Перайсці да зместу

Географія Эўропы (1924)/Заходняя Эўропа/Гэрманія

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Француская старана Гэрманія
Падручнік
Аўтар: Мікалай Азбукін
1924 год
Чэскі масыў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Гэрманія[1].

(Азнач географічнае палажэньне. Назаві, якія моры і пратокі абцякаюць Гэрманію з поўначы. Якія астравы ляжаць каля яе берагоў? Якія староны мяжуюцца з Гэрманіяй на захадзе і на поўдні?).

Француская старана на ўсходзе пакрысе, няпрыметна, пераходзіць у гэрманскую старану.

Паводле будовы сваёй паверхні, гэтая апошняя складаецца з дзьвëх частак. На поўначы яе з захаду на усход удоуж берагоў Нямецкага і Балтыцкага морау цягнецца Паўночна-Гэрманская нізіна, якая зьяўляецца працягам нізін Паўночнай Францыі і Фляндрыі. Слоднія пласты земных парод гэтай нізіны зморшчаныя, як у зморшчавых горах, а павярхоўныя ляжаць паземна. Гэта тлумачыцца тым, што калісь Паўночна-Гэрманская нізіна была горным краем, але горы яе ўжо даўно былі зьнішчаны шматвяковым выпятрэньнем і некалькі разоў заліналіся морам, адклады якога зраўнялі няроўнасьці краю. Сучасны свой выгляд Паўночна-Гэрманская нізіна атрымала у ледавіковы пэрыод, калі яе заваліў морэнамі дауна-эўропэйскі ледавік. Цяпер гэта ўзгаркаватая або хвалістая раўніна, падобная да Паўночнай Беларусі.

Паўднёвая Гэрманія з'яўляецца і цяпер горным краем і можа лічыцца працягам Усходняй Францыі. Як і там, горставыя горы тут чаргуюцца з катлінамі, плоскаўзвышшамі і прыгожымі глыбокімі далінамі рэк. Ледавіковыя адклады сустракаюцца і ў Паўднёвай Гэрманіі, але там яны не пакрываюць скрозь усёй прасторы, як на поўначы, а трапляюцца толькі асобнымі астравочкамі па найболей значных горах.

Ня гледзячы на вялікую розьніцу між Паўночнай і Паўднёвай Гэрманіяй, яны разам могуць лічыцца за адну географічную старану. Гэрман. скія горы маюць адхонныя схілы і не перашкаджаюць зносінам паміж асобнымі часткамі гэтай стараны, а вялікія поўнаводныя рэкі, што пачынаюцца ў паўднёва-гэрманскіх горах і цякуць адтуль на поўнач. зьяўляюцца найлепшымі дарогамі, якія злучаюць усю старану у адну неразрыўную географічную адзінку. Усе значныя рэкі Гэрманіі злучаны паміж сабой каналамі, так што ствараюць адну цэлую сець вадзянных дарог. (Пераглядзі па карце назовы рак Гэрманіі).

Рэкі Гэрманіі, як відаць, утварыліся раней, чым паверхня атрымала свой сучасны выгляд. У глыбокіх і вузкіх далінах гэтыя рэкі пераразаюць магутныя горставыя горы, і хаця Сярэдняя Гэрманія, агулом кажучы, вышэй за самую паўднёвую, але рэкі цякуць з апошняй у першую. Мусіць быць, спачатку найвышэйшыя горы існавалі на крайнім поўдні, і рэкі сьцякалі з гэтых гор на поўнач. Калі пачалі ўтварацца горы Сярэдняй Гэрманіі, рэкі пакрысе ўразаліся ў іх і прабілі праз іх глыбокія даліны. Клімат Гэрманіі болей аднастайны, чымся клімат Францыі.
Гэта між іншым тлумачыцца тым, што Паўднёвая Гэрманія вышэй за Паўночную. Лежачы вышэй, яна мусіць мець ніжэйшую тэмпэратуру, чым можна было-б чакаць паводле географічнай шырыні.

Параўнаўча з кліматам Францыі клімат Гэрманіі значна халаднейшы.

Сярэдняя гадавая тэмпэратура тут віхаецца між +7° і +10°, сярэдняя тэмпэратура студзеня паміж +2° на захадзе і -2° на ўсходзе.

Маразы здараюцца ў Гэрманіі паўсюды, хаця Нідзе ня бываюць трывалымі. Улетку тут ніколі ня бывае залішне гарачых дзён з сярэдняй тэмпэратурай ночадзеньня вышэй за +2°. Хіба толькі ў грабенах на крайнім поўдні часамі здараецца такая сьпякота. Паводле колькасьці ападкаў Гэрманія мала розьніцца ад Францыі. (Тутака на раўнінах выпадае каля 500-800 мілім, дажджу і сьнегу). Толькі у горах ападкаў занадта многа (да 1700 м.). Ясныя дні тут бываюць радзей, як у Францыі, але наагул клімат здаровы і карысны тут ня бывае такіх рэзкіх зьмен сьпякоты і сьцюжы, як на усходзе Эўропы, але й няма тэй церазьмернай вільгатнасьці, якая пануе на ўзьбярэжжах Атлянтыкі.

Гэрманія належыць па пасу мяшаных лясоў. Калісь тут пераважвалі ліставыя дрэвы: бук, дуб і іншыя, побач з якімі трапляліся елкі, хвоі, ельніцы, мадрыны. У апошнія часы у залежнасьці ад штучнай гадоўлі лясоў склад іх зьмяніўся. Ігластыя дрэвы пачынаюць пераважваць над ліставымі. Параўнаўча з Францыяй, а тым болей з Ангельшчынай, тут захавалася яшчэ шмат лясоў (каля 26% усёй плошчы), і яны граюць значную ролю ў гаспадарцы. Далікатныя расьліны Францыі, напрыклад, ядобны каштан, у Гэрманскай стронцы ужо не растуць. (Ядобны каштан сустракаецца хіба-што на крайнім паўднёвым захадзе ды й то толькі асобнымі дрэвамі). Дзякуючы мернаму клімату і роўнаму разьмеркаваньню ападкаў на порах году, расьліннасьць ад раньняй вясны да позьняй восені сьвежая, зялёная, вясёлая, прыемная для вока.

Мал. 56.-Дубовы лес у Гэрманіі.

З культурных расьлін на першы плян выходзяць жыта, авёс, бульба, якія даюць тутака добрыя ўраджаі нават на кепскіх грунтох, бо гэрманцы ўмеюць добра гнаіць зямлю, карыстаючыся як штучнымі, гэтак і прыроднымі гнаямі. Пшаніца, кіяхі і вінаграднік, якія зьяўляюцца галоўнымі расьлінамі Францыі, тут растуць горай і секцца пераважна на поудні. Затое цукровых буракоў тут сеюць яшчэ болей, як у Францыі; тут раней як-дзе навучыліся здабываць з іх цукер, і па вырабе цукру Гэрманія займае першае месца ў сьвеце. Вялікія прасторы засяваюцца лёнам, каноплямі, табакай, хмелем і г. д. і, як заўсёды пры палепшаных спосабах гаспадаркі, значны процант ральлі займаюць засевы кармавых расьлін: канюшыны, вікі, кармавых буракоў і г. д. З гэтай прычыны добрае становішча мае і гадоўля жывёлы самых лепшых гатункаў.

Кароў трымаюць месцам ня толькі дзеля гною і малака, але і запрагаюць у плуг, у калёсы, у барану, як коней або валоў.

Па колькасьці сьвіней Гэрманія займае першае месца ў Эўропе, бо і бульбы, якой іх жывяць, тут зьбіраюць болей, як ува усіх іншых старонах зямлі.

Наагул усе галіны сельскай гаспадаркі маюць добрае становішча, але на спажыву вельмі густога насяленьня краю мясцовых спажыўных продуктау не хапае. Збожжа купляецца за межамі, а большасьць мясцовых насельнікау здабывае сродкі да жыцьця ад нетракапальнай і фабрычнай пра мысловасьці. У адзнаку ад суседніх старон, Францыі і Польшчы, Гэрманіястаронка пераважна прамысловая, а ня сельска-гаспадарчая. Сярэдня-Гэрманскія горы адзначаюцца найбагацейшымі пакладамі карысных мінэралау. Па колькасьці здабыванага каменнага вугалю Гэрманская старонка займае першае месца на Эўропэйскім контыненце і на усім сьвеце, адстае толькі ад Злучаных Штатаў і Брытанскіх астравоў. Па здабываньні жалезнай руды Гэрманская старана таксама адна з найбагацейшых, а па колькасьці цынку займае першае месца ў Эўропе. Апрача таго, тутака здабываюць шмат медзі, волава, солі, знаходзяць нават серабра болей, як дзе ў Эўропе. На вялізным багацыі вугалю й жалеза грунтуецца буйная фабрычная прамысловасьць краю. Болей за ўсё тут вырабляецца жалезных і хімічных тавараў, дужа добра стаяць баваўняная і ваўняная прамысловасьць, выраб вопраткі, скуры, паперы, цукру і г. д. Дзякуючы сваёй таннасьці і спрытнасьці гарманскіх гандляроу, тутэйшыя вырабы пакрысе пачалі выціскаць нават Ангельшчыну з сусьветнага рынку.

Гэрманскія гандляры аб яжджалі амаль-што ўсе краіны зямлі, даведваліся аб патрэбах насельнікаў тых краін і потым на сваёй бацькаўшчыне выраблялі тое, чаго шукалі чужаземныя пакупцы. Такім спосабам пашыраўся і гандаль старонкі, які тут цесна зьвязаны з фабрычнай прамысловасьцю. Галоуныя гандлёвыя гэрманскія фірмы маюць свае фабрыкі і, наадварот, буйныя фабрыканты маюць сваіх гандлёвых агэнтаў за межамі бязмаль па ўсіх старонках сьвету.

Перад сусьветнай вайной 1914 г. толькі Вялікабрытанія перавышала Гэрманію паводле свайго гандлю. Толькі пасьля вайны перамога Ангельшчыны і яе саюзьнікаў над Нямеччынай затрымала разьвіцьцё гэрманскага гандлю.

Лежачы ў асяродку Заходняй Эўропы, Гэрманская старана здаўна зрабілася багатым гандлёвым краем. Росквіт гэрманскага гандлю прыпадае на тыя часы, калі да агульна-эўропэйскай культуры далучыліся ўсходня-эўропэйскія народы. Гэрманія зрабілася тады пасярэдніцай у гандлёвых зносінах высока-культурных італіі і Францыі з параўнаўча мала культурнымі Польшчай, Полаччынай (Беларусьсю), Кіеўшчынай (Украінай) і Ноўгарадам. Гэрманскія гандлёвыя гарады злучыліся тады ў так званы Ганзэйскі хаўрус, які трымаў у сваіх руках увесь гандаль на Балтыцкім моры і ўва ўсёй сярэдняй Эўропе. Ад часу вынаходкі Амэрыкі ўвагу эўропэйцаў перацягнуў да сябе Новы Сьвет: на чале эўропэйскіх дзяржаў апынуліся тыя, што ляжалі бліжэй да Атлянтыкі, а Гэрманская старана заняпала. Толькі ў XІX веку пачаўся новы пэрыод красаваньня гэрманскага гандлю. Гандлёвую вагу набылі тыя краі, у якіх знайшлося шмат пакладаў вугалю і жалеза, у якіх магла стварыцца буйная фабрычная прамысловасьць. Гэрманская старана была такім прамысловым краем і захапіла ў свае рукі між эўропэйскі гандаль.
Разьвіцьцё гандлю і прамысловасьці ў Гэрманіі вымагалі многа працоўных рук. З гэтай прычыны ў ХХ веку значна зьменшылася высяленьне гэрманцаў за межы роднага краю. Даўней з Гэрманіі што-год выяжджала ў Амэрыку па некалькі сот тысяч чалавек, якія не маглі знайсьці на бацькаўшчыне працы і заработкаў. У апошнія гады выяжджае ў Амэрыку толькі па некалькі дзесяткаў тысяч людзей у год.

Насельнікі Гэрманіі пераважна бялявыя, высокія, сьветласкурыя і сьветлавокія, належаць да гэрманскіх народаў. На поўначы, на паўвостраве Ютляндыя і суседніх астравох, жывуць даньцы, якіх далучаюць да скандынаўскай галіны гэрманскага племя; у рэшце старонкі жывуць немцы, сярод якіх адразьняюць: 1) паўднёвых або вышніх немцаў, родзічаў швайцарскіх і аўстрыйскіх; 2) сярэдніх немцаў, мова якіх зрабілася агульнанямецкай пісьменнай мовай і 3) паўночных, або ніжніх немцаў, якія жывуць на Паўночна-Гэрманскай нізіне за выключэньнем Ютляндыі.

