Перайсці да зместу

Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947)/Пастаялы двор

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пастаялы двор
Апавяданьне
Аўтар: Іван Тургенеў
1947 год
Арыгінальная назва: Постоялый двор (1952)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Тры партрэты

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАСТАЯЛЫ ДВОР


На вялікай Б…й дарозе, у аднолькавай амаль адлегласці ад двух павятовых гарадоў, праз якія яна праходзіць, яшчэ нядаўна стаяў абшырны пастаялы двор, вельмі добра вядомы троечным рамізнікам, абозным мужыкам, купецкім прыказчыкам, мяшчанам-гандлярам і наогул усім шматлікім і рознастайным праезджым, якія ва ўсякую пару года ездзяць па нашых дарогах. Бывала, усе заязджалі на той двор; хіба толькі якая-небудзь памешчыцкая карэта, запрэжаная шасцярыком домарошчаных коней, урачыста праплывала міма, што не перашкаджала, аднак; ні фурману, ні лакею на запятках з нейкім асаблівым пачуццём і ўважлівасцю паглядзець на вельмі ім знаёмы ганачак; або які-небудзь галяк у дрэнных калёсах і з трыма пятакамі ў кашальку за пазухай, параўняўшыся з багатым дваром, панукаў сваю прыстаўшую каняку, спяшаючыся нанач у выселкі, што знаходзіліся пад бальшаком, да мужычка-гаспадара, у якога, апрача сена і хлеба, не знойдзеш нічога, ды затое лішняй капейкі не заплоціш. Акрамя свайго выгаднага месцазнаходжання, пастаялы двор, аб якім мы пачалі гутарку, браў многім: выдатнай вадою ў двух глыбокіх студнях са скрыпучымі коламі і жалезнымі вёдрамі на ланцугах; прасторным дваром са скразнымі дашчатымі павецямі на тоўстых слупах; багатым запасам добрага аўса ў падвале; цёплай хатай з велізарнейшай рускай печчу, да якой накшталт багатырскіх плячэй прылягалі доўгія каміны, і, нарэшце, двума досыць чыстымі пакоямі, з чырвона-ліловымі, знізу крыху абарванымі паперкамі на сценах, драўлянай крашанай канапай, такімі-ж крэсламі і двума гаршкамі герані на вокнах, якія, між іншым, ніколі не выціраліся і цьмянелі ад шматгадовага пылу. Яшчэ і іншыя зручнасці меў гэты пастаялы двор: — кузня была ад яго блізка, амаль тут-жа знаходзіўся млын; нарэшце, і паесці ў ім можна было добра з ласкі тоўстай і румянай бабы-гаспадыні, якая варыла ежу смачна і тлуста і не скупілася на прыпасы; да бліжэйшага шынка лічылася ўсяго з поўвярсты; гаспадар трымаў табак нюхальны, хоць і змешаны з попелам, аднак, надзвычай заборысты і прыемна раз’ядаючы нос — адным словам, шмат было прычын, чаму ў тым двары не пераводзіліся ўсялякага роду пастаяльцы. Палюбіўся ён праезджым — вось галоўнае; без гэтага, вядома, ніякая справа ў ход не пойдзе; а палюбіўся ён больш таму, як гаварылі ў акалотку, што сам гаспадар быў вельмі шчаслівы і ва ўсіх сваіх справах удачны, хоць ён і мала заслугоўваў свае шчасце, ды відаць, каму пашанцуе, — дык пашанцуе.

Гаспадар гэты быў мешчанін, звалі яго Навумам Іванавым. Росту ён быў сярэдняга, тоўсты, сутулы і плячысты; галаву меў вялікую, круглую, валасы хвалістыя і ўжо сівыя, хоць яму на выгляд не было больш сарака год; твар поўны і свежы, нізкі, але белы і роўны лоб і маленькія, светлыя, блакітныя вочы, якімі ён вельмі дзіўна глядзеў: — спадылба і ў той-жа час нагла, што досыць рэдка сустракаецца. Галаву ён заўсёды трымаў панура і з цяжкасцю яе паварочваў, магчыма адтаго, што шыя ў яго была вельмі кароткая; хадзіў подбегам і не размахваў, а разводзіў на хаду сціснутымі рукамі. Калі ён усміхаўся, а ўсміхаўся ён часта, але без смеху, нібы пра сябе, яго тоўстыя губы непрыемна разыходзіліся і агалялі рад суцельных і бліскучых зубоў. Гаварыў ён а дрывіста і з нейкім панурым гукам у голасе. Бараду ён галіў, але не хадзіў па-нямецку. Адзенне яго складалася з доўгага, вельмі паношанага кафтана, шырокіх і чаравікаў на босую нагу. Ён часта адлучаўся з дому па сваіх справах, а ў яго іх было многа, — ён гандляваў коньмі, наймаў зямлю, трымаў агароды, скупляў сады і наогул займаўся рознымі гандлёвымі абаротамі, — але адлучкі яго ніколі не былі доўгімі; як каршун, да якога ён, асабліва па выразу вачэй сваіх, меў многа падабенства, вяртаўся ён у сваё гняздо. Ён умеў трымаць гэта гняздо ў парадку: усюды паспяваў, усё выслухваў і загадваў, выдаваў, адпускаў і разлічваўся сам, і нікому не спускаў ні капейкі, аднак і лішняга не браў.

Пастаяльцы з ім не загаварвалі, ды і сам ён не любіў траціць дарэмна словы. «Мне вашы грошы патрэбны, а вам мая харч», гаварыў ён, нібы адрываючы кожнае слова: «не дзяцей-жа нам з вамі хрысціць; праезджы паеў, пакарміў, не заседжвайся. А стаміўся, дык спі, не балбачы». Работнікаў трымаў ён рослых і здаровых, але смірных і панадлівых; яны яго вельмі баяліся. Ён у рот не браў хмельнага, а ім выдаваў у вялікія святы па грыўні на гарэлку; у іншыя дні яны не смелі піць. Людзі, падобныя да Навума, хутка багацеюць… але да выдатнага становішча, у якім ён знаходзіўся, а яго лічылі ў сарака або пяцідзесяці тысячах — Навум Іванаў дайшоў не простым шляхам.

Гадоў за дваццаць да таго часу, да якога мы аднеслі пачатак нашага апавядання, ўжо існаваў на тым-жа месцы вялікай дарогі пастаялы двор. Праўда, на ім небыло цёмначырвонага дранкавага даху, які надаваў дому Навума Іванава выгляд дваранскай сядзібы; і будоўляй быў ён бяднейшы, і на дварэ павеці меў саламяныя, а замест сцен з бярвення — плеценыя; не вызначаўся ён таксама трохкутным грэчаскім франтонам на точаных слупках; але ўсё-ж ён быў пастаялы двор выдатны — раскошны, моцны, цёплы, — і праезджыя ахвотна яго наведвалі. Гаспадар яго ў той час быў не Навум Іванаў, а нехта Якім Сямёнаў, селянін суседняй памешчыцы, Лізаветы Прохараўны Кунцэ — штаб-афіцэршы. Гэты Якім быў кемлівы і вынаходлівы мужык, які ў маладых яшчэ гадах, паехаўшы ў возніцтва з двума дрэнненькімі конікамі, праз год вярнуўся з трыма добрымі, ды з таго часу амаль усё жыццё правандраваў па вялікіх дарогах, хадзіў у Казань і Одэсу, у Орэнбург і ў Варшаву, і за граніцу ў «Ліпецк[1]», і хадзіў ужо, пад канец з двума тройкамі вялікіх і дужых жарабцоў, запрэжаных у два вялізныя вазы. Ці надакучыла яму яго бяздомнае, вандроўніцкае жыццё, ці захацелася мо’ мець сям’ю (у адну з яго адлучак памерла ў яго жонка; дзеці, якія былі, таксама памерлі), толькі ён рашыў, нарэшце, кінуць сваё ранейшае рамяство і завесці пастаялы двор. З дазволу сваёй пані, заснаваўся ён на вялікай дарозе, купіў на яе імя поўдзесяціны зямлі і пабудаваў на ёй пастаялы двор. Справа пайшла на лад. Грошай у яго на ўладжанне было больш, чым дастаткова; спрактыкаванасць, набытая ім у часе доўгіх вандраванняў па ўсіх канцах Расіі, паслужыла яму на вялікую карысць; ён ведаў, чым дагадзіць праезджым, асабліва ранейшым сваім субратам, троечным рамізнікам, якіх ён ведаў амаль усіх асабіста, і якімі асабліва даражаць утрымальнікі пастаялых двароў: так многа ядуць і патрабуюць гэтыя людзі на сябе і на сваіх магутных коней. Акімаў двор стаў вядомы на сотні вёрст навакол… Да яго нават ахватней заязджалі, чым да змяніўшага яго пасля Навума, хоць Акім далёка не мог зраўняцца з Навумам ва ўменні гаспадарыць. У Акіма ўсё было больш па-старадаўняму, цёпла, але не зусім чыста; і авёс у яго трапляўся лёгкі або падмочаны, і ежа варылася з грахом папалам; у яго часамі і такую страву падавалі на стол, што лепш-бы ёй зусім у печы заставацца, і не тое, каб ён на харчы скупіўся, а так — баба не дагледзіць. Затое ён і цану гатоў быў збавіць, і ў доўг, бадай, не адмаўляўся паверыць, адным словам, — добры быў чалавек, ласкавы гаспадар. На размовы, на пачастункі ён таксама быў падатлівы; за самаварам, бывала, так разляпечацца, што вушы развесіш, асабліва, як стане расказваць пра Піцер, пра стэпы чэркаскія, або вось яшчэ пра заморскую краіну; ну, і выпіць, разумеецца, з добрым чалавекам любіў, толькі не да агіднасці, а больш за кампанію — так аб ім адзываліся праезджыя. Вельмі спрыяльна да яго адносіліся купцы і наогул усе тыя людзі, якіх называюць старазаветнымі, тыя людзі, якія, не падперазаўшыся, у дарогу не паедуць, і ў пакой не ўвойдуць, не перахрысціўшыся, і не загавораць з чалавекам, не прывітаўшыся з ім перш. Ужо адзін выгляд Акіма прыцягваў да сябе: ён быў росту высокага, крыху худаваты, але вельмі стройны, нават у сталых гадах, твар меў доўгі, прыстойны і правільны: высокі і адкрыты лоб, нос просты і тонкі і невялікія губы. Позірк яго карых на выкаце вачэй так і ззяў ветлівай прыгажосцю, рэдкія і мяккія валасы завіваліся ў кольцы каля шыі: на макаўцы іх заставалася нямнога. Гук Акімавага голасу быў вельмі прыемны, хоць слабы; у маладосці ён выдатна спяваў, але доўгія вандраванні на адкрытым паветры, зімой, расстроілі яго грудзі. Затое гаварыў ён вельмі плаўна і соладка. Калі ён смяяўся, у яго каля вачэй паяўляліся праменепадобныя маршчынкі, надзвычай мілыя з выгляду: — толькі ў добрых людзей можна заўважыць такія маршчынкі. Рухі Акіма большай часткай былі марудныя і не пазбаўлены некаторай упэўненасці і важнай пачцівасці, як у чалавека бывалага і шмат бачыўшага на сваім вяку.

Якраз усім быў-бы добры Акім, або, — як яго называлі нават у панскім доме, куды ён хадзіў часта і ўжо абавязкова па нядзелях, пасля абедні, — Акім Сямёнавіч, — усім-бы быў ён добры, каб не было ў яго адной слабасці, якая ўжо многіх людзей на зямлі загубіла, а пад канец загубіла і яго самога, — слабасць да жаночага полу. Улюбчывасць Акіма даходзіла да крайнасці: сэрца яго ніяк не ўмела працівіцца жаночаму позірку, ён таяў ад яго, як першы асенні снег ад сонца… і вельмі многа ўжо прышлося яму паплаціцца за сваю празмерную чуллівасць.

На працягу першага года пасля свайго пасялення на вялікай дарозе Акім быў так заняты пабудовай двара, наладжаннем гаспадаркі і ўсімі клопатамі, якія неразлучны з кожным новаселлем, што яму зусім не было калі думаць аб жанчынах, а калі і прыходзілі яму ў галаву якія-небудзь грэшныя думкі, дык ён іх адразу-ж праганяў чытаннем розных свяшчэнных кніжак, да якіх адчуваў вялікую павагу (грамаце ён навучыўся яшчэ з першай сваёй паездкі), апяваннем упоўголаса псалмаў, або іншым якім богабаязным заняткам. — Прытым-жа, яму пайшоў ужо тады 46-ы год — а ў гэтыя годы ўсякія страсці прыкметна заціхаюць і стынуць, і для жаніцьбы прайшла пара. Акім сам пачынаў думаць, што з яго гэта дураслівасць, як ён казаў выскачыла… ды, як відаць, свайго лёсу не мінеш…

Былая Акімава памешчыца, Лізавета Прохараўна Кунцэ — штаб-афіцэрша, якая засталася ўдавой пасля мужа нямецкага паходжання, была сама ўраджэнка горада Мітавы, дзе яна правяла першыя гады свайго дзяцінства і дзе ў яе заставалася вельмі шматлікая і бедная сям’я, аб якой яна, між іншым, клапацілася мала, асабліва з таго часу, як адзін з яе братоў, армейскі пяхотны афіцэр, выпадкова заехаў да яе ў дом і на другі-ж дзень да таго разбуяніўся, што ледзь не прыбіў самой гаспадыні, назваўшы яе прытым: «du, Lumpenmamsell!», між тым, як напярэдадні сам велічаў яе ломанай рускай мовай: «сястрыца і дабрадзейка». Лізавета Прохараўна амаль бязвыездна жыла ў сваім прыгожанькім, працамі мужа, былога архітэктара, набытым маёнтку; сама ім кіравала і вельмі нядрэнна кіравала. Лізавета Прохараўна не ўпускала ні найменшай сваёй выгады, з усяго атрымлівала карысць для сябе; і ў гэтым, ды яшчэ ў надзвычайным уменні траціць замест граша капейку, выявілася яе нямецкая прырода: ва ўсім іншым яна вельмі абрусела. Дворні ў яе была заўсёды значная колькасць; асабліва многа яна трымала дзевак, якія, між іншым, елі хлеб не дарэмна: з рання да ночы спіны іх не разгіналіся над работай. Яна любіла выязджаць у карэце, з ліўрэйнымі лакеямі на запятках; любіла, каб ёй нашэптвалі розныя плёткі, і сама выдатна пляткарыла; любіла ўзнагародзіць чалавека сваёй ласкай і раптам паразіць яго няміласцю, — адным словам, Лізавета Прохараўна трымала сябе якраз як пані. — Акіма яна жалавала, — аброк вельмі значны ён плаціў ёй спраўна, — ласкава з ім загаварвала, і нават, жартуючы, запрашала яго да сябе ў госці… але іменна ў панскім доме чакала Акіма бяда.

