Перайсці да зместу

Географія Беларусі (1919)/Насяленьне Беларусі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прырода Беларусі Насяленьне Беларусі
Падручнік
Аўтар: Аркадзь Смоліч
1919 год
Заняткі насяленьня Беларусі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




III. Насяленьне Беларусі.

Гістарычные межы.

Досьвіткі гісторыі.

Першыя пэўныя весткі аб Беларусі адносяцца да ІХ веку па Нар. Хр. Аб тым, што было ўпярод мы можам толькі дадумавацца, апіраючыся перш-наперш на данныя здабытыя раскопкамі курганаў. Гэныя данныя кажуць, што старана нашая была заселена яшчэ ў самай далёкай мінуўшчыне — балей за 1500 гадоў назад. Ведама, цяжка ўгадаць які тады тут народ жыў, але некаторыя вучоныя думаюць, што гэта маглі быць прэдкі беларусаў. На берагох тады яшчэ быўшага Гэродотавага мора яны жылі цэлымі аселіцамі, вёскамі; далей-жа на поўнач, у Наддзьвіньне заходзілі толькі невялікія групы іх. Народ гэты ўжо вёў гандаль з сваймі суседзямі.

У пазьнейшыя часы аб нашай старане пачалі пісаць розныя грэцкія географы і гісторыкі. Яны зьмяшчалі тут народы з рознымі іменьнямі, апавядалі аб іх і аб самай старане шмат фантастычнага, але іхныя весткі мала памогуць нам дзеля свае супярэчнасьці. Вучоныя нашых часоў будуюць свае ўласныя гіпотэзы аб тым які народ жыў на прасторах цяперашняе Беларусі і чым ён займаўся.

Лічаць, што досыць значная частка Беларусі ў даўныя часы была занята літоўскімі і фінскімі пляменьнямі; асабліва першымі. Аднак у Прыпяцкім Палесьсі аж да Бярэзіны, як усе згаджаюцца, жыў народ славянскага плямя — прэдкі беларусаў. З часам яны крыху адціснулі сваіх суседзяў — адных на захад, другіх на паўночны ўсход і занялі блізка той прастор, які цяпер займае Беларускі Народ.

Гістарычныя межы незалежнае Беларусі.

Подлуг першага летапісу ў ІХ веку на Беларускай Зямлі жылі тры славянскія пляменьні — крывічы, дрыгвічы і радзімічы.

Крывічы займалі паўночную Беларусь. Яны жылі па ўсім Наддзьвіньні і па верхнім Дняпры і спускаліся на паўдня аж да Вельлі і вытокаў Сожа і Дзясны. На поўнач і ўсход пад крывічамі лічыліся прасторы ляжачыя за цяперашнімі межамі Беларусі, найбалей ля Верхняе Волгі і яе прытокаў. У зямлі крывічоў былі такія гарады, як Полацак, Віцебск, Смаленск, Менск, Лагойск і шмат іншых.

Дрыгвічы займалі Прыпяцкае Палесьсе і Наднёманскі край. На ўсходзе іхныя сёлы даходзілі да Дняпра, на захадзе — да Бугу і Нарві. Іхнымі найвялікшымі гарадамі былі — Тураў, Мозыр, Барэсьце, Драгічын, Горадзен і Слуцак.

Частка плямя Дрыгвічоў у часох перасяленьня народаў пакінула свой край, прабілася на Балканскі паўвостраў і асела навакол Салонік. Грэкі звалі іх Другувітамі. Мовы Другувітаў навучыліся сьв. Кірыла і Мефодзій.

Радзімічы жылі ля Сожа і займалі ўвесь край паміж Дняпром і Дзясною. Іхнія паўдневыя і ўсходнія межы йдуць блізка што па цяперашняй мяжы Беларусі. На Дзясьне яны сустракаліся з Северанамі, а па Жыздры (прыток Окі) з Вяцічамі — двума суседнімі славянскімі пляменьнямі. На поўначы яны ня йшлі далей лініі Ельня—Мсьціслаў—Магілеў. Навукай этнографіі, філёлёгіі і гісторыі цяпер ужо цьвёрда даведзена, што гэныя тры пляменьні ўжо ў тыя часы ня розьніліся паміж сабою ані мовай, ані правам сваім, ані рэлігійнымі абрадамі, ды ўсімі гэтымі супольнымі адзнакамі розьніліся ад пляменьняў, якія становяць пачатак Маскоўскага і Украінскага народаў.

