Перайсці да зместу

Географія Беларусі (1919)/Паасобныя краіны Беларусі/XI

З пляцоўкі Вікікрыніцы
X. Верхне-Бярэзінская краіна XI. Мсьціслаўшчына
Падручнік
Аўтар: Аркадзь Смоліч
1919 год
XII. Аршанская краіна

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




XI. Мсьціслаўшчына.

На паўночны захад ад верхняга і сярэдняга Сожа мяйсцовасьць значна вышэе, робіцца фалістаю. З Раданскай лясістай раўніны мы падымаемся на Дняпроўскае ўзгорь‘е, густа засе́ленае і малалеснае. Мсьціслаўшчынаю мы называем землі, ляжачыя на Дняпроўскім ўзгор‘і, на ўсход ад Дняпра, а значыць паветы: Гарэцкі, Мсьціслаўскі, Чавускі, Магілеўскай губэрні і Красенскі павет Смаленскай губ.

Дняпроўскае узгор‘е ў Мсьціслаўшчыне даходзіць высачыні 120 сажняў. Даліны рэк зрэзуюць яго ўва ўсіх напрамках. Дняпро, ня могучы прабіцца цераз сьцяну ўзгор‘я, каб цекці, як яму трэба, на паўдня, даўгі час мусіць цекці на захад, аж пакуль пад Оршаю не прарве каменную сьцяну. Дняпро служыць мяжою Мсьціслаўшчыны з поўначы і захаду.

Блізка што па ўсёй краіне заляглі ўраджайныя суглінкі. Прычынаю іх ураджайнасьці лічаць тое, што пад грунтамі ляжаць слаі маргелю. Толькі каля большых рэк цягнуцца шырокія паясы пяскоў. Сустракаюцца так сама і супяскі. Урэшце каля Мсьціславу ёсьць досіць вялікі востраў лёссу, на якім ляжаць шэрыя суглінкі. Гэта самы паўночны востраў лёссу на Беларусі.

Балотаў сустракаецца мала і займаюць яны невялікія прасторы. Так сама блізка няма і вазёраў.

З мінэральных багацьцяў, якія мае краіна, трэба адзначыць перад усім гліны, якія ў некалькі мяйсцох далі мажлівасьць разьвіцца кахельным і ганчарным рамёслам. Здабываюць тут так сама вапну (каля Мсьціслава, Дрыбіна, Чавускага пав.). У Красенскім (каля в. Пацёмкіна) і Гарэцкім пав. знаходзяць охру.

Урэшце ў Мсьціслаўскім павеце (каля в. Вялікай Слабады) і ў Чавускім (каля в. Слабады) ёсьць зялезістыя крыніцы.

У лясох Мсьціслаўшчыны расьце найболып елкі (на захадзе). На ўсходзе краіны, (Мсьціслаўскі пав.), у лясох вельмі многа бярозы. Лясоў тут наагул небагата, — каля 25% агульнага прастору. Займаюць яны, ведама, горшыя грунты, бо лепшыя даўно расьцярэблены і забраты. Найбольш лясісты павет Чавускі, але і там лясоў ня больш 28%.

Клімат Мсьціслаўшчына мае ўжо досіць халодны. Сярэдняя гадавая тэмпература каля + 4,5°. Да таго-ж клімат гэты ўжо зьбліжаецца крыху да кантынентальнага клімату Маскоўшчыны. Некаторыя географы лічаць, навет, што ўжо на ўсход ад Мсьціслаўшчыны клімат мае выразна-контынентальны характар.[1] Опадзі бывае сярэдне каля 500 мілл. ў год. Садам і наагул гаспадарцы тут ужо значна шкодзяць позьнія (у канцы вясны) за́маразкі.

Дзякуючы сваім прыродным асобнасьцям, краіна заселена была вельмі рана. Гісторыя застае тут ужо гарады крывічоў (а на паўдні — радзімічаў), якія былі ў залежнасьці то ад Полацку, то ад Смаленску.

Цяпер краіна заселена досіць густа, — шмат гусьцей, чым усе іншыя краіны навакола. На 1 кв. вярсту выпадае да 60 чал. (у Гарэцкім пав.). Люднасьць уся — чыста беларуская, апрача жыдоў, якіх тут жыве, агулам лічачы, каля 10% (у Красенскім пав. жыдоў няма саўсім).

Вясковая люднасьць займаецца гаспадаркаю. З ярыны сеюць шмат аўса, ячменю і бульбы. У Мсьціслаўскім павеце сеюць вельмі многа грэчкі (на паўдні павету, за Сожам, ляжаць пяскі), а ў Красенскім сеюць шмат лёну. У гэтых-жа двох паветах сеюць шмат канопляў.

