Перайсці да зместу

Географія Беларусі (1919)/Паасобныя краіны Беларусі/V

З пляцоўкі Вікікрыніцы
IV. Наднёманская краіна (Горадзеншчына) V. Надбужанскі край (Падлясьсе)
Падручнік
Аўтар: Аркадзь Смоліч
1919 год
VI. Піншчына

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




V. Надбужанскі край (Падлясьсе).

Да Надбужанскага Краю мы залічуем паветы Бельскі, Беластоцкі і Берасьцейскі, якія ляжаць над Бугам і яго прытокамі Нарвяй, Нурцом, Бабром і інш. Гэта самы заходні спаміж краёў Беларусі і найбольш разьвіты з прамысловага боку. Ляжыць ён на мяжы з палякамі (ляхамі), дзеля чаго, называецца Падлясьсем.

Край мае выгляд досіць роўны, пахілены на захад і на паўдня ў бок Бугу і Нарві. Берагі р. Нарві і яе прытока р. Бабра маюць ужо зусім нізінны, балотны характар. У Бельскім- жа павеце, на вададзеле Буга і Нарві мяйсцовасьць паднятая, шмат узгоркаў, сярод якіх найвышэйшыя завуцца „Княжымі горамі“ (на ўсход ад Бельска).

Грунты Надбужанскага краю досіць ураджаўныя, асабліва ў Бельскім павеце. Найбольш пашыраны тут суглінкі і супяскі. Толькі ўздоўж р. Бабра, асабліва пры яго ўтоку, ляжаць пяшчаныя грунты. Апроч таго паўднёвая палавіна Берасьцейскага павету мае характар Палесься з беднымі пяшчанымі грунтамі і вялізазнымі балотамі.

Клімат Надбужанскага Краю — цёплы і лагодны з сярэдняй гадавою тэмпэратураю каля +7,5°, цёплай, маласьнежнаю зімою і вільготным летам. Лясы пераважаюць ліставыя, але засталося іх не багата. Толькі на паўдні Берасьцейскага пав. ды каля Беластоку пазаставаліся значныя лясныя прасторы. За тое шмат сенажацяў.

Па занятках жыхараў край распадаеппа на дзьве палавіны. У паўночнай, каля Беластоку, вялізазнае значэньне маюць хвабрычныя промыслы. Каля 15 тысяч жыхараў працуюць на хвабрыках у самым Беластоку і людных вялікіх мястэчках каля яго. Шмат дробных рамясьнікоў працуюць на ўласных варштатах. З поўным правам Беласточчына займае ў Беларусі першае мейсца па разьвіцьцю прамысловасьці. Паўднёвая палова краю носіць ужо больш гаспадарскі характар, хаця і тут трапляюцца прамысловыя мястэчкі і месты.

Па ўсім краю гаспадарка стаіць высака. Значны лік мескага прамысловага беззямельнага насяленьня патрабуе, каб гаспадарка прахарчавала яго, а дзеля таго гаспадару лёгка прадаць і дабро, і бульбу, і малако. Дзякуючы добрай зямлі, ды лагоднаму клімату сеюць тут шмат пшаніцы-азімкі, асабліва ў Бельскім павеце, які ў гэтай справе займае першае мейсца ў Беларусі. У Высокім Літоўскім навет выведзены свае сарты пшаніцы і жыта. Вельмі многа садзяць бульбы. З гэтага боку асабліва адзначаецца Беластоцкі павет — ён найбольш з усіх беларускіх паветаў садзіць бульбы. Гаспадары маюць добрую, часта заводскую, скаціну, сьвіньняў і коней; па вёсках шмат садоў і вялікія прамысловыя месты ў некаторых мяйсцох займаюцца разводам гароднага насеньня на продаж (напр. у Кляшчэлях).

Шчыльнасьць насяленьня вялікая і ня толькі ў мястох, але і ў вёсках. Ізноў-жа і з боку шчыльнасьці насяленьня Беластоцкі павет займае першае мейсца ў Беларусі. Рэшта краю заселена так сама досіць густа, хаця ўжо значна радзей чымся Беласточчына.