У ліку пакаёвак Лізаветы Прохараўны была адна дзяўчына год дваццаці, сірата, па імю Дуняша. Яна была прыгожая, стройная і спрытная; рысы яе, хоць няправільныя, але маглі спадабацца: свежы колер скуры, густыя белакурыя валасы, жывыя шэрыя волкі, маленькі круглы нос, румяныя губы і асабліва нейкі развязны, поўнасмешлівы, задзірысты выраз твару — усё гэта было досыць міла ў сваім родзе. Прытым, яна, не гледзячы на сваё сіроцтва, трымала сябе строга, амаль ганарліва; яна паходзіла ад сталбавых дваравых, яе нябожчык бацька Арэфій гадоў трыццаць быў ключнікам, а дзед Сцяпан служыў камердынерам у аднаго даўно памёршага пана, гвардыі-сержанта і князя. Апраналася яна чыста і франціла сваімі рукамі, якія, сапраўды, былі вельмі прыгожыя. Дуняша выяўляла вялікую пагарду да ўсіх сваіх паклоннікаў, з самаўпэўненай усмешкай выслухоўвала іх ласкавыя словы, і калі і адказвала ім, то больш за ўсё аднымі выклікамі накшталт: «так! як-жа! стану я! вось яшчэ!..» Гэтыя выклікі ў яе амаль не зыходзілі з языка. Дуняша правяла каля трох год у Маскве ў вучэнні, дзе яна набыла тыя асаблівыя грымасы і замашкі, якімі вызначаюцца пакаёўкі, якія пабывалі ў сталіцах. Пра яе гаварылі, як пра дзяўчыну з самалюбнасцю (вялікая пахвала ў вуснах дваровых людзей), якая хоць і бывала ў пераплётах, аднак, годнасці сваёй не страціла. Шыла яна таксама нядрэнна, але за ўсё гэта Лізавета Прохараўна да яе не надта прыязна адносілася, з ласкі галоўнай пакаёўкі Кірылаўны, жанчыны ўжо не маладой, пранырлівай і хітрай. Кірылаўна карысталася вялікім уплывам на сваю паню і вельмі лоўка ўмела адстараняць суперніц.

У гэту вось Дуняшу і закахаўся Акім! Ды так, як раней ніколі яшчэ не кахаў. Ён спачатку ўбачыў яе ў царкве: яна толькі што вярнулася з Масквы… затым сустракаўся з ёю некалькі разоў у панскім доме, нарэшце, правёў з ёю цэлы вечар у прыказчыка, куды яго запрасілі на чай, разам з іншымі пачэснымі людзьмі. Дваровыя ім не грэбавалі, хоць ён і не належаў да іх саслоўя і насіў бараду; але ён быў чалавек адукаваны, пісьменны, і галоўнае — з грашыма; прытым, і апранаўся ён не па-мужыцку, насіў доўгі кафтан з чорнага сукна, боты навырост і хустачку на шыі. Праўда, іншыя дваровыя і талкавалі між сабой, што, моў, усё-такі відаць, што ён не наш, але ў вочы яму падлізваліся. У той вечар у прыказчыка Дуняша канчаткова пакарыла ўлюбчывае сэрца Акіма, хоць ужо рашуча не адказвала ніводнага слова на ўсе яго падлізлівыя гаворкі і толькі зрэдку збоку паглядала на яго, нібы здзіўляючыся, чаго гэты мужык тут. Усё гэта толькі больш распальвала Акіма. Ён пайшоў да сябе дадому, думаў, думаў і рашыў дабіцца яе рукі… Так вось яна яго да сябе і «прысушыла!» Але як апісаць гнеў і абурэнне Дуняшы, калі, дзён праз пяць, Кірылаўна, ласкава зазваўшы яе да сябе ў пакой, абвясціла ёй, што Акім (а, відаць, ён ўмеў, як за справу ўзяцца), што гэты барадач і мужык Акім, з якім і сядзець побач яна лічыла крыўдай, да яе сватаецца.

Дуняша перш успыхнула ўся, затым вымушана зарагатала, пасля заплакала, але Кірылаўна так умела павяла атаку, так ясна дала ёй адчуць уласнае яе становішча ў доме, так лоўка намякнула на прыстойны выгляд, багацце і сляпую адданасць Акіма, нарэшце, так значна ўпамянула аб жаданні самой пані, што Дуняша вышла з пакоя ўжо з раздум’ем на твары, і, сустрэўшыся з Акімам, толькі ўважліва паглядзела яму ў вочы, але не адвярнулася. Надзвычай шчодрыя падарункі гэтага закаханага чалавека рассеялі яе апошнія здзіўленні… Лізавета Прохараўна, якой Акім, на радасці, паднёс сотню персікаў на вялікай срэбнай талерцы, згадзілася на яго шлюб з Дуняшай, і гэты шлюб адбыўся. Акім не паскупіўся на выдаткі — і нявеста, якая напярэдадні сядзела на дзявічніку як забітая, а ў самую раніцу вяселля ўсё плакала, пакуль яе Кірылаўна прыбірала пад вянец, хутка ўцешылася… Ёй пані дала надзець у царкву свой шаль — а Акім у той-жа дзень падарыў ёй такі самы, а магчыма і лепшы.

Такім чынам, Акім ажаніўся, перавёз сваю маладую да сябе ў двор… Пачалі яны жыць. Дуняша аказалася дрэннай гаспадыняй, дрэннай падмогай мужу. Яна нічым не цікавілася, сумавала, нудзілася, хіба які-небудзь праезджы афіцэр звяртаў на яе ўвагу і любезнічаў з ёй, седзячы за шырокім самаварам; часта адлучалася то ў горад за пакупкамі, то ў панскі дом, да якога ад пастаялага двара лічылася вярсты чатыры. У панскім доме яна адпачывала: там яе акружалі свае; дзяўчаты зайздросцілі яе ўбранству; Кірылаўна частавала яе чаем; сама Лізавета Прохараўна з ёй размаўляла… Але і гэтыя наведванні не абыходзіліся без горкіх адчуванняў для Дуняшы… Ёй, напрыклад, як дворнічысе, ужо не прыходзілася насіць капялюшыка, і яна вымушана была павязваць сваю галаву хусткай… як купчыха, гаварыла ёй хітрая Кірылаўна… Як якая-небудзь мяшчанка, думала Дуняша пра сябе.

Не раз успамінаў Акім словы адзінага свайго сваяка, старога дзядзькі, мужыка, закаранелага, бессямейнага бабыля: «Ну, брат, Акімка, — сказаў ён яму сустрэўшыся з ім на вуліцы: — чуў я, ты сватаешся?..»

— Ну, так, а што?

— Эх, Акім, Акім! Ты нам, мужыкам, не брат цяпер, што і казаць — ды і яна табе не сястра.

— Ды чым-жа яна мне не сястра?

— А хоць-бы вось чым, — запярэчыў той і паказаў Акіму на яго бараду, якую ён, ва ўгоду сваёй нявесце, пачаў стрыгчы — збрыць-жа яе зусім ён не згадзіўся… Акім панурыўся; а стары адвярнуўся, захінуў полы свайго разарванага на плячах кажуха і пайшоў, ківаючы галавой.

Так, не раз задумваўся, крактаў і ўздыхаў Акім… Але каханне яго да прыгожанькай жонкі не змяншалася; ён ганарыўся ёю — асабліва, калі параўноўваў яе, не скажам ужо з іншымі бабамі, або са сваёй ранейшай жонкай, на якой яго ажанілі шаснаццаці год, але з іншымі дваровымі дзяўчынамі: «вось, моў, мы якую птушку запалявалі!..» Найменшая яе ласка прыносіла яму вялікае задавальненне… А можа, думаў ён, звыкнецца, абжывецца… Прытым яна трымала сябе вельмі добра, і ніхто не мог сказаць пра яе дрэннага слова.

Так прайшло некалькі год, Дуняша, сапраўды, скончыла тым, што прывыкла да свайго жыцця. Акім чым больш старэў, тым больш да яе прывязваўся і давяраў ёй: таварышкі яе, якія вышлі замуж не за мужыкоў, цярпелі нястачу кроўную, або бяднелі або трапілі ў нядобрыя рукі… А Акім багацеў ды багацеў. Усё яму ўдавалася — кругом шанцавала; адно толькі яго мучыла: дзяцей яму бог не даваў. Дуняшы мінула ўжо дваццаць пяць год: ужо ўсе яе сталі велічаць Аўдоцяй Арэф’еўнай. Сапраўднай гаспадыняй яна, усё-такі, не зрабілася, але дом свой палюбіла, распараджалася прыпасамі, наглядала за служанкай… Праўда, яна ўсё гэта рабіла абыяк, не наглядала, як належыла, за чыстатой і парадкам; затое ў галоўным пакоі пастаялага двара, побач з партрэтам Акіма, вісеў яе партрэт, пісаны маслянымі фарбамі і заказаны ёю самою домарошчачаму жывапісцу, сыну прыхадскога дзяка. — Яна была прадстаўлена ў белай сукенцы, жоўтым шалі, з шасцю ніткамі буйнага жэмчугу на шыі, доўгімі сергамі ў вушах і пярсцёнкамі на кожным пальцы. — Пазнаць яе было можна — хоць жывапісец намаляваў яе празмерна дзябёлай і румянай — і вочы ёй напісаў замест шэрых, чорныя і нават некалькі касыя… Акім яму зусім не ўдаўся: ён атрымаўся ў яго неяк вельмі цёмна — a la Rembrandt — так што іншы праезджы падыйдзе, бывала, паглядзіць і толькі памармыча крыху. Апранацца Аўдоцця стала досыць неахайна; накіне вялікую хустку на плечы, плацце пад ёй як-небудзь сядзіць: гультайства на яе напала, тое ўздыхаючае, вялае, санлівае гультайства, да якога вельмі схільны рускі чалавек, асабліва, калі існаванне яго забяспечана…

Пры ўсім тым, справы Акіма і жонкі яго ішлі вельмі добра, яны жылі нядрэнна і выслаўляліся за прыкладную пару. Але, як вавёрка, якая чысціць сабе нос у той самы момант, калі стралок у яе цэліцца, чалавек не прадчувае свайго няшчасця — і раптам спатыкаецца, як на ільду…

У адзін асенні вечар на пастаялым дварэ ў Акіма спыніўся купец с красным таварам. Рознымі навакольнымі дарогамі прабіраўся ён з двума нагружанымі кібіткамі з Масквы ў Харкаў; гэта быў адзін з тых разносчыкаў, якіх памешчыкі і асабліва памешчыцкія жонкі і дочкі чакаюць іншы раз з такой вялікай нецярплівасцю. З гэтым разносчыкам, чалавекам пажылым, ехала двое таварышоў або, правільней кажучы, двое работнікаў — адзін бледны, худы і гарбаты, другі малады, статны, прыгожы хлапчына гадоў дваццаці. Яны папрасілі сабе павячэраць, пасля селі піць чай; разносчык папрасіў гаспадароў прысесці з імі да стала — гаспадары не адмовіліся. Паміж двума старымі (Акіму стукнула пяцьдзесят шэсць гадоў) хутка завязалася размова; разносчык распытваў пра суседніх памешчыкаў — а ніхто лепш за Акіма не мог паведаміць яму ўсе патрэбныя звесткі наконт іх; гарбаты работнік бесперапынна хадзіў глядзець воз і нарэшце пайшоў спаць; Аўдоцці давялося гутарыць з другім работнікам… Яна сядзела каля яго і гаварыла мала, больш слухала, што ён расказваў; але, як відаць, гаворка яго ёй спадабалася; яе твар ажывіўся, румянец заіграў на шчоках, і смяялася яна досыць часта і ахвотна. Малады работнік сядзеў, амаль нерухома і нахіліўшы да стала сваю кучаравую галаву; гаварыў ціха, не ўзвышаючы голасу і не спяшаючыся; затое вочы яго, невялікія, але дзёрзкасветлыя і блакітныя, так і ўпіліся ў Аўдоццю; яна перш адварачвалася ад іх, пасля сама стала глядзець яму ў твар. Твар гэтага маладога хлапца быў свежы і гладкі, як крымскі яблык; ён часта ўсміхаўся і перабіраў белымі пальцамі па падбародку, пакрытаму ўжо рэдкім і цёмным пухам. Гаварыў ён па-купецку, але надта свабодна і з нейкай абыякавай самаўпэўненасцю — і ўсё глядзеў на яе тым-жа пільным і наглым позіркам… Раптам ён падсунуўся да яе крыху бліжэй і, ніколькі не змяніўшыся ў твары, сказаў ёй: «Аўдоцця Арэф’еўна, лепшай за вас на свеце нікога няма; я, здаецца памерці гатоў дзеля вас».

Аўдоцця моцна засмяялася.

— Чаго ты? — запытаў у яе Акім.

— Ды вось — яны такое ўсё смешнае расказваюць, — прагаварыла яна, без асаблівага, між іншым, замяшання.

Стары разносчык зарагатаў.

— Хе-хе, так-с; у мяне Навум такі ўжо балагур. Але вы яго не слухайце-с.

— Так! як-жа! стану я іх слухаць, — запярэчыла яна і паківала галавой.

— Хе-хе, вядома-с, — заўважыў стары. — Ну, аднак, — дадаў ён нараспеў: — даруйце-с, вельмі ўдзячны, а пара і на бакавую-с… — І ён устаў.

— Вельмі ўдзячны і мы-с, — прамовіў Акім і таксама ўстаў: — за пачастунак, гэта значыць; між іншым, спакойнай ночы жадаем. Аўдоцька, уставай.

Аўдоцця ўстала, нібы нехаця, за ёю ўстаў і Навум… і ўсе разышліся.

Гаспадары пайшлі ў асобную каморку, якая служыла ім замест спальні. Акім адразу-ж захроп. Аўдоцця доўга не магла заснуць… Перш яна ляжала ціха, павярнуўшыся тварам да сцяны; затым пачала кідацца на гарачай пярыне, то скідала то напягвала коўдру… пасля задрамала лёгкай дрымотай. Раптам пачуўся на дварэ гучны мужчынскі голас: ён спяваў нейкую працяжную, але не нудную песню, слоў якой нельга было разабраць… Аўдоцця расплюшчыла вочы, усперлася на локаць і пачала слухаць… Песня ўсё прадаўжалася… Звонка пералівалася яна ў асеннім паветры.

Акім падняў галаву.

— Хто гэта спявае? — запытаў ён.

— Не ведаю, — адказала яна.

— Добра спявае, — дадаў ён, памаўчаўшы крыху. — Добра, Ну, і галасішча-ж моцны. Вось і я ў свой час спяваў, — прадаўжаў ён: — і добра спяваў, ды голас сапсаваўся. А гэты добры. Відаць малайчына той спявае, Навумам, ці што, яго завуць. — І ён павярнуўся на другі бок — уздыхнуў і зноў заснуў.

