Географія Беларусі (1919)/Заняткі насяленьня Беларусі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Насяленьне Беларусі Заняткі насяленьня Беларусі
Падручнік
Аўтар: Аркадзь Смоліч
1919 год
Дарогі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Заняткі насяленьня Беларусі.

Сельская гаспадарка.

Блізу тры чвэрці насяленьня Беларусі займаецца каля зямлі. Рэшта — працуе на хвабрыках, займаецца рамяством, гандлем і ўсякаю службаю і жыве найбольш у мястох.

У тых краінах Беларусі, дзе ёсьць вялікія месты, дзе шмат хвабрыкаў і заводаў, там менш людзей працуе каля зямлі, а больш мае іншыя заняткі. На ўсходзе Беларусі найбольш народу займаецца гаспадаркаю, на захадзе-ж, — у Горадзеншчыне, — наадварот, найменш. Аднак і ў Горадзеншчыне з сотні чалавек больш як 60 займаецца каля зямлі.

Гэткім парадкам Беларусь трэба лічыць краем зямляробскім. Паглядзём жа цяпер, як стаіць у нас гаспадарка і ў якіх яна варунках.

Зямля.

Значная часьць зямлі ў Беларусі ляжыць зусім бяз усякага ўжытку, — гэта балоты, пескавыя выдмы, а гэтак сама і прасторы занятыя вазёрамі і рэкамі. Усіх такіх няўжыткаў каля 4 міліёнаў дзесяцін. Праўда, значную частку гэтых земляў можна было-б выкарыстаць, абсушыўшы балоты, пасеяўшы лес на пяскох, ды завёўшы добрую рыбную гаспадарку на вазёрах. Але пакуль што — ад іх карысьці ніякае.

Стары гаспадар.

Яшчэ большы простор занялі лясы і гаі. Трэба лічыць, што іх ёсць каля 9 міліёнаў дзесяцін. З лесу нашая гаспадарка мае вялікую падмогу. Гаспадарка бяз грошай, без капіталу ня можа паляпшацца. Вось гэты капітал даюць лясы, якія патрабуюць ад гаспадара самых малых на сябе затратаў і даюць чысты зыск. Хто мае свой лес, зарабляе на продажы, хто лесу ня мае, наймаецца на работу, зарабляе сваёй мазольнаю працаю ў лесе.

Разам лясы і няўжыткі займаюць бязмалага палову ўсяга простору Беларусі. Значыцца, пад гаспадарку застаецца крыху болей паловы ўсяе зямлі, каля 16 міліёнаў дзесяцін.

З гэтага ліку прымерна трэйцяя частка пад сенажацямі. Найбольш сенажацяў ёсьць на прасторах Палескае нізіны. Тамака яны займаюць безканечныя даліны рэкаў і падсушаныя і расьцярэбленыя балоты. З усіх сенажацяў Беларусі накошуецца каля 300 міліёнаў пудоў сена. Дзесяціна сенажаці даець у нас небагата, — усяго каля 60 пудоў сена (3-4 вазы — калясьнікі).

Ворнае зямлі ў Беларусі каля 11 міліёнаў дзесяцін.

Дворная і вясковая гаспадарка.

Накшая гаспадарка ў дварох, накшая ў вёсках. Вясковы гаспадар мае некалькі дзесяцінаў зямлі і працуе на ёй сам з сям‘ёю. У двары зямлі некалькі сотняў, а то і тысячаў дзесяцін. Гаспадар двара сам не працуе на полі; за яго працуюць найміты-парабкі.

Вясковаму гаспадару трудна пракарміцца з свае лапіны зямлі. З усіх сіл стараецца селянін, каб павялічыць свой палетак: расьцярэблюе пасекі, хмызьнякі і балоты, ні аднэй лапінцы зямлі ня дасьць гуляць. Лесу вясковы гаспадар па большай часьці ня мае; калі і меў, дык упатрэбіў.

Сьвіран у фаліварку.

У двары хлеба хапае. Лепшую зямлю гаспадар арэ, горшую запускае пад лес. Чуць ня ўсе нашыя лясы стаяць на дворнай зямлі. Шмат дворнае зямлі ляжыць пад зарасьнікамі і дзірванамі. — За тое дворныя балоты часьцей бываюць асушаны, чымся сялянскія, часамі больш іх і расьцярэблена. Больш сілы ў двара, больш капіталу.

Есьць яшчэ ў нас зямля скарбовая; яна ўся блізу ляжыць пад лясамі і няўжыткамі. Да дзяржаўнага скарбу належыць каля 2 міліёнаў дзесяцін. Даўней (гадоў 50 назад) дворнае зямлі было шмат больш, чымся сялянскае. Дворнае было 15 міліёнаў, сялянскае 12 міліёнаў дзесяцін. Але з кожным годам і двароў і дворнае зямлі убывае, — яе раскупляюць сяляне і наагул дробныя гаспадары. На мейсцы даўнейшых двароў разсыпаліся дробныя фаліваркі, засьценкі і хутары пакупцоў.

Цяпер дворнае зямлі, трэба лічыць, ёсьць толькі прымерна колькі сялянскае. Рэшта даўнейшае дворнае зямлі належыць дробным пакупцом.

Засевы.

Найбольш сеюць у нас жыта. Яно ня надта пераборліва на зямлю і зьяўляецца для нас разам з бульбаю галоўным срэдзтвам пражыўленьня. Звычайна займае яно трэцюю часьць поля жытнюю зьмяну. Апроч жытняе зьмяны ёсьць яшчэ яравая і папарная. Яны усе тры бываюць з большага роўныя. У яравой зьмені сеюць ярыну авёс, ячмень, бульбу і г. д. У папарнай зьмяне зямлю падгатаўляюць на жыта.

Такі парадак гаспадаркі, калі ворная зямля разьдзелена на тры зьмяны называецца трохпалёўкаю.

У Горадзеншчыне, ў жытняй зьмяне часта сеюць апроч жыта пшаніцу-азімку. Сеюць яе патроху і у Віленшчыне і Меншчыне.

Пасьля жыта найбольш сеецца аўса, бульбы, ячменю. Шмат яшчэ сеюць грэчкі, лёну, гароху. Сеюць таксама пшаніцу-ярыцу, каноплі, проса і інш.

Аўса сеюць усюдых шмат, а найбольш у Смаленшчыне. Ен займае прастору ў два разы менш, як жыта. На паўднёвым усходзе Беларусі ў Чарнігаўшчыне, ля Прыпяці і Сожа аўса сеюць менш. Там яго мейсца займае грэчка і бульба.

Ячменю шмат сеюць у цэнтральнай і заходняй Беларусі, а найбалей у Віцебшчыне. Гэта тлумачыцца суседзтвам Балтыцкага краю (Латвіі), дзе асабліва шмат сеюць ячменю, значная частка ячменю ідзець на бравары і перакуруецца на піва.

Бульбы найбольш сеюць на лёгкіх грунтох на паўдні і захадзе; там яна асабліва добра ўдаецца. Бульбаю засаджуюць тамака вялікія абшары. Яна ідзець найбольш на бравары, дзе з яе гоняць сьпірытус. Найбалей бульбы садзяць у паветах Рэчыцкім, Суражскім, Гомельскім і Новазыбкаўскім і ўва ўсёй паўднёвай і заходняй Городзеншчыне і Заходнім Палесьсі.