Да паўночных немцаў належаць між іншым і голяндцы, насельнікі дэльты Рэну, якія на сваёй гаворцы стварылі асобную багатую літаратуру і дзеля таго лічацца асобным народам.

Апроч таго, у Сярэдняй Нямеччыне ў ваколіцах места Бауцэн (Будзішын) жыве асобны славянскі народ-сэрбы-лужычане, або вэнды, на мове якіх гаворыць каля 100000 чалавек.

Быў час, калі славянскія пляменьні (палабскія славяне, што жылі каля р. Лабы або Эльбы, паморы, што залюднялі паўднёвае ўзьбярэжжа Балтыцкага мора і іншыя жылі па ўсёй Усходняй Гэрманіі. З часам немцы заўладалі іх зямлёй і анямечылі іх, але й да сяго часу самі ўсходнія немцы маюць шмат супольнага з славянамі і ў абліччы і ў звычаях. Наадварот, паўднёва-заходнія немцы маюць многа кельцкай крыві, бо на паўднёвым-захадзе Гэрманіі даўней жылі кельцкія пляменьні.
Немцы вельмі здатныя і працаздольныя людзі. Упартасьць у працы, ахайнасьць, акуратнасьць, уменьне разьмеркаваць свой час, вытрыманасьць―вось галоўныя ўласьцівасьці нямецкага народу. Хаўрусы, таварыствы, гурткі шырока распаўсюджыліся і граюць вялікую ролю ў Нямеччыне. У гэтых таварыствах

выяўляецца вялікая прыхільнасьць нямецкага народу да грамадзянскай працы. Сталасьць і працавітасьць немцаў выяўляецца і ў навуцы, дзе немцы далі асабліва многа сваіх прадстаўнікоў ува ўсіх галінах веды.

Асьвета сярод немцаў стаіць надзвычайна высока. Няпісьменных тут няма, пачатковае навучаньне абавязковае і агульнае. Па ліку унівэрсытэтаў Гэрманія займае першае месца ў Эўропе. Сусьветнай славай карыстаюцца нямецкія Вышэйıцыя тэхнічныя школы. Вельмі высока стаіць там і друк, і па колькасьці друкаваных выданьняў з гэрманскай стараной ня можа спрачацца ніводная старонка Эўропы.

За выключэньнем Ютляндыі, якая разам з суседнімі астравамі складае Даньскае каралеўства, і вусьцяў Рэну, у якіх утварылася голяндзкая дзяржава, рэшта Гэрманскай стараны належыць да Нямецкае рэспублікі (469.000 кв. клм., 59.700.000 насельн.). Нямецкая рэспубліка лічыцца фэдэрацыйнай або саюзнай і складаецца з 18 асобных дзяржаў, з якіх кожная мае свой урад і свае мясцовыя законы. Аднак мясцовыя законы ня могуць ісьці супроць агульна-дзяржаўных, і саюзны ўрад мае права мяшацца ўва ўнутраныя справы кожнай малой дзяржавы. Паміж саюзнымі дзяржавамі няма поўнай роўнасьці. Фактычна ў Нямеччыне пануе адна з саюзных дзяржаў-Прусія, да якой належыць большая частка Нямецкае рэспублікі. Усе іншыя дзяржавы ў большай ці меншай меры залежаць ад Прусіі. Cаюзны ўрад разьбязвае галоўныя пытаньні замежнай і ўнутраной політыкі, юстыцыі, фабрычнага права і г. д. На чале Нямеччыны стаяць рэйхстаг або парлямэнт, абіраны ўсім насельніцтвам, і дзяржаўная рада, складзеная з прадстаўнікаў асобных дзяржаў.

Да вайны Нямеччына была саюзнай монархіяй, у склад якой уваходзіла 26 саюзных дзяржаў, кожная з якіх мела на чале свайго караля або гэрцога. Аднак кароль Прусіі быў адначасна імпэраторам усёй Нямеччыны. Нямеччына перад вайной была аднэй з наймагутнейшых дзяржаў сьвету. Да яе належалі вялізныя колёніі ў Афрыцы і Акіяніі; шмат якія заэўропэйскія дзяржавы знаходзіліся пад нямецкім уплывам. У самай Эўропе ўладаньні Нямеччыны былі значна большымі, чымся цяпер: да ея належалі Альзас і Усходняя Лётарынгія, якія цяпер адышлі да Францыі, і вялікая частка сучаснай Польшчы (Познань, Заходняя Прусія, частка Горнага Шлёнзку). Магутнае разьвіцьцё нямецкай прамысловасьці дазволіла гэтай дзяржаве ўзбраяцца лепш за Францыю або Расію.

Узрастаньне нямецкай магутнасьці непакоіла ўсіх яе суседзяў, якія з свайго боку ўзбраяліся бясконца. У 1914 г. вы бухнула вайна, у час якой Нямеччина здначасна змагалася з Расіяй, Францыяй, Ангельшчынай, таліяй і нават мела часовую перамогу над імі. Толькі тады, як да ворагаў Нямеччыны далучылася самая багатая прамысловая дзяржава сьвету Злучаныя Штаты Паўночнай Амэрыкі, Нямеччына паддалася і згадзілася на мір, на падставе якога саюзьнікі адабралі ад Нямеччыны ўсю зброю, большую частку яе флëту, шмат цягнікоў і вагонаў. Нямеччыну пазбавілі ўсіх заморскіх колёкій, ад Нямеччыны забралі багатую вугалем Саарскую акругу, а апрача таго на шматгадовы тэрмін окупавалі ўсю Зарэнскую яе частку, слынную буйной фабрычнай прамысловасьцю. Цяжар так званых рэпарацый, або контрыбуцый, якія мусіць заплаціць пераможнам Нямеччына, лёг галоўным чынам на працоўны люд дзяржавы. Капіталістыя зьменшылі ў некалькі разоў заработную плату работнікам, так што тыя цяпер ня могуць зарабіць нават на патрэбную для жыцьця колькасьць хлеба. Праўда, пасьля вайны стары нямецкі ўрад быў скінуты, але на яго месцы апынуўся ўрад, які не адмяніў прыватнай уласнасьці. Як і даўней, фабрыкі належаць да капіталістых. Капіталістыя нават яшчэ ўзмацніліся пасьля вайны і згуртаваліся ў шэраг новых аб'яднаньняў―трэстаў, каб лягчэй змагацца з работніцкім рухам. З свайго боку работнікі шчыльней злучаюцца пад сьцягам профэсыянальных саюзаў. З 1913 да 1921 г. лік работнікаў, згуртованых у профсаюзах Нямеччыны, павялічыўся з 4513 тыс. да 12798 тыс. Нямецкія профсаюзы пачалі ўтварацца з 1848 г., але ўжо а самага пачатку ў іх аказаліся 3 кірункі: чыста марксышкі, згодніцкі і буржуазны Некаторыя профсаюзы сумысьня ўтвараліся буржуазіяй, каб затрымаць чыста клясавы работніцкі рух. Так, царква ўзялася за організацыю веруючых работнікаў у асобныя хрысьцянскія профсаюзы. Большасьць работнікаў Нямеччыны імкнулася аднак да так званых незалежных профсаюзаў, хаця і там правадыры былі вельмі асьцярожнымі ў барацьбе з капіталам. У працягу апошніх гадоў некалькі разоў правадыры профсаюзаў дапамаглі ўраду спыніць забастоўкі, накірованыя супроць дарагоўлі. А тымчасам дарагоуля расьце, і заработная плата ў параўнаньні з каштоўнасьцю продуктаў хутка зьмяншаецца, так што цяпер нямецкі работник за адну і тую самую працу зарабляе ў 10 разой меней за амэрыканскага. Нястойкасьць правадыроў выклікала вострае змаганьне паміж работніцкімі партыямі ў самых профсаюзах. Правадыры належаць пераважна да так званай соцыял-демократычный партыі Нямеччыны. Партыя гэтая пакуль-што самая моцная ў Нямеччыне і ў 1921 г. мела 1221000 членаў. Пад яе ўплывам знаходзіцца нямецкі ўрад, і яна імкнецца запэўніць работнікаў у тым, што лэмократычная рэспубліка без грамадзянскай вайны давядзе Нямеччыну ла соцыялізму. Партыя ўваходзіць у склад ІІ Інтэрнацыяналу і ўпарта змагаецца з комунізмам. Процівагай ёй зьяўляецца комуністычная партыя Нямеччыны, якая ўваходзіць у склад ІІІ інтэрнацыяналу і даводзіць патрэбнасьць утварэньня ў Нямеччыне работніцка-сялянскага ўраду. Ком. Партыя Нямеччыны налічвала ў 1921 г. 360000 членаў, але ўплыў яе сярод работнікаў бязупынна ўзрастае. Ёсьць у Нямеччыне яшчэ адна работніцкая партыя— "Комуністычная Працоўная", якая лічыць патрэбным выйсьці зусім з профсаюзаў і адмовіцца ад удзелу ў парлямэнцкіх выбарах, на што не згаджаецца Ком. Партыя Нямеччыны. Барацьба соцыял-дэмакратаў і комуністых у Нямеччыне набыла вельмі востры характар. Капіталістычныя дзяржавы Антанты падтрымліваюць соц.-дэм., баючыся, каб Нямеччына не зрабілася Савецкай, не адмовілася ад уплаты рэпарацыяў і не працягнула рукі СССР.

Да Нямецкай дзяржавы апроч большай часткі Гэрманскай стараны належыць яшчэ Ўсходняя Прусія, якая ляжыць у Прыбалтыцкім краі ў вадазборы р. Прэгеля.

З самай гэрманіяй мы пазнаёмімся падрабязьней, падзяліўшы яе на 6 краін: 1) Данію, 2) Голяндыю, 3) Паўночна-Заходнюю Нямеччыну, 4) Паўночна-Усходнюю, 5) Сярэднюю і 6) Паўднёвую.

Данія, самая паўночная з краін Гэрманскай стараны, абымае паўвостраў Ютляндыю на поўнач ад Фленсбургскай затокі і згуртаваньне астравоў, што ляжыць між Ютляндыяй і Скандынавіяй на дарозе з Нямецкага мора ў Балтыцкае. (Пераглядзі па карце назовы галоўных астравоў Даньскай краіны, назав пратокі, якія аддзяляюць гэтыя астравы адзін ад аднаго і ад контынэнту).

Як частка Паўночна-Гэрманскай нізіны, Данія адзначаецца роўнай паверхняй, пакрытай грубым пластом ледавіковага навалу. Месцам (напрыклад, ува ўсходняй частцы вострава Зэлянд) з-пад ледавіковых глін, пяскоў і каменьня высоўваюцца на паверхню пласты чыстай белай крэйды, якая зьяўляецца галоўным падземным багацьцем краіны, бо жалеза і вугалю тут няма.

Грунты ўсходняй паловы Ютляндыі і Даньскага згуртаваньня астравоў складаюцца з ураджайных ледавіковых глін, на якіх багатыя нівы й сенажаці чаргуюцца з прыгожымі цёмнымі букавымі лясамі. Ледавіковы навал адклаўся тутака ў стане прыгожых узгоркаў і грудоў, сярод якіх утварыліся рознастайныя ледавіковыя вазёры. З усходу ў Ютляндыю ўразаюцца глыбокія вузкія затокі-так званыя фëрды (напр., Фленсбургскі), выгодныя для прыстою караблёў. Найвялікшы з гэтых фёрдаў-Лімфёрд-наскрозь пераразае паўвостраў і даходзіць да Нямецкага мора. Аднак заходняе выйсьце лімфёрду часта завальваецца пяском, дзеля чаго ён і завецца фëрдам, затокай, а не пратокай.

Заходняя палова Ютляндыі адзначаецца нудным аднатонным краявідам, надзвычайнай роўнасьцю, пескавымі, неўраджайнымі грунтамі, панаваньнем імшараў і ўбогай расьліннасьцю, Нямецкае мора і Скагерак каля берагоў заходняй Ютлянды няглыбокія, пескаватыя і бурныя. Паузьбярэжныя хвалі накідваюць тут на бераг шмат лескавых выдмаў, якія цягнуцца вузкай істужкай удоўж усяго берагу. Нізіннае сухаземе па-за выдмамі паволі, няпрыметна апускаецца і месцам зрабілася ліжэй роўня мора, так што мора, часамі прабіваючыся праз выдмы, залівае значныя сухаземныя прасторы. Так утварыліся плыткія і шырокія затокі--так званыя гафы, аддзеленыя ад адкрытага мора валам выдмаў. На поўдні выдмы зусім адарваліся ад сухазем'я і перавярнуліся ў шэраг астраўкоў (Паўночна-Фрызляндзкіх).