Доўга яшчэ не змаўкаў голас… Аўдоцця ўсё слухала ды слухала; нарэшце, ён раптам нібы абарваўся, яшчэ раз ускрыкнуў ліха і павольна заціх. Аўдоцця перахрысцілася, паклала галаву на падушку… Прайшло поўгадзіны… Яна прыўстала і пачала ціхенька спускацца з пасцелі…

— Куды ты, жонка? — запытаўся ў яе праз сон Акім.

Яна спынілася.

— Лампадку паправіць, — прагаварыла яна: — не спіцца штосьці…

— А ты памаліся, — пралепятаў Акім, засынаючы.

Аўдоцця падышла да лампадкі, стала папраўляць яе, і незнарок патушыла яе: вярнулася і лягла. Усё сціхла.

На другую раніцу, досвіткам, купец адправіўся ў дарогу са сваімі таварышамі. Аўдоцця спала. Акім правёў іх з поўвярсты: яму трэба было зайсці ў млын. Вярнуўшыся дадому, ён застаў ужо сваю жонку адзетую і не адну: з ёю быў учарайшы малады хлапец Навум. Яны стаялі каля стала ля самага акна і размаўлялі. Убачыўшы Акіма, Аўдоцця моўчкі пайшла з пакоя, а Навум сказаў, што вярнуўся па гаспадаровы рукавіцы, якія быццам той забыўся на лаўцы, і таксама пайшоў.

Мы цяпер скажам чытачам тое, аб чым яны, напэўна, і без нас здагадаліся: Аўдоцця моцна пакахала Навума. Як гэта магло здарыцца так хутка, растлумачыць цяжка; тым больш цяжка, што да таго часу яна трымала сябе беззаганна, не гледзячы на мноства выпадкаў і замахаў здрадзіць сямейнай вернасці. Пасля, калі сувязь яе з Навумам стала вядомай усім, многія ў акалотку гаварылі, што ён у першы-ж вечар падсыпаў ёй у шклянку чаю прыварожнага зелля (у нас яшчэ цвёрда вераць у сапраўднасць такога сродку) і што гэта вельмі лёгка можна было заўважыць па Аўдоцці, якая, быццам, хутка пасля пачала худзець і нудзіцца.

Як-бы там ні было, але толькі Навума сталі досыць часта бачыць на Акімавым дварэ. Перш прыехаў ён зноў з тым-жа купцом, а месяцы праз тры паявіўся ўжо адзін, з уласным таварам; пасля пранеслася чутка, што ён пасяліўся ў адным з блізкіх павятовых гарадоў, і з таго часу ўжо не праходзіла тыдня, каб не паказалася на вялікай дарозе яго моцная фарбаваная драбінка, запрэжаная парай круглых канькоў, якімі ён кіраваў сам. Паміж Акімам і ім не існавала асаблівага сяброўства, ды і варожасці паміж імі не заўважалася: Акім не звяртаў на яго вялікай увагі і ведаў толькі аб ім, як аб кемлівым хлапцы, які спрытна пайшоў у ход. Сапраўдных пачуццяў Аўдоцці ён не падазраваў і прадаўжаў давяраць ёй па-ранейшаму.

Так прайшло яшчэ два гады.

Вось, аднойчы, у летні дзень, перад абедам, гадзіне а другой, Лізавета Прохараўна, якая на працягу іменна гэтых двух гадоў неяк раптам зморшчылася і пажаўцела, не глядзячы на ўсялякія прыціранні, румяны і бялілы, — Лізавета Прохараўна з сабачкам і складным парасонікам вышла пагуляць у свой нямецкі чысценькі садочак. Злёгку пашоргваючы накрухмаленай сукенкай, ішла яна маленькімі крокамі па пясчанай сцежцы, між двума радамі выцягненых у струнку вяргінь, як раптам яе здагнала старадаўняя наша знаёмая Кірылаўна і пачціва далажыла, што нейкі Б-й купец жадае яе бачыць па вельмі важнай справе. Кірылаўна па-ранейшаму карысталася панскай ласкай (па сутнасці яна кіравала маёнткам пані Кунцэ) і з некаторага часу атрымала дазвол насіць белы чапец, што надавала яшчэ больш рэзкасці тонкім рысам яе смуглявага твара.

— Купец? — запыталася пані. — Што яму патрэбна?

— Не ведаю, што ім трэба, — запярэчыла Кірылаўна ўкрадчывым голасам: — а толькі, здаецца, яны жадаюць у вас штосьці купіць.

Лізавета Прохараўна вярнулася ў гасціную, села на звычайнае сваё месца, крэсла з купалам, па якому прыгожа віўся плюшч, і загадала паклікаць Б…ага купца.

Увайшоў Навум, пакланіўся і спыніўся ля дзвярэй.

— Я чула, вы ў мяне штосьці купіць хочаце? — пачала Лізавета Прохараўна і сама падумала: — які прыгожы мужчына гэты купец.

— Правільна-с.

— А што-ж іменна?

— Мо’ будзеце прадаваць пастаялы ваш двор?

— Які двор?

— Ды вось, што на вялікай дарозе, адсюль недалёка.

— Ды гэты двор не мой. Гэта Акімаў двор.

— Як не ваш? На вашай зямельцы сядзіць-жа.

— Зямля то мая… на маё імя куплена; ды двор вось яго.

— Так-с. Дык вось, можа вы яго нам прадасце?

— Як-жа я яго прадам?

— Так-с. А мы цану-б добрую далі.

Лізавета Прохараўна памаўчала.

— Дапраўды, гэта дзіўна, — пачала яна зноў: — як гэта вы гаворыце. А што-б вы далі? — дадала яна. — Гэта значыць я не для сябе пытаюся, а для Акіма.

— Ды з усім будынкам і ўгоддзямі-с, ну, так, вядома, і з зямлёй, якая прытым двары знаходзіцца, дзве тысячы рублёў-бы далі.

— Дзве тысячы рублёў! Гэта мала, — запярэчыла Лізавета Прохараўна.

— Добрая цана-с.

— Да вы з Акімам гаварылі?

— Навошта-ж нам з ім гаварыць? Двор ваш, дык вось, мы з вамі і будзем размаўляць.

— Ды я-ж вам сказала… Дапраўды, проста дзіўна, як гэта вы мяне не разумееце!

— Чаму-ж не разумець, разумеем-с.

Лізавета Прохараўна паглядзела на Навума. Навум паглядзеў на Лізавету Прохараўну.

— Ну дык як-жа, — пачаў ён: — якая будзе, з вашага боку, значыць, прапанова?

— З майго боку… — Лізавета Прохараўна заварушылася на крэсле. — Па-першае, я вам кажу, што двух тысяч мала; а па-другое…

— Калі ласка, соценьку дабавім.

Лізавета Прохараўна ўстала.

— Бачу я, вы зусім не тое гаворыце, я вам ужо сказала, што я гэты двор не магу прадаваць і не прадам. Не магу… гэта значыць не хачу.

Навум усміхнуўся і памаўчаў.

— Ну, як сабе хочаце… — прамовіў ён, злёгку паціснуўшы плячом: — даруйце-с. — І ён пакланіўся і ўзяўся за ручку дзвярэй.

Лізавета Прохараўна павярнулася да яго.

— А зрэшты… — прагаварыла яна з ледзь прыкметнай запінкай: — вы яшчэ не едзьце. — Яна пазваніла; з кабінета з’явілася Кірылаўна. — Кірылаўна, загадай напаіць пана купца чаем. Я вас яшчэ ўбачу, — дадала яна, злёгку кіўнуўшы галавой.

Навум яшчэ раз пакланіўся і вышаў разам з Кірылаўнай. Лізавета Прохараўна разы са два прайшлася па пакоі і зноў пазваніла. На гэты раз увайшоў казачок. Яна загадала яму паклікаць Кірылаўну. Праз некаторы момант увайшла Кірылаўна, ледзь паскрыпваючы сваімі новымі казловымі чаравікамі.

— Ты чула, — пачала Лізавета Прохараўна з вымушаным смехам: — што мне купец гэты прапануе? такі, дапраўды, дзівак!

— Не, не чула… Што такое-с? — І Кірылаўна злёгку прыжмурыла свае чорныя, калмыцкія вочкі.

— Ён у мяне Акімаў двор хоча купіць.

— Дык што-ж?

— Ды як-жа ж гэта… А што-ж Акім?.. Я яго Акіму аддала.

— Што вы, пані, ды што вы гэта гаворыце? Хіба гэты двор не ваш? Не вашы мы, ці што? І ўсё, што мы маем, — хіба-ж не ваша, не панскае?

— Што ты гэта гаворыш, Кірылаўна? — Лізавета Прохараўна дастала батыставую хустачку і нервова высмаркалася. — Акім гэты двор за свае грошы купіў.

— За свае грошы? А адкуль ён гэтыя грошы ўзяў? — Ці не з вашай ласкі? Ды ён і так столькі часу зямлёй карыстаўся… Усё-ж гэта з вашае ласкі. А вы думаеце, панечка, што ў яго так і не застанецца больш грошай? Ды ён багацей за вас, далібог-жа!

— Усё гэта так, вядома, але ўсё-ж, гэта я не магу… Як-жа ж гэта я гэты двор прадам?

— А чаму-ж і не прадаць? — прадаўжала Кірылаўна. — Балазе, пакупнік знайшоўся. Дазвольце запытаць, колькі яны вам прапануюць?

— Дзве тысячы рублёў з лішкам, — ціха прагаварыла Лізавета Прохараўна.

— Ён, панечка, больш дасць, калі дзве тысячы з першага слова прапануе. А з Акімам вы пасля звядзіцё справу; аброку можа скінеце. Ён яшчэ і ўдзячан будзе.

— Вядома, трэба будзе аброк зменшыць. Але не, Кірылаўна, як-жа я прадам… — І Лізавета Прохараўна пачала хадзіць узад і ўперад па пакоі… — Не, гэта немагчыма, гэта нікуды няварта… не, калі ласка, ты мне больш гэтага не гавары… а то я раззлуюся…

Але, не гледзячы на забароны ўсхваляванай Лізаветы Прохараўны, Кірылаўна прадаўжала гаварыць і праз поўгадзіны вярнулася да Навума, якога пакінула ў буфеце за піццём чаю.

— Што-ж вы мне скажаце, мая шаноўная, — прагаварыў Навум, з форсам перакуліўшы дапітую чашку на сподак.

— А тое скажу, — сказала Кірылаўна: — што ідзіце да пані, яна вас кліча.

— Слухаю-с, — адказваў Навум, устаў і ўслед за Кірылаўнай пайшоў у гасцінную.

Дзверы за імі зачыніліся… Калі, нарэшце, тыя дзверы зноў адчыніліся, і Навум, кланяючыся, вышаў з іх спіною, справа была ўжо ўладжана; Акімаў двор належаў яму: ён набыў яго за 2800 рублёў асігнацыямі. Купчую вырашылі аформіць як мага хутчэй і да часу не гаварыць нідзе аб ёй; Лізавета Прохараўна атрымала сто рублёў задатку, ды дзвесце рублёў пайшло Кірылаўне на магарыч. «Нядорага купіў» думаў Навум, узлазячы на каламажку: «дзякуй, выпадак здарыўся».

У той самы час, калі ў панскім доме адбывалася расказаная намі здзелка, Акім сядзеў у сябе адзін пад акном на лаўцы і з незадаволеным выглядам пагладжваў сваю бараду… Мы сказалі вышэй, што ён не падазраваў прыхільнасці сваёй жонкі да Навума, хоць добрыя людзі не раз яму намякалі, што пара, моў, табе за розум узяцца; вядома ён сам іншы раз мог заўважыць, што гаспадыня яго з некаторага часу як быццам наравісцей стала, але-ж вядома: жаночы пол сварлівы і капрызны. Нават, калі яму сапраўды здавалася, што ў яго доме штосьці не ў парадку, ён толькі рукой махаў; не хацелася яму, як кажуць, паднімаць вэрхал; дабрадушнасць у ім не змяншалася з гадамі, ды і лянота брала сваё. Але ў той дзень ён быў вельмі не ў настроі: учора ён зусім выпадкова падслухаў на вуліцы размову паміж сваёй служанкай і другой суседняй бабай…

Баба пыталася ў служанкі, чаму яна да яе ў свята вечарам не зайшла: «я моў, цябе чакала».

— Ды я ўжо было і пайшла, — запярэчыла служанка: — ды, на ліха, на гаспадыню насунулася… каб ёй пуста было!

— Насунулася… — паўтарыла баба нейкім расцягнутым голасам і падперла рукою шчаку. — А дзе-ж гэта ты на яе насунулася, мая даражэнькая?

— А за канаплянікамі, за папоўскімі. Гаспадыня-ж, відаць, да свайго вось, да Навума, у канаплянікі вышла, а мне-ж у цемені не відаць было; ад месяца, ці што, бог яго ведае, проста так на іх і наскочыла.

— Наскочыла, — зноў паўтарыла баба. — Ну, і што-ж яна, мая даражэнькая, з ім стаіць?

— Стаіць — нічога. Ён стаіць і яна стаіць. Убачыла мяне і кажа: куды гэта ты бегаеш? Ідзі дадому. Я і пайшла.

— Пайшла. — Баба памаўчала. — Ну, бывай, Фецінюшка, — прагаварыла яна, і паплялася сваёй дарогай.

Размова гэта непрыемна падзейнічала на Акіма. Любоў яго да Аўдоцці ўжо астыла, але, усё-такі, словы служанкі яму не спадабаліся. А яна сказала праўду: сапраўды, у той вечар Аўдоцця выходзіла да Навума, які чакаў яе ў густым ценю, што падаў на дарогу ад нерухомага і высокага канапляніку. Раса змачыла зверху данізу кожнае яго сцябло; моцны да адурэння пах стаяў навокал. Месяц ледзь толькі ўзышоў, вялікі і барвовы ў чарнаватым і цьмяным тумане. Навум яшчэ здалёку пачуў таропкія крокі Аўдоцці і накіраваўся да яе насустрач. Яна падышла да яго, уся збялелая ад бягі; месяц свяціў ёй у твар.

— Ну, што, прынесла? — запытаўся ён.

— Прынесці то прынесла, — адказвала яна нерашучым голасам: — ды што, Навум Іванавіч…

— Давай, калі прынесла, — перапыніў ён яе і працягнуў руку…

Яна дастала з-пад касынкі нейкі скрутак. Навум адразу-ж узяў яго і паклаў сабе за пазуху.

— Навум Іванавіч, — прагаварыла Аўдоцця марудна і не спускаючы з яго вачэй… — Ох, Навум Іванавіч, загублю я дзеля цябе сваю душачку…

У гэты момант падышла да іх служанка.

І так, Акім сядзеў на лавачцы і з нездавальненнем пагладжваў сваю бараду. Аўдоцця часта ўваходзіла ў пакой і зноў выходзіла. Ён толькі праводзіў яе вачыма. Нарэшце, яна ўвайшла яшчэ раз і захапіўшы ў каморцы душагрэйку, пераступіла ўжо была парог — ёй не вытрымаў і загаварыў, як быццам сам сабе:

— Здзіўляюся я, — пачаў ён: — чаго гэта бабы заўсёды мітусяцца? Пасядзець вось каб на месцы, гэтага ад іх і не патрабуй. Гэта не іх справа. А вось, куды-небудзь збегаць, ці раніцой, ці вечарам, што яны любяць. — Так.

