Перайсці да зместу

Выбраныя вершы (Хадыка, 1932)/Радкі лірычнай песьні

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Радкі лірычнай песьні
Паэма
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1932 год
Паходным сьпевам

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




радкі
лірычнай
песьні


УЛАДЗІМЕР ХАДЫКА

1

Гісторыя
Бязьлітаснай рукой
Асуджанаму сьвету
Вырак піша.
Патрэбна рупасьць сіл
Краіны ўсёй,
І хаце новай
Шмат патрэбна цьвішша.

Гарыць на фабрыках,
Гарыць у палёх —
Запал брыгад
Адданых і адважных.
Ўчарашніх лоз абшар
Грудзьмі налёг
На будаўляны
Ўзьвесьнены падважнік.

Моц (гартам злучаных)
Працоўных рук —
Нізрынутых вякоў
Старыя пні карчуе.
Плюгавы вусень
Ўтульную кару
Не абароніць
І не адратуе.

Худыя рыцары
Чужых прыгод
(Хто скіраваў
На блудны троп аглоблі) —
Сабачай зграяй
Ходзяць ля варот,
Грызуць прабой,
Фальцэтам хрыплым скогляць.

Навісла тлом
Рызьзё былых эпох.
І ў рэдкай мгле,
Раскіданай аддалеч,
Пясок грабе
Падрэзаны быльнёг
У роспачным
Апошнім цемрашале.

2

Аберуч песьню
Я сваю узяў
словам напаліў яе
Гарачым.
Ня сьцьмяніць бруд
Старэчага рызьзя,
Ня зглушыць злыдзеньскім
Аблудным плачам.

Жахлівых дзён
Павалены крыжы.
Мяцежны шторм жыцьця
Ўздымае і хвалюе…
… Мне давялося
Рана перажыць
Бруёвы шопат гліц
І восенскую дую.

Дзікаркай лютаю
Кранала скронь
Нямая здань
Дзіцячых успрыманьняў.
Парой тэй слоты сны
Зьлятаюць на далонь,
Па нэрвах драпаюцца,
Лезуць беспратхланьня.

Я іх у адхон пускаю —
На хаду…
Адмернасьць прагне
Ў ладзе дзей і рэчаў.
Сьціхае звон ў вушох,
Як грае хто ў дуду —
Апрыкры гэткі,
Аб забытым нечым

3

Як карны меч,
Я думку натачу,
Пайду узброены
Ад перабораў кволых…
Рваў край на шкуматы
Ліхіх віхур ярчук,
І сэрца біцца
Кідаў на шындзёлы.

Па трапяткіх вяршынях
Раньніх вей
Я тойма йшоў
Праз радасьці і ўзрыгі…
І стылі лёдам
У буйнай галаве
Радкі поэм
Недрукаванай кнігі.

Халодным сьліўнем поўз
У жылах жах,
Плынь бурную
Жывой крыві марозіў.
Здавалася —
Ў руцэ лязо нажа
У кожнай цені
Стрэчнага ў дарозе.

Мне тых нагод
Давеку не пазбыць…
Звалтузіць рунь ішлі
Прыгоньнікі благія
І восень — ягіня
Часала ля вярбы
Аголены
Распусны свой ашыяк.

4

Туліўся смутак
Ў засені травы.
Палосак вузкіх
Ня ўзьдзіралі сохі.
Зьвяр‘ё вяльможных бегла
Шчарыцца і выць
На дзікі рогат
Кручанай цыцохі.

Сабачым пылам —
Ў труеных вятрох —
Гандлярскіх слоў ману
Трусілі далакопы.
А край расстрэльвалі…
І гвалтам па трупох —
Кадрыль гудзела
Тройчы трэцім штропам.

Ня ўкласьці ў верш
Жуды замшэлай міт,
А ў снох насіць —
Няма нічога горней…
З спрухнелым носам
Вырадак — бандыт
Зганяў дзяўчат
На ўзьюшаную зборню.

Палалі хаты.
Віснуў чаду цэп.
І ў садзе спаленым —
Маўклівым сьведкам
Спаўзаў з ігрушы
Месяц на ачэп
Зацыраванай
Жоўтаю шкарпэткай.

5

Сьліхотаю сплыла
Вякоў багна,
Рабаўнікі
Спынілі свой рабунак.
Ў крыві шалець
Ня прыдзе больш магнат
З вязанкай джуплаў
Краю ў падарунак.

Бадзяжны сухавей
Ня прынясе
Кіпцястых лап
Адточаныя восьці.
Адна ім рада —
Гінуць па крысе,
Галубіць злосьць.
І ў курчах немых сохці.

Гады бягуць.
Наўзаваць мчаць гады,
Нязнаныя
Ў сваёй імклівай строме.
Карэньнем дум
Упартых, маладых —
Я ў грунт урос
І зрухі усьвядоміў.

Грымяць напорней
Бойныя шляхі,
А ўспыліць змрок —
Я знаю скуль навеян:
Сумуе зьвер
На вомшары глухім
І ладзіць мшу
Рыпеньне сухадрэвін.

6.

Ў блакітавасьці
Сонечных высот,
Як ветразі,
Лунаюць хмар раднянкі.
Ўдратованы
Нялёгкі пераход…
Услалі даль
Бязьлікія паўстанкі.

Над славай будучынь
Працуюць разьбяры,
Праз груд ухаб
Бягуць масты, тунэлі…
Хто спыніць рух
Ўзбунтованай зары?
Хто зрушыць здолее
Сусьвету цытадэлю?
Сшалее груганьнё
У чорнай варажбе,
Ахрыпне ў карканьні
Вакол краіны нашай.
Арол драпежны
Белы хвост дзяўбе
І звоніць шпораю
Вусаты маршал.

Паўзьмежным ценем
Ходзіць брудны бот
Ў ардзе гвалтоўнай
Катаў міжнародных —
Спыняе кроў
Прыбой чырвоных рот
І сьлепяць зрок
Рэволюцыйныя паходні.

7.

Сьпявай душа!
У песьнях радасьць ёсьць!
Згубіла цемрадзь
Берагі прыстанку..
Забразгаў ў вокны
Вецер — позьні госьць,
Прабуе ноч
Дзьвярэй тугую клямку.

Прымяў я крокам
Мягкі змрок сяней,
Пакінуў іх
Расчыненымі нахлашч.
Запахлі сьцены
Сьвежай цэглай мне,
Як некалі ў жніво
Снапамі пахла.

Мне прыгадалася
Гарачая пара
І рук напорнасьць
Ў бойцы ураджайнай…
… Абапал вуліц
Ліхтары гараць,
Звон зор такі знаёмы
І такі бяскрайны.

Вядзе ў прасьцяг
Упартай працы сьлед,
Ня слабне мужнасьцю,
Дзе троп жарсьцьвяней,
Я чую ў рытме дзён
Старно вялікіх мэт,
І ў рупасьці зямлі —
Агонь змаганьня.

І на жвіры пуцін,
Дзе правады бруяць
Ўрачыстасьцю жыцьця
Ў вушніцы сельскіх весьніц, —
Пра шторм непераможных бур
Чытаю я
Узьнёслыя радкі
Сваёй лірычнай песьні.