Перайсці да зместу

Географія Беларусі (1919)/Паасобныя краіны Беларусі/XII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
XI. Мсьціслаўшчына XII. Аршанская краіна
Падручнік
Аўтар: Аркадзь Смоліч
1919 год
XIII. Краіна Задзьвінскіх Узгор‘яў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




VII. Аршанская краіна. — (Паўночная Магілеўшчына).

Тры паветы, якія разьлягліся на захад ад Дняпра, на Дняпроўскім ўзгор‘і і яго спадах— Аршанскі, Сеннінскі і Магілеўскі маюць між сабою шмат супольпага: густата люднасьці, спосабы гаспадаркі, мінуўшчына ўва ўсіх трох вельмі падобная.

Адарваныя Дняпром, заходнія часткі Дняпроўскага Узгор‘я ляжаць у гэтых паветах некалькімі гнёздамі, разьдзеленымі р. Друцьцю і яе прытокамі. Высачыня Дняпроўскага Узгор‘я тут даходзіць 120 сажняў. Узгор‘е стварае мяйсцовасьць моцна фалістую з атхонаватымі спадамі ўзгоркаў і пакрыта найбольш супяскамі. К захаду, ў бок Лепельскага пав., узгор‘е памалу зьніжаецца, пераходзячы ў раўніну, густа засееную вазёрамі ды імховымі балотамі, моцна прыпамінаючы суседнюю Лепельшчыну. На самай заходняй мяжы краіны (з Барысаўскім пав.) падыймаецца значнае горнае гняздо Катарсаў. К усходу ад Воршы, Дняпроўскае Узгор‘е, дайшоўшы найбольшай высачыні (128 саж.), рэзка абрываецца над вялікай пяшчыстай раўнінай, пасярод якой ляжаць Верацейскія Балоты. Далей на ўсход за Верацейскімі балотамі, мяйсцовасьць ізноў вышэе.

На паўдня, ў Магілеўскім пав., узгор‘е, нязначна зьніжаючыся, пераходзіць у Раданскую і Палескую нізіны.

Аршанская краіна багата вадзянымі шляхамі. На ўсходзе яе цячэ Дняпро, па якім тут ужо ходзяць і параходы, а на поўначы - Дзьвіна і яе прытокі, каторыя вельмі блізка падыходзяць к Дняпровым прытокам, дзеля чаго тут у даўныя часы йшло шмат вадзяных шляхоў і волакаў (мяйсцоў, дзе чаўны перацягаваліся з аднэй рэчкі ў другую). Шмат ёсьць тут і азёраў; паміж іх найбольшыя — Лукомскае (22 кв. вяр.), Чарэйскае і Сядява. У азёрах шмат рыбы.

Што да мінэральных багацьцяў краіны, то пры берагох Дняпра і ў некалькіх іншых мяйсцох здабываюць найлепшага гатунку вапну. У Сеннінскім і Аршанскім паветах здабываюць балотную зялезную руду. Краіна багата так сама мінэральнымі крыніцамі, — некаторыя з іх абсьледжаны і апісаны, але шмат есьць такіх, аб якіх ведае толькі мяйсцовая люднасьць, як аб лечачых розныя хваробы. Ды і з апісаных ужо крыніцаў ні адна, як трэба, ня выкарыстана.

Аршанская краіна мае яшчэ досіць многа лясоў. Толькі ў Сеннінскім павеце лясоў засталося менш, але два другія па лясістасьці сярод паветаў Магілеўскай губэрні займаюць першае мейсца. У лясох найбольш елкі, асіны, бярозы У Магілеўскім-жа павеце найбольш хваёвых бароў. Лясныя промыслы маюць у краіне вялікае значэньне, асабліва ў Аршанскім павеце. Лес адгэтуль адпраўляецца ва ўсе бакі і па зялезных і па вадзяных шляхох.

Гаспадарка ў краіне стаіць добра. Народ тутэйшы, спрадвеку заняты толькі гаспадаркаю, каля зямлі хадзіць умее добра. Плугі тут ужо замянілі сохі даўно. Сяляне ўжываюць штучныя гнае, акуратна вырабляюць ральлю. Дзеля таго хлеба тут свайго хватае, а яшчэ шмат і вывозіцца за межы краіны. З ярыны сеюць шмат аўса, ячменю, бульбы. У Аршанскім і Магілеўскім паветах сеюць шмат лёну і канапель. У Сеннінскім павеце сеюць больш чым у іншых пав. ячменю, што тлумачыцца суседзтвам гэтага павету з Полаччынаю; так сама шмат сеюць гароху. У краіне разьвіта садаводзтва і агародніцтва, асабліва пад Магілевам.