Аўдоцця выслухала гаворку мужа да канца, не перамяніўшы свайго палажэння; толькі пры слове «вечарам» ледзь павяла галавой і нібы задумалася.

— Ты ўжо, Сямёныч, — прагаварыла яна, нарэшце, са смуткам: — вядома, як пачнеш размаўляць, ужо тут…

Яна махнула рукой і пайшла, стукнуўшы дзвярыма. Аўдоцця, сапраўды, не надта высока цаніла Акімава красамоўства і, бывала, вечарамі, калі ён пачынаў разважаць з праезджымі, або пускаўся ў расказы, употайку пазяхала, або ішла да сябе. Акім паглядзёў на зачыненыя дзверы… «як пачнеш размаўляць», паўтарыў ён упоўголаса… «то-та і бяда, што я мала размаўляў з табой. І хто-ж? свой-жа брат, ды яшчэ…» і ён устаў, падумаў, ды і пастукаў сабе кулаком па патыліцы…

Некалькі дзён прайшло пасля гэтага дня досыць дзіўным чынам. Акім усё паглядаў на жонку сваю, нібы збіраўся ёй штосьці сказаць; і яна, са свайго боку, на яго падазрона глядзела; прытым, яны абое вымушана маўчалі; між іншым, гэта маўклівасць звычайна перапынялася бурклівай заўвагай Акіма наконт якога-небудзь недагляду ў гаспадарцы, або наконт жанчын наогул; Аўдоцця, часцей за ўсё, не пярэчыла яму ні словам. Аднак, пры ўсёй дабрадушнай слабасці Акіма, між ім і Аўдоццяй абавязкова дайшло-б да рашучай размовы, калі-б не здарыўся, нарэшце, выпадак, пасля якога ўсякія размовы былі-б бескарыснымі.

А іменна, адной раніцай, Акім з жонкай ледзь толькі сабраліся папалуднаваць (праезджых у пастаялым дварэ, з прычыны летніх работ, ніводнага не было), як раптам па дарозе моцна застукала каламажка і крута спынілася перад ганкам. Акім зірнуў у акно, нахмурыўся і апусціў вочы: з каламажкі, не спяшаючыся, вылазіў Навум. Аўдоцця яго не ўбачыла, але калі пачуўся ў сенцах яго голас, лыжка крыху здрыганулася ў яе руцэ. Ён загадваў работніку паставіць каня на двор. Нарэшце, дзверы расчыніліся, і ён ўвайшоў у пакой.

— Дзень добры, — сказаў ён і зняў шапку.

— Добры дзень, — паўтарыў праз зубы Акім. — Адкуль бог прынёс?

— Па суседству, — запярэчыў той і сеў на лаўку. — Я ад пані.

— Ад пані, — прагаварыў Акім, усё не ўстаючы з месца. — Па справах, напэўна?

— Так, па справах. Аўдоцця Арэф’еўна, наша вам пашана.

— Добры дзень, Навум Іванавіч, — адказала яна. Усе памаўчалі.

— Што гэта ў вас, пахлёбка відаць нейкая, — пачаў Навум.

— Так, пахлёбка, — запярэчыў Акім, і раптам пабялеў: — ды не для цябе.

Навум са здзіўленнем зірнуў на Акіма.

— Як не для мяне?

— Ды так вось, што не для цябе. — У Акіма вочы заблішчэлі, і ён стукнуў рукою па стале. — У мяне ў доме нічога для цябе няма, чуеш?

— Што ты, Сямёныч, што ты? Што з табой?

— Са мною то нічога, а ты мне надакучыў, Навум Іванавіч, вось што. — Стары ўстаў і ўвесь затросся. — Вельмі часта пачаў да мяне цягацца, вось што.

Навум таксама ўстаў.

— Ды ты, брат, звар’яцеў, ці што, — сказаў ён з усмешкай. — Аўдоцця Арэф’еўна, што гэта з ім?..

— Я табе кажу, — закрычаў дрыжачым голасам Акім: — вон пайшоў, чуеш… якая табе тут Аўдоцця Арэф’еўна… я табе кажу, чуеш, ідзі адсюль!

— Што ты мне гаворыш? — запытаў многазначна Навум.

— Пайшоў вон адсюль; вось што я табе кажу. Вось бог, а вось парог… разумееш? а то дрэнна будзе!

Навум ступіў наперад.

— Баценькі, не біцеся, галубочкі мае, — залепятала Аўдоцця, якая да таго моманту сядзела нерухома за сталом…

Навум зірнуў на яе.

— Не бойцеся, Аўдоцця Арэф’еўна, за што біцца! Эх, брат, — прадаўжаў ён, звяртаючыся да Акіма: — як ты раскрычаўся. Дапраўды. Які бойкі! Дзе гэта чутна з чужой хаты выганяць, — дадаў з павольнай расстаноўкай Навум: — ды яшчэ гаспадара?

— Як з чужой хаты, — прамармытаў Акім. — Якога гаспадара?

— А хоць-бы мяне.

І Навум прыжмурыўся і выскаліў свае белыя зубы.

— Як цябе? Хіба не я гаспадар?

— Які ты бесталковы, браток. Кажуць табе — я гаспадар.

Акім вытарашчыў вочы.

— Што ты такое балбочаш, як беляны аб’еўшыся, — загаварыў ён нарэшце. — Які ты тут чорта гаспадар?

— Ды што з табой гаварыць, — усклікнуў з нецярплівасцю Навум. — Бачыш ты гэту паперу, — прадаўжаў ён, выхапіўшы з кішэні складзены ўчэцвера гербавы ліст: — бачыш? Гэта купчая, разумееш, купчая і на зямлю тваю, і на двор; я іх купіў у памешчыцы, у Лізаветы Прохараўны купіў, учора купчую ў Б…е падпісалі — гаспадар тут, значыцца, я, а не ты. Сёння-ж збяры свае спажыткі, — дадаў ен, кладучы назад у кішэню паперу: — а заўтра каб і духу твайго тут не было; чуеш?

Акім стаяў, як громам прыбіты.

— Разбойнік, — прастагнаў ён нарэшце: — разбойнік. Гэй, Федзька, Міцька, жонка, жонка, хапайце яго, хапайце — трымайце яго!

Ён зусім разгубіўся.

— Глядзі, глядзі — з пагрозай сказаў Навум: — глядзі, стары, не дурыся…

— Ды бі-ж яго, бі яго, жонка! — цвярдзіў слязлівым голасам Акім, дарэмна і бяссільна парываючыся з месца. — Душагубец, разбойнік… Мала табе яе… і дом ты мой у мяне адабраць хочаш, і ўсё… Ды не, пачакай… гэтага быць не можа. Я пайду сам, я сам скажу… як… за што-ж прадаваць… Пачакай… пачакай… і ён без шапкі кінуўся на вуліцу.

— Куды, Акім Сямёнавіч, куды бяжыш, баценька? — загаварыла служанка Феціння, сутыкнуўшыся з ім у дзвярах.

— Да пані! пусці! Да пані!.. — закрычаў Акім і, убачыўшы Навумаву каламажку, якую не паспелі яшчэ ўзвезці на двор, ускочыў у яе, схапіў лейцы і, сцёбнуўшы з усяе сілы па кані, паімчаўся да панскага двара.

— Матухна, Лізавета Прохараўна, — цвярдзіў ён сам сабе на працягу ўсёй дарогі: — завошта-ж такая няміласць? здаецца стараўся!

І, між тым, ён усё лупцаваў, ды лупцаваў каня. Тыя, хто сустракаўся з ім, стараніліся і доўга глядзелі яму ўслед.

За чвэрць гадзіны даехаў Акім да сядзібы Лізаветы Прохараўны, падляцеў да ганку, саскочыў з воза і проста ўваліўся ў пярэднюю.

— Чаго табе? — прамармытаў спалоханы лакей, які соладка драмаў на коніку.

— Паню, мне трэба паню бачыць, — гучна прагаварыў Акім.

Лакей здзівіўся.

— Хіба што здарылася? — пачаў ён.

— Нічога не здарылася, а мне паню трэба бачыць.

— Што, што, — сказаў яшчэ больш здзіўлены лакей і павольна выпрастаўся.

Акім апамятаўся… Нібы халоднай вадой яго аблілі.

— Далажыце, Пётр Еўграфавіч, пані, — сказаў ён з нізкім паклонам: — Што Акім, вось жадае іх бачыць…

— Добра… пайду… далажу… а ты, знаць п’яны, пачакай, — прабурчэў лакей і пайшоў.

Акім апусціў вочы і нібы збянтэжыўся… Рашучасць хутка знікла ў ім з самага таго моманту, як толькі ён уступіў у прыхожую.

Лізавета Прохараўна таксама збянтэжылася, калі далажылі ёй аб прыходзе Акіма. Яна адразу-ж загадала паклікаць Кірылаўну да сябе ў кабінет.

— Я не магу яго прыняць, — спяшаючыся загаварыла яна, як толькі тая паказалася: — ніяк не магу… Што я яму скажу? Я-ж казала табе, што ён абавязкова прыдзе і будзе скардзіцца — дадала яна са смуткам і хваляваннем: — я казала…

— А навошта-ж вам яго прымаць, — спакойна запярэчыла Кірылаўна: — гэтага і непатрэбна-с. Дзеля чаго вы будзеце трывожыцца, скажыце.

— Ды што-ж зрабіць?

— Калі дазволіце, я з ім пагавару.

Лізавета Прохараўна падняла галаву.

— Зрабі ласку, Кірылаўна. Пагавары з ім. Ты скажы яму… там — ну, што я палічыла патрэбным… а ў тым, што я яго ўзнагароджу… ну, там, ты ўжо ведаеш. Калі ласка, Кірылаўна.

— Не трывожцеся, панечка, — запярэчыла Кірылаўна і пайшла, паскрыпваючы чаравікамі.

Чвэрці гадзіны не прайшло, як скрып іх пачуўся зноў, і Кірылаўна ўвайшла ў кабінет з тым-жа спакойным выразам на твары, з той-жа хітрай кемлівасцю ў вачах.

— Ну, што, — запыталася ў яе пані: — што Акім?

— Нічога-с. Гаворыць, што ўсё ў волі міласці вашай, былі-б вы здаровы і шчаслівы, а з яго век стане.

— І ён не скардзіўся?

— Ніяк не. Чаго яму скардзіцца?

— Чаго-ж ён прыходзіў? — прагаварыла Лізавета Прохараўна не без некаторага неўразумення.

— А прыходзіў ён прасіць, пакуль да ўзнагароды, ці не будзе ласка ваша аброк яму дараваць, на наступны год, значыцца…

— Вядома, дараваць, дараваць, — узрадавана падхапіла Лізавета Прохараўна: — вядома. З прыемнасцю. І наогул, скажы яму, што я яго ўзнагароджу. Ну, дзякуй табе, Кірылаўна. А ён, бачу я, добры мужык. Пачакай, — дадала яна: — дай яму вось гэта, ад мяне. — І яна дастала з рабочага століка трохрублёвую асігнацыю. — Вось, вазьмі, аддай яму.

— Слухаю вас, — сказала Кірылаўна і, спакойна вярнуўшыся ў свой пакойчык, спакойна замкнула асігнацыю ў каваную скрыначку, што стаяла ля яе ўзгалоўя; яна захоўвала ў ёй усе свае грошы, а іх было не мала.

Кірылаўна данясеннем сваім супакоіла паню, але размова паміж ёю і Акімам адбывалася, у сапраўднасці, не зусім так, як яна перадала; а іменна: яна загадала яго паклікаць да сябе ў дзявоцкую. Ён перш было не пайшоў да яе, абвясціўшы пры гэтым, што жадае бачыць не Кірылаўну, а самую Лізавету Прохараўну, аднак, нарэшце, паслухаў і пайшоў праз задні ганак да Кірылаўны. Ён застаў яе адну. Увайшоўшы ў пакой, ён адразу-ж спыніўся і прыхіліўся каля дзвярэй да сцяны, хацеў загаварыць… і не мог.

Кірылаўна пільна паглядзела на яго.

— Вы, Акім Сямёныч, — пачала яна: — жадаеце паню бачыць?

Ён толькі галавой кіўнуў.

— Гэтага нельга, Акім Сямёныч. Дый навошта? Зробленага не пераробіш, а толькі вы іх патурбуеце. Яны вас цяпер не могуць прыняць, Акім Сямёныч.

— Не могуць, — паўтарыў ён і памаўчаў. — Дык як-жа ж, — прагаварыў ён памалу: — значыцца, так дому і прападаць?

Паслухайце, Акім Сямёныч. Вы, я ведаю, заўсёды былі разважлівы чалавек. На гэта панская воля. А перамяніць гэтага нельга. Ужо гэтата не пераменіш. Што мы тут будзем з вамі разважаць, дык гэта-ж ні да чаго не прывядзе. Ці не праўда?

Акім заклаў рукі за спіну.

— А вы лепш падумайце, — прадаўжала Кірылаўна: — можа лепш папрасіць вам паню, каб аброку вам збавіць, ці што…

— Значыцца, дому так і прападаць, — паўтарыў Акім ранейшым голасам.

— Акім Сямёныч, я-ж вам кажу: нельга. Вы самі гэта ведасце лепш за мяне.

— Так. Прынамсі за колькі-ж ён хоць пайшоў, двор гэты?

— Не ведаю я гэтага, Акім Сямёныч; не магу вам сказаць… Ды што вы — так стаіце, — дадала яне: — прысядзьце.

— Пастаім так. Наша справа мужыцкая, шчыра дзякуем.

— Які-ж вы мужык, Акім Сямёныч? Вы таксама купец, вас і з дваровым параўнаць нельга што гэта вы? Не гаруйце дарэмна. Можа чаю хочаце?

— Не, дзякуй; не трэба. Дык вам домік застаўся, — дадаў ён, адхінаючыся ад сцяны. — Дзякуй і за гэта. Прабачце, панечка.

І ён павярнуўся і вышаў. Кірылаўна паправіла свой фартух і пайшла да пані.

— А, відаць, я сапраўды купцом стаў — сказаў сам сабе Акім, спыніўшыся ў задуменні перад варотамі. — Нішто сабе купец! — Ён махнуў рукою і горка ўсміхнуўся. — Што-ж! Пайсці дадому!

— І, зусім забыўшыся пра навумавага каня, на якім прыехаў, паплёўся ён пехатою па дарозе да пастаялага двара. Не паспеў ён яшчэ адыйсці першай вярсты, як раптам пачуў побач з сабою стук калёс.

— Акім, Акім Сямёныч, — клікаў яго хтосьці.

Ён падняў вочы і ўбачыў свайго знаёмага, прыхадскога дзячка Яфрэма, празванага Кротам, маленькага, згорбленага чалавечка, з вострым носікам і сляпымі вочкамі. Ён сядзеў у дрэннай драбінцы на камячку саломы, у перадку.