Лежачы значна далей на поўнач, як усе іншыя краіны Гэрманскай стараны, Данія мае і халаднейшы клімат. Праўда, блізкасьць мора зьмяншае зімовую сьцюжу, і значных маразоў тут ня бывае, але ўлетку тут замала сьвятла і цяплыні, так што звычайнае дрэва нашай бацькаўшчыны елка, якая добра расьце паўсюды ў Нямеччыне, тутака расьці ня можа.

У горадзе Копэнгагене, на востраве Зэлянд, сярэдн. тэмп. году-+7,5, сяр. тэмп. самага халоднага месяца лютага -0,1°, самага цёплага ліпеня +16,4°. Ападкаў тамака выпадае штогод 560 мілім.

Люднасьць краіны складаецца пераважна з даньцаў. Гэта здольны, працавіты і культурны народ. Няпісьменных сярод іх вельмі мала; па сканчэньні пачатковай школы большасьць мае магчымасьць папоўніць сваю асьвету ў так званых вышэйшых народных школах. Сялянства тут жыве замажней, як ува Францыі або ў суседняй Нямеччыне, лепей за нашую дробную шляхту. Наагул народнае багацьце разьмяркована роўна паміж насельнікамі. Асновай народнага дабрабыту зьяўляецца гадоўля жывёлы. Асабліва дбаюць даньцы аб разьвіцьці малачарства. (Значную ролю ў разьвіцьці малачарства граюць у Даніі малочныя коопэратывы). На кожны квадратны кілёмэтр прыпадае тутака 46 штук малочнага быдла (у нас на Беларусі толькі 11). Па колькасьці сьвіней, параўнаўча з прасторай, Данія займае першае месца на сьвеце. Зразумела, што найлепшыя ўмовы для свайго разьвіцьця знаходзіць гадоўля жывёлы на болей ураджайным усходзе. На захадзе па скудных пескаватых лугох трымаюць галоўным чынам дробную жывёлу-авечак і коз. Продукты гадоўлі жывёлы: мяса, масла, яечкі хатніх птушак складаюць галоўны тавар, якім гандлюе краіна. Ральніцтва грае другарадную ролю. Лугі займаюць бязмаль столькі прасторы, як і нівы, дый на полі сеюць больш такія расьліны, якія ідуць на страву жывёле: авес, ячмень, кармавыя травы, бульбу. Пшаніцы і жыта сеюць мала, і збожжа купляюць за межамі. Сеюць цукровыя буракі і вырабляюць, многа цукру. На ўзьбярэжжах даньцы займаюцца апрача таго рыбацтвам. З прычыны адсутнасьці вугалю і жалеза фабрычная прамысловасьць стаіць нявысока. Апрацоўваюцца галоўным чынам продукты гадоўлі жывёлы і наагул сельскай гаспадаркі: вырабляюць пальчаткі, піва, гарэлку, цукер і г. д. Фабрыкі карыстаюцца прывезеным з-за межаў апалам.

Палажэньне краіны на сухаземнай дарозе з Нямеччыны ў Скандынавію і на морскім шляху з Балтыцкага мора ў акіян з даўных часоў дапамагала разьвіцьцю даньскага гандлю і ўзрастаньню магутнасьці ўтворанай тут Даньскай дзяржавы. У канцы сярэдніх вякоў Даньская дзяржава ўладала ўсім Скандынаўскім паўвостравам і была галоўнай дзяржавай Паўночнай Эўропы. У 1658 г. ад яе адарваліся апошнія часткі Швэдзіі, у 1814―Норвэгія, насельнікі якой і цяпер гавораць на адней мове з даньцам. Аканчальна страціла сваю вагу Даньская дзяржава ў 1864 г., калі немцы адваявалі ад яе паўднёвую частку Ютляндыі, так званы Шлезвіг-Гольштэйн. Пасьля сусьветнай вайны 1914-18 г. частка Шлезвігу зноў злучылася з Даніяй.

Сучасная Даньская дзяржава зьяўляецца констытуцыйным каралеўствам і ўладае апрача Даньскай краіны востравам Борнгольмам, які ляжыць далей на ўсход у Балтыцкім моры каля берагоў Швэдзіі, і фарзрскімі астравамі. (Эўропэйскія ўладаньні Даньскага каралеўства абымаюць 44400 кв. клм, і налічваюць 3290000 насельнікаў). Апрача таго, даньскага караля прызнае Ісляндыя. У Амэрыцы да Даніі належыць востраў Грэнляндыя (вольныя ад вечнага лёду прасторы Грэнляндыі абымаюць 89500 кв. клм. і маюць 33100 сталых насельнікаў).

Мал. 57.-Копэнгаген.

Улада даньскага караля абмяжована парлямэнтам, у якім пануе партыя сялян—сераднякоў. Работніцкай партыяй зьяўляецна соцыял-демократычная, якая кіруе професыянальным рухам. Даньскія профсаюзы ў час вайны былі ворагамі мілітарызму, а пасьля вайны выявілі імкненьне да аднаўленьня зносін з СCCP. У час забастовак 1921 г., накірованых супроць паніжэньня заработнай платы, профсаюзы былі аднак інэртнымі. З гэтай прычыны ў апошнія часы пачала ўзмацняцца болей энэргічная работніцкая партыя-комуністычная.

Сталіца Даньскага каралеўства Копэнгаген (з прадм. 666 тыс. нас.) ляжыць на востр. Зэлянд каля Зунду, самай важнай з пратокаў між Баптыцкім морам і Катэгатам. Тут згуртаваліся галоўныя культурныя ўстановы (унівэрсытэт, муззі, бібліотэкі) і фабрыкі краіны (цукраварні, фабрыкі жалезных прылад, парцаляну, мастацкіх вырабаў і г. д.). У сваіх руках Копенгаген трымае большую частку замежнага гандлю Даніі.

Голяндыя займае самую заходнюю частку Паўночна-Гэрманскай нізіны і зьяўляецца беспасрэдным працягам Фляндрыі. У склад Голянды унаходзяць вусьці Рэну і Маасу, а таксама Фрызляндыя, што цягнецца па Ўзьбярэжжы Нямецкага мора ад затокі Зюдэрээ да вусьця ракі Вэзэр.

Па берагох гэтай краіны морскія хвалі панакідалі такія самыя пескавыя груды выдмаў, як ува фляндрыі або ў Заходняй Ютляндыі. Месцам гэтыя выдмы дасягаюць 60 метраў увышкі і каля 5 кілёмэтраў ушыркі. Сухаземе па-за выдмамі складаецца з так званых маршаў, балотных нізін, якія ляжаць ніжэй роўня морскіх прыплываў. Каб ня шчыльны выдмавы плот, мора мусіла-б затапіць гэтыя нізіны. Сухаземье тут паволі, няпрыметна, але бязупынна апускаецца, і мора наступае на яго. Часамі яно прарывае ланцуг выдмаў і залівае значныя прасторы нізінных маршаў.

Апошні раз такое здарэньне было ў XІІ і XІV в. Мора прарвалося на маршы, затапіла там нівы і вёскі, загубіла тысячы людзей і жывёл. Ад прарваных выдмау да гэтага часу застаўся ланцуг Фрызляндзкіх астравоў, які паказвае, дзе канчалася мора і пачыналася сухаземе да здарэньняў XІІІ і XІV стаг. Між Фрызляндзкімі астравамі і контынентам знаходзяцца так званыя ватэны, якія ў час адплываў робяцца сухазем'ем, а ў час прыплываў-морам. Гэта даўнейшыя, залітыя морам маршы. Таксама даўнейшымі маршамі зьяўляюцца затокі Зюдэрзэ, Долярт, Ядэ.

Каб спыніць шкодную чыннасьць мора, насельнікі краіны пачалі умацоўваць выдмы так, каб ужо ніякая навальніца не магла іх разбурыць. Каб вецер ня вылмухваў з выдмаў пяскоў, іх засаджваюць расьлінамі, а каб мора іх не размывала, іх умацоўваюць каменнымі надбя. рэжжамі і брукамі. У тых месцах, дзе выдмы перарываюцца, людзі пабудавалі грэблі з пяску і каменьня. Такім-ж грэблямі абгарадзілі берагі рэк, так што рэкі цякуць у штучных рэчышчах вышэй ніў і лугоў. Абараніўшы такім спосабам свае маршы ад вады мора і рэк, людзі мусілі асушыць гэтыя грузкія балотныя прасторы. З гэтай мэтай яны паўсюды пракапалі канавы, у якія сьцякае грунтавая і дажджавая вада маршаў. Апрача таго, яны пралажылі каналы, абгароджаныя грэблямі, вышэй паверхні маршаў і нават вышэй роўня морскіх прыплываў. З дапамогай ветракоў, паравых машын і помпаў ваду з канаў пераганяюць у гэтыя каналы, а адтуль яна сама сьцякае ў мора або ў рэкі. Гэткім чынам асушылі ня толькі балоты, але нават і вазёры, якіх было шмат раскідана па маршах.

У апошнія гады патроху пачалі асушаць нават кавалкі мора і зьбіраюцца зрабіць сухазем'ем усё тое, што было заліта морам у сярэднія вякі. У 1918 г. гэтую працу ўжо распачалі.

Асушаныя маршы маюць назоў польдэраў і адзначаюцца вельмі ураджайнымі грунтамі, па якіх добра растуць травы і розныя культурныя расьліны.

Аднак ня ўся Голяндыя пакрыта маршамі. На ўсходзе і на поўдні яе вялікія кавалкі зямлі ляжаць значна вышэй над роўнем мора. Гэта так званыя гесты, пакрытыя ледавіковымі адкладам пескавыя пусткі і тарфавішчы.

Голяндыю можна зваць краінай вусьцяў Рэну. Уступаючы ў межы краіны, гэтая найвялікшая рака Заходняй Эўропы распадаецца на адтокі, якія сплятаюцца паміж сабой і паасобку ўліваюцца або ў адкрытае мора або ў затоку Зюдэрээ. (Па карце прасачы кірункі адток дэльты Рэну). З дэльтай Рэну злучаецца дельта Маасу, а на паўднёвы захад ад іх супольнага вусьця ў мора ўліваецца Шэльда. (Якія астравы ляжаць у вусьцях Шэльды? Якая рака упадае ў затоку Долярт? якая ў ЯдэЭ?). Абгароджаныя выдмамі ўзьбярэжжы Голяндыі маюць мала

Ісляндыя ў І стагодзьдзі хрысьцянскай эры

Рыс. 58.-(Параўнай з рыс. 59).

буктаў, гожых для прыстою караблёў, але тым большую вагу маюць вусьці рэк, даступныя для самых вялікіх морскіх параходаў. Якая прыстань ляжыць на Шэльдзе вышэй яе вусьця ў Бельгійскай краіне?). Дзякуючы блізкасьці мора, клімат Голяндыі вільгатны і досыць цёплы. (Сярэдняя тэмпэратура году ў горадзе Утрэхце +9,9º). Зіма мяккая, з частымі адлігамі (сяр. тэмп. студзеня ў Утрэхце +1,5º), але часамі вада ў канавах і каналах замярзае. Сьнег ляжыць на маршах хіба-што па некалькі дзён у год, так што жывёлу там можна пасьвіць амань-што увесь год без перарыву. Ліпень ня вельмі гарачы (у Утрехце-+18,4º), але ясныя дні выпадаюць улетку часьцей, як у суседніх акругах Бельгіі або Нямеччыны.

Насельнікі краіны — голяндцы — па сваім абліччы тыповыя паўночна-заходнія эўропэйцы: высокага росту, доўгатварыя з сьветлым колерам скуры, вачэй і валасоў. Голяндзкая мова разглядаецца, як адна з ніжня-нямецкіх гаворак, але ўжо з даўных часоў на гэтай гаворцы склалася асобнае багатае пісьменства, і дзеля таго яна лічыцца за асобную мову. На поўначы краіны на узьбярэжжы ад Зюдэрээ да Ядэ ў гэтак званай Фрызляндыі, а таксама на Фрызляндзкіх астравох у чыстаце захавалася ніжня-нямецкае племя фрызаў з старасьвецкімі звычаямі і старажытнай мовай, блізкай да мовы голяндцаў.



