Перайсці да зместу

Ганчар

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гандляры Ганчар
Абразок
Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч
1924 год
Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 13, 14 жніўня 1924 году, б. 2
Белашапка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




III.
ГАНЧАР.

Доўга глядзеў Ганчар на каршуна, які ганяўся за нейкай птушкай, нарэшце, ня вытрымаў, прылажыўся і выстраліў са словамі:

— Вось табе, разбойнік!

Ад неспадзеўкі каршун узьвіўся раней уверх, але мусіць яго зачапіла добра шротам, бо ён, пачаўшы рабіць выкрутасы. ўпаў на зямлю. А, збаўленая ад сьмерці, птушка піснула і паляцела хутчэй да лесу.

— Ляці, — ласкава сказаў ёй усьлед Ганчар закладаючы стрэльбу за плечы.

— Добры дзянёк будзе, — пачаў Ганчар, — Вось люблю гэтакія дні, калі на небе ніводнага воблачка ня ўгледзіш, а бачыш толькі адно неба, шырокае як мора…

Я паглядзеў на яго. Той зараз зірнуў на мяне і, ўсьмяхнуўшыся, сказаў:

— Я ведаю, чаго вы зірнулі на мяне, бо ў вас зьявілася пытаньне, ці бачыў я калі мора? Гэта праўду вы падумалі — я мора ня бачыў… казаў ён цяжка уздыхнуўшы.

— Ну, але мары аб ім у мяне бываюць… Гэтак, вось, іншы раз, глядзіш на траву на нашым вялікім балоце альбо на, сітняг, дык мяркуеш, ці ня так сама ходзяць па ім хвалі, толькі ведама вйлікія… Па траве альбо сітнягу таксама ходзяць хвалі, калі вее ветрык. Ведаеце што, — казаў ён далей, — я нічога ў жыцьці не кахаю так моцна, шчыра як кахаю лес… Гляньце на яго ўдзень, увечары, раніцай, уночы, ва ўсякі час ён мае свае хараство, дудзь гэта ў добры дзень, ці ў буру. Заўсёды лес цягне мяне да сябе. Здалёку, вось, чуеш як шуміць ён і, здаецца, шапоча, мане, заве… А як добра, ў гарачы дзень разлегчыся дзе-кольвек на траўцы пад дубком; не агледзішся, як засьнеш пад ціхі гоман лісьцяў.

Прасьнешся, расплюшчыш вочы: наўкола стаяць сосны, елкі, дубы, бярозкі; з галін нясуцца птушак песьні і, здаецца, што ты папаў у рай, аб якім пішуць у сьвятых кніжках… А як прыемна ўчуць ў лесе звон увечары! Гук плыве з званьніцы, ўваходзіць у душу, маніць да сябе, кліча зьвярнуцца да Бога. Увесь лес, здаецца, прыціхае, ні шуму лістоў, ні песьняў птушак, толькі ён, ён напаўняе лес, вячэрні гук звону…

Апошнія праменьні сонца іграюць яскрава на залатым, далёкім крыжы царквы ў сяле…

Хутка ночка настане, хутка зоркі замігаюць на небе, Будзе спаць поле, будуць спаць людзі, будзе спаць і лес пад шэпт пудоўны ночы…

Не, ніколі я ня здраджу лесу, ніколі! — горача закончыў Ганчар і мы ўвайшлі ў лес.

— Вось ён! — зьняўшы шапку сказаў Ганчар. — Я ўваходжу ў яго як-бы ў сьвятыню Бога. Ці чуеце, як шапоча ён? Аб чым?

— Чую! — ціха адказаў я і таксама зьняў шапку.

Лес шумеў…

Дзяргач.