Географія Беларусі (1919)/Паасобныя краіны Беларусі/IX
← VIII. Беларускі лесастэп | IX. Радань — (Паўднёвая Магілёўшчына) Падручнік Аўтар: Аркадзь Смоліч 1919 год |
X. Верхне-Бярэзінская краіна → |
IX. Радань — (Паўднёвая Магілеўшчына).
На поўнач ад Беларускага лесастэпу ляжыць рад паветаў, рэдка залюднёных, з благімі, найбольш пяшчанымі, грунтамі: Рагачоўскі, Быхаўскі, Чэрыкаўскі, Клімавіцкі і Рослаўскі.
У пачатках нашай гісторыі жыла тут глаўная маса племені радзімічаў. Дзеля гэтай прычыны мы і называем гэты край Раданьню — зямлёю Радзімічаў.
Паўночную мяжу краіны творыць Дняпроўскае Узгор‘е. Паверхня краю з‘яўляецца раўнінаю, вельмі ступянёва зьніжаючайся ад Дняпроўскага ўзгор‘я на паўдня — аж да ўзгор‘яў лесастэпу. Толькі правыя берагі рэкаў значна падняты над ваколіцаю. Усход краіны (Рослаўскі павет) высака падняты і ўзгоркаваты з тэй прычыны, што ў яго заходзяць часткі Окаўскага лесу (Рослаўскае узгор‘е), адыходзячыя сюды ад Ельнінскага Вузла. Самаю нізкою часткаю краіны з‘яўляецца Захад яе, — Быхаўскі і Рагачоўскі паветы, якія маюць у сабе шмат падобнага да суседняга Палесься, але адзначаюцца ад апошняга большай гушчынёю залюдненьня.
Важнейшымі рэкамі краіны з‘яўляюцца: Сож, які са сваімі прытокамі Астром, Бесядзьдзю і Іпуцьцю абвадняе большую, ўсходную часьць краіны і Дняпро з Друцьцю, якія маюць вялікае значэньне для заходняй часткі.
Подлуг грунтоў краіну можна лічыць пераходнаю. На ўсходзе яе трапляецца досіць часта лёсс. Дзярновыя суглінкі на лёссе займаюць значныя абшары ў Рослаўскім павеце, а на мяжы Клімавіцкага і Чэрыкаўскага паветаў ляжыць навет досіць значны востраў шэрых суглінкаў. З поўначы заходзяць звычайныя дзярновыя суглінкі на марэнных глінах і займаюць значную часьць прастору, які ляжыць паміж Сожам і Дняпром. Урэшце, з захаду заходзяць у краіну аграмадныя абшары пяскоў і балотаў. Яны займаюць заходні задняпроўскі кавалак краіны, робячы там саўсім Палескую мяйсцовасьць. А так сама пяшчаныя грунты займаюць блізка ўвесь абшар, які ляжыць на левым беразе Сожа, апрача востраву шэрых суглінкаў.
У Рослаўскім павеце, ня гледзячы на яго паднятае палажэньне спатыкаецца шмат балотаў-імшараў.
Супяскаў найбольш у Рослаўскім павеце, у Рагачоўскім пав., паміж Дняпром і Сожам, і ў Быхаўскім пав. — на правым беразе Дняпра. Апроч таго над Дняпром і Сожам моцна разьвіты надрэчныя наносныя грунты. Пяшчаныя грунты тут, як і ўсюдых найбольш заняты хваёвымі барамі. У Рагачоўскім-жа павеце спатыкаецца досіць многа ліставых — дубовых і іншых лясоў.
Тыпы Беларусоў з Магілеўшычны: Та́ечкі (прыяцелькі) зюкаюць.
Лясоў у краіне ёсьць, наагул кажучы, досіць многа. Саўсім нядаўна Радань можна было назваць Палесьсем. Цяпер лясы вельмі моцна падцярэблены. За апошнія 20 гадоў, прыкладам, абшар лясоў у Чэрыкаўскім павеце зьменшыўся на палавіну і гэты павет стаўся адным з найбольш бязлесных у Беларусі.