Гэтыя пляменьні гісторыя знаходзіць ужо з сваймі князьмі, з знакамі дзяржаўнае арганізацыі. Як раз відаць у IX і X вякох сярод беларускіх пляменьняў, як і сярод іхных суседзяў пачынаецца процэс утварэньня моцных і вялікіх гаспадарстваў.

На першы плян тут высоўваецца Полацак. Полацкія князі патрапілі падгарнуць пад сябе ўсю паўночна-заходнюю Беларусь аж да верхняга Нёмна і Дняпра. Скора побач з ім становіцца яго малодшы брат Смаленск, пашырыўшы свае межы далёка на ўсход. На чале гэтых двох гаспадарстваў стаялі Крывічы. Два іншых пляменьні — Дрыгвічы і Радзімічы вельмі хутка падпалі пад чужую ўладу — іх землі разабралі князьствы — Валынскае, Кіеўскае, Чарнігаўскае і Северскае.

Гістарычныя мяжы Беларуска-Літоўскага Гаспадарства.

Але прыйшоў час балей шырокага і поўнага злучэньня Беларускіх пляменьняў і Беларускае Зямлі. Літоўскі князь Міндоўг залажыў аснову новае дзяржаўнасьці Літоўска-Беларускай у беларускім Наваградку. Гэтая дзяржаўнасьць ўжо пры Міндоўгу абняла вялікшую частку Беларускай Зямлі. Гэдымін, які княжыў з 1315—1340 г. умацаваў Літоўскае Гаспадарства і давёў яго межы аж да Гомельскага павету, Смаленшчыны і Чарнігаўшчыны. Пры Ольгердзе была прылучана Чарнігаўшчына і адрэзаны вялікі лапік ад Смаленшчыны. Апроч таго Вялікае Князьства пэшырылася далёка на паўдня на землях украінскіх. Урэшце Вітаўт давяршыў зьбіраньне Зямлі Беларускае, забраўшы Смаленск. Пад ім знаходзілася ўжо ўся Беларусь.

Каля 100 гадоў жыла ўся Беларусь злучанаю — аж да часоў Маскоўскага Вялікага Князя Васілія III, якому і яго наступнікам удалося адарваць у часе стогадовае вайны вялікі лапік Беларускае Зямлі. У 1514 г. ад Беларусі была адрэзана ўся Смаленшчына, паўночная і ўсходняя Віцебшчына (Себеж, Невель, Вяліж), Гомельшчына і Чарнігаўшчына.


Масква добра ўмацавалася і доўга не маглі Літоўскія Вялікія Князі адабраць ад яе гэтых земляў. Наадварот маскоўцы ня раз пераходзілі з агнём і мячом цераз усю Беларусь з канца ў канец, а ў забранай частцы пазаводзілі свае маскоўскія парадкі, панасялялі маскоўскіх людзей, а тамашніх беларусаў масамі высялялі ў Маскоўшчыну.

Настаў у Маскве „смутны час“ і яе наступная сіла троху аслабела. Карыстаючыся гэтым Літва, якая тады ўжо была ў зьвязі з Польшчаю, адабрала назад тое, што заваяваў Васіль III і Іван IV, адабрала Смаленск і ізноў давяла мяжу Літвы-Беларусі да яе прыроднага палажэньня. Па Дэўлінскаму замірэньню мяжа паміж Масквою і Літвою праходзіць па Дзясьне і верхняму Дняпру — значыцца па тэй мяжы, якая і цяпер дзеліць Беларускі Народ ад Маскоўскага. Узноў Беларусь злучылася, але не надоўга. Пасьля цяжкіх войнаў, па Андрусаўскай згодзе Маскоўшчына ізноў адабрала Смаленшчыну і Чарнігаўшчыну. Мяжа ўстаноўлена была акуратна па цяперашніх усходняй і паўночнай межах Магілеўскае і Віцебскае губэрняў.

У гэткім стане аставалася Беларусь ажно да разьдзелаў Польшчы. Па першаму разьдзелу (1772 г.) Масква забрала паўночную і ўсходнюю Беларусь. Мяжа праходзіла па Дзьвіне і па Друці. У другі разьдзел (1793 г.) да Масквы адыйшла Меншчына і прылягаючыя паветы. Мяжа ішла ад Дзьвінска на Пінск. Урэшце па 3-му разьдзелу да Масквы адыйшла ўся Беларусь апрача паветаў Беластоцкага, Бельскага, Сакольскага і Аўгустоўскага, каторыя адыйшлі да Прусаў. Гэтыя паветы ў 1814 г. па Тыльзіцкай згодзе таксама прылучаны былі да Расеі.

