Перайсці да зместу

Географія Беларусі (1919)/Паасобныя краіны Беларусі/IV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
III. Краіна Менскага Узгор‘я IV. Наднёманская краіна (Горадзеншчына)
Падручнік
Аўтар: Аркадзь Смоліч
1919 год
V. Надбужанскі край (Падлясьсе)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




IV. Наднеманская краіна (Горадзеншчына).

Да Наднёманскае краіны мы адносім тыя паветы, што ляжаць уздоўж сярэдняга бегу Нёмна і яго прытокаў: Горадзенскі, Сакольскі, Ваўкавыскі, Пружанскі і Слонімскі паветы Горадзенскае губэрні, Лідзкі павет Віленскае губ. і беларускую частку Сувальскае губэрні (Аўгустоўскі павет і часьці іншых).

Краіна гэта мае выгляд лагчыны, на дне якое, пасярод краю, цячэ Нёман. Ад Нёмна і на паўдня і на поўнач мяйсцовасьць робіцца вышэйшаю. На поўначы, у Лідзкім павеце, цягнуцца разарваныя вузкія ланцугі ўзгорьяў, (Лідзкае ўзгор‘е) пераходзячыя на паўначы павету ў значнае Віленскае ўзгор‘е. Яны прымушаюць Нёман рабіць вялікую дугу ад Наваградка да Горадні. На паўдня ад Нёмна разьлягліся невялікія і нявысокія ўзгор'і (Ваўкавыскае, Горадзенскае), разьдзяляючыя басэйны Нёмна і Віслы.

Ваўкавыскае ўзгор‘е цягнецца на ўсход ад. м. Ваўкавыску, ў Ваўкавыскім і Слонімскім пав. да р. Шчары і дзеліцца папалам глыбокаю далінаю р. Зальвянкі. Вышыня яго каля 100—120 сажняў. На паўдня ў Пружанскім пав., ступянёва і нязначна зьніжаючыся, пераходзіць яно ў палескую нізіну. Горадзенскае ўзгор‘е ляжыць на паўдня і на захад ад Горадні — у Сакольскім, Горадзенскім і Аўгустоўскім паветах. Вышыня яго меншая крыху, чымся Ваўкавыскага, але ўсё-ж даходзіць 100 сажняў. Дзякуючы гэтаму ўзгор‘ю, Нёман пад Горадняю мусіць крута павярнуць на поўнач.

Далей на захад ляжыць шырокая пескавая даліна р. Бабра, якая цягнецца да самага Нёмна. У часах ледавіковых па гэтай даліне плыў Нёман, уліваючы свае воды праз Нарэў у Віслу. Пасьля Нёман прабіўся праз скалы Сувальскага ўзгор‘я і пабег на поўнач. Яго дно сталося балотнаю далінаю р. Бабра. Цяпер старым сьледам Нёмна йдзе Аўгустоўскі Канал, што злучае Нёман з р. Бабром. На захад ад каналу падыймаецца значнае і высокае Сувальскае узгор‘е. Большая яго частка знаходзіцца ўжо за межамі Беларусі.

Урэшце на ўсходзе краіны ў Слонімскім пав., за р. Шчараю ляжыць значная частка Наваградзкага ўзгор‘я, якое даходзіць тут значнай высачыні (вышэй 140 сажняў). За тое паўднёвая частка Слонімскага пав. мае характар ужо чыста палескі і нічым ня розьніцца ад суседняе з ёю паўночнай Піншчыны.

Клімат Наднёманскае краіны цяплейшы і мягчэйшы, чымся ўсіх папярэдніх, што зусім зразумела. Наднёманская краіна моцна пасунута на паўдня і захад, калі прыраўнаваць яе нават да Менскае, альбо Віленскае краінаў. Зіма тут бывае мягкая, сьнег у адлігу часта сходзіць. Затое ўлетку ідзе больш дажджоў, неба пахмурнейшае. Сярэдняя гадавая тэмпэратура каля + 7°. Блізкасьць мора моцна ўплывае на клімат гэтае краіны. (Ад Аўгустова да мора — 170 вёр.).

