Географія Беларусі (1919)/Паасобныя краіны Беларусі/XIV
← XIII. Краіна Задзьвінскіх Узгор‘яў | XIV. Смаленшчына Падручнік Аўтар: Аркадзь Смоліч 1919 год |
Што чытаць па географіі Беларусі → |
ХІV. Смаленшчына.
У паўночна-ўсходнім куце Беларусі, на вярхоўях Дняпра і Дзьвіны ды іх прытокаў (Мяжа, Каспля і інш.), разьляглася абшырная Смаленская Краіна. Да яе мы адносім паветы: Смаленскі, Ельнінскі, Дарагабужскі, Духаўшчынскі, Бельскі, і Нарэцкі Смаленскай губэрні, Вяліжскі павет Віцебскай губ. і беларускія часткі сумежных паветаў Пскоўскай губ. (Вяліка-Луцкага, Тарапецкага), Цьверскай губ. (Асташкаўскага, Ржэўскага) і ўрэшце Калужскай губ. (Жыздрынскага і Масальскага пав.).
Паміж асобнымі паветамі гэтай краіны, асабліва з боку прыроднага, можна знайсьці шмат рожніцы. Нічога дзіўнага ў тым няма, бо краіна цягнецца больш, як на 200 вёрст з усходу на захад і столькі-ж — з поўначы на паўдня. Але з боку эканамічнага і гістарычнага краіна мае шмат супольнага. Гэта тлумачыцца тым, што ўвесь гэты абшар заўсёды быў зьвязаны з Смаленскам, зьвязаны з ім і дагэтуль. У апісаньні краіны мы будзем рэзка падкрасьляць рожніцы паміж яе часткамі.
Ужо па будове паверхні трэба разьдзяліць Смаленшчыну на дзьве часьці. Усход краіны, — паветы Бельскі, Дарагабужскі і Ельнінскі, — ляжыць на ўзвышшы Окаўскага лесу, якое як ужо гаворана, адзначаецца там, што мае паверхню раўнінную, ня гледзячы на значную сваю высачыню, і пакрыта глаўным чынам лёссавіднымі суглінкамі, ў якіх няма саўсім каменяў, навет дробных. Няма так сама на Окаўскім лесе і вазёраў. А толькі ў паніжаных майсцовасьцях ляжаць там часамі вялікія імшары — тарфяныя балоты.
Саўсім іншы абраз уяўляе захад Смаленшчыны, — марэнны край. Далёка менш падняты над морам, ён аднак мяйсцамі робіць ўражэньне горнага краю (Смаленскае ўзгор‘е). Наагул паверхня яго няроўная. Пакрыты ён, глаўным чынам, супяскамі, хаця шмат ёсьць суглінкаў, падзолаў і пяшчаных грунтоў. Але ва ўсіх гэтых грунтох ёсьць каменьні. Часамі каменьня бывае гэтак шмат, што яно перашкаджае вырабу зямлі. Сярод узгоркаў ляжыць тут шмат вазёраў, як і ў суседняй Віцебшчыне.
Марэнны край абымае паветы Вяліжскі, Парэцкі, Смаленскі, большую частку Духаўшчынскага і невялікую (заходнюю) частку Бельскага пав.
Найвышэйшыя пункты ў марэнным краю знаходзяцца на мяжы Духаўшчынскага і Парэцкага пав., у вярхоўях р. Хмосьці. Найвышэйшая частка Окаўскага лесу (каля 150 саж.) знаходзіцца каля м. Ельні і называецца Ельнінскім Вузлом (бо адгэтуль ува ўсе бакі разьбягаюцца рэкі — Сож, Дзясна, Угра і інш.)
Цераз Смаленшчыну наскрозь праходзіць вялікі Эўрапейскі Вададзел, які тут дзеліць басэйны Дзьвіны і Дняпра. А па ўсходняй мяжы краіны йдзець вададзел Касьпійска-Чарнаморскі і Касьпійска-Балтыцкі. З Окаўскага лесу пачынаецца шмат прытокаў р. Волгі і р. Окі (р. Угра, Малады Туд, Жукопа). Такое палажэньне надаець Смаленшчыне асаблівага значэньня: яна з‘яўляецца якбы вадзяным вузлом усяе ўсходняе Эўропы.
Разам з тым вададзелы — гэта натуральныя граніцы. Асаблівай увагі заслугуе тое, што ўсходняя мяжа Беларусі йдзець, як раз блізка па Волжскаму вададзелу.
Усходняя мяжа Беларусі (Окаўскі лес) з‘яўляецца і важнай кліматычнай мяжой. За ёю клімат мае ўжо ўсе адзнакі кантынентальнага клімату, тым часам як уплывы мора сягаюць на ўсю Беларусь да яе ўсходніх рубяжоў, а значыць, і на Смаленшчыну.
