Перайсці да зместу

Белашапка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ганчар Белашапка
Абразок
Аўтар: Вячаслаў Вячаслававіч Адамовіч
1924 год
Крыніца: Часопіс «Грамадзкі голас», № 13, 14 жніўня 1924 году, б. 2-3, № 14, 17 жніўня 1924 году, б. 2
Агнішча

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




IV.
БЕЛАШАПКА.

У поўдзень я з Ганчаром зайшлі да нейкага хутара ў лесе, Уся хатка гаспадара выла, абсаджана яблынкамі, грушамі, вішнямі, сьлівамі і іншымі фруктовымі дрэвамі.

— Хто тутака жыве? — запытаў я.

— Хто жыве? — перапытаў мяне Ганчар, — а вось угледзіце самі…

Праўда, праз хвілю я ўгледзіў чалавечка маленькага росту, ў белых нагавіцах і сьвітцы. На галаве была саламяная шапка. Загарны твар, рэдкая бародка і вусы рабілі яго трохі сьмешным.

— А, Ганчар, здароў, здароў! — замахаў шапкай гаспадар хутара, угледзеўшы нас.

— Заходзьце, заходзьце! — крычаў ён, падбягаючы да нас.

Мы прывіталіся. Гэта быў той, усім вядомы, Белашапка, пра якога хадзілі погаласкі ў вокрузе, як пра чалавека вучонага і добра знаючага гаспадарку, асабліва садаводзтва.

— Ось тутака, пад яблынкай добра будзе… Сядайце, калі ласка, — сказаў ён, паказаўшы на лаўкі і столік. — Сядайце, а я хутка прынясу мёду і малака… — крыкнуў ён і пабег у хату.

— Вось гэты чалавек, — казаў Ганчар, — хоча зрабіць на ўсёй, зямаі фруктовы. сад, — з усьмешкай закончыў ён.

— Як так? — зьдзініўся я.

— Вось запытайце, вось ён сам, — сьціснуўшы плячыма сказаў Ганчар.

— Ну, вось мёд, малако, сыр, хлеб, лыжкі, шклянкі! — казаў Белашапка, напаўняючы стол частункамі.

— Дзякую, дзякую, — казаў я, — Добры ў вас садок, — пахваліў я, азіраючыся на сад.

— А добры, добры! — ажывіўся. Белашапка на мае словы. — Гэта што! — пачаў ён размову, — вось каб мне ды балей зямліцы, гэтак з дзесяцін 30, дык вось паглядзелі-б, які сад я разьвёў-бы! Былі-б у мяне ўсялякіх гатункаў і яблычкі, і грушкі, сьліўкі, вішні, чарэшні, ўсяго-б насадзіў, завёў-бы пітомнік, школку. А там набраў-бы хлопцаў з вёскі, вучыў-бы іх садаводзтву, дый не павучонаму, а пасвойскаму…

Я паглядзеў на яго.

— Так, так, — загарачыўся ён і ўся яго маленькая фігурка затраслася. Ён замахаў рукамі і чуць ня крычаў.

— Так, так, пасвойму, не павучонаму! Вучоныя аграномы вун што мне казалі. Вось, напрыклад, наконта гэтай яблынкі, — паказаў ён на яблынку, любоўна глянуўшы на яе, — вось казалі, што яна засохне, а тымчасам гляньце, ня толькі не засохла, а нават плады вось дае. А бачыце, што вучоныя, — вучоныя, толькі псуюць! — саўсім раскрычаўся Белашапка. — Вось вы гляньце навакола лес, дзіч — сосны, елкі, дубы, асіны, а што было-б, каб усё гэта былі яблынкі, ці грушкі? а? — пытліва глянуў ён на мяне. — Рай быў-бы, а? — пытаў ён далей.

— Ня рай, а нуда! — плюнуўшы сярдзіта адказаў раптам Ганчар.

— Як нуда? Сад! Яблынкі, грушкі — нуда?! — наваліўся на яго Белашапка і між імі завязалася гарачая спрэчка.

