Перайсці да зместу

Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947)/Тры партрэты

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пастаялы двор Тры партрэты
Апавяданьне
Аўтар: Іван Тургенеў
1947 год
Арыгінальная назва: Три портрета (1846)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Паездка ў Палессе

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТРЫ ПАРТРЭТЫ

«Суседства» з’яўляецца адной з важнейшых непрыемнасцей вясковага жыцця. Я ведаў аднаго валагодскага памешчыка, які пры ўсякім зручным выпадку, паўтараў наступныя словы: «дзякуй богу, у мяне няма суседзяў» — і, прызнаюся, не мог не зайздросціць гэтаму шчасліваму чалавеку. Мая вёсачка знаходзіцца ў адной з многалюднейшых губерняў Расіі. Я акружаны вялікім мноствам суседзяў, пачынаючы з шаноўных і з добрым намерам памешчыкаў, апранутых у раскошныя фракі і раскошнейшыя камізэлькі, — і канчаючы заўзятымі гулякамі, якія носяць венгеркі з доўгімі рукавамі і так званым «фімскім» вузлом на спіне. У ліку ўсіх гэтых дваран выпадковым чынам адкрыў я, аднак, аднаго вельмі ласкавага чалавека: ён раней служыў на ваеннай службе, пасля вышаў у адстаўку і пасяліўся на векі-вечныя ў вёсцы. Па яго расказах, ён служыў два гады ў П-м палку; але я зусім не разумею, як мог гэты чалавек выконваць які-небудзь абавязак, не толькі на працягу двух год, але нават на працягу двух дзён. Ён нарадзіўся «для жыцця мірнага, для вясковай цішыні», гэта значыць для гультайскага бясклопатнага гібення, якое, заўважу ў дужках, не пазбаўлена вялікага і невычэрпнага хараства. Ён карыстаўся вельмі вялікім багаццем: не клапоцячыся надта аб гаспадарцы, пражываў каля дзесяці тысяч рублёў у год, дастаў сабе надзвычай добрага повара (мой сябра любіў добра паесці); выпісваў таксама сабе з Масквы навейшыя французскія кнігі і часопісы. Па-руску-ж чытаў ён адны толькі данясенні свайго прыказчыка, і то з вялікай цяжкасцю. Ён з раніцы (калі не ехаў на паляванне) да абеду і ў час абеду не пакідаў халата; перабіраў якія-небудзь мастацкія рысункі, а то ішоў на стайню або ў малацільны сарай і пасмейваўся з бабамі, якія пры ім узмахвалі цапамі, як кажуць дзеля пахвальбы. Пасля абеду мой сябра апранаўся перад люстэркам вельмі старанна і ехаў да якога-небудзь суседа, у якога былі дзве-тры прыгожанькія дачкі; бесклапотна і міралюбна валачыўся за адной з іх, гуляў з імі ў жмуркі, вяртаўся дадому досыць позна і адразу-ж засыпаў багатырскім сном. Ён сумаваць не мог, таму што ніколі не аддаваўся поўнай бяздзейнасці; а на выбар заняткаў не быў капрызны і як дзіця цешыўся малейшым гультайствам. З другога боку — асаблівай прыхільнасці да жыцця ён не адчуваў, і, бывала, калі прыходзілася пераганяць ваўка або ліса, — пускаў свайго каня з усіх ног па такіх калдобінах, што я да гэтага часу зразумець не мог, як ён сабе сто разоў не зламаў шыі. Ён належаў да ліку тых людзей, якія ўзбуджаюць у вас думку, што яны самі сабе не ведаюць цаны, што пад іх знешняй велікадушнасцю захоўваюцца моцныя і вялікія страсці; але ён-бы рассмяяўся вам ў твар, калі-б мог здагадацца, што вы аб ім так думаеце; так і, прызнацца сказаць, я сам думаю, што калі і было ў майго прыяцеля ў маладосці якое-небудзь, хоць няяснае, але моцнае імкненне да таго, што вельмі міла названа «чымсьці вышэйшым», то гэта імкненне даўным-даўно ў ім угаманілася і заціхла. Ён быў досыць тоўстым і меў надзвычайнае здароўе. У наш век нельга не любіць людзей, якія мала думаюць аб сабе, таму што яны надзвычай рэдкія… а мой сябра ледзь не забыўся пра сваю асобу. Між іншым, я, здаецца, ужо занадта многа гавару аб ім, — і мая балбатня тым больш недарэчы, што не ён з’яўляецца прадметам майго апавядання. Яго звалі Пятром Фёдаравічам Лучынавым.

У адзін асейні дзень з’ехалася нас чалавек пяць заўзятых паляўнічых у Пятра Фёдаравіча. Усю раніцу мы правялі ў полі, зацкавалі двух ваўкоў і мноства зайцоў і вярнуліся дадому ў тым надзіва-прыемным настроі, які авалодвае ўсякім прыстойным чалавекам пасля ўдалага палявання. Змяркалася. Вецер уздымаўся ў цёмных палях і шумна гойдаў аголеныя вяршыні бяроз і ліп, што акружалі дом Лучынава. Мы прыехалі, злезлі з коней… На ганку я спыніўся і азірнуўся: па шэраму небу цяжка паўзлі доўгія хмары; цёмна-буры хмызняк гнуўся на ветры і жаласна шумеў: жоўтая трава бяссільна і сумна прыгіналася да зямлі; чароды драздоў пераляталі з рабіны на рабіну, якія, былі абсыпаны яркапунцовымі гронкамі; у тонкіх і ломкіх суках бяроз са свістам скакалі сініцы; на вёсцы хрыпла брахалі сабакі. Мне стала сумна… затое я з сапраўднай радасцю ўвайшоў у сталовую. Акяніцы былі зачынены: на круглым стале, пакрытым асляпляльнай белізны абрусам, сярод хрустальных графінаў, напоўненых чырвоным віном, гарэла восем свечак у срэбраных падсвечніках; у каміне весела палаў агонь — і стары, вельмі прыстойны дварэцкі, з вялізнай лысінай, апрануты па англійску, стаяў у пачцівай нерухомасці перад другім сталом, на якім ужо красавалася вялікая супавая міска, абвітая лёгкай, пахучай парай. У сенцах мы прайшлі міма другога шаноўнага чалавека, занятага марожаннем шампанскага — «згодна строгіх правіл майстэрства». — Абед быў, як бывае ў такіх выпадках, надзвычай прыемны; мы рагаталі, расказвалі пра здарэнні, што адбыліся на паляванні, і з захапленнем успаміналі аб двух славутых «угонках». Паеўшы досыць добра, разваліліся мы ў шырокіх крэслах ля каміна; на стале з’явілася аб’ёмістая срэбная чаша, і праз нейкі момант, беглае полымя запалаўшага рому абвясціла нам аб прыемным намеры гаспадара «сатварыць палёнку». — Пётр Фёдаравіч быў чалавек не без густу; ён, напрыклад, ведаў, што нічога так моцна не дзейнічае на фантазію, як роўнае, халоднае і педантычнае святло лямп — таму загадаў пакінуць у пакоі ўсяго дзве свечкі. Дзіўныя поўцені трапяталі па сценах, утвораныя капрызнай гульнёю агню ў каміне і полымем палёнкі; ціхая, надзвычай прыемная ўцеха замяніла ў нашых сэрцах некалькі жвавую вясёласць, якая панавала ў часе абеду.

Размовы маюць свой лёс — як кнігі (згодна лацінскай прыказцы), як усё на свеце. Наша размова ў гэты вечар была нейкай асабліва рознастайнай і жывой. Ад прыватнасцей узвышалася яна да досыць важных агульных пытанняў, лёгка і натуральна вярталася да штодзённасцей жыцця… Пагаварыўшы досыць многа, мы раптам усе змоўклі. У гэты час, кажуць, пралятае ціхі ангел.

Не ведаю, чаму мае таварышы заціхлі, але я змоўк з прычыны таго, што мае вочы спыніліся нечакана на трох запыленых партрэтах у чорных драўляных рамках. Фарбы сцерліся і дзе-ні-дзе пакаробіліся, але твары можна было яшчэ адрозніць. На сярэднім партрэце намалявана была жанчына маладых год у белай сукенцы з карункавымі беражкамі, у высокай прычосцы васьмідзесятых гадоў. Направа ад яе, на зусім чорным фоне быў відаць круглы і тоўсты твар добрага рускага памешчыка гадоў дваццаці пяці, з нізкім і шырокім ілбом, тупым носам і прастадушнай усмешкай. Французская напудраная прычоска вельмі не адпавядала выразу яго славянскага твара. Жывапісец намаляваў яго ў кафтане чырвонага колеру з вялікімі стразавымі гузікамі; у руцэ ён трымаў нейкую небывалую кветку. На трэцім партрэце, пісаным другой, больш умелаю рукой быў прадстаўлен чалавек гадоў трыццаці, у зялёным мундзіры екацерынінскага часу, з чырвонымі адваротамі, у белым камзоле, у тонкім батыставым гальштуку. Адной рукой апіраўся ён на палку з залатым набалдашнікам, другую заклаў за камзол. Яго смуглы хударлявы твар дыхаў дзёрзкай ганарыстасцю. Тонкія доўгія бровы амаль зрасталіся над чорнымі як смоль вачыма; на бледных, ледзь прыкметных губах іграла нядобрая ўсмешка.