Грунты краіны ў большасьці — лёгкія супяшчаныя, досіць ураджайныя. Паміж супяскоў, на больш павышаных мяйсцовасьцях, ляжаць астравамі — цяжэйшыя суглінкі, гэтак званыя пшанічныя землі. Але за тое спатыкаецца досіць многа і зусім бедных пяшчаных грунтоў. Найбольш іх у Слонімскім пав. на правым беразе Шчары, а так сама ля Нёмна ў Горадзенскім пав. (правы бераг) і ў Аўгустоўскім (левы бераг). Хаця большая частка гэтых пяскоў ляжыць пад лясамі, але шмат ужо лясоў парасьцярэблівана. Не заўсёды ўмеў аднак гаспадар скарыстаць з пяшчанага грунту; часта вецер раздзьмухуе палеткі і робіць на іх мейсцы сьветла-жоўтую пяшчаную пустыню — выдму.

Сярэдзіна Наднёманскае краіны мае мала лясоў; часта спатыкаюцца зусім бязлесныя мяйсцовасьці, дзе на дзесяткі вёрст наўкола няма лесу. За тое ўздоўж межаў краіны, цягнуцца вялікія лясы — пушчы. Паўночныя наднёманскія пяскі займаюць пушчы Горадзенская і Аўгустоўская. З усходу ідуць Дакудаўскія лясы — ля Нёмна, і цэлы лесны паяс уздоўж пяшчанага правага берагу Шчары. Урэшце на паўднёвых адхоноватых спадах Ваўкавыскага ўзгор‘я, ляжыць слаўная Белавежская пушча.

У лясох расьце ўжо шмат ліставога дрэва; спатыкаюцца і цэлыя ліставыя лясы, напр. дубнякі. На паўднёвым усходзе ў Слонімскім і Пружанскім паветах ляжаць абшырныя балоты, праўда ўжо моцна падсушаныя. Частка іх улетку ўжо косіцца. Сенажацяў наагул уздоўж рэкаў краіны ёсьць шмат; гэта дазваляе трымаць больш скаціны.

Гаспадарка ў Наднёманскай краіне стаіць высака і да таго-ж ня толькі ў дварох, а і на вёсках. На лёгкіх грунтох, якіх ў краіне найбольш, дзе даўней сеялі толькі авёс ды грэчку, цяпер садзяць шмат бульбы, сеюць канюшыны, сарадэлі і інш. Найбольш сеюць, ведама, жыта, аўсу, а пасьля бульбы. Сеюць так сама і ячмень і грэчку пры чым грэчкі тут сеюць больш, чымся ў суседніх краёх. Гадуюць заводзкую скаціну: коней, сьвіньні. Разводзяць значныя сады і гароды.

Як мы ведаем, цераз краіну праходзіць апрача Нёмна яшчэ Шчара, злучаная з Прыпяцьцю Агінскім каналам. Гэтыя вадзяныя дарогі, калі-б былі добра выкарыстаны, маглі-б моцна падняць эканамічнае жыцьцё краю. Цяпер яны служаць найбольш для сплаву лесу, даючы заробак насяленьню, асабліва ў Пружанскім і Слонімскім паветах.

Па ўсім краі разсыпана шмат дробных мястэчак, населеных найбольш жыдамі. У мястэчках звычайна шмат рамяснікоў, а ў некаторых вырастаюць і хвабрыкі як, прыкладам, у мяст. Крынках. З прамысловага боку Наднёманская краіна досіць разьвіта. Найбольшы прамысловы цэнтр — Горадзен. Моцна йдзе ў гару і Слонім.

Апроч вадзяных дарог краіна досіць багата чыгункамі і асабліва шосамі. Краіну перасякаюць 7 чыгункавых лініяў і шмат шосаў. Есьць 5 вузлавых станцыяў: Горадзен, Ваўкавыск, Ліда, Масты і Гайнаўка. З Горадна разыходзяцца чыгункі ў 4 кірунках, а шосы ў 5-х.

