Калі гадзюка ў грудзі ўлезе,
Халодным джалам сэрца строміць, —
Жыцьцё муштрую я гарэзьней,
Шукаю ворага у доме.
Уроўнь з высокімі мурамі,
Я мкну, абвесьнены, па бруку.
Находзяць згадкі, каб (часамі)
У зрок абурана пастукаць.
Настрой бруістых слоў наедзе —
У аздобе фарб, на цьвёрдай зычнай,
Каб на вытворчай быць бяседзе
Ударным нумарам музычным.
Увесь ўзнервованы да костак.
Я націскаю пэўны клявіш…
І ноч, аблітая пакостам,
Крычыць, калі яе аблаеш,
Прыгладжаныя фарбай морды,
Глядзяць, як лялькі з магазыну.
Таропкасьць гам кідаюць форды
І спецыфічны пах бэнзыну.
Сьвідруе памяць дальні вобраз,
Сузмрок гурчыць забытым гімнам…
З гарою дум, з усьмешкай добрай,
Схіліўся горад тварам дымным.
Душу благое не ачэрніць!..
Цьвіце ўсход. Дуже вецер.
Ля ўзьвей буйное ляжа зерне,
І ападзе ў міжземе сьмецьце.
Нікчэмных парасткаў атрускі
Сатлеюць у скібах перагноем.
Ня здасьць — зьнямогай дужы мускул,
І пульс-няпэўным перабоем!
Ад зор да зор кіпіць работа,
Выходзіць сьвет з імглы збурэньняў.
І згубна мрэ, хто плача потай
Сьлязьмі забытых пакаленьняў.
Хто ўпоперак дарогі стане
Брыдой ганебнай — не скарыцца
Перад героікай змаганьня
І буйным ростам будаўніцтва.
Мяцежных бур ўзышла ўрачыстасьць,
Правы дыхтуе чорнай сіле…
Сьмех злобны зжоўк асеньнім лістам,
Надзей павяла чорнабыльле.
За ўзрыгамі ахвяр і жахаў
Глядзяцца (з далечы бяскрайнай)
Страі колён фабрычных гмахаў
І веліч грозная комбайнаў.
Шлях будучынь кладзецца цягам,
Абмыты потам кожны насып…
Ня здужыць збэшчаным бадзягам
Імклівы рух ўладарнай клясы!
Час дбае пільна і упарта.
З карэньнем вырве пырнік здрады…
І дзень і ноч трымаюць варту
Рэволюцыйныя брыгады.
І дзень і ноч жыцьцём напружным
Бурліць зямля ў адзіным русе.
Зарой цьвісьці — з іржы ланцужнай
Імкнуць згуртована і мужна
Шнуры Заходняй Беларусі.
Імкнуць краі паходным сьпевам
Дзікунства меж навекі зьнішчыць.
Згараць ў агні людзкога гневу
Музыкі воўчага ігрышча.
Пра іх шуршыць, зьвініць праклёнам
Дарожны жвір, крывёй прыбіты…
… Зьнікае змрок з крутых адхонаў,
Як цені здраднікаў вучоных,
Цывілізованых бандытаў.
|