Географія Беларусі (1919)/Паасобныя краіны Беларусі/III

З пляцоўкі Вікікрыніцы
II. Віленскі край. III. Краіна Менскага Узгор‘я
Падручнік
Аўтар: Аркадзь Смоліч
1919 год
IV. Наднёманская краіна (Горадзеншчына)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




III. Краіна Менскага Узгор‘я.

Менскае ўзгор‘е, разам з суседнім Наваградзкім займаюць паветы: Менскі, Наваградзкі і Слуцкі. Зяходзяць яны і ў паветы Слонімскі, Барысаўскі і Ігуменскі, але займаюць меншую частку гэтых паветаў, дзеля чаго апошнія прыходзіцца прылучаць да іхніх краёў. Найляпей было-б гэтыя паветы разьдзяліць; тады можна было-б злучыць разам усю краіну, якую займаюць Менскае і Наваградзкае узгор‘і.

Краіна гэтая займае цэнтральнае палажэньне ў Беларусі, да таго-ж яна найвышэй паднята. Тут знаходзяцца найвышэйшыя беларускія горы — напр. Лысая гара (161 саж.).

Мяйсцовасьць найбольш мае рэзкі гарысты характар. Азёраў тут аднак вельмі мала, чым гэты край выразна адзначаецца ад марэннага Задзьвіньня. З другога боку паўднёвыя часткі Слуцкага і Наваградзкага паветаў зьяўляюцца ўжо пераходам да палескае нізіны, а некаторыя мяйсцовасьці ў Слуцкім павеце (на паўдні) маюць навет зусім палескі выгляд. Дый наагул у Случчыне ўзьгор‘е ўжо шмат ніжэйшае і мяйсцовасьць пакрысе пераходзіць у раўніну. Так сама ўздоўж Нёмна, на яго правым беразе цягнуцца досіць шырокія пяшчаныя раўніны.

Гаспадар з Меншчыны.

Што да грунтоў, то на версе ўзгор‘яў заляглі найбольш суглінкі і супяскі, на адхонаватых-жа спадах узгор‘яў ляжаць цяжкія, але ўраджайныя гляістыя грунты. Слуцкія і Наваградзкія грунты вядомы па усёй Беларусі са сваёй ураджайнасьці. Тут гаспадары сеюць шмат пшаніцы — азімкі і яна добра родзе...

Гаспадарка наагул стаіць тут досіць добра і гаспадары найбольш заможныя. У Наваградзкім павеце разьвіта гадоўля коней цяжкіх найбольш пародаў; усюдых дзяржаць найлепшыя пароды сьвіньняў і кароваў. Сеюць шмат травы, а на пяшчаных грунтох сеюць усюдых лубін; акуратна гнояць зямлю, добра яе вырабляюць плугам, а часамі і спранжыноўкай. Асабліва добра гаспадараць двары.

Клімат Менскага ўзгор‘я досіць мяккі і цёплы. Праўда, акуратных досьледаў аб клімаце няма, бо ўва усёй краіне няма добрае мэтэорологічнае станцыі.

Трэба лічыць, што сярэдняя гадавая тэмпэратура Менску — каля + , студнёвая каля -, ліпнёвая + 18. Зіма тут ужо бывае заўсёды з сьнегам; рэдка калі, ў адлігу, сярод зімы гіне сьнег. Ападаў бывае каля 500 міллім. Паветра звычайна тут сушэйшае, чымся ў Віленшчыне і неба часьцей бывае яснае.

Лясоў у Менскім краю засталося ўжо мала. Спатыкаецца шмат такіх мясцоў, асабліва ў Наваградзкім і Слуцкім паветах, дзе зусім няма лесу, на дровы навет, і насяленьне пакрысе пачынае апаліваць хаты торфам. Найбольш лесу засталося на паўдні Слуцкага і Наваградзкага паветаў, — якія трэба было б залічыць да Палесься... Апроч гэтага лясы захаваліся яшчэ на поўначы Наваградзкага пав., на ўсход ад Менску і на паўдні Менскага пав. уздоўж верхняга Нёмна. Лясы тут найбольш маюць у сабе елкі і хвоі. Але дамешуецца ўжо вельмі многа ліставога дрэва: дубоў, асіны, бярозы, грабу, арэшніку і інш. У Менскім павеце лясныя заробкі кормяць шмат людзей.