У Аршанскім павеце, над Дняпром, шмат ёсьць заліўных сенажацяў. Дзякуючы гэтаму тут дзержаць шмат скаціны.

З промыслаў, апрача лясных, віднае мейсца займае рыбалоўства ў Дняпры і вельмі багатых рыбаю вазёрах Сеннінскага пав.

З хатніх рамёслаў асабліва разьвітыя дзераўляныя вырабы. Прамысловасьць хвабрычная найбольш разьвіта ў Магілеве і Воршы. Шмат ёсьць у краіне пільняў і бравараў, але спатыкаюцца і іншыя хвабрыкі — па вырабу сярнічак, шкляныя гуты, хімічныя заводы, паперні. Есьць яшчэ шмат вялікіх млыноў.

Люднасьць жыве ў краіне ня лішне густа — радзей чым у суседніх Мсьціслаўшчыне і Полацкім Наддзьвіньні, аднак гусьцей чым у Палесьсі. Вёскі яшчэ маюць значную вялічыню, але ужо шмат меншыя, чым на паўдні. Далей на поўнач, у марэнным краю, вёскі саўсім маленькія, з некалькіх хатаў.

Аршанская краіна ёсьць аднэй з найцікавейшых краінаў Беларусі, як з боку сваёй мінуўшчыны, так і цяперашняга ўнутраньняга культурнага жыцьця.

Край сьвятых вазёраў, цудоўных крыніцаў і старэнькіх — старэнькіх мястэчак, край, дзе гісторыя густа разсеіла сьляды свае: — тысячагадовыя каменныя крыжы пры дарогах, старасьвецкія курганы, гарадзішчы, закінутыя ў нетры лясоў. Край, за каторы праз тры вякі білася Масква з Беларуска-Літоўскай Дзяржаваю. Білася дзеля таго, што край гэты ёсьць брамаю да Беларусі і да Маскоўшчыны. Часта яго ўсходнюю частку так і называюць „Смаленская Брама“.

Спрадвечныя могілкі ў цэнтральнай Беларусі.


Спрадвечныя могілкі ў цэнтральнай Беларусі.

Цэнтр Беларусі быў абаронены са стараны Маскоўшчыны: з поўначы Дзьвіною і бязлічнымі вазёрамі Віцебшчыны, з усходу Дняпром, Сожам і Палескімі пушчамі, што пакрывалі берагі гэтых рэкаў. Але паміж Дняпром і Дзьвіною заставалася паласа зямлі без вялікіх рэкаў, і іншых перашкодаў для руху, досіць густа залюднёная, а значыць з расьцярэбленымі лясамі. Спрадвеку сюдою йшлі дарогі з усходу на захад і тут яны крыжаваліся з яшчэ важнейшымі ў даўныя часы дарогамі — з паўдня на поўнач (з Варагаў у Грэкі). Дзеля таго тут ад прадаўных часоў пазакладаліся гарады. Досіць добрыя грунты спрыялі гаспадарцы, а дзеля таго ў краіне была густая і вясковая люднасьць. Зразумела дзеля гэтага, чаму Маскоўскія войскі, нападаючы на Беларусь, кідаліся наўпярод у гэтую „Смаленскую Браму.“

Паяс між Дняпром і Дзьвіною крыху толькі шырэйшы за 100 вёрстаў. Але ў ім, як раз пасярод яго, ляжаць вялікія Верацейскія Балоты. Дзеля гэтага Смаленская брама робіцца саўсім вузкою. Дарогі з усходу на захад мусяць ісьці праз вузкі калідор паміж Дняпром і Верацейскімі балотамі.

Каб заўладаць Смаленскаю Брамаю і непрапусьціць праз калідор ворага і Маскоўшчына і Літва будавалі крэпасьці. — Смаленск замыкаў Браму з — усходу, а Ворша з — захаду.


Важнейшыя мяйсцовасьці.

Ворша. На крыжаваньні дзьвёх чыгунак праразаючых краіну, на высокіх берагох Дняпра, недалёка ад того мейсца, дзе ён павяртае на паўдня і дзе на ім ёсьць Кабеляцкія Парогі, раськінулася Ворша. Гэта надта стары горад; ўспамінаюць аб ім летапісы ў XI веку, але пэўне быў ён яшчэ і ў дагістарычныя часы. У часах літоўскіх была Ворша значнай крэпасьцю, якая закрывала Смаленскую Браму. Тут-жа адбываліся зборы беларуска-літоўскага і польскага войска перад паходамі на Маскву. У 1564 г. пад Воршаю Маскоўцы былі моцна разьбіты беларуска-літоўскім войскам. За тое маскоўцы ў тым-жа сталецьці некалькі разоў нападалі на Воршу, палілі і рабавалі яе. У XVII веку тут пазакладана было шмат манастыроў. З іх да нашага часу дажылі толькі 2 праваслаўныя Кутэінскія (над рэчкаю Кутэінкаю) манастыры. Усе-ж каталіцкія манастыры маскоўскі ўрад скасаваў.