Важнейшыя мяйсцовасьці:

На высокім правым беразе Нёмна, пры ўтоку р. Гараднічанкі разьлёгся паміж лясістых глыбокіх яроў стары Горадзен альбо, як яго часьцей называюць Горадня. Гэта адзін з цікавейшых і харашэйшых беларускіх гарадоў, астравок старое эўропейскае цывілізацыі сярод безканечных наднёманскіх пушчаў.

Горадзен ляжыць як раз недалёка ад таго мейсца, дзе Нёман, найбліжэй падыйшоўшы да рэк сыстэму Віслы (Бобр) і вялікіх мазурскіх азёраў, што ляжаць у Прусах на бліжэйшай дарозе да мора, крута заварачуецца і цячэ ўжо далей на поўнач у краіны літоўскія.

Мяйсцовасьць з такім добрым географічным палажэньнем была пэўне-ж заселена яшчэ ў самыя далёкія дагістарычныя часы. Гісторыя-ж застае тут дрыгвічоў, якія, пэўне, прыплыўшы па Нёмну, занялі гэты важны пункт і ўсю яго ваколіцу. На беразе Нёмна пабудавалі яны замак Горадзен (абгароджаны сьцяною) і адгэтуль пачалі разсяляцца далей па Бабру і ўніз па Нёмну сярод дзікіх бязлюдных пушчаў, што ляжалі ўздоўж гэтых рэкаў, аж пакуль не дайшлі да літоўскіх сялібаў на поўначы і захадзе.

З часам Горадзенскі замак быў яшчэ больш умацаваны, а каля яго вырасла вялікае і багатае места, меўшае шырокія гандлёвыя зносіны. Яго разьвіцьцю аднак моцна перашкаджалі напады чужынцоў на гэты, далёка на захад высунуты, клін беларускае зямлі. Праз XII і XIII вякі места некалькі разоў забіралі, палілі і рабавалі рыцары-крыжакі, палякі, украінцы, татары. Беларускія Горадзенскія князі і выгадаванае ў бітвах насяленьне моцна баранілі роднага места.

Урэшце Горадзен, як і ўся Беларусь апынуўся пад Літоўскімі князямі. Вялікія Князі Літоўскія вельмі любілі Горадзен, часта і падоўгу тут жылі. Так сама пасьля ўпадабаўся Горадзен каралём польскім. Апроч свайго хараства быў гэта з вялікіх беларускіх гарадоў найбліжэйшы да Польшчы. Найбольш у Горадні жыў слаўны кароль польскі Стэфан Баторы. Ен-жа пабудаваў тут каменны замак, які істнуе і да нашых часоў (Стары Замак).

Пазьней Горадзен зрабілі сэймовым местам і кожын па чародзе трэці сойм адбываўся тут у сумысьле на тое пабудаваных палацах. Тут былі каралеўскія канцэлярыі, а ў канцы XVIII веку сюды пераведзены быў Галоўны Трыбунал (суд) і Грашавая Камісыя (міністэрства фінансаў). Урэшце ў Горадні адбыўся сойм, які згодзіўся аддаць большую часьць Беларусі Маскоўцам, падпісаны быў акт аб другім падзеле Польшчы ў 1793 гаду і тут-жа яшчэ цераз два гады апошні кароль Польскі выракся свайго каралеўскага пасаду, дый з Горадні-ж выехаў ён на заўсёднае жыцьцё ў Пецярбург.

У гісторыі гэтага старасьвецкага места, як мы бачым, адбыліся найвыразьнейшыя абразы нешчасьлівага саюзу Беларуска-Літоўскае Дзяржавы з Польшчаю. Як раз у мурох гэтага беларускага места гісторыя наймацней пакарала Польшчу за зьніштажэньне незалежнасьці Беларуска-Літоўскае Дзяржавы.