Менскі край заселены густа. Па шчыльнасьці засяленьня ён займае адно з першых мяйсцоў у Беларусі. Гэтак ёсьць дзякуючы добрым грунтом, а так сама большай бязпечнасьці гэтага краю ад нападаў чужынцоў і яго цэнтральнаму палажэньню ў Беларусі. Вясковае насяленьне, апроч гаспадаркі, займаецца часта хатнімі рамёсламі. Асабліва разьвіта ткацтва, хаця за апошнія часы яно пачынае падаць, бо народ усё больш і больш прызвычаюецца да танное крамніны і саматканы носіць найбольш пры рабоце.

Хвабрычная прамысловасьць краю разьвіта слаба. Толькі Менск пакрысе робіцца вялікім хвабрычным местам. У ім каля сотні хвабрыкаў і больш за 2000 работнікаў. У іншых мястох і мястэчках вялікіх хвабрыкаў няма, але па дварох вельмі многа бравароў ва ўсіх трох паветах, асабліва ў Слуцкім. У Менскім павеце ёсьць некалькі пільняў.

У Менскім краю вадзяных шляхоў блізка што няма. Толькі Нёман даходзіць тут значнай шырыні і па ім тут ужо пачынаецца судаходзтва. Край перасечаны дробнымі рэчкамі з камяністым найбольш дном і цякучымі ў глыбокіх і шырокіх далінах. Чыгункамі багаты Менскі павет; у Слуцкім-жа да апошняга часу чыгункі можна лічыць што і ня было (праходзіла па глухой мяйсцовасьці на самым краю павета); затое цераз усю Случчыну йшла шоса.

Важнейшыя мяйсцовасьці: Менск — цяперашні палітычны цэнтр Беларусі, яе сталіца, — вельмі старое места. Калі ён заложаны — нямаведама, але ўжо ў XI веку ён істнаваў і меў відаць важнае значэньне, як гандлёвы пункт. Менск ляжыць ля р. Сьвіслачы — цяпер невялікай і плыткой ракі, якая пачынаецца за 4 мілі ад Менску. Даўней Сьвіслач была куды большаю і глыбейшаю. Ня толькі па ёй, але і па яе прытоках, вышэй Менску, хадзілі вялікія чаўны з сольлю, з дабром, з усякімі заморскімі таварамі. Недалёка ад Менску пачынаюцца прытокі Вяльлі. Вось-жа ў Менску сустракаліся тавары з захаду, што плылі Вяльлёю — з усходнімі і паўднёвымі таварамі, прывезенымі па Сьвіслачы, Бярэзіне і Дняпру. У Менску гэтымі таварамі мяняліся — ад чаго і самы назоў места.

Менск. Агульны від.

Менск быў упярод пад уладаю Полацку, а пасьля, разам з гэтым апошнім, увайшоў у склад Літвы. Пад Літвою, а пасьля пад Польшчаю Менск быў увесь час галоўным горадам Менскага ваяводзтва, калі-ж Беларусь адыйшла пад Расею, Менск быў зроблены губэрнскім местам.

У Менску, пры яго тысячагадовай гісторыі, засталося мала памятак старасьветчыны. У цэнтры места, каля нізкога Рынку, ля р. Сьвіслачы быў даўней Менскі замак. Цяпер ад яго пазаставаліся толькі валы, на якіх цесна забудаваліся бяднейшыя кварталы Менску. Каля замку, з паўночнага боку, цячэ рэчка Няміга. Цяпер гэта невялічкая ручаінка, хаця ў часе паводак яна выступае з сваіх берагоў і залівае значную частку места, прыпамінаючы старадаўныя часы, калі была яна шырокаю і многаводнаю. Ля Нямігі стаіць старэйшая Менская царква Пётры і Паўла, („Жоўтая царква“) пераробленая расейцамі ў „Кацярынінскую“. Пабудавана яна ў XVII веку беларускім баярствам на знак таго, што яно ніколі ня вырачацца свае веры і народнасьці.

Цяперашні цэнтр Менску ляжыць на шырокім узгорку. Гэтая часьць места завецца Высокім Местам. Там цяпер праваслаўны Сабор, перароблены на маскоўскі лад з старое харошае Свята-Духаўскае Царквы, Касьцёл Катэдральны, Манастыр (будова XVII в.), некалькі, закрытых расейцамі, каталіцкіх манастыроў (дамініканскі, з якога зроблены казармы, бэнадыктынскі — што пад архівам і інш.). Тут-жа даўней стаяла ратуша, якая згарэла ў 40-х гадох мінуўшага веку. Высокае Места было абкружана валам, рэшткі якога можна пабачыць яшчэ і цяпер.

