Быў вечар палкіх парываньняў…
Цьвіла зара маёй душы.
Быў я ўстрывожаны дазваньня,
Я з новай песьняй падружыў.
Ў палёх успыхвалі зарніцы
Ў палёх праз хмары
І туман
Жывыя песьні-чараўніцы
На даўні клікалі курган…
На гонях волі,
На прасторы,
Дзе новы сьвет жыцьця гарыць,
Другія песьні,
Сьмех
І зоры
Прышла нам доля падарыць.
Сьпявай, душа — крыніца песьні,
Жывы ўзмах арліных крыл.
Ў блакітным ганку
Паднябесься
Ўздымай агонь
Жывых сьвяціл…
Руйнуй мінулых дзён галгофу,
Дзе сэрца краю Мураўёў
На жах,
На крыўду ўсёй Эўропы
Мячом Расіі пракалоў.
Пракляцьце, кат табе і злодзей,
Цябе пракляў
Мой родны край.
Такім, як ты, сказаў ён:
— Годзе,
Даволі сэрца надрываць!..
Так я стаяў,
Так марыў ў нівах
Маіх прастораў залатых,
І ў глыбіні душы шчасьлівай
Зьнікаў туман, праходзіў дым…
II
— Куды ідзеш ты, дзеду любы?
Сядзь-пасядзі, тут родны край…
— О, так, сынок, —
Шапталі дзеда губы, —
Прышла і наская вясёлая пара.
Прышла пара мужычаму разгону,
Ну, што-ж, сынок,
То, хочаш, пасядзім…
Стары ўжо я…
Зямля старога клоніць,
Зямля дае прасторы маладым.
І пад бярозкай белай на кургане
Мы селі ўдвох:
Я — юны,
Ён — стары…
Закат крывавымі і тонкімі рукамі
Матаў істужку сонечнай зары.
Устрос дзядок сівымі валасамі,
А мне здалося —
Гэта хваль разьбег.
— Глядзі сюды на гэты даўні камень —
Пад ім жыцьцё,
Пад ім мінулы век.
— Ах, так, дзялок!..
Кажы, кажы, мой любы, —
Я рад падслухаць сэрца маладым, Аб чым раскажуць ласкавыя губы,
Аб чым раскажаш
З захапленьнем ты…
Ты многа жыў…
Ты многа ў сьвеце бачыў,
Ты знаў прасторы дальніх берагоў…
Ах, што з табой?
Ты сьціх.
Ты плачаш…
Аб чым?.. Чаго..?
Скажы, скажы, чаго?..
І ён казаў нек глуха, нек забыта:
— Ты малады…
І мо няўцяміш ты
Усё, што сэрцам гордым перажыта…
… Йтак, расказаў жыцьцё сваё стары.
III
Меў я панурую хату,
Ў хаце-ж
Нядолю вякоў.
І з ёю быў лёсам закляты…
Звалі мяне мужыком.
Хворая жонка…
А дзеці.
Дзеці па сьвету пайшлі.
Лёсу чужога іх вецер
Ў дальнія кінуў палі.
Дзе яны, кветкі краіны,
Кветкі жыцьця і вясны?
Вецер хаўтурыць ў даліне, —
Значыць, памерлі яны!
Я ня сумую.
Я — горды.
Толькі душа… як арган…
Льле ў мае думы… акорды —
Сьмерці…
Нядолі
І ран.
Сёньня табе раскажу я,
Што, не стварыць,
Не вярнуць
Повесьць змаганьня жывую,
Дзіўную повесьць адну.
Быў мой Антось на заводзе.
Сын мой —
Рабочы-гарбар.
Меў ён пашану
Ў народзе,
Як павадыр і бунтар.
Верыў ён толькі працоўным,
Толькі працоўных
Любіў…
І за іх волю
За шчасьце,
За кроўных…
Сэрца аддаў… на разрыў!..
IV
Як цяпер я помню — хмуры быў завод…
А благі дырэктар
Ў сотні раз хмурнейшы.
