Перайсці да зместу

Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947)/Першае каханне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ася Першае каханне
Аповесьць
Аўтар: Іван Тургенеў
1947 год
Арыгінальная назва: Первая любовь (1857)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПЕРШАЕ КАХАННЕ

(Прысвечана П. В. АННЕНКАВУ)

…Госці даўно раз’ехаліся. Гадзіннік прабіў палову першай. У пакоі засталіся толькі гаспадар, ды Сяргей Нікалаевіч, ды Владзімір Пятровіч.

Гаспадар пазваніў і загадаў прыбраць рэшткі вячэры.

— Такім чынам, гэта справа вырашана, — сказаў ён, глыбей садзячыся ў крэсла і закурыўшы сігару: — кожны з нас абавязан расказаць гісторыю свайго першага кахання. Ваша чарга, Сяргей Нікалаевіч.

Сяргей Нікалаевіч, кругленькі чалавек з пухленькім белакурым тварам, паглядзеў перш на гаспадара, затым узняў вочы да столі. — У мяне не было першага кахання, — сказаў ён нарэшце: — я проста пачаў з другога.

— Якім-жа гэта чынам?

— Вельмі проста. — Мне было, восемнаццаць год, калі я ўпершыню пачаў цягацца за адной вельмі міленькай паненкай: але я гуляў з ёю так, як быццам справа гэта была для мяне не новай — вось так — як я гуляў пасля з іншымі. — Уласна кажучы, у першы — і апошні раз я закахаўся, гадоў шасці, у сваю няню; але гэта надта даўно — падрабязнасці нашых адносін згладзіліся з маёй памяці, ды калі-б я іх і памятаў, каго гэта можа цікавіць?

— Дык што-ж рабіць? — пачаў гаспадар. — У маім першым каханні таксама мала цікавага: я нікога не кахаў да знаёмства з Аннай Іванаўнай, маёй цяперашняй жонкай — і ўсё ў нас ішло як па маслу: бацькі нас сасваталі, мы вельмі хутка пакахалі адзін другога — і пажаніліся, не марудзячы. Мая казка двума словамі апавядаецца. — Я, панове, прызнаюся, уздымаючы пытанне пра першае каханне — спадзяваўся на вас, не скажу старых — але і не маладых халасцякоў; хіба вы нас чым-небудзь пацешыце, Владзімір Пятровіч?

— Мае першае каханне належыць, сапраўды, да ліку не зусім звычайных, — адказаў, з невялікай замінкай, Владзімір Пятровіч, чалавек гадоў сарака, чорнавалосы, з сівізнай.

— А! — прагаварылі гаспадар і Сяргей Нікалаевіч у адзін голас. — Тым лепш… — Расказвайце.

— Калі ласка… хаця не: расказваць я не буду: я не майстар расказваць; атрымліваецца суха і коратка, або падрабязна і фальшыва. А калі дазволіце, я запішу ўсё, што ўспомню, у сшытак, і прачытаю вам.

Прыяцелі перш не згадзіліся, але Владзімір Пятровіч настаяў на сваім. Праз два тыдні яны зноў сабраліся, і Владзімір Пятровіч выканаў сваё абяцанне.

Вось што было ў яго сшытку.

I

Мне было тады шаснаццаць год. — Справа адбывалася летам 1833-га года.

Я жыў у Маскве, у сваіх бацькоў. Яны наймалі дачу каля Калускай заставы, насупраць Няскучнага. — Я рыхтаваўся ва універсітэт — але працаваў вельмі мала і неспяшаючыся.

Ніхто не сцясняў маёй свабоды. Я рабіў, што хацеў, — асабліва з таго часу, як я расстаўся з апошнім сваім гувернёрам- французам, які ніяк не мог прывыкнуць да думкі, што ён зваліўся «як бомба» comme une bombe у Расію — і з раззлаваным выразам на твары цэлымі днямі валяўся на пасцелі. Бацька абыходзіўся са мною абыякава-ласкава; маці амаль не звяртала на мяне ўвагі, хоць у яе, апрача мяне, не было дзяцей; іншыя клопаты яе паглыналі. Мой бацька, чалавек яшчэ малады і надта прыгожы, узяў яе замуж з разлікам; яна была старэй за яго на дзесяць год. — У матулі маёй было сумнае жыццё: заўсёды хвалявалася, рэўнавала, злавала — але не ў прысутнасці бацькі; яна вельмі яго баялася, а ён трымаў, сябе строга, холадна, аддалена… Я не бачыў чалавека больш спакойнага, самаўпэўненага і самаўладнага.

Я ніколі не забудуся першых тыдняў, праведзеных мною на дачы. — Надвор’е было цудоўнае; мы пераехалі з горада 9-га мая, на Міколу. Я гуляў — то ў садзе нашай дачы, то па Няскучнаму, то за заставай; браў з сабою якую-небудзь кнігу, курс Кайданава, напрыклад, але рэдка яе раскрываў; а больш уголас чытаў вершы, якіх ведаў вельмі многа напамяць; кроў бушавала ў мне — і сэрца ныла, так соладка і смешна; я ўсё чакаў, палохаўся чагосьці, і з усяго дзівіўся, і ўвесь быў напагатове; фантазія гуляла і насілася хутка вакол адных і тых-жа ўяўленняў — як досвіткам стрыжы вакол званіцы; я задумваўся, сумаваў і нават плакаў; але і скрозь слёзы, і скрозь сум, навеяны то пявучым вершам, то прыгожасцю вечара, прасочвалася, як вясенняя траўка, радаснае пачуццё маладога закіпаючага жыцця.

У мяне быў верхавы конік. Я сам яго сядлаў і ехаў адзін куды-небудзь далей, пускаўся наўскач і ўяўляў сябе рыцарам на турніры (як весела дзьмуў мне ў вушы вецер!) або, павярнуўшы твар да неба, прымаў яго ззяючае святло і блакіт у раскрытую душу.

Памятаецца, у той час вобраз жанчыны, здань жаночага кахання амаль ніколі не ўзнікала выразнымі абрысамі ў памяці маёй: але ва ўсім, што я думаў, ва ўсім, што я адчуваў, захоўвалася поўзразуметае сарамлівае прадчуванне чагосьці новага, невыказна-салодкага — жаночага.

Гэта прадчуванне, гэта чаканне пранікла ўсяго мяне; я дыхаў ім, яно кацілася па маіх жылах у кожнай кроплі крыві… яму было суджана хутка збыцца.

Дача наша складалася з драўлянага панскага дома з калонамі і двух нізенькіх флігельчыкаў; у флігелі налева змяшчалася маленькая фабрыка танных шпалераў; я не раз хадзіў туды глядзець, як дзесятак худых і ўскудлачаных хлапчукоў у зашмальцаваных халатах і са змучанымі тварамі раз-по-раз ускоквалі на драўляныя вагары, якія націскалі чатырохкутныя абрубкі прэса, і такім чынам, цяжарам сваіх недалужных цел, выціскалі стракатыя ўзоры шпалераў. Флігель направа стаяў пусты і здаваўся ў наймы. — У адзін дзень — праз тыдні тры пасля 9-га мая — акяніцы гэтага флігельчыка адчыніліся — паказаліся ў вокнах жаночыя твары; — нейкая сям’я ў ім пасялілася. Памятаецца, у той-жа дзень у часе абеду матуля запыталася ў дварэцкага аб тым, хто былі нашы новыя суседзі і, пачуўшы прозвішча княгіні Засекінай, перш прагаварыла не без некаторай пашаны: — А, княгіня!.. — а пасля дадала: — Напэўна, бедная якая-небудзь.

— На трох фурманках прыехалі-с, — заўважыў, пачціва падаючы страву, дварэцкі: — свайго экіпажа не маюць — і мэбля самая пустая.

— Так, — сказала матуля: — а ўсё-такі лепш.

Бацька холадна зірнуў на яе: яна замоўкла.

Сапраўды, княгіня Засекіна не магла быць багатай жанчынай: заняты ёю флігельчык быў такі старэнькі і малы, і нізкі, што людзі, хоць крыху заможныя, не згадзіліся-б пасяліцца ў ім. — Між іншым, я тады прапусціў гэта ўсё міма вушэй. Княжскі тытул на мяне мала дзейнічаў: я нядаўна прачытаў «Разбойнікаў» Шылера.

II

У мяне была прывычка — бадзяцца кожны вечар са стрэльбай па нашым садзе і падпільноўваць варон. Да гэтых асцярожных, драпежных і хітрых птушак я з-даўніх часоў адчуваў нянавісць. У дзень, пра які пачалася гутарка, я таксама пайшоў у сад — і, дарэмна абыйшоўшы ўсе алеі (вароны мяне пазналі і толькі здалёку адрывіста каркалі), выпадкова наблізіўся да нізкага плоту, які аддзяляў уласна нашы ўладанні ад вузенькай паласы саду, што прасціралася за флігельчыкам, направа і належала да яго. — Я ішоў, апусціўшы галаву. Раптам, мне пачуліся галасы; я зірнуў праз плот — і акамянеў… Я ўбачыў дзіўнае відовішча.

У адлегласці некалькіх крокаў ад мяне — на паляне, між кустоў зялёнай маліны — стаяла высокая, стройная дзяўчына ў паласатай ружовай сукенцы і з белай хустачкай на галаве; — вакол яе круціліліся чатыры маладыя хлапцы — і яна па чарзе хлопала іх па ілбу тымі невялікімі шэрымі кветкамі, назвы якіх я не ведаю, але якія добра вядомы дзецям: гэтыя кветкі ўтвараюць невялікія мяшочкі і разрываюцца з трэскам, калі хлопнеш імі па чым-небудзь цвёрдым. Маладыя людзі так ахвотна падстаўлялі свае ілбы — а ў рухах дзяўчыны (я яе бачыў збоку) было штосьці такое чароўнае, загаднае, ласкаючае, насмешлівае і мілае, што я ледзь не крыкнуў ад здзіўлення і прыемнасці і, здаецца, адразу-ж аддаў-бы ўсё на свеце, каб толькі і мяне гэтыя чароўныя пальчыкі хлопнулі па ілбу. Стрэльба мая саслізнула на траву, я аб усім забыўся, я пажыраў позіркам гэты стройны стан і шыйку і прыгожыя рукі — і злёгку растрапаныя белакурыя валасы пад белай хустачкай і гэта поўзаплюшчанае, разумнае вока і гэтыя вейкі і пяшчотную шчаку пад імі…

— Малады чалавек, а малады чалавек, — прагаварыў раптам каля мяне нейчы голас, — хіба можна глядзець так на чужых паненак?

Я ўвесь задрыжэў, я абамлеў… Каля мяне, за плотам стаяў нейкі чалавек з коратка астрыжанымі чорнымі валасамі — і іранічна паглядаў на мяне. — У гэты самы момант і дзяўчына павярнулася да мяне… Я ўбачыў вялікія шэрыя вочы на рухавым, ажыўленым твары — і ўвесь гэты твар раптам задрыжэў, засмяяўся, белыя зубы бліснулі на ім, бровы неяк забаўна падняліся… Я ўспыхнуў, схапіў з зямлі стрэльбу і, праследуемы звонкім, але не злым рогатам, уцёк да сябе ў пакой — кінуўся на пасцель і закрыў твар рукамі. — Сэрца маё так і трапятала; мне было надта сорамна і весела: я адчуваў небывалае хваляванне.

Адпачыўшы, я прычасаўся, пачысціўся і пайшоў уніз піць чай. Вобраз маладой дзяўчыны насіўся перад маімі вачыма, сэрца перастала трапятаць, але неяк прыемна сціскалася.

— Што з табой? — нечакана запытаўся ў мяне бацька: — забіў варону?

Я хацеў было ўсё расказаць яму — але стрымаўся — і толькі ўсміхнуўся сам сабе. Кладучыся спаць, я, сам не ведаю навошта, разы тры павярнуўся на адной назе, напамадзіўся, лёг — і ўсю ноч спаў як забіты. — Перад раніцай я прачнуўся на міг, прыўзняў галаву, паглядзеў навакол сябе з захапленнем — і зноў заснуў.

III

— «Як-бы з імі пазнаёміцца?» была першая мая думка як толькі я прачнуўся раніцой. — Я перад чаем пайшоў у сад, але не падыходзіў вельмі блізка да плоту і нікога не бачыў. Пасля чаю я прайшоўся, некалькі разоў па вуліцы перад дачай, — здалёку заглядаў у вокны… Мне паказаўся за фіранкай яе твар, і я са сполахам хутчэй адышоў. «Аднак, трэба-ж пазнаёміцца», — падумаў я, бязладна пахаджаючы па пясчанай раўніне, што рассцілалася перад Няскучным. — «Але як? вось у чым пытанне». Я прыпамінаў малейшыя падрабязнасці ўчарайшай сустрэчы: мне чамусьці асабліва ясна ўяўлялася, як гэта яна насмяялася нада мною… Але, пакуль я хваляваўся і будаваў розныя планы лёс паклапаціўся ўжо аба мне.

У маю адсутнасць матуля атрымала ад новай сваёй суседкі пісьмо на шэрай паперы, запячатанай бурым сургучом, які ўжываецца толькі на паштовых павестках, ды на корках таннага віна. У гэтым пісьме, напісаным непісьменнай мовай і неахайным почыркам, княгіня прасіла маці аказаць ёй заступніцтва: матуля мая, па словах княгіні, была добра знаёма з уплывовымі людзьмі, ад якіх залежаў яе лёс і лёс яе дзяцей, таму што ў яе былі вельмі важныя працэсы: «Я хвам звяртаюся, — пісала яна, — як благародная дама хблагароднай даме, і пры тым мне прыемна пакарыстацца гэтым выпадкам». Канчаючы, яна прасіла ў матулі дазволу з’явіцца да яе. Я застаў матулю ў дрэнным настроі: бацькі не было дома, і ёй не было з кім параіцца. Не адказваць «благароднай даме», ды яшчэ княгіні, было немагчыма, а як адказваць — матуля не ведала. — Напісаць запіску па-французску здавалася ёй няўмесным — а ў рускай арфаграфіі сама матуля не была моцнай — і ведала гэта — і не хацела кампраметаваць сябе. Яна ўзрадавалася майму прыходу і адразу-ж загадала мне схадзіць да княгіні і словамі растлумачыць ёй, што матуля мая заўсёды гатова зрабіць яе светласці, па меры сіл, паслугу — і просіць яе зайсці гадзіне а першай. — Нечакана хуткае спаўненне маіх таемных жаданняў мяне і ўзрадавала і спалохала; аднак я не выказаў авалодаўшай мною збянтэжанасці — і папярэдне пайшоў да сябе ў пакой, каб надзець новенькі гальштук і сурдуцік: дома я яшчэ хадзіў у куртцы і з адкладнымі каўнерыкамі, хоць яны надта мне ўжо надакучылі.

IV

У цеснай і неахайнай пярэдняй флігельчыка, куды я зайшоў з мімавольным дрыжэннем ва ўсім целе, — сустрэў мяне стары і сівы слуга з цёмным, меднага колеру, тварам, свінымі панурымі вочкамі і такімі глыбокімі маршчынамі на ілбе і на скронях, якіх я ў жыцці не бачыў. Ён нёс на талерцы аб’едзены хрыбет селядца — і, прычыняючы нагою дзверы, што выходзілі ў другі пакой, адрывіста прагаварыў: — чаго вам?

— Княгіня Засекіна дома? — запытаўся я.

— Ваніфаці! — закрычаў за дзвярыма брынклівы жаночы голас.

Слуга моўчкі павярнуўся да мяне спіною, прычым я ўбачыў моцна выцертую спіну яго ліўрэі — з адзінокім парыжэлым гербавым гузікам — і пайшоў, паставіўшы талерку на падлогу.

— У квартал хадзіў? — паўтарыў той самы жаночы голас. Слуга прамармытаў нешта. — А?.. Прышоў нехта? — пачулася зноў. — Суседні паніч! — Ну — прасі.

— Калі ласка ў гасціную, — прагаварыў слуга, паявіўшыся зноў перада мною — і падымаючы талерку з падлогі. Я паправіўся і зайшоў у «гасціную».

Я апынуўся ў невялікім і не зусім ахайным пакоі з беднай, нібы наспех расстаўленай мэбляй. Ля акна, на крэсле з адламанай ручкай, сядзела жанчына гадоў пяцідзесяці, проставалосая і непрыгожая, у зялёнай старой сукенцы і са стракатай гаруснай касынкай вакол шыі. Яе невялікія чорныя вочкі так і ўпіліся ў мяне.

Я падышоў да яе і раскланяўся.

— Я маю гонар гаварыць з княгіняй Засекінай?

— Я княгіня Засекіна; а вы сын пана В.?

— Так. Я прышоў да вас з даручэннем ад матулі.

— Сядайце, калі ласка. Ваніфаці! дзе мае ключы, не бачыў?

Я паведаміў пані Засекінай адказ маёй матулі на яе запіску. Яна выслухала мяне, пастукваючы тоўстымі чырвонымі пальцамі па падаконніку, а калі я скончыў, яшчэ раз уставілася на мяне.

— Вельмі добра; абавязкова буду, — сказала яна нарэшце. — А які вы яшчэ малады! Колькі вам год, дазвольце запытацца?

— Шаснаццаць год, — адказваў я з мімавольнай запінкай.

Княгіня дастала з кішэні нейкія спісаныя зацухмоленыя паперы, паднесла іх да самага носа — і пачала перабіраць іх.

— Добрыя гады, — раптам сказала яна, паварачваючыся і ёрзаючы на крэсле. — А вы, калі ласка, будзьце без цырамоніі. У мяне проста.

«Надта проста», падумаў я, з мімавольнай гадлівасцю аглядаючы ўсю яе непрыгожую фігуру.

У гэты момант другія дзверы гасцінай хутка расчыніліся, і на парозе з’явілася дзяўчына, якую я бачыў учора ў садзе. Яна падняла руку — і на твары яе прамільгнула ўсмешка.

— А вось і дачка мая, — сказала княгіня, паказаўшы на яе локцем. — Зіначка, сын нашага суседа, пана В. Як вас завуць, дазвольце даведацца?

— Владзімірам, — адказваў я, устаючы і прышэптваючы ад хвалявання.

— А па бацьку?

— Пятровічам.

— Так. У мяне быў паліцмейстар знаёмы. Таксама Владзімірам Пятровічам звалі. Ваніфаці! не шукай ключоў! ключы ў мяне ў кішэні.

Маладая дзяўчына прадаўжала глядзець на мяне з ранейшай усмешкай, злёгку жмурачыся і схіліўшы галоўку крыху набок.

— Я ўжо бачыла мс’е Вальдэмара, — пачала яна. (Срабрысты гук яе голасу прабег па мне нейкім салодкім халадком). — Вы мне дазволіце так называць вас?

