Перайсці да зместу

Географія Беларусі (1919)/Што чытаць па географіі Беларусі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XIV. Смаленшчына Што чытаць па географіі Беларусі
Падручнік
Аўтар: Аркадзь Смоліч
1919 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Што чытаць па географіі Беларусі.

Да гэтай пары можна лічыць, што спэцыяльнай географіі ўсёй Беларусі, як цэласьці, ня было. Толькі сьветлай памяці Адам-Ганоры Кіркор, вядомы беларускі гісторык і географ, гадоў 30 назад зьмесьціў свае пекныя, прасякнутыя гарачым замілаваньнем да Бацькаўшчыны, артыкулы аб Беларусі ў агульна-расейскім географічным выданьні „Живописная Россія“ (том III). На вялікі жаль, ён, сьледам за расейскай навукай, разглядаў там асобна „Беларускае Палесьсе“ (ўсходнюю і цэнтральную Беларусь) і асобна „Літоўскае Палесьсе“ (заходнюю Беларусь, разам з этнаграфічнаю Літвою). Хаця гэта крыху шкодзіць яго твору і хаця кніга гэтая ўжо крыху перастарэла, але і цяпер мы мусім яе перад усім раіць для больш дэтальнага абзнаёмленьня з географіей Беларусі, асабліва ж з гістарычнаю географіей.

Цэнтральная і Усходняя Беларусь вельмі добра і дэталічна апісана ў другім агульна расейскім географічным выданьні: „Россія Полное географическое описаніе нашего отечества“. Том IX пасьвячаны „Верхнему Поднѣпровью і Бѣлоруссіі“ СПБ 1905 г. Заходняй Беларусі аднак тут саўсім няма.

Польскія кніжкі па беларускай географіі ёсьць найбольш у даўнейшых і цяпер распраданых выданьнях. Аднак і ў навейшых агульных польскіх географіях шмат мейсца адводзіцца Беларусі. Наагул трэба адзначыць, што ў Беларускай географіі польскія наўчоныя крыху папрацавалі. Дзеля гэтага з цікавасьцю можна прачытаць страніцы пасьвячаныя Беларусі, напр. у навейшай і лепшай агульна-польскай географіі: Sujkowski. Geografja ziem dawnej Polski. Warszawa. 1918 (2 томы). Вельмі цэнныя статыстычныя данныя аб Беларусі можна знайсьці ў зборніках праф. Ромэра Rocznik Polski Tablice statystyczne. Kraków. 1917. Надзвычайна цэнным з‘яўляецца атлас выданы тым-жа праф. Ромэрам (Е. Romer. Atłas Polski —1916). Найнавейшыя данныя з географіі і статыстыкі Беларусі (разам з Літвою і Польшчаю) ілюстраваны тут вельмі добра і арыгінальна — апрацаванымі картаграмамі.

Шмат ведамасьцяў аб асобных мясьцінах Беларусі можна знайсьці у ўсякіх слоўніках географічных і энцыклапэдычных (асабліва варт увагі вялікі расейскі слоўнік Бракгаўза-Эфрона) і ў іншых справачных выданьнях, прыкл. Przewodnik po Litwie i Białej Rusi, H. Роўбы, Przewodnik po Wilnie — таго ж A. Kipкора i г. д.

У справе межаў Беларусі i нацыянальнай статыстыкі вельмі цэнная кніга праф. Карскага: „Этнографіческая карта Белорусскаго Племені. Петроград 1917 г.“. Так-сама шмат ведамасьцяў да географіі Беларусі можна дастаць з кнігі таго-ж аўтара „Бѣлоруссы“ т. I. Варшава 1904 г.

Цікавы нарыс эканамічнага становішча Беларусі можна знайсьці ў кніжцы вядомага беларускага эканаміста А. УласоваБѣлоруссія u ЛuтваМuнск 1918, так сама ў кнізе L. Wasilewski — Litwa i Białoruś — 1911.

Урэшце шмат артыкулаў аб географіі Беларусі было зьмешчана ў розных географічных журналах; асабліва цікавыя рэчы можна знайсьці ў журнале „Ziemia“, выдаваным у 1910-1914 гадох Польскім Т-вам Краёзнаўчым у Варшаве.

