Географія Беларусі (1919)/Паасобныя краіны Беларусі/X
← IX. Радань — (Паўднёвая Магілёўшчына) | X. Верхне-Бярэзінская краіна Падручнік Аўтар: Аркадзь Смоліч 1919 год |
XI. Мсьціслаўшчына → |
X. Верхне-Бярэзінская краіна.
Верхне-Бярэзінская краіна складаецца з паветаў Ігуменьскага і Барысаўскага. Пасярэдзіне яе працякае Бярэзіна са сваімі прытокамі, а ў яе заходняй часьці — Птыч і верхні Нёман, які тут-жа, на захадзе Ігуменьскага пав., і пачынаецца. Мяйсцовасьць у заходняй часьці, асабліва ў Барысаўскім пав., паднятая, гарыстая. Сюды заходзіць частка Менскага ўзгор‘я. На паўночным усходзе Барысаўскага пав., каля Халопеніч, падымаюцца ўзгор‘і Катарсаў. Рэшта-ж краіны, асабліва яе паўднёвая частка і паяс уздоўж р. Бярэзіны, з‘яўляюцца роўнаю нізінаю. Гэтая нізіна пакрыта блізка ўсюдых пяшчанымі грунтамі з хваёвымі барамі на іх; на паўдні Ігуменьскага павету апроч таго знаходзіцца шмат трасніковых балотаў, што надае гэтай мяйсцовасьці палескі характар і робіць яе як-бы працягам Бабруйскага Палесься. Паднятыя часьці краіны маюць грунты найбольш супяшчаныя, часамі досіць ураджайныя, а дзе-ня-дзе трапляюцца і суглінкі.
Значная часьць краіны, каля ⅖ цэлага яе прастору, пакрыта аграмаднымі лясамі; на паўдні краіны спатыкаецца шмат ліставых лясоў, на поўначы ў лясох найбольш хвоі ды елкі. Асабліваю лясістасьцю адзначаецца часьць краіны, што ляжыць на ўсход ад Бярэзіны (Любашанскія пушчы). Краіна мае рэдкае залюдненьне. З гэтага боку яна рэзка выдзяляецца з усіх суседніх краёў, дзе ўсюдых залюдненьне гусьцейшае, і зьбліжаецца да ляжачага на паўдня Палесься.
Гаспадарка аднак стаіць тут досіць высака. Сеюць шмат бульбы і ячменю. Пашыраны лясныя промыслы, а ў Ігуменьскім пав. — хатнія рамёслы, асабліва ўсякія дзераўляныя вырабы. З хвабрык і заводаў найбольш бравароў і пільняў. У розных мяйсцох так сама шмат смалярняў і тэрпэтынных заводаў. Краіна вывозіць лес, а прывозіць хлеб. Сетка чыгунак у краіне рэдкая, шмат мяйсцовасьцяў ляжаць далёка ад чыгунак і гэта перашкаджае іх эканамічнаму разьвіцьцю.
Важнейшыя мяйсцовасьці.
Найбольшы горад краіны — Барысаў, з 20 тыс. люднасьці. Ляжыць ён на левым беразе Бярэзіны, на якой мае параходную прыстань, і пры чыгунцы. Барысаў вядзе досіць жывы гандаль
Краевід у Барысаўшчыне.
Барысаў належыць да старых гарадоў; яго пабудаваў у XII в. полацкі князь Барыс Усеславіч. На востраве сярод Бярэзіны быў даўней замак, якога расейцы абярнулі ў вастрог. Са старых будынкаў ёсьць цікавы касьцёл, пабудаваны у XVII веку. На правым беразе ракі, на ўзгор‘ях высяцца акопы, зробленыя ў часе расейска-францускай вайны 1812 г. Барысаў іграў у часе гэтай вайны значную ролю. Недалека ад яго была нешчасьлівая пераправа цераз Бярэзіну Напаляонавых арміяў.
Вясковая вуліца ў Барысаўскім Палесьсі.
Ніжэй Барысава ёсьць на Бярэзіне прыстань Чарняўка і пры ёй невялікае, але прамысловае мястэчка, вядомае са сваіх ганчарскіх вырабаў. Недалёка ад яго ёсьць зялезныя хвабрыкі Радзівіла, якія працавалі на балотнай рудзе. Цяпер яны нячынныя.
На поўначы Барысаўскага пав., на мяжы яго з Дзісьненскім, знаходзіцца невялікі, глухі гарадок Докшыцы, з 5 тыс. люднасьці. На захад ад Барысава, ў гарыстай і лясістай мяйсцовасьці над р. Гайнаю ляжыць старасьвецкае мястэчка Лагойск. Быў тут даўней вялікі замак, навакола якога былі на цэлую мілю параскіданыя меншыя замкі. Цяпер ад замкаў пазаставаліся толькі руіны, пазарастаўшыя лесам. Лагойскі двор належыў Тышкевічам, адзін з якіх быў наўчоным археолагам; ён шмат папрацаваў над памяткамі мінуўшчыны Беларусі Тышкевічы сабралі цэнны архіў і музэй і залажылі хвабрыкі ткацкую і зялезную. Цяпер Лагойск невялікае мястэчка з досіць разьвітым гандлем. У ваколіцах Лагойску ёсьць некалькі серных і зялезістых крыніцаў, якія ў мінулым веку славіліся сваімі лячэбнымі прыметамі, а цяпер аб іх забыліся.
