Географія Беларусі (1919)/Паасобныя краіны Беларусі/VIII
← VII. Вялікая Палеская Нізіна | VIII. Беларускі лесастэп Падручнік Аўтар: Аркадзь Смоліч 1919 год |
IX. Радань — (Паўднёвая Магілёўшчына) → |
VIII. Беларускі лесастэп.
Да гэтае краіны мы адносім 9 паўднёва-ўсходніх паветаў Беларусі: Гомельскі, Суражскі, Мглінскі, Навазыбкаўскі, Старадубскі, і беларускія часткі: Гараднянскага, Ноўгарад-Северскага, Трубчаўскага і Бранскага паветаў. Ласьне назоў лесастэпу з усім правам заслужуюць толькі паветы Старадубскі, Трубчаўскі, Ноўгарад-Северскі, Мглінскі і часткаю суседнія з імі паветы, бо толькі ў іх грунты ўтвораныя на лёссе займаюць значную частку павету і толькі тут у часы дагістарычныя быў стэп, пасьля выцесьнены лесам. Але рэшта паветаў па гушчыні насяленьня, наагул па свайму эканамічнаму характару вельмі падобна да гэтых і зьвязана з імі, дзеля чаго мы іх і злучаем у адну краіну.
Паверхня гэтага краю зьяўляецца раўнінаю, значна паніжанаю на захадзе. На ўсходзе, наадварот, у яе ўходзяць адарваныя лапіны ўзгор‘яў Окаўскага Лесу, якія ўтворуюць высокія, зрэзаныя ярамі, правыя берагі р. Дзясны пад Бранскам і Трубчаўскам. Так сама значна павышана мяйсцовасьць у Навазыбкаўскім, Старадубскім, і Мглінскім паветах. Рэшта краіны моцна нізінная, асабліва Гомельскі павет, заходняя частка якога мае ўжо зусім палескі выгляд, — з аграмаднымі прасторамі балотаў і лясоў.
На Старадубскім узвышшы і ўздоўж правага берагу р. Дзясны залёг лёсс. Пад Старадубам на ім стварыліся досіць ураджайныя шэрыя суглінкі, якія і займаюць большую часьць Старадубскага павету. Навакола іх няшырокім абручом ляжаць дзярновыя суглінкі на лёссе. Досіць шырокі паяс гэтых суглінкаў адыходзіць у Мглінскі і Бранскі паветы; у апошнім павеце яны займаюць досіць вялікія прасторы, пакрываючы высокі правы бераг р. Дзясны. Досіць значныя астравы гэтых суглінкаў на лёссе знаходзяцца і ў Трубчаўскім павеце, а так сама ў Навазыбкаўскім і Гараднянскім паветах. Урэшце ў Суражскім і Гомельскім паветах гэтыя грунты сустракаюцца досіць рэдка.
Левыя берагі рэк звычайна пакрыты тут шырокімі палосамі бедных пяшчаных грунтоў. Дзякуючы гэтаму ўся заходняя і паўднёвая частка Гомельскага павету, блізка ўвесь Суражскі, заходняя частка Бранскага і значныя прасторы ў іншых паветах займаюць пяшчаныя грунты, пакрытыя найбольш хваёвым борам. Рэшта прастору займаюць супяскі, ды ў Гомельскім і Гараднянскім паветах ёсьць досіць многа трасьніковых балотаў, а на поўначы Гомельскага — лапіна звычайных дзярновых суглінкаў на марэннай гліне.
Апроч хваёвых бароў у лесастэпу сустракаецца досіць многа ліставых лясоў, асабліва ў Старадубскім пав. У гэтых лясох найбольш расьце дуб, клён, вельмі многа ёсьць так сама маладых бярэзьнікаў, ялаўцовых зарасьнікаў. Елка тут сустракаецца рэдка, а далей на паўдня яе і зусім няма. Трэба заўважыць, што лясы, якіх тут даўней было вельмі многа, цяпер моцна расьцярэблены і з кожным годам іхныя прасторы зьмякшаюцца, зьмяняючыся ральлёю навет на зусім бедных пяшчаных грунтох з якіх пасьля вецер робіць пяшчаныя выдмы.