— Калі ласка, — пралепятаў я.

— Дзе гэта? — запыталася княгіня.

Княжна не адказвала сваёй маці.

— Вы цяпер заняты? — сказала яна, не спускаючы з мяне вачэй.

— Не.

— Хочаце вы мне дапамагчы шэрсць разблытаць? Ідзіце сюды, да мяне.

Яна кіўнула мне галавой і пайшла з гасцінай. Я пайшоў услед за ёю.

У пакоі, куды мы ўвайшлі, мэбля была крыху лепшая і расстаўлена з большым густам. Між іншым, у гэты момант я амаль нічога заўважыць не мог: я рухаўся як у сне — і адчуваў ва ўсім саставе сваім нейкае да недарэчнасці напружанае шчасце.

Княжна села, дастала маток чырвонай шэрсці і, паказаўшы мне на крэсла насупраць яе, старанна маток і паклала мне на рукі. Усё гэта яна рабіла моўчкі, з нейкай смешнай марудлівасцю і з той-жа светлай і хітрай усмешкай на ледзь-ледзь раскрытых губах. Яна пачала наматываць шэрсць на перагнутую карту і раптам асвятліла мяне такім ясным і быстрым позіркам, што я мімаволі апусціў вочы. Калі яе вочы, большай часткай прыжмураныя, адкрываліся ва ўсю велічыню сваю — яе твар мяняўся зусім: нібы святло разлівалася па ім.

— Што вы думалі аба мне ўчора, мс’е Вальдэмар? — запыталася яна, крыху счакаўшы. — Вы, напэўна, асудзілі мяне?

— Я… княжна… я нічога не думаў… як я магу… — адказваў я з замяшаннем.

— Паслухайце, — запярэчыла яна. — Вы мяне яшчэ не ведаеце: я надзвычай дзіўная; я хачу, каб мне заўсёды праўду гаварылі. Вам, я чула, шаснаццаць год, а мне дваццаць адзін: вы бачыце, я значна старэй за вас — і таму вы заўсёды павінны мне гаварыць праўду — і слухацца мяне, — далала яна. — Глядзіце на мяне — чаму вы на мяне не глядзіце?

Я яшчэ больш збянтэжыўся; аднак падняў на яе вочы. — Яна ўсміхнулася, толькі не ранейшай, а іншай пахвальнай усмешкай. — Глядзіце на мяне, — прагаварыла яна, ласкава зніжаючы голас: — мне гэта не непрыемна. — Мне ваш твар падабаецца; я прадчуваю, што мы будзем сябрамі. А я вам падабаюся? — дадала яна хітра.

— Княжна… — пачаў было я…

— Па-першае, называйце мяне Зінаідай Аляксандраўнай — а па-другое — што гэта за прывычка ў дзяцей (яна паправілася) — у маладых людзей — не гаварыць адкрыта тое, што яны адчуваюць? Гэта добра для дарослых. Я-ж вам падабаюся?

Хоць мне і вельмі было прыемна, што яна так адкрыта са мною гаварыла, аднак я крыху пакрыўдзіўся. Я хацеў паказаць ёй, што яна мае справу не з хлопчыкам і, прыняўшы па магчымасці развязны і сур’ёзны выгляд, сказаў: — Вядома, вы надта мне падабаецеся, Зінаіда Аляксандраўна; я не хачу гэтага таіць.

Яна з расстаноўкай паківала галавой. — У вас ёсць гувернёр? — запыталася яна раптам.

— Не — у мяне ўжо даўно няма гувернёра.

Я хлусіў: яшчэ месяца не прайшло з таго часу, як я расстаўся са сваім французам.

— О! ды я бачу — вы зусім дарослы.

Яна лёгенька ўдарыла мяне па пальцах. — Трымайце проста рукі! — І яна старанна пачала наматваць клубок.

Я скарыстаў тое, што яна не падымала вачэй і пачаў яе разглядаць, перш украдкам, затым усё смялей і смялей. Твар яе паказаўся мне яшчэ больш прыгожым, чым напярэдадні: так усё ў ім было далікатна, разумна і міла. Яна сядзела спіной да акна, завешанага белай фіранкай; сонечнае праменне, прабіваючыся скрозь гэту фіранку, аблівала мяккім святлом яе пушыстыя, залацістыя валасы, яе нявінную шыю, выпуклыя плечы і пяшчотныя, спакойныя грудзі. — Я глядзеў на яе — і якой дарагой і блізкай рабілася яна мне! Мне здавалася, што ўжо даўно я яе ведаю — і нічога не ведаў і не жыў да яе… На ёй была цёмненькая, паношаная сукенка з фартухом; я, здаецца, ахвотна пагладзіў-бы кожную складку гэтай сукенкі і гэтага фартуха. Кончыкі яе чаравікаў выглядвалі з-пад яе сукенкі: я-б з абажаннем пракланіўся да гэтых чаравікаў… І вось я сяджу перад ёю, — падумаў я: — я з ёю пазнаёміўся… якое шчасце, божа мой! Я ледзь не саскочыў з крэсла ад захаплення, але толькі нагамі крыху пабаўтаў, як дзіця, якое лакоміцца.

Мне было добра, як рыбе ў вадзе…і я век-бы не пайшоў з гэтага пакоя…не пакінуў-бы гэтага месца.

Яе павекі ціха падняліся…і зноў ласкава заззялі перада мной яе светлыя вочы, і зноў яна ўсміхнулася.

— Як вы на мяне глядзіце, — павольна сказала яна і пагразіла мне пальцам.

Я пачырванеў… «Яна ўсё разумее, яна ўсё бачыць», прамільгнула ў маёй галаве. «І як ёй усяго не разумець і не бачыць!»

Раптам штосьці застукала ў суседнім пакоі — зазвінела шабля.

— Зіна! — закрычала ў гасцінай княгіня: — Белаўзораў прынёс табе кацянё.

— Кацянё! — усклікнула Зінаіда і, імкліва ўсхапіўшыся з крэсла, кінула клубок мне на калені і выбегла.

Я таксама ўстаў і, паклаўшы маток шэрсці і клубок на падаконнік, вышаў у гасціную і спыніўся ў замяшанні: сярод пакоя ляжала, растапырыўшы, лапкі, паласатае кацянё; Зінаіда стаяла перад ім на каленях і асцярожна падымала яму мордачку. Каля княгіні, засланіўшы амаль усё прасценне паміж вокнамі, быў відаць белакуры і кучаравы малайчына-гусар з румяным тварам і вачыма навыкаце.

— Якое смешнае! — гаварыла Зінаіда: — і вочы ў яго не шэрыя, а зялёныя, і вушы якія вялікія! Дзякуй вам, Віктар Ягоравіч! Вы надта мілы!

Гусар, у якім я пазнаў аднаго з бачаных мною ўчора маладых людзей, усміхнуўся і пакланіўся, прычым шчоўкнуў шпорамі і стукнуў кальцом шаблі.

— Вы ўчора сказалі, што хочаце мець паласатае кацянё з вялікімі вушамі… вось, я і дастаў. Слова — закон. — І ён зноў пакланіўся.

Кацянё слаба піскнула і пачало нюхаць падлогу.

— Яно галоднае! — усклікнула Зінаіда. — Ваніфаці, Соня! прынясіце малака.

Пакаёўка ў старай жоўтай сукенцы з палінялай хустачкай на шыі ўвайшла са сподачкам малака ў руцэ і паставіла яго перад кацянём. Кацянё здрыганулася, зажмурылася і пачало хлябтаць.

— Які ў яго ружовы язычок, — заўважыла Зінаіда, прыгнуўшы галаву амаль да падлогі і заглядваючы яму збоку пад самы нос.

Кацянё пад’ела і замурлыкала, манерна перабіраючы лапкамі. Зінаіда ўстала і, павярнуўшыся да пакаёўкі, абыякава прагаварыла: — вынесі яго.

— За кацянё — ручку, — сказаў гусар, выскаліўшыся і перадзёрнуўшы ўсім сваім магутным целам, туга зацягненым у новы мудзір.

— Абедзве, — запярэчыла Зінаіда і працягнула да яго рукі. Пакуль ён цалаваў іх, яна глядзела на мяне цераз плячо.

Я стаяў нерухома на адным месцы і не ведаў — ці засмяяцца мне, ці сказаць што-небудзь або так прамаўчаць. Раптам у адчыненых дзвярах пярэдняй, мне кінулася ў вочы фігура нашага лакея Фёдара. Ён рабіў мне знакі. Я машынальна вышаў да яго.

— Чаго ты? — запытаўся я.

— Мамка прыслала па вас, — сказаў ён шэптам. — Яны гневаюцца, што вы з адказам не вяртаецеся.

— Ды хіба я даўно тут?

— Больш гадзіны.

— Больш гадзіны! — паўтарыў я мімавольна — і, вярнуўшыся ў гасціную, пачаў раскланьвацца і шоргаць нагамі.

— Куды вы? — запыталася ў мяне княжна, зірнуўшы з-за гусара.

— Мне дадому трэба. Дык я скажу, — дадаў я, звяртаючыся да старой: — што вы зойдзеце да нас а другой гадзіне.

— Так і скажыце, баценька.

Княгіня таропка дастала табакерку і так шумна панюхала, што я нават уздрыгануўся. — Так і скажыце, — паўтарыла яна, слязліва міргаючы і крэкчучы.

Я яшчэ раз пакланіўся, павярнуўся і вышаў з пакоя з тым пачуццём нялоўкасці ў спіне, якую адчувае вельмі малады чалавек, калі ён ведае, што яму глядзяць услед.

— Глядзіце, мс’е Вальдэмар, заходзьце да нас, — крыкнула Зінаіда і зноў рассмяялася.

«Што гэта яна ўсё смяецца?» думаў я, вяртаючыся дадому ў суправаджэнні Фёдара, які нічога мне не гаварыў, але ішоў за мною з дрэнным настроем. Матуля на мяне пасварылася і здзівілася: што я мог так доўга рабіць у гэтай княгіні? я нічога не адказваў ёй — і пайшоў да сябе ў пакой. Мне раптам стала вельмі сумна… Я сіліўся не плакаць… я рэўнаваў да гусара!

V

Княгіня, як абяцала, наведала матулю — і не спадабалася ёй. Я не прысутнічаў пры іх спатканні, але за сталом матуля расказвала бацьку, што гэта княгіня Засекіна ёй здаецца une femme très vulgaire, што яна вельмі надакучыла ёй сваімі просьбамі хадайнічаць за яе ў князя Сергія, што ў яе ўсё нейкія цеганіны і справы — des vilaines affaires d’argent — і што яна мабыць вялікая кляўзніца. Аднак матуля дадала, што яна запрасіла яе з дачкой на заўтрашні дзень абедаць (пачуўшы слова «з дачкой», я ўткнуў нос ў талерку), — таму што яна ўсё-такі суседка — і з імем. На гэта бацька сказаў матулі, што ён цяпер прыпамінае, якая гэта пані; што ён у маладосці ведаў нябожчыка князя Засекіна, вельмі добра выхаванага, але пустога і недарэчнага чалавека; што яго ў кампаніі звалі «le Parisien», з прычыны яго доўгага пражывання ў Парыжы; што ён быў надта багаты, але прагуляў усё сваё багацце — і невядома чаму, ледзь не з-за грошай, — між іншым, ён мог-бы лепш выбраць, — дадаў бацька і халодна ўсміхнуўся, — жаніўся на дачцы нейкага прыказнога, а жаніўшыся, пусціўся ў спекуляцыі — і разарыўся канчаткова.

— Хоць-бы яна грошай не папрасіла пазычыць, — заўважыла матуля.

— Гэта вельмі магчыма, — спакойна прагаварыў бацька. — Гаворыць яна па-французску?

— Надта дрэнна.

— Гм. Між іншым, гэта ўсёроўна. Ты, мне здаецца, сказала, што ты і дачку яе запрасіла; мяне хтосьці запэўняў, што яна надта мілая і адукаваная дзяўчына.

— А! Значыцца яна не ў матку пайшла.

— І не ў бацьку, — запярэчыў бацька. — Той быў таксама адукаваны — ды дурны.

Матуля ўздыхнула і задумалася. Бацька змоўк. Мне было вельмі няёмка на працягу гэтай размовы.

Пасля абеду я пайшоў у сад, але без стрэльбы. Я даў было сабе слова не падыходзіць да «Засекінага сада», але непераадольная сіла цягнула мяне туды — і нездарма. Не паспеў я падыйсці да плоту — як убачыў Зінаіду. На гэты раз яна была адна. Яна трымала ў руках кніжку і павольна ішла па дарожцы. Яна мяне не заўважала.

Я ледзь не прапусціў яе; раптам схапіўся і кашлянуў.

Яна павярнулася, але не спынілася, адвяла рукою шырокую блакітную стужку свайго круглага саламянага капелюша, — паглядзела на мяне, крыху ўсміхнулася ў зноў накіравала вочы ў кніжку.

Я зняў шапку, і памяўшыся крыху на месцы, пайшоў з цяжкім сэрцам. — «Que suis-jа pour elle?»? падумаў я (бог ведае чаму) па-французску.

Знаёмыя крокі пачуліся за мною: я азірнуўся — да мяне сваёй шпаркай і лёгкай хадою ішоў бацька.

— Гэта княжна? — запытаўся ён у мяне.

— Княжна.

— Хіба ты яе ведаеш?

— Я яе бачыў сёння раніцой у княгіні.

Бацька спыніўся — і крута павярнуўшыся на абцасах, пайшоў назад. Параўняўшыся з Зінаідай, ён далікатна ёй пакланіўся. Яна таксама яму пакланілася, не без некаторага здзіўлення на твары, і апусціла кнігу. Бачыў я, як яна праводзіла яго вачыма. Мой бацька заўсёды адзяваўся вельмі элегантна — своеасабліва і проста; але ніколі яго фігура не паказалася мне больш стройнай, ніколі яго шэры капялюш не сядзеў прыгажэй на яго ледзь парадзеўшых кудрах.

Я накіраваўся было да Зінаіды, але яна нават не паглядзела на мяне, зноў паднесла да вачэй кнігу і адышла.

VI

Цэлы вечар і наступную раніцу правёў я ў нейкім панурым аняменні. Памятаецца, я паспрабаваў працаваць і ўзяўся за Кайданава — але дарэмна мільгалі перада мною доўгія радкі і старонкі славутага падручніка. Дзесяць разоў падрад прачытаў я словы: «Юлій Цэзар вызначаўся воінскай адвагай» — не зразумеў нічога і кінуў кнігу. Перад абедам я зноў напамадзіўся і зноў надзеў сурдуцік і гальштук.

— Дзеля чаго-ж гэта? — запыталася матуля. — Ты яшчэ не студэнт, і бог ведае, ці вытрымаеш ты экзамены? — Ды ці даўно табе пашылі куртку? Не кідаць-жа яе.

— Госці будуць, — прашаптаў я амаль у роспачы.

— Вось глупства! якія гэта госці!

Трэба было пакарыцца. Я замяніў сурдуцік курткай, але гальштука не зняў. Княгіня з дачкой прышла за поўгадзіны да абеду; старая, апрача зялёнай, ужо знаёмай мне сукенкі, накінула жоўты шаль і надзела старамодні чапец з стужкамі вогненнага колеру. Яна адразу-ж загаварыла аб сваіх векселях, уздыхала, скардзілася на сваю беднасць, «вымарочвала», але ніколькі не трымала сябе чынна: таксама шумна нюхала табак, таксама свабодна паварачвалася і ёрзала на крэсле. Ёй як быццам і ў галаву не прыходзіла, што яна княгіня. Затое Зінаіда трымалася вельмі строга, амаль ганарліва, сапраўднай княжной. На твары яе паявілася халодная нерухомасць і важнасць — і я не пазнаў яе, не пазнаваў яе позіркаў, яе ўсмешкі, хоць ў ў гэтым новым выглядзе яна мне здавалася цудоўнай. На ёй была лёгкая барэжавая сукенка з бледнасінімі разводамі; валасы яе падалі доўгімі завіткамі ўдоўж шчок — на англійскі манер; гэта прычоска падыходзіла да халоднага выразу яе твара. — Бацька мой сядзеў каля яе ў часе абеду і з уласцівай яму далікатнай і спакойнай ветлівасцю весяліў сваю суседку. Ён зрэдку паглядаў на яе — і яна зрэдку на яго паглядала; — ды так дзіўна, амаль варожа. Размаўлялі яны па-французску; — мяне, памятаю, здзівіла чыстата вымаўлення слоў Зінаідай. Княгіня, у часе абеду, па-ранейшаму трымала сябе свабодна, многа ела і хваліла стравы. Матулі як відаць княгіня не спадабалася і яна адказвала ёй з нейкай сумнай пагардлівасцю; бацька зрэдку крышачку моршчыў бровы. Зінаіда таксама не спадабалася матулі. — Гэта нейкая фанабэрка, — гаварыла яна ў наступны дзень. — І падумаеш — чаго фанабэрыцца — avec sa mine de grisette.

— Ты як відаць, не бачыла грызетак, — заўважыў ёй бацька.

— І дзякуй богу.

— Вядома, дзякуй богу… толькі як-жа ты можаш меркаваць аб іх?

На мяне Зінаіда не звяртала зусім ніякай увагі. Хутка пасяя абеду княгіня пачала развітвацца.

— Буду спадзявацца на ваша заступніцтва, Марыя Нікалаеўна і Пётр Васільевіч, — сказала яна нараспеў матулі і бацьку. — Што рабіць! Былі часы, ды мінуліся. Вось і я — сіяцельная — дадала яна з непрыемным смехам: — ды што з тае чэсці, калі няма чаго есці!

Бацька пачціва ёй пакланіўся і правёў яе да пярэдніх дзвярэй. Я стаяў тут-жа ў сваёй куцай куртцы і глядзеў на падлогу, нібы прысуджаны да смерці. Абыходжанне Зінаіды са мной мяне канчаткова прыбіла. Якое-ж маё было здзіўленне, калі праходзячы каля мяне, яна скорагаворкай і з ранейшай ласкай у вачах шапнула мне: — прыходзьце да нас у восем гадзін, чуеце, абавязкова… Я толькі развёў рукамі — але яна пайшла ўжо, накінуўшы нa галаву белы шарф.