У лепшых гаспадарках сеюць кармовыя буракі на корм скаціне. Яны патрабуюць добрай гнойнай зямлі і шмат працы, але даюць вялікую карысьць. Урэшце на паўдні дзе ня-дзе сеюць цукровыя бураки, з якіх робяць цукар. Гэтыя буракі аднак могуць расьці так сама блізка што і па ўсёй Беларусі на лепшых глыбокіх грунтох. Даўней у нас былі і свае цукраварні напр. у Пінскім павеце у двары Парэччы ды пазакрываліся дзеля розных прычынаў.

Грэчкі найбольш сеюць на пескавых грунтох у паўднёвай Беларусі. На поўначы яе сеюць мала, бо яна баіцца халадоў і дзеля таго, што там наагул больш цяжкія грунты. На паўдня ад лініі Пінск—Магілеў—Рослаў грэчкі сеюць асабліва многа. На пескавых разлогах паўднёвага Палесься іншае збожжа родзіць слаба, а грэчка ўдаецца. У Чарнігаўшчыне і сумежных з ёю частках Магілеўшчыны грэчкі сеюць так многа, што яна займае часамі большую палавіну яравой зьмяны. Многа сеюць грэчкі і ля Нёмну у паўночнай Горадзеншчыне і ў Лідзкім павеце.

На поўначы Беларусі у Віцебшчыне і Смаленшчыне вялікае значэньне мае лён. Для дамовага ужытку сеюць лён усюдых, але у вышэй памянёных краёх сеюць лён напродаж. Сеюць яго найбольш на дзерванох і пасьля канюшыны. Лён тут удаецца добры і дае вялікае грашавое падтрыманьне гаспадарцы. Найбольш лёну сеюць у паўночнай Смаленшчыне (Бельскі, Духаўшчынскі, Красенскі, Парэцкі, Дарагабужскі паветы).

Канопліў ва ўсёй Беларусі сеюць у гародах па якім гарцу. На паўднёвым жа ўсходзе Беларусі (Чарнігаўшчына, сумежныя з ёю часьці Магілеўшчыны і Смаленшчыны) канопляў сеюць шмат і прадаюць пяньку. Пянька тут мае такое самае значэньне, як на поўначы лён. Яна прыносіць у гаспадарку вольны грош на зварот, на падаткі і на патрэбную ў гаспадарцы куплю. За тое яна моцна вынішчуе поле. Там, дзе сеюць больш канопляў, пад іх ідзе увесь гной і для рэшты поля нічога не застаецца.

У паўднёвай Беларусі сеюць патроху проса ў Мозырскім, Рэчыцкім, Гомельскім і інш. паветах. Так сама ў паўднёвай Беларусі, асабліва ў Чарнігаўшчыне сеюць досіць многа табакі. Тамашнія гаспадары маюць з табакі вялікую карысьць. Прыказка навет кажа, што „без табакі няма чым падаткаў плаціць." Трэба заўважыць, што якраз у беларускай Чарнігаўшчыне разводзяцца найбольш цэнныя сарты табакі (амэрыканскія, або цыгарныя).

Апрача збожжа сеюць яшчэ на полі траву: канюшыну, выку, сарадэлю, цімафейку і інш.; найбольш сеюць канюшыну і выку. Шмат канюшыны і цімафейкі сеюць у Смаленшчыне і Віцебшчыне, бо пасьля іх добра ўдаецца лён. Іншых траваў там мала знаюць. Затое на захадзе Беларусі побач з канюшынаю, якой сеюць так сама багата, знаходзіцца шмат выкі (на цяжэйшых грунтох) і сарадэлі (на пяскох). З гэтых траваў выходзіць сена надта дагоднае для малочных кароў. Сеюць яшчэ ў нас на палёх лубін. Лубін у восені, як ён вырасьце высокі, заоруюць і ён угнойвае зямлю. Асабліва карысны лубін на бедных пескавых грунтох, якія ён можа праз некалькі год зрабіць ураджайнымі.

Лубін гэта новая расьціна. Сеяць яго пачалі гадоў 10-20 таму назад, а ўперад у нас яго ня зналі. Так сама нядаўна пачалі сеяць сарадэлю, выку і наагул траву.

Сыстэмы або спосабы гаспадаркі.

Мы ўжо абзнаёміліся з адным са спосабаў гаспадаркі — з трохпалёўкаю, якая найбольш пашырана ў сялянскіх гаспадарках на ўсёй Беларусі. Пры трохпалёўцы ворная зямля падзелена на тры зьмяны і з гэтых зьменаў адна, — папарная (кожны год іншая), — гуляе. У восені на папары сеюць жыта.

Апрача трохпалёўкі ёсьць і іншыя спосабы гаспадаркі і лепшыя і горшыя, ці можа, сказаць ляпей, і вышэйшыя і ніжэйшыя. Бо ўсюдых гаспадарка уперад была горшаю, а пасля паднялася у гару — зрабілася вышэйшай, лепшай. Паляпшаецца гаспадарка ад таго, што на яе чалавек больш працы і капіталу кладзе. Вось жа чым людзём цясьней жыць робіцца, тым больш яны стараюцца і больш кладуць працы на свой кавалачак зямлі, тым і гаспадарка вышэйшая. Вышэйшая гаспадарка дае з кожнай дзесяціны зямлі больш прыбытку чымся ніжэйшая.

Як стала цясьней жыць у нас, агледзіліся гаспадары, што цэлая траціна поля заўсёды гуляе. Сталі патроху займаць папар — то выкай, ці канюшынаю, то бульбаю. Цяперака ўсюдых, дзе сялянская гаспадарка паднялася, усюдых частку папару нечым займаюць.

Па дварох рэдка дзе можна стрэць трохпалёўку. Найбольш там спосаб пладазьменны. Орная зямля пабіта на 4-6-8 і больш зьменаў і на кожнай зьмяне накшае збожжа, дый кожны год у парадку зьмяняецца. Бывае і тут папар, але яго мала — найбольш чацьвертая частка. За тое шмат сеюць травы, бульбы і буракоў.

Пладазьменная гаспадарка вядзецца цяпер блізу па ўсіх дварох у цэнтральнай і заходняй Беларусі і у вялізазнай большасьці двароў у ўсходняй і паўднёвай Беларусі. Так сама гэты спосаб гаспадаркі мы знойдзем у большасьці дробных гаспадароў, што сядзяць на адзіноце на фаліварках і хутарох, асабліва на захадзе.

Па вёсках пладазьмен спатыкаецца рэдка, бо гэтаму перашкаджаюць вясковыя парадкі — напр. супольная паша скаціны на папары і г. д. Праўда, што за апошнія гады шмат вёсак разсялілася на хутары і завяло пладазьмен, але большасьць сядзіць на мейсцы і толькі што год усё зьмяншае і зьмяншае свой папар, займаючы яго засевамі. Пладазьменны спосаб гаспадаркі вышэйшы за трохпалёўку. Есць і ніжэйшыя за трохпалёўку спосабы. Гэта лядовы і абложны.

Пакуль на Беларусі было лішне многа лесу, была досыць пашырана лядавая альбо пасечная гаспадарка. Поля тады не гнаілі, а сеялі дабро на пасеках. Ссякуць лес, лепшае бярвеньне зьвязуць, а ссечаныя хмызьнякі, ламаччо пакідаюць на мейсцы. Як яно падсохне, пасеку падпалююць. Як-жа перегарыць усё гэта ламаччо і пні, пасека застаецца пакрытаю попелам. Тады яе аруць, і сеюць адразу лён, пасьля жыта, авёс і год у год усялякае збожжа аж пакуль ляда зусім ня спусьцее. Тады яго кідаюць і паляць другое ляда. Першае ляда патроху зарастае лесам.