Вызначаючыся сярод суседніх краінаў сваёю рэдкаю залюднёнасьцяй, паветы Радані з гэтага боку рожняцца і між сабою. Найгусьцей заселены Клімавіцкі павет, найрадзей Быхаўскі і Рагачоўскі, якія з‘яўляюцца пераходнымі к Палесьсю. Рэдкая залюднёнасьць краіны тлумачыцца між іншым недахватам зялезных дарогаў, якія йдуць толькі праз Рослаўскі і заходнія часткі Быхаўскага і Рагачоўскага паветаў.
Усход-жа абодвых апошніх паветаў, і навет цэлыя Клімавіцкі і Чэрыкаўскі паветы зусім ня маюць чыгункаў на сваіх прасторах. Ад паветавага места Чэрыкава да чыгункі найбліжэй 75 вёрст. Да таго-ж па Сожу параходы ходзяць толькі да Прапойску. Толькі шосы крыху аджыўляюць гэтую глухую краіну, асабліва Маскоўска-Варшаўская, якая йдзе як раз цераз сярэдзіну Радані.
Недахват шляхоў вельмі моцна адбіваецца на эканамічным жыцьці. Гаспадарка стаіць у краіне нізка. У Клімавіцкім і Чэрыкаўскім паветах, напрыклад, гаруць сахамі, а плугі толькі пачынаюць заводзіць.
З прычыны пяшчаных грунтоў усюды сеюць шмат грэчкі і бульбы. У Чэрыкаўскім і Клімавіцкім паветах бульбы садзяць мала. За тое грэчкі там надзвычайна многа. У ўсходняй часьці краю так сама, як і ў суседнім лесастэпу сеюць шмат канапель і прадаюць пяньку. У Рослаўскім павеце сеюць шмат лёну. У заходніх паветах досіць разьвіта садаўніцтва, а ўва ўсёй краіне наагул — пчалярства.
Хатнія рамёслы і промыслы ў краіне пашыраны, асабліва ў Клімавіцкім пав. Хатняе ткацтва вельмі пашырана ўжо дзеля таго, што сяляне тут найбольш носяць вопратку свайго вырабу. Моцна разьвіты лясныя промыслы і рамёслы дзераўляных вырабаў — усякай пасуды і начыньня, павозак, рашотаў, бёдраў, гонтаў, сталярка. Шмат народу займаецца драньнём лыкаў, гоніць смалу і дзёгаць. Дзе-ня-дзе займаюцца ганчарствам, палюць вапну. А ў Рослаўскім павеце здабываюць фасфарыты, вельмі карысныя для гнаеньня зямлі, і мелюць іх у спэцыяльных млынох.
Хвабрычная прамысловасьць разьвіта вельмі слаба. Найбольш у краіне ёсьць бравароў, асабліва ў Клімавіцкім, Рагачоўскім і Рослаўскім пав. Шмат ёсьць так сама пільняў і шкляных гутаў. Хвабрычная прамысловасьць найбольш разьвіта ў Рослаўскім павеце, дзе на хвабрыках працуе каля 2000 работнікаў, тым часам, як іншыя паветы маюць толькі па некалькі сотняў хвабрычных работнікаў.
Ні гаспадарка, ні прамысловасьць краіны ў іхнім цяперашнім стане ня могуць прахарчаваць усяе прырастаючае люднасьці. Дзеля таго тут надта пашырыўся адыход на старану, асабліва на Данецкія капальні, і перасяленьне. Найбольш моцны адыход з Клімавіцкага, Чэрыкаўскага і Рослаўскага паветаў.
Важнейшыя мяйсцовасьці.