VII

Роўна ў восем гадзін я ў сурдуце і з прыўзнятым на галаве кокам уваходзіў у пярэднюю флігельчыка, дзе жыла княгіня. Стары слуга панура паглядзеў на мяне і неахвотна ўстаў з лаўкі. У гасцінай чуліся вясёлыя галасы. Я адчыніў дзверы — і адступіў у здзіўленні. Сярод пакоя, на крэсле, стаяла княжна і трымала перад сабой мужчынскі капялюш; вакол крэсла таўпілася пяцёра мужчын. Яны стараліся запусціць рукі ў капялюш, а яна падымала яго ўгару і моцна трэсла ім. Убачыўшы мяне, яна закрычала: пачакайце, пачакайце! новы госць, трэба і яму даць білет — і лёгка саскочыўшы з крэсла, узяла мяне за абшлаг сурдута. — Пойдзем-жа, — сказала яна: — што вы стаіце? Messieurs дазвольце вас пазнаёміць; гэта мс’е Вальдэмар, сын нашага суседа. А гэта, — дадала яна, звяртаючыся да мяне і паказваючы па чарзе на гасцей: — граф Малеўскі, доктар Лушын, паэт Майданаў, адстаўны капітан Нірмацкі і Белаўзораў, гусар, якога вы ўжо бачылі. Прашу любіць ды жалаваць.

Я да такой ступені сканфузіўся, што нават не пакланіўся нікому; у доктару Лушыне я пазнаў таго самага чарнявага пана, які так бязлітасна мяне прысароміў у садзе; астатнія былі мне незнаёмы.

— Граф! — прадаўжала Зінаіда: — напішыце мс’е Вальдэмару білет.

— Гэта несправядліва, — запярэчыў з лёгкім польскім акцэнтам граф, надта прыгожы і франтавата апрануты брунет, з выразнымі карымі вачыма, вузкім белым носікам і тонкімі вусікамі над маленькім ротам. — «Яны» не гулялі з намі ў фанты.

— Несправядліва, — паўтарылі Белаўзораў і пан, назва- ны адстаўным капітанам, чалавек гадоў сарака, рабы да агіднасці, кучаравы як арап, сутулаваты, крываногі і апрануты ў ваенны сурдут без эпалетаў наросхрыст.

— Пішыце білет, вам кажуць, — паўтарыла княжна. — Гэта што за бунт? Мс’е Вальдэмар з намі ўпершыню, і сёння для яго закон не пісан. Няма чаго бурчэць, пішыце, я так хачу.

Граф паціснуў плячыма, але, нахіліўшы пакорліва галаву, узяў пяро ў белую, пярсцёнкамі ўпрыгожаную руку, адарваў кавалачак паперы і стаў пісаць на ім.

— Прынамсі, дазвольце растлумачыць пану Вальдэмару, у чым справа, — пачаў насмешлівым голасам Лушын: — а то ён зусім збянтэжыўся. Бачыце, малады чалавек, мы гуляем у фанты; княжна падверглася штрафу — і той, хто дастане шчаслівы білет, — будзе мець права пацалаваць у яе руку. Ці зразумелі вы, што я вам сказаў?

Я толькі зірнуў на яго і прадаўжаў стаяць як атуманены, — а княжна зноў ускочыла на крэсла і зноў пачала трэсці капелюшом. Усе да яе пацягнуліся — і я за імі.

— Майданаў, — сказала княжна высокаму маладому чалавеку з хударлявым тварам, маленькімі сляпымі вочкамі і надзвычай доўгімі, чорнымі валасамі: — вы, як паэт, павінны быць велікадушны і ўступіць баш білет мс’е Вальдэмару — так каб у яго было два шансы замест аднаго.

Але Майданаў адмоўна паківаў галавой і ўзмахнуў валасамі. Я пасля ўсіх апусціў руку ў капялюш, узяў і раскруціў білет… Божа мой, што зрабілася са мною, калі я ўбачыў на ім слова: пацалунак!

— Паналунак! — крыкнуў я мімаволі.

— Брава! ён выйграў, — падхапіла княжна. — Як я рада! Яна злезла зэ крэсла і так ясна і соладка зазірнула мне ў вочы, што ў мяне сэрца заныла. — А вы рады? — запыталася яна ў мяне.

— Я?.. — пралепятаў я.

— Прадайце мне свой білет, — буркнуў раптам над самым маім вухам Белаўзораў. — Я вам сто рублёў дам.

Я адказаў гусару такім абураючым позіркам, што Зінаіда запляскала ў далоні, а Лушын усклікнуў: малайчына!

— Але, — прадаўжаў ён: — я, як цэрэмоніймейстар, абавязан назіраць за выкананнем усіх правіл. Мс’е Вальдэмар, апусціцеся на адно калена! Так у нас заведзена.

Зінаіда стала перада мной, нахіліўшы крыху галаву на бок — нібы дзеля таго, каб лепш разгледзець мяне — і з важнасцю працягнула мне руку. У мяне памуцілася ў вачах; я хацеў апусціцца на адно калена — упаў на абодва — і так нязграбна дакрануўся губамі да пальцаў Зінаіды, што злёгку абцарапаў сабе канец носа яе пазногцем.

— Добра! — закрычаў Лушын і дапамог мне ўстаць.

Гульня ў фанты прадаўжалася. Зінаіда пасадзіла мяне каля сябе. Якіх ні прыдумвала яна штрафаў! Ёй прышлося, між іншым, быць «статуяй» — і яна ў п’едэстал сабе выбрала агіднага Нірмацкага, загадала яму лягчы ніцма, ды яшчэ ўткнуць твар у грудзі. Рогат не змаўкаў ні на момант. Мне самотна і цвяроза выхаванаму хлопчыку, вырасшаму ў панскім, паважным доме, увесь гэты шум і гам, гэта бесцырамонная, амаль шалёная весялосць, гэтыя небывалыя зносіны з незнаёмымі людзьмі так і кінуліся ў галаву. Я проста ап’янеў, як ад гарэлкі. Я пачаў рагатаць і балбатаць мацней за іншых — так што нават старая княгіня, якая сядзела ў суседнім пакоі з нейкім прыказным ад Іверскіх варот, пакліканым для нарады, вышла паглядзець на мяне. Але я адчуваў сябе да такой ступені шчаслівым, што, як кажуць, у вус не дзьмуў — і ў грош не ставіў нічыіх насмешак і нічыіх косых позіркаў. Зінаіда прадаўжала аддаваць мне перавагу і не адпускала мяне ад сябе. — У адным штрафе мне давялося сядзець з ёй побач, накрыўшыся адной шоўкавай хусткай: я павінен быў сказаць ёй свой сакрэт. Памятаю я, як нашы абедзве галовы раптам апынуліся ў душнай, поўпразрыстай, пахучай імгле, як у гэтай імгле блізка і мякка свяціліся яе вочы і горача дыхалі раскрытыя губы, і зубы былі відаць, і канцы яе валасоў, мяне ласкаталі і пяклі. Я маўчаў; — яна ўсміхалася таямніча і хітра і нарэшце — шапнула мне: ну што-ж? а я толькі чырванеў і смяяўся і адварочваўся і ледзь пераводзіў дух. Фанты надаелі нам, — мы пачалі гуляць у вяровачку. Божа мой! якое я адчуваў захапленне, калі, зазяваўшыся, атрымаў ад яе моцны і рэзкі ўдар па пальцах — і як пасля я знарок стараўся паказваць, што зяваю, а яна дражніла мяне і не чапала падстаўляемых рук!

Ды ці гэта мы яшчэ рабілі на працягу гэтага вечара! Мы і на фартэпіяна гралі і спявалі і танцавалі і прадстаўлялі цыганскі табар — Нірмацкага адзелі мядзведзем і напаілі вадою з соллю. Граф Малеўскі паказваў нам розныя картачныя фокусы і скончыў тым, што, ператасаваўшы карты, здаў сабе ў віст усе козыры, з чым Лушын «меў гонар яго павіншаваць». Майданаў дэкламаваў нам урыўкі са сваёй паэмы «Забойца» (справа адбывалася ў самым разгары рамантызма), якую ён наважваўся выдаць у чорнай вокладцы з загалоўнымі літарамі крывавага колеру; — у прыказнога ад Іверскіх варот укралі з калень шапку — і прымусілі яго, у выглядзе выкупу, пратанцаваць казачка; — старога Ваніфація прыбралі ў чапец, — а княжна надзела мужчынскі капялюш… Усяго не пералічыш. Адзін Белаўзораў усё больш трымаўся ў кутку, нахмураны і злосны… Іншы раз вочы яго наліваліся крывёю, ён увесь чырванеў, і здавалася, што вось-вось ён зараз рынецца на ўсіх нас і параскідае нас, як трэскі, ва ўсе бакі; але княжна паглядвала на яго, гразіла яму пальцам, і ён зноў забіваўся ў свой куток.

Мы, нарэшце, выбіліся з сіл. Княгіня ўжо нашто была, як яна сама казала, ходкая — ніякія крыкі яе не трывожылі — аднак і яна адчула стомленасць і захацела адпачыць. У 12 гадзін ночы падалі вячэру, якая складалася з кавалка старога сыру і нейкіх халодных піражкоў з сечанай вянглінай, якія мне здаліся смачнейшымі за ўсякія паштэты; віна была ўсяго адна бутэлька, і то нейкая дзіўная: цёмная з раздутым рыльцам, і віно ў ёй аддавала ружовай фарбай; між іншым, яго ніхто не піў. Стомлены і шчаслівы да знямогі, я вышаў з флігеля: на развітанне Зінаіда мне моцна паціснула руку і зноў загадкава ўсміхнулася.

Ноч цяжка і сыра павеяла мне ў разгарачаны твар; здавалася, рыхтавалася навальніца; чорныя хмары раслі і паўзлі па небе, як відаць мяняючы свае дымныя абрысы. Ветрык трывожна ўздрыгваў у цёмных дрэвах, і недзе далёка за небасхілам нібы пра сябе злосна і глуха бурчэў гром.

Праз задні ганак прабраўся я ў свой пакой. Дзядзька мой спаў на падлозе, і мне давялося пераступіць цераз яго. Ён прачнуўся — убачыў мяне і далажыў, што матуля зноў на мяне раззлавалася і зноў хацела паслаць па мяне, але што бацька яе стрымаў. (Я ніколі не клаўся спаць, не развітаўшыся з матуляй і не папрасіўшы яе благаслаўлення.) Не было чаго рабіць!

Я сказаў дзядзьку, што раздзенуся і лягу сам — і патушыў свечку… Але я не раздзеўся і не лёг.

Я прысеў на крэсла і доўга сядзеў як зачараваны… Тое, што я адчуваў, было так нова і так соладка. — Я сядзеў, ледзь азіраючыся і не варушачыся, павольна дыхаў і толькі час-ад-часу то моўчкі смяяўся, успамінаючы, то ўнутрана халадзеў пры думцы, што я закаханы, што вось яно, вось гэта каханне. Твар Зінаіды ціха плыў перада мною ў змроку — плыў і не праплываў — губы яе ўсё таксама загадкава ўсміхаліся, вочы глядзелі на мяне крыху збоку, запытальна, задумённа і пяшчотна… як у той міг, калі я расстаўся з ёю. Нарэшце я ўстаў, на цыпках падышоў да сваёй пасцелі і аспярожна, не раздзяючыся, паклаў галаву на падушку, нібы баючыся рэзкім рухам патрывожыць тое, чым я быў перапоўнены…

Я лёг, але нават вачэй не заплюшчыў. — Хутка я заўважыў, што да мяне ў пакой бесперапынна западалі нейкія слабыя водбліскі… Я прыпадняўся і зірнуў у акно. Рама яго выразна аддзялялася 21 таямязіча і смутна бялеўшых шыбаў. Навальніца, — падумаў я: — і сапраўды: была навальніца: — але яна праходзіла вельмі далёка, так што і грому не было чутна; толькі на небе бесперапынна ўспыхвалі няяркія, доўгія, нібы разгаліненыя маланкі: яны не столькі ўспыхвалі, колькі трапяталі і падзёргваліся, як крыло паміраючай птушкі. Я ўстаў, падышоў да акна і прастаяў там да раніцы… Маланкі не спыняліся ні на адзін момант; была, як кажуць у народзе, вераб’іная ноч. Я глядзеў на нямое пясчанае поле, на цёмную масу Няскучнага сада, на жаўтаватыя фасады далёкіх будынкаў, якія таксама нібы ўздрыгвалі пры кожнай слабай успышцы… Я глядзеў — і не мог адарвацца: гэтыя нямыя маланкі — гэтыя стрыманыя блісканні, здавалася, адпавядалі тым нямым і таемным парывам, якія ўспыхвалі таксама ў мне. Пачало днець; пунсовымі плямамі выступаў досвітак. З набліжэннем сонца ўсё бляднелі і скарачаліся маланкі; яны ўздрыгвалі ўсё радзей і радзей, і нарэшце зніклі, затопленыя ацвярожваючым і бясспрэчным святлом узнікаўшага дня.

І ў мне зніклі мае маланкі. Я адчуў вялікую стомленасць і цішыню… Але вобраз Зінаіды прадаўжаў насіцца, радуючыся, над маёй душой. Толькі ён сам, гэты вобраз, здаваўся супакоеным: як паляцеўшы лебедзь — ад балотнай травы, аддзяліўся ён ад акружаўшых яго іншых непрыстойных фігур, і я, засынаючы, у апошні раз прыгарнуўся да яго з развітальным і даверлівым абажаннем…

О, ціхія пачуцці, мяккія гукі, дабрата і заціханне расчуленай душы, таючая радасць першых уміленняў кахання, — дзе вы, дзе вы?

VIII

У наступную раціцу, калі я прышоў піць чай, матуля палаяла мяне — менш аднак, чым я чакаў, — і прымусіла мяне расказаць, як я правёў мінулы вечар. Я ёй адказваў коратка, апускаючы многія падрабязнасці і стараючыся надаць усяму самы нявінны выгляд.

— Усё такі яны людзі не comme il faut — заўважыла матуля, — і табе няма чаго да іх цягацца, замест таго, каб рыхтавацца да экзамену ды вучыцца.

Я ведаў, што клопаты матулі аб маіх занятках абмяжуюцца гэтымі нямногімі словамі і таму палічыў за лепшае не пярэчыць ёй: але пасля чаю бацька ўзяў мяне пад руку — і, адправіўшыся разам са мною ў сад, прымусіў мяне расказаць усё, што я бачыў у Засекіных.

Дзіўны ўплыў меў на мяне бацька — і дзіўныя былі нашы адносіны. Ён амаль не займаўся маім выхаваннем, але ніколі не абражаў мяне; ён паважаў маю свабоду — ён нават быў, калі можна так сказаць, далікатным са мною… толькі ён не дапускаў мяне да сябе. Я любіў яго, я любаваўся ім, ён здаваўся мне ўзорам мужчыны — і, божа мой, як-бы я моцна да яго прывязаўся, калі-б я заўсёды не адчуваў яго адхіляючай рукі! Затое, калі ён хацеў, ён умеў амаль уміг, адным словам, адным рухам узбудзіць у мне неабмежаваную даверлівасць да сябе. Душа мая раскрывалася — я размаўляў з ім, як з разумным прыяцелем, як з ласкавым настаўнікам… затым ён таксама нечакана пакідаў мяне — і рука яго зноў адхіляла мяне — ласкава і мякка, але адхіляла.

На яго находзіла іншы раз весялосць — і тады ён гатоў быў гуляць і сваволіць са мною як хлопчык (ён любіў усякі моцны цялесны рух); адзін раз — усяго толькі адзін раз! — ён прылашчыў мяне з такой пяшчотай, што я ледзь не заплакаў… Але і весялосць яго, і пяшчотнасць знікалі бясследна — і тое, што адбывалася паміж намі, не давала мне ніякіх надзей на будучыню — нібы я ўсё гэта ў сне бачыў. Бывала, стану я разглядаць яго разумны, прыгожы, светлы твар… сэрца маё задрыжыць, і ўся істота мая паімкнецца да яго… ён нібы адчуе, што ў мне абываецца, мімаходзь патрэпле мяне па шчацэ — і або пойдзе, або зоймецца чым-небудзь, або раптам увесь застыне, як ён адзін умеў застываць, і я адразу-ж сціснуся і таксама пахаладзею. Рэдкія прыпадкі яго прыхільнасці да мяне ніколі не былі выкліканы маімі маўклівымі, але зразумелымі просьбамі, — яны прыходзілі заўсёды нечакана. — Размышляючы пасля аб характары свайго бацькі, я прышоў да таго заключэння, што яму было не да мяне — і не да сямейнага жыцця; ён любіў іншае і ў поўнай меры атрымаў асалоду ад гэтага іншага. «Сам бяры, што можаш, а ў рукі не давайся; самому сабе належаць — у гэтым уся штука жыцця», — сказаў ён мне аднойчы. У наступны раз, я, у якасці маладога дэмакрата, пачаў у прысутнасці яго разважаць аб свабодзе (ён ў той дзень быў, як я гэта называў, «добры»; тады з ім можна было гаварыць аб чым хочаш). — Свабода, — паўтарыў ён: — а ці ведаеш ты, што можа чалавеку даць свабоду?

— Што?

— Воля, уласная воля, і ўладу яна дасць, якая лепш за свабоду. Умей хацець — і будзеш свабодным, і камандаваць будзеш.

Бацька мой перш за ўсё і больш за ўсё хацеў жыць… і жыў: магчыма, ён прадчуваў, што яму не прыдзецца доўга карыстацца «штукай» жыцця: ён памёр ва ўзросце сарака двух год.

Я падрабязна расказаў бацьку пра маё наведванне Засекіных. Ён напоўуважліва, напоўрассеяна слухаў мяне, седзячы на лаўцы і рысуючы канцом хлысціка на пяску. Ён зрэдку пасмейваўся, неяк светла і забаўна паглядваў на мяне — і падбіваў мяне кароткімі пытаннямі і пярэчаннямі. Я першы час не асмельваўся нават выгаварыць імя Зінаіды, але не ўтрымаўся і пачаў расхвальваць яе. Бацька ўсё прадаўжаў пасмейвацца. Пасля ён задумаўся, пацягнуўся і ўстаў.

Я успомніў, што, выходзячы з дому, ён загадаў асядлаць сабе каня. Ён быў выдатны коннік — і ўмеў, значна раней п. Рэры, уціхамірваць самых дзікіх коней.

— Я з табой паеду, тата? — запытаўся я ў яго.

— Не, — адказаў ён, і твар яго набыў звычайны, абыякава-ласкавы выраз. — Ідзі адзін, калі хочаш; а фурману скажы, што я не паеду.

Ён павярнуўся да мяне спіною і хутка пайшоў. Я сачыў за ім вачыма — ён знік за варотамі. Бачыў я, як яго капялюш рухаўся ўздоўж плоту: ён зайшоў да Засекіных.

Ён застаўся ў іх не больш гадзіны, але адразу-ж накіраваўся ў горад і вярнуўся дадому толькі пад вечар.