У заходняй частцы краю пры ўтоку Нурца і Бабра перамяшаўшыся з беларусамі жывуць палякі (мазуры), а на паўдні Берасьцейскага павету пінчукі. Надбужанскія беларусы — самая заходняя частка беларускага народу, сумежная з іншымі славянскімі народамі блізкімі па мове і быту да беларусоў — палякамі і ўкраінцамі. Дзеля гэтага ў мове надбужанскіх беларусоў спатыкаюцца польскія і ўкраінскія словы.

З даўных часоў над Бугам жылі дрыгвічы; тут былі імі пазакладаны месты — Берасьце, Драгічын; сумежна з дрыгвічамі жыло літоўскае плямя яцьвезь якое да нашых часоў не дажыло, згінуўшы ў барацьбе з мацнейшымі суседзямі. За надбужанскія гарады даўгі час ішла барацьба паміж Полышчаю, Літвою і Валынскімі ды Галіцкімі (украінскімі) князямі. Некаторы час гэтыя апошнія валадалі краем і ў Драгічыне навет каранаваўся на караля Даніла, князь галіцкі. Пасьля край адыйшоў да Літоўска-Беларускае Дзяржавы.

Пасьля III разьдзелу Польшчы паўночная частка краю — Беласточчына, так сама як і Сакольскі і Аўгустоўскі паветы, былі адыйшлі пад Прусы і былі пад ёю аж да 1808 году. За гэтыя дзесяткі гадоў немцы патрапілі стварыць такі моцны прамысловы цэнтр, як Беласток. Пасьля далучэньня краю да Расеі, Беластоцкая прамысловасьць не пабурылася а разьвівалася і разьвіваецца да нашых часоў.

Важнейшыя мяйсцовасьці.

Беласток заложаны ў XIV веку, але даўгі час быў нязначнаю вёскаю. Толькі ў XVIII веку, калі тут пасяліўся гэтман Браніцкі з сваім дваром, Беласток пачаў расьці. У хуткім часе ён трапіў пад Прусы і яны тут завялі хвабрычную прамысловасьць. Гэтая прамысловасьць яшчэ больш узрасла, калі ў 30-х гадох мінулага веку была зроблена мытная граніца на мяжы Беларусі з Польшчаю. Шмат хвабрыкантаў пераехала тады з Польшчы ў Беласток разам з сваймі хвабрыкамі. У нашыя часы Беласток самае большае хвабрычнае места Беларусі. У ім больш за 300 хвабрыкаў, на якіх працуе каля 6 тыс. работнікаў; тавараў вырабляецца больш як на 6 міл. руб. Найбольш разьвіта сукон'на-кортавая прамысловасьць. Ткацкіх хвабрык 175, прадзільных 50, суконных каля 20. Апроч таго: ў Беластоку ёсьць некалькі гарбарняў, мылаварных заводаў, пільняў, млыноў і г. д.

Беластоцкія тканіны адзначаюцца сваёю танніною, шмат іх ідзець на тандэтную адзежу. Над шыцьцём гэтае адзежы ў самым Беластоку працуюць больш за 3000 краўцоў, ды на беластоцкім-жа матар‘яле працуюць найбольш і віленскія краўцы. Свае вырабы Беласток вывозіць і далёка за межы Беларусі — найбольш у расейскія месты.

З Беластоку разыходзяцца чыгункі ў 5-х кірунках і некалькі шосаў. Жыхараў у Беластоку каля 100 тыс. чалавек, паміж якіх найбалей (каля ⅔ жыдоў).

Ня менш важныя з прамысловага боку, чымся сам Беласток, яго ваколіцы. У Беластоцкім павеце ёсьць каля дзесятку вялікіх мястэчак з моцна развітаю прамысловасьцю. Важнейшыя з іх: Супрасьль, Заблудаў, Харошча, Гарадок, Ясяноўка, Гонёндз, Кнышын.

У Заблудаве (на паўдня ад Беластоку) кортавая і суконная хвабрыка і 5 вялікіх гарбарняў, 2 паравых млыны і шмат рамясьнікоў — ткачоў.