З правядзеньнем чыгунак места стала моцна расьці. Узрасла і прамысловасьць. Цяпер у Воршы ёсьць некалькі дзесяткаў заводаў. З іх найбольшы драцяна-цьвяковы завод, а так сама хімічны завод; абодвы маюць па 200—300 работнікаў.

Ворша мае адну з найбольшых дняпроўскіх прыстаняў, з якой адпраўляецца шмат хлебных і лясных грузаў. З Воршы па Дняпру ўніз ходзяць параходы.

Надзвычайна дагоднае географічнае палажэньне абяцае Воршы важную будучыну. Цяпер-жа яна выглядае досіць бедна. Люднасьці ў Воршы — каля 25 тыс.

Частка Аршанскага павету, што ляжыць на ўсход ад Верацейскіх балотаў, мае ў сабе шмат падобнасьці да суседняй Смаленшчыны. З тамашніх мястэчак можна адзначыць Ліозну, Любавічы, Рудню і Бабінавічы. Мястэчкі гэтыя досіць бойка таргуюць лесам і лёнам, а часткаю і хлебам. Пры станцыях праходзячай тут Рыга-Арлоўскай чыгункі, ёсьць значныя хвабрыкі, абрабатуючыя лён, напрыклад у Крынках — лёна-прадзільная хвабрыка, з 300 работнікамі). Стары горад Бабінавічы, стаіць у глухой лясістай мяйсцовасьці, над р. Лучосаю і гандлюе лесам. Жыхараў у ім усяго каля 2 тыс.

На захадзе Аршанскага пав. ёсьць некалькі мястэчак, ляжачых у багатай мяйсцовасьці з ураджайнай зямлёю. Дзеля таго яны найбольш таргуюць хлебам: — скупляюць яго і вывозяць праз станцыі праходзячай тут Маскоўска-Берасьцейскай чыгункі. Спаміж такіх мястэчак можна адзначыць Коханава (ляжыць пры чыгункавай станцыі), Смальяны, Абольцы і інш.

Магілеў. На спадах Дняпроўскага ўзгор‘я, на мяжы яго з Палескай і Раданскай нізінамі ляжыць адзін са значнейшых беларускіх гарадоў — Магілеў. Займае ён высокі, ўзгоркаваты правы бераг Дняпра. А за Дняпром знаходзіцца яго прадмесьце — Лупалава.

Калі заложаны Магілеў — вестак у гісторыі няма. Адно толькі вядома, што людзі тут жылі яшчэ ў самую далёкую дагістарычную эпоху. Імя сваё Магілеў нібы дастаў ад іменьня разбойніка Магілы, які жыў у лясной нетры над Дняпром. Гэта, праўда, толькі лягенда. Спачатку Магілеў належыў Віцебскім князём.

Найбольш разросься і разбагацеў горад у XVI ды ХVІІ вякох. Каралі, хочучы забяспечыць сабе вернасьць магілеўцаў, на далі гораду шмат усякіх прывілеяў. Магілеў вёў тады шырокі гандаль з Рыгаю, Масквою, Украінаю, а так сама і з нямецкімі гарадамі. — Лейпцыгам, Кёнігсбэргам, Данцыгам і г. д.

Хоць шмат шкоды прыносілі Магілеву маскоўскія напады таго часу, але горад далей рос і багацеў. Найбольш шкоды прынясла Магілеву вайна швэдская, калі яго займалі, то швэды, то маскоўцы, пры чым і адны і другія рабавалі жыхароў, а ўрэшце маскоўцы, па загаду цара Пятра, спалілі ўвесь горад. Пасьля таго Магілеў апусьцеў і ўжо ня мог паправіцца аж да апошніх часоў.

Са старасьвецкіх будынкаў найбольшай увагі заслугуюць Ратуша і Брацкі Манастыр з царквою Сьв. Вадохрышча, пабудаваныя ў XVII веку. Апроч таго цікавы з боку малярства сабор Сьв. Язэпа, пабудаваны ўжо ў часы расейскія.

Гарадзкія валы, прыпамінаўшыя сабою гэраічную абарону магілеўцамі роднага места, нядаўна былі зраўняны з зямлёю па загаду губэрнатара.