Ясна, што такі спосаб гаспадаркі можа быць толькі там, дзе вельмі рэдка жыве народ і дзе вялізазныя прасторы пакрыты лесам. На Беларусі цяпер лядавага спосабу у чыстым відзе бліз што не спатыкаецца. Толькі у Смаленшчыне пры агульнай трохпалёўцы запускаюць пусьцейшыя кавалкі зямлі (пустошы), каб зарасьлі лесам, а пасьля расцерабіўшы цераз некалькі дзесяткаў гадоў, ды выпаліўшы ляда, сеюць лён.

Пасекі выпалююць і па ўсёй Беларусі, дзе яшчэ хапае лесу на апал.

Абложная, або дзярванная гаспадарка спатыкаецца у рэдка заселеных мяйсцовасьцях, на беднай зямлі, дзе ў гаспадароў не хапае гною, а бяз гною зямля ня родзіць. Там звычайна пакідаюць пусьцейшую частку поля дзерваном, і на ёй ня сеюць некалькі год. Яна тым часам вылежуецца і крыху папраўляецца сама. Тады яе ізноў аруць і засяюць.

Найчасьцей спатыкаецца такі спосаб гаспадаркі у нашым паўднёвым Палесьсі.

Выраб зямлі.

З кожным годам гаспадарка ў Беларусі паляпшаецца. Гэта асабліва знаць па вырабу зямлі. Зусім яшчэ нядаўна ўсюдых у нас аралі сахою. Ня толькі аб якіх машынах, але і аб плугу мала хто чуў. Цяпер саху мала дзе можна пабачыць. Толькі хіба дзе у самым глухім закутку, за некалькі дзясяткаў вёрст ад гарадоў і чыгунак спатыкаюцца мейсцы, дзе яшчэ аруць сахою. У больш-жа культурных мяйсцовасьцях ужываюцца і спранжыновыя бароны і рандалі (дысковая барана).

Араць сталі глыбей. Навучыліся араць у пару пад ярыну у восень, пад жыта сталі араць два, а то і тры разы.

Ляпей сталі і гнаіць зямлю. Гаспадар зразумеў, што бяз гною ураджаю ня будзе і цяпер з усіх сіл дбае аб гной. Побач са звычайным гноем сталі ужываць штучныя гнаі „парашкі" і урэшце зачалі сеяць лубін.

Усе гэтыя палепшаньні увайшлі у гаспадарку за апошнія 20-30 гадоў. Ішлі яны да нас з захаду, дзеля таго найраней з імі абзнаёмілася Заходняя Беларусь, а пасьля яны пакрысе перадаліся і на ўсход.

Ураджайнасьць.

Ня роўна зямля плаціць за працу чалавеку. У аднэй мяйсцовасьці зямля урадлівая, хлеба хапае ня толькі для гаспадара і яго сям‘і, а яшчэ і на продаж. У другой-жа гаспадару прыходзіцца дакупляць хлеб.

Найбольш урадлівым краем лічыцца ў нас Случчына і Наваградчына. Вельмі добрыя ураджаі дае зямля у Горадзеншчыне (асабліва ўсходняй — у Бельскім павеце) і ў Смаленшчыне. Самая бедная зямля ў Задзьвіньні і у Віленшчыне.

Старасьвецкая саха.

Усяго збожжа, якое ідзе на пражыўленьня людзём (апроч аўсу і бульбы) у Беларусі намалочуюць каля 180 міліонаў пудоў. У гэтым ліку каля 140 пудоў жыта. Гэтага дабра аднак не хапае на пражыўленьня ўсяго народу Беларусі. Беларусь мусіць прывозіць да сябе са стараны яшчэ каля 20 міліонаў пудоў збожжа і мукі.

Найбольш бедныя хлебам палескія паветы і так сама Віцебшчына. За тое багацэйшыя паветы напр. Случчына вывозіць хлеб за межы Беларусі.

Усяго ў 1910 гаду з Беларусі вывезена была каля 10 міліёнаў пудоў збожжа. Усяго прывезена на Беларусь каля 30 міліонаў пудоў. Вывозім мы найбольш жыта, ячмень, а прывозім блізка што адну пшаніцу і пшанічную муку. Гэтыя прадукты ідуць да нас з Украіны.

Усходняя палавіна Беларусі вывозіць за мяжу каля 2-х міл. пудоў лёну (кудзелі) і каля 1-го міліону пуд пянькі. Рэшта Беларусі асабліва Меншчына і Палесьсе вывозяць за мяжу шмат спірытусу.

Увесь блізу прывозны хлеб ідзець у месты: Вільня прывозіць да сябе 4 міл. пуд. збожжа і мукі, Беласток каля 3 міл., Віцебск 3 з паловаю міл. і г. д. Вёска-ж мала карыстае з прывознага хлеба. Недахват свайго хлеба там запаўняецца бульбаю, якой ёсьць годзе. Але часамі нехватае і бульбы. Тады нашыя сяляне ядуць хлеб і з усякімі суррогатамі — з карой, мякінаю і г. д.

Гародніцтва і садаўніцтва.

Гародніцтва на Беларусі слаба разьвіта. Найлепшыя гароды і найбольш іх бывае каля вялікіх местаў. Сяляне-ж пабольшай часьці маюць гароды вельмі маленькія і садзяць тамака толькі варыва, як для сябе. Гародніцтвам, як профэсіяй, займаюцца

Барана „смык“, якою вырабляюць пасекі.

у нас найбольш мяшчане беларусы, а так сама жыды і стараверы. Найбольш праславіліся сваімі гародамі Магілеўскія мяшчане. Досіць добрыя гароды маюць стараверы пад Гомелем і Навазыбкавам.

Садаўніцтва ў Беларусі ня вельмі разьвіта, але за апошнія гады яно шмат пасунулася напэрад. Прамысловае садоўніцтва вельмі залежыць ад развіцьця чыгунак, па якім фрукты можна дастаўляць у далёкія мейсцы спажываньня — у вялікія гарады.

Прамысловыя сады знаходзяцца па большай часьці у дварох, а так сама пад гарадамі і у гарадох.

Звычайна яны займаюць якіх адну — дзьве дзесяціны, але ў большых дварох спатыкаюцца сады па дзесятку і больш дзесяцін. Дворныя сады найбольш здаюцца кожны год у арэнду, толькі у некаторых дварох самі займаюцца садам.

У прамысловых садох найбольш бывае яблынаў антонавак. Гэты сорт вельмі падходзіць да нашага клімату. Грушы менш трымаюць, бо з іх не такі пэўны ураджай. Аднак на паўдні Беларусі у садох вельмі многа ігрушаў. Тут навет веведзены вельмі цэнныя беларускія сарты ігрушаў Слуцкая Бэра (пад Слуцкам) і Сапяжанка (у Горадзеншчыне). На сваёй бацькаўшчыне гэтыя сарты даюць вельмі добрыя ураджаі.

Разводзяць яшчэ у садох сьліўкі, вішні, чарэшні, аграст, парэчкі і інш. Апошнія часы сталі шмат дзе займацца трускаўкамі (клубнікаю).

Звычайных непрамысловых садоў і садкоў вельмі многа. У кожным двары, фаліварку будзе заўсёды некалькі дзесяткаў садовых дрэўцаў. Так сама і пры кожнай блізка сялянскай хаце ёсьць невялічкі садок. Ведама, што у бяднейшых ваколіцах, дзе хлеба нехватае, там і садоў няма. Мала садоў у пескавым Палесьсі. Але між іншым і ў Смаленшчыне, хоць там сялянства ня вельмі беднае, садоў па вёсках зусім мала.

У такіх хатніх садкох садзяць розныя дрэўцы ўсякіх гатункаў, садзяць яшчэ і дэкоратыўныя расьціны: бэз, рожы, акацыі, таполі.