У Супрасьлі істнуюць суконныя хвабрыкі. Абодва гэтыя мястэчкі між іншым слаўны сваймі старасьвецкімі праваслаунымі манастырамі з багатымі бібліатэкамі, якіх залажылі ў XVI в. Ходкевічы. Былі тут даўней і важныя друкарні, з якіх шмат выйшла тады беларускіх кнігаў. У Супрасьльскім манастыры ў царкве, сьцены размалёваны вельмі цікавымі старымі, з XVI в. рысункамі-фрэскамі. У Харошчы, якая ляжыць над Нарвяй (на захад ад Беластоку) знаходзіцца адна з большых і лепшых суконных хвабрыкаў. Недалёка ад Харошчы ёсьць пакрытая карлаватымі дубамі гара Сьвіткавізна, на якой, як кажа лягенда, за часоў паганскіх, адпраўляліся малітвы богу Сьветавіду. Пад самым Беластокам ляжыць вёска Дайліды, ў якой ёсьць кортавая хвабрыка, бровар і хвабрыка ільняных вырабаў. А ў Гарадку (пры чыгунцы з Беластоку на Воўкавыск) сярод жыхараў шмат ткачоў — рамясьнікоў, што ткуць у сябе ў хаце корты.

У невялікім мястэчку Ясяноўцы (на паўнач ад Беластоку) моцна разьвіта гарбарства. Істнуе каля 30 гарбарняў. Акалічныя сяляне ткуць з воўны дываны.

Гонёндз вялікае мястэчка ў паўночнай часьці павету, пры чыгунцы Беласток—Граева; значная прыстань на р. Бабру, адпраўляе збожжа і лес. На другі бок Бабра ляжыць крэпасьць Асавец, пабудаваная гадоў 30 назад. Далей чыгунка йдзе па Шчучынскаму павету каля 3-х міляў і даходзіць ўрэшце граніцы Нямеччыны ў м. Граеве. Адгэтуль зялезная дарога йдзе проста цераз Лык — на Кёнігсбэрг (Каралевец).

Беластоцкі павет, як ужо казалася, займае вельмі выдатнае палажэньне ў Беларусі. Гэта найбольш прамысловы і найгусьцей заселены спаміж паветаў Беларусі. У ім вельмі многа мескага насяленьня у вялікіх прамысловых мястэчках гаспадарка стаіць высака. Грунты Беласточчыны хоць камяністыя, але досіць ураджайныя; ёсьць аднак шмат пяскоў і балотаў, асабліва ўздоўж р. Бабра. Затое ў Беласточчыне вельмі добрыя сенажаці.

У Бельскім павеце прамысловасьць мае ўжо меншае значэньне: на першы плян выступае гаспадарка. Грунты тут вельмі добрыя, клімат лагодны. Дзеля таго тут сеюць вельмі многа азімкі — пшаніцы, а так сама шмат садоў і добрых гародаў.

Апроч досіць старога павятовага места Бельска з 9 тыс. жыхараў, у павеце ёсьць вялікія і прамысловыя мястэчкі Бранск, Семяцічы, Цехановец і інш. Бранск-заходні (не мяшаць з Бранскам з над Дзясны) над р. Нурцом — мае больш 7 тыс. жыхараў. Вельмі старое места. Цяпер у ім ёсьць вялікая гарбарня, ткацкая хвабрыка і млын. Семяцічы — на паўдні павету значные мястэчка з 6 тыс. жыхараў. Есьць табачная і суконная хвабрыкі. У XVIII в. княгіня Ганна Сапяжанка залажыла бібліатэку, габінэты натуралістычны, фізычны, музэй старасьветчыны і шмат хвабрыкаў. Усё гэта пасьля яе сьмерці развалілася. Княгіня між іншым клапацілася і над доляю сялянства. Яна напісала 8 томаў статутаў для сялянства і подлуг гэтых статутаў упраўляла ў сваіх дварох. Яна старалася прывучыць народ да супольнага, грамадзкага жыцьця, заводзіла коопэратывы. У яе часы Семяцічы далёка былі вядомы. З усіх бакоў з‘яжджаліся сюды, каб прыгледзіцца да новых парадкаў, паглядзець на вучоныя габінэты і музэі.

На харошых усхонаватых берегох Бугу стаіць стары Драгічын — адзін з важнейшых дрыгвіцкіх гарадоў. Шмат бачыў ён за сваю гісторыю. Цяпер гэта невялікае мястэчка. Цікавая тут досіць высокая Замковая гара, якая ўздымаецца над самым Бугам, а на ёй руіны замку, пад‘зямельлі. Буг што году ўсё больш і больш падмывае Замковую Гару.