Шматвяковая барацьба з наступам мора і з магутнымі суседзямі зрабіла голяндцаў цьвёрдымі, упартымі і працаздольнымі людзьмі, навучыла іх разумець карысьць супольнай працы, без якой немагчыма было-б збудаваць вялізныя грэблі і засланіць краіну ад патопу. Супольная праца злучыла насельнікаў краіны ў адзіны народ і адасобіла ад суседзяў. Прыродныя варункі спрыялі ўтварэньню ў краіне асобнай незалежнай дзяржавы — Голяндыі, якая ўпарта баранілася ад магутных ворагаў. У час войнаў голяндцы некалькі pазоў праганялі ворагаў тым, што адчынялі застаўкі ў грэблях і такім спосабам залівалі свае польдэры.

У Голяндыі высока стаіць асьвета. Навука і мастацтва тут разьвіліся раней, як у суседніх краінах.

Дзякуючы свайму палажэньню ў асяродку Заходняй Эўропы між Ангельшчынай, Нямеччынай і Францускай стараной, уладаючы вусьцямі Рэну, галоўнай ракі Нямеччыны, Голяндыя з даўных пор зьяўляецца багатай гандлёвай краінай.

У XVІ і XVІІ ст. Голяндыя ня мела супарнікаў у мораходзтве і морскім гандлі. Да яе належалі вялізныя колёніі ўва ўсіх частках сьвету, і толькі ўзрастаньне Ангельшчыны, якая з выгодамі палажэньня злучыла багацьце рудой апалам, адсунула Голяндыю на другараднае месца. Шмат якія голяндзкія колёніі перайшлі ў рукі Ангельшчыны.

Яшчэ й цяпер да Голяндзкай дзяржавы належаць вялізныя колëніі.(у Азіі — Малайскае згуртаваньне астравоў, у Аустраліі — палова вострава Новая Гвінэя, у Амэрыцы — частка Гваяны (Гвіяны) і некалькі дробных астраўкоў у Вэст-Індыі. Усяго голяндзкія колёніі налічваюць 2046 тыс. кв. клм. з 47609 тыс. насельнікаў).

Колёніі даюць Голяндыі цукер, каву, табаку, какао, усялякія прысмакі і хіву, якія адгэтуль вывозяцца ў Нямеччыну, Польшчу, Літву, Беларусь і Расію.

Па сваіх гандлёвых абаротах Голяндыя, ня гледзячы на сваю малую велічыню, займае адно з першых месц на сьвеце. (Перавышаюць яе на гэтым полі Ангельшчына, Злучаныя Штаты, Нямеччына і Францыя).

Гандаль (асабліва транзітны) -грунт, на якім стварылася багацьце Голяндыі.

Мал. 60.-Краявід у Голяндыі.

Мора дае яшчэ і іншыя заработкі насельнікам Голяндыі. Голяндцы і фрызы-добрыя рыбакі. Каля берагоў сваёй бацькаўшчыны яны ловяць вустрыц і рыбу (селядцы і траску). На сваіх маленькіх рыбацкіх караблёх яны выяжджаюць на рыбу і далей у Нямецкае мора і нават у Атлянтыку аж на морскія мяліны, што ляжаць каля вострава Нью-Фаўндленд блізка Паўночнай Амэрыкі.

Калісь у Голяндыі параўнаўча высока стаяла і прамысловасьць, але сучасная буйная фабрычная прамысловасьць патрабуе шмат апалу, якога ў Голяндыі няма. З гэтай прычыны цяпер фабрык тутака мала. Толькі прыморскіх гарадох мае вагу будаваньне караблёў ды апрацоўка некаторых продуктаў, што прывозяцца з колёній.

Зямлі, гожай на ральлю, у Голяндыі мала. Збожжа сеюць дзе-ні-дзе толькі ў гестах, дый там, каб яно магло расьці, трэба спачатку асушыць імшары і зрэзаць павярхоўны пласт торфу. Свайго збожжа не хапае і яго трэба прывозіць з колёній (рыс), з Амэрыкі (пшаніца), даўней прывозілі з Расіі. Ураджайныя нівы польдараў засяваюцца пераважна каштоўнымі тэхнічнымі расьлінамі: табакай, цыкорыяй, лёнам, цукровымі бурака. мі. Цукру Галяндыя вырабляе шмат і вывозіць яго за межы. Апрача таго, ў польдэрах саджаюць пладовыя дрэвы, гародніну і садовыя кветкі (гіацынты, туліпаны, нарцысы, лялеі і г. д.), якія вывозяцца адгэтуль ува ўсе куткі Эўропы.

Аднак усе галіны земляробства маюць другараднае значэньне. Значна большую вагу мае гадоўля жывёлы. Пад поплавам і пашай тут знаходзіцца болей зямлі, чым пад нівамі, садамі і гародамі. У польдарах. трымаюць найлепшае малочнае быдла, вядомае на ўвесь сьвет сваімі якасьцямі. Услаўлены голяндзкі сыр, масла і згушчанае малако вывозяцца з Голяндыі ў вялікай колькасьці.

Роўныя польдэры, пакрытыя лугамі, кнігаўкі, што летаюць і цівікаюць над імі, хутары, раскіданыя каля высокіх грэбляў і каналаў, ветракі, што бязупынна перакачваюць ваду з канаў у каналы, сытая жывёла, што пасьвіцца па лугох, здаровыя, высокія, вытрыманыя людзі з ліпкамі ў зубах, ― вось звычайны краявід Голяндыі. Гандаль і мораплаўства, малако і цукер, асьвета і супольная праца, ― вось на чым грунтуецца багацьце гэтай краіны.

Голяндзкая дзяржава, да якой належыць большая частка краіны, зьяўляецца констытуцыйным каралеўствам і абымае 34200 кв. клм. з 6850 тыс. нас.

Большасьць дэпутатаў голяндзкага парлямэнту належыць да розных антысоцыялістычных партый. Соцыял-демократы маюць у парлямэнце 22 месцы ў ніжняй палаце. Партыя гэтая блізка да аднаназоўнай нямецкай партыі, і ў час вайны спачувала нямецкім імпэрыялістым. Уплыў яе на работнікаў зьмяншаецца. Затое ўзмацняецца маладая комуністычная партыя Голяндыі, якая ўжо пасьпела правесьці сваіх прадстаўнікоў у парлямэнт. Профэсыянальныя організацыі голяндзкіх работнікаў ня маюць адзінства. Цэнтральны Профсаюз знаходзіцца пад уплывам Сон -Дэм. Раб. Партыі. Комуністыя маюць уплыў на так званы Саюз Сындыкалістых, які падтрымоўвае сувязь з Маскоўскім Профінтэрнам.

Маленькі куток Голяндзкай краіны, які ляжыць між затокамі Долярт і Ядэ, належыць да нямецкай рэспублікі.

Гарады краіны зьяўляюцца пераважна гандлёвымі, а не прамысловымі асяродкамі. Самы вялікі з іх Амстэрдам (642000 нас. у 1920 г.) ляжыць на беразе Зюдэрээ, на пярэсмыку, што злучае з контынентам Голяндзкі паўвостраў, акругу багатых польдэраў, у якой голяндцы хаваліся ў час барацьбы за незалежнасьць.

Асушанае цяпер Гарлемскае возера бязмаль-што зусім аддзяляла гэты паўвостраў ад контынэнту. Разбурыўшы некаторыя грэблі і затапіўшы такім чынам часткі маршаў, голяндцы часова ператваралі свой паўвостраў у востраў, каб на яго не маглі прайсьці ворагі.

Многалічныя каналы перасякаюць Амстэрдам у розных кірунках і дадаюць яму падобнасьць да Вэнэцыі.

На грузкіх грунтох гораду можна ставіць будынкі толькі на даўгіх палях, убітых у зямлю аж да цьвёрдых пластоў, якія ляжаць пад глебай. Так будуюць хаты шмат у якіх гарадох Голяндыі.

У тыя часы, як Зюдэрээ было даступна для морскіх караблёў, Амстэрдам быў адным з галоўных асяродкаў сусьветнага гандлю. Пазьней морскія караблі пачалі будавацца такімі вялікімі, што ўжо не маглі ўваходзіць у Зюдэрээ. Амстердам часова страціў сваю вагу. Цяпер сюды пракапалі з захаду канал, даступны для буйных караблёў, і горад ізноў пачынае разьвівацца. Прамысловасьць гораду ня вельмі вялікая; высока стаіць толькі будаваньне караблёў. Перш за ўсё Амстэрдам-асяродак унутранога гандлю Голяндыі і асяродак культурны; тут шмат музэяў, некалькі вышэйшых школ і іншых навуковых і культурна-асьветных устаноў.

На паўднёвы захад адгэтуль ляжыць Гага (353000 нас.), сталіца Голяндзкай дзяржавы з палацамі каралевы і гэнэральных штатаў (сойму). Гэта ціхамірны, прыгожы горад урадовых устаноў.

Наадварот, Ротэрдам (511000 нас.), што ляжыць на поўдзень ад Гагі на адным з галоўных вусьцяў Рэну, зьяўляецца бойкім горадам замежнага гандлю. Сюды даходзяць найвялікшыя морскія караблі, на якіх прывозіцца збожжа, гарбата і кава. Усё гэта тутака перагружаецца на рэнскія рэчныя параходы і на чугункі і накіроўваецца на ўсход у Нямеччыну.

На паўднёвы ўсход ад Амстердаму на скрыжаваньні суднаходных рэк і каналаў з галоўнымі чыгункамі краіны ляжыць Утрэхт (140000 нас.). багаты ўнівэрсытэцкі горад, адзін з нямногіх прамысловых куткоў Голяндыі.

Асяродкам Фрызляндыі можна лічыць Гронінген або Дрэнтэ (90000 нас.), унівэрсытэцкі і гандлёвы асяродак Фрызляндзкіх маршаў, на якіх красуе гадоўля малочнай жывёлы.

Паўночна-Заходняя Нямеччына абымае частку Паўночна-Гэрманскай нізіны на ўсход ад Голяндыі ў вадазборы сярэдняга Эмсу, ніжняга Вэзэру і ніжняй лабы (Эльбы). Краіна гэтая мае выйсьце да паўднёваўсходняга кутка Нямецкага мора, берагі якога і тут, як у Голяндыі або Заходняй Ютляндыі, адзначаюцца адсутнасьцю выгодных буктаў і небясьпечнымі для караблёў мялінамі. Толькі шырокія вусьці рэк Вэзэру і Лабы, даступныя для самых буйных морскіх караблёў, зьяўляюцца нібы брамамі краіны, праз якія ідуць галоўныя дарогі з Нямеччыны да мора. У гэтых вусьцях пабудаваліся багатыя гандлёвыя гарады з важнымі морскімі прыстанямі, таго часу як рэшта ўзьбярэжжа пустынна й бязлюдна.

Ланцуг вылмавых Фрызляндзкіх астравоў перарываецца на ўсход аз затокі Ядэ, але затое тут захаваўся скалаваты востраў Гельголянд. таксама адломак сухарем'я. У час сусьветнай вайны гэты востраў быў галоўным умацаваньнем Нямеччыны на моры. Маршы, падобныя да голяндзкіх, займаюць у Паўночна-Усходняй Нямеччыне толькі вузкую палоску ўзьбярэжжа і на захад ад Ядэ усюды ляжаць вышэй роўня мора. Затое гесты, такія самыя, як ува Усходняй Голянды, пакрываюць большую частку краіны. Гэта роўныя прасторы, пакрытыя ледавіковымі адкладамі, неўраджайныя, пескаватыя. Калісь тут было многа лясоў, але іх даўно ўжо павысякалі, і цяпер на іх месцы засталіся толькі тарфавішчы ды пусткі, парослыя скуднай траўкай або хмызьнячком верасу. Такой пусткай зьяўляецца, напрыклал, Люнэбургская між нізавінамі Вэзэру і лабы, гожая, ды й то ня ўсюды, на пашу авечкам і козам.

Клімат краіны вільгатны, морскі, з мяккай зімой і халаднаватым хмарным летам.

Сярэдняя тэмпэратура году ў Гамбурзе, у вусьцях Лабы +8,3°, сярэдняя студзеня -0,3°, ліпеня +17,2°.