Пчалярства некалісь мела вялікае значэньне для Беларусі. Мёд і воск былі аднымі з важнейшых тавараў, якія Беларусь вывозіла у чужыя краі. Цяпер пчалярства падупала. Толькі у паўднёвым Палесьсі — (асабліва у Пінскім, Мозырскім ды Бабруйскім паветах) пчалярства шмат памагае у гаспадарцы. Пчолы там дзержаць найбольш у калодах-борцях, зачым і пчаляры называюцца бортнікамі.

У заходняй Беларусі значная частка пчаляроў мае ўжо рамовыя вульі. У ўсходняй больш ужываюцца калоды.

Гадоўля скаціны.

У большасьці гаспадарак трымаюць коней мяйсцовых пародаў, памяшаных з усякімі заводзкімі. Аднак у некаторых мяйсцох разьвілася гадоўля заводзкіх коней — найбольш цяжкіх пародаў. Шмат займаюцца гэтай справай напр. у Наваградчыне, у Случчыне, у Магілеўшчыне. У Меншчыне коней у сялянства не хапае — каля пятай часьці салянскіх гаспадарак ня маюць коней.

Кароў найбольш трымаюць у нас чырвонай беларускай пароды. Скаціна гэта невялікая на рост, але непераборлівая на яду і дае досіць многа тлустага малака. Аднак гэтая парода на благіх кармох змізарнела і пагоршылася. Апошнімі часамі у некаторых дварох сталі сумысьне разводзіць беларускую пароду і дайшлі добрых рэзультатаў.

У большасьці двароў трымаюць заводзкую скаціну, найбольш голяндзкай пароды, дзеля яе малочнасьці.

Значная частка двароў прадае малако пактарам, якія вырабляюць з яго масла і сыры.

Сыраварняў ёсць досіць многа у Меншчыне і у Смаленшчыне — асабліва-ж у паветах: Бельскім, Парэцкім і Красьнінскім. Беларускія „галяндэрскія“ сыры збываюцца у Вільню, Менск, Варшаву, Маскву і інш. вялікія гарады. Аднак дзела у сыраварнях і у пактах пастаўлена досіць дрэнна і затым ад малочнай гаспадаркі няма таго зыску, які яна з часам напэўна дасьць. У сялян з малаком яшчэ горай. Малочных коопэратываў зусім няма. Скаціну трымаюць толькі дзеля гною.

Разумеецца, іншы абраз — пад вялікімі гарадамі. У Менск папр. вязуць малако усёй ваколіцы на некалькі міль у ва ўсе бакі. Ведама, што тут іначай кароў даглядаюць і маюць ад іх вялікі зыск.

Наагул кажучы малочною гаспадаркаю найбольш займаюцца ў Меншчыне і у Віцебшчыне.

Вялікае значэньне у гаспадарцы мае гадоўля сьвіней. Калі масла на вёсцы спажываюць мала, дык намагаюць сьвіным салам і тлустасьцю — гэта вельмі важны спажыўны прадукт. Апроч таго вельмі значная частка сьвіньняў ідзець на продаж, скупляецца гандлярамі і вывозіцца у вялікшыя гарады і за граніцу. Сьвінаводзтва найбольш пашырана у Віленшчыне, Магілеўшчыне і Чарнігаўшчыне.

Даўней шмат разводзілася у нас авечак, найбольш, праўда для свайго ўжытку. Цяпер іх засталося найболей у Смаленшчыне. У іншых краёх заместа авечак сталі трымаць больш кароў і сьвіньняў. Толькі у Горадзеншчыне лік авечак мала зьмяншаецца. Да таго-ж там разводзяць шмат заводзкіх авечак з тонкаю, далікатнаю воўнаю. Гэта дзеля блізкасьці Беластоку і яго району, дзе знаходзяцца ткацкія суконныя фабрыкі, якія купляюць шмат воўны.

Гадоўля скаціны і сьвіньняў у будучыне павінна стаць асноваю багацьця і гаспадарскага росквіту Беларусі, бо на беларускіх грунтох гаспадарка можа даваць шмат сена і бульбы.

Прамысловасьць.

Лесавыя промыслы.

У лясістых мяйсцовасьцях Беларусі гандаль лесам і праца у лесе зьяуляюцца заняткам вельмі значнай часткі жыхараў. У Палесьсі мала ўвагі зьвяртаюць на гаспадарку. Усе здаравейшыя, дужейшыя мужчыны ідуць на працу ў лес. Галоўная работа ў лесе — гэта павал лесу і дастаўка яго на рум.

Румам называецца бераг сплаўнай ракі, на які звозіцца дрэва з акалічных лясоў. Тут купец прыймае дрэвэ.

Павал і возка дрэва ідзець у восені і праз усю зіму.

Вясною, як толькі рушаць рэкі, дрэва сплаўляецца па малых рэчках розсыпам, г. зн. асобнымі калодамі, па вялікіх — плытамі. Розсыпам дрэва ідзець аж да вялікіх рэкаў. Там яго ловяць і вяжуць у плыты.

У плыту бывае па 300—500 калод, у залежнасьці ад вады. Калі вада глыбокая — кладуць больш. Плыт сядзіць у вадзе ня больш як на аршын, а над вадою высунуты на які вяршок. З 10-20 плытоў складаецца сотня або „гонка“.

Пры кожнай гонцы ёсьць цэлая грамада плытнікаў. На чале іх знаходзіцца дубавік або рэтман, які загадуе сплавам. Для плытнікаў на адным з плытоў ёсьць хатка з печкай, дзе яны вараць сабе есьці.

Плыты найбольш гоняць у Рыгу, Коўну і Кацярынаслаў. Часам плытнікі патрапляюць зьвярнуцца за лета па некалькі разоў.

Па Дняпру гоняць найбольш нячэсанае бярвеньне. Найлепшы лес ідзе да Херсону і Адэсы. Драбнейшы лес ідзе бліжэй — у Кіеў ды Кацярынаслаў — для капальняў на падпоркі ў шахтах.

Па Дзьвіне і Нёмну гоняць найбольш ужо чэсаны тавар. Апошнімі гадамі ў Беларусі пабудавалася шмат пільняў і цяпер ужо значная частка лесавога тавару ідзець пілаваная.

Рыбацтва.

Хаця ў Беларусі вельмі многа рэкаў і вазёраў, аднак рыбацтвам спэцыяльна займаецца толькі некалькі тысячаў чалавек, якія жывуць ля берагоў рэк і вазёр. Найбольш рыбацтвам займаюцца ў азёрных краёх: у Наддзьвіньні, і Задзьвіньні, а так сама ў Палесьсі. З Наддзьвінскіх азёраў рыбу адпраўляюць навет за межы Беларусі. А ў Палесьсі, у Кожан-Гарадку, Давыд-Гарадку рыбалкі копцяць рыбу і ў гэткім відзе адпраўляюць на продаж у большыя гарады — гл. чынам у Бярэсьце і ў Варшаву.

Гаспадары найбольш займаюцца рыбацтвам як дадатковым заняткам. Рыба робіць яду ўзьбярэжнага селяніна больш рознароднай і сытнай.

Да гадоўлі рыбы толькі цяпер пачынаюць брацца лепшыя гаспадары. Пры дастатку на Беларусі прыродных вазёраў, гадоўля рыбы магла-б даць вялікі зыск.

Апроч рыбы ў нас па дробных рэчках вельмі многа ловяць ракаў, якіх купцы адпраўляюць у вялікія гарады, навет заграніцу — напр. у Бэрлін.