Смаленшчына, найльбольш высунутая на ўсход краіна Беларусі, мае усё-ж клімат моцна вільготны: у ёй ападаў у год бывае больш за 600 міл. А на ўсход ад Окаўскага лесу клімат ужо значна сушэйшы — толькі з 500 міл. ападаў. Вільготнасьць клімату Смаленшчыны можна між іншым разтлумачыць яе вялікай лясістасьцю і высокім палажэньнем над роўнем мора. Дзякуючы гэтым прычынам і вялікія рэкі, што бяруць свой пачатак у Смаленшчыне адбараняюцца ад памяленьня.
Аднак клімат Смаленшчыны — найхаладнейшы ў Беларусі. Сярэдняя гадавая тэмпература + 4,5°, пры сярэдняй тэмпературы студзеня — 8,5°. Зімы тут бываюць даўгія, многасьнежныя. Сьнег ляжыць 5 месяцаў — ад палавіны лістападу да палавіны красавіка.
Дзякуючы вільготнаму клімату, ў Смаленшчыне грунты моцна выпаласканыя. На вялікіх абшарах тут залягаюць бедныя нішчымныя падзолы. Аднак пасма падзолаў, шырынёю вёрст 30, цягнецца ад м. Гарадка (з-пад Віцебску) аж да вярхоўяў Дзьвіны. Другая, — шырынёю вёрст 50, цягнеца ад м. Вяліжа да паўночнай мяжы Бельскага павету.
Вільготнасьць клімату робіць нялёгкай гаспадарку і на багатых суглінках. Дзеля гэтата ў Смаленшчыне мы бачам такое з‘явішча, якое ў рэшце Беларусі спатыкаецца ня часта: на аграмадных абшарах суглінкаў растуць лясы, — ды навет не лясы, а толькі бярозавыя гаі.
Наагул уся Смаленшчына моцна лясістая. Але тры паўночныя паветы, — Вяліжскі, Парэцкі і Бельскі, з гэтага боку асабліва выдзяляюцца. Лясоў тут больш 45% агульнага абшару дзеля таго гэтую старану трэба лічыць самаю лясістаю ў Беларусі. Некаторыя географы навет называюць гэты край Бельскім Палесьсем. Нічога затым дзіўнага, што паўночныя паветы Смаленшчыны заселены вельмі рэдка, — каля 30 чал. на квадр. вярсьце. Рэшта краіны так сама нягуста залюднёна і так сама мае шмат лясоў, апрача аднаго Смаленскага павету, ў якім, дзякуючы блізкасьці вялікага места і чыгунак, лясы моцна парасьцярэбліваны, а люднасьць жыве гусьцей.
На цяжэйшых грунтох у лясох Смаленшчыны найчасьцей спатыкаецца бяроза. Бярозавымі лясамі пакрыты ўвесь усход краіны — Окаўскі Лес. Побач з бярозаю ў лясох Смаленшчыны, асабліва на захадзе, — шмат расьце елкі, а так сама асіны; на пяшчаных грунтох — як і ўсюдых растуць хваёвыя бары.
За апошнія дзесяткі гадоў лясы Смаленшчыны моцна вынішчуюцца. Шмат лесу йдзе ў Маскву (з усходняй часткі краіны). Заходняя частка свой лес сплаўляе ўніз па Дняпру і Дзьвіне.
Лясы даюць шмат зарабаткаў люднасьці Смаленшчыны. Апроч рубкі, вывазу і сплаву леса, тут разьвіты такія хатнія рамёслы, як выраб саней, павозак, колаў, кашоў, бёрдаў, як бандарка і гонка смалы і дзёгцю. Наагул трэба адзначыць, што ў Смаленшчыне промыслы моцна разьвітыя. Нідзе навакола няма гэтулькі люднасьці, маючай прамысловыя заняткі, як у Смаленшчыне. Усе 7 паветаў рэзка выдзяляюцца з гэтага боку ад іншых. Трэба заўважыць, што і ў суседніх паветах Маскоўшчыны процэнт прамысловай люднасьці меншы, чым у апісуемай краіне.
З мінэральных багацьцяў Смаленшчыны разрабляюцца найбольш ганчарныя гліны (у Бельскім пав., каля Дзьвіны і Дняпра,) што спрыяе разьвіцьцю ганчарства. З гліны, што здабываецца пад Смаленскам у слаб. Рачаўцы, робяць добрыя кахлі. Добрыя гліны знаходзяць і ў Дарагабужскім пав. У некалькі мяйсцох здабываюць вапну. У балотах Бельскага і Духаўшчынскага пав. ёсьць шмат балотнай зялезнай руды.
Хвабрычная прамысловасьць у Смаленшчыне слаба разьвіта. Навет такі значны горад, як Смаленск, з гэтага боку мала высуваецца наперад. У іншых жа паветах ёсьць па некалькі пільняў ды бравароў. За тое ў с. Ярцаў Перавоз, — Духаўшчынскага пав., знаходзіцца аграмадная, — найбольшая ў Беларусі, хвабрыка, дзе прадуць бавоўну і ткуць паркалі, кумач і інш. На хвабрыцы гэтай працуе больш 4 тыс. работнікаў.
