Вёска (Купала — За хатай хата ў парадак…)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Вёска
Верш
Аўтар: Янка Купала
1910
Крыніца: http://rv-blr.com/literature/2743#1593



За хатай хата у парадак
Сядзіць адна каля адной;
Залегла вуліца сяродкам,
Будынкі збоку чарадой.

Ня год, ня два зьняла з плеч вёска, —
Дзянькоў уцёкшых знак відаць:
Мох у салому паўпіваўся,
Падпора час сьпяшыць стрымаць.

Жыцьцё у лапці абувае
Сваяк, чужынец-прайдзісьвет,
Бяда багацтву б’е паклоны,
Цямнота к знаньню зводзіць сьлед.

Вядзе вайну сьляза са сьмехам,
Дзярэцца той, а той дрыжыць,
З грахамі важыцца пакута,
У пары ноч і дзень бяжыць.

Ня знаю: шчасьце ці няшчасьце
Ўе тут спакойнае гняздо…
У вёскі гэтага спытайся, —
Маўчыць і вёска пакуль што.

(1910)