На левым беразе Сьвіслачы ляжаць Траецкая Гара і Залатая Горка. На Траецкай Гарэ даўнёй стаяла так сама некалькі манастыроў — між іншым Сьв. Тройцы, Ушэсьця і інш. За Траецкай Гарою, ўздоўж Віленскага гасьцінцу, выцягнулася прадмесьце Пярэспа. На Залатой горцы стаіць цяпер харошы касьцел. Залатая Горка — гэта адна з найбольш беларускіх частак Менску, так сама як і пры ёй ляжачае прадмесьце Камароўка і інш.

Менск наймацней расьце з паўднёвага боку — дзе ляжаць вакзалы. Тамака, дзе ня так даўно было чыстае поле, цяпер ужо высяцца шмат-паверхавыя камяніцы. Тутака ляжаць прадмесьці: Ляхаўка, Серабранка (на Ігуменскім гасьцінцы), Добрыя мысьлі (на Койданаўскім гасьц.), Кальварыя — каталіцкія могілкі і ўрэшце за даўнейшым замкам — Татарская Слабодка. Перад вайною Менск меў каля 110—120 тыс. жыхараў. У часе вайны лічба насяленьня падвоілася. Цяпер трэба лічыць заўсёднага насяленьня ў Менску каля 150 тысячаў. Гэткім парадкам па вялічыні Менск займае другое мейсца пасьля Вільні. Як і ў іншых нашых мястох больш палавіны жыхараў Менску — жыды, рэшта — беларусы, а так сама палякі, маскоўцы, і інш. Трэба лічыць што на кожную сотню Мінчан ёсьць каля 40 беларусаў.

Беларусы ў Менску найбалей — дробныя дамаўласьнікі, рамясьнікі, чыгункавыя працаўнікі, чыноўнікі, хвабрычныя і падзённыя работнікі. Жыды ў Менску займаюпца найбалей рамёсламі, гандлем і работаю на хвабрыках. Палякі — гэта жменька інтэлігэнцыі, моцная толькі дзеля падтрыманьня ад несьвядомых беларусоў-каталікоў, а расейцы гэта абжыўшыяся ў Менску наездныя чыноўнікі.

Хвабрычна-заводская прамысловасьць Менску шыбка расьце і зьмяняецца; за апошнія 20 гадоў напр. лічба работнікаў павялічылася ў 4 разы.

Найбольш разьвіта мэталёвая прамысловасьць. Хвабрыкі будовы машынаў (іх усіх 5) займаюць каля 500 работнікаў. Далей ёсьць 5 хвабрыкаў абояў (з 300 работнікамі), 3 гарбарні, 5 цагельняў, 2 хвабрыкі мэханічнага вобую, 3 дражджавых заводы (бровары), 1 хвабрыка грабянёў, хвабрыкі табачныя, мылаварныя, гільзавыя і інш.

Усе хвабрыкі займаюць больш 2000 работнікаў і вырабляюць тавару на 4 міліёны рублёў. Апроч хвабрычных работнікаў, у Менску шмат ёсьць рамясьнікоў, якія вырабляюць тандэтныя адзежу і абуцьцё.

З Менску разыходзяцца чыгункі ў чатыры бакі: на Вільню, Смаленск, Гомель і Берасьце. Гэткім парадкам усе галаўнейшыя беларускія краіны выгодна зьвязяны з Менскам. Апроч таго, па гэтых дарогах ідзець значны рух загранічных тавараў. Дзякуючы гэтым прычынам гандаль Мінскі досіць разьвіты. Менск раздае тавары на сотні мястэчак навакол сябе і кіруе іхным эканаміцкім жыцьцём. Асабліва добра разьвіўся ў Менску лесавы гандаль. На лесе Менскія купцы шмат зарабляюць.

Выгляд Менск мае досіць добры. Раскінуўся ён на вялікім прасторы, ўсе акрайны забудаваны дзераўлянымі дамкамі, а пры кожным хоць маленькі садок. З гары Менск выдае скрозь адным садам. Блізка ўсе вуліцы забрукаваны і ўтрымліваюцца ў чыстаце.