З старых будынкаў (а ёсьць іх у Горадні даволі) асаблівай увагі варта Барысаглебская царква, што знаходзіцца ў Каложы (прадмесьце Горадні за р. Гараднічанкаю, проці Замку). Царква гэтая стаіць ля самага берагу Нёмна і дзеля таго чэстка яе сьценаў разам з берагам абвалілася. Царква будавана у бізантыйскім стылю; яе сьцены маюць у сярэдзіне ўмураваныя гаршкі — галасьнікі для лепшага гуку сьпеваў. Зьверху над гэтай цэннай памяткай старасьвецкага беларускага будаўніцтва зроблена дзераўляная павець.

З касьцёлаў найбольшае ўвагі па свайму хараству заслугуе Фарны (даўней езуіцкі) касьцёл, будаваны ў XVII веку. У капліцы пры гэтым касьцеле ёсьць цудоўны абраз Багародзіцы; на сьценах гэтае-ж капліцы зьмешчаны старасьвецкія абразы цудаў Прач. Багародзіцы, на якіх мы можам пабачыць між іншым старасьвецкія беларускія вопраткі, павозкі і г. д.

Есьць яшчэ некалькі старых касьцёлаў і цэркваў — прыкл. у манастыры Брыгітак, Бэрнардынаў і г. д., якія найбольш пабудаваны ў XVII веку. У мурох Барысаглебскага манастыра зьмяшчаецца адна з першых і лепшых беларускіх школак.

Асаблівай увагі варт стары замак Горадзенскі, пабудаваны ў часы Баторыя, ў XVI в. Стаіць ён у вясёлым мейсцы на высокім беразе Нёмна пры самым утоку р. Гараднічанкі, а ад места ён аддзелены глыбокім ровам, цераз які перакінуты стары каменны мост. Стромкія спады гары паабрасталі густым хмызьняком, а ўнізе плыве стары Нёман. Зьверху-ж, з замку адкрываюцца цудоўныя віды ў далячыню на пяшчыстыя берагі Нёмна і надбярэжныя хваёвыя бары.

У канцы XVIII веку Горадзен з культурнага і прамысловага боку стаў адным з першых местаў у Беларусі. Падскарбі Літоўскі (міністар фінансаў) Антоні Тызенгаўз залажыў тут вэтэрынарную і мэдыцынскую, каморніцкую і архітэктурную школы, бібліатэку, батанічны сад, кадэцкі корпус, тэатр, балет і аркестр, друкарню і славалітню (дзе робяць друкарскія шрыфты) і выдаваў газэту. Зьбіраўся пабудаваць абсэрваторыю астранамічную і ўвесь час меў на думцы, каб залажыць у Горадні Акадэмію Навукаў.

Вельмі многа зрабіў Тызенгаўз і ў справе эканамічнай. Апроч усякіх палепшаньняў у гаспадарцы каралеўскіх маемасьцей, якімі ён загадаваў, апроч правядзеньня дарогаў, асушэньня балотаў, пракапаньня Каралеўскага Каналу, ён залажыў у Горадні, глаўным чынам у яго прадмесьці Гародніцы, паложанай на правым беразе р. Гараднічанкі і ў Ласосьне — за Нёмнам, каля 15 хвабрыкаў: палатняную, якая па сваім вырабам была нягорш вядомых галяндзкіх хвабрыкаў, суконную, шаўковых вырабаў, аксамітаў, хвабрыку мэталёвых вырабаў, карэтную і інш. Больш 3000 чал. працавала на гэтых хвабрыках. Аднэй толькі вышэйшай адміністрацыі (выпісанай з-заграніцы) было каля 70 чалавек. Паадкрываны былі хвабрычныя крамы па ўсім краю. А ў Гораздні заложаны быў банк і гандлёвая кантора, якая зносілася загранічнымі фірмамі.

Тызенгаўз хацеў зрабіць Беларусь адразу прамысловым краем. Але яго хутка скінулі з пасады, дзякуючы прыдворнай інтрызе; без яго-ж і школы і хвабрыкі хутка паразваліваліся. Толькі аб балету і аркестру кароль паклапаціўся і забраў іх у Варшаву.

Нёман пад Друзгенікамі.