Гаспадарка і ў Смаленшчыне ёсьць глаўным заняткам люднасьці. Тэхніка гаспадарская ў сялян стаіць някепска; — гэта трэба тлумачыць мусіць тым, што тут вось ужо каля 60 гадоў працуе земства. Вырабляюць зямлю сяляне плугамі, сеюць шмат травы (канюшыны, цімафейкі), а мяйсцамі навет ужываюць штучных гнаёў (парашкоў). Дзеля таго ўраджайнасьць тут добрая, — лепшая чым у суседняй Віцебшчыне і Магілеўшчыне.
На полі сеюць у Смаленшчыне вельмі шмат лёну. Па засеву лёну Смаленшчына займае першае мейсца ў Беларусі. Тым часам, як у рэшце Беларусі, (апроч Віцебшчыны) лён сеюць найбольш для свайго ўжытку, тут лён ідзе на продаж. Ен даець гаспадару Смаленскаму грашавую гатоўку, так патрэбную на зварот у гаспадарцы. Ад суседняй Віцебшчыны Смаленшчына адзначаецца па-першае тым, што тут ячменю сеюць мала, а на першы плян выходзіць авёс (толькі ў Смаленскім павеце сеюць досіць многа ячменю, але і там аўса ўсёж больш). Другая адзнака ад Віцебшчыны, гэта тое, што ў Смаленшчыне шмат садзяць бульбы. Урэшце ў паўднёвых паветах, асабліва-ж у Ельнінскім і Дарагабужскім сеяць шмат канапель.
У полі. Аратыя ў Смаленшчыне.
Агародніцтва і садаўніцтва ў краіне мала разьвіта. У сялян садоў блізка што саўсім няма.
Добра стаіць у Смаленшчыне малочная гаспадарка. Істнуе шмат маслабойных заводаў і сыраварняў.
Хлеба свайго Смаленшчыне звычайна хватае. Нягледзячы на гэта, значная частка люднасьці адыходзіць на старану, на зарабаткі: — найбольш у вялікія расейскія гарады, але так сама на будову чыгунак, шосаў, на хвабрыкі. Так сама шмат высяляецца ў Сыбір. I, што ўсяго дзіўней, вельмі многа ў Сыбір выяжджаюць як раз з рэдканаселенага Бельскага павету, ў якім зямлі сваёй здавалася-б хапае даволі.
У эканамічным жыцьці заходніх паветаў Смаленшчыны важную ролю йграюць вадзяныя шляхі, якіх тут ёсьць паддастаткам. У паўднёвай частцы краіны праходзіць шмат чыгунак.
Сярэдзіна-ж і паўночны ўсход краіны ня маюць добрых шляхоў. Гандаль у Смаленшчыне стаіць горай чым у іншых краінах Беларусі. Адбываецца ён найбольш на кірмашах, якія зьбіраюцца ў гарадох і большых сёлах — па некалькі раз у год. Мястэчак, якія вядуць сталы абмен і разьдзел тавараў, у Смаленшчыне (апрача некалькіх мястэчак Вяліжскага павету) няма. Гэта вельмі перашкаджае эканамічнаму разьвіцьцю краіны. Адсутнасьць мястэчак, гэтых маленькіх культурных цэнтраў, якімі густа засеена ўся Беларусь, шкодзіць і культурнаму стану краіны.
Смаленшчына на пачатках беларускай гісторыі была заселена крывічамі і стварыла моцнае незалежнае княжства. Калі-ж Вялікія Князі Літоўскія пачалі зьбіраць пад сваёй ўладай Беларусь, Смаленшчына так сама апынулася пад уладаю Літвы. У часе вялікай барацьбы Літвы-Беларусі з Масквою, Смаленшчына заўсёды была арэнаю гэтай барацьбы, мейсцам найгарачэйшых бітваў. Смаленск, як мы ўжо казалі, замыкаў Смаленскую Браму.
Затым-жа мэтаю маскоўцаў заўсёды было заўладаць Смаленскам. Гэта-ж самая прычына прымушала нашых продкаў за ўсякую цану бараніць Смаленску і Смаленшчыны. Праз цэлы XVI век была Смаленшчына пад уладаю Масквы. Маскоўцы, хочачы мацней прывязаць край да сябе, высылалі з Смаленшчыны шмат беларусоў у Маскоўшчыну, а на іх мейсца насылалі ў край маскоўцаў. Аднак на пачатку ХVІІ в. Смаленшчына йзноў на 50 гадоў аб‘ядналася з рэштай Беларусі. За гэты час туды перабралася шмат дробнай і буйнай беларускай шляхты з Захаду, якая асела па ўсёй Смаленшчыне і засталася там да апошніх часоў, хаця цяпер ужо абмасковілася. У 1667 гаду Смаленшчына йзноў адыйшла да Расеі.