Пасля абеду я сам пайшоў да Засекіных. У гасцінай я застаў адну старую княгіню. Убачыўшы мяне, яна паскрэбла сабе ў галаве пад чапцом канцом прутка і раптам запыталася ў мяне, ці магу я перапісаць ёй адну просьбу.

— З прыемнасцю, — адказваў я, і прысеў на кончык крэсла.

— Толькі глядзіце, вялікія літары стаўце, — сказала княгіня, падаючы мне змазаны ліст, — ды можа сёння вы гэта зробіце?

— Сёння-ж перапішу.

Дзверы з сўседняга пакоя ледзь прыадчыніліся — і ў адтуліне паказаўся твар Зінаіды — бледны, задуменны, з неахайна адкінутымі назад валасамі: яна паглядзела на мяне вялікімі халоднымі вачыма і ціха зачыніла дзверы.

— Зіна, — а Зіна! — прагаварыла старая. Зінаіда не адазвалася. Я забраў з сабою просьбу старой і цэлы вечар прасядзеў над ёю.

IX.

Мая «страсць» пачалася з таго дня. — Я, памятаецца, адчуў тады нешта падобнае да таго, што павінен адчуць чалавек, які паступіў на службу: я перастаў ужо быць проста маладым хлопчыкам: я быў закаханы. Я сказаў, што з таго дня пачалася мая страсць: я мог-бы дадаць — што і пакуты мае пачаліся з таго-ж самага дня. Я мучыўся пры адсутнасці Зінаіды: нічога мне ў галаву не ішло, усё валілася з рук, я цэлымі днямі напружана думаў аб ёй… Я мучыўся… але ў часе яе прысутнасці мне станавілася не лягчэй. Я рэўнаваў, я разумеў сваю нікчэмнасць, я недарэчна дзьмуўся — і недарэчна рабалепстваваў: і ўсё-такі — непераадольная сіла цягнула мяне к ёй — і я кожны раз з мімавольнай дрыготкай шчасця пераступаў парог яе пакоя. Зінаіда адразу-ж здагадалася, што я закахаўся ў яе, ды я і не думаў утойваць гэтага; яна спацяшалася маёй страсцю, дурыла, песціла і мучыла мяне. Соладка быць адзінай крыніцай, самаўладнай і маўклівай прычынай найвялікшых радасцей і найглыбейшага гора для іншага — а я ў руках Зінаіды быў як мяккі воск. Між іншым, не я адзін закахаўся ў яе: усе мужчыны, якія наведвалі яе дом, былі страшэнна закаханы ў яе — і яна іх усіх трымала на прывязі — ля сваіх ног. Яе забаўляла ўзбуджаць у іх то надзеі, то апасенні, круціць імі, як уздумаецца ёй (гэта яна называла: стукаць людзей адзін аб другога) — а яны і не думалі супраціўляцца і ахвотна слухаліся яе. Ва ўсёй яе істоце, жывучай і прыгожай, была нейкая асаблівая прыемная сумесь хітрасці і бяспечнасці, штучнасці і прастаты, цішыні і рэзвасці: над усім, што яна рабіла, гаварыла, над кожным яе рухам насілася прыемная, лёгкая пяшчотнасць, ва ўсім выяўлялася своеасаблівая, гуляючая сіла. І твар яе ўвесь час мяняўся, таксама нібы гуляў: ён выражаў, амаль у адзін і той-жа час, — насмешлівасць, задуменнасць і страснасць. Рознастайнейшыя пачуцці, лёгкія, быстрыя, як цені воблакаў у сонечны ветраны дзень, увесь час перабягалі па яе вачах і губах.

Кожны з яе паклоннікаў быў ёй патрэбен. Белаўзораў, якога яна часамі называла «мой звер», а іншы раз проста «мой» — ахвотна кінуўся-б за яе ў агонь; не спадзеючыся на свае разумовыя здольнасці і іншыя годнасці, ён усё прапаноўваў ёй жаніцца, намякаючы на тое, што іншыя толькі дарэмна балбочуць. Майданаў адпавядаў паэтычным струнам яе душы: чалавек досыць халодны, як амаль усе сачыніцелі, ён напружана запэўняў яе, а магчыма, і сябе, што ён яе абажае, усхваляючы яе ў бясконцых вершах і чытаў іх ёй з нейкім і ненатуральным і шчырым захапленнем. Яна і спачувала яму і крыху падтруньвала над ім; яна кепска яму верыла і, наслухаўшыся яго прызнанняў, прымушала яго чытаць Пушкіна, каб, як яна казала, ачысціць паветра. Лушын, насмешлівы, цынічны на словах доктар, ведаў яе лепш за ўсіх — і кахаў яе больш за ўсіх, хоць лаяў яе і ў вочы і за вочы. Яна паважала яго, але не давала спуску яму — і часамі, з асаблівай, злараднай прыемнасцю давала яму адчуваць, што і ён у яе руках. «Я какетка, я без сэрца, я акторская натура, — сказала яна яму аднойчы пры мне: — а, добра! дык дайце-ж вашу руку, я ўваткну ў яе шпільку, вам будзе сорамна гэтага маладога чалавека, вам будзе балюча, а ўсё такі вы, пан праўдзівы чалавек, смейцеся». Лушын пачырванеў, адвярнуўся, закусіў губы, але скончыў тым, што падставіў руку. Яна ўкалола яго, і ён сапраўды пачаў смяяцца… і яна смяялася, запускаючы досыць глыбока шпільку і заглядваючы яму ў вочы, якімі ён дарэмна вадзіў па баках…

Горш за ўсё я разумеў адносіны, якія існавалі паміж Зінаідай і графам Малеўскім. Ён быў прыгожы, спрытны і разумны, але штосьці няпэўнае, штосьці фальшывае здавалася ў ім нават мне, шаснаццацігадоваму хлопчыку, і я здзіўляўся таму, што Зінаіда гэтага не заўважае. А магчыма, яна і заўважала гэту фальшывасць і не грэбавала ёю. Няправільнае выхаванне, дзіўныя знаёмствы і звычкі, заўсёдная прысутнасць маці, беднасць і беспарадак у доме, усё, пачынаючы з самай свабоды, якой карысталася маладая дзяўчына, з разумення яе перавагі над акружаўшымі яе людзьмі, развіло ў ёй нейкую напоўпагардлівую неахайнасць і непатрабавальнасць. Бывала, што ні здарыцца — ці прыдзе Ваніфаці далажыць, што цукру няма, ці выйдзе наповерх якая-небудзь паганая плётка, ці пасварацца госці — яна толькі кудрамі страсяне і скажа: глупства! — і гора ёй мала.

Затое ў мяне, бывала, уся кроў загаралася, калі Малеўскі падыйдзе да яе, хітра пагойдваючыся, як ліс, далікатна абапрэцца на спінку яе крэсла і пачне шаптаць ёй на вуха самаздаволенай і падлізлівай усмешкай, — а яна складзе рукі на грудзях, уважліва глядзіць на яго, і сама ўсміхаецца і ківае галавой.

— Што вам за ахвота прымаць п. Малеўскага? — запытаўся я аднойчы ў яе.

— А ў яго такія цудоўныя вусікі, — адказвала яна. — Ды гэта не па вашай часці.

— Ці не думаеце вы, што я яго кахаю? — сказала яна мне ў наступны раз. — Не; я такіх кахаць не магу, на якіх мне даводзіцца глядзець зверху ўніз. Мне трэба такога, які-б сам мяне зламаў… Ды я на такога і не нападу, божа збаў! Не траплю нікому ў лапы, не, не!

— Значыцца, вы ніколі не пакахаеце?

— А вось вас? Хіба я вас не кахаю? — сказала яна і выцяла мяне па носе канцом пальчаткі.

Так, Зінаіда вельмі пацяшалася нада мной. На працягу трох тыдняў я яе бачыў кожны дзень — і чаго, чаго яна са мной не вырабляла! Да нас яна хадзіла рэдка, і я не шкадаваў аб гэтым; у нашым доме яна ператваралася ў паненку, у княжну, — і я дзічыўся яе. Я баяўся выдаць сябе перад матуляй; яна вельмі неспрыяльна адносілася да Зінаіды і непрыхільна наглядала за намі. Бацькі я не так баяўся: ён нібы не заўважаў мяне, а з ёю гаварыў мала, але неяк асабліва разумна і значна. Я перастаў працаваць, чытаць — я нават перастаў гуляць па аколіцах, ездзіць конна. Як прывязаны за ножку жук, я кружыўся заўсёды вакол любімага флігелька; здавалася, застаўся-б там назаўсёды… але гэта было немагчыма, матуля бурчэла на мяне, іншы раз сама Зінаіда мяне праганяла. Тады я замыкаўся ў сябе ў пакоі або ішоў на самы канец саду, узлазіў на ўцалелыя руіны высокай каменнай аранжарэі, звесіўшы ногі са сцяны, што выходзіла на дарогу, гадзінамі сядзеў і глядзеў, глядзеў, нічога не бачачы. Каля мяне — па запыленай крапіве ляніва пераляталі белыя матылькі; бойкі верабей садзіўся недалёка на поўразбітай, чырвонай цагліне — і раздражняльна чырыкаў, бесперапынна паварачваючыся ўсім целам і распусціўшы хвосцік; усё яшчэ недаверлівыя вароны зрэдку каркалі, седзячы высока, высока, на аголенай вяршыні бярозы — сонца і вецер ціха гулялі ў яе рэдзенькіх галінках; гул званоў Данскога манастыра прылятаў час-ад-часу, спакойны і нудны, — а я сядзеў, глядзеў, слухаў — і напаўняўся ўвесь нейкім безымянным адчуваннем, у якім было ўсё: і смутак, і радасць, і прадчуванне будучага, і жаданне, і страх жыцця. Але я тады нічога гэтага не разумеў і нічога-б не змог назваць з усяго таго, што ва мне брадзіла, — або назваў-бы гэта ўсё адным імем — імем Зінаіды.

А Зінаіда ўсё гуляла са мною, як кот з мышшу. Яна то какетнічала са мною — і я хваляваўся і таяў — то яна раптам мяне адштурхвала — і я не асмельваўся наблізіцца да яе, не асмельваўся зірнуць на яе.

Памятаецца, яна некалькі дзён падрад была вельмі халоднай да мяне: я зусім спалохаўся — і, баязліва забягаючы да іх у флігель, стараўся трымацца каля старой княгіні, не гледзячы на тое, што яна вельмі сварылася і крычала іменна ў гэты час: яе вексельныя справы ішлі надта дрэнна, і яна ўжо мела дзве сур’ёзныя размовы з квартальным.

Аднойчы я праходзіў у садзе каля вядомага плоту — і ўбачыў Зінаіду: падпершыся абодвума рукамі, яна сядзела на траве і не варушылася. Я хацеў было асцярожна пайсці ад яе, — але яна раптам падняла галаву — і зрабіла мне загадны знак. Я замёр на месцы: я не зразумеў яе адразу. Яна паўтарыла свой знак. Я неадкладна пераскочыў цераз плот і радасна падбег да яе; але яна спыніла мяне позіркам і паказала мне на дарожку, што была за два крокі ад яе. У замешанні, не ведаючы што рабіць, я стаў на калені на краю дарожкі. — Яна да таго была бледная, такі горкі смутак, такая глыбокая стомленасць былі ў кожнай яе рысе, што сэрца ў мяне сціснулася і я мімаволі прамармытаў: што з вамі?

Зінаіда працягнула руку, сарвала нейкую траўку, укусіла яе і адкінула ад сябе далей.

— Вы мяне вельмі кахаеце? — запыталася яна нарэшце. — Так?

Я нічога не адказваў, — ды і навошта мне было адказваць.

— Так, — паўтарыла яна, па-ранейшаму гледзячы на мяне. — Гэта так. Такія-ж вочы, — дадала яна, задумалася і закрыла твар рукамі. — Усё мне апрыкрыла, — прашаптала яна: — пайшла-б я на край свету, не магу я гэта перанесці, не магу зладзіць… І што чакае мяне наперадзе!.. Ах, мне цяжка… Божа мой, як цяжка!

— З-за чаго? — запытаўся я нясмела.

Зінаіда мне не адказвала і толькі паціснула плячыма. Я прадаўжаў стаяць на каленях і з глыбокім смуткам глядзеў на яе. Кожнае яе слова так і ўразалася мне ў сэрца. У гэты момант я, здаецца, ахвотна-б аддаў жыццё сваё, толькі б яна не гаравала. Я глядзеў на яе — і, усё такі, не разумеючы, чаму ёй было цяжка, жвава ўяўляў сабе, як яна раптам, у прыпадку нястрымнай тугі, пайшла ў сад — і кінулася на зямлю, як падкошаная. — Навокал было і светла, і зелена; вецер шамацеў у лісці дрэў, зрэдку хістаючы доўгую галіну маліны над галавой Зінаіды. Дзесьці варкавалі галубы — і пчолы гудзелі, нізка пералятаючы па рэдкай траве. Зверху ласкава сінела неба — а мне было так маркотна…

— Прачытайце мне якія-небудзь вершы, — прагаварыла сцішка Зінаіда і абапёрлася на локаць. — Я люблю, калі вы чытаеце вершы. Вы спяваеце, але гэта нічога, гэта молада. Прачытайце мне: «На ўзгорках Грузіі». — Толькі сядзьце перш.

Я сеў і прачытаў: «На ўзгорках Грузіі».

— «Што не кахаць яно не можа», — паўтарыла Зінаіда. — Вось, чым паэзія добра: яна гаворыць нам тое, чаго няма, і што не толькі лепш за тое, што ёсць, але нават больш падобна да праўды… Што не кахаць — яно не можа — і хацела-б, ды не можа! — Яна зноў сціхла і раптам схамянулася і ўстала. — Пойдзем. У матулі сядзіць Майданаў; ён мне прынёс сваю паэму, а я яго пакінула. Ён таксама засмучаны цяпер… што рабіць! вы калі-небудзь даведаецеся… толькі не сярдуйце на мяне!

Зінаіда торапка паціснула мне руку і пабегла наперад. Мы вярнуліся ў флігель. Майданаў пачаў чытаць нам свайго толькі што надрукаванага «Забойцу», але я не слухаў яго. Ён выкрыкваў нараспеў свае 4-стопныя ямбы — рыфмы чаргаваліся і звінелі, як званочкі, пуста і гучна, а я ўсё глядзеў на Зінаіду і ўсё стараўся зразумець значэнне яе апошніх слоў.

„Иль, может быть, соперник тайный
Тебя нежданно покорил?“

усклікнуў раптам гнусавы Майданаў — і мае вочы і вочы Зінаіды сустрэліся. Яна апусціла іх і крыху пачырванела. Я ўбачыў, што яна пачырванела, і пахаладзеў ад сполаху. Я ўжо раней рэўнаваў да яе — але думка аб тым, што яна пакахала, толькі ў гэты момант прамільгнула ў маёй галаве. «Божа мой! яна пакахала!»

Х

Сапраўдныя мае пакуты пачаліся з гэтага моманту. Я ламаў сабе галаву, раздумваў, перадумваў, — і неадступна, хоць па меры магчымасці скрытна, назіраў за Зінаідай. У ёй адбылася перамена — гэта было відавочна. Яна ішла гуляць адна і гуляла доўга. Іншы раз яна гасцям не паказвалася; цэлымі гадзінамі сядзела ў сябе ў пакоі. Перш гэтага за ёй не назіралася. Я раптам зрабіўся, — ці мне здалося, што я зрабіўся, — надзвычай праніклівым. «Ці не ён? або ўжо ці не ён? пытаўся я ў самога сябе, трывожна перабягаючы думкай ад аднаго яе паклонніка да другога. Граф Малеўскі (хоць я і саромеўся за Зінаіду ў гэтым прызнацца) тайком здаваўся мне небяспечнейшым за другіх.

Мая назіральнасць не бачыла далей свайго носа, і мая скрытнасць, напэўна, нікога не ашукала; прынамсі, доктар Лушын хутка мяне раскусіў. Між іншым, і ён змяніўся ў апошні час: ён пахудзеў, смяяўся таксама часта, але неяк глушэй, зласней і карацей — мімавольная, нервовая раздражняльнасць змяніла ў ім ранейшую лёгкую іронію і напышлівы цынізм.

— Што вы гэта ўвесь час цягаецеся сюды, малады чалавек, — сказаў ён мне аднойчы, застаўшыся са мной ў гасцінай Засекіных. (Княжна яшчэ не вярнулася з прагулкі, а крыклівы голас княгіні чуўся ўсё ў мезаніне; яна сварылася са сваёй пакаёўкай.) — Вам патрэбна было-б вучыцца, працаваць — пакуль вы малады — а вы — што робіце?

— Вы не можаце ведаць, ці працую я дома, — запярэчыў я яму не без ганарлівасці, але і не без збянтэжання.

— Якая ўжо тут работа! У вас не тое ў галаве. Ну, я не спрачаюся… у вашы годы гэта ў парадку рэчаў. Ды выбар вось ваш надта няўдачны. Хіба вы не бачыце, што гэта за дом?

— Я вас не разумею, — заўважыў я.

— Не разумееце? тым горш для вас. Я лічу абавязкам перасцерагчы вас. Нашаму брату, старому халасцяку, можна сюды хадзіць: што нам зробіцца? мы народ прагартаваны, нас нічым не прабярэш, а ў вас скурачка яшчэ далікатная; тут для вас паветра шкоднае — паверце мне; заразіцца можаце.

— Як гэта?

— Ды так. Хіба вы здаровы цяпер? Хіба вы ў нармальным становішчы? Хіба тое, што вы адчуваеце — карысна для вас, добра?

— Ды што я адчуваю? — сказаў я, а сам у душы разумеў, што доктар праўду кажа.

— Эх, малады чалавек, малады чалавек, — прадаўжаў доктар з такім выразам, як быццам у гэтых двух словах заключалася штосьці для мяне надта крыўднае: — дзе вам хітраваць? Ды ў вас яшчэ, дзякуй богу, што на душы, тое і на твары. А ў тым, што і гаварыць! я і сам сюды не хадзіў-бы, калі-б… (доктар сціснуў зубы)… калі-б я не быў такі-ж дзівак. Толькі вось чаму я здзіўляюся: як вы, з вашым розумам, не бачыце, што робіцца навокал вас?

— А што-ж такое робіцца? — падхапіў я, і ўвесь насцярожыўся.

Доктар паглядзеў на мяне з нейкім насмешлівым шкадаваннем.

— Добры нябось і я, — прагаварыў ён, нібы сам сабе: — вельмі патрэбна гэта яму гаварыць. Адным словам, — дадаў ён, павысіўшы голас, — паўтараю вам: тутэйшая атмасфера вам непрыгодна. Вам тут прыемна — ды мала чаго няма! І ў аранжарэі таксама прыемна пахне, ды жыць у ёй нельга. Гэй! Паслухайце, вазьміцеся зноў за Кайданава.

