Перайсці да зместу

Географія Беларусі (1919)/Паасобныя краіны Беларусі/VII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
VI. Піншчына VII. Вялікая Палеская Нізіна
Падручнік
Аўтар: Аркадзь Смоліч
1919 год
VIII. Беларускі лесастэп

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




VІІ. Вялікая Палеская нізіна.

Паветы Мо́зырскі, Рэчыцкі і Бабруйскі блізка што на ўсім сваім прасторы носяць чысты палескі характар і рэзка выдзяляюцца спаміж усіх краінаў Беларусі. Гэта край з найменшаю гушчынёю насяленьня і з найбольшым лікам зямлі няпрыдатнай да гаспадаркі.

Вялікая Палеская Нізіна ляжыць уздоўж сярэдняе і ніжняе Прыпяці і ніжняе Бярэзіны. Мяйсцовасьць тут усюдых роўная, слаба пахіленая на паўднёвы ўсход. З акалічных узгор‘яў скатуюцца сюды чысьленыя рэкі, якія, трапіўшы на нізіну, сьцішаюць свой бег і плывуць у нізкіх берагох, абкружаныя часамі на шмат вёрстаў забалочанымі прасторамі. Апрача слабога

Балоты на Палесьсі.

спаду для вады, забалочаньню тут памагае яшчэ і тое, што пад усім блізка Палесьсем ляжаць гліны, толькі прыкрытыя зьверху пяскамі. А значная частка балотаў Палесься зьяўляецца мусіць апошнімі сьлядамі быўшага тут некалісь Гэрадотавага мора, пазарастаўшымі травою і мохам азёрамі.

Балоты займаюць тут чуць ня чверць усяго прастору краіны. Безканечныя балотныя пустыні, паросшыя то дробнаю лазою, то высокімі чаротамі, цягнуцца дзесяткамі вёрст; іх перарываюць векавыя бары, павырастаўшыя на пяшчаных узгорках, астравох, параськіданых сярод балота. На гэтых-жа астравох пабудаваны і рэдкія вёскі паляшукоў і знаходзіцца іхнае ворнае поле.

Ад вёсак цераз балота цягнуцца гаці, замошчаныя хворастам і бярвеньнем. Язда па гэтых гацях трудная. А па іх ідзець палеская дарога часамі па некалькі вёрст.

Балоты спатыкаюцца ўсіх відаў, але найчасьцей — травяныя, паросшыя лазою. Імшары са сфагнумам спатыкаюцца так сама дзе-ня-дзе плямамі сярод хваёвых бароў.

У гаспадара поле часамі бывае на некалькіх астравох, якія закінуты далёка ад вёскі ў балотнай і лясной глушы. Каб дайсьці да іх прыходзіцца йсьці па кладках, намошчаных цераз балота. Аруць тут часта валамі. Вось-жа гаспадар бярэ саху на плечы і йдзе на свой востраў па кладцы, а валы йдуць па вадзе. Калі востраў дзе далёка ад хаты, дык там робіцца будка, раскладаецца агонь і гаспадар жыве тут аж пакуль скончыць работу. Часамі навет малоцяць дабро на востраве, а перавозяць ужо ўсё ўзімку, як замерзьне балота.

Сеюць тут найбольш грэчку і бульбу, бо зямля звычайна вельмі лёгкая, пяшчаная. Гаспадараць аднак тут ня кепска. Гаспадары трымаюць шмат скаціны, часамі па дзесятку і больш галоў, бо пашы хапае, і добра дзеля таго гнояць зямлю. Дый народ тут аб гаспадарцы рупіцца; ў некаторых мяйсцох навет полюць засевы.

Лясы ў Палесьсі зусім нядаўна займалі чуць што не палавіну ўсяго прастору. Цяпер іх моцна падцерабілі і на мейсцы даўнейшых векавых пушчаў цягнуцца цяпер пасекі, часамі выкарчаваныя і вырабленыя пад поле, а часьцей паросшыя маладым лесам і хмызьнякамі.

Аднак усё-ж лясоў тут вельмі многа. Найбольш у Палесьсі хваёвых бароў. Елкі зусім блізка няма, бо пяшчаныя грунты. Але тут-жа больш чымся дзе ў Беларусі ёсьць і ліставых лясоў, найбольш дубовых і бярозавых. Дубы тут часамі даходзяць вялізазнае вялічыні; спатыкаецца так сама шмат вольхі, ліпы, клёну і інш.

Ува ўсіх гэтых лясох, часта яшчэ не закранутых рукою чалавека, водзіцца бяз меры ўсякага зьвяр'я і дзічыны. Ласі, медзьвядзі, сарны, дзікі спатыкаюцца тут часта. Навет бабры водзяцца па глухіх рачных затоках у некаторых закутках Палесься, дзе да іх яшчэ не дабралася рука паляўнічага.