Гаспадарка наагул стаіць тут нявысока, асабліва ў дварох, якія ня маюць заўсёдных парабкоў, а здаюць зямлю палавіншчыкам. Годзі сказаць, што, як у вёсках, так і ў дварох яшчэ вельмі часта аруць сахою, а ў лясістых мяйсцовасьцях яшчэ і дагэтуль часамі паляць ляды, як у самым глухім Палесьсі.
У вёсках-жа перашкодаю гаспадарцы зьяўляецца абшчыннае ўладаньне зямлёю, якое не дае магчымасьці культурнейшым гаспадаром у вёсцы заводзіць палепшаньні. Уся вёска мусіць гаспадарыць ці добра, ці дрэнна, але адналькова. З гэтага знаходзяць выхад толькі такі, што выдзяляюць лапіны зямлі пры хаце у кожнага гаспадара, на якім ён можа гаспадарыць сваім адумам. На гэтыя лапіны гаспадары вывозяць большую частку гною і сеюць тут больш пераборлівыя і выгаднейшыя расьціны: ячмень, бульбу, каноплі, табаку.
Апошнія дзьве расьціны йграюць у гаспадарцы лесастэпу важную ролю. З гаспадаркі йдуць на продаж толькі пянька, альбо табака. Найбольш канапель разводзяць у Старадубскім, Трубчаўскім, а так сама ў Суражскім і Мглінскім паветах. Прадаюць пяньку найбольш у Трубчаўску, Почапе, і інш. мястэчках. Гандляры з гэтых мястэчак яшчэ з вясны езьдзяць па вёсках і даюць задаткі на пяньку, пры чым сяляне, ведама прадаюць яе на самых нявыгадных умовах.
Табаку разводзяць найбольш у паветах Мглінскім, Суражскім і Старадубскім. Разводзяць тут апрача прасьцейшых сартоў яшчэ і далікатны сорт гундзі. Як каноплямі, так і табакаю найбольш займаюцца сяляне, дзеля таго, што гэтыя расьціны патрабуюць каля сябе шмат клопату.
Ува ўсім гэтым краю шмат сеюць грэчкі. Побач з ёю на захадзе краіны шмат мейсца займае бульба, значная часьціна якое йдзе на бравары.
Клімат лесастэпу ня вельмі спрыяе гаспадарцы. Ападаў тут менш, чымся ў рэшце Беларусі, часьцей бываюць засухі і дзьмуць сухія ўсходнія вятры. Гэта часамі нядобра адзываецца на пяшчаных грунтох.
Уся краіна аднак вельмі густа заселена і з гэтага боку займае адно з першых мяйсцоў у Беларусі. Найгусьцей заселены Суражскі павет.
Галоўная маса жыхараў (85-90%) — беларусы, патомкі даўнейшых радзімічаў, якія спрадвеку жылі ля Іпуці, а пазьней занялі і ўсходнюю частку краіны, спустошаную татарамі, аж да самай р. Дзясны і навет за Дзясною. Мова тутэйшых беларусоў досіць чыстая і харошая, хаця ў ёй і сустракаецца крыху расейскіх словаў.
Апрача беларусоў у гэтай краіне жывець шмат (да 7%) старавераў—маскоўцаў, якія ўцяклі сюды з Маскоўшчыны, дзе ім не давалі верыць па свойму, яшчэ ў XVII веку. Жывуць стараверы найбольш у вялікіх мястэчках — пасадах і займаюцца рамёсламі, гандлем, а так сама прамысловым гародніцтвам і садоўніцтвам. Найболыш старавераў у Навазыбкаўскім павеце. — За тое жыдоў у лесастэпавай краіне менш, чымся на захадзе Беларусі. Так сама, як і там, насяляюць яны найбольш месты і мястэчкі і займаюцца гандлем і прамысловасьцю.
Прамысловасьць лесастэпавае краіны моцна разьвітая. З гэтага боку займае яна пасьля Беласточчыны другое мейсца.
З рамёслаў, у Гараднянскім і Суражскім паветах пашырана ганчарства, у Навазыбкаўскім павеце шмат шаўцоў, у наддняпроўскіх мястэчках будуюць судны — дубы, абшыванкі, а ў пас. Ардоне — Суражскага пав. цэлых 8 майстроўняў вырабляюць павозкі. Сярод хвабрыкаў і заводаў важнейшыя суконныя, якія знаходзяцца ў Клінцох (Сураж. пав ). Есьць так сама вялікія хвабрыкі сярнічак, вялізазная папяровая хвабрыка ў Дабрушу, хвабрыка гарматаў і іншыя зялезныя хвабрыкі ў Бранску, асабліва-ж шмат ёсьць пенькатрапальных і маслабойных заводаў. Урэшце на паўдні краю сустракаюцца чынныя і дагэтуль цукраварні.