Зразумела, што благія грунты і няпрыемны клімат ня прынаджваюць сюды людзей. Гушчыня залюдненьня значная толькі каля вусьцну рэк. Насельнікі краіны - адно з Ніжня-нямецкіх пляменьняў (ніжня-саксы)-жывуць у даўгіх аднапаверхавых хатах з крутой саламянай страхой. Звычайна ў аднай хаце зьмяшчаюцца і пакоі для людзей, і хлеу для жывёлы, і памяшканьне для сельска-гаспадарчых прыладаў. Зямля належыцць пераважна да дробных земляўласьнікаў-сялян, а ральніцтва зьяўляецца адным з галоўных заняткаў насельнікаў. Значную частку імшараў асушылі, з тарфавішчаў зразаюць пласт торфу, у пустках выпальваюць верас, зямлю добра гнояць і старэнна вырабляюць. Аднак грунты застаюцца благімі даюць ня вельмі вялікія ўраджаі. Сеюць пераважна жыта, авëс, бульбу і лён, каля рок саджаюць садовіну. Яшчэ большую увагу, як на ральлк, зварочваюць на лугі і пашу, бо, дзякуючы вільгатнаму клімату, трава расьце нават і на кепскіх грунтох. Коней, быдла і авечак ганяюць на пашу бязмаль цэлы год. У моры ловяць рыбу, у Люнэбургскай пустцы здабываюць нафту. Аднак галоўны даход краіне дае гандаль. Лежачы каля вусьцяў лабы і Вазору, краіна зьяўляецца пасярэдніцай у гандлі Сярэдняй Нямеччыны з іншымі краямі, таксама як для Заходняй Нямеччыны такім гандлёвым пасярдзнікам зьяўляецца Голяндыя.

У вусьцях Лабы пабудаваўся самы важны гандлёвы горал Эўропэйскага контынэнту і трэці па сваіх гандлёвых абаротах горад сьвету-Гамбург (968 тыс. насельнікаў). Перад вайной толькі Нью-Ёрк і Лёндон перавышалі яго па сваіх гандлёвых абаротах (3254 мільёны рублёў золатам. Лежачы ў тым месцы Лабы, да якога даплываюць найвялікшыя морскія караблі, Гамбург ёсьць найбліжэйшай да асяродку Заходняй Эўропы морскай прыстаньню. Перасяленцы ў Амэрыку з Нямеччыны, Польшчы і Беларусі ў Гамбурзе садзяцца на караблі, якія адгэтуль ідуць цераз акіян. Толькі ў час замярзаньня Лабы, што здараецца ня кожны год, акіянскія караблі прыстаюць ня ў самым Гамбурзе, а ў Куксгафэне бліжэй да адкрытага мора, дзе выгружаюцца прынамсі пасажыры, пошта і г. д. З Нямеччыны праз Гамбург вывозяць фабрычныя вырабы, крамніну, жалеза, хімічныя тавары. Сюды з Амэрыкі і іншых заэўропэйскіх краёў вязуць каву, збожжа, воўну, баваўну. У Гамбурзе будуюць морскія караблі, апрацоўваюць каву, какао, каўчук, вырабляюць боты і г. д. Але фабрычная прамысловасьць болей пашырана ў яго прадмесьцях: Альтоне, Гарбурзе, Вандсбеку і іншых, разам з якімі Гамбург налічвае болей за 1200 тыс. нас. Уваходзячы ў склад Нямецкай фэдэрацыі, Гамбург зьяўляецца вольным горадам, маленькай самаўраднай рэспублікай. Гэта адзін з тых вольных гарадоў, якія ў сярэднія вякі былі злучаны ў Ганзэйскі хаўрус і кіравалі гандлем у Балтыцкім моры.

Такім-жа вольным местам ёсьць і Брэмэн (258000 нас.), які займае такое-ж палажэньне на Вэээры, як Гамбург на Лабе. Гэта таксама важная прыстань (гандлёвы абарот 974 міл. рубл. золатам да вайны), якая бойка гандлюе з Злучанымі Штатамі Паўночнай Амэрыкі і індыяй. Сюды прывозяць і тут апрацоўваюць баваўну, табаку, рыс. Як для Гамбургу пярэдняй прыстаньню зьяўляецца Куксгафэн, гэтак Брэмэн мае сваю пярэднюю гавань на адкрытым моры-Брэмэргафэн.

Апрача Брэмэну і Гамбургу большая частка Паўночна-Заходняй Нямеччыны ўваходзіць у склад провінцыі Гановэр, якая зьяўляецца часткай Прусіі, найвялікшай з самаўрадных рэспублік Нямеччыны. На захад ад вусьцяў Вэзэру тут знаходзіцца яшчэ самаурадная рэспубліка Ольдэнбург.

Паўночна-ўсходняя Нямеччына ляжыць на ўсход ад Лабы да вышнявіны Одэру і заходніх берагоў Гданьскай затокі Балтыцкага мора. Да яе належыць частка Ютляндыі, што ляжыць на поўдзень ал Фленсбургскага фёрду. Паводле сваёй прыроды гэтая краіна нагадвае Усходнюю данію. Ледавік тут трымаўся даўжэй, як у Паўночна-Заходняй Нямеччыне і пакінуў грубейшы пласт моран. З ледавіковага навалу тут утварылася шмат грудоў і пагоркаў, так што краявід краіны мае падобнасьць да краявіду паўночна-беларускіх узгор'яў.

Узьбярэжжа Балтыцкага мора, пераважна роўнае і нізінвае, толькі на захадзе мае ў дастатку выгодных букт-фёрдаў. Далей на ўсход прыстані сустракаюцца толькі ў вусьцях значных рэк. У сухаземье, праўда, уразаецца шмат заток, але гэтыя затокі, так званыя гафы, аддзелены ад адкрытага мора грудамі выдмаў, з якіх складаюцца вузкія і даўгія паўвостравы — гаkі.

На поўначы краіны цягнецца паласа тыповых морэнавых узгор'яў, багатых вазёрамі ледавіковага пахаджэньня. (Гэтыя ўзгорі адпавядаюць канцовым морзнам, нанесеным у час апошняга зьледзяненьня). На захадзе паласа ўзгор'яў падыходзіць да самага Балтыцкага мора, на ўсходзе між узгор'ямі і морам распасьціраецца паўзьбярэжная нізінная палоска. На поўдзень ад паласы ўзгор'яў ізноў цягнецца паласа нізін, па якіх і рэкі цякуць у шырынёвым кірунку, пакуль не прарвуцца праз морзнавыя ўзгоркі ў бок Балтыцкага мора. Гэтыя нізіны адзначаюцца роўнай паверхняй і нагадваюць нашую Палескую нізіну. Паласа нізін мае вялікую гандлёвую вагу, бо па ёй праходзяць галоўныя сухаземныя дарогі з Заходняй Эўропы ў Польшчу, Беларусь і Маскоўшчыну. Рэкі Лаба з Гавэлем, які мае прытоку Шпрэ. Одэр з Вартай і іншыя, што бягуць на паласе нізін, злучаны паміж сабой сеткай штучных вадзяных дарог-каналаў. Такім чынам паласа нізін мае найлепшыя ўмовы для разьвіцьця ўнутранога гандлю.

Грунты ў Паўночна-Усходняй Нямеччыне лепшыя, як у Паўночна-Заходняй.

Ураджайная гліністая глеба займае тут болей прасторы, а пяскі і балоты трапляюцца радзей. Клімат тут сушэйшы, неба часьцей бывае ясным, сонечным.

Сярэд. тэмп. году ў Бэрліне + 8,6º, значыць бязмаль такая самая, як у Гамбурзе, але ўзімку тут халадней (сярэдняя тэмпэратура студзеня -0,2º,), а ўлетку цяплей (сярэд. тэмп, ліпеня +18,4º). Ападкаў 500-600 мілім.

Лясоў тут захавалася досыць многа. Па пескавых выдмавых узьбярэжжах пераважваюць хваёвыя бары, у іншых месцах часьцей трапляюцца яловыя, букавыя і дубовыя лясы.

Насельнікі краіны-тыя самыя ніжня-немцы, што і ў Паўночна-заходняй Нямеччыне (ніжня-саксы), але даўней тут жылі славянскія пляменьні, і хаця яны даўно анямечыліся, але ўплывы падмешкі іхняй крыві адбіваюцца і на сучаснай нямецкай люднасьці. Тутэйшыя немцы маюць шмат славянскіх рысак у абліччы. Сярод іх часта спатыкаюцца круглагаловыя і шырокатварыя, як славяне, асобы. У змаганьні з суседзямі і з даволі жорсткай прыродай склаўся характар мясцовых немцаў. Гэта ўпарты, хмуры і жорсткі народ, згуртаваны ў моцную грамадзянскую адзінку, шануючы дысцыпліну, паслухмянства і парадак.

Няма нічога дзіўнага, што тут на ўскрайку Гэрманіі стварылася наймацнейшая з нямецкіх дзяржаў-жалезная магутная Прусія, пад уладай якой хутка апынулася ўся Паўночна-Усходняя Нямеччына, а потым яшчэ вялікія часткі іншых краін Гэрманіі. З Прусіяй мусілі злучыцца ў адну фэдэрацыю і тыя нямецкія дзяржавы, якія яшчэ засталіся самастойнымі (за выключэньнем Аўстрыі). Фактычна Прусія неабмяжована пануе ў Нямецкай фэдэрацыі, а да рэволюцыі, як мы ўжо ведаем, прускія каралі зьяўляліся адначасна нямецкімі імпэраторамі.

Сельская гаспадарка ў Паўночна-ўсходняй Нямеччыне, як і ў Паўночна-Заходняй, мае вялікае значэньне. Земляўласнасьць тут пераважвала буйная. Сялян-земляўласьнікаў тут меней. Гадоўля жывёлы, агулам кажучы, мае меншую вагу, але і тут авечак, коняй і быдла трымаюць значна болей, як у нас. Гэтаму дапамагаюць і палепшаныя спосабы ральніцтва, пры якіх значная колькасьць зямлі знаходзіцца пад засевамі кармавых траў. Пад папарам застаецца толькі 5% усëй ральлі (у нас на Беларусі болей за 30%). З збожжа болей за ўсё сеюць жыта і аўса, прычым з кожнай дзесяціны зьбіраюць у сярэднім разы 4 болей, як у нас. Бульбы сеюць болей, як дзе, яе хапае і на страву людзям і на корм жывёле, яна йдзе на бравары і на крухмальні. Гарэлкі з бульбы тут вырабляецца вельмі многа, так што хіба толькі Беларусь да вайны магла на гэтым полі спрачацца з Паўночна-Усходняй Нямеччынай. Вялікую вагу маюць засевы цукровых буракоў і выраб цукру. Апроч таго, сеюць шмат гароху, табакі, гародні-

Мал. 61.-Бэрлін. Будынак рейхстагу (саюзнага парлямэнту).

ны, лёну. Падземнага багацьця тут ня лішне многа, хаця месцам (ува Усходнім Бранденбурзе і Ніжнім Шлёнску) трапляецца каменны і буры вугаль. Карыстаючыся мясцовым і прывезеным з паўдня вугалем, хутка пашыраецца фабрычная прамысловасьць, асабліва апрацоўка сельска-гаспадарчых продуктаў. Каля мора будуюць караблі, а ў сярэдзіне краіны каля сталіцы пашырыўся выраб вопраткі, машын і мастацкіх тавараў.

З іншых заняткаў можна адзначыць лясны промысел і рыбацтва ў Балтыцкім моры, але як дрэва, гэтак і рыбы здабываецца замала у параўнаньні з вымаганьнямі мясцовай люднасьці, і гэтыя тавары трэба прывозіць з-за межаў. Вялікую вагу мае гандаль, хаця для замежнага гандлю прыстані Балтыцкага мора меней выгодныя, чым Гамбург або Брэмэн, бо звычайна ў студзені замярзаюць і ляжаць занадта далёка ад галоўных міжнародных гандлёвых дарог. Толькі ў апошнія часы, як пракапалі кільскі канал праз Паўднёвую Ютляндыю, гандлёвае значэньне Балтыцкіх прыстаняй павялічылася. Унутраному гандлю дапамагае будова паверхні, дзякуючы якой пракладаньне дарог не выклікае вялікіх страт. Чыгункавая сетка краіны такая густая, як у Ангельшчыне.