Дзякуючы даўгому супольнаму жыцьцю з Маскоўшчынай, у Смаленшчыне пазаводзілася шмат парадкаў маскоўскіх, як добрых (напр. земствы), так і благіх. Мова Смаленскіх беларусоў значна абмасковілася, а у ўсходніх паветах ёсьць мяйсцамі маскоўская люднасьць. Тут, як гэта заўсёды бывае на паграніччах, беларусы жывуць перамяшаўшыся з маскоўцамі, але ўсюдых значная большасьць беларусоў. За тое троху беларусоў, перамяшаўшыся з маскоўцамі, жыве і на ўсход ад беларускай мяжы — у Вяземскім павеце, пераховуючы сваю мову і звычаі.
У паўночнай Смаленшчыне беларусы ужываюць „цокаючай“ гаворкі (гавараць як мазуры) — цяго, цалавек і г. д.)
Даўгая барацьба, якая йшла на землях Смаленшчыны яшчэ і з другога боку адбілася на жыцьці гэтай краіны. Ею трэба тлумачыць бязьлюднасьць усходніх паветаў краіны, на якіх барацьба заўсёды адбівалася наймацней. На Окаўскім лесе шмат дзе сярод лясной нетры можна знайсьці калодзіж, руіны даўнейшых будынкаў і г. д. Даўней стаялі тут вёскі, народ жыў гусьцей. I мяйсцовае апавяданьне пацьвярджае гэта, кажа, што ў часе вайны людзі ўцякалі ў больш бяспечныя мейсцы, сяліліся там, а іхныя сялібы зарасталі лесам. Такія мейсцы называюцца пустошамі.
Важнейшыя мяйсцовасьці.
Смаленск стаіць на высокім, зрэзаным ярамі, левым беразе Дняпра. Калі ён быў заложаны, нямаведама; залажылі яго, барджэй усяго, палачане. Ад самага пачатку сваёй гісторыі быў Смаленск бойкім гандлёвым пунктам. Як раз у ім крыжаваліся дзьве важнейшых дарогі ўсходу Эўропы: — адна з Варагаў да Візантыі і другая з усходу, — (з краю баўгараў і хазараў) з-за Волгі — да Нямеччыны. Смаленск тады таргаваў з Рыгаю, востр. Готляндам і г. д., быў багатым і культурным местам, меў добрыя школы і такіх высокаасьвечаных людзей, як архірэй Клімэнт Смаляціч, альбо сьв. Аўрамі Смаленскі.
Наўгародзкія і Кіеўскія князі ўвесь час прэтэндавалі на Смаленск: Хаця ўрэшце ім і ўдалося падчыніць яго сабе, аднак не вялікае было іхнае значэньне ў Смаленску. Смаленск упраўляўся сваім вечам, а князём мусіць навет небяспечна жыць было ў месьце, бо мусілі будавацца на отшыбе, за местам, над р. Сьмядыньню.
Умеў пад той час Смаленск і бараніцца ад ворагаў. Захавалася ў ім напалову лягендарнае апавяданьне аб Сьв. Мяркурыю, які са жменяю смалян кінуўся на аграмадныя татарскія горцы, што падыйшлі былі к Смаленску, разьбіў іх, і адагнаў ад Смаленску, але заплаціў за гэта сваім жыцьцём.
Калі большая частка Беларусі адыйшла пад Літву, Смаленск зрабіўся быў цэнтрам барацьбы за незалежнасьць Беларусі. Смаленск літоўскім князём прыйшлося здабываць сілаю. Аднак, і пад Літвою будучы, трымаўся Смаленск вельмі незалежна і перахаваў найбольш вольнасьцей за ўсе іншыя гарады Беларускія.
Пад Літвою жылося Смаленску вельмі добра. Ніколі недаходзіў такога росквіту яго гандаль, як пад Літвою, ніколі гэтак не багацела смаленская люднасьць.
Але ня доўга цягнуўся гэты час дабрабыту. Узмацнеўшая Масква пачала нападаць на землі Смаленскія і заяўляць пратэнсыі да самога Смаленску. Каб адбараніць места быў тады, — у XV веку, пабудаваны земляны замак. Моцны быў гэты замак, але ня вытрымаў напору маскоўскага: у 1514 гаду ўзяў Смаленск Васіль III. Быў Смаленск пад Масквою аж да 1611 году. Маскоўцы ў часы Барыса Гадунова пабудавалі вакол места аграмадную сьцяну, — шырынёю ў 1 сажань, вышынёю ў 2 сажані, а даўжыні 7 вёрст. Сьцяна гэтая перахавалася да нашых часоў.
Трудна было адабраць Смаленск ад Масквы. Войскі літоўска-польскія дваццаць месяцаў стаялі пад ім, пакуль узялі.
Ізноў аджыў Смаленск, злучаны з рэштаю Беларусі. За 40 якіх гадоў яго было не пазнаць. Ен моцна вырас, пабагацеў, а глаўнае, зрабіўся чыста эўрапейскім местам. У ім было ўведзена магдэбургскае права, шмат наехала і пасялілася люднасьці з заходніх краінаў Беларусі. Побач с праваслаўнымі цэрквамі пазакладаліся і каталіцкія касьцёлы ды манастыры. Але ў 1654 гаду Смаленск ізноў адабралі Маскоўцы і зараз-жа скасавалі ўсе парадкі беларускія, а завялі Маскоўскія. Шмат беларускай люднасьці вывязьлі з Смаленску, а на яе мейсца пачалі сяліцца маскоўцы.