— Што гэта вы загледзеліся на гэтых асоб? — запытаўся ў мяне Пётр Фёдаравіч.

— Так! — адказаў я, паглядзеўшы на яго.

— Ці хочаце выслухаць цэлае апавяданне аб гэтых трох асобах!

— Зрабіце ласку, — адказвалі мы ў адзін голас.

Пётр Фёдаравіч устаў, узяў свечку, паднёс яе да партрэтаў, і голасам чалавека, які паказвае дзікіх звяроў, «панове!» сказаў ён: «гэта дама — прыёмная дачка майго роднага прадзеда, Ольга Іванаўна №. №., празваная Лучынавай, якая памерла сорак год таму назад, будучы дзяўчынай. Гэты пан» — паказваючы на другі партрэт мужчыны ў мундзіры — «гвардзіі сержант, Васіль Іванавіч Лучынаў-жа, які памёр па волі божай у тысяча семсот дзевяностым годзе, а гэты пан, з якім я не маю гонару быць у сваяцтве, нехта Павел Апанасавіч Рагачоў, нідзе, наколькі мне вядома, не служыў. Звярніце, калі ласка, ўвагу на дзірку, што знаходзіцца ў яго на грудзях, на самым месцы сэрца. Гэта дзірка, як вы бачыце, правільная, трохгранная, напэўна, не магла з’явіцца выпадкова…» Цяпер, — прадаўжаў ён звычайным сваім голасам: — сядзьце, набярыцеся цярплівасці і слухайце.

— Панове! — пачаў ён: — я паходжу ад досыць старадаўняга роду. Я сваім паходжаннем не ганаруся, таму што мае продкі былі ўсе страшэнныя моты. Між іншым, гэты дакор не адносіцца да майго прадзеда, Івана Андрэевіча Лучынава, — наадварот: ён быў чалавекам надзвычай беражлівым і нават скупым — прынамсі ў апошнія годы свайго жыцця. Ён правёў сваю маладосць у Пецербургу, і быў сведкай царавання Елізаветы. У Пецербургу ён ажаніўся і прыжыў са сваёй жонкай, а маёй прабабкай, чатырох чалавек дзяцей — трох сыноў, Васілія, Івана і Паўла (майго роднага дзеда), і адну дачку, Наталлю. Больш таго, Іван Андрэевіч прыняў да сябе ў сям’ю дачку аднаго далёкага сваяка, круглую сірату, Ольгу Іванаўну, пра якую я ўжо вам гаварыў. Падданыя майго дзеда, напэўна, ведалі аб яго існаванні, таму што высылалі да яго (калі не здаралася асаблівага няшчасця) вельмі нязначны аброк — але ніколі ў твар яго не бачылі. Сяльцо Лучынаўка, якога пан ніколі і не бачыў, квітнела, — як раптам, у адну прыгожую раніцу, цяжкая калымага ўехала ў вёску і спынілася перад хатай старасты. Мужыкі, устрывожаныя такой небывалай падзеяй, збегліся і ўбачылі свайго пана, паню і ўсіх іх дзяцей, выключаючы старэйшага, Васіля, які застаўся ў Пецербургу. З таго дастапамятнага дня, і да самай сваёй смерці Іван Андрэевіч не выязджаў з Лучынаўкі. Ён пабудаваў сабе дом, той самы, у якім я цяпер маю прыемнасць гутарыць з вамі; пабудаваў таксама царкву, і пачаў жыць панам. Іван Андрэевіч быў вялізнага росту, худы, маўклівы і вельмі марудлівы ва ўсіх сваіх рухах; ніколі не насіў халата, і ніхто, за выключэннем яго камердынера, не бачыў яго не напудраным. Іван Андрэевіч звычайна хадзіў заклаўшы рукі за спіну, марудна паварачваючы галаву пры кожным кроку. Кожны дзень прагульваўся ён па доўгай ліпавай алеі, якую сам уласнаручна насадзіў, — і перад смерцю меў прыемнасць карыстацца ценем гэтых ліп. Іван Андрэевіч быў надзвычай скупы на словы; доказам яго маўклівасці служыць тая надзвычайная акалічнасць, што ён на працягу дваццаці год не сказаў ніводнага слова сваёй жонцы, Анне Паўлаўне. Наогул, яго адносіны да Анны Паўлаўны былі вельмі дзіўнага сорту.

— Яна загадвала ўсёй хатняй гаспадаркай, у часе абеду сядзела заўсёды каля свайго мужа — ён бязлітасна пакараў-бы чалавека, які-б асмеліўся сказаць ёй непачцівае слова, — а між тым, сам з ёю ніколі не гаварыў, не дакранаўся да яе рукі. Анна Паўлаўна была нясмелая, бледная, забітая жанчына; кожны дзень малілася ў царкве на каленях і ніколі не ўсміхалася. Гаварылі, што яны раней, г. зн. да прыезду ў вёску, жылі ў вялікай згодзе; пагаварвалі таксама, што Анна Паўлаўна парушыла абавязкі жонкі, што муж даведаўся аб яе учынку… Як-бы там ні было, але Іван Андрэевіч, нават паміраючы, не прымірыўся з ёю. У часе апошняй яго хваробы, яна не адыходзіла ад яго; але ён, здавалася, яе не заўважаў. У адну ноч Анна Паўлаўна сядзела ў спальні Івана Андрэевіча; яго мучыла бяссонніца — лампада гарэла перад абразом; слуга майго дзеда, Юдзіч, пра якога я вам пасля скажу два словы, вышаў. Анна Паўлаўна ўстала, перайшла цераз пакой і, плачучы, кінулася на калені перад пасцеллю мужа, хацела нешта сказаць — працягнула рукі… Іван Андрэевіч паглядзеў на яе — і слабым голасам, але цвёрда закрычаў: «чалавек!» Слуга ўвайшоў, Анна Паўлаўна паспешна ўстала і, хістаючыся, вярнулася на сваё месца.

Дзеці Івана Андрэевіча надзвычай яго баяліся. Яны выраслі ў вёсцы і былі сведкамі дзіўнага абыходжання Івана Андрэевіча са сваёй жонкай. Яны ўсе моцна любілі Анну Паўлаўну, але не асмельваліся выказаць сваю любоў. Яна сама як быццам іх цуралася… Вы памятаеце, панове, майго дзеда: ён да самай смерці заўсёды хадзіў на цыпках і гаварыў шэптам… што значыць прывычка! Мой дзед і брат яго, Іван Іванавіч, былі людзі простыя, добрыя, ціхія і сумныя; мая grand’tante Наталля вышла, як вам вядома, замуж за грубага і неразумнага чалавека, і да смерці адчувала да яго маўклівую, ліслівую, авечую любоў — але не такім быў брат іх Васіль. Я вам, здаецца, гаварыў, што Іван Андрэевіч пакінуў яго ў Пецербургу. Яму было тады гадоў дванаццаць. Бацька даручыў яго апецы аднаго далёкага сваяка, чалавека ўжо не маладога, халастога, страшэннага вальтэр’янца.

Васіль вырас, паступіў на службу. Ён быў невялікага росту, але добра складзены і вельмі спрытны; надзвычай добра гаварыў па-французску і славіўся сваім уменнем біцца на шпагах. Яго лічылі адным з выдатных маладых людзей пачатку царавання Екацерыны. Бацька мой часта мне гаварыў, што ён ведаў не адну старую, якая без сардэчнага рaсчулення ўспомніць не магла аб Васілю Іванавічу Лучынаве. Уявіце сабе чалавека, які мае незвычайную сілу волі, страснага і ашчаднага, цярплівага і смелага, скрытнага да надзвычайнасці і — па словах усіх яго сучаснікаў — чароўна, прывабна ветлівага. У ім не было ні сумлення, ні дабраты, ні чэснасці, хоць ніхто і не мог назваць яго абсалютна злым чалавекам. Ён быў самалюбным — але ўмеў таіць сваё самалюбства, і страшэнна любіў незалежнасць. Калі, бывала, Васіль Іванавіч, усміхаючыся, ласкава прыжмурыць чорныя вочы, калі захоча зачараваць каго-небудзь, кажуць, немагчыма было яму працівіцца — і нават людзі, упэўненыя ў сухасці і халоднасці яго душы, не раз паддаваліся чаруючай магутнасці яго ўплыву. Ён старанна служыў самому сабе, і іншых прымушаў працаваць для сваіх-жа выгад, і заўсёды ва ўсім паспяваў, таму што ніколі не трапіў галавы, не грэбаваў ліслівасцю, як сродкам, і ўмёў падлізвацца.

Гадоў праз дзесяць пасля пасялення Івана Андрэевіча ў вёсцы, прыехаў ён на чатыры месяцы ў Лучынаўку бліскучым гвардзейскім афіцэрам — і на працягу гэтага часу паспеў ускружыць галаву нават панураму старому бацьку свайму. Дзіўна! Іван Андрэевіч з асалодай слухаў расказы свайго сына аб некаторых яго перамогах. Браты яго нямелі перад ім і здзіўляліся яму, як вышэйшай істоце. Ды і сама Анна Паўлаўна амаль што палюбіла яго больш за ўсіх іншых дзяцей, так шчыра ёй адданых.