Княгіня ўвайшла і пачала скардзіцца доктару на зубны боль. Пасля з’явілася Зінаіда.

— Вось, — дадала княгіня, — пан доктар, пасварыцеся на яе. Цэлы дзень п’е ваду з лёдам — хіба ёй гэта здорава пры яе слабых грудзях?

— Навошта вы гэта робіце? — запытаўся Лушын.

— А што з гэтага можа атрымацца?

— Што? вы можаце прастудзіцца і памерці.

— На самай справе? Няўжо? Ну, што-ж — туды і дарога.

— Вось як, — прабурчэў доктар. Княгіня пайшла.

— Вось як, — паўтарыла Зінаіда. — Хіба жыць так весела? азірніцеся кругом… Што — добра? Ці вы думаеце, што я гэтага не разумею, не адчуваю? Мне прыемна піць ваду з лёдам, і вы сур’ёзна можаце запэўніць мяне, што такое жыццё варта таго, каб не рыскнуць ім за міг прыемнасці — я ўжо аб шчасці не гавару.

— Ну так, — заўважыў Лушын, — капрыз і незалежнасць — гэтыя два словы вас вычэрпваюць: уся ваша натура ў гэтых двух словах.

Зінаіда нервова засмяялася.

— Спазніліся поштай, любезны доктар. Назіраеце дрэнна — адстаеце. — Надзеньце акуляры. — Не да капрызаў мне цяпер; вас абдурваць, сябе абдурваць… вось дык весела — а што да незалежнасці… Мс’е Вальдэмар, — дадала раптам Зінаіда і тупнула ножкай: — не рабіце меланхалічнай фізіяноміі. Я цярпець не магу, калі мяне шкадуюць. — Яна хутка вышла.

— Шкодная, шкодная вам тутэйшая атмасфера, малады чалавек, — яшчэ раз сказаў мне Лушын.

XI

Вечарам таго-ж дня сабраліся ў Засекіных звычайныя госці; я быў у іх ліку.

Размова зайшла аб паэме Майданава; Зінаіда чыстасардэчна яе хваліла. — Але ведаеце што? — сказала яна яму: — калі-б я была паэтам — я брала-б іншыя сюжэты. Магчыма, усё гэта глупства, — але мне іншы раз прыходзяць у галаву дзіўныя думкі, асабліва калі я не сплю, перад раніцай, калі неба пачынае станавіцца і ружовым і шэрым. — Я-б, напрыклад… Вы не будзеце з мяне смяяцца?

— Не! не! — усклікнулі мы ўсе ў адзін голас.

— Я прадставіла-б, — прадаўжала яна, склаўшы рукі на грудзях і накіраваўшы вочы ўбок: — цэлую кампанію маладых дзяўчат, уначы, у вялікай лодцы — на ціхай рацэ. Месяц свеціць, а яны ў белым і ў вянках з белых кветак, і спяваюць ведаеце, што-небудзь накшталт гімна.

— Разумею, разумею, прадаўжайце — значна і летуценна прагаварыў Майданаў.

— Раптам — шум, рогат, факелы, бубны на беразе… Гэта натоўп вакханак бяжыць, з песнямі, з крыкам. Ужо тут ваша справа намаляваць карціну, пан паэт… толькі я хацела-б, каб факелы былі чырвоныя і надта дыміліся і каб вочы ў вакханак блішчэлі пад вянкамі, а вянкі павінны быць цёмныя. Не забудзьце таксама тыгравых скур і чаш — і золата, многа золата.

— Дзе-ж павінна быць золата? — запытаўся Майданаў, адкідаючы назад свае плоскія валасы і расшыраючы ноздры.

— Дзе? на плячах, на руках, на нагах, усюды, Кажуць, у старажытнасці жанчыны залатыя кольцы насілі на шчыкалатках. Вакханкі клічуць да сябе дзяўчын у човен. Дзяўчаты перасталі спяваць свой гімн — яны не могуць яго прадаўжаць — але яны не варушацца: рака падносіць іх да берага. І вось, раптам адна з іх ціха ўстае… Гэта трэба добра апісаць: як яна ціха ўстае пры святле месяца, і як яе сяброўкі палохаюцца… Яна пераступіла край лодкі, вакханкі яе акружылі, аднеслі ў ноч, у цемень… Уявіце сабе тут дым клубамі, і ўсё змяшалася. Толькі чуецца іх піск, ды вянок яе застаўся на беразе.

Зінаіда змоўкла. (О! яна пакахала! — падумаў я зноў).

— І толькі? — запытаўся Майданаў.

— Толькі, — адказвала яна.

— Гэта не можа быць сюжэтам для цэлай паэмы, — важна заўважыў ён, — але для лірычнага верша я вашу думку скарыстаю.

— У рамантычным родзе? — запытаўся Малеўскі.

— Вядома, у рамантычным родзе, Байранаўскім.

— А па-мойму, Гюго лепш за Байрана, — абыякава прагаварыў малады граф: — цікавей.

— Гюго пісьменнік першакласны, — запярэчыў Майданаў: — і мой прыяцель. Тонкашыяў, у сваім інспанскім рамане Эль-Травадор…

— Ах, гэта тая кніга з перакуленымі пытальнікамі? — перапыніла Зінаіда.

— Ды гэта так прынята ў іспанцаў. Я хацеў сказаць, што Тонкашыяў…

— Ну! вы зноў пачнеце спрачацца аб класіцызме і рамантызме, — зноў перапыніла яго Зінаіда. — Давайце лепш гуляць…

— У фанты? — падхапіў Лушын.

— Не, у фанты нудна; а ў параўнанні. (Гэту гульню прыдумала сама Зінаіда: называўся які-небудзь прадмет, кожны стараўся параўнаць яго з чым-небудзь, і той, хто падбіраў лепшае параўнанне, атрымліваў прыз). Яна падышла да акна. Сонца толькі што зайшло, на небе высока стаялі доўгія чырвоныя воблакі.

— Да чаго падобны гэтыя воблакі? — запыталася Зінаіда і, не чакаючы нашага адказу, сказала: — я лічу, што яны падобны да тых пурпуровых парусоў, якія былі на залатым караблі ў Клеапатры, калі яна ехала насустрач Антонію. Памятаеце, п. Майданаў, вы нядаўна мне аб гэтым расказвалі?

Усе мы, як Палоній у «Гамлеце», рашылі, што воблакі нагадвалі іменна гэтыя парусы, і што лепшага параўнання ніхто з вас не знойдзе.

— А колькі год было тады Антонію? — запыталася Зінаіда.

— Напэўна ўжо быў малады чалавек, — заўважыў Малеўскі.

— Так малады, — запэўняльна пацвердзіў Майданаў.

— Прабачце, — усклікнуў Лушын: — яму было за сорак год.

— За сорак год, — паўтарыла Зінаіда, зірнуўшы на яго быстрым позіркам.

Я хутка пайшоў дадому. — «Яна пакахала», мімаволі шапталі мае губы… «Але каго?»

ХII

Дні праходзілі. Зінаіда рабрася ўсё больш дзіўнай, незразумелай. Аднойчы я зайшоў да яе і ўбачыў яе сядзячай на саламяным крэсле, з галавой, прыціснутай да вострага краю стала. Яна выпрасталася… Увесь твар яе быў абліты слязьмі.

— А! Вы! — сказала яна з жорсткай ўсмешкай. — Хадзіце-ж сюды.

Я падышоў да яе: яна паклала мне руку на галаву і, раптам ухапіўшы мяне за валасы, пачала круціць іх.

— Баліць, — сказаў я нарэшце.

— А! баліць! а мне не баліць? не баліць? — паўтарыла яна.

— Ай! — крыкнула яна раптам, убачыўшы, што вырвала ў мяне маленькую пасму валасоў. — Што гэта я зрабіла? Бедны мс’е Вальдэмар.

Яна асцярожна расправіла вырваныя валасы, абкруціла іх вакол пальца і скруціла ў кальцо.

— Я вашы валасы пакладу сабе ў медальён — і насіць іх буду, — сказала яна, а ў самой на вачах усё блішчэлі слёзы. — Гэта вас, магчыма ўцешыць крыху… а цяпер бывайце.

Я вярнуўся дадому і застаў там непрыемнасць. У матулі адбывалася непрыемная размова з бацькам: яна ў нечым дакарала яго, а ён, па свайму звычаю холадна і далікатна маўчаў — і неўзабаве паехаў. Я не мог чуць, аб чым гаварыла маці, ды мне было і не да гэтага; памятаю толькі, што, пасля размовы, яна загадала паклікаць мяне да сябе ў кабінет і з вялікім нездавальненнем адазвалася аб маіх частых наведваннях у княгіні, якая, па яе словах, была une femme capable de tout. Я падышоў да яе рукі (гэта я рабіў заўсёды, калі хацеў спыніць размову) і пайшоў да сябе. Слёзы Зінаіды збілі мяне зусім з панталыку; я зусім не ведаў, на якой думцы спыніцца, і сам гатоў быў плакаць: я ўсё-такі быў дзіцем, не гледзячы на мае шаснаццаць год. Ужо я не думаў больш аб Малеўскім, хоць Белаўзораў з кожным днём станавіўся ўсё больш і больш грозным і глядзеў на выкрутлівага графа як воўк на барана, ды я ні аб чым і ні аб кім не думаў. Я губляўся ў меркаваннях і ўсё шукаў адасобленых месц. Асабліва палюбіў я руіны аранжарэі. Узлезу бывала, на высокую сцяну, сяду, і сяджу там такім няшчасным, адзінокім і сумным юнаком, што мне самому становіцца сябе шкада — і такімі мне былі радаснымі гэтыя гаротныя адчуванні, так упіваўся я імі!..

Вось, аднойчы, сяджу я на сцяне, гляджу ў далячынь і слухаю гул званоў… раптам штосьці прабегла па мне — ветрык не ветрык і не дрыготка, а нібы подых, нібы адчуванне нейчай блізкасці… Я апусціў вочы. Унізе — па дарозе — у лёгкай шэранькай сукенцы, з ружовым парасонікам на плячы, таропка ішла Зінаіда. Яна ўбачыла мяне, спынілася і, адкінуўшы край саламянага капелюша, падняла на мяне свае аксамітныя вочы.

— Што гэта вы робіце там, на такой вышыні? — запыта- лася яна ў мяне з нейкай дзіўнай усмешкай. — Вось, — прадаўжала яна: — вы ўсё запэўняеце, што вы мяне кахаеце, — саскочце да мяне на дарогу, калі сапраўды кахаеце мяне.

Не паспела Зінаіда сказаць гэтых слоў, як я ўжо ляцеў уніз, нібы хто падштурхнуў мяне ззаду. У сцяне было каля двух сажняў вышыні. Я ўлучыў на зямлю нагамі, але штуршок быў такі моцны; што я не мог утрымацца: я паваліўся і на міг страціў прытомнасць. Калі я апамятаўся, я, не расплюшчваючы вачэй, адчуў каля сябе Зінаіду. — «Любы мой хлопчык, — гаварыла яна, нахіліўшыся нада мною — і ў голасе яе гучэла ўстрывожаная пяшчотнасць: — як мог ты гэта зрабіць, як мог ты паслухацца… Я-ж цябе кахаю… устань».

Яе грудзі дыхалі каля маіх, яе рукі дакраналіся да маёй галавы, і раптам — што сталася са мною тады — яе мяккія, свежыя губы пачалі пакрываць увесь мой твар пацалункамі… яны дакрануліся да маіх губ… Але тут Зінаіда, напэўна, здагададася, па выразу майго твара, што я ўжо апрытомнеў, хоць я ўсё яшчэ вачэй не расплюшчваў — і, хутка прападняўшыся, прагаварыла: — «Ну ўставайце, свавольнік, неразумны; што гэта вы ляжыце ў пыле?» — Я ўстаў. — Падайце мне мой парасонік, — сказала Зінаіда: — бач, куды я яго кінула; ды не глядзіце на мяне так… што за глупства? вы не пабіліся? апякліся, бадай, у крапіве? Кажуць вам, не глядзіце на мяне… Ды ён нічога не разумее, не адказвае, — дадала яна, нібы пра сябе. — Ідзіце дадому, мс’е Вальдэмар, пачысціцеся — ды не смейце ісці за мною, а то я раззлуюся, і ўжо больш ніколі…

Яна не скончыла сваёй размовы і хутка пайшла, а я прысеў на дарогу… ногі мяне не трымалі. Крапіва апякла мне рукі, спіна ныла і галава кружылася — але пачуццё вялікага шчасця, якое я зазнаў тады, ужо не паўтарылася ў маім жыцці. Яно стаяла салодкім болем на ўсіх маіх членах і вылілася, нарэшце, у захопленыя прыжкі і ўскліцанні. Сапраўды: я быў яшчэ дзіця.

XIII

Я такі быў вясёлы і горды ўвесь гэты дзень, я так выразна адчуваў на сваім твары пацалункі Зінаіды — я з такім уздрыгам захаплення ўспамінаў кожнае яе слова — я так песціў сваё нечаканае шчасце, што мне рабілася нават страшна, не хацелася нават убачыць яе, вінавайцу гэтых новых адчуванняў. Мне здавалася, што ўжо больш нічога не трэба было патрабаваць ад лёсу, што цяпер варта было-б «узяць, уздыхнуць добра апошні раз, дый памерці». Затое, у наступны дзень, ідучы ў флігель, я адчуваў вялікую збянтэжанасць, якую дарэмна стараўся захаваць пад лічынай скромнай развязнасці, прыстойнай чалавеку, які жадае паказаць, што ён умее захаваць тайну. Зінаіда прыняла мяне вельмі проста, без усялякага хвалявання — толькі пагразіла мне пальцам і запыталася: ці няма ў мяне сінякоў? Уся мая скромная развязнасць і таямнічнасць зніклі ўмомант, а разам з імі і збянтэжанасць мая. Вядома, я нічога не чакаў асаблівага, але спакой Зінаіды мяне нібы халоднай вадой абліў: я зразумеў, што я дзіця ў яе вачах — і мне стала вельмі цяжка! Зінаіда хадзіла ўзад і ўперад па пакоі, кожны раз усміхалася, як толькі заглядала на мяне; але думкі яе былі далёка — я гэта ясна бачыў… «Загаварыць самому аб учарайшай справе, — падумаў я: — запытаць у яе, куды яна так спяшалася, каб даведацца канчаткова…» але я толькі махнуў рукою і прысеў у куток.

Зайшоў Белаўзораў, і я ўзрадаваўся яму.

— Не знайшоў я вам пад сядло каня, спакойнага, — загаварыў ён злосным голасам: — Фрэйтаг мне ручаецца за аднаго, ды я не ўпэўнен. Баюся.

— Чаго-ж вы баіцеся? — запыталася Зінаіда. — Дазвольце запытацца.

— Чаго? Вы-ж не ўмееце ездзіць. Яшчэ што здарыцца, барані бог! І што за фантазія прышла вам раптам у галаву!

— Ну, гэта мая справа, мс’е мой звер. У такім выпадку я папрашу Пятра Васільевіча… (Майго бацьку звалі Пятром Васільевічам. Я здзівіўся, што яна так лёгка і свабодна ўспомніла яго імя, нібы яна была ўпэўнена ў яго гатоўнасці ўслужыць ёй.)

— Вось што, — сказаў Белаўзораў. — Вы гэта з ім хочаце ездзіць?

— З ім — ці з другім — гэта для вас усёроўна. Толькі не з вамі.

— Не са мной, — паўтарыў Белаўзораў. — Як хочаце. Што-ж? Я вам каня дастаўлю.

— Ды толькі глядзіце — не карову якую-небудзь. Я вас папярэджваю, што я хачу скакаць.

— Скачыце, бадай. З кім-жа гэта, з Малеўскім ці што, вы паедзеце?

— А чаму-ж і не з ім — воін? Ну, супакойцеся, — дадала яна — і не паблісквайце вачыма. Я і вас вазьму. Вы ведаеце, што для мяне цяпер Малеўскі — фі! — Яна страсянула галавой.

— Вы гэта гаворыце, каб мяне пацешыць, — прабурчэў Белаўзораў.

Зінаіда прыжмурылася. — Гэта вас спацяшае?.. О… о… о… воін! — сказала яна нарэшце, як-бы не знайшоўшы іншага слова. — А вы мс’е Вальдэмар, паехалі-б вы з намі?

— Я не люблю… у вялікай кампаніі… — прамармытаў я, не падымаючы вачэй.

— Вы лічыце за лепшае tête à-tête?.. Ну, вольнаму воля, спасёнаму… рай, — прагаварыла яна ўздыхнуўшы. — Ідзіце-ж, Белаўзораў, клапаціцеся. Мне конь патрэбен на заўтрашні дзень.

— Так; а грошы дзе ўзяць? — умяшалася княгіня.

Зінаіда наморшчыла бровы.

— Я ў вас іх не прашу — Белаўзораў мне паверыць.

— Паверыце, паверыце… — прабурчэла княгіня, і раптам ва ўсё горла закрычала: — Дуняшка!

— Maman, я вам падарыла званочак, — заўважыла княжна.

— Дуняшка! — паўтарыла старая.

Белаўзораў адкланяўся, я пайшоў разам з ім… Зінаіда мяне не стрымлівала.

XIV

У наступную раніцу я ўстаў рана — выразаў сабе палку — і адправіўся на заставу. Пайду, думаў, развею сваё гора. Дзень быў прыгожы, светлы і не надта спякотны: вясёлы, свежы вецер гуляў над зямлёй — і ў меру шумеў, усё варушачы і нічога не трывожачы. Я доўга блукаў па гарах, па лясах; я не адчуваў сябе шчаслівым — я вышаў з дому з намерам аддацца смутку; але маладосць, цудоўнае надвор’е, свежае паветра, уцеха шпаркай хады, пяшчота самотнага ляжання на густой траве — узялі сваё: успаміны аб тых незабыўных словах, аб тых пацалунках, зноў улезлі мне ў душу. Мне прыемна было думаць, што Зінаіда не можа, аднак, не аддаць справядлівасць маёй рашымасці, майму гераізму… «Другія для яе лепш за мяне, — думаў я, — няхай! Затое другія толькі скажуць, што зробяць — а я зрабіў… І ці тое я магу яшчэ зрабіць для яе!..» — Уяўленне маё заіграла. Я пачаў думаць, як я буду выратоўваць яе з рук непрыяцеляў, як я, увесь абліты крывёю, вырву яе з цямніцы, як памру ля яе ног. Я ўспомніў карціну, што вісела ў нашай гасцінай: Малек-Адэля, які ўносіць Матыльду… і адразу-ж заняўся паяўленнем вялікага стракатага дзятла, які клапатліва падымаўся па тонкаму ствалу бярозы і з трывогай выглядаў з-за яе — то направа, то налева, нібы музыка з-за шыйкі кантрабаса.

