Перайсці да зместу

Выбраныя вершы (Хадыка, 1932)/Нам не захраснуць у проймах

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Паходным сьпевам Нам не захраснуць у проймах
Верш
Аўтар: Уладзімір Хадыка
1932 год
Мы жывем

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НАМ НЕ ЗАХРАСНУЦЬ У ПРОЙМАХ

Нам не захраснуць у проймах
І перашкод ня пудзіцца.
Скрухі старая плойма
Зьнікне, спадзе, забудзецца.

Стань, каб зямля зьвінела,
У сьвет — маладымі крокамі.
Прошласьць свой час адпела
Вербамі ды асокамі.

Хмары, як спадкі ў клумках,
Полем сплылі нявораным…
Дні запаліла думка,
Бурай натхненьне створана.

Моцны падмурак краю
Ўзводзілі людзі — волаты.
Раны драпежных, зграя
Не загаіла золатам.

Сумам тугой кішэні
Згвалчаны нашы ворагі.
Чорным адвеку ценям
Сноў беспрасьвецьце дорага.

Трэба, што ў вочы лезуць, —
Постаці хмурых цьвінтараў —
Дужай рукой дарэзаць
І сакавітай літарай.

Складзены збор эскізаў
Стане ў вітрынах гораду.
Пробе рабочай візы
Трэба вучыцца змоладу.

Хай цераз нож пярэйдзе
Ўсякая тхлань старонняя.
Гіне, дурная, недзе
Сьцежак маіх гіронія…

Срэбныя зор двукосьсі
То узгараць, то стуляцца.
Ў музыцы песен восень
Ходзіць галоўнай вуліцай.

Крыльлі вякоў узьдзену.
Далі адлегласьць зьмераю
Новую ладзяць зьмену
Тому, у што я верую.

Тонкі званок прэлюдый
Ўжыты ня раз поэтамі.
Днець я ў надхмар‘і буду
І кіраваць плянэтамі.

Новая сёньня ростань
Шчыра гандлюе рэкамі…
Некалі ўмелі проста:
Білі лазой і стэкамі.

З ранак цадзілі віны —
Кроў ім шампанскім капала.
Зараз цела краіны
З бруднаю сьлінай лапаюць.

Будзе пакуль і гаўкаць
Гэткі табе за рублікі…
Поўзае злыдзень п‘яўкай
Ля маладой Рэспублікі.

Толькі прыязьню, шкоднай,
Падхалімажам плянавым —
Даўняй зямлі лагоднай
Не аднавіць ім нанава.

У постацях іхных рупных
І далікатна згорбленых —
Чую я сьмех падкупны,
Чую я плач падроблены.

Чую і веру: зможа
Край наш і (дбайны) выкрые!
Гнёзды варон варожых,
Элыбеды твары прыкрыя,

Скрухі агіднай плойма
Зьнікне, спадзе, забудзецца.
Нам не захраснуць у проймах
І перашкод ня пудзіцца.