Асяродкам унутранога гандлю краіны зьяўляецца Бэрлін- сталіца Нямецкай дзяржавы і вузел галоўных сухаземных дарог Эўропы. У Бэрліне сходзяцца важныя чыгункі, якія маюць агульна-эўропэйскае значэньне. Праз Бэрлін ідзе найкарацейшая дарога з Ленінграду-Вільні-на Парыж, з Масквы-Менску-Варшаны Ангельшчыну і Францыю, з Царгораду ў Гамбург і Скандынавію і г.д. Горад ляжыць на рацэ Шпрэ (прытока Гавэлю, які ўліваецца ў Лабу). Тут сходзяцца галоўныя рэчныя шляхі Нямеччыны і, ня гледзячы на малую велічыню Шпрэ, Бэрлін―галоўная рэчная прыстань Гэрманскай стараны. Як прамысловы асяродак Паўночна-Усходняй Нямеччыны, горад вырабляе вагоны, паравозы, вопратку, машыны і г. д. Як у сталіцы Нямецкай рэспублікі, тут згуртаваліся галоўныя дзяржаўныя установы, для якіх пабудованы харошыя палацы.

Усялякія помнікі, вялізныя масты, звычайна 5-цëх паверхавыя камяніцы, чыстыя, абсаджаныя дрэвамі вуліцы (Unter den Lіnden), прыгожыя сады і бульвары (слынны Tіergarten у сярэдзіне гораду) дадаюць надзвычайнае хараство нямецкай сталіцы. Брукаваныя асфальтам вуліцы тут мыюцца швабрамі, і наагул за чыстатой сочаць пільна. З гэтай прычыны й паветра тут чысьцейшае, як у іншых вялікіх гарадох, пылу значна меней. Рух калёсаў і самаходаў тут меншы, як у Парыжы, але затое ўва ўсіх кірунках па горадзе праходзяць поўныя народу вагоны надземных і падземных чыгунак і трамваяў.

Як культурны асяродак Нямеччыны, Бэрлін слыне выдатнымі вышэйшымі школамі, у якіх вучыцца шмат чужаземцаў, многалічнымі багатымі бібліотзкамі, чытальнямі, кнігарнямі, помнікамі мастацтва ў музэях, багатымі навуковымі колекцыямі і г. д. Аднак для Нямеччыны Бэрлін далёка ня тое, што Парыж для Францыі. іншыя гарады Гэрманскай стараны, асабліва ў Паўднёвай Нямеччыне, жывуць сваім асобным, незалежным ад Бэрліну жыцьцём, не аддаюць яму ўсіх сваіх жывых сіл. Ня гледзячы на гэта, Бэрлін хутка расьце, а ў апошнія перад вайной дзесяцëхгодзьдзі зраўняўся з Парыжам па колькасьці насельнікаў (у 1910 годзе ў Бэрліне было 2071000 насельнікаў, а разам з прадмесьцямі 3703000. У час сусьветнай вайны лік насельнікаў трохі зьменшыўся. У 1919 г. іх тут было 1903000, але разам з прадмесьцямі яшчэ болей, як да вайны-3730000).

Асабліва шпарка разрастаюцца прадмесьці, з якіх некаторыя ўжо зьліліся з сталіцай у адну бясконцую грамаду будынкаў. Некаторыя з гэтых прадмесьцяў, даўней маленькія падбэрлінскія мястэчкі і вёскі, налічваюць цяпер болей, як па 200000 насельнікаў кожны (Шарлëтэнбург, Найкэльн, Шэнэбэрг).

Крыху далей ад сталіцы ля сутокі Шпрэ і Гавэлю стаіць Шпандаў (85000 нас.) з вялікімі Фабрыкамі зброі і пораху, а яшчэ далей, ніжэй на Гавэлі-Потсдам (58000 нас.), прыгожы горад, былая гаспода прускіх каралёў. Ваколіцы Бэрліну зьяўляюцца галоўнай прамысловай акругай Паўночна-Усходняй Нямеччыны. Другая такая акруга ляжыць на Одэры ў так званым Ніжнім Шлёнску, дзе здабываюць каменны вугаль. Аднак там апрача фабрычнай прамысловасьці пашырана і ральніцтва, між іншым засевы

Мал. 62.-Прыстань у Штэтынс.

цукровых буракоў. У сярэдзіне гэтай акругі на Одэры ляжыць Брэслаў (папольску Вроцлав, 528000 н.), у якім сходяцца важныя дарогі з Польшчы ў Чэхію, з Бэрліну ў Украіну. Тут існуе шмат цукраварняў, хімічных, машынных і іншых фабрык.

На поўначы краіны на вусьцях Одэру ляжыць важная прыстаньШтэтын (233000 нас.), асяродак сельска-гаспадарчай акругі (Помераніі) з буйнымі майстэрнямі караблёў і апрацоўкай сельска-гаспадарчых продуктаў.

Пярэдняй прыстаньню Штэтыну зьяўляецца Свінэмюнде, мястэчка на беразе адкрытага Балтыцкага мора.

Другая важная прыстань Балтыцкага мора Любэк (113000 нас.) лякыць у паўднёва-заходнім кутку Балтыцкага ўзьбярэжжа. Як Гамбург і Браман, Любэк быў у сярэднія вякі адным з гарадоў Ганзэйскага хаўрусу і да гэтага часу таксама застаўся вольным местам, якое ўваходзіць у склад Нямецкай фэдэрацыі. Бойкі гандаль гэтага гораду з Літвой, Латвіяй і Расіяй зьменшыўся ў апошнія часы, пасьля таго, як пракапалі кільскі канал з Балтыцкага мора ў Нямецкае праз шыю паўвострава Ютляндыі.

Затое борзда пачаў пашырацца гандаль прыстані Кіль (205000 н.). якая ляжыць ля выйсьця гэтага каналу ў Балтыцкае мора. Гэта асяродак гандлю з Даніяй і Скандынавіяй, вядомы з даўных часоў, як рыбацкая прыстань, каля якой ловяць селядцы і попроты. Аднак галоўнае значэньне Кілю грунтуецца на палажэньні каля Кільскага каналу, па якім немцы могуць лёгка перакідваць свае караблі з Нямецкага мора ў Балтыцкае. Гэта галоўная вайсковая прыстань Нямеччыны, якая адыграла важную ролю ў час сусьветнай вайны. Будаваньне караблёў тут мае яшчэ большую вагу, як у Штэтыне.

Сярэдняя Нямеччына складаецца з магутных горставых гор, якія аддзяляюць Паўночна-Гэрманскую нізіну ад гор і катлін Паўднёвай Нямеччыны. Сярэдня-Нямецкія горы звычайна маюць адхонныя схілы і плоскія або акругленыя вярхі, але ў далінах рэк, якія прабіваюцца праз Сярэдня-Нямецкі горны парог, сьценкі гэтых далін часамі бываюць зрывістымі, як, напрыклад, у даліне Лабы, у так званай Саксонскай Швайцарыі. На зрывістых сьценах такіх далін агаляюцца рознакалёрныя пласты земных парод; з схілаў суседніх гор, голых або пакрытых лесам, спадаюць прыгожыя струмені, уліваючы сваю ваду ў павольную галоўную раку, што бяжыць па даліне. У іншых месцах, асабліва па вадападзелах, краявід адзначаецца аднатоннасьцю (напрыклад, плоскаўзвышша Заўэрлянд у паўночна-ўсходняй частцы Рэнскіх Лупняковых гор).

Наагул краявід краіны, як і паверхня, досыць рознастайны, горы чаргуюцца з плоскаўзвышшамі і катлінамі, грунты месцам урадлівыя, лёзсавыя, на значных узвышшах ледавіковыя, месцам камяністыя. На захадзе горы Сярэдняй Нямеччыны займаюць шырокую прастору ў 2-30 шырыні, на ўсход звужваюцца, уразаючыся між Паўднёва-Усходняй Нямеччынай Чэскім спрадвечным масывам. На захадзе горы складаюцца з пластовых земных парод-лупнякоў і пескавікоў (Рэнскія Лупняковыя горы), вапнякоў, маргляў і гэтак далей. Часамі сярод лупнякоў і пескавікоў там сустракаюцца значныя прасторы, складзеныя з астыглай лявы, багатыя згаслымі, але яшчэ правільнымі стожкавымі вульканамі. У жэралах гэтых вульканаў, напрыклад, у Рэнскіх Лупняковых горах, захаваліся цікавыя вульканічныя вазёры (маары).

(Паводле карты вывучы назовы галоўных гор Сярэдняй Нямеччыны. Якія рэкі там працякаюць? Адкуль і куды бягуць гэтыя рэкі?).

Галоўнай асаблівасьцю ўсёй сярэдняй Нямеччыны зьяўляецца багацьце не на розныя карысныя мінэралы. З даўных часоў тут здабывалася шмат серабра, волава, цыны, а ў апошнія часы тутака вынайшлі вялізныя пакллады каменнага вугалю, жалеза і розных соляй, на якіх грунтуецца нямецкая хімічная прамысловасьць.

У залежнасьці ад рознастайнай паверхні і вялікага працягу краіны з захаду на ўсход клімат яе досыць рознародны. На захадзе клімат мякчэйшы, на ўсходзе астрэйшы; вярхі гор, апранутыя вечнымі хмарамі, адзначаюцца халаднаватым дажджыстым кліматам; даліны рэк і зачыненыя з усіх бакоў гарамі катліны маюць клімат сушэйшы і цяплейшы.

Найвышэйшая гара горсту Судэтаў Шнээкопэ мае сярэднюю гадавую тэмпэратуру +0,2º, сярэднюю ліпеня +9,0º, лютага -7,3º. Дрэздэн у даліне Лабы мае адпаведна +9,0º для ўсяго году, +18,2 для ліпеня, -0,1º для студзеня. Кэльн на сярэднім Рэне +10,1º, (год), +18,6º (ліпень), +2,2º (студзень).

Мал. 63.-Краявід у Сярэдняй Нямеччыне (провінцыя Саксонія). Араньне зямлі за дапамогай паравых плугоў.

У даліне Сярэдняга Рэну сьпее вінаград; у горах растуць толькі хваёвыя бары; па нізінах пераважваюць лясы дубовыя і букавыя.

Варункі для ральніцтва наагул добрыя, але багатыя паклады мінэралаў адцягваюць насельнікаў ад вёсак, і паўсюды сельская гаспадарка зьяўляецца другарадным заняткам, а насельнікаў вясковых меней, як гарадзкіх, Галоўным збожжом, як і ў Паўночна-Гэрманскай нізіне, зьяўляецца жыта, за ім ідзе авëс, але для пражыўленьня насельнікаў большую вагу мае бульба, асабліва ў густа залюдненых прамысловых акругах, дзе зямля вельмі каштоўная і засяваць збожжа няма рахунку. Па ураджайных раунінах (на ўсход ад Гарцу і ў вадазборы Вышняга Вэзэру) сеюць шмат цукровых буракоў, паўсюды грае вялікую ролю гародніцтва і садоўніцтва. Гадоўля жывёлы мае меншую вагу, як на Паўночна-Гэрманскай нізіне, але й тут трымаюць многа авечак, быдла (асабліва на плоскаўзвышшы Гэсэн), сьвіней (у Вэстфаліі, Турынгіі, Саксоніі). Вэстфальскія кумлякі вывозяцца адгэтуль і за межы, а сасіскі і каўбасы лічацца нацыянальнай патравай. Аднак усе сельскія заняткі могуць лічыцца толькі падсобнымі, як у нас падсобнымі пры ральніцтве зьяўляюцца саматужныя промыслы. Багацьце Сярэдняй Нямеччыны грунтуецца на нетракапальнай і фабрычнай прамысловасьці, якая тут пашырылася болей, як ува ўсіх іншых частках Гэрманскай стараны. Поплеч з Паўночна-Заходняй Ангельшчынай, Бэльгіяй і некаторым краінамі ў Злучаных Штатах Паўночнай Амэрыкі Сярэдняя Нямеччына зьяўляецца адней з галоўных прамысловых краін сьвету. Здабываньне каменнага вугалю адбываецца бязмаль-што па ўсёй кране, паклады яго раскіданы маленькімі і вялікімі акругамі паўсюды. Асабліва многа каменнага вугалю знаходзяць у вадазборы маленькай прытокі сярэдняга Рэну-рэчкі Рур, дзе яго здабываюць што-год. болей за 50 мільёнаў тон.

Вялізныя запасы вугалю трапляюцца ў Саксонскіх Рудных горах, у Судэтах, у Паўночным Гэсэне, на крайнім захадзе каля Ахэну і ў нізінах, якія ўразаюцца ў краіну з поўначы, нібы затокі Паўночна-Гэрманскай нізіны, каля гарадоў Лейпцыгу і Кельну.