Аб здабычы мінэральных (падземных) багацьцяў ужо гаварылася вышэй (стр. 35).

Хатнія рамёслы.

Хатнія рамёслы ў Беларусі ня маюць шырокага разьвіцьця. У даўнейшыя часы, хатнія рамёслы мелі вельмі важнае значэньне. Асабліва іх, падтрымлівалі багатыя двары, якія ўсё патрэбнае да раскошнага, другі раз, жыцьця выраблялі па мейсцу рукамі падданых — рамясьнікоў. Як зьбяднелі двары — сталі нішчыцца і хатнія рамёслы. А яшчэ больш ім пашкодзіла

Беларусінка у сьвяточнай вопратцы свае работы.

канкурэнцыя танных хвабрычных вырабаў — тандэты. Цяпер хатнія вырабы найбольш пашыраны ў глухіх закутках, куды яшчэ не дайшла хвабрычная „культура“.

Спаміж хатніх рамёслаў найбольш пашырана і разьвіта ткацтва. Даўней Беларусь славілася сваім ткацтвам. I да гэтых часоў у музэях пераховуюцца залататканыя слуцкія паясы,

Дэсані беларускіх паясоў: 1) „тры елачкі“, 2) „крывыя крыжыкі“, 3) „крывулькі“, 4) „два капыцікі“, 5) „сыркі“, 6) „капыцікі“, 7) „ланцужок“, 8) „грабелькі.“

Драўляныя каўшы і міскі (работа беларускіх вясковых рамясьнікоў).

вядомыя тады са свайго хараства па ўсім сьвеце. Ткалі ў нас і дываны, на якіх вытыкаліся цэлыя малюнкі ды абразы.

Цяперака ў той самай Случчыне вырабляюць толькі тыя тканіны, якія патрэбны для штодзеннага ўжытку сялян.

Ткацтва пашырана ўва ўсёй Беларусі; толькі хіба у ўсходняй Смаленшчыне яно мала дзе ёсьць. У рэшце Бэларусі сялянства адзяецца ў вопратку дамовага вырабу. Праўда, верхняя вопратка, асабліва сьвяточная і ў маладзежы, бывае крамная. Гэта асабліва значна ў заходняй Беларусі і каля гарадоў. У ўсходняй-жа і паўднёвай ад Слуцку да Смаленску пануе ўсюдых і верхняя вопратка свае работы.

У большай часьці вясковай Беларусі ткуць усе кабеты. Ткуць яны — паясы, палатно, ручнікі, сурвэты, гунькі, коўдры, дываны, сукно, корт і інш. Усе гэтыя тканіны маюць чыста беларускі рысунак, які перадаецца ад матак дачкам.

Цяперашняе ткацтва на Беларусі абслужуе найбольш сялянства. Аднак у апошнія часы, за прыкладам іншых старонак, сталі заводзіцца і ў нас ткацкія школы. Піонэркай у гэтай справе была пані Моль, якая залажыла школу ў Рэжыцы. Дзякуючы працы гэтай школы стала ізноў разьвівацца ў нас артыстычнае ткацтва. Пазакладаліся варштаты ў шмат якіх дварох у Наддзьвіньні і Вілейшчыне. На жаль толькі Рэжыцкая школа мала займалася беларускімі матывамі ў рысунках тканін. Рысункі браліся найбольш польскія з-пад Кракава. А як заводзілі школу маскоўцы — дык яны заводзілі маскоўскія дэсані.

Другім досіць важным хатнім рамяслом ёсьць ганчарства і вырабы з гліны. Гэтыя рамёслы даюць таннае, але досіць грубога выгляду судзьдзё. Займаюцца імі ўсюдых. Найбольш вядомы ганчары з Крэва (Ашмян. пав.), Дзісны, Чашнікаў (Лепельск. пав.), Чарняўкі (Барысаўскі пав.) і Горадна (Пінскі павет).

У Івенцы (Менск. пав.) вырабляюць добрыя кахлі (для печак). У Лепельскім павеце шмат людзей займаецца вырабам цэглы.

Дзякуючы багацьцю лесам у Беларусі досіць пашыраны хатнія рамёслы драўляных вырабаў.

Стальмахоў (што робяць калёсы) найбольш у Ігуменскім пав., у Лідзкім, Чавусскім, Аршанскім паветах і ў Смаленшчыне. Можна гэтых майстроў спаткаць блізка ў кожным мястэчку. Яшчэ больш пашырана рамясло бандарскае. У Смаленшчыне (Красьненскі павет) робяць шмат лыжак і точанай драўлянай пасуды.

У Глуску і Любані (Бабруйск. пав). і ў Старобіне (Слуцк. пав.) і ў Магілеўшчыне робяць драўляныя мэблі, — шафы, сталы, ложкі і інш., а так сама пасуду. Сталяроў, наагул кажучы, ёсьць досіць многа і яны, ня маючы працы, часта займяюцца цесьлярскай работай. У Ракаве (Менск. пав). робяць драўляныя малатарні і арфы, якія вельмі падабаюцца гаспадаром дзеля прастаты устройства і лёгкасьці рамонту.

У Чавусскім і Клімавіцкім паветах шмат рамясьнікоў займаюцца вырабам рэшатаў і бёрдаў. Для гэтых мэтаў там жа, а так сама і ў іншых мяйсцовасьцях, дзяруць ліповую кару на лыкі. Шмат дзе плятуць на продаж кошыкі з лазы. А ў Лахві (Мозыр. пав). плятуць кошыкі з ракітавага караня.

З іншых хатніх рамёслаў трэба ўспомніць аб шавецтве і кравецтве, пашыраных больш-менш усюдых, аб гарбарстве, глаўным чынам аб вырабцы кажухоў і аб прыгатаваньню жорнаў, якое асабліва пошырана ў Аршанскім і Сеннінскім пав. Урэшце ў Гомельскім і Чавусскім паветах пашырана валеньне шапак і вайлакоў. Асабліва гэтае рамясло разьвіта ў мяст. Дрыбіне (Чавусск. пав).

Мескія рамясьнікі.

У нашых мястох і мястэчках значная частка жыхараў займаецца рамёсламі. Сярод местачковых рамясьнікоў найбольш шаўцоў, краўцоў, муляроў, кавалёў, сталяроў і інш. Местачковыя рамясьнікі працуюць на ўсе акалічныя вёскі і двары, і робяць тавар на заказ.

У мястох апроч гэтых рамясьнікоў зьяўляецца шмат новых прафэсый, вызваных патрэбамі мескіх жыхараў. Апроч таго зьяўляецца шмат рамясьнікоў, якія ўжо працуюць не на заказ, але для магазынаў і крамаў. Іхныя вырабы называюцца звычайна тандэтнымі; яны бываюць звычайна ня вельмі трывалыя, за тое вельмі танныя і дзеля гэтага маюць самы шырокі збыт.

Такога роду рамёслы найбольш разьвіты ў вялікіх мястох. У Вільні і Віцебску вельмі многа вырабляецца гатовай адзежы. Гэтак сама ў Вільні і яшчэ ў Менску вырабляецца харошае тандэтнае абуцьцё. Апроч таго ў Вільні некалькі сотняў рамясьнікоў займаецца абработкаю дарагіх скурак, якія закупляюцца ў Расеі і навет у Нямеччыне і шыцьцём з іх футраў. Наколькі разьвіты гэтыя рамёслы паказуе тое, што беларуская адзежа і абуцьцё разыходзіліся па ўсёй даўнейшай Расеі.

Хвабрычна-заводзкая прамысловасьць.