Васіль Іванавіч прыехаў у вёску, па-першае, дзеля таго, каб пабачыцца з раднёй; але, па-другое, і дзеля таго, каб дастаць як мага больш грошай ад бацькі. Ён жыў пышна і адкрыта ў Пецербургу і нарабіў мноства даўгоў. Нялёгка яму было зладзіць са скупасцю бацькі, і хоць Іван Андрэевіч даў яму ў адзін яго прыезд, напэўна, значна больш грошай, чым усім іншым сваім сынам на працягу дваццаці год, пражытых імі ў бацькаўскім доме, але Васіль трымаўся вядомага рускага правіла: «браць, дык браць!» У Івана Андрэевіча быў слуга, па празванню Юдзіч, такі-ж высокі, худы і маўклівы чалавек, як сам яго пан. Кажуць, гэты Юдзіч быў часткова прычынай недарэчнага абыходжання Івана Андрэевіча з Аннай Паўлаўнай: кажуць, ён адкрыў злачынную сувязь маёй прабабкі з адным з лепшых прыяцеляў майго прадзеда. Напэўна, Юдзіч глыбока раскаяўся ў сваёй недарэчнай рэўнасці, таму што цяжка ўявіць сабе больш добрага чалавека. Памяць яго, да гэтага часу свяшчэнна ўсім маім дваровым людзям. Юдзіч карыстаўся неабмежаванай даверлівасцю майго прадзеда. У той час памешчыкі мелі грошы, але не аддавалі іх на захаванне ў пазыковыя ўстановы, а самі захоўвалі іх у куфрах, у падпаліцах і г. д. Іван Андрэевіч трымаў усе свае грошы ў вялікім каваным куфры, які знаходзіўся ў яго галавах. Ключ ад гэтага куфра ён аддаў Юдзічу. Кожны вечар, кладучыся спаць, Іван Андрэевіч у сваёй прысутнасці загадваў адмыкаць гэты куфар, пастукваў кіем па ўсіх туга набітых мяшках, а па суботах сам з Юдзічам развязваў мяшкі і старанна пералічваў грошы. Васіль даведаўся аб усіх гэтых штуках і загарэўся жаданнем патрывожыць заветны куфэрак. На працягу пяці, шасці дзён ён памякчыў Юдзіча, гэта значыць давёў небараку старога да таго, што той без маладога паніча — як кажуць — і жыць не мог. Падрыхтаваўшы яго належным чынам, Васіль прыкінуўся заклапочаным і нудным, доўга не хацеў адказваць на распытванні Юдзіча і нарэшце сказаў яму, што ён, прагуляўся ў карты і што накладзе на сябе рукі — калі не дастане дзе-небудзь грошай. Юдзіч заплакаў, кінуўся перад ім на калені, прасіў успомніць бога, не губіць сябе. Васіль, не кажучы ні слова, замкнуўся ў сваім пакоі. Праз некалькі часу пачуў ён, што хтосьці асцярожна да яго стукаецца, ён адамкнуў дзверы і ўбачыў на парозе Юдзіча, бледнага, дрыжачага, з ключом у руцэ. Васіль адразу-ж усё зразумеў. Перш ён доўга адмаўляўся. Юдзіч праз слёзы цвярдзіў «будзьце-ж ласкавы, паніч! вазьміце»… Васіль, нарэшце, згадзіўся. Справа была ў панядзелак. Васілю ў галаву прышла думка замяніць узятыя грошы бітымі чарапкамі. Ён разлічваў на тое, што Іван Андрэевіч, пастукваючы па мяшках кіем, не зверне асаблівай увагі на ледзь прыкметную розніцу гуку — а да суботы ён спадзяваўся дастаць і пакласці назад грошы ў куфар. Прыдумана — зроблена. Бацька, сапраўды, нічога не заўважыў. Але да суботы Васіль грошай не дастаў: ён спадзяваўся на ўзятыя грошы абыграць аднаго багатага суседа — і, наадварот, сам усё прагуляў. Між тым настала субота; дайшла чарга і да мяшкоў, напханых чарапкамі. Уявіце сабе, панове, здзіўленне Івана Андрэевіча!

— Гэта што значыць? — загрымеў ён.

Юдзіч маўчаў.

— Ты ўкраў гэтыя грошы?

— Гэта не я.

— А ключ хто-небудзь у цябе браў?

— Я нікому не даваў ключа.

— Нікому? А калі нікому — дык ты злодзей. Прызнавайся!

— Я не злодзей, Іван Андрэевіч.

— Адкуль-жа ўзяліся гэтыя чарапкі, чорт пабяры! Дык ты мяне ашукаць хочаш? Апошні раз гавару табе — прызнавайся!

Юдзіч апусціў галаву і склаў рукі за спіной.

— Гэй, людзі! — закрычаў Іван Андрэевіч ашалелым голасам. — Палак.

— Як? мяне… караць? — прашаптаў Юдзіч.

— Вось табе і на! ды чым-жа ты лепшы за другіх? Ты злодзей! Ну, Юдзіч! не чакаў я ад цябе такога шальмоўства!

— Я пасівеў на вашай службе, Іван Андрэевіч, — з намаганнем прагаварыў Юдзіч.

— А мне якая справа да тваіх сівых валасоў! Чорт-бы цябе пабраў з тваёй службай!

Людзі ўвайшлі.

— Вазьміце вось яго, ды добранька!

У Івана Андрэевіча пабялелі і затрэсліся губы. Ён хадзіў па пакоі, як дзікі звер у цеснай клетцы.

Людзі не асмельваліся выканаць яго загад.

— Што-ж вы стаіце, хамавы дзеці? Што-ж, мне самому за яго ўзяцца ці што?

Юдзіч пайшоў было да дзвярэй…

— Стойце! — закрычаў Іван Андрэевіч. — Юдзіч, апошні раз кажу табе, прашу цябе, Юдзіч, прызнайся.

— Не магу! — прастагнаў Юдзіч.

— Дык бярыце-ж яго, старога падлізніка!.. На смерць яго! У маю галаву! — загрымеў звар’яцелы стары. Збіванне пачалося…

Раптам дзверы адчыніліся, і ўвайшоў Васіль. Ён быў амаль што бляднейшы за бацьку, рукі яго дрыжэлі, верхняя губа прыўзнялася і агаліла рад белых і роўных зубоў.

— Я вінен, — сказаў ён глухім, але цвёрдым голасам. — Я ўзяў гэтыя грошы.

Людзі спыніліся.

— Ты! як? ты, Васька! без згоды Юдзіча?

— Не, — сказаў Юдзіч: з маёй згоды. Я сам аддаў ключ Васілю Іванавічу. Баценька, Васіль Іванавіч! навошта вы турбуецеся?

— Дык вось хто злодзей! — закрычаў Іван Андрэевіч. — Дзякуй, Васіль, дзякуй! А цябе, Юдзіч, я ўсё-такі не памілую. Чаму ты мне адразу ва ўсім не прызнаўся? Гэй, вы! што вы сталі? Ці можа ўжо і вы маёй улады не прызнаеце? А з табою я спраўлюся, голубе! — дадаў ён, звяртаючыся да Васіля.

Людзі зноў былі ўзяліся за Юдзіча.

— Не чапайце яго! — прашаптаў Васіль праз зубы. Слугі яго не паслухалі. — Назад! — закрычаў ён і кінуўся на іх… Яны адскочылі.

— А! бунтаваць! — прастагнаў Іван Андрэевіч, і, падняўшы кій, пайшоў на сына.

Васіль адскочыў, схапіўся за рукаятку шпагі і выцягнуў яе да палавіны. Усе ўздрыгануліся. Анна Паўлаўна, прыцягнутая шумам, спалоханая, бледная, паказалася ў дзвярах.

Страшэнная змяніўся твар Івана Андрэевіча. Ён захістаўся, выпусціў з рукі кій, і цяжка апусціўся на крэсла, закрыўшы твар абодвума рукамі. Ніхто не варушыўся, усе стаялі як укопаныя, не выключаючы і Васіля. Сударгава сціскаў ён стальную рукаятку шпагі, вочы яго блішчэлі панурым, злосным бляскам…

— Ідзіце ўсе… усе вон, — прагаварыў ціхім голасам Іван Андрэевіч, не адводзячы рук ад твара.

Увесь натоўп вышаў. Васіль спыніўся на парозе, пасля раптам страсянуў галавой, абняў Юдзіча, пацалаваў руку маці… і праз дзве гадзіны яго ўжо не было ў вёсцы. Ён паехаў у Пецербург.

Вечарам, таго-ж дня, Юдзіч сядзеў на ганачку дваровай хаты. Людзі акружалі яго, шкадавалі і горка папракалі пана.