Аднак і цяпер Горадзен досіць прамысловае места. У ім ёсьць хвабрыкі — табачныя, мылаварныя, бравары, цагельні і г. д. з 3 тыс. работнікаў. На Нёмне — значная прыстань. Апроч таго шмат чыгунак і шосаў, якія злучаюць яго з Вільняю, Беластокам, Варшаваю і іншымі местамі. Улетку вялікі кірмаш. Наагул гандаль Горадні значны, але куды меншы, чымся яму трэба было быць пры такім дагодным геаграфічным палажэньні гэтага места.

Горадзен.

Горадзенскі павет Нёмнам дзеліцца на дзьве часткі, мала адна да аднэй падобныя. Паўночная мае пяшчаныя грунты і ў большай часьці занята лясамі Горадзенскае пушчы. Паўднёвая частка пакрыта больш цяжкімі, ураджайнымі грунтамі, ўзгоркаватая (Горадзенскае Узгор‘е), гусьцей заселеная і блізка што бязлесная.

На поўнач ад Горадні, ля Нёмна, ляжаць Друзгенікі. Сюды зьяжджаецца што году каля 10.000 хворых на лячэньне друзгеніцкімі водамі (бромо-іодовымі) і на супачынак сярод цудоўнае прыроды гэтай мяйсцовасьці. Друзгенікі ляжаць пры этнаграфічнай мяжы паміж ліцьвінамі і беларусамі.

Масты, — на ўсход ад Горадні, значная прыстань на Нёмне са складамі для ссыпкі збожжа. Ад Мастоў разыходзяцца чыгункі ў 3-х кірунках — на Горадзен, Ліду і Ваўкавыск. Паміж Мастамі і Горадняю ляжыць фалів. Мілкоўшчына, дзе радзілася Аліза Гарэшкавая, якая гэтак хораша апісала Наднёманскі край і тамашніх людзей.

На паўдня ад Горадні ляжыць значнае мястэчка Крынкі, у якім ёсьць некалькі вялікіх гарбарняў. Есьць апроч таго ў гэтай часці павету некалькі значных гандлёвых мястэчак, як прыкл. В. Бераставіца з вялікімі кірмашамі на коні, Алекшыцы і г. д.

Ліда — невялікае старое места на вузьле дзьвёх чыгунак. Насяленьня каля 8 тыс. чал. Некалькі дробных хвабрык з 500 работнікамі. Гандаль досіць значны — скацінаю, сьвіньнямі і коньмі і наагул прадуктамі гаспадаркі.

Руіны Лідскага замку.

Эйшышкі — старое беларускае мястэчка з 2½ тыс. насяленьня. Даўней называлася Остравам, а ліцьвіны заваяваўшы яго ў XIII в. зьмянілі назоў. Мястэчка вядзе бойкі гандаль скацінаю і сьвіньнямі. З ваколіцаў шмат выяжджаюць у Амэрыку. Жалудок невялікае мястэчка славіцца сваім конскім кірмашам. Тут пахаваны адзін з віднейшых эканамічных дзеячоў Беларусі Антон Тызенгаўз.

Лідскі павет заняты нявысокім ўзгор‘ем, якое адходзіць ад Віленскага узгор‘я і ступянёва зьніжаецца ў кірунку да Нёмна. Грунты мае, асабліва ў паўднёвай часьці ўраджайныя. Насяленьне тут жыве густа, як ні ў адным з паветаў даўнейшае Віленскае губэрні. На поўначы павету, за Эйшышкамі, беларусы жывуць перамяшаўшыся з ліцьвінамі.

Слонім, ля р. Шчары — старае, беларускае места. Найбольшы росквіт быў у XVIII веку, калі тут была рэзыдэнцыя важнага магната, князя Агінскага, (каторы за свой кошт пракапаў Агінскі канал). Тады Слонім моцна вырас. Пасьля ён крыху падупаў, а цяпер з правядзеньнем чыгункі і шосаў на Берасьце, Беласток і Баранавічы йзноў пачаў шыбка разьвівацца. Цяпер у ім насяленьня больш за 20 тыс. Есьць прыстань, якая адпраўляе шмат лесу і хлеба ў Прусы. Есьць суконная хвабрыка і некалькі заводаў.