— Дадому, ці што, ідзеш? — запытаўся ён у Акіма.

Акім спыніўся.

— Дадому.

— Хочаш, падвязу?

— Ну добра, падвязі.

Яфрэм адсунуўся ўбок, і Акім ускочыў да яго ў драбінку. Яфрэм, які быў, здавалася, пад чаркай, пачаў сцябаць свайго коніка канцамі вяровачных лейцаў; ён пабег стомленым трушком, увесь час патузваючы незацугленай мордай.

Яны праехалі з вярсту, не сказаўшы адзін другому ні слова. Акім сядзеў, нахіліўшы галаву, а Яфрэм так толькі бурчэў штосьці сабе пад нос, то паганяючы, то стрымліваючы каня.

— Куды-ж гэта ты без шапкі хадзіў, Сямёныч? — нечакана запытаўся ён у Акіма, і, не чакаючы адказу, прадаўжаў упоўголаса: — у завядзенні пакінуў, мабыць. Пітух ты; я цябе ведаю, і затое люблю, што пітух; ты не біяка, не буян, не напраслівы; домабудаўнік ты, але пітух, і такі пітух — даўно-б пара цябе пад начала за гэта, далібог; таму, гэта справа паганая… Ура! — закрычаў ён раптам на ўсё горла: — ура! ура!

— Пачакайце, пачакайце, — пачуўся непадалёку жаночы голас: — пачакайце!

Акім азірнуўся. Да воза бегла цераз поле жанчына, да таго бледная і растрапаная, што ён яе адразу не пазнаў.

— Пачакайце, пачакайце, — прастагнала яна зноў, задыхаючыся і махаючы рукамі.

Акім схамянуўся: гэта была яго жонка.

Ён хапіў лейцы.

— А чаго спыняцца, — замармытаў Яфрэм: — дзеля бабы спыняцца? Ну-у!

Але Акім крута спыніў каня.

У адзін момант Аўдоцця дабегла да дарогі і так і павалілася проста тварам у пыл.

— Баценька, Акім Сямёныч, — закрычала яна: — ды і мяне-ж ён выгнаў!

Акім паглядзеў на яе і не зварухнуўся, толькі яшчэ тужэй нацягнуў лейцы.

— Ура! — зноў закрычаў Яфрэм.

— Дык выгнаў ён цябе? — прагаварыў Акім.

— Выгнаў, баценька, саколік мой, — адказала, усхліпваючы, Аўдоцця. — Выгнаў, баценька. Кажа, дом цяпер мой, дык ідзі адсюль вон.

— Важна, вось яно як добра… важна! — заўважыў Яфрэм.

— А ты, знаць, аставацца збіралася? — горка прагаварыў Акім, прадаўжаючы сядзець на возе.

— Дзе там заставацца! Так, мой саколік, — падхапіла Аўдоцця, якая прыўзнялася было на калені і зноў грымнулася на зямлю: — ты-ж не ведаеш, ды я-ж… Забі мяне, Акім Сямёныч, забі мяне тут-жа на месцы…

— Завошта цябе біць, Арэф’еўна, — панура запярэчыў Акім: — сама ты сябе перамагла! Чаго ўжо тут!

— Ды што-ж ты думаеш, Акім Сямёныч… Грошыкі-ж… твае грошыкі… іх-жа няма, тваіх грошыкаў… Я-ж іх, акаянная, з-пад падлогі дастала, усе іх таму злачынцу Навуму аддала, акаянная… І нашто-ж ты мне сказаў, куды ты грошы хаваеш, акаянная я… Ды гэта-ж ён за твае грошыкі і дворык купіў… злодзей гэты…

Плач заглушыў яе голас.

Акім схапіўся абодвума рукамі за галаву.

— Які! — закрычаў ён нарэшце: — дык і грошы ўсе… і грошы, і двор, і ты гэта… А! з-пад падлогі дастала… дастала… Ды я-ж заб’ю цябе, гадзіна падкалодная…

І ён саскочыў з воза.

— Сямёныч, Сямёныч, не бі, не біся, — пралепятаў Яфрэм, у якога ад такога нечаканага здарэння хмель пачынаў праходзіць.

— Не, баценька, забі мяне, баценька, забі мяне, акаянную: бі, не слухай яго! — крычала Аўдоцця, сударгава валяючыся ля акімавых ног.

Ён пастаяў, паглядзеў на яе, адышоў некалькі крокаў і прысеў на траву каля дарогі.

Наступіла невялікае маўчанне. Аўдоцця павярнула галаву ў яго бок.

— Сямёныч, а Сямёныч, — загаварыў Яфрэм, прыўстаўшы на возе: — досыць табе… ды ўжо-ж таго… бядзе не паможаш. Цьфу ты, якая аказія,- прадаўжаў ён, нібы сам сабе: — гэткая баба праклятая… Ідзі да яго, ты, — дадаў ён, нахіліўшыся цераз біла да Аўдоцці: — бачыш, ён з глузду з’ехаў.

Аўдоцця ўстала, падышла да Акіма і зноў кінулася яму ў ногі.

— Баценька, — пачала яна слабым голасам.

Акім устаў і пайшоў назад да воза. Яна ўхапілася за палу яго світы.

— Пайшла вон! — крыкнуў ён злосна, і адштурхнуў яе.

— Куды-ж ты? — запытаўся ў яго Яфрэм, убачыўшы, што ён зноў да яго садзіцца.

— А ты хацеў мяне да двара падвезці, — прагаварыў Акім: — дык давязі ўжо мяне да свайго двара… Майго вось, бачыш, нястала. Купілі, бач, яго ў мяне.

— Ну, давай, паедзем да мяне. А з ёю што?

Акім нічога не адказаў.

— А мяне-ж, мяне, — падхапіла з плачам Аўдоцця: — мяне на каго ты пакідаеш… куды-ж я пайду?

— Да яго ідзі, — запярэчыў, не паварачваючыся, Акім: — да каго ты грошы мае занесла… Паганяй, Яфрэм!

Яфрэм ударыў па кані, калёсы пакаціліся, Аўдоцця загаласіла…

Яфрэм жыў за вярсту ад Акімавага двара, у маленькай хатцы, на папоўскай слабодцы, што знаходзілася каля адзінокай пяцівежавай царквы, нядаўна пабудаванай наследнікамі багатага купца, з прычыны духоўнага завяшчання. Яфрэм усю дарогу нічога не гаварыў Акіму, і толькі зрэдку ківаў галавой і выказваў словы: «Ах, ты!» ды: «Эх, ты!» Акім сядзеў нерухома, крыху адвярнуўшыся ад Яфрэма. Нарэшце, яны прыехалі. Яфрэм саскочыў першы з воза. Яму насустрач выбегла дзяўчынка гадоў шасці, у нізка падперазанай кашульцы, і закрычала:

— Тата! тата!

— А дзе твая маці? — запытаўся ў яе Яфрэм.

— Спіць у закутку.

— Ну, няхай спіць. Акім Сямёныч, што-ж вы, калі ласка ў пакой.

(Трэба заўважыць, што Яфрэм «тыкаў» яго толькі будучы п’яным. Акіму і не такія асобы гаварылі вы.)

Акім увайшоў у дзякаву хату.

— Вось сюды, на лавачку, калі ласка, — гаварыў Яфрэм.

— Ідзіце адсюль, жэўжыкі, — крыкнуў ён на траіх другіх дзяцей, якія разам з двума худымі і выпацканымі ў попел катамі паявіліся раптам з розных куткоў пакоя. — Ідзіце вон! Ну! Сюды, сюды, Акім Сямёныч, сюды, — прадаўжаў ён, садзячы госця: — ды можа загадаеце чаго?

— Што я табе скажу, Яфрэм, — прагаварыў, нарэшце Акім: — можа гарэлка ёсць?

Яфрэм устрапянуўся.

— Гарэлка? Умомант. Дома то яе ў мяне няма, гарэлкі, а вось я зараз збегаю да бацюшкі Фёдара. У яго заўсёды… Умомант збегаю…

І ён схапіў сваю вушастую шапку.

— Ды прынясі больш, я заплачу, — крыкнуў яму ўслед Акім. — На гэта грошай у мяне яшчэ стане.

— Умомант! — паўтарыў яшчэ раз Яфрэм, знікаючы за дзвярыма. Ён, сапраўды, вярнуўся вельмі хутка з двума штофамі падпахай, з якіх адзін ужо быў адкаркаваны, паставіў іх на стол, дастаў дзве зялёныя шкляначкі, акраец хлеба і солі.

— Вось гэта люблю, — цвярдзіў ён, сядаючы перад Акімам. — Чаго гараваць? — Ён наліў і яму, і сабе… і пачаў балбатаць… учынак Аўдоцці яго азадачыў. — Дзіўная, дапраўды, справа, — гаварыў ён: — якім гэта чынам здарылася? значыцца, ён прываражыў яе да сябе… а? Вось што значыць жонку як трэба строга захоўваць. У ёжавых рукавіцах трымаць яе трэба. А ўсё-такі вам дадому заехаць варта; там-жа дабра ў вас многа засталося. — І многа яшчэ падобных слоў сказаў Яфрэм; ён, калі піў, не любіў маўчаць.

Праз гадзіну, вось што адбывалася ў Яфрэмавым доме. Акім, які на працягу ўсёй папойкі ні слова не адказваў на роспыты і заўвагі свайго балбатлівага гаспадара і толькі выпіваў шклянку за шклянкай, спаў на печы, увесь чырвоны, спаў цяжкім і пакутлівым сном; дзеці з яго дзівіліся, а Яфрэм… Будзьце ўпэўнены! Яфрэм таксама спаў, але толькі ў вельмі цеснай і халоднай каморы, куды замкнула яго жонка, жанчына досыць мужнага і моцнага целаскладу. Ён было пайшоў да яе ў закутак, і пачаў ёй ні то пагражаць, ні то расказваць штосьці, але да такой ступені бесталкова і незразумела выражаўся, што яна адразу-ж скеміла ў чым справа, узяла яго за каўнер і завяла куды след. Між іншым, ён спаў у каморы вельмі добра і нават спакойна. Прывычка!

Кірылаўна не зусім правільна перадала Лізавеце Прохараўне сваю размову з Акімам… тое-ж самае можна сказаць і пра Аўдоццю. Навум яе не выгнаў, хоць яна і сказала Акіму, што ён яе выгнаў; ён не меў права яе выганяць… Ён быў абавязан даць старым гаспадарам час выбрацца. Паміж ім і Аўдоццяй адбывалася размова зусім іншага сорту.

Калі Акім, з крыкам, што ён паедзе да пані, — выскачыў на вуліцу, Аўдоцця звярнулася да Навума, паглядзела на яго пільна і пляснула рукамі.

— Божа-ж мой! — пачала яна: — Навум Іваныч, што гэта такое? Вы наш двор купілі?

— А што-ж? — запярэчыў той. — Купіў.

Аўдоцця памаўчала і раптам успалахнулася.

— Дык вам вось на што грошы патрэбны былі!

— Правільна, правільна гаворыце. Эге, ды здаецца ваш мужанёк на маім кані паехаў, — дадаў ён, пачуўшы стук колаў. — Які спрытны!

— Ды гэта-ж грабёж, пасля гэтага, — закрычала Аўдоцця: — гэта-ж нашы грошы, грошы майго мужыка, і двор наш…

— Не, Аўдоцця Арэф’еўна — перапыніў яе Навум: — двор быў не ваш, навошта так гаварыць: двор быў на панскай зямлі, дык і ён панскі; а грошы, правільна, вашы былі; толькі вы былі, можна сказаць, такой добрай і мне іх падаравалі; і я вам вельмі ўдзячан, і нават, пры выпадку, вам іх вярну, калі ўжо такі выпадак здарыцца; а толькі мне галяком заставацца не прыходзіцца, самі пасудзіце.

Навум сказаў усё гэта вельмі спакойна і нават з невялікай усмешкай.

— Баценькі мае! — закрычала Аўдоцця: — ды што-ж гэта такое! Што гэта! Ды як-жа я пасля гэтага мужу на вочы пакажуся! Разбойнік ты, — дадала яна, з нянавісцю гледзячы на малады, свежы твар Навума: — ды я-ж душу сваю: з-за цябе загубіла, ды я-ж з-за цябе зладзейкай стала, ты-ж нас да торбы давёў, злодзей ты гэткі! Ды мне-ж пасля гэтага толькі і засталося, што пятлю на шыю надзець, разбойнік, ашуканец, згубнік ты мой…

І яна горка заплакала…

— Не хвалюйцеся, Аўдоцця Арэф’еўна, — прагаварыў Навум, — а скажу вам адно: свая кашуля бліжэй да цела; між іншым, на тое і шчупак у моры, Аўдоцця Арэф’еўна, каб карась не драмаў.

— Куды-ж мы пойдзем цяпер, куды дзенемся! — з плачам лепятала Аўдоцця.

— А вось гэтага я не магу сказаць.

— Ды я зарэжу цябе, паганец; зарэжу, зарэжу…

— Не, гэтага вы не зробіце, Аўдоцця Арэф’еўна; навошта так казаць, а толькі, я бачу, мне цяпер лепш адсюль пайсці на некаторы час, а то вы ўжо надта хвалюецеся… Прабачце-с, а заўтра абавязкова завернем… А работнікаў сваіх вы ўжо дазвольце мне прыслаць да вас сёння, — дадаў ён, у той чаc як Аўдоцця прадаўжала цвярдзіць скрозь слёзы, што яна і яго і сябе зарэжа.

— Ды вось яны, дарэчы, і ідуць, — заўважыў ён, зірнуўшы ў акно. — А то яшчэ якая-небудзь бяда, бог барані, здарыцца… Вось гэтак спакайней будзе. Вы ўжо зрабіце ласку, спажыткі свае збярыце сёння, а яны ў вас папільнуюць і дапамогуць вам, бадай. Прабачце-ж, калі ласка.

Ён пакланіўся, вышаў і паклікаў да сябе работнікаў.

Аўдоцця кінулася на лаўку, пасля лягла грудзьмі на стол і пачала ламаць сабе рукі, затым раптам усхапілася і пабегла ўслед за мужам… Мы расказалі пра іх спатканне.

Калі Акім паехаў ад яе разам з Яфрэмам, пакінуўшы яе адну ў полі, яна перш доўга плакала, не зыходзячы з месца. Наплакаўшыся ўдосталь, яна пайшла да панскай сядзібы. Горка было ёй увайсці ў дом, яшчэ гарчэй паказацца ў дзявоцкім пакоі. Усе дзяўчаты кінуліся да яе насустрач, спачуваючы ёй і шкадуючы. Убачыўшы іх, Аўдоцця не магла ўтрымаць слёз сваіх; яны так і пырснулі з яе апухлых і пачырванелых вачэй. Уся абяссіленая, яна села на першае трапіўшае крэсла. Пабеглі па Кірылаўну. Кірылаўна прышла, абышлася з ёй вельмі ласкава, але да пані яе не дапусціла таксама, як не дапусціла Акіма. Аўдоцця сама не вельмі дамагалася спаткання з Лізаветай Прохараўнай: яна прышла ў панскі дом толькі дзеля таго, што зусім не ведала, куды галаву прыхіліць.

