Перайсці да зместу

Вяршыні жаданьняў (1930)/Ах, сьпявай, дарагая

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ты гаворыш Ах, сьпявай, дарагая
Верш
Аўтар: Валерый Маракоў
1930 год
Паўлюку Трусу
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ах, сьпявай, дарагая, сьпявай…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Ах, сьпявай, дарагая, сьпявай…
Я люблю твае песьні, твой голас.
Захмялела табой галава
Маладой і такою вясёлай.

Ў полі вецер і ў полі туман,
Ў полі месяц,
Закованы хмарай…
Мабыць хутка настане зіма?
Мабыць хутка марозы удараць?..

Я баюся напеваў зімы.
Не схаваеш ты сэрца па хатах.
Толькі сьветлай вясьне
Верым мы,
Толькі першым надзеям, утратам.

Мы імкнемся туды,
Дзе вясной
Расьцьвітаюць вяршыні жаданьняў,
Дзе забыты з табой мы даўно
Непагодамі бур
І туманаў.

Твая песьня цьвіце,
Як вясна,
І твой голас п‘яней за купальле.
Дык сьпявай-жа,
Сьпявай да відна
Ты пра шчасьце,
Прыносяць што хвалі.