— Годзе, браткі, — сказаў ён ім нарэшце: годзе… што вы яго лаеце? ён і сам, бадай, бацюшка наш, сваёй зухаватасці не рад…

З прычыны гэтага здарэння, Васіль ужо больш не бачыўся са сваім бацькам. Іван Андрэевіч памёр без яго, і памёр, напэўна, з такой тугою на сэрцы, якую не дай бог адчуваць каму-небудзь з вас. Васіль Іванавіч, між тым, выязджаў, весяліўся па-свойму і раскідаўся грашыма. Як ён здабываў гэтыя грошы, не магу напэўна сказаць. Дастаў ён сабе слугу француза, лоўкага і кемлівага чалавека, нейкага Бурс’е. Гэты чалавек вельмі да яго прывязаўся, і дапамагаў яму ва ўсіх яго шматлікіх штукарствах. Я не маю намеру расказваць вам падрабязна аб усіх свавольствах майго grand’oncle; ён вызначаўся такой неабмежаванай смеласцю, такой змяінай зваротлівасцю, такой незразумелай абыякавасцю, такім спрытным і дасціпным розумам, што, прызнаюся, я разумею неабмежаваную ўладу гэтага амаральнага чалавека над самымі благароднымі душамі.

Неўзабаве пасля смерці бацькі, Васіль Іванавіч, не гледзячы на сваю зваротлівасць, быў выклікан на дуэль адным абражаным мужам. Ён біўся, цяжка раніў свайго суперніка і вымушан быў выехаць са сталіцы: яму загадалі безвыездна жыць у сваім памесці. Васілю Іванавічу было 30 год. Вы лёгка можаце сабе ўявіць, панове, з якімі пачуццямі гэты чалавек, які прывык да сталічнага, бліскучага жыцця, ехаў на радзіму. Кажуць, ён па дарозе часта выходзіў з кібіткі, кідаўся тварам у снег і плакаў. Ніхто ў Лучынаўцы не пазнаваў ранейшага вясёлага, ветлівага Васіля Іванавіча. Ён ні з кім не гаварыў, з раніцы да ночы ездзіў на паляванне, з відзімай нецярплівасцю зносіў нясмелыя ласкі сваёй маці і бязлітасна насміхаўся над братамі, над іх жонкамі (яны ўжо абодва паспелі ажаніцца)…

Я вам да гэтага часу, здаецца, нічога не сказаў пра Ольгу Іванаўну. Грудным дзіцем прывезлі яе ў Лучынаўку; яна ледзь не памерла па дарозе. Ольга Іванаўна была выхавана, як кажуць, у страху божым і бацькоўскім… Трэба прызнацца, што Іван Андрэевіч і Анна Паўлаўна — абое лічылі яе за дачку. Але ў ёй захоўвалася слабая іскра таго агню, які так ярка пылаў у душы Васіля Іванавіча. Між тым, як сапраўдныя дзеці Івана Андрэевіча не асмельваліся думаць аб прычынах недарэчнага маўклівага разладу паміж іх бацькамі, — Ольгу з дзіцячых год трывожыла і мучыла становішча Анны Паўлаўны. Як і Васіль, яна любіла незалежнасць; усякі прыгнёт яе абураў. Яна ўсімі сіламі душы прывязалася да сваёй дабрадзейкі; старага Лучынава яна ненавідзела, і не раз, седзячы за сталом, накіроўвала на яго такія змрочныя позіркі, што нават чалавеку, які падаваў яду, рабілася жудасна. Іван Андрэевіч не заўважаў усіх гэтых позіркаў, таму што наогул не звяртаў ніякай увагі на сваю сям’ю.

Спачатку Анна Паўлаўна старалася знішчыць у ёй гэту нянавісць — але некаторыя смелыя пытанні Ольгі прымусілі яе замаўчаць зусім. Дзеці Івана Андрэевіча паважалі Ольгу, і старая яе любіла таксама, хоць досыць халоднай любоўю.

Працяглае гора знішчыла ў гэтай беднай жанчыне ўсякую вясёласць, усякае моцнае пачуццё; нічога так ясна не даказвае чароўнай прыязнасці Васіля, як тое, што ён нават матку сваю прымусіў горача палюбіць сябе. Шчырае выказванне дзіцячай пяшчотнасці не было ў модзе таго часу, а таму не дзіва, што Ольга не асмельвалася выяўляць сваю прыхільнасць, хоць заўсёды з асаблівай пачцівасцю цалавала руку Анны Паўлаўны вечарам, пры развітанні. Чытаць і пісаць амаль не ўмела. Праз дваццаць год пасля, рускія дзяўчаты пачалі чытаць раманы накшталт Прыгод маркіза Глаголя, — Фанфана і Лалоты, — Аляксея або Халупы ў лесе; пачалі вучыцца на клавікордах і спяваць песні накшталт наступнай, некалі вельмі вядомай:

„Мужчыны на свеце
Як мухі да нас ліпнуць“ — і г. д.

але ў сямідзесятых гадах (Ольга Іванаўна нарадзілася ў 1757 годзе) нашы вясковыя прыгажуні нічога не ведалі аб усіх гэтых удасканаленнях. Цяжка нам цяпер сабе ўявіць рускую паненку таго веку; праўда, мы можам, па нашых бабульках, меркаваць аб ступені адукаванасці дваранак часоў Екацярыны; але як-жа адрозніць тое, што паступова да іх прывілося на працягу іх доўгага жыцця, — ад таго, чым яны былі ў дні маладосці?

Ольга Іванаўна некалькі магла гаварыць па-французску — але з моцным рускім акцэнтам: у яе час аб эмігрантах не было яшчэ і паміну. Адным словам, пры ўсіх яе добрых якасцях, яна ўсё-такі была вялікім дзікуном — і, бадай, у прастаце сэрца свайго, уласнымі рукамі не раз карала якую-небудзь злашчасную пакаёўку…

За некалькі часу да прыезду Васіля Іванавіча, Ольгу Іванаўну змовілі за суседа — Паўла Апанасавіча Рагачова, дабрэйшага і сумленнейшага чалавека. Прырода забылася надзяліць яго злосцю. Уласныя людзі не слухалі яго, уходзілі часамі ўсе, ад першага да апошняга, і пакідалі небараку Рагачова без абеду… але нішто не магло абурыць цішыню яго душы. Ён з дзіцячых год вызначаўся тоўстасцю і непаваротлівасцю, нідзе не служыў, любіў хадзіць у царкву і спяваць на клірасе. Паглядзіце, панове, на гэты добры, круглы твар; прыгледзьцеся да гэтай ціхай, светлай усмешкі… ці не праўда, вам самім становіцца радасна? Бацька яго ў нейкія вякі ездзіў у Лучынаўку і ў святы прывозіў з сабою Паўліка, якога маленькія Лучынавы ўсяляк мучылі. Паўлік вырас, пачаў сам ездзіць да Івана Андрэевіча, закахаўся ў Ольгу Іванаўну і прапанаваў ёй руку і сэрца  — не асабіста ёй, а яе дабрадзейцы. Дабрадзеі згадзіліся. У Ольгі Іванаўны нават і не падумалі запытацца: ці падабаецца ёй Рагачоў? У той час, па словах бабулі — «такіх раскошаў не было». Між іншым, Ольга хутка прывыкла да свайго жаніха: нельга было не прывязацца да гэтага ціхамірнага, ласкавага стварэння. Выхавання Рагачоў не атрымаў ніякага; па-французску ўмеў толькі сказаць: «бон-жур» — і пра сябе лічыў нават гэта слова непрыстойным. Ды яшчэ нейкі жартаўнік навучыў яго наступнай, быццам-бы французскай песні: «Сонечка, Сонечка! Ке-вуле-ву-дэ-муа — я вас абажаю — ме-жэ-не-пё-па»… Гэту песеньку ён заўсёды напяваў упоўголаса, калі ў яго быў добры настрой. Бацька яго быў таксама чалавек дабраты неапісальнай; вечна хадзіў у доўгім нанкавым сурдуце і, што-б яму ні гаварылі, — на ўсё з усмешкай падтакваў. З часу змовін Паўла Апанасавіча, абодва Рагачовы — бацька і сын — страшэнна клапаціліся; перараблялі свой дом, прыбудоўвалі розныя «галдарэі», прыязна размаўлялі з работнікамі, частавалі іх гарэлкай. Да зімы не паспелі скончыць усе пабудовы — адклалі вяселле да лета; летам памёр Іван Андрэевіч — адклалі вяселле да наступнай вясны; зімой прыехаў Васіль Іванавіч. Яго пазнаёмілі з Рагачовым; ён прыняў яго холадна і неахайна, і з цягам часу да таго запалохаў яго сваім ганарлівым абыходжаннем, што небарака Рагачоў дрыжэў як ліст пры адным яго паяўленні, маўчаў і вымушана ўсміхаўся. Васіль аднойчы ледзь зусім не звёў яго са свету — прапанаваўшы яму закласціся, што ён, Рагачоў, не зможа перастаць усміхацца. Небарака Павел Апанасавіч ледзь не заплакаў ад замяшання, але — сапраўды! — усмешка, недарэчная, напружаная ўсмешка не хацела зыйсці з яго ўспацелага твара! А Васіль марудна перабіраў пальцамі канцы сваёй шыйнай хусткі і паглядаў на яго занадта ўжо пагардліва. Бацька Паўла Апанасавіча даведаўся таксама аб прыбыцці Васіля, і праз некалькі дзён — дзеля «большай важнасці» — адправіўся ў Лучынаўку з намерам: «павіншаваць любезнага госця з прыездам у родныя палестыны». Апанас Лукіч славіўся ва ўсім акалотку сваім красамоўствам — г. зн. уменнем не запінаючыся сказаць досыць доўгую і хітра сплеценую прамову, з лёгкай прымессю кніжных слоўцаў. Але не! на гэты раз ён не падтрымаў сваёй славы: збянтэжыўся значна больш за сына свайго, Паўла Апанасавіча; прамармытаў штосьці зусім незразумелае і хоць зроду не піў гарэлкі, але тут, «для кантэнансу», выпіў чарачку (ён застаў Васіля снедаючы) — хацеў было прынамсі, сказануць з некаторай самастойнасцю, і не зрабіў ніякага гуку. Ад’язджаючы дадому, Павел Апанасавіч шапнуў свайму бацьку: «Ну, што, татуля?» Апанас Лукіч са смуткам адказваў яму, таксама шэптам: «І не кажы!».

