалася буйная сучасная прамысловасьць: выраб машын і розных жалезных тавараў, ільняніны, баваўнянкі, апрацоўка воўны і г. д. Сырыну для гэтых відаў прамысловасьці прывозяць галоўным чынам з Нямеччыны і часткай з Аўстрыі.

У народнай гаспадарцы значную ролю граюць розныя мінэральныя крыніцы, каля якіх пабудаваліся харошыя шыкоўныя мястэчкі-курорты, у якіх мінэральнай вадой лечацца хворыя з усіх куткоў Эўропы. Хворыя і проста свабодныя багатыя людзі, шукаючы адпачынку, наяжджаюць здалёку у гэтыя курорты, пакідаюць тут шмат грошай і, як у Швайцарыі, даюць значныя заработкі мясцовым насельнікам. Галоўныя курорты (Цепліц, Карлавы Вары або Карльсбад, Марыяньске Лазьне або Марыенбад) ляжаць на поўначы ўласнай Чэхіі.

У асяродку ўласнай Чэхіі на р. Малдаве, прытоцы Лабы, ляжыць сталіца Чэха-Славацкай рэспублікі Прага (676000 нас.). Дзякуючы блізкасьці значных пакладаў вугалю, тут красуе выраб машын, апрацоўка скуры і баваўны і наагул буйная прамысловасьць. Побач з сучаснымі будынкамі музэяў, унівэрсытэтаў (іх тут два), вышэйшых тэхнічных школ, магазынаў і палацаў тут захавалася шмат старасьвецкіх цэркваў і вежаў, і стары замак Вышаград падняты над горадам на высокай прыгожай скале.

У Мараўскай нізіне ляжыць другі важны гандлёва-прамысловы і культурны асяродак Брно (Брюн, 221000 нас.).