Кірылаўна загадала падаць самавар. Аўдоцця доўга адмаўлялася піць чай, але ўступіла нарэшце, просьбам і пераконанням усіх дзяўчын і пасля першай шклянкі выпіла яшчэ чатыры. Калі Кірылаўна ўбачыла, што яе госця крыху супакоілася і толькі зрэдку ўздрыгвала і слаба ўсхліпвала, яна запыталася ў яе, куды яны маюць намер перасяліцца і што хочуць зрабіць са сваімі рэчамі. Аўдоцця ад гэтага пытання зноў заплакала, стала запэўняць, што ёй, апрача смерці, нічога ўжо не трэба; але Кірылаўна, як жанчына з галавой, яе адразу-ж спыніла і параіла, не трацячы дарэмна часу, з сёнешняга-ж дня пачаць перавозку рэчаў у былую Акімаву хату на вёсцы, дзе жыў яго дзядзька, той самы стары, які адгаварваў яго жаніцца; абвясціла, што з дазволу пані ім дадуць на перавозку і ў падмогу людзей і коней: «а што да вас датычыць, мая любачка», — дадала Кірылаўна, склаўшы ў кіслую ўсмешачку свае каціныя губы, — «у нас заўсёды месца для вас знойдзецца, і нам будзе вельмі прыемна, калі вы ў нас пагосціце да таго часу, пакуль зноў справіцеся і набудзеце домік. Галоўнае — сумаваць не трэба. Гасподзь даў, гасподзь узяў, і зноў дасць: на ўсё яго воля. Лізавета Прохараўна, вядома, згодна сваіх меркаванняў, павінна была прадаць ваш двор, але яна вас не забудзе і ўзнагародзіць, як яна загадала сказаць Акіму Сямёнычу… Дзе ён цяпер?»

Аўдоцця адказвала, што ён, сустрэўшыся з ёю, вельмі яе пакрыўдзіў і паехаў да дзячка Яфрэма.

— Да гэтага! — здзіўлена сказала Кірылаўна. — Ну я разумею, што яму цяпер цяжка, бадай што, яго сёння не знойдзем, што-ж рабіць? Трэба распарадзіцца. Малашка, — дадала яна, звяртаючыся да адной з пакаёвак: — папрасі сюды Ніканора Ільіча; мы з ім паталкуем. — Ніканор Ільіч, чалавек з выгляду зусім мізэрны, нешта накшталт прыказчыка, адразу-ж з’явіўся, з пакорлівасцю выслухаў усё, што яму сказала Кірылаўна, — сказаў: «будзе выканана», вышаў і распарадзіўся. Аўдоцці выдалі тры фурманкі з трыма сялянамі, да іх, па ўласнай ахвоце, далучыўся чацверты, які сам аб’явіў аб сабе, што ён будзе «больш талковы за іх», і яна паехала разам з імі на пастаялы двор, дзе знайшла сваіх ранейшых работнікаў і работніцу Фецінню ў вялікім замяшанні і жаху.

Навумавы навабранцы, тры вельмі дзябёлыя хлапцы, як прышлі з раніцы, дык ужо нікуды не адыходзілі і вартавалі двор надта старанна, як абяцаў Навум, — да таго старанна, што ў адных новых калёсах раптам не стала шын…

Горка, горка было ўкладвацца беднай Аўдоцці. Не гледзячы на дапамогу «талковага» чалавека, які між іншым, толькі і ўмеў, што хадзіць з палачкай у руцэ, глядзець на іншых і сплёўваць убок, яна не паспела выбрацца ў той-жа дзень і засталася начаваць у пастаялым дварэ, загадзя ўпрасіўшы Фецінню не выходзіць з яе пакоя; між іншым, яна задрамала толькі пад раніцу ліхарадачнай дрымотай, і слёзы цяклі па яе шчаках нават у сне.

Між тым, Яфрэм прачнуўся раней звычайнага ў сваёй каморы і пачаў стукаць і прасіцца адтуль. Жонка перш не хацела выпусціць яго, абвясціўшы яму праз дзверы, што ён яшчэ не выспаўся; але ён падстракнуў яе цікаўнасць абяцаннем расказаць ёй незвычайнае здарэнне з Акімам; яна выняла засаўку. — Яфрэм расказаў ёй усё, што ведаў, і скончыў пытаннем, што, прачнуўся ён ці не?

— А бог яго ведае, — адказвала жонка: — пайдзі, паглядзі сам; з печы яшчэ не злазіў. — Бачыш, вы абодва ўчора напіліся; зірнуў-бы ты хоць на сябе — твар да твара не падобен, як чумэза нейкая, колькі сена ў валасы набілася!

— Нічога, што набілася, — запярэчыў Яфрэм і, правёўшы рукой па галаве, увайшоў у пакой. — Акім ужо не спаў: ён сядзеў са звешанымі нагамі на печы; вельмі дзіўны і ўскудлачаны быў таксама ў яго твар. Ён здаваўся тым больш пакамечаным, што Акім не прывык многа піць.

— Ну, што, Акім Сямёныч, як выспаліся, — пачаў Яфрэм…

Акім паглядзеў на яго мутным позіркам.

— Што, брат Яфрэм, — загаварыў ён сіпла: — ці можна зноў — таго?

Яфрэм хутка зірнуў на Акіма… ён адчуў у гэты момант некаторую ўнутраную дрыготку; такія адчуванні перажывае паляўнічы на ўзлессі пры нечаканым цяўканні гончага сабакі ў лесе, з якога ўжо, здавалася, уся звярына ўцякла.

— Як — яшчэ? — запытаўся ён нарэшце.

— Так; яшчэ.

«Жонка ўбачыць», — падумаў Яфрэм: «не пусціць, бадай».

— Нічога, можна, — сказаў ён голасна: — пацярпіце. — Ён вышаў і, дзякуючы ўмела прынятым захадам, паспеў непрыкметным чынам пранесці пад крысой вялікую бутэльку…

Акім узяў гэту бутэльку… Але Яфрэм не стаў піць з ім разам, па-ўчарайшаму — ён баяўся жонкі, і, абвясціўшы Акіму, што паедзе паглядзець, што там у яго робіцца і як укладваюць яго рэчы і ці не грабяць яго, — зараз-жа адправіўся конна да пастаялага двара на сваім непакормленым коніку — прычым, аднак, пра сябе не забыўся, калі прыняць пад увагу яго адтапыраную пазуху.

Акім хутка пасля яго адыходу ўжо спаў зноў, як забіты, на печы… Ён нават тады не прачнуўся, прынамсі, нічым не паказаў, што прачнуўся, калі Яфрэм, які вярнуўся праз чатыры гадзіны, пачаў яго штурхаць і будзіць і лепятаць над ім нейкія надзвычай збіўчывыя словы аб тым, што ўжо ўсё паехала і пераехала, і абразы, моў, ужо зняты і паехалі, і ўсё ўжо скончана — і што яго ўсе шукаюць, але што ён, Яфрэм, распарадзіўся і забараніў… і г. д. Між іншым, лепятаў ён нядоўга. Жонка яго зноў адвяла ў камору, а сама ў вялікім абурэнні і на мужа свайго, і на госця, па міласці якога муж «запіў», лягла ў хаце на палатках… Але калі, прачнуўшыся, па звычаю свайму, досвіткам, зірнула яна на печ, Акіма ўжо на ёй не было. Яшчэ другія певуны не прапелі і ноч яшчэ стаяла такая тёмная, што само неба ледзь-ледзь шарэла проста над галавой, а па краях зусім утапала ў змроку, — як ужо Акім выходзіў з варот дзячковага дома. Твар яго быў бледны — але ён зорка глядзеў навокал, і хада яго не паказвала на п’янага. Ён плыў у напрамку ранейшага свайго жылля — пастаялага двара, які перайшоў ужо канчаткова ва ўладанне новага гаспадара — Навума.

Навум таксама не спаў у той час, калі Акім пакідаў употайку дом Яфрэма. Ён не спаў; падаслаўшы пад сябе кажушок, ляжаў ён, апрануты, на лаўцы. Не сумленне яго мучыла — не! ён са здзіўляючым спакоем прысутнічаў раніцой пры ўкладцы і перавозцы ўсяго Акімавага скарбу и не раз сам загаварваў з Аўдоццяй, якая да такой ступені пала духам, што нават не дакарала яго… Сумленне яго было спакойна, але яго займалі розныя меркаванні і разлікі. Ён не ведаў, ці пашанцуе яму на новым месцы; да гэтага часу ён ніколі яшчэ не меў пастаялага двара — ды і наогул не меў свайго кутка; яму і не спалася. «Добра пачата справа, — думаў ён, — што далей будзе…» Адправіўшы перад вечарам апошнюю фурманку з Акімавым дабром (Аўдоцця з плачам пайшла за ёю), ён агледзеў увесь двор, усе закуткі, скляпы, хлявы, лазіў на гару, неаднаразова загадваў сваім работнікам пільнаваць як след і, застаўшыся адзін пасля вячэры, усё не мог заснуць. Так здарылася, што ў той дзень ніводзін з праезджых не застаўся начаваць: гэта яго вельмі ўзрадавала. «Сабаку трэба заўтра купіць абавязкова, якога-небудзь, злоснага, у млынара; бач, яны свайго забралі», — гаварыў ён сам сабе, варочаючыся з боку на бок, і раптам жвава падняў галаву… Яму здалося, што нехта прайшоў пад акном… Ён прыслухаўся… Нічога. Толькі цвыркун час-ад-часу асцярожна трашчаў за печчу, ды мыш недзе скрэбла, ды чулася яго ўласнае дыханне. Усё было ціха ў пустым пакоі, цьмяна асветленым жоўтымі праменнямі маленькай шкляной лампадкі, якую ён паспеў павесіць і запаліць перад абразком на куце… Ён апусціў галаву; вось яму зноў здалося, як быццам скрыпнулі вароты… пасля злёгку затрашчаў пляцень… Ён не вытрымаў, усхапіўся, адчыніў дзверы ў другі пакой і ўпоўголаса клікнуў: Фёдар, а Фёдар! Ніхто не адазваўся яму… Ён вышаў у сенцы і ледзь не паваліўся, спатыкнуўшыся на Фёдара, які разлёгся на падлозе. Мармычучы праз сон, заварушыўся работнік; Навум расштурхаў яго.

— Што там, што трэба, — пачаў было Фёдар…

— Чаго крычыш, маўчы, — сказаў шэптам Навум. — Што вы спіце, праклятыя! Нічога не чуў?

— Нічога, — адказаў той. — А што?

— А дзе астатнія спяць?

— Астатнія спяць, дзе загадана… Ды хіба што…

— Маўчы — ідзі за мною…

Навум ціхенька адчыніў дзверы з сянец на двор… На дварэ было вельмі цёмна… павеці з іх слупамі толькі таму і можна было адрозніць, што яны гусцей чарнелі сярод чорнай імглы…

— Можа запаліць ліхтарык, — прагаварыў сцішка Фёдар.

Але Навум махнуў рукой і прытаіў дыханне… Перш ён нічога не пачуў, апрача тых начных гукаў, якія амаль заўсёды пачуеш у тым месцы, дзе ёсць жывыя істоты: конь жаваў авёс, свіння ціха хрукнула праз сон, дзесьці хроп чалавек; але раптам дайшоў да яго вушэй нейкі падазроны шум, што ўзняўся на самым канцы двара, каля плоту…

Здавалася, хтосьці там варочаўся і як быццам дыхаў або дзьмуў… Навум зірнуў цераз плячо на Фёдара і, асцярожна саступіўшы з ганачка, пайшоў на шум… Разы два спыняўся ён, прыслухоўваўся і прадаўжаў зноў красціся… Раптам ён уздрыгануўся… За дзесяць крокаў ад яго, у густой цемені ярка заззяла вогненная кропка: гэта быў распалены вугаль, і каля самага вугалю паказалася на адно імгненне пярэдняя частка чыйгосьці твара з адтапыранымі губамі… Хутка і моўчкі, як кот на мыш, рынуўся Навум на агонь… Таропка ўстаўшы з зямлі, кінулася яму насустрач нейкае доўгае цела і ледзь не збіла яго з ног, ледзь не выслізнула з яго рук, але ён учапіўся ў яго з усіх сіл… — Фёдар, Андрэй, Пятрушка! — закрычаў ён, з усяе сілы: — хутчэй сюды, сюды, злодзея злавіў, падпальшчыка… — Чалавек, якога ён схапіў, моцна валтузіўся і біўся… але не выпускаў яго Навум… Фёдар адразу-ж падскочыў да яго на падмогу.

— Ліхтар, хутчэй ліхтар! бяжы па ліхтар, будзі другіх хутчэй! — крыкнуў яму Навум: — а я з ім… пакуль адзін спраўлюся — я сяджу на ім… Хутчэй! ды захапі папругу, звязаць яго.

Фёдар пабег у хату… Чалавек, якога Навум трымаў, раптам перастаў вырывацца…

— Так, відаць, табе мала і жонкі, і грошай, і двара, мяне таксама загубіць хочаш, — загаварыў ён глуха.

Навум пазнаў акімаў голас.

— Дык гэта ты, галубок, — сказаў ён: — добра, пачакай-жа!

— Пусці, — прагаварыў Акім. — Няўжо табе мала?

— А вось, я табе заўтра перад судом пакажу, як мне мала… — І Навум яшчэ мацней прыціснуў Акіма.

Прыбеглі слугі з двума ліхтарамі і вяроўкамі… «Вяжыце яго!» — рэзка скамандаваў Навум. Слугі схапілі Акіма, паднялі яго, скруцілі яму рукі назад… Адзін з іх пачаў лаяцца, але, пазнаўшы старога гаспадара пастаялага двара, змоўк і толькі зірнуў на іншых.

— Бачыш, бачыш, — цвярдзіў у гэты час Навум, водзячы ліхтаром над зямлёй: — вось, і вугаль у гаршку; зірніце-ж, у гаршку цэлую галавешку прыцягнуў — трэба будзе даведацца, дзе ён гаршчок гэты ўзяў… вось, ён і галля наламаў… — І Навум старанна затаптаў агонь нагой. — Абшукай яго, Фёдар! — дадаў ён: — ці няма ў яго там яшчэ чаго?

Фёдар абмацаў Акіма, які стаяў нерухома і звесіў, як мёртвы, галаву на грудзі.

— Ёсць, вось нож, — прагаварыў Фёдар, дастаючы з-за Акімавай пазухі стары кухонны нож.