Слонім.

За 10 вёрст ад Слоніма, ля Шчары, знаходзіцца м. Жыровіцы. У XV веку тут у лясной нетры, на йгрушы пастухі знайшлі абраз Багародзіцы, які праславіўся пасьля на ўсю Беларусь. Быў пабудаваны манастыр, а каля яго вырасла мястэчка. I да цяперашніх часоў сюды сходзяцца тысячы багамольцаў.

На поўнач ад Слоніма, недалёка ад Нёмна, ў гарыстай мяйсцовасьці ляжыць прамысловае м-ка Дзятлава. Тутэйшыя рамясьнікі вырабляюць найлепшы паркет. Мястэчка наагул тарговае і багатае. Насяленьня каля 5 тыс. чал.

У заходняй часьці Слонімскага пав. ёсьць два мястэчкі: Дзярэчын і Ражана, у якіх даўней жылі магнаты Сапегі з сваім казачна-пышным дваром. Уперад рэзыдэнцыя Сапегаў была ў Ражане, але пасьля Сапегі залажылі там некалькі хвабрыкаў, з якіх суконная істнуе і дагэтуль, а самі перабраліся ў Дзярэчын, дзе ў харошай мяйсцовасьпі пабудован раскошны палац, якога называлі Малым Версалем. Дзярэчын славіцца сваймі, садамі, адкуль выйшаў вядомы беларускі сорт ігрушаў сапяжанкі. У мястэчку ёсьць гарбарня; спаміж жыхараў шмат ёсьць муляроў і каменяроў.

У Марачоўшчыне, невялічкім фаліварку каля м-ка Косава радзіўся Тадэуш Касьцюшка, слаўнейшы начальнік польскага войска.

Рака Шчара дзеліць Слонімскі павет на дзьве розных часьці. На ўсходзе мяйсцовасьць надзвычайна гарыстая, з харошымі відамі, за якія яе называюць Слонімскай Швайцарыяй. Грунты тут найбольш лёгкія, ля р. Шчары пяскі, пакрытыя

Зубры ў Белавежскай пушчы.

З Белавежскае пушчы.

вялікімі лясамі. Захад Слонімскага павету ляжыць на ніжэйшых узгор‘ях, (Ваўкавыскае) мае ўраджайныя грунты, густа заселены. На паўдні павету, за Шчараю, ляжаць абшырныя балоты (Малочкава і інш.) і лясы, з беднымі грунтамі і рэдкім нясяленьнем. Гэта ўжо Палесьсе.

Усходняя частка Пружанскага павету зьяўляецца пераходнаю да Пінскага краю. Есьць у ёй шмат балот і балоцістых сенажацяў, зямля аднак досіць ураджайная. У гэтай часьці павету галоўным эканамічным цэнтрам зьяўляецца Бяроза Картузская, тарговае і прамысловае мястэчка ля чыгункі. З м. Пружаны у 5-х кірунках расходзяцца шосы. Насяленьня ў гэтым месьце каля 10 тыс. чал.

Усю заходнюю частку Пружанскага павету займае найбольшая у Эўропе Белавежская пушча. Грунты тут найбольш лёгкія пяшчаныя і супяшчаныя. Насяленьне найбольш займаецца лесавымі промысламі. Насяленьне досіць рэдкае. У самы цэнтр пушчы — вёску Белавежу, праведзена чыгунка з Бельску.

На краю пушчы ляжыць значнае мястэчка Шарашэва.

Ваўкавыск з 10 тыс. насяленьня ляжыць пры крыжаваньні дзьвёх чыгунак. Старое беларускае места, заложанае ў X веку. У яго павеце асабліва адзначаюцца два старасьвецкіх гандлёвых мястэчкі — Зэльва і Сьвіслач з вялікімі кірмашамі, на якія зьяжджаліся даўней з далёкіх навет паветаў. Асабліва вялікі кірмаш бывае ў Зэльве. Ен цягнецца аж 2 месяцы, улетку. У Сьвіслачы істнуе беларуская вучыцельская семінарыя. Мястэчка досіць прамысловае.