Палеская гаць.

Сенажацяў у Палесьсі ня так шмат, як можна было-б спадзявацца. Вялізазныя прасторы, якія з невялікім накладам, расьцерабіўшы, можна было-б абярнуць у сенажаці, цяпер лічацца безкарыснымі балотамі, няўжыткамі.

Насяленьня ў Палесьсі пакуль што замала і яно яшчэ далёка ня можа і ня ўмее выкарыстаць вялікія багацьці, якія крыюцца ў гэтым краю. Дый замала зварочавала ўвагі на Палесьсе дзяржаўная ўлада і грамадзянства. Аднак ужо першыя ступяні ў гэтай справе зроблены. Ужо зроблена проба вялікага асушэньня Палесься.

У апошней чверці XIX веку вяліся шырокія работы па асушцы ўрадоваю Экспэдыцыяй пад загадам генярала Жылінскага. Было пракопана больш 4-х тысяч вёрст каналаў, якімі асушана каля 3-х міліёнаў дзесяцін. Асушка вялася найбалей у скарбовых лясох. Вялікая карысьць ад яе скора выявілася. На мейсцы непраходных балотаў — цяпер багатыя сенажаці, якія даюць вялікі даход скарбу; мокрыя лясы, ў якіх даўней вельмі дрэнна расло дрэва, цяпер паправіліся і сталі шыбка расьці. Апроч таго па каналах сплаўляецца дрэва з такіх мяйсцоў, да якіх уперад ніяк нельга было дабрацца. Вартасьць усяго абсушанага прастору паднялася больш як у дзесяць разоў.

Апроч таго экспэдыцыя зрабіла і другую вялікую работу, яна добра абсьледавала і апісала Палесьсе, адкрыўшы вочы грамадзянству на тое, якія тут ёсьць багацьці. Экспэдыцыя залажыла і некалькі вельмі патрэбных навуковых установаў — напр. мэтэоролёгічныя станцыі ў Васілевічах, у Пінску, пробныя гаспадаркі на балотах і г. д.

Сярод усяе Палескае нізіны адзінока падыймаецца высокі бераг Прыпяці каля Мозыра. Ен паміж іншым пакрыты лёссам, на якім утварыліся шэрыя суглінкі (грунты лесастэпу). Тут яны займаюць невялікі прастор. У Рэчыцкім-жа павеце шэрыя суглінікі цягнуцца шырокім паясом цераз сярэдзіну павету каля мяст. Брагіна, Хойнікаў і Юравіч. Апроч таго ўздоўж правага берагу Прыпяці, каля Турава, спатыкаюцца гляістыя грунты, ды кавалкі гляістых, сугліністых і супяшчаных грунтоў пераходзяць у Бабруйскі павет з суседніх паветаў і займаюць яго краі. Па за гэтым-жа ўвесь прастор Палесься пакрыт лёгкімі пяшчанымі грунтамі на „астравох“ і пластамі — торфу, «травяністага ды імховага ў балотах.

Торф гэты, які мяйсцамі ляжыць вельмі таўстымі пластамі (найтаўсьцейшыя пласты торфу ў Рэчыцкім павеце каля Васілевічаў), нідзе блізка ня ўжываецца на апал і не разрабляецца, бо дровы надта танныя, а насяленьне рэдкае.

З боку гушчыні насяленьня Палесьсе займае ў Беларусі апошняе мейсца. У Мозырскім павеце і цяпер яшчэ на 1 квадр. вярсьце жыве ўсяго каля 20 чалавек. Праўда за апошнія часы Палесьсе стала залюдняцца. Аграмадныя лясы павысяканы, а пасекі двары прадаюць сялянам, якія сюды зьяжджаюцца з усяе

Палескае возера.

Беларусі. Яны прыносяць з сабою і свае звычаі бытавыя і гаспадарскія, моцна адзначаючыяся ад палескіх.

Гісторыя застала Палесьсе заселеным Дрыгвічамі. Тутака быў і галоўны іхні палітычны цэнтр Тураў. Але Дрыгвічом не ўдалося стварыць моцнае дзяржавы і яны ўвес час былі то пад, кіеўскімі, то пад іншымі суседнімі князямі, аж пакуль ня злучыліся з рэштай Беларускіх пляменьняў, пад уладаю Літвы.

Палесьсе мела вялікае значэньне ў гісторыі Беларусі і Літвы. Яно бараніла іх увесь час ад нападу з паўдня. Пад сьценамі палескіх замкаў і гарадоў, а найбольш у балотах і лясох Палесься спыняліся магутныя напоры паўднёвых народаў на Беларусь.