Хвабрычная прамысловасьць у Магілеве невялікая. Істнуе досіць многа малых прадпрыемстваў — табачныя хвабрыкі, гарбарні, пільні, бравары і г. д. За тое шмат ёсьць рамясьнікоў. З промыслаў найбольш пашырана — агародніцтва, рыбалоўства, выраб алею, ганчарства і ўрэшце — гарбарства. Гарбарства моцна разьвіта ў прадмесьці Лупалове — за Дняпром. Магілеў таргуе глаўным чынам скурамі, салам і хлебам. На Дняпры ёсьць значная прыстань.

На паўдня ад Магілева ляжаць старыя манастыры Буйніцкі і Варкалабаўскі, пабудаваныя ў XVII вяку. На захад ад Магілева, над р. Друцьцю знаходзіцца Бялыніцкі Манастыр, а ў ім слаўны на ўсю Беларусь цудоўны абраз Прачыстай. З XVI веку і да гэтага часу ў Бялынічы сходзяцца што году дзесяткі тысяч багамольцаў. Даўней манастыр гэты йграў значную культурную ролю; пры ім, напрыклад, была друкарня, школы і г. д.

Пасярод павету ляжыць невялікае, вельмі старое м-ка Галоўчын, якое даўней было горадам і, як кажа лягенда, мела „15 цэркваў і 100 кузьняў.“

Над Дняпром, вышэй Магілева ляжыць Шклоў. Гэты стары гандлёвы горад гадоў сто назад быў багацейшы за Магілеў. Цяпер яго значэньне крыху зьменшылася. Аднак і цяпер Шклоў вядзе бойкі гандаль лесам, пянькою, красным таварам і футрамі. Есьць у Шклове і некалькі значных хвабрыкаў: — вялікая паперня (робіць картон) з 600 работнікаў, хвабрыка сярнічак і інш. Усёй люднасьці ў Шклове каля 7 тыс. Люднасьць складаецца блізка з адных жыдоў.

Адзін са старэйшых беларускіх гарадоў — Друцк, над р. Друцьцю — цяпер ёсьць маленькім бедным мястэчкам. На востраве сярод ракі падыймаюцца валы аграмаднага гарадзішча, прыпамінаючыя слаўныя часы Друцка.

У розных мяйсцох Магілеўскага пав. знаходзяцца ўздараўляючыя мінэральныя крыніцы. Такія крыніцы есьць напрыклад у в. Палыкавічах над Дняпром і туды зыходзяцца тысячы народу, лічачы крыніцу цудоўнай. Есьць зялезныя крыніцы на захадзе павету, каля м. Цяцерына і ўрэшце каля м. Шапялевічаў знаходзіцца во́зера Хіцемля, вада з якога памагае ад наскурных і інш. хваробаў.

Магілеўскі павет мае грунты сугліністыя і супяшчаныя, дагодныя для гаспадаркі. Толькі на паўднёвым захадзе цягнуцца пяскі, якія з‘яўляюцца працягам Бярэзінскага Палесься.

У Сеннінскім павеце ёсьць цэлы рад мястэчак, у цяперашнія часы невялікіх і бедных. М. Сенна — невялікі гарадок з 8 тыс. люднасьці. Недалёка на захад ад яго ёсьць зялезныя крыніцы. На паўдні павету, пры станцыях Маскоўска-Берасьцейскай чыгункі павырасталі значныя гандлёвыя мястэчкі, якія таргуюць хлебам і лесам. З іх найважнейшае Талочын. У ім між іншым ёсьць і дзьве хвабрыкі: вялікая шкляная гута (з 4-мя сотнямі работнікаў) і дражджавы завод. Люднасьці ў Талочыне каля 2 тыс. чал. Пры ст. Крупкі ёсьць хвабрыка сярнічак.

У паўночна-заходняй часьці павету, над вялікім возерам ляжыць старое мястэчка Лукамля, вядомае яшчэ з XI веку. Даўней Лукамля была сталіцаю асобнага княжства. Цяпер гэта невялікае і беднае мястэчка. На захад ад Лукамскага возера падымаецца ўзгор‘е Катарсы.

Сеннінскі павет ляжыць на грунтох багатых, сугліністых — і супяшчаных. Люднасьць яго, апроч гаспадаркі, займаецца ляснымі промысламі і рыбалоўствам.

Мяйсцовасьць у Сеннінскім і Аршанскім паветах, каля Дняпроўскага ўзгор‘я, вельмі пекная, яна навет, як піша аб ёй у сваіх мэмуарах царыца Кацярына II, „прыпамінае ангельскі парк“.