У 1812 гаду Смаленск моцна пацярпеў ад французаў.
Смаленск цяпер адзін з найпякнейшых і найцікавейшых гарадоў Беларусі. Места гэта перахавала гэталькі памятак слаўнай беларускай мінуўшчыны, як можа ніякае другое. Праўда, большаю часьцю, яны ляжаць у руінах. Але гэтыя руіны павінны быць бязьмерна мілымі і дарагімі кожнаму беларусу. З пад Маскоўскага налёту, асеўшага на Смаленску, яны найвыразьней гавораць аб тым, што тут беларуская зямля была, ёсьць і будзе.
З уцалеўшых старасьвецкіх будынкаў трэба ўспомніць перад усім Сьвірскую царкву, пабудаваную ў XII веку. Знаходзіцца яна на прадмесьці, дзе некалісь быў княжы замак; перахавалася гэтая царква да нашых часоў ува ўсёй сваёй пекнаце. Есьць у ёй надзвычайна цікавы абраз Прачыстай беларускага рысунку. На яго адваротнай старане знаходзіцца беларускі надпіс, якога дагэтуль яшчэ ніхто ня змог прачытаць. За Дняпром стаіць яшчэ старэйшая Петра-Паўлаўская царква, якую, праўда, пазьней перараблялі.
У старай цэркаўцы Спаса знаходзіцца вельмі стары цудоўны абраз Прачыстай — Уміленьня, а ў надзвычайна пекным саборы, які высіцца на гарэ над горадам і Дняпром, знаходзіцца слаўны абраз Прачыстай Одігітрыя.
Сьцены Смаленскія надаюць гораду шмат хараства; на іх перахавялася яшчэ шмат вежаў. З вежы, якая называецца „Весялухаю“, адкрываецца цудоўны від на места і яго ваколіцы.
З гандлёвага і прамысловага боку Смаленск не вызначаецца. Абслужуе ён толькі бліжэйшыя паветы сваёй краіны. Хвабрыкі яго невялікія — некалькі аляярняў, табачаная хвабрыка, гарбарня, бровар. Моцна аджыўляюць яго чыгункі, якія з Смаленску разыходзяцца ў 5-х кірунках. На Дняпры ёсьць значная прыстань.
Праз сам Смаленск і праз іншыя станцыі ў яго павеце, вывозіцца шмат лясных матар‘ялаў, дроў, а так сама і хлебных грузоў. Гэта апошняе ўжо паказуе, што гаспадарка ў павеце стаіць ня кепска. Грунты павету найбольш — суглінкі і народ жыве досіць густа. Сеяць шмат аўса, ячменю, бульбы і лёну. На захадзе павету знаходзяцца вялікія маслабойні і сыраварныя заводы ў Катыні і Ванлярове. Промыслы ў павеце слаба разьвіты, на старану адыходзяць мала, займаюцца найбольш гаспадаркаю. Па нацыянальнасьці — больш 90% беларусы.
Мяйсцовасьць у павеце мае моцна ўзгоркаваты выгляд. Вышыня Смаленскага узгор‘я даходзіць тут 140 сажняў. У павеце ёсьць шмат мяйсцовасьцяў з памяткамі мінуўшчыны, руінамі, гарадзішчамі і г. д.
Парэчча — невялікі гарадок, з 6 тыс. люднасьці, ляжыць на судаходнай р. Касплі. Гэта адзін з нямногіх надрэчных гарадоў беларускіх, які перахаваў сваё старадаўняе гандлёвае значэньне. Як і ў пракаветныя часы, цягнуцца да яго з усяе блізка Смаленшчыны абозы з пянькою, лёнам, хлебам; Парэцкія купцы раз‘яжджаюць па краю, скупляючы прадукты гаспадаркі. Усё гэта звозіцца ў Парэчча, а там стаяць старыя сьвірны, дзе гэта ўсё складаецца, пакуль можна будзе яго ўпакаваць на баркі і адправіць да Рыгі ды ў заморскія краі.
Таргуе Парэчча пянькаю, хлебам, салам, скурамі і лёнам.
Рака Каспля выцякае з досіць значнага возера Касплінскага, якое ляжыць на паўдні павету, недалёка ад Дняпра. Лічаць, што як раз тут знаходзіўся галоўны волак на вадзяным шляху з Варагаў да Грэкаў, бо апошні мусіў ісьці з Дняпра на Касплінскае возера, далей па р. Касплі, перасякау Дзьвіну і падымаўся ўверх па р. Усьвяту да новага волака, перайшоўшы цераз які трапляў у р. Ловаць.
Сярэдзіна і поўдзень Парэцкага пав. пакрытыя найбольш лёгкімі супяшчанымі грунтамі, з‘яўляюцца лясістым краем; гаспадарка стаіць тут аднак ня кепска. З ярыны сеюць найбольш аўса, лёну і бульбы. У павеце шмат сыраварняў. З промыслаў тут разьвіты лясныя: па рубцы і сплаву леса і асабліва рыбалоўства ў р. Касплі і яе прытоках.