Але ні гаспадарка, ні рамёслы, ні хвабрычная прамысловасьць лесастэпавае краіны ня могуць прахарчаваць усяго яе насяленьня. Дзеля гэтага вельмі пашыраны тут адыход на зарабаткі ў чужыя краі: у Данецкія капальні, на Кубань і г. д., і перасяленьне ў Сыбір.
Большая частка паветаў лесастэпу адносіцца да Чарнігаўскае губэрні, а два паветы — Бранскі і Трубчаўскі адносяцца да Арлоўскае губ. Аднак годзі навет павярхоўнага агляду гэтага краю, каб прызнаць, што ён з рэштай Чарнігаўскае і Арлоўскае губэрняў мае вельмі мала супольнага. Розьніца паміж імі ня толькі тая, што тут жывуць беларусы, а там украінцы, або маскоўцы; вялізазныя розьніцы ёсьць паміж іх у самай прыродзе (там чарназём) і ў характары эканамічнага жыцьця.
Важнейшыя мяйсцовасьці.
Гомель — найбольшае места паўднёва-ўсходняе Беларусі, ляжыць на высокім, абрывістым беразе Сожа. У старадаўныя часы быў ён адным са значнейшых местаў у зямлі радзімічаў; вялікага палітычнага значэньня аднак Гомель ня меў. Пачаў ён моцна расьці толькі ў апошнім веку. Гэты час належыў ён да магутных расейскіх вяльможаў (Румянцавых, пасьля Паскевічаў), якія дбалі аб яго дабрабыце. Але асабліва паднялося яго значэньне пасьля таго, як праз Гомель прайшлі чыгункі. За апошнія дваццаць гадоў Гомель вырас утрая. Цяпер Гомель мае больш за 100 тыс. жыхараў. Выгоднае палажэньне (рака, чыгункі, якія расходзяцца ў 4-х кірунках і, ўрэшце, шоса з Магілева на Чарнігаў), робяць з Гомеля вельмі важны гандлёвы пункт. Гомель вядзе бойкі гандаль лесам, пянькою, алеем, салам. Хвабрычная прамысловасьць у Гомелі разьвіваецца. Найбольш заводаў па вырабах з дрэва. Есьць аднак некалькі заводаў чыгуновых, цагельняў, маслабойняў, пільняў. А ў прадмесьці Гомеля — Новай Беліцы (на другі бок Сожа) ёсьць вялікая хвабрыка сярнічак.
Памятнікаў старасьветчыны ў Гомелі мала. Цікавейшыя будоўлі і памятнікі адносяцца да пачатку XIX в., калі тут гаспадарылі Румянцавы. Ад іх застаўся харошы палац з вялікім паркам і багатымі гістарычнымі калекцыямі.
За тры мілі ад Гомеля, пры р. Іпуці, знаходзіцца аграмадная Добрушская папяровая хвабрыка — князя Паскевіча з 1½ тыс. работнікаў. Для яе руху зужыта між іншым вялізарная сіла р. Іпуці.
Вышэй Гомеля, над Сожам, знаходзіцца м-ка Ветка, з 8 тыс. жыхараў, найбольш старавераў і жыдоў. У гісторыі старавераў гэтае мястэчка мела важнае значэньне. Гэта была першая іхняя „слабада“ ў Беларусі. Адсюль маскоўскія цары два разы высялялі, забраўшы край, цэлыя дзесяткі тысяч старавераў назад у Маскоўшчыну, але тыя йзноў, пачакаўшы, варочаліся і Ветка аджывала. Цяпер гэта гандлёвае мястэчка. Есьць тут некалькі хвабрыкаў лінаў (канатаў).
Гомель.