Рагачовы пачалі радзей ездзіць у Лучынаўку. Між іншым, Васіль запалохаў не іх адных: у братах сваіх, у іх жонках, нават у самой Анне Паўлаўне ўзбуджаў ён тужлівую, мімавольную нялоўкасць… Яны сталі ўсяляк чурацца яго; Васіль не мог гэтага не заўважыць, але, відавочна, не меў намеру перамяніць сваё абыходжанне з імі, як раптам у пачатку вясны ён з’явіўся зноў тым ветлівым, мілым чалавекам, якім яго раней ведалі…

Першым праяўленнем гэтай раптоўнай перамены быў нечаканы прыезд Васіля да Рагачовых. Афанасій Лукіч, у асаблівасці, вельмі спужаўся, убачыўшы каляску Лучынава, але спалох яго знік вельмі хутка. Ніколі Васіль не быў ласкавейшы і весялейшы. Ён узяў маладога Рагачова пад руку, пайшоў з ім аглядаць будынак, гутарыў з цеслярамі, даваў ім парады, рабіў сам нарубкі тапаром, загадаў паказаць яму завадскіх Лукічовых коней, сам ганяў іх на кордзе — і наогул сваёй гасціннай ласкавасцю давёў добрых стэпнякоў, да таго, што яны абодва неаднаразова яго абнялі. Дома Васіль таксама за некалькі дзён паранейшаму ўскружыў усім галовы: выдумаў розныя смешныя гульні, дастаў музыкантаў, наклікаў суседзяў і суседак, расказваў старым бабам самым пацешным чынам гарадскія плёткі, злёгку валачыўся за маладымі, прыдумляў небывалыя пагулянкі, фейерверкі і т. д., адным словам, ажывіў усё і ўсіх. Сумны, змрочны дом Лучынавых ператварыўся раптам у нейкае шумнае, надзычайнае, чароўнае жыллё, пра якое загаварыў ўвесь акалотак. — Гэта раптоўная перамена здзівіла многіх, усіх узрадавала; пачалі насіцца розныя чуткі; знаючыя людзі гаварылі, што Васіля Іванавіча да гэтага часу мучылі нейкія скрытыя клопаты, што яму здарылася магчымасць вярнуцца ў сталіцу… але да сапраўднай прычыны перараджэння Васіля Іванавіча не дабраўся ніхто.

Ольга Іванаўна, панове, была досыць стройнай і прыгожай. — Між іншым, яе прыгожае заключалася больш у незвычайнай пяшчотнасці і свежасці цела, у спакойным харастве руху, чым у строгай правільнасці абрысаў. Прырода надзяліла яе некаторай самабытнасцю; яе выхаванне — яна вырасла сіратой — развіло ў ёй асцярожнасць і цвёрдасць. Ольга не належала да ліку ціхіх і вялых паненак; але адно толькі пачуццё ў ёй выспела ў пойнай меры: нянавісць да дабрадзея. Між іншым, і другія, больш жаночыя страсці маглі ўспыхнуць у душы Ольгі Іванаўны з незвычайнай хваравітай сілай… але ў ёй не было ні таго гордага холаду, ні той сціснутай моцнасці душы, ні той самалюбнай сканцэнтраванасці, без якіх усякая страсць знікае вельмі хутка. — Першыя парывы такіх напоўдзейных, напоўпакутлівых душ бываюць часамі незвычайна імклівыя; але яны здраджваюць самім сабе вельмі хутка, асабліва, калі справа дойдзе да бязлітаснага прымянення прынятых правіл: яны баяцца паслядоўнасці… І між тым, панове, прызнаюся вам адкрыта: на мяне жанчыны такога сорту робяць наймацнейшае ўражанне… (Пры гэтых словах расказчык апаражніў шлянку вады. — Глупства, глупства! — падумаў я, гледзячы на яго круглы падбародак: — на цябе, мой дружа, нішто ў свеце не робіць «наймацнейшага ўражання»…)

Пётр Фёдаравіч прадаўжаў: — Панове, я веру ў кроў, у пароду. У Ользе Іванаўне было болыш крыві чым, напрыклад, у нарачонай яе сястрыцы — Наталлі. У чым-жа праяўлялася гэта «кроў», запытаеце вы ў мяне? — ды ва ўсім: у абрысах рук, губ, у гуку голасу, у позірку, у паходцы, у прычосцы, — у складках сукенкі, нарэшце. Ва ўсіх гэтых бяздзелках захоўвалася штосьці асаблівае, хоць я павінен прызнацца, што тая… як-бы сказаць?.. тая distinction, якая дасталася на долю Ольгі Іванаўны, не прыцягнула-б увагі Васіля, калі-б ён сустрэўся з ёю ў Пецербургу. У вёсцы-ж, у глушы, яна не толькі ўзбудзіла яго ўвагу — але і нават наогул была адзінай прычынай той перамены, аб якой я гаварыў вышэй.

Мяркуйце самі: Васіль Іванавіч любіў цешыцца жыццём; ён не мог не нудзіцца ў вёсцы; браты яго былі добрыя хлапцы, але вельмі абмежаваныя людзі: ён нічога не меў агульнага з імі; сястра яго Наталля на працягу трох год прыжыла са сваім мужам чэцвера дзяцей; паміж ёй і Васілём было цэлае бяздонне… Анна Паўлаўна хадзіла ў царкву, малілася, пасціла і рыхтавалася да смерці. Заставалася адна Ольга, свежая, баязлівая, міленькая дзяўчынка… Васіль яе перш не заўважыў… ды хто-ж звяртае ўвагу на выхаванку, на сірату, на прыёмную?.. Аднойчы, у самым пачатку вясны, ішоў ён па садзе і палачкай збіваў галоўкі цыкорыя, гэтых недарэчненькіх жоўтых кветачак, якія ў такім мностве першыя паяўляюцца на ледзь зелянеючых лугах. — Ён гуляў па садзе перад домам, падняў галаву — і ўбачыў Ольгу Іванаўну. — Яна сядзела бокам ля акна і задуменна гладзіла паласатае кацянё, якое, мурлыкаючы і жмурачыся, прымайстравалася на яе каленях і з вялікай прыемнасцю падстаўляла свой носік вясенняму, ужо досыць яркаму сонцу. На Ользе Іванаўне была белая ранішняя сукенка з кароткімі рукавамі; яе голыя, бледнаружовыя, не зусім развітыя плечы і рукі дыхалі свежасцю і здароўем; невялікі чэпчык асцярожна сціскаў яе густыя, мяккія, шаўкавістыя завіткі; твар злёгку чырванеў: яна нядаўна прачнулася. Яе тонкая і гнуткая шыя так міла падавалася наперад; так чароўна неахайна, так сарамліва адпачываў яе незацягнуты стан, што Васіль Іванавіч (вялікі знаток!) мімаволі спыніўся і загледзеўся. Яму раптам прышло ў галаву, што няварта пакідаць Ольгу Іванаўну ў яе першабытным невуцтве; што з яе можа з цягам часу атрымацца надзвычай мілая і ветлівая жанчына. Ён падкраўся да акна, прыпадняўся на цыпкі і моўчкі пацалаваў белую і гладкую руку Ольгі Іванаўны крыху ніжэй локця. Ольга закрычала і ўсхапілася, кацянё наставіла хвост і саскочыла ў сад. Васіль Іванавіч з усмешкай прытрымаў яе за руку… Ольга пачырванела ўся да вушэй; ён пачаў жартаваць з яе сполаху… клікаў яе гуляць з сабою; але раптам Ольга Іванаўна заўважыла неакуратнасць свайго адзення — і «шпарчэй за шпаркую лань» уцякла ў другі пакой.

У той-жа самы дзень Васіль адправіўся да Рагачовых. Ён раптам павесялеў і прасвятлеў духам. Васіль не пакахаў Ольгу, не! — словам «каханне» жартаваць не трэба… Ён знайшоў сабе занятак, паставіў сабе задачу і радаваўся радасцю дзейнага чалавека. Ён і не ўспомніў аб тым, што яна — выхаванка яго мацеры, нявеста другога; ён ні на адзін момант не ашукваў сябе; ён вельмі добра ведаў, што ёй не быць яго жонкай. Магчыма, яму дароўвала страсць — праўда, не ўзвышаная, не высокародная, але, усё-такі, досыць моцная і пакутлівая страсць. Зразумела, ён закахаўся не як дзіця; ён не аддаваўся няпэўным захапленням; ён добра ведаў, чаго ён хацеў і да чаго ён імкнуўся.