На абодвух берагох Нурца ляжыць прамысловае мястэчка Цехановец з 5 тыс. жыхараў. Есьць у ім некалькі суконных хвабрыкаў, 2 млыны, цагельня, бровар. Ваколіцы Цеханоўца заселены дробнаю шляхтаю, якая моцна спольшчылася.

Невялікае мястэчка Кляшчэлі ляжыць пры крыжаваньні чыгунак, што абяцае яму з часам шыбкае разьвіцьцё. Цяпер Кляшчэлі славяцца разводкаю гароднага насеньня, найгалаўней — агурковага, і хмелю.

У Бельскім-жа павеце знаходзіцца м-ка Мельнік. Проці яго за Бугам стыкаецца беларуска-польская і беларуска-украінская межы. Мельнік старое мястэчка. Цяпер яго жыхары займаюцца паленьнем вапны, якую капаюць у акалічных горах.

У паўночнай часьці Берасьцейскага павету, якая мае шмат супольнага з суседнім Бельскім паветам ляжаць між іншым старасьвецкія мястэчкі — Высокае і Камянец.[1]

Высокае мае каля 5 тыс. жыхараў, занятай гандлем і промысламі. Славіцца Высокае вельмі добра пастаўленаю гаспадаркаю ў яго ваколіцах. Адгэтуль выйшлі беларускія сарты збожжа: Высока-Літоўская пшаніца і жыта. Разводка заводзкага насеньня і цяпер вядзецца ў шырокіх разьмерах. У тутэйшым двары надзвычайна харошы парк. Камянец — значнае мястэчка (каля 7,500 жыхараў) на краю Белавежскае пушчы. Ад старых часоў (з XIII веку) перахавалася тут вежа, набудаваная валынскімі князямі, якая служыла для абароны. Завуць яе „стаўпом“.

Старое дрыгвіцкае места, Берасьце або як яго яшчэ называюць Брэст-Літоуск, — ляжыць над Бугам, пры ўпадзе ў яго Мухаўца. Лежачы ў самым паўднёва-заходнім куце Беларусі, Берасьце ўвесь час было прычынаю спрэчак паміж рознымі дзяржавамі. Валадалі ім палякі, розныя ўкраінскія князі, нападалі татары, аж пакуль не адыйшоў ён пад Літву. У XV-XVI вякох Берасьце зрабілася вялікім і багатым горадам. У гэтыя часы тут моцна разьвіўся рэфармацкі рух, была заложана друкарня, у якой друкавалася кальвінская біблія. У Берасьці было шмат старасьвецкіх манастыроў, касьцёлаў, і цэркваў, але ў 1831 гаду ў Берасьці пачалі будаваць крэпасьць і большую частку гэтых сьвятыняў абярнулі пад казармы, альбо зусім зьнішчылі.

З Берасьця ў 6-х кірунках, разыходзяцца чыгункі, ёсьць некалькі шосаў. Апроч таго Мухавец і Буг з‘яўляюцца надзвычайна важнымі воднымі шляхамі. Дзякуючы такому свайму палажэньню Берасьце мае вялікае гандлёвае значэньне.

Прамысловасьць у Берасьці так сама пачынае разьвівацца. Цяпер ёсьць некалькі сотняў дробных прадпрыемстваў з 1200 работнікамі. Усіх жыхараў — каля 50 тысяч.

Берасьцейскі павет досіць рэзка дзеліцца на дзьве часткі. На поўнач ад Берасьця грунты гляістыя, ураджайныя, насяленьне жыве густа, лясоў мала. На паўдня ад Берасьця — звычайнае Палесьсе з пяшчанымі беднымі грунтамі, з рэдкім насяленьнем, багатае на лясы і балоты. На паўдня ад Берасьця жыве народ найбольш падобны да жыхараў Пінскага і Кобрынскага паветаў — пінчукоў.



  1. Іх у літэратуры звычайна называюць Літоўскімі (Высокае-Літоўскае, Камянец-Літоўскі), дзеля таго, што яны належылі, як і ўся Беларусь — да Літвы і на тое каб адрозьніць іх ад іншых местаў з такім самым назовам. Ведама што ніякіх ліцьвіноў тут няма.