Перайсці да зместу

Вялікодная пісанка (1914)/Стараста

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Акорды Стараста
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1914 год
Лепей сьмерць, чым грэх…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Стараста (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Стараста.


— Ты знаеш хто Я? знаеш?

— Чаму ж не знаю: ты наш стараста.

— Стараста! Я — стараста, ста—а—раста! — Пры гэтым стараста падняў ў гару палец, ўставіўся ў адно мейсцэ, як бы абхватываючы цалкам ўсю веліч свайго чына, сваей ўласьці, магутнасьці.

Гэты агляд упаіў старасту, галава яго закружылася ешчэ больш, і ён ў парыванні нейкай дзікай радасьці і буйства крэпка згарнуў кулак і грукнуў па стале. Пустая бутэлька падскочыла у гару і са звонам скацілася пад стол.

— А ты ведаеш, што ёсць стараста?

Мікіта Булбатка, старастаў прыяцель і сябар па бутэльцы, да катораго зварачаўся стараста са сваім пытаньнем, сьцеляпнуўся ўсім целам, із вялікім ціжарам узьняў на старасту вочы. Замеж аднаго старасты яму паказалося па меншай меры с шэсць старастаў, і Мікіта ня ведаў, катораму з іх адказываць.

— Стараста, ну, і ёсць стараста, — прамовіў непаслухняным языком Мікіта. Але такі атказ не здаволіў і самого Мікіту.

— Ты выбраны обчэствам чалавек, значыцца, пастаўлены ад Обчэства, — вот што ёсць стараста, — паправіўся Мікіта,

Стараста круціў галавою і ешчэ больш наседаў на пытаньне, што ёсць стараста.

Мікіта сусім зьбіўся с панталыку і ўжо з адчаяньня сказаў:

— Ты — нашэ начальства!

— Во, во! праўду гаворыш, — падхапіў стараста: — то ўжо калі пашло на праўду, то і я скажу табе праўду: ты — самы разумны ў обчэстві!.. Так гаворыць табе начальства. Люблю я разумных, страх, як люблю!

Стараста і Мікіта перагнуліся праз стол і крэпка пацалаваліся. Мужчыны бліжэй падступілі да сяброў; гутарка гэта выпівакоў пачынала пацешаць іх. Сьмяшлівые вочы Кандрата Гоцкі акінулі мужчын.

— Начальства з розумам цалуецца — сказаў ён.

— А тож я не начальства?! — павярнуў стараста малапаслушную галаву у бок Кандрата.

— Хто ж гаворыць, што ты не начальства? Хіба ня ведаем? Ці ня ты з нас падаткі бярэш? — Стараста нізка апусьціў галаву і слухаў, і ў тых мястох, дзе падцьверджалося яго начальство, ён здаволенна ківаў галавой.

Ці ня ты гоніш нас на работу? — гаварыў далей Кандрат, а стараста зноў скалыхнуў галавою.

— Ці ня ты павесткі нам падпісываеш і завераеш?

На стараставых губах зьявілася шчасьлівая усьмешка.

— І ты разумны, Кандрат! ты і Мікіта. Гавары далей.

— Ці не цябе гэта Сальвось Кастантынаў гнаў з млёнам праз ўсю вуліцу? — Тут стараста узьняў на Кандрата вочы.

— Што?! — спытаў стараста. — Мужчыны зарагаталі.

— Ці ня ты ў халодной сядзеў, помніш можэ — земскі пасадзіў?..

— Маўчаць!

— Ці ня ты гэта, як жэбрак, нядоімкі зьбіраеш?

— Дурак! — крыкнуў стараста: — дурак ты!

— Ніхай сабе дурак, а ты — папіхач, якое ты начальства? Пхае цябе пісар, пхае старшына, земскі… хто ня хочэ хіба, то той не пхае. Спытай хоць разумнаго Мікіту.

Мікіта целяпнуў галавою, хацеў штось сказаць ў абарону старасты, ды нічога ня вышло.

— А што, і Мікіта падцверджае, што ты папіхач.

— Мікіта! праўда гэта? — спытаў стараста Мікіту.

Мікіта нічога не цяміў; яму цяпер было ўсё роўна; а як адно слова сказаць было лягчэй, то ён і сказаў.

— Праўда!

Мужчыны са сьмеху аж за жываты хваталіся.

— Калі Мікіта сказаў „праўда“, то значыць, праўда, бо Мікіта самы разумны ва ўсім обчэстве. Крычаў рагочучы стары Грышка.

Стараста грозна утаропіўся на Мікіту.

— Праўда?

— Праўда!

— Ах, ты гіцаль! І ты мяне лаеш? ты, каторы маю гарэлку піў?!

— Цяпер Мікіта сцяміў, што стараста яго лае. А калі чэлавека лаюць, то чаго цярпець? Што доўга разьбірацца?

— А-а-а ты ня піў маю гарэлку, каб ты смалы напіўся? — прарваўся ў канцы Мікіта: — жабіч ты. Ты думаеш, калі ты стараста, то ты у мяне вялікая цаца? Плеваць я на цябе хачу, начхаць табе на голаву! Хрушч ты рыжы, жабіны начоўкі, падла смердзячая, абармот, п’яніца! Акцызнік ты, во што!

Стараста і вушам сваім ня верыў. Ен пазіраў асалавелымі вачамі і слухаў, як адчытываў яго Мікіта.

— Ты, ты мяне лаеш?! — устаў стараста, згарнуўшы кулакі: — ды ці ведаеш ты, каго лаеш? Мяне, должнасную асобу, пры споўненні служэбных абязаннасьцей? Ды я ж цябе ў Сібір запякаю, з обчэства вышлю, на дзень ў халодную пасаджу! Да ты ведаеш, хто я? Людзі, будзьця сведкамі!

Стараста штось надумаўся, вылез з-за стала і, хістаючыся, рынуўся да дзьвярэй. Пераступіўшы парог, ён з ўсей сілы грукнуў дзверамі. Доўгае крызо яго каптана папала між ушака і дзвярэй і зашчамілася. Стараста зразу пачуў, што яго нехта трымае.

— Пусьці! — крыкнуў стараста і рвануўся, але крызо моцна было прышчэмлена.

— Пусці, кажу. Адвечаць будзеш за сапраціўленне начальству. Мужчыны пазіралі ў вакно і поўзалі са сьмеху.

— Мікіта! пусці, штоб ты кроўю пусціў, гад печэны!

Старастаў крык далёка нёсся па сялу. На гэты час ішоў з вудамі бацюшка лавіць рыбу. Бацюшка направіўся да старасты. Рвануўшыся са ўсей сілы, стараста адарваў крызо. Ганак быў высокі, і стараста, як клубок, пакаціўся аж пад кузьню.

Убачыўшы бацюшку, стараста, не устаючы з зямлі, з адарваным крызам, зьвярнуйся да яго.

— Бацюшка, будзьця сведкай, забіць мяне хацелі.

Бацюшка паківаў галавою.

— Ох, стараста, стараста!

І пашоў вудзіць рыбу.

Тарас Гушча.