Пасля я заспяваў: «Не белы снягі», і звёў на вядомы ў той час раманс: «Я жду цябе, калі зефір гуллівы»; затым я пачаў уголас чытаць зварот Ермака да зорак з трагедыі Хамякова; паспрабаваў быў стварыць сам што-небудзь у чуллівым тоне — прыдумаў нават радок, якім павінен быў заканчвацца ўвесь верш: «О Зінаіда! Зінаіда!» але нічога не вышла. Між тым, падыходзіў час абеду. Я спусціўся ў даліну: вузкая пясчаная дарожка вілася па ёй і вяла ў горад. Я пайшоў па гэтай дарожцы… Глухі стук конскіх капытоў пачуўся за мною. Я азірнуўся, мімаволі спыніўся і зняў шапку: я убачыў свайго бацьку і Зінаіду. Яны ехалі побач. Бацька гаварыў ёй штосьці, перагнуўшыся да яе ўсім станам і абапёршыся рукою на шыю каня; ён усміхаўся; Зінаіда слухала яго моўчкі, строга апусціўшы вочы і сціснуўшы губы. Я перш убачыў іх адных; толькі праз некаторы момант, з-за павароту даліны, паказаўся Белаўзораў, у гусарскім мундзіры з менцікам, на ўспененым вараным кані. Добры конь матляў галавою, фыркаў і танцаваў: коннік і стрымліваў яго, і шпорыў. Я сышоў убок. Бацька падабраў павады, адхіліўся ад Зінаіды, яна павольна на яго зірнула — і абое паехалі рыссю… Белаўзораў праімчаўся ўслед за імі, бразгаючы шабляй… «Ён чырвоны як рак, — падумаў я, — яна — чаму яна такая бледная? ездзіла конна цэлую раніцу — і бледная?»

Я падвоіў крокі — і паспеў дадому перад самым абедам. Бацька ўжо сядзеў пераапрануты, вымыты і свежы каля матчынага крэсла і чытаў ёй сваім роўным і гучным голасам сам фельетон „Journal des Débats“ але матуля слухала яго без увагі і, убачыўшы мяне, запыталася, дзе я прападаў цэлы дзень і дадала, што не любіць, калі цягаюцца бог ведае дзе — і бог ведае з кім. Ды я гуляў адзін, хацеў было адказаць ёй, але паглядзеў на бацьку і чамусьці прамаўчаў.

XV

На працягу наступных пяці, шасці дзён я амаль не бачыў Зінаіды; яна была хворай, што не перашкаджала, аднак, звычайным наведвальнікам флігеля з’яўляцца — як яны гаварылі — на сваё дзяжурства — усім, апрача Майданава, які адразу падаў духам і сумаваў, як толькі не меў выпадку захапляцца. Белаўзораў сядзеў панура ў кутку, увесь зашпілены і чырвоны; на далікатным твары графа Малеўскага заўсёды блукала нейкая нядобрая ўсмешка; ён, сапраўды, упаў у няміласць у Зінаіды і з асаблівай стараннасцю падслугоўваў старой княгіні, ездзіў з ёй у возніцкай карэце да генерал-губернатара; між іншым, гэта паездка аказалася няўдачнай, і Малеўскаму здарылася нават непрыемнасць: яму напомнілі нейкую гісторыю з нейкімі пуцейскімі афіцэрамі — і ён павінен быў у тлумачэннях сваіх, сказаць, што быў тады неспрактыкаваны. Лушын прыязджаў разы два на дзень, але заставаўся нядоўга: я крыху баяўся яго пасля нашай апошняй размовы — і ў той-жа час адчуваў да яго шчырую прыхільнасць. — Ён аднойчы пайшоў гуляць са мною па Няскучнаму саду, быў надта добрадушным і ласкавым, паведамляў мне назвы і ўласцівасці розных траў і кветак — і раптам, як кажуць, ні к сялу, ні к гораду — усклікнуў, ударыўшы сябе па ілбу: «а я, дурань, думаў, што яна какетка! Як відаць, афяроўваць сабою — соладка — для іншых».

— Што вы хочаце гэтым сказаць? — запытаўся я.

— Вам я нічога не хачу сказаць, — адрывіста запярэчыў Лушын.

Мяне Зінаіда ўнікала: маё паяўленне — я не мог гэтага не заўважыць — стварала на яе ўражанне непрыемнае. Яна мімаволі адварочвалася ад мяне… мімаволі; вось што было горка, вось што мяне мучыла — але дапамагчы нічым нельга было — і я стараўся не трапляць ёй на вочы, і толькі здалёк яе падпільноўваў, што не заўсёды мне ўдавалася. З ёй па-ранейшаму адбывалася штосьці незразумелае: яе твар стаў іншы, уся яна іншая стала. Асабліва здзівіла мяне перамена, якая адбылася ў ёй у адзін цёплы ціхі вечар. Я сядзеў на нізенькай лавачцы пад шырокім кустом бузіны; я любіў гэта месцейка: адтуль было відаць акно зінаідзінага пакоя. Я сядзеў: над маёй галавой у пацямнеўшых лісцях рупліва варушылася маленькая птушка; шэры кот, выгнуўшы спіну, асцярожна падкрадваўся ў сад, і першыя жукі цяжка гудзелі ў паветры, яшчэ празрыстым, хоць ужо не светлым. Я сядзеў і глядзеў на акно — і чакаў — ці не адчыніцца яно: правільна, яно адчынілася — і ў ім паявілася Зінаіда. На ёй была белая сукенка — і сама яна, яе твар, плечы, рукі — былі бледныя да белізны. Яна доўга заставалася нерухомай — і доўга глядзела нерухома і проста з-пад нахмураных броваў. Я і не бачыў ніколі ў яе такога позірку. Пасля яна сціснула рукі, моцна, моцна, паднесла іх да губ — да ілба — і раптам, разняўшы пальцы, адкінула валасы ад вушэй, страсянула імі — і з нейкай рашучасцю кіўнуўшы зверху ўніз галавою, зачыніла акно.

Праз дні тры пасля, яна сустрэла мяне ў садзе. Я хацеў адыйсці ўбок — але яна сама мяне спыніла.

— Дайце мне руку, — сказала яна мне з ранейшай ласкай: — мы даўно з вамі не размаўлялі.

Я зірнуў на яе: вочы яе ціха свяціліся, і твар усміхаўся — нібы праз дымку.

— Вы ўсё яшчэ нездаровы? — запытаўся я ў яе.

— Не — цяпер ўсё прайшло, — адказвала яна і сарвала невялікую чырвоную ружу. — Я крыху стамілася, але і гэта пройдзе.

— І вы зноў будзеце такая, як раней? — запытаўся я.

Зінаіда паднесла ружу да твара — і мне здалося, як быццам водбліск яркіх пялёсткаў паў ёй на шчокі. — Хіба я змянілася? — запыталася яна ў мяне.

— Так, змяніліся, — адказаў я сціху.

— Я з вамі была халоднай — я ведаю, — пачала Зінаіда: — але вы не павінны былі звяртаць на гэта ўвагі… я не магла інакш… Ды што аб гэтым гаварыць.

— Вы не хочаце, каб я кахаў вас — вось што! — усклікнуў я хмура, з мімавольным парывам.

— Не, кахайце мяне — але не так, як раней.

— Як-жа?

— Будзем сябрамі — вось як. — Зінаіда дала мне панюхаць ружу. — Паслухайце, я-ж шмат старэй за вас — я магла-б быць вашай цёткай, дапраўды; ну не цёткай, дык старэйшай сястрой. А вы…

— Я для вас дзіця, — перапыніў я яе.

— Ну правільна, дзіця, але мілае, добрае, разумнае, якога я надта кахаю. А ведаеце што? Я вас з сёнешняга дня прымаю да сябе ў пажы; а вы не забывайцеся, што пажы не павінны адлучацца ад сваіх пань. Вось вам знак вашай новай годнасці, — дадала яна, утыкаючы ружу ў пятлю маёй курткі: — знак нашай да вас ласкі.

— Я ад вас раней атрымліваў іншыя ласкі, — прамармытаў я.

— А! — сказала Зінаіда і збоку паглядзела на мяне. — Якая ў яго памяць! Што-ж! я і цяпер гатова…

І схіліўшыся да мяне, яна пакінула на маім ілбе чысты, спакойны пацалунак.

— Я толькі паглядзеў на яе — а яна адвярнулася і, сказаўшы: — «ідзіце за мной, мой паж», — пайшла да флігеля. Я пайшоў услед за ёю — і ўсё не разумеў у чым справа. «Няўжо, — думаў я, — гэта спакойная разважлівая дзяўчына — тая самая Зінаіда, якую я ведаў?» І хада яе здавалася мне цішэй — уся яе постаць больш велічнай і стройнай…

Але божа мой! з якой новай сілай разгаралася ва мне каханне!

XVI

Пасля абеду зноў сабраліся ў флігелі госці — і княжна вышла да іх. Уся кампанія была ў наяўнасці — у поўным складзе, як у той першы, незабыўны для мяне вечар. Нават Нірмацкі прыцягнуўся. Майданаў прышоў на гэты раз раней за ўсіх — ён прынёс новыя вершы. Пачаліся зноў гульні ў фанты, але ўжо без ранейшых дзіўных штук, без дурасці і шуму — цыганскі элемент знік. Зінаіда дала новы настрой нашай сходцы. Я сядзеў каля яе, па праву пажа. Між іншым яна прапанавала, каб той, чый фант вымецца, расказваў свой сон. Але гэта не ўдалося. Сны атрымліваліся або нецікавыя (Белаўзораў бачыў у сне, што накарміў свайго каня карасямі, і што ў яго была драўляная галава), або ненатуральныя, выдуманыя… Майданаў пачаставаў нас цэлым апавяданнем: тут былі і магільныя скляпы, і ангелы з лірамі, і гаворачыя кветкі… і далятаючыя здалёку гукі… Зінаіда не дала яму скончыць. «Калі ўжо справа дайшла да твораў, — сказала яна: — дык няхай кожны раскажа што-небудзь, абавязкова выдуманае». — Першаму выпала гаварыць таму-ж Белаўзораву.

Малады гусар збянтэжыўся. — Я нічога выдумаць не магу! — усклікнуў ён.

— Якое глупства! — падхапіла Зінаіда. — Ну ўявіце сабе, напрыклад, што вы жанаты, і раскажыце нам; як-бы вы праводзілі час з вашай жонкай. Вы яе замкнулі-б.

— Я-б яе замкнуў.

— І самі сядзелі-б з ёю?

— І сам абавязкова сядзеў-бы з ёй.

— Цудоўна. Ну а калі-б ёй гэта надакучыла, і яна-б здрадзіла вам?

— Я-б яе забіў.

— А калі-б яна ўцякла?

— Я дагнаў-бы яе, і ўсё-такі забіў-бы.

— Так. Ну, напрыклад, каб я была вашай жонкай, што-б вы тады зрабілі?

Белаўзораў памаўчаў. — Я-б сябе забіў.

Зінаіда засмяялася. — Як я бачу, у вас кароткая песня.

Другі фант вышаў Зінаідзін. Яна ўзняла вочы да столі і задумалася. — Вось, паслухайце, — пачала яна нарэшце: — што я выдумала. Уявіце сабе цудоўны палац, летнюю ноч і дзівосны бал. Бал гэты дае маладая каралева. Усюды золата, мармур, хрусталь, шоўк, агні, алмаз, кветкі, курэнні, усё капрызы роскашы.

— Вы любіце роскаш? — перапыніў яе Лушын.

— Роскаш прыгожая, — запярэчыла яна: — я люблю ўсё прыгожае.

— Больш цудоўнага? — запытаўся ён.

— Гэта штосьці хітра — не разумею. Не перашкаджайце мне. Такім чынам, бал надзвычайны. Гасцей мноства, усе яны маладыя, прыгожыя, храбрыя, усё страшэнна закаханы ў каралеву.

— Жанчын няма ў ліку гасцей? — запытаўся Малеўскі.

— Няма… або пачакайце — ёсць.

— Усё непрыгожыя?

— Цудоўныя — але мужчыны ўсе закаханы ў каралеву. Яна высокая і стройная… У яе маленькая залатая дыядэма на чорных валасах.

Я паглядзеў на Зінаіду — і ў гэты момант яна мне здавалася настолькі вышэй за ўсіх нас, ад яе белага ілба, ад яе нерухомых броваў веяла такім светлым розумам і такой уладай, што я падумаў: «ты сама гэта каралева».

— Усе тоўпяцца вакол яе, — прадаўжала Зінаіда: — усе рассыпаюць перад ёй самыя ліслівыя словы.

— А яна любіць ліслівасць? — запытаўся Лушын.

— Які нязносны — усё перапыняе… Хто-ж гэта не любіць ліслівасць?

— Яшчэ адно апошняе пытанне, — заўважыў Малеўскі: — у каралевы ёсць муж?

— Я аб гэтым і не падумала. Не, навошта муж?

— Вядома, — падхапіў Малеўскі: — навошта муж?

— Silence! — усклікнуў Майданаў, які па-французску гаварыў дрэнна.

— Mersi, — сказала яму Зінаіда. — Такім чынам, каралева слухае гэтыя словы, слухае музыку, але, не глядзіць ні на каго з гасцей. Шэсць акон раскрыты зверху да нізу, ад столі да падлогі, а за імі цёмнае неба з вялікімі зоркамі, ды цёмны сад з вялікімі дрэвамі. Каралева глядзіць у сад. Там, каля дрэў, фантан; ён бялее ў змроку — доўгі, доўгі, як здань. Каралева чуе, скрозь гоман і музыку, ціхі плеск вады; яна глядзіць і думае: вы ўсе панове, благародныя, разумныя, багатыя, вы акружылі мяне, вы даражыце кожным маім словам, вы ўсе гатовы памерці ля маіх ног, я ўладаю вамі… а там каля фантана, каля гэтай плёскаючай вады, стаіць і чакае мяне той, каго я кахаю — хто мною ўладае. На ім няма ні багатага адзення, ні каштоўных каменняў, ніхто яго не ведае, але ён чакае мяне і ўпэўнены што я прыду — і я прыду, і няма такой улады, якая-б спыніла мяне, калі я захачу пайсці да яго і застацца з ім і знікнуць з ім там, у цемені сада, пад шорах дрэў, пад плеск фантана…

Зінаіда змоўкла.

— Гэта… выдумка? — хітра запытаўся Малеўскі.

Зінаіда нават не паглядзела на яго.

— А што-б мы зрабілі панове, — раптам загаварыў Лушын: — калі-б мы былі ў ліку гасцей і ведалі пра гэтага шчасліўца ля фантана?

— Чакайце, чакайце, — перапыніла Зінаіда: — я сама скажу вам, што-б кожны з вас зрабіў. Вьь Белаўзораў, выклікалі-б яго на дуэль; вы, Майданаў, напісалі-б на яго эпіграму — а ў тым, не — вы не ўмееце пісаць эпіграм; вы прыдумалі-б на яго доўгі ямб, накшталт Барб’е, і змясцілі-б свой твор у «Тэлеграфе». Вы, Нірмацкі, пазычылі-б у яго… не, вы-б яму пазычылі за процанты грошай; вы, доктар…

— Яна спынілася… — Вось наконт вас я не ведаю, што-б вы зрабілі.

— Па званню лейб-медыка, — адказваў Лушын: — я параіў-бы каралеве не даваць балаў, калі ёй не да гасцей.

— Магчыма, вы і мелі-б рацыю. А вы, граф…

— А я? — паўтарыў са сваёй нядобрай усмешкай Малеўскі.

— А вы паднеслі-б яму атручаны цукерак.

Твар Малеўскага злёгку перакасіўся і набыў на адзін міг хітры выраз, але ён адразу-ж зарагатаў.

— Што-ж датычыць да вас, Вальдэмар… — прадаўжала Зінаіда: — між іншым, досыць; давайце гуляць у іншую гульню.

— Мс’е Вальдэмар, у якасці пажа каралевы, трымаў-бы ей шлейф, калі-б яна пабегла ў сад, — ядавіта заўважыў Малеўскі.

Я ўспыхнуў — але Зінаіда, спрытна паклаўшы мне на плячо рукі і прыпадняўшыся, сказала крыху дрыжачым голасам: — Я ніколі не давала вашай светласці права быць дзёрзкім, ў таму прашу вас — пакінуць нас. — Яна паказала яму на дзверы.

— Ды што вы, княжна, — прамармытаў Малеўскі і ўвесь пабялеў.

— Княжна права, — усклікнуў Белаўзораў і таксама ўстаў.

— Я, дапраўды, ніяк не чакаў, — прадаўжаў Малеўскі: — у маіх словах, здаецца, нічога не было такога… у мяне і ў думках не было абразіць вас… Даруйце мне.

Зінаіда акінула яго халодным позіркам і халодна ўсміхнулася. — Ну што-ж, застаньцеся, — сказала яна з неахайным рухам рукі. — Мы з мс’е Вальдэмарам дарэмна раззлаваліся. Вам весела скардзіцца… на здароўе.

— Даруйце мне, — яшчэ раз паўтарыў Малеўскі, а я ўспамінаючы рух Зінаіды, падумаў зноў, што сапраўдная каралева не магла-б з большай годнасцю паказаць смеламу на дзверы.

Гульня ў фанты прадаўжалася нядоўга пасля гэтай невялікай сцэны; усім крыху стала не па сабе, не столькі ад самой гэтай сцэны, колькі ад іншага, не зусім выразнага, але цяжкага пачуцця. Ніхто аб ім не гаварыў, але ўсякі адчуваў яго і ў сабе, і ў сваім суседзе. Майданаў прачытаў нам свае вершы — і Малеўскі з пераўвялічанай заўзятасцю расхваліў іх. — Як яму цяпер хочацца паказацца добрым, — шапнуў мне Лушын. Мы хутка разышліся. На Зінаіду раптам напала раздум’е; княгіня выслала сказаць, што ў яе баліць галава; Нірмацкі пачаў скардзіцца на свае рэўматызмы.