Барысаўскі павет р. Бярэзінаю дзеліцца на дзьве розныя часьці. На захад ад Бярэзіны — Менскае ўзгор‘е, грунты супяшчаныя і, хаця лясоў шмат, але ўсё-ж менш, чым у ўсходняй часьці, дзе цягнуцца, асабліва уздоўж вярхоўяў Бярэзіны, аграмадныя пушчы, на пяшчаных грунтох. Асабліва бязлюдны палескі характар маюць ваколіцы Бярэзінскага каналу. Праўда і там падымаецца каля Халопеніч узгор‘е Катарсаў, але яно займае невялікі куток. Дзякуючы багацьцю лесам, Барысаўскі павет вывозіць шмат лесу найцаннейшых сартоў (мачтавы лес), а так сама смалы і ськіпідару на Украіну і, па Бярэзінскаму каналу, — ў Рыгу і ў Заход. Эўропу. Павет багаты сенажацямі. Шмат дзе здабываюць зялезную руду. У заходняй часьці, каля Лагойску, шмат вапны. Прамысловасьць у павеце разьвіта слаба.
Ігуменьскі павет ляжыць шырокім пасам, працягнутым ад Нёмна аж за Бярэзіну. Прырода яго на гэтым вялікім прасторы няроўная. Паўночна-заходняя часьць ляжыць на ўраджайнай зямлі, лясоў мае мала, а насяленьне густое. Па ўсім прыметам яна з‘яўляецца натуральным працягам Менскае краіны. Паўднёвая часьць, над Птычом, ляжыць найбольш на пяскох і пакрыта хваёвымі барамі і трасьніковымі балотамі, — такімі самымі, як і ў суседняй Палескай нізіне. Рэшта павету ляжыць напяшчаных і супяшчаных грунтох, мае шмат лясоў, хвойных і ліставых. Гэтыя ліставыя лясы цягнуцца па правым беразе Бярэзіны і над р. Сьвіслачай і складаюцца найбольш з ліпы і дубу. Апрача гаспадаркі люднасьць займаецца ляснымі промысламі, сплавам і хатнімі рамёсламі. Асабліва пашыраны вырабы з дрэва. Так, у раіоні ліставых лясоў шмат сялян заняты драньнём лыка, вырабам рагожаў, палазоў, дугаў, лапцяў, кашоў і іншых вырабаў з ясені, дуба, асіны і ліпы. Шмат дзе займаюцца бандаркаю.
Хвабрычная прамысловасьць у павеце, апрача бравароў і пільняў, разьвіта слаба. Няма так сама і значных гандлёвых пунктаў.
З мястэчак, апроч паветавага места Ігуменя (з 5 тыс. люднасьці), які ляжыць у глухой мяйсцовасьці, сярод аграмадных лясоў і мае вельмі малое эканамічнае значэньне, трэба сказаць аб мястэчку Бярэзыні. Ляжыць яно над р. Бярэзінаю, ў цэнтры аграмаднага палескага раіону. Мае параходную прыстань і вядзе значны гандаль дрэвам і смалою. У ваколіцах ёсьць вапельні. Люднасьці каля 4 тыс. чал.
У заходняй часьці павету ляжыць рад дробных мястэчак, як Узда, Дукора, Пухавічы, Пясэчна і г. д. Кожнае з іх мае
Рака Бэрэзіна на мяжы Барысаўскага і Ігуменьскага пав.
Сярод Ігуменьскіх і Барысаўскіх пушчаў шмат захавалася рэлігійных лягендаў аб асобных мяйсцовасьцях, зьвязаных найбольш з абразамі Прач. Багародзіцы. У такія мейсцы, гэтак званыя прошчы, у пэўныя дні, найбольш у маладзіковыя нядзелі, зьбіраюцца багамольцы з усяе ваколіцы, а часта і здалёку. З такіх прошчаў выдзяляецца Мар‘іна Горка, — на паўдня ад Ігуменя. Была тут даўней мусіць паганская сьвятыня. Лягенда кажа, што нехта ахвяраваўся пабудаваць капліцу, пабачыўшы ў сьне Матку Божую і, выздаравеўшы, пабудаваў. У гэтай капліцы аказаўся цудоўны вобраз, які не гарэў пры пажарах і шмат каго ўздараўляў. З часам гэты вобраз стаў далёка вядомы. Кожную маладзіковую нядзелю атпраўляецца тут служба Божая.
У Мар‘інай Горцы істнуе сельска-гаспадарская школа.
Даўнейшыя тыпы беларусоў Меншчыны.