— Эге, браток, дык ты вось куды меціў, — усклікнуў Навум. — Хлопцы, вы сведкі… вось, ён зарэзаць мяне хацеў, двор падпаліць… Запрыце яго да раніцы ў падвале, адтуль ён не выскачыць… Вартаваць я сам усю ноч буду, а заўтра, ледзь золак, мы яго да іспраўніка… а вы сведкі, чуеце!

Акіма ўпіхнулі ў падвал, захлопнулі за ім дзверы… Навум прыставіў да іх двух работнікаў і сам не лёг спаць.

Між тым, Яфрэмава жонка, пераканаўшыся, што яе няпрошаны госць пайшоў, — пачала гатаваць снеданне, хоць на дварэ яшчэ ледзь толькі світала… У той дзень было свята. Яна прысела да печкі — дастаць агеньчыку, і ўбачыла, што нехта ўжо раней выграбаў адтуль жар; хапілася за тым нажа — не знайшла, нарэшце, з чатырох сваіх гаршкоў недалічылася аднаго. Яфрэмава жонка славілася бабай не дурной — і не здарма. Яна пастаяла ў задуменні, пастаяла і пайшла ў камору да мужа. Не лёгка было разбудзіць яго — яшчэ цяжэй растлумачыць яму, навошта яго будзілі… На ўсё, што ні гаварыла дзячыха, Яфрэм адказваў усё адно і тое-ж:

— Пайшоў — ну, бог з ім… я прычым тут? Забраў нож і гаршчок — ну, бог з ім — а я прычым?

Аднак, нарэшце, ён устаў і, уважліва выслухаўшы жонку, рашыў, што справа гэта нядобрая, і што гэтага так пакінуць нельга.

— Так, — цвярдзіла дзячыха: — гэта нядобра: гэтак ён, бадай бед наробіць, з роспачы гэтай… Я з вечара бачыла, што ён не спаў, так ляжаў на печы: табе-б, Яфрэм Александравіч, не дрэнна было-б праведаць, ці што…

— Я вам, Ульяна Фёдараўна, вось што скажу, — пачаў Яфрэм. — Я на пастаялы двор цяперака паеду сам; а вы ўжо будзьце ласкавы, матухна, дайце мне пахмяліцца гарэлачкі шкляначку.

Ульяна задумалася.

— Ну, — рашыла яна нарэшце, — дам я табе гарэлкі, Яфрэм Александравіч, толькі ты, глядзі, не дурыся.

— Будзьце спакойны, Ульяна Фёдараўна.

І, падмацаваўшы сябе шкляначкай, Яфрэм паехаў на пастаялы двор.

Яшчэ толькі рассвітала, калі ён пад’ехаў да двара, а ўжо ля варот стаяла запрэжаная цялега і адзін з работнікаў Навума сядзеў у перадку, трымаючы ў руках лейцы:

— Куды гэта? — запытаўся Яфрэм.

— У горад, — нехаця адказваў работнік.

— А чаго?

Работнік толькі паціснуў плячыма і не адказваў. Яфрэм саскочыў з свайго каня і ўвайшоў у дом. У сенцах яму трапіўся Навум, поўнасцю апрануты і ў шапцы.

— Віншуем з новаселлем новага гаспадара, — прагаварыў Яфрэм, які ведаў яго асабіста. — Куды так рана?

— Ды ёсць з чым віншаваць, — злосна запярэчыў Навум.

— У першы-ж дзень, ды ледзь не згарэў.

Яфрэм схамянуўся: — Ды як гэта?

— Ды так, знайшоўся добры чалавек, падпаліць хацеў. Але, за руку схапіў; цяпер у горад вязу.

— Ці не Акім гэта?.. — цягучым голасам запытаў Яфрэм.

— А ты адкуль ведаеш? Акім. Прышоў уночы з галавешкай у гаршку — і ўжо на двор забраўся і агонь падклаў… усе мае хлопцы сведкі. Хочаш паглядзець? Нам яго, дарэчы, пара везці.

— Баценька, Навум Іванавіч, — загаварыў Яфрэм: — пусціце яго, не загубіце вы старога да канца. Не бярыце гэтага грэху на сваю душу, Навум Іванавіч. Вы падумайце — чалавек у роспачы — страціў галаву, значыцца…

— Годзе хлусіць, — перапыніў яго Навум. — Як-жа! выпушчу я яго! Ды ён заўтра-ж падпаліць мяне зноў…

— Не падпаліць, Навум Іванавіч, паверце. Паверце, вам самім так будзе спакайней — тут-жа допыты пачнуцца, суд — вы-ж самі ведаеце.

— Дык што-ж, што суд? Мне суда баяцца няма чаго.

— Баценька, Мавум іванавіч, як суда не баяцца…

— Э, годзе, ты бачу я, п’яны з самай раніцы, а яшчэ сёння свята.

Яфрэм раптам зусім нечакана заплакаў.

— Я п’яны, ды праўду кажу, — прамармытаў ён. — А вы дзеля святога дзянька Хрыстова яго пусціце.

— Ну, пойдзем, нюня.

І Навум пайшоў да ганка…

— Дзеля Аўдоцці Арэф’еўны яго пусціце, — гаварыў Яфрэм, ідучы за ім.

Навум падышоў да падвала, шырока адчыніў дзверы. Яфрэм з баязлівай цікаўнасцю выцягнуў шыю з-за Навумавай спіны і з цяжкасцю ўбачыў у кутку неглыбокага падвала — Акіма. Былы багаты дворнік, паважаны ў акалотку чалавек, сядзеў са звязанымі рукамі на саломе, як злачынец… Пачуўшы шум, ён падняў галаву… Здавалася, ён страшэнна пахудзеў за гэтыя апошнія два дні, асабліва за гэтую ноч — упалыя вочы ледзь блішчэлі пад высокім, як воск пажаўцелым і ілбом, перасохлыя губы пацямнелі… увесь твар яго змяніўся і набыў дзіўны выраз: жорсткі і напалоханы.

— Уставай і выходзь, — сказаў Навум.

Акім устаў і пераступіў цераз парог.

— Акім Сямёнавіч, — закрычаў Яфрэм: — загубіў ты сваю галоўку, мой галубок!..

Акім зірнуў на яго моўчкі.

— Каб ведаў я, дзеля чаго ты гарэлкі прасіў, — не даў-бы я табе; дапраўды, не даў-бы; здаецца, сам-бы ўсё выпіў. Эх, Навум Іванавіч, — дадаў Яфрэм, ухапіўшы Навума за руку, — злітуйцеся над ім, пусціце!

— Вось дык штука, — з усмешкай сказаў Навум. — Ну, выходзь-жа, дадаў ён, зноў звярнуўшыся да Акіма… — Чаго чакаеш?

— Навум Іванаў… — пачаў Акім.

— Чаго?

— Навум Іванаў, — паўтарыў Акім: — паслухай: я вінаваты: сам з цябе расправы хацеў; а нас з табою бог рассудзіць павінен. Ты ў мяне ўсё адабраў, сам ведаеш, усё да апошняга… Цяпер ты мяне загубіць можаш, а толькі я табе вось што скажу: калі ты мяне пусціш цяпер — ну! так і быць! уладай усім! я згодзен і жадаю табе ўсялякай удачы. А я табе, як перад богам, кажу: адпусціш — шкадаваць не будзеш. Бог з табою.

Акім заплюшчыў вочы і змоўк.

— Як-жа, як-жа, — запярэчыў Навум: — можна табе паверыць!

— А, далібог, можна, — загаварыў Яфрэм: — дапраўды, можна. Я за яго, за Акіма Сямёныча, галавой магу ручацца. — Ну, дапраўды!

— Глупства! — усклікнуў Навум. — Едзем!

Акім паглядзеў на яго.

— Як хочаш, Навум Іванаў. Твая воля. Многа ты толькі на сваю душу бярэш. Што-ж, калі табе так ужо не церпіцца — едзем…

Навум, у сваю чаргу, уважліва паглядзеў на Акіма. «А на самай справе, падумаў ён, пусціць яго к чортавай долі! А то яшчэ мяне, бадай, людзі загрызуць. Ад Аўдоцці праходу не будзе»… Пакуль Навум разважаў сам з сабою — ніхто не сказаў ні слова. Слуга, які сядзеў на возе і якому праз вароты ўсё было відаць, толькі ківаў галавой і шлёгаў па кані лейцамі. Другія два работнікі стаялі на ганачку і таксама маўчалі.

— Ну, слухай, стары, — пачаў Навум: — калі я цябе пушчу — і вось гэтым малайцам (ён паказаў галавой на слуг) — прыкажу нідзе не гаварыць: што-ж, мы з табою квіты будзем — разумееш мяне — квіты… га?

— Кажу-ж табе, уладай усім.

— Ты мяне ў даўгу лічыць у сябе не будзеш?

— Ні ты ў мяне ў даўгу не будзеш, ні я ў цябе.

Навум зноў памаўчаў.

— А пабажыся!

— Вось, як бог свят, — запярэчыў Акім.

— Ды я-ж ведаю наперад, што каяцца буду, — прагаварыў Навум: — ды ўжо-ж што будзе! Давай сюды рукі.

Акім павярнуўся да яго спіной; Навум пачаў яго развязваць.

— Глядзі-ж, стары, — дадаў ён, сцягваючы з яго рук вяроўку: —   памятай, я над табой злітаваўся, глядзі!

— Галубочак вы мой, Навум Іванавіч, — пралепятаў расчулены Яфрэм: — бог над вамі злітуецца!

Акім выпраміў апухлыя і пахаладзелыя рукі і пайшоў было да варот…

Навум раптам, як кажуць, асатанеў — відаць, яму шкада стала, што выпусціў Акіма…

— Ты пабажыўся, глядзі, — крыкнуў ён яму наўздагон.

Акім адвярнуўся і, абвёўшы вачыма навокал двара, са смуткам прагаварыў: — Уладай усім, навекі непарушна… бывай.

І ён ціха вышаў на вуліцу ў суправаджэнні Яфрэма. Навум махнуў рукой, загадаў адпрэгчы каня і вярнуўся ў дом.

— Куды-ж ты, Акім Сямёнавіч, хіба не да мяне? — усклікнуў Яфрэм, убачыўшы, што Акім павярнуў з вялікай дарогі направа.

— Не, Яфрэмка, дзякуй, — адказаў Акім, — пайду пагляджу, што жонка робіць.

— Пасля паглядзіш… А цяпер трэба было-б з радасці — таго!..

— Не, дзякуй, Яфрэм… Досыць і так. Бывай. — І Акім пайшоў не азіраючыся.

— Эт! Досыць і так! — сказаў азадачаны дзячок: — а я яшчэ за яго бажыўся. Вось ужо не чакаў я гэтага, — дадаў ён са смуткам: — пасля таго, як я за яго бажыўся. Цьфу!

Ён успомніў, што забыўся ўзяць нож свой і гаршчок, і вярнуўся на пастаялы двор… Навум загадаў выдаць яму яго рэчы, але нават і не падумаў пачаставаць яго. Зусім засмучаны і зусім цвярозы з’явіўся ён дадому.

— Ну, што, — запыталася жонка: — знайшоў?

— Што знайшоў? — перапытаў Яфрэм: — вядома, знайшоў: вось твая пасуда.

— Акім? — асабліва падкрэслена запыталася жонка.

Яфрэм кіўнуў галавой.

— Акім. Але-ж які ён гусак! Я-ж за яго бажыўся, без мяне-б яму ў астрозе гінуць, а ён хоць-бы чарачку мне паднёс. Ульяна Фёдараўна, уважце хоць вы мне, дайце шкляначку.

Але Ульяна Фёдараўна не ўважыла яму і прагнала з вачей.

Між тым, Акім ішоў павольнымі крокамі па дарозе да вёскі Лізаветы Прохараўны. Ён яшчэ не мог добра апамятацца; усё нутро ў ім калацілася, як у чалавека, які толькі што пазбавіўся ад яўнай смерці. Ён нібы не верыў сваёй свабодзе. З тупым здзіўленнем глядзеў ён на палі, на неба, на жаўранкаў, якія трапяталі ў цёплым паветры. Напярэдадні, у Яфрэма, ён з самага абеда не спаў, хоць і ляжаў нерухома на печы; перш ён хацеў гарэлкай заглушыць у сябе нясцерпны боль крыўды, смутак дакукі, шалёнай і бяссільнай… але гарэлка не магла перамагчы яго да канца; сэрца ў ім расхадзілася, і ён пачаў прыдумляць, як-бы адпомсціць свайму ворагу… Ён думаў пра аднаго Навума; Лізавета Прохараўна не прыходзіла яму ў галаву, ад Аўдоцці ён у думках адварочваўся. К вечару прагнасць помсты разгарэлася ў ім да шаленства і ён, дабрадушны і слабы чалавек, з ліхарадачнай нецярплівасцю дачакаўся ночы і, як воўк на здабычу, з агнём ў руках, пабег знішчаць свой былы дом… Але вось, яго хапілі… замкнулі… Надышла ноч. Чаго ён не перадумаў у гэту жорсткую ноч! Цяжка перадаць словамі ўсё, што адбываецца ў чалавеку ў такія моманты, усе пакуты, якія ён церпіць; яно тым больш цяжка, што гэтыя пакуты і ў самім чалавеку: бясслоўныя і нямыя… Пад раніцу, перад прыходам Навума з Яфрэмам, Акіму стала як быццам лёгка… усё прапала! падумаў ён… усё на вецер пайшло!.. і махнуў рукою на ўсё. Калі-б ён нарадзіўся з душой нядобрай, у гэты момант ён мог-бы зрабіцца разбойнікам; але зло не было ўласціва Акіму. Пад ударам нечаканага і незаслужанага няшчасця, у чадзе роспачы, рашыўся ён на злачынную справу; яна ўзрушыла яго канчаткова і, не ўдаўшыся, пакінула ў ім адну глыбокую стомленасць… Адчуваючы сваю віну, адарваўся ён сэрцам ад усяго жыцейскага і пачаў горка, але старанна маліцца. Перш маліўся шэптам, нарэшце, ён, магчыма, выпадкова, ўголас прагаварыў: госпадзі! — і слёзы пырснулі з яго вачэй… Доўга плакаў ён, і сціх, нарэшце… Думкі яго, напэўна, змяніліся-б, каб яму прышлося паплаціцца за сваю ўчарайшую спробу… але вось, ён нечакана атрымаў свабоду… і ён ішоў на спатканне з жонкай, напалову жывы, увесь разбіты, але спакойны.

Дом Лізаветы Прохараўны стаяў за паўтары вярсты ад яе вёскі, налева ад прасёлка, па якому ішоў Акім. Ля павароткі, якая вяла да панскай сядзібы, ён спыніўся быў… і прайшоў міма. Ён рашыў перш зайсці ў сваю былую хату да старога дзядзькі.

