Вялікодная пісанка (1914)/Валачобнікі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Лепей сьмерць, чым грэх… Валачобнікі
Верш
Аўтар: Янка Купала
1914 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Валачобнікі.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Валачобнікі.


Што год, вясной, у дзень, вялікім званы,
Збіраюцца яны, як буслы ў вырай,
І йдуць пад вокны гурмай абарванай
Набожную жальбу заводзіць шчыра.
Паны атласные і зрэбные селяны
Вітаюць іх, як послаў с тога міра:
Той кіне сьвенчано яйцо, а той — медзяк:
Як жэбракоў іх дорыць свой брат і чужак.

Журбой ноч іхні благлавіць напевы,
Бо ходзюць валачобнікі па ночы,
Шыпяць над імі галінамі дрэвы,
Глядзяць на іх начніц сьляпые вочы,
А ўсё, як быццам сіверу павевы,
Як валачобнікі, цямрыцу славіць хочэ.
О, ноч! О, безканечны твой над намі ход!
Калі-ж пакінеш ты туманіць наш народ?!

Ні там, дзе дзікіе зімуюць гусі,
Ні там, дзе дрэме поўначы краіна,
Ні з добрай сваей волі, ні ў прымусе,
Ніхто, нідзе ня чэз такой жывінай,
Як чэзнеш ты, нешчасны беларусе,
У валачобнікі запісаны судзьбінай…
Што год ты ходзіш дабравольным жэбраком
І рабство вечнае ўсхваляеш пад вакном.

Ці-ж нас такое з роду ўжо пракляцьце
Зачаравало чарамі сваімі,
Што мусім мы пад вокнамі стагнаці,
Губляці пад крыжамі сваё іме,
Й не знаючы век бацькоўшчыны маці,
У ёрмах валачыцца між чужымі?..
Ці-ж нам ніколі ўжо прасьветласьці незнаць, —
Гібець, гнісьці й не жывучы канаць?!.

Вялікі дзень з вялікаю надзеяй,
Лет тысячы са дзве ўжо будзе,
Як між людзьмі то гасьне, то ясьнее,
І толькі-ж торг вядуць, бьючысЯ ў грудзі,
Прадажны кніжнікі і фарысеі
Свяшчэнным іменем Яго… А людзі?..
Гудзяць званы, гул медны прэцца да нябёс,
Ды валачобнікаў прыпеў: — «Хрыстос васкрос!

Янка Купала.

22/III — 14 г.