За апошнія гады пабудавана шмат новых многапаверхавых камяніцаў. Між іншым пабудаваны харошы новы касьцёл.

Ад пачатку 1917 году Менск стаўся цэнтрам беларускага нацыянальнага руху. Тут зьбіраўся першы беларускі нацыянальны зьезд, тут зьмяшчаўся Нацыянальны Камітэт, Вялікая Беларуская Рада, тут адбыўся Вялікі Усебеларускі Кангрэс і ўрэшце тут утварыўся першы ўрад Беларусі, — Народны Сэкратарыят і першы парлямэнт, — Рада Беларускае Нар. Рэспублікі, аб‘явіўшая, 25 сакавіка 1918 году, Беларусь — незалежнай дзяржаваю.

З мястэчак Менскага пав. трэба адзначыць Заслаўе, дзе некалісь пасялілася княгіня Рагнеда з сынам сваім Ізяславам; цяпер гэта невялічкае мястэчка ля р. Сьвіслачы. Недалёка ад яго гандлёвае і прамысловае мястэчка Ракаў, з 3500 чал. жыхароў. У мястэчку шмат рамясьнікоў, што вырабляюць машыны для гаспадаркі — сячкарні, арфы і інш., якія разыходзяцца па ўсёй Беларусі і навет за яе межы. Апроч таго ёсьць тут шмат ганчароў. На захад ад Ракава ёсьць м. Івенец, якога жыхары займаюцца ганчаркаю і вырабам кахляў. Недалёка ад Івенца знаходзіцца маленькі фаліварачак Люцынка, у якім жыў Беларускі паэта В. Дунін-Марцінкевіч.

На паўднёвы захад ад Менску, пры чыгунцы, ляжыць у ўраджайнай мяйсцовасьці, досіць вялікае і багатае мястэчка Койданава. Пад ім, у XIII веку дзьвёма ўдачнымі бітвамі Скірмунту і Мендоўгу ўдалося спыніць татараў і абараніць Беларусь ад няволі. Ад XVI веку Койданова было адным з цэнтраў беларускага кальвінізму; памяткай гэтай яго ролі застаўся старасьвецкі кальвінскі збор, акружаны валам. Ля Нёмна, пры самай чыгунцы, ляжыць значнае мяст. Стоўбцы — з важнаю прыстаняю. Недалёка ад Стаўбцоў Нёман становіцца судаходным. У мястэчку ёсьць хвабрыка сярнічак; рамясьнікі займаюцца будоўляю чаўноў і паленьнем вапны.

На паўдні і захадзе Менскага пав. каля Стаўбцоў, Івенца грунты лёгкія, бедныя; рэшта павету ляжыць на цяжкіх гляістых грунтох, на якіх добра родзіць збожжа; лясоў тут мала. Толькі на ўсход ад Менску грунты робяцца бяднейшымі і мяйсцовасьць лясістаю.

Стары селянін з пад Менску.

Слуцак — найзначнейшае места ў зямлі дрыгвічоў, адзін са старэйшых беларускіх гарадоў, перехаваўшы да таго-ж шмат памятак мінуўшчыны. Даўгі час Слуцак быў сталіцаю удзельнага княжства. Князі Слуцкія (Олельковічы, патомкі Гэдыміна) адзначаліся сваім спагадам да навукі і мастацтва. Пасьля, у XVII в., Слуцак перайшоў да магутнага роду Радзівілаў і пад іхнаю апекаю закрэсавэў яшчэ больш. Радзівілы спагадалі, як вядома, кальвінізму і па ўсёй Случчыне пазакладаліся кальвінскія школы і зборы.

Старасьвецкі Слуцак быў багатым прамысловым местам; у XVII в. у ім працавала хвабрыка шоўкавых паясоў, вядомых з свайго хараства і далікатнасьці па ўсёй Эўропе (Слуцкія паясы).

У Слуцку ёсьць некалькі старых цэркваў і касьцёл, а так сама Траецкі манастыр, у якім перахована шмат беларускае старасьветчыны. У царкве гэтага монастыра пахавана апошняя з роду князёў Слуцкіх, Сьв. Княгіня Софія.

Слуцак мае каля 18 тыс. насяленьня. Да апошніх часоў гэта было ціхое места, значная частка яго жыхараў займаецца гаспадаркаю. Асабліва славіцца Слуцак сваймі гародамі і садамі. З Слуцкіх садоў выйшаў вядомы сорт ігруш — Слуцкія Бэры. Нядаўна ў Слуцак праведзена чыгунка і места значна аджыло.