Большая частка тутэйшага вугалю патрабляецца на месцы буйнымі фабрыкамі Сярэдняй Нямеччыны, але многа яго вывозіцца й за межы. Жалезнай руды ў краіне таксама знаходзяць многа.

Яе здабываюць ля р. Лян, прытокі Рэну, у Турынгіі, у Вэзэрскіх горах на поўнач ад горсту Гары.

Нідзе на сьвеце няма такой колькасьці цынку, як у Сярэдняй Нямеччыне (у Заўэрляндзе і навокала Ахэну), многа тут і волава (у Рэнскіх Лупняковых горах і ў Гарцы), цыны (у Саксонскіх Рудных горах), медзі (у Рэнскіх Лупняковых горах, у Гарцы і на ўсход ад яго). Вельмі вялікую вагу маюць паклады солі як звычайнай, гэтак і так званай "адкідной", на якой грунтуецца хімічная прамысловасьць Нямеччыны. (Найболей ведамы паклады солі каля Штасфурту на ўсход ад Гарну). Ёсьць у краіне і нафта (у Вэзэрскіх горах). Наагул Сярэдняя Нямеччына мае ўсё, што патрэбна для буйной сучаснай прамысловасьці, і зразумела, фабрыкі расьлі ў ей, асабліва перад вайной, як грыбы, а па колькасьці буйных гарадоў яна перавысіла нават Паўночна-Заходнюю Ангельшчыну. Паводле становішча жалезнай, хімічнай, баваўнянай і ваўнянай прамысловасьці краіна займае першае месца на контынэнце Эўропы. Выраб таннай вопраткі пашыраўся з такой шпаркасьцю, што пагражкаў выціснуць з сусьветнага рынку Ангельшчыну.

Апрача невялікай колькасьці вэндаў або сэрбау-лужычанаў, якія захаваліся ў межах краіны (у Лужычанскіх горах), большасьць насельнікаў гаворыць на сярэдня-нямецкіх гаворках. (На захадзе- верхня-франкскай, на ўсходзе-верхня-саксонскай). Ад адной з гэтых гаворак (верхня-саксонскай) паходзіць і сучасная пісьменная нямецкая мова. Так званыя сярэднія немцы адзначаюцца ад паўночных, асабліва ад прусакаў, вясёлым, жвавым характарам, прыхільнасьцю да поэзіі і музыкі, задаволенасьцю жыцьцём, волялюбнасьцю і демократызмам. Гарыстая паверхня Сярэдняй Нямеччыны перашкаджала праз доўгі час утварэньню тут буйных дзяржаў, і аж да гэтага часу тут існуе шмат асобных дробных дзяржаўных адзінак, якія ўваходзяць у склад нямецкай фэдэрацыі. Па сваім фізычным абліччы сярэднія немцы адразьняюцца ад паўночных цямнейшым колерам скуры, вачэй і валасоў і меншым ростам.

Тлумачыцца гэта падмешкай крыві кельцкіх народаў, якія даўней жылі ў Нямеччыне аж да вышнявіны Вэзэру і толькі з цягам часу анямечыліся.

Па вёсках жыве толькі меншасьць насельнікаў краіны ды й самыя вёскі тутака большыя, а хутары сустракаюцца радзей, як у Паўночнай Нямеччыне. Сялянскія панадворкі чатырохкутныя, па бакох панадворка будуюцца асобна пуні, гумны, ёўні і стайні. Хаты звычайна двохпаверхавыя, крытыя дахоўкай або гонтамі. Сярод гарадоў краіны сустракаюцца старасьвецкія нямецкія месты з вузкімі вуліцамі, старажытнымі 3-х паверхавым будынкамі, дахі якіх канчаюцца вострымі вярхамі і вежамі.

Мал. 64.-Вуліца з старасьвецкімі будынкамі ў нямецкім горадзе. (Браўншвэйг).

У апошнія гады пабудована шмат гарадоў сучаснага тыпу з шырокімі вуліцамі і пляцамі, вялізнымі многапаверхавымі камяніцамі і многалічнымі фабрыкамі.

Асабліва многа такіх гарадоў у каменна-вугальных акругах, дзе часта гарады, фабрычныя мястэчкі, рудні, гуты і капальні зрастаюцца, як у Паўночна-Усходняй Ангельшчыне або ў Бэльгіі, у адзін бязьмежны горад з лесам фабрычных комінаў, з кучамі вугалю, з пахам дыму і чаду, з гоманам і клумам, з лясканьнем і гулам машын. Гушчыня залюдненьня ў такіх месцах надзвычайна высокая і часамі дасягае да 1500 ч. на 1 кв. клм., таго часу, як сярэдняя шчыльнасьць насяленьня ў краіне ледзь даходзіць да 190.

Найгусьцей залюдненая акруга ляжыць на захадзе краіны ў вадазборы сярэдняга рэку. Рэн-галоўная гэрманская рака, цячэ сюды з ВышняРэнскай нізіны і пераразае тут папярок Рэнскія Лупняковыя горы у прыгожай вузкай даліне.

Мал. 65.-Краявід на Рене.

Заўсёды маючы ў дастатку вады, Рэн зьяўляецца галоўнай прыроднай дарогай з Альп да нямецкага мора. Швайцарыя, Нямеччына, Францыя і Голяндыя карыстаюцца гэтай ракой, як гандлёвай дарогай. Абапал ракі ў Рэнскіх Лупняковых горах захованы надзвычайныя запасы падземнага багацьця. Усё гэта выклікала згуртаваньне тутака многалічных прамысловых і гандлёвых гарадоў.

Гандлёвым асяродкам акругі зьяўляецца Кэльн (634000 нас.), што ляжыць у нізіне, якая удаецца паміж горстаў у Сярэднюю Нямеччыну з поўначы. Адгэтуль па Рэне пачынаецца асабліва вялікі параходны рух, так што горад зьяўляецца вельмі важнай рэчнай прыстаньню. Апроч таго, горад ляжыць на карацейшай чыгунцы з Бэрліну і Гамбургу ў Парыж. Кельн мае шмат цікавых рэштак старасьветчыны. Прыгожы кэльнскі сабор набыў славу аднаго з найпякнейшых будынкаў сьвету. Фабрычная прамысловасьць гораду складаецца з вырабу машын, чакаляды, одэколёну (eau de Cologne, пафранцуску-кэльнская вада).

На захад ад Кэльну на мяжы з Бэльгіяй ляжыць Ахэн (146000 нас.) асяродак здабываньня медзі і вугалю, а на поўдзень, на мяжы з Францыяй-Саарбрукен (105000 н.), асяродак Саарскіх каменна-вугальных пакладаў, захопленых Францыяй пасьля вайны.

Мал. 66.-Кэльн.

Значна большую вагу маюць гарады, якія ляжаць на поўнач ад Кэльну па рэчках Вупэр і Рур. Там гарады стаяць так блізка адзін ад аднаго, што месцам зьліваюцца ў цэлае мора фабрык і жылых будынкаў. Адны з гэтых гарадоў, як Эльбэрфэльд (157000 нас.) і Бармэн (156000 нас.), якія ўжо злучыліся ў адзін падвойны горад, апрацоўваюць пераважна баваўну, лён, шоўк і вырабляюць крамніну; другія (Рэмшэйд, Золінгэн) — вырабляюць жалезныя прылады: нажы, сярпы, косы; трэція (Дортмунд 295000 н.) зьяўляюцца асяродкамі нетракапальнай прамысловасьці. На чале ўсіх гэтых гарадоў стаіць Эсэн (439000 нас.) на Руры з самымі вялікімі Фабрыкамі на сьвеце, якія належалі да фірмы Крупа і выраблялі зброю, бліндажы, гарматы, рэйкі, вагоны, паравозы і нават цэлыя морскія вайсковыя караблі. Да фабрык Крупа належаць свае вугальныя капальні, свае жалезныя і мядзяныя рудні ня толькі ў Нямеччыне, але нават у Гішпаніі і іншых краëх. Шпаркі рост Крупаўскіх фабрык лічыцца адным з найвялікшых дзіваў капіталістычнага сьвету. Моц і магутнасьць Нямеччыны, якая выявілася ў час вайны 1914-18 г., у значнай меры грунтавалася на вырабах гэтых фабрык. Пасьля вайны фабрыкі Крупа ужо не вырабляюць зброі.

Мал. 67.-Кэльнскі сабор.

Прыстаньню Рурскіх ваколін на Рэне зьяўляецца Дусэльдорф (407000 нас.), які адначасна вывозіць тавары Крэфэльду (124000 нас., шоўкавыя вырабы), Дуйсбургу (244000 н.) і іншых гарадоў, што ляжаць на захад ад Рэну.

На ўсход ад Рэнскіх Лупняковых гор у вышнявіне Вэзэру плоскахваляватае ўзвышша Вышняга Гэсэну мае свой гандлёва-прамысловы ася родак-Касэль (162000 нас.), а на поўначы па-за Вэзэрам на мяжы з Паўночна-Заходняй Нямеччынай ляжыць падвойны горад Гановэр (310000 H.) з Ліндзнам (82000 нас.), вядомы вырабам машын, мэблі і каўчуковых тавараў.

На паўднёвы ўсход ад Гановэру сярод нізінных прастораў уздымаецца самотны горст-Гарц.

На самым вышэйшым пункце гэтага горсту Брокене (1143 м.), заўсёды завінутым у хмары, асабліва часта бачылі т. зв. брокенскае зьявішча. Увечары чалавек, стоячы на версе гэтай гары, бачыць на хмарах свой цень надзвычайна вялікіх разьмераў, навокала якога разыходзяцца кругі ўсіх колераў вясёлкі. Зьявішча гэта тлумачыцца пераламленьнем праменяу заходзячага сонца, але выклікала шмат баек аб зданях, якія, па народных поглядах, жывуць на гэтай гары.

На ўсход ад Гарцу распасьціраецца ўраджайная раўніна Ніжняй Саксоніі, багатая пакладамі рознастайных соляй і засевамі цукровых буракоў. Асяродкам гэтай акруя зьяўляецца Магдэбург (286000 н.) на сярэдняй Лабе з буйнымі цукраварнямі і браварамі. На поўдзень ад Гарцу цягнецца Турынгская катліна, якая з поўначы абмяжована горстам Турынгскага лесу.

Да рэволюцыі 1918 г. гэтая мясцовасьць складалася з 35 асобных кавалкаў, якія належалі да 11 дзяржаў Нямецкай імпэрыі. Цяпер яны аб'ядналіся ў адзіную Турынгскую самаурадную рэспубліку.

Яшчэ далей на ўсход цягнуцца Саксонскія Рудныя горы, у акрузе якіх здабываецца шмат каменнага вугалю, серабра і цыны. Даліна Лабы з зрывістымі сьценкамі і прыгожымі ваколіцамі аддзяляе Саксонскія Рудныя торы ад Лабскіх пескавіковых гор, за якімі цягнуцца Лужычанскія горы, залюдненыя вандамі. Акругі Саксонскіх Рудных, Лабскіх і Лужычанскіх гор складаюць самаўрадную рэспубліку Верхнюю Саксонію, густа залюдненую мясцовасьць, падобную да Рурскай каменна-вугальнай акругі, па колькасьці гарадоў, рудняў і капальняў. Найвялікшыя з тутэйшых гарадоў: Хэмніц (304000 нас.), які завуць Нямецкім Манчэстэрам за яго вялізныя баваўняныя фабрыкі, Дрэздэн (529000 нас.) на Лабе, даўная сталіца Саксоніі, слынная разьвіцьцём мастацтва і пісьменства і Лейпцыг (604000 нас.), гандлёвы асяродак краю, слынны сваімі кірмашамі, гандлем, школьнымі прыладамі і кнігамі.

На ўсход ад Лужычанскіх гор аж да вышнявіны Одэру цягнуцца Судэты, вялікі горст, урэзаны між Паўночна-Усходняй Нямеччынай і Чэскім масывам.

Паўднёвая Нямеччына займае прастору на поўдзень ад прытокі Рэну Майну аж да паўночных схілаў Альп. На захадзе гэтая краіна мяжуецца з Усходняй Францыяй, на ўсходзе яе мяжу складае горставы ланцуг Чэскі Лес. Паверхня тут яшчэ болей рознастайная, як у Сярэдняй Нямеччыне. Значныя горы чаргуюцца тутака з катлінамі-грабэнамі, па якіх працякаюць важныя суднаходныя рэкі.