Усе вышэйпаказаныя выданьня досіць лёгка дастаць у кнігарных і бібліатэках. Што да рэдкіх кніг, а так сама ўсякіх монографіяў аб асобных местах, паветах і губэрніях беларускіх, урэшце, што да ўсякіх навуковых матар‘ялаў, якімі можна было-б карыстацца пры будаваньні навукі Беларускай географіі, дык апрацаваньне іхнага сьпіску ёсьць справаю бязьмерна патрэбнаю, але дагэтуль яшчэ нявыкананаю. Праўда, пры кожнай блізка з вышэйпаданых кніжок можна знайсьці больш ці менш поўны бібліографічны сьпісак.

Адсылаючы будучых працаўнікоў над навукаю аб радзімай зямлі да гэтых кніжок, хочу я яшчэ колькі слоў сказаць на заканчэньне гэтай кнігі.


У кнізе пэўне знайдзецца шмат памылак і недахватаў. Пісана яна і выдана ў такім часе, які найменш спрыяе навуковай выдавецтву рабоце. Асабліва трудна было дастаць, навет у большых нашых гарадох, больш менш сьвежых, а так сама рэдкіх матар‘ялаў да географіі Беларусі. Дый трэба сказаць, што матар‘ялаў гэтых ёсьць наагул нягуста, навука-ж беларускай географіі, нават яе бібліографія саўсім не распрацованы. Кніга яшчэ на жаль, выдана без дагляду аўтара і гэта можа бываць прычынаю розных драбнейшых недахватаў.

Але з другога боку адкладаць працу гэтую далей было нельга.

Беларуская школа і курсы беларусазнаўства ня маюць ніякіх падручнікаў па географіі Бацькаўшчыны. Нацыянальны рух, шырокай ракою разьліўшыся па Беларусі за апошнія два гады, ўжо шмат церпіць ад таго, што ня толькі шырокая публіка, а навет шмат хто з маладых беларускіх працаўнікоў, ня маюць аб родным краі найпатрабнейшых ведамасьцяў і часта навет ня ведаюць скуль іх могуць узяць.

Урэшце масы беларусоў, прайшоўшы расейскія і іншыя школы яшчэ і дагэтуль глядзяць на родны край вачамі казённых вучэбнікаў. З аўтараў гэтых вучэбнікаў здаецца ні адзін не разумеў і не хацеў разумець, што наша Бацькаўшчына, якая подлуг іх апісаньняў, ёсьць самым бедным і няшчасным краем, сталася такою толькі дзякуючы Маскоўскаму Ураду, яго сыстэме цэнтралістычнай і русіфікацыйнай. Беларуская маладзёж даведавалася ў школе толькі аб тым, што яе Бацькаўшчына — гэта якоесь адно балота, самае важнае ў ёй-гэта хвароба „каўтун“, а па-за-тым больш няма нічога цікаўнага.

Атручаная такою расейскаю „навукаю“ беларуская маладзёж, як толькі станавілася на ўласныя ногі, старалася як найхутчэй уцякаць куды небудь з Бацькаўшчыны ў Маскоўшчыну, Польшчу, Сыбір. A і тыя, якія заставаліся ў краю працавалі найбольш для свайго толькі кутка, бо бачылі, які ён пекны, які багаты, як непадобен да расейскіх апісаньняў. Для ўсяго-ж краю працаваць, баяліся, бо не маглі паверыць, успамінаючы школьнаю навуку, што гэты край можа быць здольным да самаістнаго жыцьця.

Вось-жа калі-б тыя беларусы, што прачытаюць гэтую кніжку зацікавіліся сваей Бацькаўшчынай, каб узяліся самі за глыбейшае навуковае пазнаньне яе, ці асобных праяваў яе жыцьця, каб заахвоціліся шукаць і бачыць яе арыгінальнае хараство, дык-бы аўтар лічыў сваю працу дайшоўшай мэты. А калі-б у іх хоць крыху пабольшала замілаваньне ў сваёй роднай многапакутнай старане, такой простай і разам цудоўнай, навет у часы заняпаду свайго поўнай вялічу і схаваных сілаў, каб яны паверылі ў яе вялікую будучыну і дзеля будучыны гэтай шчыра працаваць і змагацца пачалі, тады-б аўтар быў папраўдзе шчасьлівы.



Сярод рысункаў гэтай кнігі, большая частка ўзята са збораў Таварыства Краёзнаўчага ў Варшаве. Паміж іх шмат ёсьць фатаграфіяў вядомага нашага земляка артысты-фотографа Яна Булгака з Вільні.