У в. Мастаўляны радзіўся Каліноўскі, галава паўстаньня проці расейцаў у 1863 г. Быў ён шчырым беларусам.

У Сакольскім павеце, апроч самой Саколкі, — невялікага места з 5 тыс. жыхараў, ёсьць яшчэ некалькі гандлёвых і прамысловых мястэчак; у Янаве ёсьць хвабрыка зялезных вырабаў, у Васількаве, — які ўжо трэба аднесьці барджэй да Беласточчыны, ёсьць прадзільная хвабрыка. Багатыя гандлёвыя мястэчкі Сухаволя, Дуброва. У апошнім, у касьцеле ёсьць крыж з надзвычайнай па мастацтву свайму разьбою.

У манастыры, у Ражаным Стоку ёсьць цудоўны абраз Багародзіцы, дзеля чаго сюды зыходзяцца што году дзесяткі тысячаў багамольцаў.

Увесь Сакольскі павет пакрыты ня высокімі харошымі ўзгоркамі, якія зьніжаюцца ў бок даліны р. Бабра; павет мае добрую ўраджайную зямлю. У тутэйшых рэчках шмат рыбы, у некаторых сустракаецца форэль. На паўдні павету ляжыць досіць абшырная Букштэльская пушча. Сялянства ў Сакольскім павеце заможнае і мае вялікую ахвоту вучыць дзяцей. За апошнія дзесяткі гадоў шмат выйшла з Сакольскага сялянства інтэлігэнцыі — асабліва духаўнікоў.

Аўгустоўскі павет і частка Сэйнінскага, якія заселены беларусамі, займаюць обшырныя лясы вядомыя пад назовам Аўгустоўскае пушчы. У гэтай пушчы ёсьць шмат рэчак і дробных азёраў. З рэчак найбольшая — р. Чорная Ганжа, якая ўходзіць у сыстэму Аўгустоўскага каналу. Спаміж балотаў найбольшае — Воўчае. Насяленьне тут чыста беларускае але ёсьць крыху высяленцаў з Польшчы — мазуроў, якія займаюцца гонкаю смалы і дзёгцю. Іх называюць буднікамі. Апроч гаспадаркі, жыхары тутэйшыя займаюцца рыбалоўствам (рыбы тут шмат) і дабычаю балотнае руды і торфу на апал. На краю пушчы, у м-ку Штабіне ёсьць хвабрыка зялеза і гаспадарскіх прыладаў. Вырабляюць тут так сама жорны для млыноў.

Аўгустоў ляжыць паміж вялікіх двох азёраў сярод бедных лясістых пяшчаных ваколіцаў пры Аўгустоўскім канале. Рух на канале малы дзеля малое вады, а яшчэ затым, што праведзена чыгунка і ўсе грузы йдуць па ёй. Ад Аўгустова чыгунка йдзець праз Сувалкі проста ў Нямеччыну.

У паўднёвай частцы Аўгустоўскага павету, каля Горадні, мяйсцовасьць бязлесная і гарыстая (Горадзенскае ўзгор‘е) зямля ўраджайная, шмат садоў. Есьць тут навет свая асобая парода скаціны — зубровая, якае мае кароткія рогі і надта малочная. Каля в. Лабна капаюць тут крэйду, якая ляжыць ня глыбока пад зямлёю.

Над Нёмнам, у Сэйнінскім пав. ляжыць в. Лішкоў з руінамі старога замку, некалісь, яшчэ у XI веку пабудаванага Горадзенскімі беларускімі князямі.

Р. Чорная Ганжа ў Аўгустоўшчыне.

У Сакольскім і Аўгустоўскім паветах, у беларускай мове спатыкаюцца польскія словы. Аднак граніца паміж беларусамі і палякамі тут вельмі рэзкая. Гэтаму памагае і нацыянальная сьвядомасьць, якая сярод тутэйшых беларусоў значна пашырана.