Да гэтых грабэнаў належаць: Вышня-Рэнская нізіна, што аддзяляе Францыю ад Нямеччыны; Швабія, або вадазбор Нэкару, прытокі Рэну; Франконія, па якой цячэ Майн; нарэшце даліна Вышняга Дунаю. Грабэны гэтыя аддзяляюцца адзін ад аднаго горстамі, да якіх належаць: Шварцвальд (Чорны Лес), гранітнае ўзвышша, выцягнутае між Вышня-Рэнскім грабэнам і Швабіяй; Шваба-Франконская Юра, што апускаецца прыступкамі ў бок Шваблі і Франконіі, а ў бок Дунаю абрываецца вапняковым схілам, слынным сваімі пячорамі, зьнікаючымі рэкамі і іншымі карставымі зьявамі, нарэшце крышталічны горст Чэскі лес, узгранічны між Нямеччынай і Чэхіяй.

Самая паўднёвая частка краіны, што ляжыць на поўдзень ад Дунаю, завецца Шваба-Баварскім плоскаўзвышшам, паволі павышаецца на поўдзень і пераходзіць у прыгор'і Альп. Гэтае плоскаўзвышша абвадняецца левымі альпійскімі прытокамі Дунаю, і на поўдні завалена адкладамі альпійскіх ледавікоў, сярод якіх раскіданы невялікія ледавіковыя вазёры.

Катліны Паўднёвай Нямеччыны (асабліва Вышня-Рэнскі грабэн і Франконія) адзначаюцца ўраджайнымі лёзсавымі грунтамі, прыемным сонечным кліматам і багатай расьліннасьцю.

Сярэдняя тэмп. году ў Нюрнбэрзе ў Франконіі +8,4°, сяр. студзеня -1,3°, ліпеня +18,7°.

Там добра ўзрастае вінаграднік і розныя пладовыя дрэвы, сьпеюць кіяхі і пшаніца, сустракаецца нават ядобны каштан.

Горы краіны не дасягаюць значнай вышыні (вярхі Шварцвальду ледзь перавышаюць 1400 м. н. р. м.), але на вярхох іх ёсьць сьляды даўнага зьледзяненьня, грунты іх горшыя, як па катлінах, клімат халаднейшы і вільгатнейшы, схілы парасьлі густымі лясамі.

(З гэтай прычыны яны і маюць назоў wald'аў або лясоў Шварц-вальд, яго працяг Одэн-вальд, Чэскі Лес).

Шваба-Баварскае плоскаўзвышша мае таксама параўнаўча халодны клімат і многа ападкаў і адзначаецца багацьцем на балоты і поплавы.

Сярэдняя тэмп. году ў асяродку плоскаўзвышша ў Мюнхэне +7,5°, сяр. студзеня -2,2°, ліпеня +17,5°. Ападкаў там 840 мілім.

Тут ужо ня можа расьці ані вінаграднік, ані ядобны каштан. Пладовыя дрэвы, кіяхі і пшаніца растуць дрэнна.

Наагул як паверхня, гэтак і клімат у Паўднёвай Нямеччыне яшчэ болей рознастайны, чым у Сярэдняй.

Насельнікі краіны-паўднёвыя немцы-вясёлы, простадушны і сумленны народ. Гэта бліжэйшыя родзічы альпійскіх немцаў, да якіх яны падобны і абліччам, і мовай, і звычаямі.

Тутэйшыя немцы належаць да чатырох асобных пляменьняў. На поўначы жывуць Франкі, тыя самыя, што й на захадзе Сярэдняй Нямеччыны: у Вышня-Рэнскім грабене і ў Шварцвальдзе жывуць алеманы, тыя-ж, што ў Швайцарыі; у вадазборы Нэкару і каля пачаткаў Дунаю швабы, на паўднёвым усходзе - баювары. У сярэднія вякі кожнае з гэтых пляменьняў мела тут сваё гэрцогства, амаль-што незалежную дзяржаву. Межы гэтых дзяржаў часта зьмяняліся. У апошнія перад вайной гады тут існавалі 2 каралеўствы-Баварыя і Вюртэмбэрг (Швабія), гэрцогствы Бадэн (Вышня-Рэнскі грабэн і Шварцвальд) і Гэсэн (Одэнвальд). Апроч таго, маленькія куточкі належалі да галоўнай нямецкай дзяржавы-Прусіі. Усе гэтыя дзяржавы ўваходзілі ў склад Нямецкай імпэрыі і былі ў поўнай залежнасьці ад Прусіі. Толькі Баварыя, асяродкам якой было паўднёвае плоскаўзвышша, была болей самастойнай. Па сваёй прыхільнасьці да дысцыпліны і старасьветчыны баварцы трошкі нагадваюць прусакаў. Гэтым, а таксама роўнай паверхняй Баварскага плоскаўзвышша тлумачыцца стварэньне імі значнай дзяржаўнай адзінкі, улада якой распасьціралася на Франконію і нават на левы бераг Рэну, і дзе да Баварыі належыць так званы Рэнскі Пфальц на мяжы лётарынгіі і Рэнскіх земляў Сярэдняй Нямеччыны. У Нямецкай імпэрыі Баварыя была галоўнай дзяржавай пасьля Прусіі, а як старонка каталіцкай веры, зьяўлялася важнай процівагай лютэранскай Прусіі. Пасьля рэволюцыі 1918 году ўсе каралеўствы і гэрцогствы Паўднёвай Нямеччыны зрабіліся самаўраднымі рэспублікамі Нямецкай фэдэрацыі. З гэтых рэспублік Баварыя зьвязана з фэдэрацыяй слабей, як усе іншыя часткі Нямеччыны. Часова пасьля рэволюцыі Баварыя была нават зусім незалежнай Савецкай Рэспублікай, якую аднак задушылі правыя організацыі пры дапамозе Антанты.

Люднасьць у Паўднёвай Нямеччыне жыве значна радзей, чым у Сярэдняй. Большасьць насельнікаў займаецца тут сельскай гаспадаркай. Збожжа сеюць пераважна па нізінах і на Шваба-Баварскім плоскаўзвышшы. Жыта, якое грае ролю галоўнага гатунку збожжа ў Паўночнай і Сярэдняй Нямеччыне, тут засяваецца толькі па горных схілах. У грабанах яго замянае пшаніца або часамі і кіяхі, на Шваба-Баварскім плоскаўзвышшы-ячмень, які йдзе там на піваварні. Хмель, патрэбны для вырабу піва, таксама засяваецца галоўным чынам на гэтым плоскаўзвышшы. У Вышня-Рэнскім грабане, дзе гушчыня залюдненьня вельмі значная, вялікую вагу мае гародніцтва і садоўніцтва. Пладовыя дрэвы там іншы раз растуць шэрагам па палёх пшаніцы, як у Лямбардзкай нізіне і іншых мясцовасьцях Італіі. Вінаградні трапляюцца ў катлінах (Вышня-Рэнскай, Швабії, Франконіі), і вінаграду тутака зьбіраюць значна болей, чым у Сярэдняй Нямеччыне. Па горах ральніцтва адыходзіць на другі плян, і на першае месца выходзяць гадоўля жывёлы і лясныя промыслы. Найлепшыя гатункі быдла пасьвяцца па лугох Шваба-Баварскага плоскаўзвышша.

Карысных мінэралаў у краіне значна меней, як у Сярэдняй Нямечыне. Каменнага вугалю няма зусім, буры вугаль трапляецца толькі каля прыгор'яу Альп. У падгор'ях Чэскага лесу ёсьць жалезная руда, месцам сустракаецца соль (у Бадэне і Вюртэмбэрзе) і слынны літографскі лупняк (у Франконскай Юры), які зьяўляецца спэцыяльнасьцю Паўднёвай Нямеччыны.

Буйная фабрычная прамысловасьць карыстаецца сярэдня-нямецкім апалам і мае значна меншую вагу, як у Сярэдняй Нямеччыне. Галоўныя Фабрычныя акругі ляжаць у катлінах. Затое па ўзвышшах з даўных часоў пашырылася саматужная прамысловасьць (у Шварцвальдзе): выраб гадзінькаў, апрацоўка дрэва і мэталаў.

Мал, 68.-Старасьвецкі замак Гогеннолерн у Паўднёвай Нямеччыне.

Наагул нетракапальная і фабрычная прамысловасьць займае прыблізна столькі-ж працоўных рук, колькі і сельская гаспадарка. У паселішчах вясковага тыпу--вёсках і хутарох-жыве прыблізна столькі-ж людзей, як і па гарадох і мястэчках. Хутары спатыкаюцца часьцей, як вёскі, асабліва на Шваба-Баварскім плоскаўзвышшы. Сялянскія хаты тамака, як і Сярэдняй Нямеччыне, двохпаверхавыя, крытыя дахоўкай. Аднак у адзнаку ад сярэдня-нямецкія двароў тут у аднэй хаце зьмяшчаюцца і людзкія пакоі і памяшканьні для жывёлы, сена і сельска-гаспадарчых прыладаў. На другім паверсе навокала ўсёй хаты цягнецца адкрытая вэранда.

Гарады Паўднёвай Нямеччыны красавалі ўжо ў сярэднія вякі, вялі бойкі гандаль і складаліся ў магутныя гандлёвыя хаўрусы гарадоў; рамёслы і прамысловасьць, навука і мастацтва дасягалі ў іх значнага разьвіцьця. У пазьнейшыя часы агульны заняпад Нямеччыны выклікаў заняпад і паўднёва-нямецкіх гарадоў. Толькі ў XІX в. ізноў яны пачалі расьці і адбудоўвацца адначасна з узрастаньнем прамысловасьці і гандлю ўва ўсёй Гэрманіі.

Згодна з гэтымі двума пэрыодамі ўзрастаньня большасьць тутэйшых гарадоў складаецца з дзьвёх частак: старасьвецкага гораду, у якім пераважваюць вузкія завулкі, готычныя цэрквы, сярэдня-вяковыя будынкі, крытыя дахоўкай, а часамі захаваліся і руіны даўнай гарадзкой сьцяны, і сучаснага гораду з многапаверхавамі камяніцамі, фабрыкамі, палацамі музэяў, вакзалаў і унівэрсытэтаў, з бульварамі й шырокімі вуліцамі.

Мал. 69.-Мюнхэн. Гарадзкая ратуша.

Найвялікшы горад краіны Мюнхэн (631000 нас.) ляжыць у асяродку Шваба-Баварскага плоскаўзвышша і гандлюе сельска-гаспадарчымі вырабамі гэтай акругі. Дзякуючы свайму унівэрсытэту і вышэйшай тэхнічнай школе, горад зьяўляецца важным культурным асяродкам. Як сталіца Баварыі, ён меў у Паўднёвай Нямеччыне такую-ж вагу, як сталіца Прусіі, Берлін, на поўначы.

У вадазборы вышняга Майну (у Баварскай Франконіі) ляжыць старасьвецкі прамысловы Нюрнбэрг (353000 нас.). слынны вырабам піва, дзіцячых цацак, алоўкаў і розных вучэбных прылад.

На нiжнiм Майне ляжыць гандлёвы Франкфурт (433000 нас.), у якім крыжуюцца важныя дарогі з Вены ў Кэльн і Голяндыю, з Страсбургу ў Гамбург і Бэрлін.

На вышнім Нэкары (ў Швабіі) пануе Штутгарт (309000 нас.) з значнай прамысловасьцю і кніжным гандлем.

На захадзе краiны няма такiх буйных гарадоў, але там шмат дру- гарадных гарадоў, з якіх некаторыя (Бадэн-Бадэн у Шварцвальдзе) вядо- мы, як здароўнiцы, другія (Гейдельбэрг), як культурныя унівэрсытэцкія гарады. Галоўны з іх Мангэйм (230000 нас.) на Рэне-апошні пункт, да якога даходзяць буйныя рэнскія параходы, важны гандлёвы асяродак.

Вышэй яго па Рэне ходзяць толькi маленькiя плоскалон-

ныя судны, і Рэн з сваiмi балотнымі берагамі зьяўляецца там перашкодай для зносiн паўзьбярэжнай люднасьці. Правы і левы берагі Рзну вышэй Мангейму належаць да розных дзяржаў і розных географічных старонак.


  1. Пад словам „Гэрманія“ мы будзем тутака разумець географічную старану, а пад словам "Нямеччына" будзем разумець дзяржаву. Большая частка Нямеччыны ўваходзіць у склад Гэрманіі, але апрача таго ў Гэрманіі ляжыць Голяндыя і Данія. З другога боку ў склад Нямецкай дзяржавы, апрача некаторых краін Гэрманіі, уваходзіць Усходняя Прусія, што ляжыцць у Прыбалтыцкім краі.