Вецер гуляе па даху,
Дах-жа зьвініць і зьвініць,
Вось ён згубіў адну бляху,
Тую, што марыла жыць,
Вось падхапіў яе далей,
Кінуў праз вал
У ваду.
Цела жалезнае хвалі
Ўніз на забыцьце вядуць…
Покуль яна яшчэ сьніла
Зранены ветрамі дому —
Нейкая тайная сіла
Біла ўспамінаў крылом,
Некалі там,
Пад гарою.
Вунь, дзе бярозкі шумяць,
Была малодшай сястрою
Срэбная бляха… на яць…
Ўнізе паны там шчасьліва
Век пражывалі ў цішы.
Ў чыстых пакоях
Каміны ды піва,
Ўверсе вятры, ды дажджы.
*
і вось нечакана…
Аднойчы,
Пад гром,
Ці пад рогат гармат Тут смутак
Ашчэрыўся воўчы,
І тых,
Што былі тут — няма…
Пагасьлі каміны,
Ды печы,
І піва застыла на шкле…
І толькі
Ў нахмураны вечар
Зноў хтосьці гуляе
Ў імгле…
Так марыла бляха
На хвалях,
Пакуль
Ня упала на дно…
Быў вечар,
І ветры хавалі
Забытыя цені даўно…
І вецер
Біў зноўку па даху,
Такі незнаёмы… другі.
І засталіся
Ад згінуўшай бляхі
Толькі на хвалях кругі:
*
Новае сёньня красуе,
Новыя песьні
І час…
Гляньце, навокал будуюць
Ўраз за колгасам
Колгас.
Нетры сталёвых багацьцяў
Мы пераплавім
Ў плугі — З цемрай і брудам
Змагацца,
Біць па магілах тугі…
Кожная кропля
Жалеза
Пойдзе для гарту зямлі.
Што залатыя нам
Крэзы, —
Ў нас залатыя палі!
Ўзрыем мы горы
І нетры,
Пусьцім экспрэсы ў разьбег.
Гэтая песьня,
Пад ветры
Складзена, бляха, табе…