На мяжы Гомельскага і Гараднянскага паветаў знаходзіцца вялікі гандлёвы „пасад“ Дабранка (з 10 тыс. жыхараў), у якім ёсьць некалькі гарбарняў. Гандлюе Дабранка найбольш, мясным быдлам. Над Дняпром, у вельмі харошай мяйсцовасьці, у Гараднянскім пав., на мяжы з Украінаю знаходзіцца старое места Любеч.
Заходнюю частку Гомельскага павету займае шырокі паяс лясоў і балотаў, якія мала што не даходзяць да самага Гомеля. Гэты-ж паяс ідзець і ўздоўж Дняпра далей на паўдня ў Гараднянскі пав., запаўняючы блізка ўсю яго беларускую частку. Тут між іншым ляжаць вялікія трасьніковыя балоты — Перыста і Замглай.
Недалёка ад Добрушу, ў Навазыбкаўскім пав., знаходзіцца пас. Злынка з хвабрыкамі сярнічак. Такія самыя хвабрыкі ёсьць і ў Навазыбкаве і яго ваколіцах. Навазыбкаў досіць значнае гандлёвае места з 15 тыс. жыхараў. У ім між іншым знаходзіцца сярэдняя тэхнічная школа і мэтэоралёгічная станцыя.
У Навазыбкаўскім павеце ёсьць яшчэ два вялікіх прамысловых пасады: Клімаў — з шчаціннымі заводамі і аляярнямі і Новы Ропск, дзе шмат рамясьнікоў — шаўцоў. Апроч таго ў двары Софіеўцы — вялізная хвабрыка сярнічак.
На поўнач ад Навазыбкава, ў Суражскім пав., знаходзіцца пас. Клінцы, з 12 тыс. жыхараў — гэты, як кажуць, беларускі Манчэстэр. Клінцы — буйны прамысловы цэнтр. У самым пасадзе і яго прадмесьцях ёсьць каля 10 суконных і ткацкіх хвабрыкаў, некалькі чыгуновых заводаў, гарбарняў, маслабойных, вяровачных заводаў. На гэтых хвабрыках працуюць каля 4 тыс. работнікаў і вырабляецца тавараў на некалькі міліёнаў рублёў у год. У Клінцох ёсьць так сама шмат дробных рамясьнікоў-ткачоў. Сам Сураж — невялікі горад над р. Іпуцьцю. Есьць у ім картонная хвабрыка.
Суражскі павет найгусьцей заселены і мае найбольш разьвітую прамысловасьць.
Мглінскі пав. у гэтай справе застаецца далёка ззаду. Сам Мглін невялікае места (8 тыс. жыхараў) з 3-мя кірмашамі, на якіх ідзе торг на пяньку, алей, скаціну. Почап, на р. Судасьці, пры чыгунцы, — прамысловае мястэчка. Вядзе бойкі гандаль пянькою, мае каля 10 пенькатрапальных заводаў і вялікую аляярню.
Мглінскаму і асабліва Суражскаму паветам нехапае хлеба для прахарчаваньня жыхараў. З гэтага боку Старадубскі павет знаходзіцца ў лепшым палажэньні і яму свайго хлеба хапае. Старадуб — цяпер ціхое, заросшае садамі места, меў, знаходзячыся на самам краю Беларусі, вельмі бурную гісторыю. Гандаль яго з ростам пасадаў зьменшыўся. Гандлюе збожжам і пянькою. Люднасьці каля 12 тыс. Ад ст. Унеча да Старадубу праведзена вузкакалейная чыгунка.
Старадубскі павет мае слаба разьвітую прамысловасьць. У пас. Ялёнцы ёсьць некалькі шчацінных і пенькатрапальная хвабрыка. У мяст. Погары, старасьвецкім горадзе на р. Судасьці, які даўней называўся Радагошч — цяпер ёсьць пенькатрапальная хвабрыка. У Старадубскім павеце разьвіта хатняе ткацтва палатна і сарпінак. З пад с. Рахманава выйшла адна з першых Беларускіх пясьнярак — М. Косіч, якая напісала і выдала некалькі кніжок у мове Старадубскіх беларусоў.
У Ноўгарад-Северскім пав. над р. Дзясною, пры вусьці р. Судасьці ляжыць мястэчка Грамяч, дзе спатыкаюцца тры народы — беларускі, украінскі і маскоўскі. На паўдня ад Грамяча, аж да самога Ноўгарад-Северска беларусы жывуць перамяшаўшыміся з украінцамі.