Гаспадарка тут, наагул кажучы, стаіць ня вельмі высака. Глаўная прычына гэтага — адсутнасьць шляхоў. Гэтую багатую краіну не пераразае ні адна зялезная дарога, а ні шоса. Усе чатыры паветавыя гарады ляжаць за дзесяткі вёрст ад бліжэйшай станцыі. Вадзяныя шляхі так сама маюць малое значэньне. Дняпро і Сож ідуць па мяжы краіны, а больш значных судаходных рэкаў няма. Няма ў краіне і вялікіх гарадоў. Пры такіх варунках збыт прадуктаў гаспадаркі ня лёгкі, а дзеля таго і гаспадарка стаіць нявысака.

У сялянскіх гаспадарках часта яшчэ аруць сохамі, аб палепшаных машынах ня знаюць, штучных гнаёў ня ўжываюць. Аднак бліжэй да зялезных дарогаў гаспадарка выглядае ляпей. У кожным разе гаспадарка далей на ўсход — яшчэ горшая.

Садоў у краіне шмат. Асабліва ў Красенскім пав. Трапляюцца і вялікія прамысловыя гаро́ды.

Гадоўля скаціны і коней пастаўлена досіць добра. Есьць шмат скаціны палепшанай пароды. У Красенскім павеце разьвіта сыраварэньне.

Хвабрычная прамысловасьць у краіне ня значная. Толькі ў Гарэцкім павеце ёсьць значныя ткацкія хвабрыкі, — у м. Дуброўне, і кахляныя, — у м. Копысі. Есьць яшчэ досіць бравароў.

У заходніх паветах краіны ёсьць шмат мястэчак, у якіх квітнуць рамёслы і йдзе бойка гандаль. У Красенскім пав., як і у ўсёй Смаленшчыне і ў Расеі, мястэчак няма. Гэта вельмі дрэнна адбіваецца на яго эканамічным жыцьці. Гандаль там ідзець найбольш на ярмарках, якія ад часу да часу зьбіраюцца ў большых сёлах.

Важнейшыя мяйсцовасьці.

Мсьціслаў, — адзін са старэйшых беларускіх гарадоў. Успамінаецца аб ім першы раз у XII веку. Быў ён сталіцаю асобнага княжства, пасьля належыў да Смаленскага княжства і ўрэшце апынуўся пад Літвою. У XVI веку яго зрабілі галоўным горадам Мсьціслаўскага ваяводзтва, — самай усходняй з земляў Рэчы Паспалітай. Дзякуючы такому свайму палажэньню, шмат цярпеў Мсьціслаў ад маскоўцаў.

У часы цара Аляксея на Мсьціслаў напаў маскоўскі ваявода Трубецкой, які, ўзяўшы яго, перарэзаў блізка ўсіх людзей. Гэты страшны ўчынак і дагэтуль жыве ў памяці народнай пад імем „Трубяцкой разьні“. Мсьціслаў быў тады досіць вялікім горадам, разы ў тры большым, чым цяпер.

У нашыя часы Мсьціслаў — невялікі правінцыяльны гарадок, — з 10 тыс. люднасьці. Ляжыць ён у вельмі пекнай мяйсцовасьці, зрэзанай ярамі. Гістарычных памятак засталося ня шмат. Засталася высокая, абкружаная глыбокім ровам, Замковая гара. Есьць яшчэ і другая Замковая гара, — Дзявочая гара, дзе ў часы паганскія была пэўне бажніца.

З старых будынкаў ёсьць касьцёл і праваслаўны Тупічаўскі (ў прадмесьці Тупічаве) манастыр, з цудоўным абразом Прачыстае. Манастыр пабудаваны ў XVI веку.

З мястэчак Мсьціслаўскага пав. (а ёсьць іх шмат і ўсе заселены ўбогай жыдоўскай люднасьцю) найцікавейшае Хіславічы. Ляжыць яно над р. Сожам, на мяжы з Рослаўскім пав. Жыхараў у ім каля 5 тыс. Хіславічы вядуць торг хлебам і лёнам, скупляючы іх, глаўным чынам, у суседніх Рослаўскім і Красенскім паветах.

Мсьціслаўскі павет — чыста земляробскі. На паўночным захадзе мае ён грунты сугліністыя, далей на паўдня, — аж да Сожа, йдуць шэрыя суглінкі на лёссе, а за Сожам ляжыць значны кавалак бедных пяшчаных грунтоў. Сяляне сеюць шмат канапель і грэчкі.

У Чавускім павеце ёсьць некалькі вельмі старых мястэчак, як, прыкладам, Радамля, даўней досіць вялікі горад, як лічаць навет, сталіца радзімічаў. Цяпер толькі старое гарадзішча прыпамінае аб мінуўшчыне. Чавусы так сама досіць стары гарадок, з 6 тыс. люднасьці. Вырас ён, як і некаторыя іншыя мястэчкі на ўсходзе Магілеўшчыны, каля каталіцкага манастыра; манастыра гэтага даўно ўжо няма: яго закрылі расейцы ў мінулым веку.

Найбольш жывое мястэчка ў Чавускім павеце — гэта Дрыбін. Люднасьць гэтага мястэчка і яго ваколіцаў досіць прамысловая. Займаецца яна, апроч гаспадаркі, вырабам кахляў, усякімі дзераўлянымі вырабамі, а глаўнае шапавальствам. Дрыбінскія шапавалы слаўны на ўсю ўсходнюю Беларусь. Робленыя імі шапкі магеркі толькі апошнія часы пачала выцясьняць з ужытку хвабрычная тандэта.