Апроч гаспадаркі вясковае насяленьне займаецца і рамёсламі. У глухіх палескіх мяйсцовасьцях пануе г. зв. натуральная гаспадарка: — людзі нічога не прадаюць і вельмі мала або нічога ня купляюць. Усе патрэбныя да жыцьця рэчы робяць самі. Ведама, што хатнія рамёслы павінны быць тут моцна разьвітыя. I запраўды, — у Палесьсі напр. пашырана ткацтва, шмат людзей займаецца вырабамі з дрэва. Моцна разьвіта рыбалоўства; часамі цэлыя вёскі жывуць найбольш з гэтага промыслу. Вельмі пашырана пчалярства — ці ляпей бортніцтва, асабліва ў Мозырскім павеце.

Народ зарабляе ў лесе, на сплаве, займаецца гонкай смалы і дзёгцю, паляваньнем і інш. ляснымі промысламі.

Хвабрычная прамысловасьць досіць разьвіта. Найболыш спатыкаецца пільняў і бравароў. Апошніх асабліва многа ў Рэчыцкім павеце, які з гэтага боку займае першае мейсца ў Беларусі. Апроч таго ёсьць некалькі хвабрыкаў сярнічак, некалькі шкляных гутаў, гарбарняў і г. д. — Прамысловасьць Палесься толькі яшчэ пачынае разьвівацца і перад ёю шырокая дарога.

Важнейшыя мяйсцовасьці.

У Мозырскім павеце ёсьць некалькі вялікіх мястэчак, з каторых кожнае зьяўляецца важным цэнтрам для свае ваколіцы. Гэткія — Давід-Гарадок, Тураў, Пе́трыкаў зьяўляюцца цэнтрамі вялікае ваколіцы, роўнае па прастору цэлай дзяржаве. Усе яны ляжаць на берагох Прыпяці, альбо яе найбольшых прытокаў і зьвязаны з сьветам найбольш вадзянымі дарогамі.

Давід-Гарадок ляжыць на астравох р. Гарыні; старое мястэчка, заложанае пэўне яшчэ ў дагістарычныя часы. Цяпер у ім каля 4 тыс. жыхараў, якія займаюцца між іншым будоўляй суднаў, а так сама — рыбалоўствам, гародніцтвам (разводзяць цыбулю), служаць лоцманамі на суднах і г. д.

Тутэйшыя мяшчане — народ прамысловы. Яны вырабляюць вянгліну, кілбасы і сыры. Загатаўляюць дзічіну, сушаную рыбу і грыбы, сушаную садавіну і вывозяць усё гэта на продаж у вялікія беларускія месты а так сама і далёка за межы Беларусі, (навет у Бесарабію). Давід-Гарадзецкія рамясьнікі вырабляюць спэцыяльныя боты з даўгімі халявамі, якія так сама вывозяцца на старану; робяць тут яшчэ вельмі добрыя пляцёныя брычкі. Давід-Гарадок нейкі час лічыўся паветавым местам.

Над Прыпяцьцю, на яе правым беразе, пасярэдзіне Мозырскага павету стаіць стары Тураў, даўнейшы рэлігійны і культурны, а часткаю і палітычны цэнтр дрыгвіцкае зямлі — Палесься. Лічуць, што залажыў яго ў IX веку нейкі вараг Тур, таварыш Рагвалода. У X веку тут была заложана праваслаўная эпархія, тут жылі архірэі аж да сярэдзіны XV веку. Тады Тураў быў вялікім горадам, разсаднікам хрысьціянства і прасьветы ў Палесьсі. Пасьля, як вырас Пінск, яго значэньне зьменшылася. Ад слаўнае мінуўшчыны Турава засталіся толькі лягенды, якія жывуць сярод акалічнага люду. — Цяпер Тураў — невялікае мястэчка, з 3 тыс. жыхараў, якія найбольш займаюцца гаспадаркаю, рыбалоўствам, сплавам лесу, а так сама гандлем.

Есьць у Тураве досіць бойкая прыстань і бываюць два кірмашы ў год.

Ніжэй Турава, на левым беразе Прыпяці, стаіць гандлёвае мястэчка Пе́трыкаў з 3 тыс. жыхараў, сярод якіх шмат шаўцоў. Петрыкаўскія мяшчане адзначаюцца сваёю прамысловасьцю і здольнасьцю да гандлю. Некаторыя з іх маюць свае баркі і возяць на іх лес; шмат хто займаецца рыбалоўствам. У Петрыкаве ёсьць прыстань і зьбіраецца ў год два вялікіх кірмашы.

Паветавае места Мозыр ляжыць на высокім правым беразе Прыпяці, ў надзвычайна харошай мяйсцовасьці. Гэта досіць стары горад, вельмі часта цярпеўшы ад чужаземных нападаў. Быў тут некалісь і замак. Цяпер у Мозыры каля 12 тыс. жыхараў, ёсьць вялікая хвабрыка сярнічак і дробныя гарбарні, прыстань на Прыпяці, зьбіраюцца два кірмашы, йдзе досіць жывы ганцаль. Да апошніх часаў чыгунка йшла за 12 вёр. ад места. Цяпер праведзена новая чыгункавая лінія цераз самы Мозыр, што павінна значна аджывіць яго эканамічнае жыцьцё.