— Эх ты, шэры! — лаяў яго Белашапка. — Нуда! Дык горшай няма нуды, як сядзець сярод дзікага лесу! Эх ты, культуры ня ведаеш! — закончыў ён.

— А ну цябе, з культурай! — агрызнуўся Ганчар. — Я толькі ведаю, што лес для мяне пепш за тваю культуру і сад.

— Дзікі лес лепш за сад? Не, не браток! — ледзьве ня з бойкай палез на яго Белашапка. — Ды ведаеш ты, што Гасподзь Бог і Той сад садзіў, а? ведаеш, ведаеш? — наступаў на яго ён.

— А ну цябе! — адкінуўся ад яго Ганчар, — патвойму сад — рай, а памойму — лес. Ну, дык і застанемся кожны пры сабе, — закончыў ён.

Але разыйшоўшыся Белашапка ўсё стараўся даказаць сваё і, каб мацней укалоць Ганчара, хрыпатым фальцэтам, глянуўшы на мяне, сказаў:

— Вось, далібог, заўтра, заўтра раніцай пачну лес секчы! вось пабачыш!

Пры гэтых словах Ганчар ускочыў, выпрастаўся і, б‘ючы сябе кулаком у грудзі, грозна сказаў:

— Слухай, Белашапка! Калі ты хоць на хвілю зьявішся з сякерай у лесе, дык глядзі — наракай на сябе, я мазы не даю. Дый і саду твайму тады не здабраваць! — дадаў ён.

— Ага! — запішчаў Белашапка здаволены, што праняў такі Ганчара, і зарагатаў.

А Ганчар стаяў, насупіўшы вочы, і грозна. паглядаў на рагатаўшага Белашапку.

— Ну, ну сядай, сябар, чаго там! — зьмяніўшымся голасам і ўжо ласкава загаманіў Белашапка, падходзячы да Ганчара.

— Сядай, сядай, я так браток пажартаваў… Не крану я лесу… Гэта ў нас заўсёды бывае, — зьвярнуўся ён да мяне.

— Вось як сойдземся, дык і пачнём — я пра сад, ён пра лес…

На хвілю замоўклі… Дзесь высока заліваўся яскронак на розныя лады. Сьверашчэлі малінаўкі і чыжыкі, ў галінах яблыняк зьвінелі пчолкі на красках, зьбіраючы мёд… Усё жыло! Усё хваліла Даўшага Жыцьцё… Ветрык ласкава калыхаў галіны дрэваў, быццам цалаваў кожную краску і далей ляцеў, прымусіўшы белую бярозку зашамацець усімі лістамі, крануў высокую елку, якая пагардліва кіўнула яму на развітаньне вострай шапкай і зноў стала спакойна глядзець у высокае неба, з якога пасылала праменьні жыцьця далёкае сонца.

— Ну, пара! — перарваў цішыню Ганчар.

— Пайдзём, сябар! — зьвярнуўся ён да мяне. Я паднаўся. Моцна сьціснулі на разьвітаньне далоні.

— Зямля — гэта Божы дом — замысьленна сказаў Белашапка.

— Праўда Ганчар? — зьвярнуўся ён да яго.

— Той глянуў на яго, на мяне і сказаў: Хадзем!..

— Мы пайшлі.

Белашапка доўга стаяў, гледзячы нам усьлед і калі мы гатовы былі схавацца ў гушчары лесу, да нас даляцеў яго голас:

— Праўда Ганчар?

— Той адвярнуўся, зьняў шапку і крыкнуў:

— Лес — праўда-а-а!..

— Таксама і сад! — даляцеў да нас адказ Белашапкі, калі мы былі ўжо ў лесе.

— Хай і сад! — пракрычаў Ганчар.

Ня ведаю, ці чуў яго Белашапка.

Я ішоў і думаў: цікавыя яны людзі і колькі іх тутака захована ў лесе?

Мы йшлі.

Лес шумеў, кланяўся нам сваімі зялёнымі шапкамі і, здаецца, чуць прыметна казаў:

«Сярод маіх грудзей знайдзеш ты, чалавеча, адпачынак і спакой. Болей нідзе»…

Дзяргач.