Географія Беларусі (1919)/Паасобныя краіны Беларусі/VI
← V. Надбужанскі край (Падлясьсе) | VI. Піншчына Падручнік Аўтар: Аркадзь Смоліч 1919 год |
VII. Вялікая Палеская Нізіна → |
VI. Піншчына.
Піншчына ляжыць над верхняй Прыпяцьцю і яе прытокамі, а так сама займае вададзел паміж Прыпяцьцю і Бугам. Да яе мы адносім паветы Пінскі і Кобрынскі.
Па прыродзе сваёй гэтая краіна выразьліва дзеліцца на тры часткі, якія навет маюць свае асобныя назовы: Зарэчча, Загародзьдзе і Палесьсе.
Зарэчча гэта балацістая нізіна, якая ляжыць на паўдня і на ўсход ад Пінску. Яе паўночную мяжу творыць Прыпяць (ад чаго і назоў), да якое тут зьбягаюцца з усіх бакоў яе важнейшыя прытокі: Стаход, Стыр, Ясельда і інш. Трапіўшы ў краіну Зарэчча з яе вельмі малым спадам, гэтыя рэкі, шырока разьліўшыся, плывуць ляніва, памалу, дзеляцца нашмат пратокаў, якія пакрываюць усе Зярэчча густою сецьцю. Сярод гэтае воднае сеці прападае часамі навет галоўнае цячэньне ракі, а разам з тым і яе імя. Гэтак навет Прыпяць вышэй Пінска ў некаторых мяйсцох траціць свой назоў і вядома пад найменьнем „Парок“, „Стаход“, „Струмень“.
Берагі рэкаў у гэтай краіне нізкія і балоцістыя. Трэба толькі, каб крыху паднялася вада і ўсё Зарэчча на шмат дзесяткаў вёрст навакола заліта. Вясною і ў восень Зарэчча зьяўляецца праўдзівым возерам. Аж да сярэдзіны лета стаіць вада, пры тым гэтак глыбока, што можна езьдзіць у чоўне ў якім — хочаш кірунку. Над вадою віднеюцца толькі вольхі і лозы якімі звычайна абрастаюць берагі пратокаў, ды на пяшчаных узгорках — астравох — вёскі пінчукоў. За час веснавое паводкі вада заносіць пяском старыя пратокі і пракопуе новыя, наносіць пяшчаныя ўзгоркі і пласты глею.
За лета ўсе гэтыя вадзяныя прасторы зарастаюць буйнымі балотнымі травамі: чаротамі, трысьнягамі, сітнікамі і інш., але паміж імі на сушэйшых гляістых мяйсцох трапляюцца астравы пазарастаўшыя асакою, а часта і вельмі добрым мурагом.
Лесу ў Зарэччы мала і толькі дзе-ня-дзе пяшчаныя грады і ўзгоркі паабрасталі хваёвым борам. Значыць называць Зарэчча „Палесьсем“ навет ня вельмі выпадае.
Жывуць тутэйшыя гаспадары досіць заможна. Значную часьць году яны адрэзаны ад усяго сьвету і навет да бліжэйшых суседніх вёсак перапраўляюцца ў чаўнох.
Пінскія балоты.
На левым беразе Прыпяці мяйсцовасьць адразу вышэе на некалькі сажняў і пераходзіць у высокую раўніну, якую называюць звычайна Загародзьдзем.
Загародзьдзе займае клін паміж ракою Ясельдаю і яе прытокам Пінаю і цягнецца на захад аж да р. Мухаўца. Загародзьдзе на ўсім яго досіць вялікім прасторы не перасякае ні адна значная рэчка, так сама і балотаў спатыкаецца вельмі мала і то найбольш па краёх Загародзьдзя, за Пінаю і Каралеўскім каналам. Грунты Загародзьдзя гляістыя, ураджайныя. Жыхары жывуць густа і багата і займаюцца найбольш земляробствам. Лясы ў Загародзьдзі павысяканы; засталося іх вельмі мала ( каля 15%); за тое вельмі многа сенажацяў, — як нідзе ў Беларусі. Усё гэта дазваляе гаспадаром трымаць шмат скаціны і сьвіньняў.
Паўночна-ўсходнюю частку Піншчыны займаюць безканечныя пушчы і непраходныя балоты Палесься, якія адгэтуль пераходзяць у Мозырскі павет і цягнуцца далёка на ўсход. З гэтаю часткаю Піншчыны аднародная паўднёвая часьціна Слонімскага павету і паўднёва-заходні край Слуцкага. У Слонімскім павеце пачынаецца паяс аграмадных балотаў паўночнага Палесься, аб якім мы ўжо казалі. У Пінскім Палесьсі ляжыць як раз балота Качайла і так сама частка балота Грычына. У лясох Пінскага Палесься вельмі многа ўсялякага зьвяр‘я і дзічыны.
Жыхары тут займаюцца лясным промыслам, паляваньнем, гадоўляй скаціны і інш. Край гэты, у якім так многа прыроднага багацьця, зусім рэдка заселены: на вялізазным прасторы налічуюць усяго некалькі дзесяткаў вёсак. А ўздоўж берагу Прыпяці, на ўсход ад Пінску на дзесяткі вёрст цягнуцца зусім бязлюдныя балотныя прасторы.