Гэткім парадкам у 1814 г. уся Беларусь ізноў злучылася пад Расеяю і гэтак была ажно да вялікае вайны 1914 году.

Мы разглядалі мяжу Літоўскага Князьства, як мяжу Беларусі, дзеля таго, што фактычна гэта была дзяржаўнасьць беларуская — з беларускаю культураю, моваю, законамі і з пераважаючым уплывам на дзяржаўныя справы беларускае арыстакратыі.

Пазьней Літоўскае Гаспадарства злучылася у фэдэрацыю з Польшчаю і юрыдычна ўвесь час лічылася самастойным гаспадарствам. На Люблінскай уніі была замацавана мяжа паміж Польшчаю і Літвою-Беларусьсю. Яна йшла па цяперашняй паўднёвай мяжы Менскае і Горадзенскае губэрняў і далей па Бугу і Нарве аддзяляла Горадзеншчыну і Сувальшчыну ад Польшчы.

Значэньне гістарычных межаў вялізазнае. Як мы бачылі, Беларускі Народ блізу цераз увесь час свае гісторыі жыў пад ўладаю ці прынамсі пад моцнымі ўплывамі іншых народаў: маскоўцаў і палякоў. Народ уладар заўсёды стараўся налажыць сьлед свае культуры і на Зямлю Беларускую і на самую душу беларускага народу. Ен стараўся тую частку Зямлі Беларускае, якая была пад ім, назаўсёды зьвязаць з сабою. І трэба сказаць, што хоць народ беларускі і сьвядома і несьвядома бараніўся ад палітычнае і культурнае няволі, аднак шмат удалося пакінуць сьлядоў свайго панаваньня і маскоўцам і паляком. Гэтыя сьляды пазаставаліся, ведама, толькі на тых краёх Беларусі, якія ў свой час былі пад Маскоўшчынаю ці Польшчаю.

Вось-жа веда гістарычных межаў Беларусі вельмі паможа нам разабрацца ў шмат якіх фактах сучаснасьці. Прыкладам, проф. Карскі устанавіў мяжу, да якое даходзяць моцныя ўплывы маскоўскае мовы на беларускую. Гэная мяжа йдзе блізу што па тэй самай мяжы, якая ўстанавілася ў часе стогодніх войнаў з Маскоўшчынаю пры Васілю III. Змаскаленыя краі — ляжачыя на ўсход ад мяжы праведзенае проф. Карскім былі пад Маскоўшчынаю на 100 гадоў балей, а частка іх, што адыйшла да Масквы па Андрусаўскай згодзе — на 200 гадоў балей, чымся рэшта Беларусі.

Заходняя і цэнтральная Беларусь была пад Маскоўшчынаю каля 125 гадоў, паўночная Віцебшчына і Гомельскі край — каля 230 гадоў, а Смаленшчына і Чарнігаўшчына — 335 гадоў.
Колькасьць народу Беларусі.

На Беларусі ў цяперашнім часе жыве каля 15½ міліёнаў людзей.

На Беларускай Зямлі найбалей, ведама, жыве беларусоў. На кожную сотню чалавек прыходзіцца ў сярэднім 77 чалавек беларусоў. Значыцца ўсіх беларусоў у Беларусі жывець 12 міліёнаў.

Пасьля беларусоў найбалей жыве ў Беларусі жыдоў. З 100 чалавек жыдоў будзе 14. А значыць усіх жыдоў у Беларусі троху балей за 2 міліёны.

Палякоў і маскоўцаў жыве на нашай зямлі па 600 тысячаў адных і другіх — значыцца з кожнае сотні будзе чатыры палякі і чатыры маскоўцы.

Жывуць у нас і іншыя народы — немцы, латышы, ліцьвіны, украінцы, татары, але кожнага з гэтых народаў жыве ня шмат. Немцаў якіх 50 тысячаў, іншых народаў па 30 тысячаў і таго меней.

Беларусы.

Беларусы жывуць масай па ўсім краі. Па вёсках і дварох яны займаюцца гаспадаркаю. Местачковыя беларусы займаюцца таксама найбалей гаспадаркаю, але шмат хто есьць хлеб і з майстроўкі. У мястох беларусы займаюцца рамяслом і дробным гандлем і навет гаспадаркаю. Але ня меншая частка, а ў вялікіх мястох у некалькі разоў вялікшая часьць працуе работнікамі на хвабрыках, у майстроў-рамесьнікаў і ў прыватных багацейшых людзей. Апроч таго, значная частка мескіх беларусоў займаецца службаю ўва ўсякіх урадах, так званай інтэлігэнцкай працай і ўрэшце належыць да тае клясы народу, якая жыве з капіталаў.