Калі паўднёвая частка павету лясістая, дык паўночная з‘яўляецца аднэй суцэльнай пушчай, якую перарываюць толькі дзе-ня-дзе вазёры (з іх найбольшае воз. Шчучае) і балотныя імшары, як напрыклад вялізны Жакоўскі Мох, што займае каля 150 кв. вёрст абшару. Усю гэтую частку павету пакрываюць бедныя падзолы. Люднасьць тут рэдкая, займаецца апроч гаспадаркі ляснымі промысламі, рыбалоўствам і г. д. Гэтую частку павету абвадняе другі вялікі прыток Дзьвіны Мяжа. Над ёю сярод безканечных пушчаў і балотаў, стаіць старэнькі манастыр — Ордынская Пустынь. Безканечныя пушчы цягнуцца адгэтуль і на ўсход — у Бельскім павеце і на захад — у Валіжскім пав.
Усход і поўнач Вяліжскага пав., а так сама і сумежная беларуская частка Тарапецкага, так сама з‘яўляюцца блізка адным лесам. Так сама і тут найбольшаю частку паверхні займаюць падзолы і толькі ўздоўж левага берагу Дзьвіны ляжаць пяшчаныя і супяшчаныя грунты. У гэтакай глухой мяйсцовасьці, на значным узгорку, над Дзьвіною, ляжыць досіць значны горад Вяліж, з 17 тыс. люднасьці. Горад гэта стары, а даўней, як кажуць, быў вельмі вялікі (затым і Вяліжам называецца) і багаты. Так сама, як і Парэчча, аддалены ад зялезнае дарогі, вядзе ён, як і вёў спрадвеку жывы гандаль па рацэ з Рыгаю. Сплаўляе ён туды па Дзьвіне найбольш лес і лён, а навет і хлеб. Шмат люднасьці ў ім і наагул у павеце займаецца сплавам і наагул ляснымі промысламі. Вяліжане славяцца і як добрыя це́сьлі: па Дзьвіне шмат ходзіць, імі будаваных, барак.
Наагул у Вяліжскім павеце промыслы моцна разьвіты, чым ён рэзка выдзяляецца з усёй Віцебскай губэрні, да якой афіцыяльна адносіцца. На поўнач Вяліжскага пав., каля в. Панькава ёсьць серністая крыніца.
На захадзе Вяліжскага пав. лясы радзеюць, грунты ляжаць багацейшыя, — найбольш суглінкі. Тут як раз цячэ р. Усьвят, праз каторую, як мы ўжо казалі, йшоў даўней вялікі вадзяны шлях. Выплывае гэтая рака з возера Усьвят, і тут над ім, недалёка ад пачатку р. Ловаці, стаіць вельмі старое мястэчка Усьвят, адзін з старэйшых полацкіх гарадоў. Цяпер гэта досіць бойкае гандлёвае і прамысловае мястэчка, з 4 тыс. люднасьці. У ім моцна разьвіта гарбарства — ёсьць 8 гарбарняў. Гандлюе Усьвят найбольш з Рыгаю, сплаўляючы туды скуры і хлеб.
Гаспадарка Вяліжскага павету вызначаецца вялікімі засевамі аўса, лёну і бульбы.
У паўднёвай, беларускай частцы сумежнага Тарапецкага пав., сярод вялікіх, мокрых лясных абшараў, ляжаць вялікія вазёры — воз. Дзьвіньне, (50 кв. вёр.) воз. Жыжыца і шмат меншых. На ўсход ад гэтых вазёраў мяйсцовасьць вышэе, робіцца ўзгоркаватаю (тут пачынаюцца г. зв. „Вераб‘ёвыя горы“), гусьцей залюднёнаю. Па ўсходняй і паўднёвай мяжы павету цячэ Дзьвіна. Берагі яе тут скалістыя (каля в. Веражуня ёсьць скала вышынёю да 60 сажняў), пакрытыя лесам. Прырода і гаспадарка тут маюць шмат супольнага з прыродай і гаспадаркаю Вяліжскага пав. Моцна разьвіты лясныя промыслы.
Духаўшчынскі пав. па ўстройству сваёй паверхні з‘яўляецца пераходным. Тым часам, як яго заходняя частка ёсьць марэнным краем, а мяўсцамі мае навет гарысты выгляд, з грунтамі сугліністымі і супяшчанымі, моцна камястымі, ўсходняя ўжо ляжыць на Окаўскім Лесе. Тут ляжаць лёссавідныя суглінкі, мяйсцовасьць высокая і роўная. Паўночны-ж куток павету, уціснуты паміж Парэцкім і Бельскім паветамі, нічым ад іх не адзначаецца: — тыя-ж лясы, балоты і вазёры.