Невялікая і досыць ужо старая Акімава хата была амаль на самым канцы вёскі; Акім прайшоў, усю вуліцу, не сустрэўшы ні душы. Увесь народ быў на абедні. Толькі адна хворая старая адчыніла акенца, каб паглядзець яму ўслед, ды дзяўчынка, якая выбегла з парожнім вядром да студні, загледзелася на яго і таксама праводзіла яго вачыма. Першы чалавек, які трапіў яму насустрач, быў іменна той дзядзька, якога ён шукаў. Стары з самага рання прасядзеў на прызбе пад акном, нюхаючы табачок і грэючыся на сонцы; яму не зусім здаровілася, таму ён і ў царкву не хадзіў; ён толькі што сабраўся наведаць другога, таксама хворага, старога суседа, як раптам убачыў Акіма… Ён спыніўся, падпусціў яго да сябе і, зазірнуўшы яму ў твар, сказаў:

— Здароў, Акімка!

— Добры дзень, — адказваў Акім і, мінуючы старога, увайшоў у вароты сваёй хаты… На дварэ стаялі яго коні, карова, калёсы; тут-жа хадзілі яго куры. Ён моўчкі ўвайшоў у хату. Стары пайшоў за ім. Акім прысеў на лаўку, і абапёрся аб яе кулакамі. Стары жаласліва паглядаў на яго, стоячы ля дзвярэй.

— А дзе гаспадыня? — запытаўся Акім.

— А ў панскім доме, — жвава сказаў стары. — Яна там. Тут тваю скаціну паставілі, ды куфры, якія былі, а яна там. Можа схадзіць па яе?

Акім памаўчаў.

— Схадзі, — прагаварыў ён, нарэшце.

— Эх, дзядзька, дзядзька, — сказаў ён уздыхнуўшы, пакуль той даставаў з цвіка шапку: — памятаеш, ты мне што напярэдадні вяселля сказаў?

— На ўсё воля божая, Акімка.

— Памятаеш, ты мне сказаў, што, моў, я вам, мужыкам, не свой брат, а цяпер вось якія часы насталі… Сам гол, як сакол, стаў.

— З-за благіх людзей жыцця няма, — адказаў стары: — а яго, гадзюку, каб хто мог правучыць добра, пан, напрыклад, які, ці другая ўлада, а то чаго яму баяцца? Воўк, дык воўчую звычку і мае. — І стары надзеў шапку і пайшоў.

Аўдоцця толькі што вярнулася з царквы, калі ёй сказалі, што дзядзька мужа яе пытаецца. Да таго часу яна вельмі рэдка яго бачыла; ён да іх на пастаялы двор не заходзіў і наогул яго лічылі дзіваком: страшэнна любіў табак і больш за ўсё маўчаў.

Яна вышла да яго.

— Чаго ты, Пятровіч, можа што здарылася?

— Нічога не здарылася, Аўдоцця Арэф’еўна; муж пытаецца цябе.

— Хіба ён вярнуўся.

— Вярнуўся.

— Ды дзе-ж ён?

— А на сяле, у хаце сядзіць.

Аўдоцця спалохалася.

— Што, Пятровіч, — запыталася яна, гледзячы яму проста ў вочы: — злуецца ён?

— Не відаць, каб злаваўся.

— Ну, пойдзем, — сказала яна, надзела вялікую хустку, і абое пайшлі. Моўчкі ішлі яны да самай вёскі. Калі яны сталі набліжацца да хаты, Аўдоццю агарнуў такі страх, што калені ў яе задрыжэлі.

— Баценька, Пятровіч, — прагаварыла яна: — зайдзі ты першы… Скажы яму, што я прышла.

Пятровіч увайшоў у хату і застаў Акіма сядзячага ў глыбокім задуменні, на тым-жа самым месцы, на якім ён яго пакінуў.

— Што, — сказаў Акім, падняўшы галаву: — можа не прышла?

— Прышла, — запярэчыў стары. — Ля варот стаіць…

— Ну, прышлі яе сюды.

Стары вышаў, махнуў Аўдоцці рукой, сказаў ёй: ідзі, а сам зноў прысеў на прызбе. Аўдоцця, хвалюючыся, адчыніла дзверы, пераступіла парог і спынілася…

Акім паглядзеў на яе.

— Ну, Арэф’еўна, — пачаў ён: — што мы цяпер з табою будзем рабіць?

— Вінавата, — прашаптала яна.

— Эх, Арэф’еўна, усе мы грэшныя людзі, што тут гаварыць!

— Гэта ён, паганец, загубіў нае абодвух, — загаварыла Аўдоцця дрыжачым голасам, і слезы пацяклі па яе твары.

— Ты, Акім Сямёныч, гэтага так не пакідай, забяры ў яго грошы. Ты мяне не шкадуй. Я пад прысягай гатова паказаць, што грошы яму пазычыла. Лізавета Прохараўна магла двор наш прадаць, а ён зашто нас грабіць… Забяры ў яго грошы.

— Мне ў яго не трэба забіраць грошы, — панура супярэчыў Акім. — Мы з ім разлічыліся.

Аўдоцця здзівілася. — Няўжо праўда?

— Так, праўда. Ці ведаеш ты, — прадаўжаў Акім, і вочы яго загарэліся: — ці ведаеш ты, дзе я правёў ноч? Не ведаеш? У Навума ў падвале, са звязанымі рукамі і нагамі, як баран, вось дзе я правёў ноч. Я ў яго двор хацеў падпаліць, ды ён мяне злавіў, Навум гэты; вельмі ўжо спрытны! А сёння мяне збіраўся ў горад везці, ды ўжо так злітаваўся; значыцца, мне з яго грошай не прыходзіцца браць. Ды і як я забяру ў яго грошы… А калі, скажа ён, я ў цябе пазычаў грошы? Што-ж мне, сказаць: жонка іх у мяне пад падлогай адкапала, дый занесла табе? Хлусіць, скажа ён, твая жонка. Хіба табе, Арэф’еўна, людскіх языкоў мала? Маўчы ўжо лепш, кажу табе, маўчы.

— Вінавата, Сямёныч, вінавата, — шапнула зноў перапалоханая Аўдоцця.

— Не ў тым справа, — запярэчыў Акім, крыху памаўчаўшы: — а што мы будзем рабіць з табой? Дома ў нас цяпер няма… грошай таксама…

— Як-небудзь пераб’емся, Акім Сямёныч; Лізавету Прохараўну папросім, яна нам дапаможа, мне Кірылаўна абяцала.

— Не, Арэф’еўна, ты ўжо сама яе прасі разам са сваёй Кірылаўнай; вы-ж аднаго поля ягадкі. Я вось што табе скажу: ты тут заставайся, з богам: я тут не застануся. Добра, што ў нас дзяцей няма, а я адзін можа не прападу. Адна галава не бедна.

— Што-ж ты, Сямёныч, хіба зноў у возчыкі пойдзеш?

Акім горка засмяяўся.

— Добры я возчык, нечага сказаць! Вось, знайшла малайца. Не, Арэф’еўна, ды гэта-ж не тое, што, к прыкладу сказаць, ажаніцца: на гэту справу стары не прыгодзен. Я толькі тут не хачу заставацца, вось што; не хачу, каб на мяне пальцамі тыкалі… разумееш? Я пайду грахі свае адмольваць, Арэф’еўна, вось я куды пайду.

— Якія-ж твае грахі, Сямёныч, — нясмела сказала Аўдоцця.

— Аб іх вось, жонка, я сам ведаю.

— Ды на каго-ж ты мяне пакінеш, Сямёныч? Як-жа я без мужа жыць буду?

— На каго я цябе пакіну? Эх, Арэф’еўна, да чаго ты гэта гаворыш, дапраўды. Вельмі табе патрэбен такі муж, як я, ды яшчэ стары, ды яшчэ апустошаны. Як-жа! Абыходзілася раней, абыйдзешся і надалей. А дабро, якое яшчэ ў нас засталося, вазьмі сабе, ну яго!..

— Як хочаш, Сямёныч, — са смуткам прагаварыла Аўдоцця: — ты лепш ведаеш.

— То-та. Толькі ты не думай, што я сярдую на цябе, Арэф’еўна. Не, чаго сердаваць, калі ўжо таго… Раней трэба было спахапіцца. Сам я вінен — і пакараны. (Акім уздыхнуў.) — Любі катацца, любі і саначкі вазіць. Гады мае старыя, час аб душы сваёй падумаць. Мяне сам гасподзь уразуміў. Бачыш, я, стары дурань, з маладой жонкай хацеў радасна пажыць. Не, брат-стары, ты раней памаліся ды ілбом аб зямлю пастукай, ды пацярпі, ды папасці… А цяпер ідзі, матуля мая. Змарыўся я надта, пасплю крыху.

І Акім расцягнуўся, крэкчучы, на лаўцы.

Аўдоцця хацела было штосьці сказаць, пастаяла, паглядзела, адвярнулася і пайшла… Яна не чакала, што так лёгка ёй усё пройдзе.

— Што, не пабіў? — запытаўся ў яе Пятровіч, седзячы, увесь згорблены, на прызбе, калі яна з ім параўнялася. Аўдоцця моўчкі прайшла міма. — Бач, не пабіў, — сказаў паціху стары, усміхнуўся, усклудлачыў бараду і панюхаў табаку.

Акім выканаў свой намер. Ён уладзіў наспех свае справы, і праз некалькі дзён пасля пераданай намі размовы, зайшоў, апрануты па-дарожнаму, развітацца са сваёй жонкай, якая пасялілася да часу ў флігельку панскага дома. Развітанне іх прадаўжалася нядоўга… Кірылаўна, якая тут-жа напаткалася, параіла Акіму з’явіцца да пані; ён з’явіўся да яе. Лізавета Прохараўна прыняла яго з некаторай збянтэжанасцю, але ласкава дапусціла яго да рукі і запыталася, куды ён мае намер ісці? Ён адказваў, што перш пойдзе ў Кіеў, а адтуль, куды бог дасць. Яна пахваліла яго і пусціла. З таго часу ён вельмі рэдка паказваўся дадому, хоць ніколі не забываўся прынесці пані просвірку з вынятым заздраўным… Затое ўсюды, куды толькі сцякаюцца багамольныя рускія людзі, можна было ўбачыць яго пахудзелы і пастарэлы, але ўсё яшчэ прыстойны і прыгожы твар: і ля ракі св. Сергія, і ля Белых берагоў, і ў Опцінай пустыні, і ў аддалённым Валааме; усюды бываў ён…

У гэтым годзе ён праходзіў міма вас, у радах безлічнага народа, які ішоў крэсным ходам, за абразом багародзіцы ў Карэнную; у наступны год вы заставалі яго сядзячым з клункам за плячыма, разам з іншымі вандроўнікамі, на паперці Нікалая цудатворцы ў Мцэнску… у Маскву ён з’яўляўся амаль кожную вясну…

З края ў край блукаў ён сваім ціхім, нетаропкім, але няспынным крокам — кажуць, ён пабываў у самім Іерусаліме… Ён здаваўся зусім спакойным і шчаслівым, і многа гаварылі пра яго набожнасць і пакорлівую мудрасць тыя людзі, якім удавалася з ім гутарыць.

А Навумава гаспадарка ішла, між іншым, як нельга лепш. Спрытна і растаропна ўзяўся ён за справу і, як кажуць, крута пайшоў угару. Усе ў акалотку ведалі, якімі сродкамі дастаў ён сабе пастаялы двор, ведалі таксама, што Аўдоцця аддала яму мужавы грошы: ніхто не любіў Навума за яго халодны і рэзкі нораў… з дакорам расказвалі пра яго, быццам ён аднойчы самому Акіму, які папрасіў у яго пад акном міласціну адказваў, што бог, моў, падасць, і нічога не вынес яму; але ўсе згаджаліся, што шчаслівей за яго чалавека не было; збожжа ў яго расло лепш, чым у суседа, пчолы роіліся болыш, куры нават часцей несліся; жывёла ніколі не хварэла, коні не кульгалі… Аўдоцця доўга не магла чуць яго імя (яна прыняла прапанову Лізаветы Прохараўны і зноў паступіла да яе на службу ў якасці галоўнай краўчыхі), але пад канец яе агіднасць некалькі зменшылася; кажуць, беднасць прымусіла яе папрасіць ласкі яго, і ён даў ёй рублёў сто… Не будзем вельмі строгімі да яе: беднасць хоць каго скруціць, а раптоўны пераварот у яе жыцці вельмі яе састарыў і ўціхамірыў: цяжка паверыць, як хутка яна пабрыдчэла, як апусцілася і ўпала духам…

— Чым-жа ўсё скончылася? — запытаецца чытач.

А вось чым: Навум, які ўдала гаспадарыў гадоў пятнаццаць, выгадна збыў свой двор другому мешчаніну… Ён-бы ніколі не расстаўся са сваім дваром, калі-б не здарылася наступнай, як відаць, нязначнай акалічнасці: дзве раніцы падрад сабака яго, седзячы перад акном, працягла і жаласліва выў; ён у другі раз вышаў на вуліцу, уважліва паглядзеў на выючага сабаку, паківаў галавой, паехаў у горад і ў той-жа дзень старгаваўся з мешчанінам, які ўжо даўно таргаваў яго двор… Праз тыдзень ён выехаў кудысьці далёка з губерні, новы гаспадар перасяліўся на яго месца, і што-ж? у той-жа самы вечар двор згарэў дашчэнту, ні адна клець не ўцалела, і Навумаў наследнік застаўся жабраком. Чытач лёгка сабе ўявіць, якія прайшлі размовы ў суседстве з прычыны гэтага пажару… Як відаць, ён сваю «задачу» з сабой панёс, цвярдзілі ўсе… Пра яго ходзяць чуткі, быццам ён заняўся хлебным гандлем і моцна разбагацеў. Але ці на доўга? Не такія слупы валіліся, і благой справе рана ці позна прыходзіць благі канец. Пра Лізавету Прохараўну многа сказаць няма чаго: яна жыве да гэтага часу і, як гэта часта бывае з людзьмі такога сорту, ні ў чым не змянілася, нават не вельмі пастарэла, толькі як быццам сушэй стала; прытым, скупасць у ёй надзвычай узмацнілася, хоць цяжка зразумець, дзеля каго гэта яна ўсё запасіць, не маючы дзяцей і не будучы ні да каго прыхільнай. У размове яна часта ўспамінае пра Акіма і запэўняе, што з таго часу, як спазнала ўсе яго якасці, яна рускага мужыка стала надта паважаць. Кірылаўна ад яе адкупілася за вялікія грошы і вышла замуж, пакахаўцы нейкага маладога, белакурага афіцыянта, ад якога цярпела страшэнную муку; Аўдоцця жыве паранейшаму на жаночай палавіне ў Лізаветы Прохараўны, але апусцілася яшчэ на некалькі прыступак ніжэй, апранаецца вельмі бедна, амаль брудна, і ад сталічных замашак моднай пакаёўкі, ад звычак заможнай дворнічыхі не засталося ўжо ў ёй і следу… Яе ніхто не заўважае, і яна сама рада, што яе не заўважаюць; стары Пятровіч памёр, а Акім усё яшчэ вандруе — і бог адзін ведае, колькі яму прыдзецца яшчэ вандраваць!

1852 г.


  1. У Лейпцыг.