Выбраныя вершы (Чарот, 1925)/На розныя тэмы/Сенажаці і полі асьнежаны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ленінамайскае Сенажаці і полі асьнежаны
Верш
Аўтар: Міхась Чарот
1925 год
Засьпявай быльлём мяжа…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сенажаці і полі асьнежаны.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЕНАЖАЦІ І ПОЛІ АСЬНЕЖАНЫ

Сенажаці і полі асьнежаны,
Рэкі высланы гладкім памостам.
Воўк з гушчару дарогай няежджанай
Бяжыць к вёсцы няпрошаным госьцем.

Лес у шлюбным адзеньні, а хмурыцца,
Ня вітае ён песьнямі раньня…
А ў вёсках завеены вуліцы,
Ў мяккіх гурбах купаюцца сані.

Сівалапы гуляе пад вокнамі,
Пазірае хаціне у вочы. —
Толькі ўпоўдзень, часамі, замоўкне ён,
А як вечар — у шыбы стукоча.

Дзеці пальцамі шыбы з вузорамі
Размалёўваюць, тулячы плечы.
Згорнуць ў жменю сьняжыначкі-зоры
І бягуць пасмактаць у запеччы.

Ноччу печ засьпявае ім комінам,
Сон салодкі ў пасьцелі ім сьніцца.
Што ў садку яны з крыкам і гоманам
На сіле ловяць гуртам сініцу.

25 лістапада 1922 г.