Выбраныя вершы (Чарот, 1925)/На розныя тэмы/Ленінамайскае

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Зямлю цалуе неба сінь Ленінамайскае
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1925 год
Сенажаці і полі асьнежаны
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ленінамайскае (Чарот).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЛЕНІНАМАЙСКАЕ

Май — басаногі хлопчык Валодзя
Песьні слухае Волгі шырокай,
Май — Ленін на дымным заводзе
На трыбуне з прыжмураным вокам.

Вечны Май… У чырвоным убраньні,
У вачох акіян срэбрасіні…
Ён сягоньня жалобай паранены,
Вэльмам чорным над ім навіс іней…

Песьня-плач, песьня-кліч вызваленьня
Увесь сьвет зачаруе сягоньня
і памоляцца зноў перад Леніным
Вольны скіф і нявольнік колёній…

Май цяпла — закалосяцца нівы,
Май сьвятла — сонца грае ў палёх…
Я сягоньня шчасьлівы, шчасьлівы,
Што па сьвету Май песьняй разьлёг.

Слухай, Май! Вясны ты любоўнік,
Тэй вясны, што з чырвонай травы…
Паміж сьцягамі Леніна помнік,
Мне, здаецца, што Ленін жывы.

Мне, здаецца, — з драўлянай трыбуны
Ён на захад кіўнуў галавою.
На загонах там ветрана-буйных
Вольны Май задажджыўся крывёю…

Погляд Леніна ловяць мільёны,
Погляд Леніна маёва-прамністы…
А там… хмары скудлачаным лёнам
Над Нёмнам навісьлі імглістым.

Май у пушчы заросшай чуць звоніцца, —
То паўстанцкай зямлі пакаленьне…
Там… у кожным промені сонца
Ловяць погляд няўмёршага Леніна.

Май шапоча.сьцягамі-лісьцем
Аб краіне квяцістай і вольнай…
Нёман гойсае, нібы ў калысцы,
І таксама пяе аб раздольлі…

А тут… паміж хваляў маёвых
Я на Леніна помнік глядзеў…
Мне, здаецца, вось-вось скажа словы
Шматмільённай сваёй грамадзе…

Ён жыве — адгалосам няслося —
Будзе жыць сонцавеючым Маем.
Бо Май і Кастрычнік увосень
Памяць вечна аб ім уздымае.

Май — басаногі хлопчык Валодзя
Слухае песьні Волгі шырокай,
Май — Ленін на дымным заводзе
На трыбуне з прыжмураным вокам.