Васіль Іванавіч у поўнай меры ўладаў здольнасцю ў самы кароткі час прывучыць да сябе другога, нават прадузятага або баязлівага чалавека. Ольга хутка перастала дзічыцца яго. Васіль Іванавіч увёў яе ў новы свет. Ён выпісаў для яе клавікорды, вучыў яе музыцы (ён сам добра іграў на флейце), чытаў ёй кнігі, доўга размаўляў з ёю… Галава закружылася ў беднай стэпнячкі. Васіль зусім пакарыў яе. Ён умеў гаварыць з ёю аб тым, што да гэтага часу ёй было чужым, і гаварыў мовай ёй зразумелай. Ольга патроху асмельвалася выказваць яму свае пачуцці; ён дапамагаў ёй, падказваў ёй словы, якіх яна не знаходзіла, не запалохваў яе; то стрымліваў, то заахвочваў яе парывы… Васіль займаўся яе выхаваннем не з бескарыслівага жадання разбудзіць і развіць яе здольнасці: ён, проста, хацеў яе некалькі наблізіць да сябе, і знаў пры гэтым, што неспрактыкаваную, баязлівую, але самалюбную дзяўчыну лягчэй заінтрыгаваць розумам, чым сэрцам. Калі-б Ольга была нават істотай незвычайнай, Васіль ніяк не мог-бы гэтага заўважыць, таму што ён абыходзіўся з ёю, як з дзіцем; але вы ўжо ведаеце, панове, што ў Ольгі асабліва выдатнага нічога не было. Васіль стараўся, па магчымасці, дзейнічаць на яе ўяўленне, і часта вечарам яна ішла ад яго з такім віхрам новых вобразаў, слоў і думак у галаве, што не магла заснуць да раніцы, і, тужліва ўздыхаючы, бесперапынна прыкладала гарачыя шчокі да халодных падушак, або ўставала, падыходзіла да акна, і палахліва і прагна глядзела ў цёмную далячынь. Васіль напаўняў кожны міг яе жыцця; ні аб кім іншым яна думаць не магла. Рагачова хутка яна перастала нават заўважаць. Васіль, як чалавек лоўкі і хітры, пры яго прысутнасці не гаварыў з Ольгай; але або смяшыў яго самога да слёз, або пачынаў якую-небудзь шумную гульню, прагулку конна, катанне ўначы па рацэ з факеламі і музыкай — адным словам, не даваў апамятацца Паўлу Апанасавічу. Аднак, не гледзячы на ўсю лоўкасць Васіля Іванавіча, Рагачоў смутна адчуў, што ён, жаніх і будучы муж Ольгі, як быццам стаў для яе чужым чалавекам… але з прычыны бясконцай сваёй дабраты баяўся засмуціць яе дакорам, хоць сапраўды кахаў яе і даражыў яе прывязанасцю. Калі яны былі адны, ён не ведаў, што загаварыць і толькі стараўся ўсяляк прыслугоўваць. Мінула два месяцы. У Ользе знікла, нарэшце, усякая самастойнасць, усякая воля: слабы і маўклівы Рагачоў не мог быць ёй апорай; яна нават не хацела працівіцца пяшчотнасці і з заміраючым сэрцам безумоўна аддалася Васілю.

Ольга Іванаўна, напэўна, спазнала тады радасць кахання, але не надоўга. Хоць Васіль — не маючы іншага занятку — не толькі не кінуў яе, але нават прывязаўся да яе і клапатліва яе песціў, але сама Ольга да такой ступені разгубілася, што нават у каханні не знаходзіла вялікага шчасця і ўсё-такі не магла адарвацца ад Васіля. Яна стала ўсяго баяцца, не асмельвалася думаць; не размаўляла ні аб чым; перастала чытаць, нуда яе грызла. Іншы раз удавалася Васілю прывесці яе ў захапленне і прымусіць забыцца аб усіх і ўсім, але на другі-ж дзень ён заставаў яе бледнай, маўклівай, з пахаладзелымі рукамі, з недарэчнай усмешкай на губах… Надышоў досыць нялёгкі час для Васіля; але ніякія цяжкасці запалохаць яго не маглі. Ён увесь сканцэнтраваўся, як спрактыкаваны ігрок. Ён ніколькі не мог давяраць Ользе Іванаўне: яна заўсёды здраджвала сабе, бляднела, чырванела, і плакала… яе новая роля была ёй не пад сілу. Васіль працаваў за дваіх; у яго буянай і шумнай весялосці толькі спрактыкаваны назіральнік мог-бы заўважыць нервовую напружанасць; ён іграў братамі, сёстрамі, Рагачовымі, суседзямі, суседкамі — як пешкамі: вечна быў пільным, не траціў ніводнага позірку, ніводнага руху, хоць здаваўся бесклапотнейшым чалавекам; кожную раніцу ўступаў у бітву, і кожны вечар атрымліваў перамогу. Яму ніколькі не была цяжкай такая страшная дзейнасць; спаў чатыры гадзіны ў суткі, еў вельмі мала і быў здаровы, свежы і вясёлы. Між тым, дзень вяселля набліжаўся; Васіль паспеў пераканаць самога Паўла Апанасавіча ў неабходнасці адтэрмінавання; затым паслаў яго ў Маскву за пакупкамі, а сам перапісваўся з пецербургскімі сябрамі. Ён клапаціўся не столькі з-за таго, што шкадаваў Ольгу Іванаўну, колькі з-за таго, што любіў клопаты і трывогі… Прытым — Ольга Іванаўна пачала яму надакучаць, і ён ужо не раз, пасля шалёнага выбуху страсці, паглядаў на яе, як бывала на Рагачова. Лучынаў заўсёды быў загадкай для ўсіх; у самай халоднасці яго няўмольнай душы вы адчувалі прысутнасць дзіўнага, амаль паўднёвага полымя, і у самым шалёным разгары страсці ад гэтага чалавека веяла холадам. — Пры іншых, ён, як і раней, падтрымліваў Ольгу Іванаўну; але сам-на-сам ён гуляў з ёю як кот з мышкай, або палохаў яе сафізмамі або цяжка і ядавіта нудзіўся, або, нарэшце, зноў кідаўся да яе ног, захапляў яе, як віхор трэску… і не прыкідваўся тады закаханым… але сапраўды сам заміраў…

Аднойчы, досыць позна ўвечары, Васіль сядзеў адзін у сябе ў пакоі і ўважліва перачытваў апошнія, атрыманыя ім з Пецербурга пісьмы — як раптам дзверы ціхенька заскрыпелі, і ўвайшла Палашка, пакаёўка Ольгі Іванаўны.

— Што табе трэба? — досыць злосна запытаўся ў яе Васіль.

— Паненка просяць вас да сябе.

— Цяпер не магу. Ідзі… Ну, што-ж ты стаіш? — прадаўжаў ён, убачыўшы, што Палашка не выходзіла.

— Паненка загадала сказаць, што вельмі, значыцца, патрэбна.

— Ды што там такое?

— Самі ўбачыце…

Васіль устаў, з прыкрасцю кінуў пісьмы ў скрынку і пайшоў да Ольгі Іванаўны. Яна сядзела адна, у кутку, — бледная і нерухомая.

— Што вы хацелі? — запытаўся ён не зусім ветліва.

Ольга паглядзела на яго, і, уздрыгваючыся, закрыла вочы.

— Што з вамі? што з табой, Ольга?

Ён узяў яе за руку… Рука Ольгі Іванаўны была халодная як лёд… Яна хацела загаварыць… і голас яе замёр. Беднай жанчыне не заставалася ніякага сумнення наконт свайго становішча.

Васіль крыху збянтэжыўся. Пакой Ольгі Іванаўны знаходзіўся на адлегласці двух крокаў ад спальні Анны Паўлаўны. Васіль асцярожна падсеў да Ольгі, цалаваў і грэў яе рукі, шэптам угаварваў яе. Яна слухала яго, і моўчкі — злёгку ўздрыгвала. У дзвярах стаяла Палашка і паціхеньку выцірала слёзы. У суседнім пакоі цяжка і мерна стукаў маятнік, і чулася дыханне спячага. Здрантвенне Ольгі Іванаўны вылілася, нарэшце, у слёзы і глухі плач. Слёзы — што навальніца: пасля іх чалавек заўсёды цішэе. Калі Ольга Іванаўна супакоілася крыху і толькі зрэдку, сударгава ўсхліпвала, як дзіця, Васіль стаў перад ёю на калені і ласкамі, пяшчотнымі абяцаннямі супакоіў яе зусім, даў ёй напіцца, паклаў яе спаць і пайшоў. Усю ноч ён не раздзяваўся, напісаў два-тры пісьмы, спаліў дзве-тры паперы, дастаў залаты медальён з партрэтам жанчыны чорнабровай і чорнавокай, з тварам сладастрасным і смелым, доўга разглядаў яе рысы і ў задуменні хадзіў па пакоі. У другую раніцу, п’ючы чай, ён з надзвычайным нездаволеннем убачыў пачырванелыя, распухлыя вочы і бледны, устрывожаны твар Ольгі. Пасля снедання ён прапанаваў ёй прайсціся з ім па садзе. Ольга пайшла за Васілём, як паслухмяная авечка. Калі-ж гадзіны праз дзве, яна вярнулася з саду — яна была страшэнна бледная; яна сказала Анне Паўлаўне, што ёй нездаровіцца, і злегла ў пасцель. У часе прагулкі Васіль з пакорлівым раскаяннем абвясціў ёй, што ён тайна жанаты — ён быў такі-ж халасцяк, як я. Ольга Іванаўна не страціла прытомнасці — трацяць прытомнасць толькі на сцэне; але раптам акамянела, хоць сама не толькі не спадзявалася выйсці за Васіля Іванавіча, але нават неяк баялася аб гэтым думаць. Васіль пачаў ёй даказваць неабходнасць разлукі з ім і жаніцьбы з Рагачовым. Ольга Іванаўна глядзела на яго з нямым жахам. Васіль гаварыў халодна, дзельна, грунтоўна; вінаваціў сябе, каяўся — але скончыў усе свае разважанні наступнымі словамі: «што прайшло, таго не вернеш, трэба дзейнічаць». Ольга разгубілася зусім; ёй было страшна, сорамна; смутная, цяжкая роспач авалодала ёю; яна жадала смерці — і са смуткам чакала рашэння Васіля.