Быў ён кат-зладзюга
І нягоднік першы; —
Пра яго казаў так будаўнік-народ.
Горкі і нікчэмны
Быў там хлеб рабочы…
Быў абмыт крывёю й горкімі сьлязьмі.
І прышло другое, —
Хтось сказаў адчойчы:
— Досыць мы цярпелі,
Гнулі сьпіны мы.
Паўставайце, брацьці…
У пустэльні сьвету,
У пустэльні сьвету дзікай і глухой
Адшукаць павінны
Мы жывую мэту
Дарагіх і блізкіх, сьветлых берагоў,
Гудзеў завод, рамні сьпявалі,
І пад машынны
дзікі шум
Жывыя словы заміралі,
Віхурай ранілі душу…
Кіпела серца бурна,
Ўпарта,
І вось дырэктар увайшоў…
І пад агонь насьмешак-жартаў
Ён гаварыў
Як кат,
Як воўк…
— Чаго сышліся, чэрці-гады?!
Пайшлі адсюль!
А ты, а ты…
Ты зноў бунтарыць?!
Ух, пракляты!
Ты што-ж — іх бацька
Іх сьвяты?
Не сьцярпеў Антось мой…
Размахнуўся горда,
Размахнуўся горда і, што стала сіл,
Садануў дырэктару у сьвіную
Морду
Ўсю агіду й крыўду, што ў грудзёх
Насіў…
V
Прышлі душакрывы… забралі яго…
Забралі яго і з сабой павялі.
Кляліся навек пазнаёміць з Тайгой,
З студзённым прасторам
Сібірскай зямлі…
… І білі
І строілі кпіны над ім…
І горка так сэрцу рабілася, горка.
Хацелася
Зьдзекі пусьціць іх на дым,
Парваць
і парушыць іх злую гаворку…
І вось пасадзілі…
За белай сьцяной,
Дзе крыўду з маной называлі братамі,
Ён віў
Беларусі любімай вянок,
Ён цьвёрды быў сэрцам, як камень.
Ня доўга яму давялося сядзець…
Зямля аблілася
Крывёю навалаў…
Ў агні захапленьня
І творчых надзей
Народная сіла паўстала.
Ён вышаў на волю…
Эх, воля…
Эх, сьвет, —
Жаданая мара стагодзьдзяў. Ўжо тысячы год табе верыў сусьвет.
Была ты і чыстай і сьветлай
Ў народзе.
Здабытую волю мячом і крывёй,
Ня панскую-ж волю…
Ня панскую ласку
Мы славім сягоньня усёй грамадой.
Мы сёньня зрываем
Буржуйскую маску!..
Таварышы, ўперад!..
Даволі цярпець.
Ударым-жа дружна… Ударым-жа ў раз.
Цяпер Беларусі прыдушанай
Пець…
Таварышы, сьмела і горда…
— Ура!..
VI
Неба пажарам фарбована.
Панству, нядолі —
Капут.
Усё, што струхнела, — зруйнована,
Усё, што душыла, —
Ня тут.
Час навальніц і пажараў.
Ггэх!
Разыдзіся, душа!
Чорная ноч і варожыя мары,
Нейчы прыдушаны шаг.
Мерзнуць пад плотам
Мінулага цені.
Плот пахіліўся,
Прылёг…
Неба адзета ў пажараў адзеньне,
Новы пярэйдзен парог.
— Пана павесіць! — крычалі сяляне, —
Панскі маёнтак —
Спаліць…
Сьмерць і праклён
На жыцьцёвым экране,
Вечная крыўда зямлі…
Гэта здабыта рукамі працоўных.
Гэта сваё, —
Гаварыў так Антось…
— Што-ж, за маёнтак ты?..
— Так, бязумоўна!
Нам ён патрэбен…
— Досыць іржавых атос!..