Паветавы горад Духаўшчына ляжыць далёка ад чыгункі, мае каля 3 тыс. люднасьці і вядзе дробны гандаль. Далёка цікавейшым за яго з‘яўляецца с. Ярцаў-Перавоз, дзе знаходзіцца ўспамінаная ўжо, аграмадная прадзільная і ткацкая хвабрыка бр. Хлудовых, з 4 тыс. работнікаў. Пры хвабрыцы вырас цэлы гарадок, досіць добра ўстроены. Там-жа праходзіць Маскоўска-Берасьцейская чыгунка.
Апрача гэтай хвабрыкі ў павеце прамысловасьць няразьвіта. Есьць некалькі пільняў, бравароў, адна гарбарня, паравы млын. Ярцаўская хвабрыка стаіць саўсім адзінока.
Люднасьць у павеце жыве гусьцей, чым у суседніх, апрача Смаленскага. З промыслаў разьвіта гарбарства, выраб кашоў, бёрдаў. Недалёка ад Духаўшчыны, пры в. Зімніцы, у пекнай гарыстай мяйсцовасьці, знаходзіцца серна-зялезная крыніца.
З трох паветаў, што ляжаць на Окаўскім лесе, найгусьцей залюднёны Ельнінскі. Ня глядзячы на сваё вельмі паднятае палажэньне (Ельнінскі вузел да 150 саж.), мае ён паверхню роўную. Пакрыты ён найбольш лёссавіднымі суглінкамі, а ў далінах большых рэкаў ляжаць супяскі. У няглыбокіх западзінах ляжаць тут на версе ўзгор‘я досіць значныя тарфяныя імшары, із якіх пачынаюцца р. Дзясна, р. Угра і інш.
У гаспадарках Ельнінскага пав. шмат сеюць бульбы і лёну. Але побач з лёнам тут ужо сеюць шмат і канапель на паўдня ад Ельнінскага пав. ляжаць чыста канапляныя раіоны — Радань і Лесастэп. З промыслаў тут разьвіты лясныя і зьвязаныя з імі: выраб павозак, саней, бандарка. У некаторых вёсках разьвіта гарбарства. Урэшце шмат народу адыходзіць на зарабаткі на старану: — глаўным чынам, працуюць пры будове чыгунак. Прамысловасьць хвабрычная разьвіта слаба. Як і ўва ўсёй Смаленшчыне, — стаяць тут пільні, крыху бравароў, млыны.
Ельня — маленькі (мае 2 тыс. люднасьці) гарадок, заўсёды быў Смаленскім прыгарадам і дзяліў яго долю. Істнаваў ён яшчэ ў XII веку. Эканамічнае значэньне яго малое.
На паўдня ад Ельні, над р. Дзясною, сярод лясоў ляжыць сяло Наваспаскае, дзе радзіўся і жыў гэніяльны кампазытар Міхайла Глінка. Усю сваю моладасьць заслухаваўся ён тут на Бацькаўшчыне ельнінскімі беларускімі песьнямі, а пасьля іхныя матывы ўвёў у свае творы. Зьмест гэтых твораў, праўда, прасякнуты маскоўскім патрыятызмам. Але ў музычных творах глаўнае — музыка і яна там часта беларуская.
Сумежны з Ельнінскім Дарагабужскі павет, крыху больш за яго лясісты і радзей заселены. Верхні Дняпро рэжа павет на дзьве часьці. Шырокая даліна Дняпра пакрыта тут супяскамі, пяскамі і наноснымі грунтамі. Рэшта-ж павету ляжыць на лёссавідных суглінках. Як раз на гэтых грунтох на поўначы павету знаходзіцца Бацішчаўская сельска-гаспадарская пробная станцыя (каля в. Бацішчава), найбольшая і найслаўнейшая з усіх такіх установаў у Беларусі. Залажыў яе гаспадар Бацішчаўскага двара, праф. Энгельгардт, у 70-х гадох мінулага веку. На жаль станцыя гэта, лежачы на самай блізка мяжы Беларусі, ня можа абслужаваць яе ўсяе і мае значэньне толькі для Смаленшчыны і то глаўным чынам, усходняй.
У гаспадарках павету найбольш сеюць аўса, лёну і бульбы і апроч таго шмат сеюць канапель. У павеце разьвіта сыраварэньне. З промыслаў разьвіта найбольш бандарка, гарбарства, выраб саней, кашоў, бёрдаў, гонка дзёгцю і г. д. Шмат народу адыходзіць на зарабаткі на старану (каменяры, цесьлі і інш.). Хвабрычная прамысловасьць слаба разьвіта.
Над Дняпром стаіць стары ды пекны горад Дарагабуж. Праз увесь час сваей гісторыі быў гэты, найбліжэйшы да Масквы, беларускі горад, як бы перадавым фортам Смаленску, а значыць і ўсёй Беларусі. Гэтую сваю ролю спаўняў ён праз увесь час верна і шчыра, аж пакуль такі сіла не ўзяла верх. Аднак, невясёлыя для беларуса ўспаміны вяжуцца з Дарагабужам: — два разы тут маскоўцы моцна разьбілі беларуска-літоўскае войска. Як успамін мінуўшчыны засталіся ў Дарагабужы валы замку.