Капыль — даўнейшае места, цяпер невялічкае мястэчка. Жыхары, апроч гаспадаркі, займаюцца ткацтвам. Даўней гэтае рамясло стаяла тут шмат вышэй і больш было пашырана.

Несьвіж з даўных часоў рэзыдэнцыя Радзівілаў. Места ляжыць між двох вазёраў, а на другім баку вазёраў высіцца замак Радзівілаў. Замак гэты быў сьведкаю жыцьця нашае найбуйнейшае арыстакрацыі ў часы яе найбольшае вагі. Даўней у замку змяшчаліся неапісанае вартасьці музэальныя колекцыі — галерыі абразоў, архівы, бібліатэкі. Самыя важныя дакумэнты з беларускае гісторыі перахоўваліся ў Радзівілаў, якім гэта было даручана каралём Жыгімонтам-Аўгустам. Нясьвіжскі замак быў адным з галоўных культурных цэнтраў Беларусі ў той час, калі беларуская культура магла йсьці побач з кожнаю заходня-эўропэйскаю.

Несьвіж.

З старасьветчыны Нясьвіжскае засталося мала; самае каштоўнае вывезена ў Петроград, Бэрлін і нямаведама куды.

Места Несьвіж, які мае каля 10 тыс. насяленьня, належыць і цяпер да культурнейшых мест Беларусі. Шмат камяніцаў, брукаваных вуліц, некалькі сярэдніх школаў, між імі — вучыцельская сэмінарыя, урэшце шмат прыватных таварыстваў, якія вядуць шырокую культурную працу.

Кле́цак — вялікае тарговае і прамысловае мястэчка (7 тыс. жыхароў) ля р. Лані. У мястэчку некалькі млыноў, хвабрыка грабянёў, і моцна разьвіта гародніцтва. Тут-жа істнуе адна з старэйшых і мацнейшых пазычковых касаў; у Клецку вядзецца значны гандаль збожжам, ільняным семям і інш. Ляхавічы — значнае мястэчка (каля 5 тыс. жыхароў). У мястэчку разьвіта гародніцтва, шмат ёсьць муляроў. Ляхавічы гандлююць мясам, сырымі скурамі і збожжам. Апошнімі часамі гандаль тут стаў падаць дзеля таго, што шмат купцоў перабралася ў Баранавічы, якія ляжаць недалёка.

Кабета з пад Клецку.

На поўначы Случчыны, цераз Клецак і Капыль ідзець узгор‘е, што памалу зьніжаецца к паўдню павета. На ўзгор‘і і яго спадах ляжаць багатыя гляістыя грунты. Мяйсцовасьць тут вельмі густа заселеная, лясоў мала. Паўднёвая частка павету мае пяшчаныя грунты, пакрыта лясамі і балотамі. Сёлы тут сустракаюцца рэдка, наагул гэта край бязлюдны. Па ўсім сваім адзнакам ён найбольш падобен да Мозырскага Палесься.

Так сама палескі характар мае і поўдзень Наваградзкага павету, але тут лясы ўжо шмат больш парасьцярэблеваны і мяйсцовасьць досіць густа заселеная. Большая ж часць Наваградчыны зусім блізка бязлесная. На мяжы поля і лясоў ляжаць Баранавічы. Навакола — пескавыя неўраджайныя грунты, бедныя вёскі. Такою-ж беднаю вёскаю былі і Баранавічы некалькі дзесяткаў гадоў назад. Але прайшлі цераз Баранавічы тры чыгункі і шосса, пабудаваліся 2 вагзалы і Баранавічы сталі значным мястэчкам з больш чым 10-х тысячным насяленьнем. Расьлі Баранавічы найбольш коштам іншых суседніх мястэчак, якіх чыгунка абмінула. Аднэй з прычынаў росту Баранавіч былі ваенныя лагеры, якія што год раскідаліся ў ваколіцах мястэчка.

Наваградак — да XIII веку быў сталіцаю беларускага княжства, а ў XIII веку ён падпадае пад Літву і робіцца сталіцаю Беларуска—Літоўскае Дзяржавы. Тут карануецца Мендоўг, тут у XV веку закладаецца беларуская мітрополія. Пасьля Наваградак даўгі час зьяўляецца галоўным горадам ваяводзтва і ўрэшце цяпер гэта невялічкае, глухое, паветавае места. Насяленьня ў ім каля 10 тыс., прамысловасьць ня разьвіта, гандаль слабы.