Хвабрык і заводаў на Беларусі мала, а якія і ёсьць, то найбольш дробныя. У справе хвабрычна-заводзкай прамысловасьці Беларусь вельмі адстала. Яна вырабляла перад вайной усіх хвабрычных прадуктаў ня больш як на 150 міліёнаў рублёў, тым часам як Расейская толькі Польшча вырабляла на 800 міліёнаў, а ў Маскоўшчыне толькі прамысловасць Падмаскоўскага району давала тавараў больш чым на міліярд рублёў. У найбольш-жа разьвітай з прамысловага боку краіне — Злучаных Штатах Паўночнай Амэрыкі тавараў вырабляецца на 30 міліардаў рублёў.

Такое палажэньне Беларусі тлумачыцца шмат якімі прычынамі. На Беларусі няма каменнага вугаля, ані зялеза. Істнуючыя хвабрыкі мусяць прывозіць сабе гэтыя два важнейшыя сырыя прадукты са стараны — з Польшчы, альбо з Данецкіх капальняў (на Украіне). Другая прычына — гэта палітыка расейскага ўраду, якая рознымі спосабамі памагала прамысловасьці ў Маскоўшчыне коштам іншых краёў даўнейшай Расеі. Дзякуючы гэтаму шырока разьвілася прамысловасьць каля Масквы і Петраграду.

З другога боку ў Польшчы, багатай каменным вугалём і блізкой да Нямеччыны, нямецкі найбольш капітал стварыў другі моцны цэнтр прамысловасьці ў Лодзі і Варшаве. На Беларусь-жа ня трапілі ні нямецкія капіталы, ні падмогі ўраду, а сваймі сіламі Беларусь змагла стварыць толькі тую прамысловасьць, якую цяпер мае.

Але беларуская прамысловасьць шыбка расьце. Напрыклад у Магілеўшчыне за 10 апошніх гадоў лік работнікаў павялічыўся на ⅓, а выраб тавараў падвоіўся. Трэба спадзявацца, што счасам, калі Беларусь стане на свае ногі і спрабуе выкарастаць усе свае прыродныя багацьці, прамысловасьць нашая дойдзе ня меншай ступені, як і ў іншых эўрапейскіх народаў.

У Беларусі, старане найбольш земляробскай, да таго яшчэ багатай лесам, найшырэй павінны былі-б разьвіцца тыя віды прамысловасьці, якія перарабляюць прадукты гаспадаркі і дрэва. Аднак і гэтыя віды прамысловасьці ня лішне ў нас разьвіты. Толькі бравароў у нас досіць многа.

Бравары гоняць спірт найбольш з бульбы. Бульба, як мы ведаем, любіць лёгкую зямлю. Вось дзеля чаго ў пескавым Палесьсі, — Прыпяцкім, Дняпроўскім і Бярэзінскім, — па дварох садзяць вельмі многа бульбы і амаль ня ў кожным двары ёсьць бровар. Бравары аднак не абыходзяцца сваёю толькі дворнаю бульбаю, а яшчэ скупляюць бульбу ад дробных гаспадароў з усёй ваколіцы. У глухім Палесьсі, дзе гаспадару, каб прадаць што, трэба цягціся за дзесяткі вёрст па дрэннай дарозе, аказуецца такім чынам вельмі выгадна для дробных гаспадароў садзіць бульбы як найбольш і прадаваць яе ў бравары.

Усяго ў беларускіх браварох выкуруецца каля 15-ці міліёнаў вёдраў гарэлкі. З гэтага ліку на Беларусі зужываецца каля 6 міліёнаў вёдр., рэшта-ж вывозіцца ў Расею. Трэба сказаць, што Беларусь была амаль ня самым цьвярозым краем ува ўсёй даўнейшай Расеі, асабліва заходняя Беларусь. Толькі ў Смаленшчыне ужываецца гарэлкі толькі-ж, як і ў Маскоўшчыне.

У Горадзеншчыне і ў Віцебшчыне выганяюць шмат піва, дзеля чаго там сеюць больш ячменю. На ўсходзе Беларусі, дзе шмат сеюць лёну і канапель часта спатыкаюцца маслабойныя заводы алеярні (Смаленск, Гомель). Апроч таго ў розных мяйсцох спатыкаюцца крахмальныя і дражджавыя заводы. Апошнія істнуюць найбольш пры браварох.

Па ўсёй Беларусі параскіданы сыраварні, найбольш пры пактах у вялікіх дварох. Асабліва многа сыраварняў у Смаленшчыне.

Апошнімі часамі адкрываецца ўсё больш паравых млыноў, якія патроху выціскаюць звычайныя вясковыя вадзяныя млыны і ветракі.

Цукраварняў цяпер пакуль што на Беларусі блізка што[1] няма, затое ёсьць хвабрыкі цукеркаў, шакаладу і іншых прысмакаў; найбольшая з гэтых хвабрык — у Вільні.

У лясістых мясьцінах Беларусі досіць густа разсеяны невялікія заводы па пераробцы дрэва і іншых лясных прадуктаў — пільні, смалярні і інш. Даўней з Беларусі вывозіўся толькі непілаваны лес. Дзякуючы гэтаму паадкрывалася шмат пільняў у Кіеве, Кацярынаславе, Рызе і г. д. Тады і нашыя лясныя гандляры сталі рабіць пільні і цяпер ужо значная частка лясных матар'ялаў з Беларусі ідзець пілаванаю. Заводаў гэтых яшчэ аднак мала і на гэтым наш край шмат траціць.

Дагэтуль яшчэ шмат дрэва з Беларусі прадаецца за рубяжом на паперныя хвабрыкі і з яго вырабляецца папера, тым часам у нас паперняў пакуль што толькі каля дзесятку. Важнейшыя паперні знаходзяцца ў Дабрушу (Гомельскага павету), Чашніках (Лепельскага павету) і ў Нова-Вялейцы (Віленскага павету). Дабрушская хвабрыка вырабляе найболыш паперы і прытым лепшых сартоў. Па свайму ўстройству і па вялічыні займае яна пачэснае мейсца паміж паперняў усяе Эўропы. Паперу на ёй робяць лепшыя сарты — з анучаў, горшыя — з дрэва і саломы, якія перарабляюцца ўперад на асобых заводах. Хвабрыка апрыч пары працуе яшчэ і вадой. Для гэтага выкарастана аграмадная сіла р. Іпуці. На Дабрушскай хвабрыцы працуе каля 1500 работнікаў.

Найбольш дрэва ідзе на тыя хвабрыкі, дзе вырабляюцца горшыя сарты паперы (на вокладкі, абіцьцё) і бібула. Такіх хвабрык найбольш у Віцебшчыне.

Выраб сярнічак на Беларусі досіць разьвіты. Беларускімі сярнічкамі карысталася амаль не палавіна даўнейшай Расеі. Найбольш пашырана гэтая прамысловасць у Чарнігаўшчыне (Сафіеўка, Злынка, Навазыбкаў і інш.), Меншчыне і ў Віцебшчыне. Найбольшыя хвабрыкі сярнічак у Пінску, Барысаве, Гомлю і інш. Прамысловасць гэтая вельмі хутка расьце. З кожным годам адкрываюцца ўсе новыя і новыя хвабрыкі. Ткацкія хвабрыкі гуртуюцца каля некалькіх цэнтраў: Беластоку, Клінцоў (Суражскага пав.) і Ярцава (Духаўшчынскага пав). Найбольш разьвіта гэтая прамысловасьць у Беластоку і каля яго. Тамака працуюць найбольш хвабрыкі, што прадуць воўну і вырабляюць сукно, корт і драп. Хвабрыкі гэтыя былі пазакладаны немцамі каля 1800 г., калі яны тамака гаспадарылі пасьля III падзелу Польшчы. Хаця па Тыльзіцкай згодзе Беласточчына і адыйшла да Расеі, аднак прамысловасьць разьвівалася далей дзякуючы блізкасьці мяжы і чужаземным капіталам. Беластоцкія хвабрыкі вырабляюць найбольш танныя сарты сукна і драпу, а так сама корт. Шмат гэтых матар'ялаў ідзець на тандэтную адзежу.

