Перайсці да зместу

Генуэскі рынак

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сабор св. Марка ў Вэнэцыі Генуэскі рынак
Верш
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1923 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 2, ліпень 1923 г., б. 4-6

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Генуэскі рынак.

Купцам рады палацаў пышных
бязродны раб тут настаўляў,
і маўрытанскі лук выгібны
вычурнай вязьзю аздабляў.
Зусюль
сюды палон звазіўся;
з далёкай нат Русі,
які штогоду набіралі
у нас сьвятыя, добрыя князі.

.............

Алег сталіцу Крывічоў,
град людны і вялік, палоніў:
ён першы шлях ў Геную,
цераз таўрыдзкія факторьі,
з людзкім таварам торыў…
Рагнеду Ладзімір перад баярамі
растліў,
а гордых полацкіх мяшчан
куды-ж? — Ў Генўю збыў…
Пазьней ён тураўцаў да Бога навярнуў,
у веры прасьвяціў:
„со кліром і епіскопы“ у Прыпяці хрысьціў.
Хіба сваіх! Бо бунтароў, а гэта ўсіх,
пляніў;
і цераз корсунскіх купцоў,
на віны кіпрскія зьмяніў.
І, ось, пашлі у Кіеве піры;
князь-сонейка на покуце
пры ім багатыры:
Дюковічы, Плянковічы
дапушчан смэрд той Селянінавіч
да княжага стала,
скранулі Мурамскога з пушчаў сядуна
к вялікай справе.
Па пьянаму ідзе застольная лахва
з разбойніцкіх учынкаў…
Наслухаўшысь якой, да гэтае пары —
кудзебнікі, гудзьбіты, скамары —
дурылі й дураць сьвет
былінамі!
Прост, радасна было дружыне ваякоў,
паверыўшым насьвежа у Хрыста,
што ім ад кождага храста, пяцёх паган,
прыходзіцца па душ пяцьсот
славянскай нехрысьці…
Якіх аднак,
— хай новы Gott gross прыйме dank —
Карсунь за золата купляе;
пазьней, штолепшых дзевак спаміж іх,
— ну, ведама, паганак, —
ў Геную высылае.
Ладзімір Манамах, спаліўшы Менск,
замежны свой папоўніў крам:
ні чэлядзі ані жывіны
ня кінуў там;
усё і ўсіх забраў,
і, дзедаўскай сьцягой,
у Геную пагнаў!
І дзьвесьце з лішнім лет трывала оргія хрышчэньня;
гуляла Русь без ўсякае аглядкі:
палілі гарады, з зямлёй раўнялі весі,
дасьцейны Рурыка нашчадкі…
То іх, — мясцовыя мужы,
што з даняю прышлі
і з горкім словам, —
да воўкаў роўнілі ў аўчарні:
яны — бо люд не распасьлі,
як некалі свае,
мясцовыя князі.
Затое поўныя галеры,
набітыя ўпавал людзьмі,
плылі ад Крымскіх берагоў
па ўсіх партовых гарадах
паміжзямельных.
І тут,
на гэтым рынку,
княжыя мужы „таварам“ таргавалі:
рабоў, рабынь—палоненых ў вайне, —
на продаж выстаўлялі.

.............

Мінула тысяча, ўладаньня русаў, лет;
і воляю каноднай,
на гэтых самых камянёх,
ідзе зноў торг нягодны.
А толькі, ў нашы дні, ідзе ўжо ладам новым:
з раздробнага, малога,
ён стаўся, бач, гуртовым!
Ізноў, патомкаў Крывічоў,
паставіў камунізм
на торжашчным кружале:
ня тых, партыйных, а такіх,
якіх й Варагі прадавалі.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.