Акопы ў Наваградку.

Ляжыць Наваградак у мяйсцовасьці вельмі прыгожай. На адным з узгоркаў высяцца руіны замку Наваградзкага. Другі ўзгорак, відаць насыпны, называюць магілаю Мендоўга. У Наваградку вучыўся і жыў Адам Міцкевіч.

На ўсход ад Наваградку ляжаць Карэлічы, дзе даўней была цукраварня і — Шчорсы, ля Нёмну, на надта цяжкой, але добрай зямлі, слаўныя на ўсю Беларусь з сваёй гаспадаркі. У Шчорсах ёсьць вялікая і каштоўная бібліатэка. На паўдня ад Наваградка ляжыць праслаўленае Міцкевічам воз. Сьвітазь, а недалёка ад яго, мейсца урадзін яго — засьценак Заосьсе. У гэтым глухім закутку радзіўся найвялікшы з паэтаў Беларусі. Там па блізкасьці, ў Тугановічах ёсьць сельска—гаспадарская пробная станцыя.

Вясковая вуліца ў Наваградчыне.

Мір — даўней вельмі значнае тарговае мястэчка; калісь быў сядзібаю цыганскага старшыні, альбо „караля“. Мірскія цыганы даўней займаліся промысламі, — між іншым ткацтвам і жылі на мейсцы. Пасьля сьмерці свайго апошняга караля яны пацягнуліся па сьвеце. У Міры ёсьць вельмі цікавыя руіны вялізазнага замку, пабудаванага ў XVI веку. Тут была рэзыдэнцыя Караля Радзівіла, вядомага пад прозьвішчам „Пане Коханку“. У Міры каля 3 тыс. жыхараў, бываюць конскія ярмаркі два разы на год.

Возера Сьвіцязь уночы.

Гарадзе́я — або Замір‘е, станцыя чыгункі, першая ў Беларусі па вялічыні вывазу збожжа. Ляжыць у вельмі ўраджайнай мяйсцовасьці. Пры станцыі вырасла мястэчка. У суседнім двары ёсьць вялікая сыраварня, у якой вырабляюцца вядомыя навет на Петроградзкім і Варшаўскім рынках „швайцарскія“ сыры. Добра пастаўлена гадоўля скаціны і гародніцтва.

Наваградзкі павет ляжыць найбалей на ўраджайных гляістых грунтох і мае густое насяленьне. Ня гледзячы на малазямельле, сялянства жыве добра. Моцна разьвіта гадоўля коней, якіх гуртаўшчыкі закупляюць на кірмашах і адпраўляюць за граніцу. Скаціну дзяржаць палепшаных пародаў. Шмат садоў і добрыя гароды. Разьвіта ткацтва. Наднёманскія сёлы зарабляюць на сплаве лесу.

„Але ня толькі ураждайнасьцяй адзначаецца Наваградзкая зямля, піша Кіркар, а яшчэ і чаруючым выглядам сваім. Маса рэчак, ручаёў і вазёраў прарэзуюць павет ува ўсіх кірункіх і зьліваюцца ў дзьве галоўныя ракі, у вялічавы Нёман, на паўночным усходзе і — Шчару, на паўдні. Высокія ўзгор‘і, абшырныя лагчыны, ўсюдых багатая расьціннасьць, дубовыя гаі, цёмныя лясы прыхарошуюць Наваградзкую зямлю, увесь час зьмяняюць віды яе і не даюць супачынку вачом. Шмат перажыла гэтая старэйшая славянская зямля, зрошаная патокамі беларускае і літоўскае крыві. Шмат захавалася тут і памятак ад часоў пракаветных.

Харошы і ясны край гэты, з сваймі цікавымі гістарычнымі ўспамінамі, знаходзіцца як-бы на мяжы хмарнага, туманнага, балотнага Надпрыпяцкага Палесься“.

Апошнія словы Кіркора можна аднесьці і да ўсяго Менскага краю. Дале́й за ім на ўсход і паўдня ўсюдых цягнуцца бары і балоты Палесься.

Наваградзкая зямля радзіла і выгадавала Адама Міцкевіча. За гэта ён яе праславіў на ўвесь сьвет, як не праслаўляў ні адзін паэта сваёй Бацькаўшчыны.