— Трэба ва ўсім прызнацца матулі, — сказаў нарэшце ён.

Ольга памярцвела; ногі ў яе падкасіліся.

— Не бойся, не бойся, — цвярдзіў Васіль: — павер мне, я цябе не пакіну… я ўсё ўладжу… спадзявайся на мяне.

Бедная жанчына паглядзела на яго з любоўю… так, з любоўю, і глыбокай, хоць ужо безнадзейнай адданасцю.

— Я ўсё, усё ўладжу, — сказаў ёй на развітанне Васіль… — і апошні раз пацалаваў яе пахаладзелыя рукі…

У наступную-ж раніцу, Ольга Іванаўна толькі што ўстала з пасцелі — дзверы яе адчыніліся… і Анна Паўлаўна з’явілася на парозе. Яе падтрымліваў Васіль. Моўчкі дабралася яна да крэсла і села моўчкі. Васіль стаў каля яе. Ён здаваўся спакойным; бровы яго ссунуліся і губы злёгку раскрыліся. Анна Паўлаўна, бледная, абураная, разгневаная, збіралася гаварыць, але голас здрадзіў ёй. Ольга Іванаўна з жудасцю акінула позіркам сваю дабрадзейку — свайго любоўніка; страшэнна замерла ў ёй сэрца… яна з крыкам пала сярод пакоя на калені і закрыла сабе твар рукамі… «Дык праўда… праўда?» прашаптала Анна Паўлаўна, і нахілілася да яе… «Гавары-ж» — прадаўжала яна, жорстка схапіўшы Ольгу за руку.

— Матухна! — пачуўся медны голас Васіля. — Вы абяцалі мне не абражаць яе.

— Я хачу… прызнавайся-ж… прызнавайся… ці праўда-ж? праўда?

— Матухна… успомніце… — павольна прагаварыў Васіль.

Гэта адно слова моцна падзейнічала на Анну Паўлаўну. Яна прыхілілася да спінкі крэсла і заплакала.

Ольга Іванаўна ціхенька падняла галаву і хацела кінуцца ў ногі старой, але Васіль стрымаў яе, падняў і пасадзіў на другое крэсла. Анна Паўлаўна прадаўжала плакаць і шаптаць няскладныя словы…

— Паслухайце, матухна, — загаварыў Васіль: — не надрывайце сябе! бядзе дапамагчы яшчэ можна… Калі Рагачоў…

Ольга Іванаўна ўздрыгнулася і выпрасталася.

— Калі Рагачоў, — прадаўжаў Васіль, многазначна зірнуўшы на Ольгу Іванаўну: — уявіў, што можа беспакарана зняславіць чэсную сям’ю…

Ользе Іванаўне стала страшна.

— У маім доме, — прастагнала Анна Паўлаўна.

— Супакойцеся, матухна. Ён скарыстаў яе нявопытнасць, яе маладосць, ён… вы нешта хочаце сказаць? — дадаў ён, убачыўшы, што Ольга парываецца да яго.

Ольга Іванаўна звалілася ў крэсла.

— Я зараз да Рагачова. Я прымушу яго жаніцца сёння-ж. Будзьце ўпэўнены, я не дазволю яму насміхацца над намі…

— Але… Васіль Іванавіч… вы… — прашаптала Ольга.

Ён доўга і холадна паглядзеў на яе. Яна змоўкла зноў.

— Матухна, дайце мне слова не турбаваць яе да майго прыезду. Паглядзіце — яна ледзь жывая. Ды і вам трэба адпачыць. Верце мне: я адказваю за ўсё; ва ўсякім выпадку, пачакайце майго звароту. Паўтараю вам — не мучце ні яе, ні сябе — і паверце мне.

Ён падышоў да дзвярэй і спыніўся.

— Матухна, — сказаў ён: — пойдзем са мною, пакіньце яе адну, прашу вас.

Анна Паўлаўна ўстала, падышла да абраза, да самай зямлі пакланілася і ціха пайшла за сынам. Ольга Іванаўна моўчкі і нерухома праводзіла яе вачыма. Васіль хуценька вярнуўся, схапіў яе за руку, шапнуў ёй на вуха: «паверце мне і не выдайце нас», — і адразу-ж вышаў ад яе… «Бурс’ё», закрычаў ён, спускаючыся шпарка ўніз па лесвіцы. — «Бурс’ё!..»

Праз чвэрць гадзіны ён ужо сядзеў у каламажцы са сваім слугою.

У гэты дзень старога Рагачова не было дома. Ён паехаў у павятовы горад купляць мухаяру на кафтаны сваім чалядзінцам. Павел Апанасавіч сядзеў у сябе ў кабінеце і разглядаў калекцыю палінялых матылькоў. Прыўзняўшы бровы і выцягнуўшы губы, ён асцярожна пераварочваў шпількай крохкія крыльцы «начнога сфінкса», як раптам адчуў у сябе на плячы невялікую, але цяжкую руку. Ён азірнуўся — перад ім стаяў Васіль.

— Добры дзень, Васіль Іванавіч, — прагаварыў ён не без некаторага здзіўлення.

Васіль паглядзеў на яго і сеў перад ім на крэсла.

Павел Апанасавіч усміхнуўся было… ды зірнуў на Васіля, апусціўся, раскрыў рот і склаў рукі.

— А скажыце вось, Павел Апанасавіч, — загаварыў раптам Васіль: — ці хутка вы маеце намер згуляць вяселлейка?

— Я?.. хутка… вядома… я, з майго боку… між іншым, як вы і ваша сястрыца… я, з майго боку, гатоў хоць заўтра.

— Цудоўна, цудоўна. Вы чалавек надта нецярплівы, Павел Апанасавіч.

— Як гэта?

— Слухайце, — дадаў Васіль Іванавіч, устаючы: — Я ўсё ведаю; вы мяне разумееце, і я вам загадваю без адкладу, заўтра-ж ажаніцца з Ольгай.

— Чакайце, чакайце, аднак, — запярэчыў Рагачоў, не ўстаючы з месца: — вы мне загадваеце? Я сам шукаў рукі Ольгі Іванаўны, і мне няма чаго загадваць… прызнаюся, Васіль Іванавіч, я вас штосьці не разумею.

— Не разумееш?

— Не, дапраўды, не разумею.

— Абяцаеш ты мне жаніцца з ёю заўтра-ж?

— Дык скажыце-ж, Васіль Іванавіч, ці не самі вы неаднаразова адкладалі наша вяселле? Без вас яно даўно-б ужо адбылося. І цяпер я і не думаю адмаўляцца. Што-ж гэта азначаюць вашы пагрозы, вашы настойлівыя патрабаванні?

Павел Апанасавіч выцер пот з твара.

— Ці даеш ты мне слова? гавары: даеш ці не? — паўтарыў з расстаноўкай Васіль.

— Калі ласка… даю, але…

— Добра. Памятай-жа… Яна ва ўсім прызналася.

— Хто прызналася?

— Ольга Іванаўна.

— Ды ў чым прызналася?

— Ды што вы перада мной прытвараецеся, Павел Апанасавіч? Я-ж вам не чужы, можа.

— У чым я прытвараюся? Я вас не разумею, не разумею, зусім не разумею. У чым магла Ольга Іванаўна прызнацца?

— У чым? Вы мне надаелі! Вядома ў чым…

— Забі мяне бог…

— Не, я цябе заб’ю — калі ты яе замуж не возьмеш… разумееш?

— Як!.. — Павел Апанасавіч усхапіўся і спыніўся перад Васілём. — Ольга Іванаўна, вы кажаце…

— Спрытны, браток, ты, спрытны, трэба сказаць; — Васіль з усмешкай патрапаў яго па плячы: — дарма, што з выгляду спакойны.

— Божа, мой божа!.. Вы мяне з розуму зводзіце… Што вы хочаце сказаць, растлумачце, будзьце ласкавы!

Васіль нагнуўся да яго і шапнуў яму штосьці на вуха.

