Перайсці да зместу

Вялікодная пісанка (1914)/Акорды

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сабака і чэлавек Акорды
Апавяданьне
Аўтар: Змітрок Бядуля
1914 год
Стараста

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Акорды.


Занадта ты любіш, дзяцюк!.

Калі угледзіў у садзе тую мармурную багіню, то сэрцэ запылало… вочы заблішчэлі…

Ты гатоў малітвы і песьні шэптаць ў ног прыгожай дзевы, ой гатоў! як той сын старадаўнай Эллады, ўсё роўна.

Занадта ты любіш, дзяцюк!…

Гарыць душа твая, гатова у попел разсыпацца на сваім ўласным агні…

А паўночнай гадзіне, пад срэбрэнным атсьветам месяца, крадзешся ты праз высокі паркан у сад…

Табе хочэцца ешчэ раз зірнуць… ешчэ раз…

І вока насыціцца ня можэ і серца біцца не перэстаець у абамлеласьці сваей…

∗     ∗

Ці гэта сваю душу штукар пераліў у мармур халодны?

Ці ён толькі разгадаў загадку нямога каменя, загадку адвечнаго сфінкса?

Ці нейкую затаённую сілу асвабадзіла рука яго с цеснай каменнай магілы?

Не! тут створэна нешта новае, прыгожае, вялікае; прыгажэй ранічнай зарніцы, прыгажэй жывой душы чэлавека, прыгажэй і болей абшырнаго нябеснаго прастору, болей адвечных русалачных казак, болей ціхой бярозкі над рэчкай…

Юнак вачэй сваіх ня зводзіць…

Яна стаіць маладая, прыгожая.

Полуцені атуляюць яе стройнае цело. Яна вабіць і завець к сабе. Хочэцца туліцца да яе у забыцьці, хочэцца жыццё ей аддаць.

Гэта песьня крыві маладой! — кажуць кніжнікі. Хай сабе гэтак, але «кроў — душа чэлавека», казаў калісь-то адзін з вялікіх прарокоў усходу.

∗     ∗

Раса абсыпала ўвесь сад і дрэвы і кветкі.

За сажалкай салавей пяе. Зоркі гараць. Месяц за хмаркі сівые схаваўся. Азалаціліся зубатые хмары. Яны выгледаюць, як грамадные мармурные глыбы, каторые завісьлі ў паветры… Геній-рэзьбяр здалеў-бы багаты скарб хараства стварыць з гэтых глыб… Закляць у іх лёгкакрылые момэнты красуючай моладасьці і даць ім абліччэ адвечнасьці…

∗     ∗

З мейсца свайго ешчэ не скрануўся дзяцюк. Анямеў ён у хвалях казак паўночных… Заваражыло яго душу нешта вялікае, сільнае…

О Дух, Вялікі Творчы Дух, каторы жывеш — у душы чэлавека, скажы мне: дзе ты радзіўся? дзе ты ўзрасьціўся?

Ты бязсьмерцен, як тая зара, што пылае на ўсходзі…

Ты дужы, як той пярун паднябесны!

Тое вялікае шчасьце, што ты нам даеш, апьяняе, як хмельны мёд.

Дзеля цябе варта пазнаць жыцьцё зямное, асьвечэнае сонейкам…


∗     ∗

Цені радзеюць. Дзьмухнуў ветрык раніцы.

Захавай у сэрцы сваім той лік хараства і йдзі адгэтуль.

Занадта ты чулы, дзяцюк!

Пазіраеш на яе і бледнееш, як сьнег на полі і чырванееш, як пурпур на ўсходзі.

С першымі праменямі сонейка юнак выбраўся с саду задумлёны, сумны, з апушчэнай галавой…

∗     ∗

Як Промэтэй, каторы украў агонь у завідных багоў, так сама украў нешта юнак у багіні,і сэрцэ яго асуджэно на мукі вечные…

Грудзі яго раздзірае арол і вампіры магільные пьюць яго кроў — і ён супакою не мае.

І прыкован ён к шэрай скале буднаго жыцьця людзкога…

∗     ∗

Куды ты рваўся? Чаго табе хацелося?

Ты гнаўся за сваімі ўласнымі марамі?.. Ты сонечные зайчыкі за пазухай хаваў? Ты морэ выпіць хацеў? Ты зоры перэлічыць задумаў. Пры чым-жэ ты астаўся, юначэ?..

∗     ∗

Ен сам сябе грыз і нічога не памагло.

Ен сам сябе труціў і нічога ня выйшло.

І укаранелы боль спадабаўся яму…

І муку адвечную ён палюбіў…

Змітрок Бядуля.