Рослаў даўней быў значным гандлёвым цэнтрам: таргаваў воскам і мёдам з Нямеччынай. Цяпер гандлюе найбольш хлебам, ляснымі таварамі і пянькою. Хвабрычная прамысловасьць слабая — ёсьць 2 аляярні ды 2 гарбарні. Люднасьці каля 20 тысячаў.
З мястэчак Рослаўскага павету трэба адзначыць Рагнедзіна, (на паўд.-ўсход ад Рослаўля), у якім ёсьць каля 1½ тысячы прамысловай і гандлёвай люднасьці. У Рагнедзіне ёсьць дзьве аляярні, гарбарня, пенькатрапальны завод і інш. Гандлюе мястэчка хлебам, пянькою і алеем.
Недалёка ад мястэчка, пры в. Сешчы, здабываюць фасфарыты і тут-жа іх мелюць на невялікіх заводах.
Рослаўскі павет ляжыць у мяйсцовасьці досіць высака паднятай, на ўзгор‘і (Рослаўскае ўзгор‘е), якое адыходзіць ад Ельнінскага Вузла, утварае правы высокі бераг Дзясны, працякаючай па ўсходняй мяжы павету, і дзеліць тут басэйны Дзясны і Сожа. Ня гледзячы на гэта, павет моцна балоцісты. Балоты тут найбольш імховыя. З грунтоў найбольш пашыраны лёгкія супяскі ды пяскі. Каля Рослаўля, на ўсход ад яго, ёсьць шырокі паяс грунтоў ураджайных, сугліністых, ляжачых і на лёссе і на марэнных глінах.
Рослаўскі павет адзін з першых у Беларусі па сваіх мінэральных багацьцях. У ім знаходзяцца самыя значныя залежы фасфарытаў. Апроч фасфарытаў, здабываюць тут яшчэ буры вугаль, горны воск, зялезную руду і г. д.
Прамысловасьць досіць разьвіта. Пашыраны ўсякія лясныя промыслы (ў павеце шмат лясоў). Сярод хвабрыкаў найбольшае значэньне маюць шкляныя гуты (ёсьць вялікая гута з 350 работнікамі і некалькі малых), пільні і бравары. Спатыкаюцца гарбарні, аляярні і інш. Даўней былі тут і цукраварні.
У гаспадарцы важнае мейсца займаюць каноплі і лён, а так сама бульба. Досіць разьвіта пчалярства. Даўней павет далёка быў вядомы са свайго мёду і воску.
Суседні з Рослаўскім Клімавіцкі павет, — адзін з найбяднейшых у Беларусі. Блізка ўвесь павет пакрыты пяшчанымі грунтамі і толькі на паўднёвым захадзе, над р. Бесядзьдзю, знаходзіцца востраў шэрых суглінкаў. У павеце досіць пашыраны хатнія рамёслы, хвабрычная-ж прамысловасьць разьвіта вельмі слаба. Гаспадарка стаіць нізка; значная частка люднасьці шукае зарабаткаў на старане.
Паветавы горад Клімавічы, — вельмі маленькі (8 тыс. люднасьці) і цікавага ў ім мала. З мястэчак найбольшыя — Шумячы, Хацімск і Касьцюковічы. Шумячы (з 5 тыс. люднасьці) і Хацімск ляжаць на мяжы Рослаўскага павету. Касьцюковічы ляжаць над Бесядзьдзю, ў пекнай мяйсцовасьці. У Шумячох і Касьцюковічах досіць разьвіта гарбарства.
Чэрыкаўскі павет мае шмат супольнага з Клімавіцкім. Сож дзеліць павет на паўночную і паўднёвую частку. Паўднёвая мае такія-ж бедныя, як і ў Клімавіцкім пав. пяшчаныя грунты, з раскіданымі сяроц іх астраўкамі шэрых суглінкаў. Паўночная палавіна павету мае лепшыя, сугліністыя грунты. Ня гледзячы на тое і тут гаспадарка стаіць нізка, прамысловасьць няразьвіта, пашыраны адыход на чужыну. Глаўная прычына — дальнасьць чыгункаў.