Рагачоў закрычаў: — Як?.. я?

Васіль тупнуў нагой.

— Ольга Іванаўна? Ольга?

— Так… ваша нявеста…

— Мая нявеста… Васіль Іванавіч… яна… яна… ды я-ж яе і знаць не хачу, — закрычаў Павел Апанасавіч. — Бог з ёю зусім! за каго вы мяне лічыце? Ашукаць мяне — мяне ашукаць… Ольга Іванаўна, не грэх вам, не сорамна вам. (Слёзы пырснулі ў яго з вачэй.) — дзякуй вам, Васіль Іванавіч, дзякуй… А я яе і знаць цяпер не хачу! не хачу! не хачу! і не гаварыце… Ах, бацюхны мае! — вось да чаго, я дажыўся! Добра-ж, добра!

— Годзе вам дзяцініцца, — заўважыў спакойна Васіль Іванавіч. — Памятайце, вы мне далі слова: заўтра вяселле.

— Не, гэтаму не бываць! Што вы, Васіль Іванавіч, зноў-такі скажу вам — за каго вы мяне лічыце? многа гонару: шчыра дзякуем. Прабачце.

— Як хочаце! — запярэчыў Васіль. — Даставайце шпагу.

— Як шпагу… навошта шпагу?

— Навошта? А вось на што.

Васіль выняў сваю французскую тонкую, гнуткую шпагу і крыху сагнуў яе аб падлогу.

— Вы хочаце… са мной… біцца?

— Іменна.

— Але, Васіль Іванавіч, будзьце ласкавы, зразумейце маё становішча! Як-жа я магу, падумайце самі, пасля таго, што вы мне сказалі… Я сумленны чалавек, Васіль Іванавіч, я дваранін.

— Вы дваранін, вы сумленны чалавек, — дык будзьце ласкавы са мною біцца.

— Васіль Іванавіч!

— Вы, здаецца, палохаецеся, пан Рагачоў?

— Я зусім не палохаюся, Васіль Іванавіч. Вы думалі запалохаць мяне, Васіль Іванавіч. Вось, моў, я яго напужаю, ён і струсіць, на ўсё адразу-ж і згодзіцца… Не, Васіль Іванавіч, я такі-ж дваранін, як і вы, хоць сталічнага выхавання і не атрымаў, сапраўды, і запалохаць вам мяне не ўдасца, прабачце.

— Вельмі добра, — запярэчыў Васіль: — дзе-ж ваша шпага?

— Ярошка! — закрычаў Павел Апанасавіч.

Увайшоў чалавек.

— Дастань мне шпагу — там — ты ведаеш, на гары…хутчэй… — Ярошка вышаў. Павел Апанасавіч раптам надзвычай пабялеў, спяшаючыся зняў шлафрок, надзеў кафтан рыжага колеру з стразавымі вялікімі гузікамі… наматаў на шыю гальштук… Васіль глядзеў на яго і перабіраў пальцамі правай рукі.

— Дык што-ж? біцца нам, Павел Апанасавіч?

— Біцца, дык біцца, — запярэчыў Рагачоў і паспешна зашпіліў камзол.

— Гэй, Павел Апанасавіч, паслухай маёй парады: жаніся… што табе… А я, павер мне…

— Не, Васіль Іванавіч, — перапыніў яго Рагачоў. — Вы мяне, я ведаю, або заб’еце, або пакалечыце: але чэсці сваёй я трапіць не буду; паміраць дык паміраць.

Ярошка ўвайшоў і дрыжачымі рукамі падаў Рагачову старэнькую шпагу ў скураных, патрэсканых ножнах. У той час усе дваране насілі шпагі, калі пудрыліся; але стэпавыя памешчыкі пудрыліся разы два ў год. Ярошка адышоў да дзвярэй і заплакаў. Павел Апанасавіч выштурхнуў яго з пакоя.

— Аднак, Васіль Іванавіч, — заўважыў ён з некаторым замяшаннем: — я не магу цяпер з вамі біцца: дазвольце акласці нашу дуэль да заўтра; бацькі няма дома; ды і справы мае, на ўсякі выпадак, трэба ўпарадкаваць.

— Вы, як я бачу, зноў пачынаеце палохацца, міласцівы гасудар.

— Не, не, Васіль Іванавіч; але падумайце самі…

— Паслухайце, — закрычаў Лучынаў: — вы мяне з цярпення выводзіце… Або дайце мне слова неадкладна жаніцца, або біцеся… або я вас, прыб’ю палкай як труса, разумееце?

— Пойдзем у сад, — адказаў праз зубы Рагачоў.

Але раптам дзверы адчыніліся, і старая няня Яфімаўна, з распушчанымі валасамі, ускочыла ў пакой, пала перад Рагачовым на калені, схапіла яго за ногі…

— Баценька ты мой! — закрычала яна: — дзіцятка ты маё… што-ж ты надумаўся? не загубі нас гаротных, бацецька! Ды ён-жа цябе заб’е, галубочек ты мой! Ды загадай-жа нам толькі, загадай, мы яго свавольніка гэтага, шапкамі закідаем… Павел Апанасавіч, дзіцятка ты маё, пабойся бога!

У дзвярах паказалася многа бледных і ўстрывожаных твараў… паказалася нават рыжая барада старасты…

— Пусці мяне, Яфімаўна, пусці! — прамарматаў Рагачоў.

— Не пушчу, родненькі, не пушчу. Што ты гэта, баценька, што ты? Ды што-ж скажа Апанас Лукіч вось? Ды ён нас усіх на той свет загоніць… А вы што стаіце? Вазьміце вось няпрошанага госця пад рукі, дый выправадзіце яго вон з дому, каб і духу яго не было.

— Рагачоў! — грозна крыкнуў Васіль Іванавіч.

— Ты звар’яцела, Яфімаўна, ты мяне ганьбіш… — прагаварыў Павел Апанасавіч. — Ідзі, ідзі сабе з богам, і вы ідзіце адсюль, чуеце?..

Васіль Іванавіч шпаркімі крокамі падышоў да расчыненага акна, дастаў невялікі срэбраны свісток — сціху свіснуў… Бурс’е адазваўся непадалёку. Лучынаў адразу-ж звярнуўся да Паўла Апанасавіча.

— Чым-жа гэта камедыя скончыцца?

— Васіль Іванавіч, я прыеду да вас заўтра — што мне рабіць з гэтай звар’яцелай бабай…

— Э! ды бачу я, з вамі няма чаго доўга гаварыць, — сказаў Васіль і падняў хутка трасціну…

Павел Апанасавіч рвануўся, адштурхнуў Яфімаўну, схапіў шпагу і кінуўся праз другія дзверы ў сад.

Васіль рынуўся ўслед за ім. Яны ўбеглі абодва ў драўляную альтанку, хітра размаляваную на кітайскі манер, замкнуліся і выхапілі шпагі. Рагачоў калісьці навучаўся фехтаванню; але цяпер ледзь здолеў зрабіць выпад як належыць. Шпагі перакрыжаваліся. Васіль відавочна гуляў шпагай Рагачова. Павел Апанасавіч задыхаўся, бялеў і спалохана глядзеў у твар Лучынаву. Між тым у садзе чуліся крыкі; натоўп народа бег да альтанкі. Раптам Рагачоў пачуў прарэзлівы старэчы лямант… ён пазнаў голас бацькі. Апанас Лукіч, без шапкі, з раскудлачанымі валасамі, бег наперадзе ўсіх, у роспачы махаючы рукамі…

Моцным і нечаканым паваротам клінка выбіў Васіль шпагу з рукі Паўла Апанасавіча.

— Жаніся, браток, — сказаў ён яму: — досыць табе дурня строіць!

— Не жанюся, — прашаптаў Рагачоў, заплюшчыў вочы і ўвесь затросся.

Апанас Лукіч пачаў стукаць у дзверы альтанкі.

— Не хочаш? — закрычаў Васіль.

Рагачоў паківаў адмоўна галавой.

— Ну, дык чорт-жа цябе бяры!

Небарака Павел Апанасавіч паваліўся мёртвы: шпага Лучынава ўваткнулася яму ў сэрца… дзверы затрашчэлі, стары Рагачоў уварваўся ў альтанку, але Васіль паспеў ужо выскачыць праз акно…

Праз дзве гадзіны ўвайшоў ён у пакой Ольгі Іванаўны… Ява з жахлівасцю кінулася яму насустрач… Ён моўчкі пакланіўся ёй, выняў шпагу і пракалоў на месцы сэрца… партрэт Паўла Апанасавіча. Ольга закрычала і ў непрытомнасці кінулася на падлогу… Васіль пайшоў да Анны Паўлаўны. Ён застаў яе ў абразнай. — «Матухна», — прагаварыў ён: — «мы адпомшчаны». — Бедная старая ўздрыгнула і прадаўжала маліцца.

Праз тыдзень Васіль паехаў у Пецербург — і праз два гады вярнуўся ў вёску, разбіты паралічам, без мовы. Ён ўжо не застаў жывымі ні Анны Паўлаўны, ні Ольгі — і памёр неўзабаве сам на руках у Юдзіча, які карміў яго як дзіця і адзін умеў разумець яго няскладны лепет.

1845 г.