Заходняя частка Чавускага павету пакрыта лёгкімі пяшчанымі і супяшчанымі грунтамі, на якіх яшчэ засталося шмат лесу. Рэшта-ж павету мае сугліністую зямлю і чыста земляробскі характар.

Такі-ж характар мае і сумежны з Чавускім Гарэцкі павет. Гаспадарка тут стаіць досіць добра, дзякуючы ўраджайным грунтом і болей выгоднаму збыту: — ў павеце ёсьць шмат вялікіх мястэчак, ды і чыгункі блізка праходзяць. Грунты Гарэцкага павету сугліністыя і толькі ўздоўж Дняпра цягнуцца пяскі.

Горкі (альбо Гарыгоркі) — найбольш слаўныя сваймі школамі. Даўней быў тут вышэйшы агранамічны інстытут, які меў аграмаднае значэньне ў гаспадарскім і культурным жыцьці Беларусі. Сярод прафэсараў яго былі такія наўчоныя, як Людагоўскі, Стэбут і інш., якіх працаю створана расейская агранамічная навука. У 1863 гаду расейцы закрылі Гарыгарэцкі Інстытут і перанеслі яго габінэты ў Пецярбург. А на мейсцы інстытуту адкрылі сярэднюю ўжо агранамічную школу, якая істнуе і дагэтуль. Пры школе істнуе завод гаспадарскіх машынаў, конскі завод, вялікі фруктовы сад і цудоўны парк. Істнуе апроч таго ў Горках каморніцкая школа. — Жыхараў у Горках каля 7 тысячаў.

На захадзе Гарэцкага пав. над Дняпром ляжыць старасьвецкі горад Копысь. Істнаваў ён яшчэ ў XI веку і належаў тады да Полацку. Пасьля яго шмат разоў палілі маскоўцы. Са старасьветчыны тут засталося дагістарычнае яшчэ гарадзішча і вельмі старая (найстарэйшая ўва ўсёй Магілеўшчыне) царква.

Копысь у нашыя часы найбольш славен сваймі кахлянымі заводамі, якіх у ім ёсьць больш дзесятка і на якіх працуе каля 500 работнікаў. Есьць апроч таго пры ім прыстань на Дняпры. Люднасьці мае Копысь каля 4 тысячаў.

Дуброўна, з 8 тыс. люднасьці. Мястэчка гэта асабліва вядома тым, што тут спрадвеку ткуцца жыдоўскія талясы (рэлігійная адзежына). Істнуе некалькі ткацкіх хвабрыкаў, спаміж каторых адна вялікая, з 500 работнікамі. Апроч таго ля мястэчка здабываюць вапну. На Дняпры ёсьць тут бойкая прыстань і вэрф, дзе будуюцца баркі.

Урэшце на мяжы з Красенскім паветам знаходзіцца мяст. Ляды, ў якім каля 8 тыс. люднасьці. Гэта вельмі гандлёвае мястэчка. Таргуе найбольш пянькою і лёнам. Есьць у ім вялікі завод, дзе трэплюць пяньку.

У Красенскім павеце, як мы ўжо казалі, няма мястэчак і няма таго бойкага тарговага элемэнту, які найбольш аджыўляе нашыя мястэчкі, — жыдоў. Дзеля гэтага з гандлёвага боку Красенскі павет цягнецца да мястэчак сумежных паветаў: — Гарэцкага і Мсьціслаўскага.

Красны (альбо, як даўней ён называўся, Красен), невялікі гарадок, істнаваў яшчэ ў XII веку і быў палітычна залежным ад Смаленска. У 1812 гаду адбылася тут вялікая бітва паміж французамі і маскоўцамі. Красны мае каля 3 тыс. люднасьці. Гандлюе найбольш пянькою і хлебам, якія адпраўляе на Парэцкую прыстань (у Смаленшчыне, на р. Касплі). Такі сама гандаль вядзе і найбольшае сяло Красенскага пав. — Дасугава, (750 чал. люднасьці.)

На паўдні Красенскаго пав. ляжыць с. Андрусава, дзе быў у 1667 г. падпісаны мір паміж Маскоўшчынаю і Польшчаю.

Красенскі павет мае грунты супяшчаныя і сугліністыя, вельмі ўраджайныя. У павеце вельмі разьвіта садаўніцтва, з якога тут сяляне маюць добры зыск. Сяляне сеюць шмат лёну і канопляў. Сеюць так сама шмат і канюшыны. Добра тут пастаўлена малочная гаспадарка. У павеце ёсьць некалькі вялікіх сыраварняў і шмат меншых. Хвабрычная прамысловасьць саўсім нязначная. Павет наагул чыста земляробскі.



  1. З гэтым згодзіцца нельга: глядзі клімат Смаленшчыны.