Апроч самага Чэрыкава (з 5 тыс. люднасьці) досіць старога, але закінутага гарадка над Сожам, у павеце лічуцца важнейшымі мястэчкамі Крычаў і Краснапольле.
Крычаў на высокім беразе Сожа — вельмі старое мястэчка, якога, лічуць, залажылі Крывічы, дзеля чаго ён нібы і называўся Крывічаў. Цяпер у ім 6 тыс. люднаcьці, вядзецца досіць бойкі гандаль хлебам, пянькою, лёнам. Есьць 4 гарбарні.
Краснапольле, невялікае мястэчка на паўдні павету, мае ў сабе некалькі прамысловых закладаў, між якіх вызначаецца — картонная хвабрыка.
Быхаўскі павет у заходняй сваёй часьці мае пяшчаныя грунты, а у ўсходняй, паміж Дняпром і Сожам, найбольш сугліністыя. У ім захавалася досіць многа лясоў. Люднасьць жыве ня вельмі густа. Разьвіты лясныя промыслы, а хвабрычныя слаба. Шляхоў досіць многа: — чыгунка, 3 шосы, рэкі — Дняпро і Сож, Гаспадарка стаіць тут ляпей, чым у двох папярэдніх паветах.
Стары Быхаў над Дняпром быў некалісь аднэй з мацнейшых крэпасьцяў Беларусі. На памяць аб гэтым часе засталіся толькі зямляныя валы ды некалькі старых гарматаў. З прамысловых закладаў ёсьць дробныя гарбарні і аляярні. Люднасьці каля 7 тыс. чал.
З мястэчак Быхаўскага павету найбольшае, Прапойск — які ляжыць над Сожам і мае прыстань. Гэта стары горад Радзімічаў. Недалёка ад яго знаходзіцца р. Пішчана, над якою Радзімічы былі ў бітве пераможаны ваяводаю кіеўскім Воўчым Хвастом, пасьля чаго гэтае беларускае племя на заўсёды страціла сваю самастойнасьць. У Прапойску ёсьць некалькі дробных заводаў (кахляныя, канатныя і інш.) Значны гандаль лесам.
Рагачоў належыць да гарадоў, якія за апошнія гады, пасьля правядзеньня чыгунак, вельмі моцна ўзрасьлі. Люднасьць Рагачова вырасла ў 3 разы. Цяпер яе лічыцца каля 25 тыс. Ляжыць Рагачоў у пекнай мяйсцовасьці, на правым беразе Дняпра, пры вусьці Друці. Вядзе значны гандаль лесам і яблыкамі; прамысловасьць у ім разьвіта слаба.
З мястэчак Рагачоўскага пав. вызначаюцца: Жлобін і Чачэрск.
Жлобін над Дняпром пры вузлавой зял.-дар. станцыі, досіць вялікае мястэчка і прыстань. Вядзе Жлобін значны гандаль хлебам, пянькою, лёнам і лесам.
Чачэрск, у досіць глухой мяйсцовасьці над Сожам, з параходнаю прыстаньню. Мястэчка гэтае досіць старое. Есьць тут вельмі цікавы будынак ратушы, на 4 паверхі, пабудаваны ў гатыцкім стылю. Чачэрск скупляе ў ваколіцы хлеб, пяньку і лён.
Рагачоўскі павет мае грунты найбольш пяшчаныя і супяшчаныя і толькі на паўдні яго трапляюцца часамі суглінкі. У заходняй часьці, суседняй з Палесьсем, шмат трасніковых балотаў. Лесу досіць многа. Залюднёны слаба. Гаспадарка вядзецца досіць добра, садзяць шмат бульбы, моцна разьвіта садаўніцтва, пры чым шмат яблыкаў вывозілася навет заграніцу. У павеце досіць многа пільняў, бравароў і крахмальняў. Есьць так сама вялікая шкляная гута. Шмат люднасьці зарабляе ў лесе і на сплаве.