Ткацтва разьвілося ня толькі ў самым Беластоку, але і ўва ўсіх яго ваколіцах. Па дробных мястэчках пад Беластокам пабудаваліся вялікія хвабрыкі з сотнямі работнікаў, а так сама шмат ёсьць і дробных рамясьнікоў-ткачоў, якія маюць у хаце варштаты. З гэтых мястэчак важнейшыя — Заблудаў, Харошча, Супрасьль і інш.

Беластоцкія хвабрыкі вырабляюць у год тавараў больш як на 10 міліёнаў рублёў. На іх працуюць каля 10 тысяч работнікаў. Гэта самы важны цэнтр хвабрычнай прамысловасьці ў Беларусі.

Другім важным цэнтрам ткацтва трэба лічыць Клінцы, Суражскага пав. разам з яго прадмесьцямі — Стадоламі, Казённаю Туросьняю і іншымі. Тут істнуюць вялікія хвабрыкі, найбольш суконныя; яны вырабляюць у год тавараў (сукна, драпу, коўдраў, ваты і інш). на 3½ міліоны рублёў пры 4000 работнікаў.

У Ярцаве, Духаўшчынскага пав. асобна стаіць вялізная ткацкая хвабрыка т. зв. Ярцаўская мануфактура. Тутака прадуць бавоўну і ткуць найбольш танныя паркалі. Усяго вырабляе гэтая хвабрыка у год тавараў на 3 міліёны руб.; а на ёй працуюць больш 4000 работнікаў.

Трэба ўрэшце зьвярнуць увагу на адну невялікую хвабрыку сукна ў Парэччы (Пінск пав). На гэтай хвабрыцы вырабляюцца добрыя гатункі сукна што году на 180 тысяч рублёў.

Ткацкая прамысловасьць найбольш разьвіта пры межах Беларусі, перарабляе глаўным чынам прывозныя прадукты (бавоўну, воўну) і патрымліваецца найбольш чужаземным капіталам. Аднак пры дагодных варунках у гэтых істнуючых ужо цэнтрах магла-б разьвіцца і пашырыцца буйная беларуская прамысловасьць.

Вельмі шкода, што ў нас блізка няма хвабрыкаў, якія выраблялі-б льняныя тканіны з нашага-ж лёну, які мы ў аграмадным ліку вывозім за мяжу.

У большых гарадох Беларусі разьвіваюцца буйныя прамысловасьці кравецкая, шавецкая і інш. Апрача мэханічнага вырабу ботаў, панчох і інш. (Вільня, Менск), ёсьць шмат кантораў, якія раздаюць працу на дом сотням рамясьнікоў: шыцьцё адзежы, хусьця, вобую, панчох. У Вільні ёсьць каля 60 кантораў, якія займаюцца толькі панчохамі (Вільня ў гэтай справе займае вельмі выдатнае месца).

Досіць часта ў мястох і мястэчках заходняе Беларусі сустракаюцца хвабрыкі табакі. Яны выпісуюць табаку са стараны, найбалей з паўдня, і пасьля мэханічнае і хымічнае пераробкі яе выпускаюць на рынак табаку да курэньня і нюханьня. У табачных хвабрыках працуе вельмі многа жонак і дзяцей. Найбольшыя хвабрыкі ў Горадзеншчыне, у Пінску, Віцебску і г. д.

Гарбарні. Віднае месца ў беларускай прамысловасьці займаюць гарбарні — г. зн. заводы, на якіх вырабляецца скура. Найбольш гарбарняў у Віленшчыне і ў Віцебшчыне. З гэтага боку асабліва адзначаюцца м. Смаргоні (Ашмянскага пав.), дзе ёсьць каля 20 гарбарняў, а так сама Вільня, Крынкі і Дзьвінск, Ашмяна, Магіле́ў, Падабранна (Гомельскага пав.) Клінцы, Беласточчына і інш.

Нашыя гарбарні найбалей зьяўляюцца невялічкімі заводамі. У адным Магілеве да 70 дробных гарбарняў. Яны даюць малы зыск, але харчуюць шмат работнікаў. Буйных гарбарняў мала. Найбольш іх у Вільні.

Гарбарні выпісуюць сырую скуру здалёку з — Усходу, Каўказу і інш. Вырабленыя тавары прадаюцца так сама найбольш у Маскоўшчыне. Устройства нашых гарбарняў ня лішне добрае і ім трудна бывае конкураваць з чужаземнымі гарбарнямі

Есьць на Беларусі мылаварні і заводы сьвечак. Найбольш іх у Меншчыне.

Хвабрыкі мінэральных вырабаў. Пры большых мястох, якія з пашырэньнем сеткі чыгунак, з разьвіцьцём прамысловасьці і гандлю сталі моцна будавацца, павырастала шмат цагельняў. Шмат іх ёсьць пад Вільняю, Менскам, Смаленскам і інш. Гэтак сама каля мястоў, альбо чыгунак на лепшых глінах пабудаваліся кахельныя заводы. Найбольш іх (каля 15) ёсьць у м. Капысі (Гарэцкага пав.)

У лясістых пескавых мясцовасьцях досіць часта сустракаюцца гуты — хвабрыкі шкла. Прамысловасьць гэтая моцна разьвіваецца, бо для гэтага ў Беларусі ёсьць усе патрэбныя ўмовы. Найбольшыя гуты ў Талочыне (Аршанскі пав.), у Рослаўскім павеце, у Залесьсі (Вялейскага пав.) і інш.

Мэталёвая прамысловасць ў нашым краю разьвіта вельмі слаба. Даўней у нас, асабліва у Віленшчыне, было некалькі зялезных заводаў, дзе з балотнае руды выплаўляўся чыгун. Цяпер гэтыя заводы пазакрываліся і ўся мэталёвая прамысловасьць працуе з прывазным матар‘ялам. Найбольш важным ёсьць тут выраб гаспадарскіх машын і прыладаў. Гэтыя вырабы разьвіты каля Вільні і ў Віцебшчыне. Пад Вільняю ёсьць хвабрыка. косаў (у Н-Вялейцы), а ў Віцебшчыне вырабляюць плугі.

Іншыя мэталёвыя хвабрыкі сустракаюцца прыпадкова ў розных мясцох. Гэтак пад Воршаю ёсьць вялікая хвабрыка цьвякоў, у Гомелі, Менску і інш. — хвабрыкі чыгуну і г. д.

Вельмі важнае значэньне ў Беларусі маюць усякага роду чыгункавыя майстроўні. Хаця яны па большай часьці толькі папраўляюць папсаваныя часьці ў паравозах, вагонах і інш., але займаюць значны лік работнікаў. Такія майстроўні ляжаць у большых чыгункавых вузлох — Менску, Гомелі і інш.


Хвабрычна-заводзкая прамысловасьць можа зьмяняцца вельмі моцна і ў кароткім часе ў залежнасьці ад усякіх прычынаў. Той агляд прамысловасьці, які тут даны, адносіцца да часу перад вайною. Вайна 1914 г. зрабіла вялікія ўплывы на нашую прамысловасьць. Некаторыя прамысловыя цэнтры, напр. Смаргонь, навет зусім развалены. Пасьля вайны, калі ўсё прыдзе да нармальнага стану, ведама, нашая прамысловасьць будзе йначай выглядаць, чымся ўпярод. Але аб гэтым трудна ўгадаваць.