Люднасьці цяпер у Дарагабужы каля 7 тыс. Гандлюе места найбольш пянькаю і хлебам.
У Дарагабужскім пав., каля в. Быкавай ёсьць серністая крыніца.
Аб прыродзе Бельскага пав. ня раз ужо намі гаворана. Мусім цяпер яшчэ адзначыць, што ў той час, як уся паўднёвая, ўсходняя і навет паўночныя часткі павету ляжаць на Окаўскім лесе, на лёссавідных суглінках, заходняя частка павету — сумежная з Парэцкім пав., пакрыта найбольш падзоламі і супяскамі і ёсьць як-бы пераходам да Марэннага краю. Тут спатыкаюцца ўжо вазёры і асабліва шмат балотаў—імшараў; з апошніх найбольшае Сьвіцкі мох.
Бельскі павет увесь пакрыты лясамі і балотамі. Гэта найбольш лясісты павет у Беларусі. Лясы тут найбольш бярозавыя з до́мешкай асіны, елкі і г. д. Люднасьць жыве рэдка. Надзвычайна важнае значэньне для яе маюць лясныя промыслы: — рубка і сплаў лесу, якія тут моцна разьвіты. Хвабрычная прамысловасьць разьвіта слаба. Апроч некалькіх пільняў і млыноў ёсьць досіць значная і добра пастаўленая шкляная гута ў с. Навасельску (на поўначы пав.). Адыход на старану, на зарабаткі, разьвіты мала. За тое шмат перасяляецца адгэтул у Сыбір, на Амур і ў Закаўказье.
Зялезная дарога йдзець толькі праз паўночны край гэтага вялікага па абшару павету. Глаўным-жа шляхом комунікацыі з‘яўляецца значная судаходная р. Мяжа з сваім, так сама значным, прытокам р. Вобшаю. Над гэтай апошняй ракою стаіць горад Белы. Пабудован ён мусіць каля XIV веку і належаў да Смаленску. Цяпер гэта невялікі гарадок, з 7 тыс. люднасьці. Жывець ён найбольш ад рэчнага гандлю: — гандлюе з Рыгаю аўсом, пянькою і лесам. Недалёка ад гораду здабываюць вапну.
З іншых мяйсцовасьцяў Бельскага пав. трэба ўспомніць пра в. Клёцавую, што ляжыць пры самай блізка мяжы Беларусі. Каля яе пачынаецца вялікая беларуская рака — Дняпро.
На поўначы павету ляжыць с. Тацева, дзе вучыў даўгі час у пачатковай школе вядомы пэдагог, прафэсар С. Рачынскі.
Беларусы жывуць і на поўнач ад Бельскага пав., ў паўднёвых частках Ржэўскага і Асташкаўскага паветаў Цьверскай губ. Тут беларуская мяжа даходзіць да р. Волгі і некалькі дзесяткаў вёрст ідзець уздоўж яе берагу.
Праз гэтыя абшары цячэ прыток р. Волгі — р. Малады Туд; ад яго і тамашніх беларусоў называюць Тудаўлянамі.
З прыроднага і гаспадарскага боку гэтыя абшары падобныя да сумежнага Бельскага павету. Аднак яны менш лясістыя і маюць гусьцейшую люднасьць, чым у Бельскім павеце.
На захадзе гэтых абшараў цячэ, сярод высокіх скалаў і дубавых лясоў, верхняя р. Дзьвіна. Берагі яе тут маюць шмат мінэральнага багацьця. У некалькі мяйсцох цякуць серна-зялезныя крыніцы, сярод скалаў знаходзяць дарагія каменьні: халцедон, сердолік, горны крышталь. Урэшце каля в. Адрыянопалю, над Дзьвіною, знайшлі ў пачатку XIX веку навет золата. Праўда, аказалася яго там мала.
Далей на ўсход, паміж Дзьвіною і Жукопаю (прыток Волгі) цягнуцца лясы і балоты, якімі тут пакрыты Волжска-Дзьвінскі вададзел. Лясы гэтыя вельмі багаты дзічынаю. Мяйсцовасьць мае гарысты выгляд.
Яшчэ далей, на паўднёвы ўсход, мяйсцовасьць робіцца раўнейшаю, лясы радзеюць і пачынаюцца абшары земляробскія. Тут як раз знаходзіцца значнае сяло Малады Туд, над рэчкай таго-ж іменьня — з 500 чал. люднасьці. Гэта вельмі старая мясьціна. У XIV веку беларуска-літоўскае войска пабудавала тут абаронны замак; руіны яго відны яшчэ і дагэтуль. Цяпер м. Туд вядома, як гандлёвы пункт: тут зьбіраецца аж 6 кірмашоў у год. У в. Акоўцах ёсьць царква з цудоўным абразам і „Сьвятою“ серністаю крыніцаю. Сюды зыходзіцца шмат багамольцаў.
Ржэва — стары (успамінаецца ў XI в.) горад над Волгаю. Вядзе значны гандаль лёнам і пянькою.