Ня ўсе беларусы яшчэ зразумелі хто яны і дзеля гэтага шмат хто можа і не прызнаецца, што ён беларус. Неграматны, цёмны чалавек не прызнаецца таму, што ён ня ведае, ніхто яго не навучыў; але ёсьць шмат і добра вучаных беларусоў, якія прызнаюць сябе палякамі або маскоўцамі. Гэта таму, што іхнія дзяды і прадзеды, а можа і яны самі, здрадзілі свайму народу, выракліся роднае мовы і самога імя беларускага. Дык цяпер, хоць яны і ведаюць другі раз, што яны беларусы, але ўжо ня хочуць адступаць ад свае прызвычкі, ад прызвычайнае мовы і ад чужога народу, да якога яны альбо дзяды іхныя прылучыліся. Ведама гэта толькі зьява пераходнага часу. Сьвядомасьць беларуская гэтак расьце, што за некалькі гадоў вернуцца да народу беларускага ўсе яго збаламучаныя сыны.

Беларуская вёска.

Беларускія гаворкі.

Азнакаю беларуса служыць яго мова. Праўда, ёсьць шмат такіх беларусоў, што на хочуць а то і ня ўмеюць гукаць пабеларуску. Гэта іхнае няшчасьце. Есьць паміж беларусаў і зусім не́мыя людзі. Іх усё-ж мы павінны лічыць беларусамі, бо іхныя бацькі, дзяды і прадзеды гукалі пабеларуску.

Беларуская мова ад Горадня і Беластоку аж да Бранску — адна мова. Адныя ў ёй словы і звароты, бо яе стварыў адзін народ, што мае сваю асобную і рэзка выдзеленую душу. Але на вялізазным прасторы Беларусі стварыліся розныя прызвычкі ў мове, розныя гаворкі і розныя вымовы.

У паўночна-усходнім куце Беларусі ёсьць цокаючая гаворка. Тамака заместа зыку ч часта вымаўляюць ц, прыкл. рэцка (зам. рэчка), цужы (зам. чужы), цалавек (зам. чалавек). Апроч таго тут пасьля зыку р могуць быць мягкія галосныя гукі, чаго ў беларускай мове звычайна ня бывае. Кажуць, прыкл. ряка (зам. рака), Прячыстая (зам. Прачыстая). Гэтая гаворка пашырана ў Бельскім, Парэцкім і Вяліскім паветах, а часткаю і ў суседніх.

У рэшце Смаленшчыны ды ў Чарнігаўшчыне ўжо ня цокаюць, але мягкі зык р застаецца. I тут кажуць: беряг (зам. бераг), ряка (зам. рака), апроч таго ў Смаленшчыне часамі заместа а кажуць ы: — мыладзік (зам. маладзік), зылаты (зам. залаты).

У абедзьвюх гэтых гаворках сустракаецца досіць многа маскоўскіх слоў праз тое, што яны, як мы ўжо казалі, найдаўжэй былы пад уладаю Масквы. Мяжою моцных уплываў маскоўшчыны на беларускую мову проф. Карскі лічыць лінію, што йдзе цераз Себеж, Віцебск, Мсьціслаў, Клімавічы і Навазыбкаў.

На захад ад гэтае мяжы Беларуская мова зусім чыстая. Ва ўсіх гаворках, якія там ёсьць, ніколі ня бывае мягкога р. Дзеля гэтага ў літэратурнай мове мягкое р ня ўжываецца.

Галоўная беларуская гаворка займае сабою блізка ўсю цэнтральную і заходнюю Беларусь — і Менск і Магілеў і Полацак і Слуцак, г. зн. балей за палавіну ўсяго прастору Беларусі. У гэтай гутарцы пішуцца беларускія кніжкі.

У трох паветах на заходзе — Аўгустоўскім, Сакольскім і Беластоцкім на беларускай мове зазсталіся сьлядкі ўплываў польскае мовы дзеля блізкога суседзтва і сумежнасці гэтых паветаў з Польшчаю. Тамака беларусы досіць часта ўжываюць польскія словы.

На паўдня ад лініі Горадзень-Слонім-Гомель, г. зн. у Прыпяцкім Палесьсі і ў Горадзеншчыне ёсьць паўднёвая гаворка. Рэзкай яе адзнакаю ёсьць ужываньне заместа — ся на канцы слоў — са (прылкл. зваліўса, глядзеўса), дзеля чаго тамашніх беларусаў завуць сакунамі. У іхнай гутарцы ёсьць і яшчэ некаторыя асобнасьці: прыкл. яны часамі заместа буду хадзіць, буду робіць і г. далей кажуць хадзіціму, робіціму і г. д.