Дзяўчаткі з Піншчыны.
Клімат Піншчыны належыць да найцяплейшых і найлагаднейшых у Беларусі. Гадавая тэмпература Пінску + 6, 7, зіма бывае кароткая, мяккая; цягнецца яна менш 3-х месяцаў.
У гэты час, калі замярзаюць рэкі і балоты, ўсходняя і паўднёвая Піншчына аджывае. Па лёдзе пракладаюцца простыя дарогі, па якіх лёгка трапіць у суседняе мястэчка і ў самы Пінск жыхарам якое небудзь адрэзанае балотамі ад сьвету вёскі. Узімку найбольш аджывае тут і гандлёвае жыцьцё.
Палесьсе вельмі багата вадзянымі шляхамі. Прыпяць, Стаход, Стыр, Гарынь, Ясельда, Піна — судаходныя рэкі. А Каралеўскі і Агінскі каналы злучаюць іх з басэйнамі Віслы і Нёмна. Апроч таго цераз усю краіну праходзіць Палеская чыгунка з Берасьця — на Гомель і другая, што йдзець па ўсходняй Піншчыне з Вільні — на Лунінец і Роўнае.
Гэтыя чыгункі мяйсцамі праведзены цераз непраходныя балоты, дзе-ня-дзе навет ідуць па дрыгве.
Значэньне іхнае для Палесься і цяпер вялізазнае, а з часам пэўне-ж яшчэ паболышае.
У большай часьці Піншчыны, а ласьне ў Загародзьдзі і ў Зарэччы, жывуць пінчукі, аб якіх мы ўжо казалі вышэй.
У Піншчыне ёсьць шмат дробных мястэчак, населеных рамясьнікамі. Так-сама і вясковае насяленьне апроч гаспадаркі займаецца шмат дзе хатнімі рамёсламі. Напр. — у м-ку Горадне шмат ганчароў, а ў Пагосьці — ткачоў.
Важнейшыя мяйсцовасьці.
Пінск — стары дрыгвіцкі горад, пабудаваны ў дагістарычныя часы, — высіцца на левым беразе Піны над аграмаднымі нізінамі Зарэчча. Да правядзеньня чыгункі Пінская прыстань мела надзвычайна важнае значэньне. Тут ішоў бойкі гандаль збожжам і салам, якія дастаўляліся з Украіны і адпраўляліся ў Нямеччыну і Польшчу па каналах. Цяпер з гэтага богу Пінск мае меншае значэньне. Але яго палажэньне на сярэдзіне важнейшае вадзяное дарогі з Украіны ў Нямеччыну абяцае яму лепшую будучыну.
Хвабрычная прамысловасьць Пінску разьвіта досіць слаба. Есьць каля 20 хвабрыкаў і заводаў, з якіх найбольшыя — хвабрыка сярнічак і 4 пільні, а так сама завод будоўлі суднаў. Усіх жыхараў у Пінску каля 35 тысячаў. З старых будынкаў найцікавейшыя — гэта манастыр, пабудаваны ў XVI веку і касьцёл, пабудаваны ў XIV веку.
На захад ад Пінску ля р. Ясельды ляжыць вядомае сяло Парэчча. Гаспадары тутэйшага двара, Скірмунты, пабудавалі тут некалькі хвабрыкаў, — між іншым вялікую суконную хвабрыку, якая працуе і дагэтуль. Спэцыяльна для яе патрэбаў разводзіцца тут-жа ў Парэччы патрэбная да вырабаў сукна паўднёвая расьціна Діпсакус. Некалькі дзесяткаў год назад была тут і цукраварня (пасьля згарэла); цукровыя буракі разводзіліся ў Парэччы і яго ваколіцах. Трэба адзначыць, што ўсе Парэцкія хвабрыкі добра пастаўлены, работнікі досіць забязпечаны.
У Пінскім павеце ёсьць досіць многа невялікіх мястэчак, якія ў мінуўшчыне йгралі досіць важную ролю для ўсяе Беларусі, а цяпер яны толькі цэнтры эканамічнага жыцьця для сваіх ваколіцаў. Такія: Любяшоў, Талеханы, Нобель, Столін, Пагост, Кожан-Гарадок. За апошнія часы моцна расьце Лунінец — пасёлак пры станцыі таго-ж іменьня, дзе крыжуюцца дзьве важнейшыя палескія чыгункавыя лініі.
Вёска ля Прыпяці.
Кобрынь — паветавае места пры р. Мухаўцу з 10-цю тыс. жыхараў; досіць гандлёвы гарадок, дзякуючы свайму палажэньню пры сыстэме Каралеўскага каналу і чыгунцы.
З мястэчак Кобрыньскага павету адзначаецца Антопаль. Гэта прамысловае мястэчка: ёсьць у ім некалькі гарбарняў і маслабойных заводаў. У м. Янаве (на ўсходзе павету) жыў і замучаны іезуіт Андрэй Баболя, якога каталіцкі касьцёл лічыць сьвятым.