Адходныя промыслы і эміграцыя.

З прычыны малога разьвіцьця прамысловасьці ў Беларусі, малазямельнасьці, нізкое ўраджайнасьці зямлі і няўменьня на ёй гаспадарыць значная частка насяленьня Беларусі змушана шукаць заробкаў на старане, а часамі і зусім выяжджаць з роднага краю ў чужыну.

За апошнія гады вельмі многа стала выяжджаць на заробкі у Паўночную Амэрыку, асабліва з Заходняе Беларусі: з Горадзеншчыны, Віленшчыны. Лепшых і здаравейшых работнікаў цягнула туды высокая плата за працу. Значная частка зарабляных грошай перасылалася ў бацькаўшчыну. Толькі малая частка выехаўшых заставалася ў Амэрыцы на заўсёды, большая-ж частка іх варочалася назад, за заробленыя грошы купляла зямлю і садзілася на гаспадарку.

З усходняе Беларусі — з Чарнігаўшчыны, з паўднёвае Смаленшчыны, з Клімавіцкага, Чэрыкаўскага, Мсьціслаўскага пав. вельмі многа выяжджае на работу у Данецкія капальні (на Украіне). Заробкі там так сама досіць высокія, але варункі працы надта цяжкія і нездаровыя. Асабліва шмат выяжджала з Навазыбкаўскага, Суражскага, Клімавіцкага пав. З Навазыбкаўскага павету выяжджала на заробкі ад ¼ да ½ усяго дарослага насяленьня.

З паўднёвых частак Беларусі шмат хто выяжджае на летнія заробкі у чарназёмныя стэпы, на Украіну, Дон, Кубань.

Урэшце з усіх частак Беларусі выяжджала шмат народу на працу ў большыя месты Расеі — Петраград, Маскву, Адэсу і г. д. Шмат хто з выехаўшых у Расею заставаўся там на заўсёды. Гэткім парадкам у гэтых мястох стварылася досіць вялікае беларускае насяленьне. Хаця акуратных падрахункаў не рабілася, але можна лічыць, што ў некаторых з гэтых мест лік беларусоў даходзіў да 100.000 і балей. Да таго-ж трэба сказаць, што выяжджалі на чужыну лепшыя працаўнікі, шмат выяжджала і інтэлігэнцыі.

Апроч таго шмат беларускіх земляробаў выехала ў Сыбір. Лічаць, што ў Сыбіру беларусоў павінна быць каля 700.000 чалавек. Хаця яны разсыпаліся па ўсім Сыбіру, але найболыш іх жыве ў Енісэйскай губ. — у Канскім, Ачынскім і Краснаярскім паветах. У першым з гэтых паветаў беларусы складаюць ⅓ частку ўсяго насяленьня. Так сама шмат беларусоў жыве ў Уссурыйскім краі, у Табольскай і Томскай губ. У Сыбіру беларусы выбіраюць мяйсцы, якія прыпамінаюць ім пакінутую Бацькаўшчыну. Найбольш селяцца яны ў мяйсцох лясістых, ля вады.

Гандаль.

Значная частка мескіх і местачковых жыхараў займаецца гандлем. Найбольш гандлем займаюцца жыды, а гэта з тае прычыны, што ім закрыты былі палітыкай расейскага ўраду іншыя дарогі. Жыд ня мог набываць зямлі, ня мог служыць чыноўнікам. Аставалася яму заняцца гандлем і промыслам. I вось у нас, у Беларусі, дзе жыдом было дазволена жыць (у Маскоўшчыне жыдом расейскі ўрад не дазваляў жыць) стварылася дзеля гэтага вялікая кляса людзей, якія займаюцца гандлем. Чым балей гандляроў, тым большая паміж іх конкурэнцыя, а чым большая конкурэнцыя, тым пакупцы дастаюць лепшы тавар і таней. Вось-жа ў Беларусі, дзякуючы значнай лічбе гандляроў і іхнай конкурэнцыі гандаль стаіць досіць добра.

Памагае гэтаму і само географічнае палажэньне Беларусі а так сама і досіць значнае разьвіцьцё ўсякіх дарог. Гэтыя прычыны ўжо з даўных часоў далі магчымасьць разьвіцца ў Беларусі шырокаму гандлю.

Яшчэ ў часы дагістарычныя цераз Беларусь ішлі важнейшыя гандлёвыя дарогі і ў беларускіх мястох ішоў бойкі торг і менка тавараў з усяго тадышняга сьвету. Найбольш ходкімі таварамі былі бурштын, які знаходзілі на берагох Балтыцкага мора. Так сама ішлі і іншыя тавары — скура, мёд, воск, віны, тканіны, хлеб і інш. Усімі гэтымі таварамі і таргавалі нашыя продкі і для гэтай мэты мусіць наўпярод і пазакладаліся старыя беларускія месты — Менск, Полацак, Віцебск, Смаленск, Горадзен, Тураў, Пінск і інш. Некаторыя месты — напрыклад Менск, навет самае імя сваё дасталі, відаць ад галоўнага занятку сваіх жыхараў — гандлю, мены. Месты гэтыя ляжаць найбольш у тых мяйсцох, дзе гандляры перацягавалі свае тавары з аднае ракі ў другую, калі па першай нельга было ехаць.

Пастаянныя войны, якія адбываліся соткі гадоў на Беларускай зямлі, зруйнавалі нашыя месты. Даўнейшыя беларускія гандляры зьбяднелі і сталі займацца іншымі заняткамі. Да таго-ж у тыя часы (у Сярэднія Вякі) занятак гандлям лічыўся для шляхціца, напрыклад, паніжаючым яго годнасьць. Вось як раз тады за гандаль у нас бяруцца жыды, пакрысе арганізуюць яго і займаюць усяго цаліком у свае рукі.

За мяжу Беларусь, як ужо можна было бачыць з апісаньня гаспадаркі і промыслаў, вывозіць найбольш лес і лясныя матэр‘ялы, а так сама лён, пяньку, садовіну, сьпірытус, сярнічкі і інш. Увозіцца найбольш пшоннае мукі і усялякага збожжа, а так сама ўвозяцца каменны вугаль, газа, цукар, усялякія мэталі і мэталёвыя вырабы, штучныя гнаі (парашкі), красныя тавары і галянтэрыя і інш. Акуратнага падрахунку загранічнага гандлю Беларусі яшчэ ня зроблена.

Галоўнымі тарговымі цэнтрамі, мяйсцамі гуртоўнага гандлю і складаў ёсьць месты: Вільня, Менск, Віцебск, Беласток, Гомель, Дзьвінск, Пінск. З гэтых цэнтраў разыходзяцца тавары па дробных мястэчках, аткуль іх і дастае насяленьне.

Найбольшаю перашкодаю для гандлю як і для прамысловасьці ёсьць недахват буйнога капіталу. За тое дробныя капіталы, якія ў Беларусі ёсьць, зварочуюцца скора і значыцца даюць добры зыск. Гэта паказуе, што старана нашая ў гандлёвых адносінах стаіць высака.

Добрая пастаноўка прыватнага гандлю доўга перашкаджала разьвіцца ў Беларусі коопэрацыі. Толькі за апошнія гады перш-на-перш пад уплывам палітычных абставін, коопэрацыя стала вельмі моцна разьвівацца, ўсё больш і больш выціскаючы прыватных гандляроў.



  1. Есьць некалькі цукраварняў на самай паўднёвай мяжы Беларусі ў Чарнігаўшчыне.