Я доўга не мог заснуць, мяне здзівіў расказ Зінаіды. — Няўжо ў ім быў намёк? — пытаўся я ў самога сябе: — і на каго, на што яна намякала? і калі на самай справе ёсць на што намякнуць — як-жа адважыцца… не, не, не можа быць, — шаптаў я, паварачваючыся з адной гарачай шчакі на другую… Але я ўспамінаў выраз твара Зінаіды ў часе яе расказу… я ўспомніў усклік, які вырваўся ў Лушына ў Няскучным, раптоўныя перамены ў яе абыходжанні са мною — і губляўся ў здагадках. «Хто ён?» Гэтыя два словы нібы стаялі перад маімі вачыма, накрэсленыя ў змроку; — нібы нізкае, злавеснае воблака павісла нада мною — і я адчуваў яго цяжар — і чакаў, што вось-вось яно зваліцца. Да многага я прывык, у апошні час, на многае наглядзеўся ў Засекіных: іх бязладнасць, сальныя недагаркі, паламаныя нажы і відэльцы, пануры Ваніфаці, абарваныя пакаёўкі, манеры самой княгіні  — усё гэта недарэчнае жыццё ўжо не здзіўляла мяне больш… Але да таго, што мне смутна здавалася цяпер у Зінаідзе, — я прывыкнуць не мог…Авантур’ерка — сказала пра яе аднойчы мая маці. Авантур’ерка — яна, мой ідал, маё бажаство! Гэта назва пякла мяне — я стараўся адыйсці ад яе ў падушку, я злаваў… і ў той-жа час, на што-б я не згадзіўся, чаго-б я не даў, каб толькі быць тым шчасліўцам ля фантана! —

Кроў у мне загарэлася і расхадзілася. — «Сад… фантан» — падумаў я. «Пайду-ж я ў сад». Я хуценька апрануўся і выслізнуў з дому. Ноч была цёмная; дрэвы ледзь шапталі; з неба падаў ціхі халадок, ад агароду пахла ўкропам. Я абышоў усе алеі; лёгкі гук маіх крокаў мяне і бянтэжыў і падбадзёрваў; я спыняўся, чакаў і слухаў, як стукала маё сэрца — моцна і хутка. Нарэшце я падышоў да плоту і абапёрся на тонкую жэрдку. Раптам — ці гэта мне здалося? — за некалькі крокаў ад мяне прамільгнула жаночая постаць… Я ўзмоцнена пачаў прыглядацца ў цемень — я затаіў дыханне. Што гэта? — ці крокі мне чуюцца — ці гэта зноў стукае маё сэрца? — Хто тут? — пралепятаў я ледзь чутна. Што гэта зноў? ці прыглушаны смех… ці шорах у лісці — ці ўздых над самым вухам? Мне стала страшна… — Хто тут? — паўтарыў я яшчэ цішэй.

Паветра зварухнулася на момант; па небе бліснула вогненная палоска: зорка пакацілася. — Зінаіда? — хацеў запытацца я, але гук замёр у мяне на губах. І раптам усё стала глыбока маўкліва навокал, як гэта часта бывае сярод ночы… Нават конікі перасталі трашчаць у дрэвах — толькі акно… недзе дзынкнула. Я пастаяў, пастаяў і вярнуўся ў свой пакой, да сваёй астыўшай пасцелі. Я адчуваў дзіўнае хваляванне: нібы я хадзіў на спатканне — і застаўся адзінокім і прайшоў міма чужога шчасця.

XVII

У наступны дзень я бачыў Зінаіду толькі мімаходзь: яна ездзіла кудысьці з княгіняй на каламажцы рамізніка. Затое бачыў я Лушына, які, між іншым, нехаця са мною прывітаўся, і Малеўскага. Малады граф засмяяўся і па-сяброўску загаварыў са мною. З усіх наведвальнікаў флігелька ён адзін умеў уцерціся да нас у дом і палюбіўся матулі. Бацька яго не дарыў ласкай і абыходзіўся з ім да абразлівасці ветліва.

— Ah, monsieur le page, — пачаў Малеўскі: — вельмі рад вас сустрэць. Што робіць ваша цудоўная каралева?

Яго свежы, прыгожы твар так мне быў праціўны ў гэту хвіліну — і ён глядзеў на мяне так пагардліва-ігрыва, што я не адказваў яму зусім.

— Вы ўсё злуеце? — прадаўжаў ён. — Дарэмна. Гэта-ж не я вас назваў пажам — а пажы бываюць пераважна ў каралёў. Але дазвольце вам заўважыць, што вы дрэнна выконваеце свой абавязак.

— Як гэта?

— Пажы павінны быць неадлучны пры сваіх уладарках; пажы павінны ўсё ведаць, што яны робяць, яны павінны нават назіраць за імі, — дадаў ён, — сцішыўшы голас: — удзень — і ўночы.

— Што вы хочаце сказаць?

— Што я хачу сказаць? Я, здаецца, ясна выражаюся. Удзень — і ўночы. Удзень яшчэ так сяк; удзень светла і людна; але ўночы — тут якраз чакай бяды. Раю вам не спаць па начах і наглядаць, наглядаць з усіх сіл. Памятаеце — у садзе, уночы, ля фантана… вось дзе трэба пільнаваць. Вы мне дзякуй скажаце.

Малеўскі засмяяўся і павярнуўся да мяне спіною. Ён, напэўна, не падаваў асаблівага значэння таму, што сказаў мне; ён меў рэпутацыю выдатнага містыфікатара і славіўся сваім уменнем абдурваць людзей на маскарадах, чаму вельмі дапамагала тая, амаль несвядомая ілжывасць, якою была прасякнута ўся яго істота… Ён хацеў толькі падражніць мяне; але кожнае яго слова пацякло ядам па ўсіх маіх жылах. Кроў кінулася мне ў галаву… «А! вось што! — сказаў я сам сабе: — добра! Значыцца, мяне не здарма цягнула ў сад! Дык не бываць-жа гэтаму!» — усклікнуў я моцна і стукнуў кулаком сябе ў грудзі, хоць я, уласна, і не ведаў — чаму не бываць. — «Ці сам Малеўскі прыдзе ў сад, — думаў я (ён, магчыма, прагаварыўся: на гэта дзёрзкасці ў яго хопіць) — ці хто іншы — агарода нашага сада была вельмі нізкая, і ніякай цяжкасці не было пералезці цераз яе) — але толькі не здабраваць таму, хто мне трапіцца — нікому не раю сустракацца са мной!.. Я дакажу ўсяму свету і ёй, здрадніцы (я так і назваў яе здрадніцай) — што я ўмею помсціць!»

Я вярнуўся да сябе ў пакой, дастаў з пісьмовага стала нядаўна куплены англійскі ножык, памацаў вострае лязо і, нахмурыўшы бровы, з халоднай і сканцэнтраванай рашучасцю сунуў яго ў кішэню, як быццам мяне такія справы не здзіўлялі і я іх рабіў не ўпершыню. Сэрца маё злосна прыўзнялося і акамянела; да самай ночы былі нахмураны мае бровы і сціснуты губы; я ўвесь час хадзіў узад і ўперад, сціскаючы рукою ў кішэні разагрэты нож і загадзя падрыхтоўваючыся да чагосьці страшнага. Гэтыя новыя небывалыя адчуванні да таго займалі і нават весялілі мяне, што ўласна аб Зінаідзе я мала думаў. Мне ўсё мярэшчылася — Алека, малады цыган «куды, малады прыгажун? — Ляжы»… а пасля: «ты ўвесь апырсканы крывёй!.. О, што ты зрабіў?.. Нічога!» З якой жорсткай усмешкай я паўтараў гэта. Нічога! бацькі не было дома; але матуля, якая з некаторага часу знаходзілася ў стане амаль заўсёды глухой злосці, звярнула ўвагу на мой фатальны выгляд і сказала мне ў часе вячэры: — чаго ты дзьмешся, як мыш на крупы? — Я толькі ласкава ўсміхнуўся ёй у адказ і падумаў: «калі-б яны ведалі!» Прабіла 11 гадзін; я пайшоў да сябе, але не распранаўся: я чакаў поўначы; нарэшце прабіла і яна. «Пара!» шапнуў я праз зубы і, зашпіліўшыся даверху, закасаўшы нават рукавы, пайшоў у сад.

Я ўжо загадзя выбраў сабе месца, дзе пільнаваць; на канцы сада, там, дзе плот, што раздзяляў нашы і Засекінскія ўладанні, упіраўся ў агульную сцяну, расла адзінокая елка; стоячы пад яе нізкімі густымі галінамі, я мог добра бачыць, наколькі давала магчымасць начная цемень, што адбывалася навокал; тут-жа вілася сцежка, якая мне заўсёды здавалася таямнічай: яна змяёй прапаўзала пад плотам, на якім у гэтым месцы былі відаць сляды пералазіўшых ног, і вяла да круглай альтанкі з густых акацый. Я дабраўся да елкі, прыхіліўся да яе ствала і пачаў пільнаваць.

Ноч стаяла такая-ж ціхая, як і напярэдадні; але на небе было менш хмар — і абрысы кустоў, нават высокіх кветак, былі відаць ясней. Першыя моманты чакання былі нудныя, амаль страшныя. Я на ўсё адважыўся! я толькі думаў: як мне быць? Ці закрычаць «Куды ідзеш? Стой! прызнайся — або смерць!» — або проста паразіць… Кожны гук, кожны шорах і шэлест здаваўся мне вялікім, незвычайным… Я рыхтаваўся… Я нахіліўся ўперад… Але прайшло поўгадзіны, прайшла гадзіна: кроў мая заціхала, халадзела; думка аб тым, што я дарэмна ўсё гэта раблю, што я нават крыху смешны, што Малеўскі падсмяяўся нада мной — пачала красціся мне ў душу. Я пакінуў сваю засаду і абышоў увесь сад. Як наўмысна, нідзе не было чуваць ніякага шуму; усё было спакойна; нават сабака наш спаў, загарнуўшыся ў клубочак ля форткі. Я ўзабраўся на руіны аранжарэі — убачыў перад сабой далёкае поле, успомніў сустрэчу з Зінаідай і задумаўся.

Мяне скаланула… Мне здалося, што скрыпнулі дзверы, затым ціха трэснуў пераломаны сучок… Я за два прыжкі спусціўся з руін — і замёр на месцы. Шпаркія, лёгкія, але асцярожныя крокі яўна чуліся ў садзе… Яны набліжаліся да мяне. «Вось ён… вось ён нарэшце!» праімчалася ў мяне на сэрцы. Я сударгава выхапіў нож з кішэні, сударгава раскрыў яго — нейкія чырвоныя іскры закруціліся ў маіх вачах ад страху і злосці на галаве заварушыліся валасы… Крокі накіроўваліся проста на мяне — я згінаўся, я цягнуўся ім насустрач… Паказаўся чалавек… божа мой! гэта быў мой бацька!

Я адразу-ж пазнаў яго — хоць ён увесь захутаўся ў цёмны плашч, і капялюш насунуў на твар. На цыпках прайшоў ён міма. Ён не заўважыў мяне, хоць мяне нішто не скрывала, але я так скурчыўся і стуліўся што, здаецца, зраўняўся з самой зямлёй. Рэўнівы, гатовы на забойства Отэла раптам ператварыўся ў школьніка… Я да таго спалохаўся нечаканага паяўлення бацькі, што нават, на першых парах, не заўважыў, адкуль ён ішоў і куды знік. Я толькі тады выраўняўся і падумаў: «чаго гэта бацька ходзіць уначы па садзе», — калі зноў усё сціхла навокал. Са страху я ўпусціў нож у траву — але нават шукаць яго не стаў: мне было вельмі сорамна. Я ўміг ацверазеў. Вяртаючыся дадому, я, аднак, падышоў да сваёй лавачкі пад кустом бузіны і зірнуў на акно зінаідзінай спальні. Невялікія, крыху выгнутыя шыбы акна цьмяна сінелі пры слабым святле, якое падала з начнога неба.

Раптам — колер іх стаў змяняцца… За імі — я гэта бачыў, выразна бачыў — асцярожна і ціха спускалася белаватая фіранка, спусцілася да падаконня — і так і засталася нерухомай.

— Што-ж гэта такое? — сказаў я ўголас, амаль мімаволі, калі зноў апынуўся ў сваім пакоі. — Сон, выпадковасць, або… Меркаванні, якія нечакана ўвайшлі мне ў галаву, такія былі новыя і дзіўныя, што я не асмеліўся нават аддацца ім.

XVIII

Я ўстаў раніцой з галаўным болем. Учарайшае хваляванне знікла. Яно замянілася цяжкім неразуменнем і нейкім, яшчэ небывалым, смуткам — нібы ва мне штосьці памірала.

— Што гэта вы глядзіце кролікам, у якога вынялі палову, мазга? — сказаў мне, сустрэўшыся са мной, Лушын. У часе снедання я ўпотай паглядваў то на бацьку, то на маці: ён быў спакойны, як звычайна — яна, як звычайна, злавала ўпотайкі. Я чакаў, ці не загаворыць са мною бацька ласкава, як гэта іншы раз з ім здаралася… Але ён нават не палашчыў мяне сваёй штодзённай, халоднай ласкай. «Расказаць усё Зінаідзе?» падумаў я… «Усёроўна-ж — усё скончана між намі». Я пайшоў да яе, але не толькі нічога не расказаў ёй — нават пагутарыць мне з ёю не ўдалося, як хацелася. Да княгіні на вакацыі прыехаў з Пецербурга родны яе сын, кадэт, гадоў дванаццаці. Зінаіда адразу-ж даручыла мне свайго брата. — Вось вам, — сказала яна: — мой мілы Валодзя (яна ўпершыню мяне так называла), таварыш. Яго таксама завуць Валодзя. Будзьце ласкавы, палюбіце яго; ён яшчэ дзікун, але ў яго сэрца добрае. Пакажыце яму Няскучнае, гуляйце з ім, вазьміце яго пад сваю апеку. Вы гэта зробіце, праўда? вы таксама такі добры! — Яна ласкава паклала мне абедзве рукі на плечы — а я зусім разгубіўся. Прыезд гэтага хлопчыка ператвараў мяне самога ў хлопчыка. Я глядзеў моўчкі на кадэта, які таксама маўкліва ўставіўся на мяне. Зінаіда рассмяялася і штурхнула нас адзін на другога. — Ды абдыміцеся-ж, дзеці! — Мы абняліся. — Хочаце, я вас павяду ў сад — запытаўся я ў кадэта.

— Калі ласка, — адказваў ён ахрыплым, проста кадэцкім голасам. Зінаіда зноў рассмяялася… Я паспеў заўважыць, што ніколі яшчэ не было ў яе на твары такіх цудоўных фарбаў. Мы з кадэтам пайшлі. У нас у садзе стаялі старэнькія качэлі. Я яго пасадзіў на тоненькую дошчачку і пачаў гушкаць. Ён сядзеў нерухома, у новым сваім мундзірчыку з тоўстага сукна, з шырокімі залатымі пазументамі, і моцна трымаўся за вяроўкі. — Ды вы расшпіліце свой каўнер, — сказаў я яму. — Нічога, мы прывыклі-с, — прагаварыў ён і адкашляўся. Ён быў падобны да сваёй сястры: асабліва вочы яе нагадвалі. Мне было і прыемна яму прыслугоўваць, і ў той-жа час той самы ныючы смутак ціха грыз маё сэрца. «Цяпер ужо я сапраўды дзіця, думаў я — а ўчора…» Я успомніў, дзе я ўчора ўпусціў ножык, і знайшоў яго. Кадэт выпрасіў яго ў мяне, сарваў тоўстае сцябло зоры, выразаў з яго дудку і пачаў свістаць. Отэла пасвістаў таксама.

Але затое вечарам, як ён плакаў, гэты самы Отэла на руках Зінаіды, калі, знайшоўшы яго ў кутку сада, яна запыталася ў яго, чаго ён такі сумны? Слёзы мае хлынулі з такой сілай што яна спалохалася. — Што з вамі? што з вамі, Валодзя? — цвярдзіла яна, і бачачы, што я нічога не адказваю ёй і не перастаю плакаць, хацела было пацалаваць маю мокрую шчаку. Але я адвярнуўся ад яе і прашаптаў праз плач: — я усё ведаю; навошта-ж вы гулялі мною?.. Навошта вам патрэбна было маё каханне?

— Я вінавата перад вамі, Валодзя… — сказала Зінаіда. — Ах, я вельмі вінавата… — сказала яна і сціснула рукі. — Колькі ва мне благога, цёмнага, грэшнага… Але я цяпер не гуляю вамі, я вас кахаю — вы і не падазраваеце, чаму — і як… Аднак… што вы ведаеце?

Што мог я сказаць ёй? Яна стаяла перада мной і глядзела на мяне, а я належаў ёй увесь, з галавы да ног, як толькі яна на мяне глядзела… Праз чвэрць гадзіны пасля гэтага я ўжо бегаў з кадэтам і з Зінаідай навыперадкі; я не плакаў, я смяяўся, хоць з напухлых павек ад смеху капалі слёзы; у мяне на шыі, замест гальштучка, была завязана стужка Зінаіды, і я закрычаў ад радасці, калі мне ўдалося злавіць яе за талію. Яна рабіла са мною ўсё, што хацела.

XIX

Для мяне было-б вялікай цяжкасцю, калі-б мяне прымусілі расказаць падрабязна, што адбывалася са мною на працягу тыдня, пасля маёй няўдачнай экспедыцыі. Гэта быў дзіўны ліхаманкавы час, хаос нейкі, у якім самыя супроцьлеглыя пачуцці, думкі, падазрэнні, надзеі, радасці і пакуты кружыліся віхрам; я палохаўся зазірнуць у сябе, калі толькі шаснаццацігадовы хлопчык можа ў сябе зазірнуць, палохаўся ўдумвацца ў што-б там ні было — я проста спяшаўся пражыць дзень да вечара; затое ўночы я спаў… дзіцячае лёгкадумства не дапамагала. Я не хацеў ведаць, ці кахаюць мяне, і не хацеў прызнацца самому сабе, што мяне не кахаюць; з бацькам я стараўся не сустракацца — але з Зінаідай не сустракацца я не мог. Мяне пякло як агнём у часе яе прысутнасці… але навошта мне было ведаць, што гэта быў за агонь, на якім я гарэў і таяў — добра што мне было соладка таяць і гарэць. Я аддаваўся ўсім сваім уражанням, і сам з сабою хітраваў, адварачваўся ад успамінаў, і закрываў вочы перад тым, што прадчуваў наперад… Гэта тамленне, напэўна, доўга-б не прадаўжалася… удар грому адразу ўсё спыніў і перакінуў мяне ў новую каляіну.