Мозырскі павет найбольшы па прастору з усіх беларускіх паветаў і найрадзей заселены. У ім найбольш балотаў і лясоў і найменш зямлі прыгоднае для гаспадаркі. Значная частка лясоў павысякана, а балотаў абсушана.

Толькі берагі Прыпяці і ваколіцы Мозыра густа заселены. Рэшта павету — глухі палескі край, вельмі слаба зьвязаны са сьветам.

У сярэдзіне Рэчыцкага Палесься, пры чыгунцы ляжыць с. Васілевічы. Тут экспэдыцыяй Жылінскага былі асушаны значныя прасторы, заложана мэтэоролёгічная станцыя. Апошнімі часамі Васілевічы сталі шыбка расьці (цяпер каля 3 тыс. жыхараў) стаў разьвівацца гандаль.

З Васілевічаў у глыбіню павету адходзіць лінія чыгункі. Яна канчаецца ў м. Хойніках. Хойнікі і Брагін — два значныя мястэчкі (Брагін стары горад), ляжачыя недалёка адно ад аднаго, у мяйсцовасьці з багатымі грунтамі (лёссавы паяс). У Хойніках была нядаўна зялезная гута.

На Дняпру, недалёка ац Брагіна, проці ўтоку Сожа ёсьць значнае гандяёвае мястэчка Лоеў з прыстаньню і вэрфяй для будовы суднаў. На Лоеўскай прыстані складаюцца тавары для развозкі па прыстанях Дняпра, Бярэзіны, Сожа.

Рэчыца паветавае места, над Дняпром пры перасячэяьні яго Палескай чыгункай. Мае 10 тыс. жыхараў, з якіх шмат хто займаецца гаспадаркай (між іншым адкормам сьвіньняў), рыбалоўствам і сплавам лесу. Разьвіты гандаль збожжам і лесам; бойкая прыстань; з хвабрыкаў ёсьць некалькі вялікіх пільняў і хвабрыка сярнічак.

Рэчыцкі павет у большай сваёй часьці мае палескі характар, з пяшчанымі грунтамі і рэдкім насяленьнем. Але па сярэдзіне павету йдзе паяс лёссавых грунтоў, мацней заселены. Так сама густа заселены і берагі Дпяпра. — У гаспадарках Рэчыцкага пав. садзяць шмат бульбы, у павеце найбольш бравароў, чымся дзе ў Беларусі.

Бабруйск адзін з большых паветавых местаў Беларусі, з 42 тыс. жыхараў, ляжыць на правым беразе р. Бярэзіны, там дзе яе перасякае Лібава-Роменская чыгунка. У трох кірунках з Бабруйску разыходзяцца шосы. Такое палажэньне робіць Бабруйск важным гандлёвым пунктам. Разьвіцьцю яго перашкаджала дагэтуль Бабруйская крэпасьць, пабудаваная тут у пачатках XIX веку расейскім урадам.

Даўнейшыя тыпы беларусоў Меншчыны.

Бабруйск вядзе значны гандаль лесам і збожжам; пры ім ёсьць прыстань на Бярэзіне. Прамысловасьць Бабруйску нявельмі значная. Есьць каля 30 дробных хвабрыкаў і заводаў — найбольш пільняў і цагельняў. Ніжэй Бабруйску, на р. Бярэзіне, ў Палескай мяйсцовасьці ляжыць значнае мястэчка Парычы з прыстаньню, з якой найбольш адпраўляюць лес.

У глыбіне Палесься над р. Птычом ляжыць м. Глуск, з 5 тыс. жыхараў; ня гледзючы на сваё папраўдзе глухое палажэньне (далёка ад чыгунак) мястэчка досіць бойка гандлюе скацінаю. Мяшчане займаюцца гаспадаркаю, рыбалоўствам і пчоламі, а так сама вырабам г. зв. глускае гарбаты (разбаўляюць праўдзівую гарбату розным зельлем). Апроч таго ёсьць некалькі гарбарняў.

Даўнейшыя тыпы беларусоў Меншчыны.

Навакола Глуску палеская мяйсцовасьць з пяшчанаю неўраджайнаю зямлёю. Такі-ж характар мае і ўвесь блізка Бабруйскі павет. Толькі на ўсход і поўнач ад Бабруйску мяйсцовасьць павышаецца, грунты лепшыя, жыхары жывуць гусьцей, лясоў і балотаў менш. Адным словам усё ў гэтай частцы павету прыпамінае сумежную Магілеўшчыну.