Гэтыя асобнасьці ўжываюцца часамі і ў літэратурнай беларускай мове.

Урэшце на паўднёвым захадзе Беларусі, ў Пінскім, Кобрынскім і часткаю ў суседніх паветах жывуць пінчукі. Гаворка іх апрача провінцыанальных беларускіх асаблівасьцяў розьніцца яшчэ і тым, што ў ёй дзякуючы блізкому суседзтву і сумежнасьці з Украінай ёсьць вялікі ўплыў украінскі. Піншчына аднак заўсёды была часткаю Беларусі.

Рэлігійныя адносіны.

Беларусы бываюць найбалей дзьвёх вераў — праваслаўныя і каталікі. Сустракаюцца беларусы і іншых вераў — кальвіны, стараверы, мусульмане, але іх вельмі мала. Паміж беларусамі каталікамі і праваслаўнымі апрача веры ніякае балей розьніцы няма. Толькі цёмныя і несьвядомыя людзі, альбо ашуканцы, бывае, кажуць, што каталікі — гэта палякі, а праваслаўныя — маскоўцы. Якой-бы веры ні дзяржаўся беларус, ён усё роўна беларусам астаецца.

У вялікшай часьці Беларусі, беларусы каталікі і праваслаўныя жывуць перемяшаўшыся. Але ў усходняй Беларусі (Магілеўшчына, Смаленшчына) вялізазная большасьць праваслаўных, а ў заходняй (Віленшчына, частка Горадзеншчыны і Віцебшчыны) большасьць каталікоў, а праваслаўных вельмі мала.

Беларусаў праваслаўных лічаць у тры разы балей чымся каталікоў, значыцца першых ёсьць каля 9-х міліёнаў, а другіх каля 3-х міліёнаў.

Жыды.

Жыды пасяліліся ў Беларусі найбалей у часы Вітаўта. Цяпер жыве іх найбалей у мястох і мястэчках. Але ёсьць, хоць мала, такіх жыдоў, што жывуць на гаспадарцы ў т. зв. жыдоўскіх калёніях. У мястэчках і мястох найчасьцей жыды становяць большасць народу. Займаецца вялікшая іх частка рамяслом і гандлем; але досіць значная частка, асабліва ў вялікіх мястох служыць работнікамі ў хвабрыках і майстроўнях.

Найбалей жыдоў жывець у Горадзеншчыне і ў Меншчыне (16—17 чалавек на 100 жыхараў). У Смаленшчыне жыдоў вельмі мала.

Палякі.

Да палякоў належыць частка шляхты — буйных земляўласьнікаў і іхнае дворнае адміністрацыі, частка інтэлігенцыі і частка мяшчанства некаторых мест, як прыкл. Вільні. Па перапісу 1897 г. — (а яго робілі людзі безстаронныя — маскоўскія ўраднікі[1]) ні палякі, ні беларусы), палякоў у Беларусі ўсіх каля 4%. Найбалей палякоў у Віленшчыне і Горадзеншчыне. У Магілеўшчыне іх вельмі мала, а ў Смаленшчыне зусім няма.

Маскоўцы.

Маскоўцы сяліліся ў Беларусі за часоў маскоўскага панаваньня. Маскоўскі ўрад, хочучы як наймацней зьвязаць Беларусь з Маскоўшчынаю прысылаў сюды сваіх ураднікаў, духоўнікоў, раздаваў маемасьці маскоўскім вяльможам і перасяляў навет маскоўскіх сялян на беларускую зямлю. Найбалей такога насыльнага элемэнту ў усходняй Беларусі, асабліва ў Смаленшчыне.

Апрыч таго ў Беларусі шмат жыве маскоўцаў — старавераў, якія перабраліся сюды з Маскоўшчыны самі ў XVII веку і пазьней, уцякаючы ад тамашняга рэлігійнага ўціску.

Найбалей старавераў жыве ў двух гнёздах — адно каля Новазыбкава і другое каля Дзьвінску. Каля Дзьвінску жыве іх шмат у Брацлаўскім, Дзісьненскім і Сьвянцянскім паветах. Есьць іх крыху ў Віцебшчыне.

Навазыбкаўскія стараверы жывуць найбалей вялікімі сёламі пасадамі.

Жывуць стараверы і ў іншых мясцох Беларусі. Займаюцца яны найбалей рамяслом, майстроўкай, гародніцтвам і гандлем.


  1. Чыноўнікі.