Вогневай лявай кранулі сяляне,
Выбухнуў крыўды вулькан,
Сьмерць і праклён на жыцьцёвым
Экране…
— Ўсе, хто пакрыўджан, — ўзьніміся!
Паўстань!..
VII
Ляцелі дні… Прышлі чужыя людзі…
Ўчыніць апошні суд,
Суд не на сьмех.
— Хто бальшавік у вас тут будзе,
Хто супраць нас, скажы,
Паўстаць пасьмеў?
— Адкуль мне ведаць, любы мой паночку,
Ўжо-ж мабыць той,
Ну, як яго… Антось…
— Дзе ён жыве?
— За мною.
— Точка!
Вядзі, скажы, што сябра,
Госьць…
Прышлі і вось — абшарылі ўсю хату…
— Скажы, стары, дзе сын твой?
— Тут няма.
— Ах, вось як!
Ўзяць яго!
Ах, чорт пракляты!..
Спаліць усё, ў сівы пусьціць туман!.
І занялася хата дзіка й палахліва…
Упала жонка ў ногі к падляцом.
— Даруй, панок.
— Ўставай, халера!..
Жыва!
Ня то цябе услаўлю бізуном.
З журбой вачэй —
З глухой пустэльнай,
Дзе ня было ні кветак,
Ні травы…
Яна пайшла, як з горкага пахмельля,
Схіліўшы сумна ружу галавы.
Я быў ў экстазе помсты
І адплаты…
Ў душы магіла…
Сэрца, як арган…
Ў руках крывавага і дзікага закату
Сачыўся лёс рабочых і сялян!
VIII
Быў вечар дзікі, расстраляны…
А лес шумеў,
А лес шумеў.
Здушыўшы сьмерць ў душы нагана,
Стаяў паўстанец —
Сам, як сьмерць.
… Сюды прышлі шукаць ратунку
Сыны лясоў,
Сыны балот…
І вецер ўзяў іх пацалункі
Аддаць зары ў чырвоны рот.
І раптам —
Крыкі,
Плач,
І стогны…
У небе дым, агонь і кроў.
Хвіліна —
И лее адзет трывогай…
— Браты, нас паляць! Марш ўпярод!..
І вось сышліся… Рвалі… білі…
На момант месяц вышаў з хмар…
І я пабачыў —
Сын мой мілы
Ад панскай кулі паміраў.
Рвануўся я душой з-за кратаў,
Душы няма ніякіх крат! І я адчуў
У той дзень пракляты,
Аб чым шаптаў і пеў закат.
Мінулі дні…
Прышло другое…
Краіна вольнай стала жыць…
Жывым,
Бунтуючым прыбоем
Мы вышлі край свой старажыць!..
Зямля ня скрыўдзіць,
Не пакіне,
Зямля наш дом — з нас кожан госьць
У новай
Сонечнай краіне, —
Шкада — ня можа жыць Антось.
IX
Схіліўся дзед, і срэбра кудраў.
Упала хваляй
На плячо.
Ў яго вачох сталецьцяў мудрасьць…
Агонь і сум
Ў яго вачох.
— Табе шкада, дзядок, памершых?
— Як не шкада?
Шкада, сынок.
Бывае,
Сэрца ў шчасьце верыць
І веры тухне аганёк!
Ну, мне пара…
Мяне чакаюць…
Пагас за лесам водблеск дня…
І ён пайшоў…
Ўдалі змаўкалі
Яго шагі.
Ён патанаў
У змроку ночы.
Ў даль за гаем
Узрастала песьня — рос уздым…
І ўсё тут
Мэту абуджала
Быць вечна чыстым, маладым!
І я пайшоў…
Дрыжалі нені…
Ўставаў над возерам туман…
Ў агні
Бунтоўнага натхненьня,
Душа сьпявала, як арган…
І я пайшоў — палёў бяскрайніх…
Вясны бяскрайняй
Узяць агонь…
Вітаньне-ж, родны край, вітаньне
З жывых і сьветлых берагоў.