Беларуская частка Трубчаўскага пав. асабліва вядома са сваёй пянькі, якая лічылася лепшаю ў Расеі. З промыслаў тут разьвіты лясныя — сплаў па р. Дзясьне і будоўля на ёй суднаў.
Трубчаўск з 7 тыс. люднасьці, на высокім правым беразе Дзясны, мае шмат дробных хвабрыкаў: пенькатрапальных, аляярняў, хвабрыкаў лінаў (канатаў) і вядзе значны гандаль пянькою і алеем, а так сама і лесам з Адэссаю і Рыгаю.
Над Дзясною ў надзвычайна пекнай мяйсцовасьці, сярод гораў і глыбокіх яроў ляжыць самае ўсходняе беларускае места Бранск. Вельмі старое гэтае места было ў даўнейшыя часы (XIV—XV век) апораю Беларуска-Літоўскай Дзяржавы на Усходзе. Ад сівой старасьветчыны засталося ў ім крыху памятак, сярод якіх асабліва вызначаецца Сьвенскі Манастыр, што стаіць ля места на высокай гары, абкружанай ярамі. Манастыр гэты далёка вядомы у ўсходняй Беларусі: за сотні вёрст сходзяцца сюды багамольцы.
Бранск значны прамысловы і гандлёвы горад. Есьць у ім вялікі завод гарматаў, некалькі пенькатрапальных, канатных заводаў, пільняў, аляярнаў. Бранская прыстань на р. Дзясьне сплаўляе шмат лесу, алею, пянькі. Як раз ад Бранску (проці яго ляжыць уток р. Болвы), Дзясна робіцца судаходнаю, бо вышэй яна запруджана бярвеньнем, якое сплаўляецца па ёй розсыпам. Бранск урэшце значны і важны чыгункавы вузел: з яго чыгункі разыходзяцца ў 6-х кірунках.
З паўночнага захаду ў Бранскі павет уходзіць Рослаўскае ўзгор‘е, на якім знаходзяць вельмі многа фасфарытаў. Апроч таго тут на берагох Дзясны ламаюць камень, крэйду, вапну.
Узгор‘е цягнецца ўздоўж берагу Дзясны, пакрыта досіць ураджайнымі грунтамі і густа заселена. На захад ад яго, на беднай пяшчанай раўніне разлеглася Акуліцкая пушча (каля 80 тыс. дзесяцін лесу), да якой навет праведзена сумысьне чыгунка (Жукаўка-Косаўка). Лясы тут хваёвыя, грунты пяшчаныя, шмат выдмаў; люднасьць вельмі рэдкая, зарабляе ў лесе, гоніць смалу, дзёгаць, паліць вугаль і г. д.
Тым часам, як правы бераг Дзясны ў Бранскім і Трубчаўскім пав. высокі, зрэзаны ярамі, левы бераг наадварот — нізінны, роўны, пакрыты пяшчанымі грунтамі, на якіх парасьлі аграмадныя „Бранскія Лясы“, што цягнуцца далёка на ўсход у Калужскую губэрню (Жыздрынскі пав.). Лясы гэтыя заселены „палехамі“, якія подлуг мовы сваёй ёсьць пераходным племем ад беларусоў да маскоўцаў, а па звычаям жыцьця найбольш збліжаны да беларусоў.[1]
Сярод гэтых лясоў над р. Болваю здабываюць добрую зялезную руду і дзеля таго, тут павырастала шмат вялікіх ваводаў (Мальцаўскія заводы) і праведзена сумысьне чыгунка. З гэтых заводаў асабліва важны — рэльсавы, які вырабляе тавару на 5 міліёнаў руб. у год і крыштальныя ды шкляныя гуты, якія вырабляюць тавару на 1½ міліёна. Есьць яшчэ некалькі чыгуновых і зялезных заводаў. Усе Мальцаўскія заводы вырабляюць тавараў у год больш як на 7 міліёнаў руб. Цэнтр гэтых заводаў знаходзіцца у с. Дзядзькаве, Бранскага пав., а капальні руды (шахты) найбольш у Жыздрынскім пав.
- ↑ Тыпы палехаў добра апісаны Тургеневым у „Запісках Паляўнічага“ і Семёновым у „Жывапіснай Расіі“.