Вяршыні жаданьняў (1930)/Восень

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вецер гуляе па даху Восень
Верш
Аўтар: Валерый Маракоў
1930 год
Адноўленая зямля
Іншыя публікацыі гэтага твора: Восень (Маракоў).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВОСЕНЬ

Там, дзе у полі зьзяюць росы
І па начох ўстае туман,
Радзіўся
Дзень сьветлавалосы
І мой наіўнейшы
Роман.
Яе знэрвованыя пальцы
Прайшлі,
Як сон, па валасох…
О, восень
Ў вобразе бэнгальца
Мудрэй,
Як мудры Саламон!
Вакол крывавыя пажары
Прымушан вецер
Разьдзьмухаць,
Бо ўсё-ж
Асеньнія абшары
Ня хочуць сэрцам паміраць.
Шумі,
Сьпявай,
Прывольны вецер,
Не жабраваць табе ў палёх.
І можа быць ізноў
Поэце
Напомніш ты ягоны лёс…
Было даўно…
Ў прасторах сьвету
Такой-жа восенскай парой
Ішоў бяз песьні
І бяз мэты
Дзень,
Акрываўлены зарой…
Быў я малы
І сэрцам кволы,
А год галодны і глухі,
І людзі падалі
Да долу —
Лісты і людзі — мерцьвякі.
Сабакі грызьлі чалавека,
А чалавек
Пад час сабак.
Зьвяры
Прыходзілі аднекуль
На гэты
Вымушаны баль…
А восень кідала чырвонцы
Пад ногі ветру
І жальбе,
Каб па нямеючай
Старонцы
Прайшла зімы і сьмерці бель.
Каб заглушыла рогат
Жаху
І трупы ў саван свой ўпляла:
Зямлю,
Лясы,
Даліны,
Дахі —
Ўсю гэту змучаную даль…
А людзі йшлі…
Яны палалі…
І горда верылі ў жыцьцё,
І на палёх,
На морскіх хвалях
Нясьлі агонь,
Запал
Ў грудзёх…
Кастрычнік…
Выбухі гарматаў…
Зямлі сьмяротны непакой,
А ўсё-ж
Разьбілі мары
Катаў
І зьдзекі згубленых вякоў.
Хлапчынка стройны й кучаравы —
Не разумеў я гэтых спраў,
І ад Масквы,
Аж да Варшавы
Наіўным вокам пазіраў
На карту бойкі
Векапомнай,
І мільённы гул
Гармат
Здаваўся мне
Душой бяздомнай,
Што сонца вырвала з-за крат!
Сягоньня восень
Ўжо ня тая,
Ня той Кастрычнік сьцеле ліст,
Сама,
Як воля,
Маладая,
Як лепшай долі
Сымбаліст,
Фарбуе вуліцы сталіцы
Ў сьвятло
Цьвятлівістых надзей… Сягоньня
Восень-чараўніца
Прышла вітаць комуны дзень.
І сёньня я другі…
Я новы…
Пачуў з палаючых раўнін
І вуліц гул,
І шум дубровы,
І песьні новыя турбін.
І зразумеў я ў шуме ветраў
Прастор зямлі
І ўсіх марэй,
Дзе будзе
Горад — сад
Сусьветны —
Адна краіна
СССР.
І ваша восень не навее
Халодных вобразаў
Жальбы,
Дзе людзі гінулі
Ў завеях,
Ў агні вялікай барацьбы.

1929