Вярнуўшыся аднойчы на абед з досыць працяглай прагулкі, я са здзіўленнем даведаўся, што буду абедаць адзін; што бацька паехаў, а матуля нездарова, не хоча есці і замкнулася ў сябе ў спальні. Па тварах лакеяў я здагадваўся, што здарылася штосьці незвычайнае… Распытваць іх я не асмеліўся, але ў мяне быў прыяцель, малады буфетчык, Піліп, вялікі ахвотнік да вершаў і артыст на гітары — я да яго і звярнуўся. Ад яго я даведаўся, што паміж бацькам і маткай адбылася страшная сцэна (а ў дзявоцкай усё было чуваць да адзінага слова: многае было сказана па-французску — ды пакаёўка Маша 5 год жыла ў краўчыхі з Парыжа і ўсё разумела); што мая маці дакарала бацьку ў нявернасці, у знаёмстве з суседняй паненкай, што бацька перш апраўдваўся, пасля ўспыхнуў і ў сваю чаргу сказаў нейкае жорсткае слова, «быццам-бы аб іхніх гадах», ад чаго матуля заплакала; што матуля таксама напомніла аб векселі, быццам-бы дадзеным старой княгіні, і вельмі аб ёй дрэнна адзывалася, і аб паненцы таксама, і што тут бацька ёй прыгразіў. — А здарылася ўся бяда, — прадаўжаў Піліп; — ад безыменнага пісьма; а хто яго напісаў — невядома; а то, як гэтым справам наповерх выйсці, прычыны ніякай няма.

— Ды хіба што-небудзь было, — ледзь прагаварыў я, між тым як рукі і ногі ў мяне халадзелі, і штосьці задрыжэла ў самай глыбіні грудзей.

Піліп знамянальна міргнуў. — Было. Гэтых спраў не ўтоіш, ужо нашто татка ваш у гэтым разе асцярожны — ды трэба-ж, прыкладна, карэту наняць ці што там… без людзей не абыйдзешся, таксама.

Я адаслаў Піліпа — і паваліўся на пасцель. Я не заплакаў, не ўпаў у роспач; я не пытаўся ў сябе, калі і як усё гэта здарылася: не здзіўляўся, як я раней, як я даўно не здагадаўся — я нават не злаваў на бацьку… Тое, аб чым я даведаўся, было мне не пад сілу: гэта раптоўнае адкравенне раздавіла мяне… Усё было скончана. Усе кветкі мае былі вырваны адразу і ляжалі вакол мяне, раскіданыя і патаптаныя.

ХХ

Матуля ў наступны дзень абвясціла, што пераязджае ў горад. Раніцой бацька ўвайшоў да яе ў спальню і доўга сядзеў з ёю. Ніхто не чуў, што ён сказаў ёй, але матуля ўжо не плакала больш; яна супакоілася, і есці папрасіла — аднак не паказалася і рашэння свайго не перамяніла. Памятаецца, я праблукаў цэлы дзень, але ў сад не заходзіў, і ні разу не зірнуў на флігель — а вечарам я быў сведкай здзіўляючага здарэння: бацька мой вывеў Графа Малеўскага пад руку праз залу ў пярэднюю і, у прысутнасці лакея, холадна сказаў яму: «Некалькі дзён таму назад вашай светласці ў адным доме паказалі на дзверы; а цяпер я не буду ўваходзіць з вамі ў размовы, але маю гонар вам далажыць, што калі вы яшчэ раз зойдзеце да мяне, то я вас выкіну праз акно. Мне ваш почырк не падабаецца». Граф нахіліўся, сціснуў зубы, скурчыўся і знік.

Пачаліся зборы да перасялення ў горад, на Арбат, дзе ў нас быў дом. Бацьку, напэўна, самому ўжо не хацелася больш заставацца на дачы; але, відаць, ён паспеў ўпрасіць матулю не пачынаць гісторыі; усё рабілася ціха, не спяшаючыся, матуля загадала нават пакланіцца княгіні і выказаць ёй шкадаванне, што, з прычыны дрэннага здароўя, не ўбачыцца з ёю да ад’езду. Я блукаў, як ашалелы — і аднаго толькі жадаў, каб хутчэй усё гэта скончылася. Адна думка не выходзіла ў мяне з галавы: як магла яна, маладая дзяўчына — ну і ўсё-такі княжна, адважыцца на такі ўчынак, ведаючы, што мой бацька чалавек несвабодны і маючы магчымасць выйсці замуж, хоць, напрыклад, за Белаўзорава! На што-ж яна спадзявалася? Як не пабаялася загубіць усю сваю будучыню? Так, думаў я, вось гэта — каханне, гэта — страсць, гэта — адданасць; і ўспаміналіся мне словы Лушына: афяроўваць сабою соладка — для іншых. Неяк давялося мне ўбачыць у адным з акон флігеля бледную пляму… «няўжо гэта твар Зінаіды?» падумаў я… правільна, гэта быў яе твар. Я не выцерпеў. Я не мог расстацца з ёю, не сказаўшы ёй апошняга бывай. Я ўлучыў зручны момант — і пайшоў у флігель.

У гасцінай княгіня сустрэла мяне сваім звычайным, непрыемна-абыякавым прывітаннем.

— Што гэта, баценька, вашы так рана ўспалашыліся? — сказала яна, напіхаючы табак у абедзве ноздры. Я паглядзеў на яе, і ў мяне адлягло ад сэрца. Слова: вексель, сказанае Піліпам, мучыла мяне. Яна нічога не падазравала, прынамсі мне тады так здалося. Зінаіда з’явілася з суседняга пакоя, у чорнай сукенцы, бледная, з распушчанымі валасамі, яна моўчкі ўзяла мяне за руку і павяла з сабой.

— Я пачула ваш голас, — пачала яна, — і адразу вышла. І вам так лёгка было нас пакінуць, злы хлопчык?

— Я прышоў з вамі развітацца, княжна, — адказваў я: — як відаць, назаўсёды. Вы, магчыма, чулі — мы выязджаем.

Зінаіда пільна паглядзела на мяне.

— Так, я чула. Дзякуй, што прышлі. Я ўжо думала, што не ўбачу вас. Не памінайце мяне ліхам. Я іншы раз мучыла вас, але ўсё-такі, я не такая, якою вы мяне ўяўляеце.

Яна адвярнулася і прысланілася да акна.

— Дапраўды, я не такая. Я ведаю, вы аба мне дрэнна думаеце.

— Я?

— Так, вы… вы.

— Я? — паўтарыў я са смуткам у голасе, і сэрца маё задрыжэла як і раней пад уплывам неадчэпнай, невыказнай чароўнасці. — Я? Паверце, Зінаіда Аляксандраўна, што-б вы ні зрабілі, як-бы вы ні мучылі мяне — я буду кахаць і абажаць вас да канца дзён сваіх.

Яна хутка павярнулася да мяне і, раскрыўшы шырока рукі, абняла маю галаву, і моцна і горача пацалавала мяне. Бог ведае, каго шукаў гэты доўгі, развітальны пацалунак, але я так яскрава адчуў яго прыемнасць — я ведаў, што ён ужо ніколі не паўторыцца. — Бывайце, бывайце, — цвярдзіў я…

Яна вырвалася і пайшла. Пайшоў і я. Я не магу перадаць пачуццё, з якім я пайшоў. Я не жадаў-бы, каб яно калі-небудзь паўтарылася; але я лічыў-бы сябе нешчаслівым, калі-б я ніколі яго не зазнаў.

Мы пераехалі ў горад. Не хутка я пакончыў з мінулым, не хутка ўзяўся за работу. Рана мая марудна загойвалася, але ўласна супроць бацькі ў мяне не было ніякага дрэннага пачуцця. Наадварот, — ён як быццам яшчэ вырас у маіх вачах: — няхай псіхолагі растлумачаць гэту супярэчнасць, як ведаюць. Аднойчы я ішоў па бульвару і да невыказнай маёй радасці, сутыкнуўся з Лушыным. Я яго любіў за яго прамы і недвудушны нораў, пры тым ён быў мне дораг па ўспамінах, якія ён узбуджаў ва мне. Я кінуўся да яго.

— Ага! — сказаў ён і нахмурыў бровы. — Гэта вы, малады чалавек! Пакажыцеся. Вы ўсё яшчэ жоўты, а ўсё-такі ў вачах няма ранейшай погані. Чалавекам глядзіце, не пакаёвым сабачкам. Гэта добра. Ну, што-ж вы? працуеце?

Я ўздыхнуў. Хлусіць мне не хацелася — а праўды сказаць я саромеўся.

— Ну нічога, — прадаўжаў Лушын: — не палохайцеся. Галоўная справа: жыць нармальна і не паддавацца захапленням кахання. А то, што карысці? Куды-б хваля не панесла — усё дрэнна: чалавек хоць на камені стой — ды на сваіх нагах. Я, вось, кашляю… а Белаўзораў — вы чулі?

— Што такое? не.

— Без весткі загінуў, кажуць, на Каўказ паехаў. Урок вам, малады чалавек. А ўся штука з-за таго, што не ўмеюць своечасова расстацца, разарваць сеці. Вось вы, здаецца, выскачылі шчасліва. Глядзіце-ж, не пападзіцеся зноў. Бывайце.

«Не пападуся», думаў я… «не ўбачу яе больш»; але мне было суджана яшчэ раз ўбачыць Зінаіду.

ХХІ

Бацька мой кожны дзень выязджаў конна; у яго быў слаўны рыжа-буланы англійскі конь, з доўгай тонкай шыяй і доўгімі нагамі, нястомны і злосны; яго звалі Электрык. Апрача бацькі на ім ніхто не мог ездзіць. Аднойчы ён прышоў да мяне ў добрым настроі, чаго з ім даўно не бывала; ён збіраўся выехаць і ўжо надзеў шпоры. Я стаў прасіць яго ўзяць мяне з сабою.

— Давай лепш гуляць у чахарду, — адказваў мне бацька:  — а то ты на сваім клеперы за мной не паспееш.

— Паспею; я таксама шпоры надзену.

— Ну давай.

Мы паехалі. У мяне быў вараненькі, касматы конік, моцны на ногі і досыць жвавы; праўда, яму даводзілася імчацца ва ўсе лапаткі, калі Электрык ішоў поўнай рыссю, але я ўсё-такі не адставаў. Я не бачыў такога конніка, як мой бацька; ён сядзеў так прыгожа і абыякава лоўка, што, здавалася, сам конь пад ім гэта адчуваў і ганарыўся ім. Мы праехалі па ўсіх бульварах, пабывалі на дзявічым полі, пераскочылі цераз некалькі платоў (перш я баяўся скакаць, але бацька ненавідзеў нясмелых людзей, — і я перастаў баяцца), пераехалі двойчы цераз Маскву-раку, і я ўжо думаў, што мы вяртаемся дадому, тым больш, што сам бацька заўважыў, што конь мой прыстаў, як раптам ён павярнуў ад мяне ў бок ад Крымскага броду і паехаў уздоўж берага. — Я пусціўся ўслед за ім. Параўняўшыся з высокай грудай складзеных старых бярвенняў, ён спрытна саскочыў з Электрыка, загадаў мне злезці і, аддаўшы мне павады свайго каня, сказаў, каб я пачакаў яго тут, ля бярвення, а сам павярнуў у невялікі завулак і знік. Я пачаў хадзіць узад і ўперад уздоўж берага, ведучы за сабой коней і сварачыся на Электрыка, які на хаду ўвесь час тузаў галавой, абтрасаўся, фыркаў, іржаў; а калі я спыніўся, папераменна біў капытамі зямлю, пішчэў і кусаў майго клепера за шыю, адным словам, трымаў сябе як спешчаны pur sang. Бацька не вяртаўся. Ад ракі несла непрыемнай сырасцю: дробны дожджык знячэўку пайшоў і парабіў маленечкімі цёмнымі плямамі моцна надакучыўшыя мне шэрыя бярвенні, каля якіх я вандраваў. Смутак мяне агортваў, а бацькі ўсё не было. Нейкі будачнік з чухонцаў, таксама ўвесь шэры, з вялізным ківерам, у выглядзе гаршка, на галаве і з алебардай (навошта, здаецца, было будачніку цягацца па беразе Масквы-ракі!) наблізіўся да мяне і, павярнуўшы да мяне свой старэчы зморшчаны твар, прагаварыў: — Што вы тут робіце з коньмі, паніч? Дайце, я патрымаю.

Я не адказваў яму; ён прасіў у мяне табаку. Каб адчапіцца ад яго (да таго-ж, нецярплівасць мяне мучыла), я зрабіў некалькі крокаў у тым напрамку, куды пайшоў бацька; затым прайшоў завулачак да канца, павярнуў за вугал і спыніўся. На вуліцы за сорак крокаў ад мяне перад расчыненым акном драўлянага доміка, спіной да мяне, стаяў мой бацька; ён апіраўся грудзьмі на падаконнік, а ў доміку, да паловы закрытая фіранкай, сядзела жанчына ў цёмнай сукенцы і размаўляла з бацькам; гэта жанчына была Зінаіда.

Я аслупянеў. Гэтага я, прызнаюся, ніяк не чакаў. Першым рухам маім было — уцячы. «Бацька азірнецца», падумаў я, «і я прапаў»… але дзіўнае пачуццё, пачуццё мацней за цікаўнасць, мацней нават за рэўнасць, мацней за страх — спыніла мяне. Я стаў глядзець, я намагаўся прыслухацца. Здавалася, бацька дамагаўся чагосьці. Зінаіда не згаджалася. Я як цяпер бачу яе твар — сумны, сур’ёзны, прыгожы і з невыказным адбіткам адданасці, смутку, кахання — і нейкай роспачы — я іншага слова падабраць не магу. Яна гаварыла аднаскладовыя словы, не падымала вачэй і толькі ўсміхалася — пакорліва і ўпарта. Па адной гэтай усмешцы я пазнаў маю ранейшую Зінаіду. Бацька паціснуў плячыма і паправіў капялюш на галаве — што ў яго заўсёды было адзнакай нецярплівасці… Затым пачуліся словы: Vous devez vous sèparer de cette… Зінаіда выпрасталася і працягнула руку… Раптам у вачах маіх адбылася невераемная справа: бацька нечакана падняў бізун, якім збіваў пыл з палы свайго сурдута — і пачуўся рэзкі ўдар па гэтай аголенай да локця руцэ. Я ледзьве стрымаўся, каб не закрычаць, а Зінаіда ўздрыганулася, моўчкі паглядзела на майго бацьку і, павольна паднёсшы сваю руку да губ, пацалавала пачырванелы на ёй рубец. Бацька кінуў убок бізун і, таропка ўзбегшы на прыступкі ганачка, ускочыў у дом… Зінаіда павярнулася — і, працягнуўшы рукі, закінуўшы галаву, таксама адышла ад акна…

З заміраннем сполаху, з нейкай жахлівасцю неразумення на сэрцы, кінуўся я назад — і, прабегшы завулак, ледзь не ўпусціўшы Электрыка, вярнуўся на бераг ракі. Я не мог нічога зразумець. Я ведаў, што на майго холоднага і стрыманага бацьку находзілі часамі парывы шаленства — і ўсё-такі я ніяк не мог зразумець, што я такое бачыў… але я адразу-ж адчуў, што колькі-б я ні жыў, забыць гэты рух, позірк, усмешку Зінаіды было для мяне немагчыма, што вобраз яе, гэты новы, нечакана прадстаўшы перада мною вобраз, назаўсёды застанецца ў маёй памяці. Я глядзеў бяссэнсна на раку і не заўважаў, што ў мяне ліліся слёзы. Яе б’юць, думаў я… б’юць… б’юць…

— Ну, што-ж ты — давай мне каня! — пачуўся за мной голас бацькі.

Я машынальна падаў яму павады. Ён ускочыў на Электрыка… празяблы конь стаў дыбка і скочыў уперад на паўтара сажня… але хутка бацька ўцішыў яго; ён ударыў яму шпорамі ў бакі і выцяў яго кулаком па шыі. Эх! бізуна няма, прамармытаў ён.

Я ўспомніў нядаўні свіст і ўдар гэтага самага бізуна — і здрыгануўся.

— Дзе-ж ты дзеў яго? — запытаўся я ў бацькі крыху пачакаўшы.

Бацька не адказваў мне і паімчаўся наперад. Я нагнаў яго. Мне абавязкова хацелася бачыць яго твар.

— Ты занудзіўся без мяне? — сказаў ён праз зубы.

— Крыху. Дзе-ж ты згубіў свой бізун? — запытаўся я ў яго зноў.

Бацька хутка зірнуў на мяне. — Я яго не згубіў, — сказаў ён: — я кінуў яго. — Ён задумаўся і апусціў галаву… і вось тут я першы і амаль што не апошні раз убачыў, колькі пяшчотнасці і шкадавання маглі выразіць яго строгія рысы.

Ён зноў паехаў рыссю — і ўжо я яго не мог дагнаць; я прыехаў дадому праз чвэрць гадзіны пасля яго.

«Вось гэта каханне», гаварыў я сабе зноў, седзячы ўночы перад сваім пісьмовым сталом, на якім пачалі ўжо з’яўляцца сшыткі і кнігі: — «Гэта страсць. Як, здаецца, не абурыцца як перанесці ўдар ад якой-бы там ні было… ад самай мілай рукі! А мусіць можна, калі кахаеш… А я вось… я вось уяўляў»…

Апошні месяц мяне надта састарыў — і маё каханне, з усімі сваімі хваляваннямі і пакутамі, здалося мне самому нечым такім маленькім, і дзіцячым, і мізэрным перад тым іншым, невядомым нечым, аб якім я ледзь толькі мог здагадвацца і якое мяне палохала, як незнаёмы прыгожы, але грозны твар, які дарэмна намагаешся разгледзець у змроку.

Дзіўны і страшны сон прысніўся мне ў гэту ноч. Мне здавалася, што я ўваходжу ў нізкі, цёмны пакой… Бацька стаіць з бізуном у руцэ і тупае нагамі; у кутку прыціснулася Зінаіда — і не на руцэ, а на ілбу ў яе чырвоная рыса… а ззаду ў іх абодвух падымаецца ўвесь акрываўлены Белазораў — раскрывае бледныя губы і гнеўна грозіць бацьку.

Праз два месяцы я паступіў ва універсітэт, а праз поўгода бацька мой памёр (ад удару) у Пецербургу, куды толькі што перасяліўся з маёй маткай і са мною. За некалькі дзён да сваёй смерці ён атрымаў пісьмо з Масквы, якое яго надзвычай усхвалявала… Ён хадзіў прасіць аб нечым матулю, і, кажуць, нават заплакаў ён, мой бацька! Досвіткам таго дня, калі з ім здарыўся удар, ён пачаў пісаць пісьмо да мяне на французскай мове: «Сын мой, — пісаў ён мне, — бойся жаночага кахання — бойся гэтага шчасця, гэтай атруты»… Матуля, пасля яго смерці, паслала досыць значную суму грошай у Маскву.

XXII

Прайшло гады чатыры. Я толькі што вышаў з універсітэта і не ведаў яшчэ добра, што мне пачаць з сабою, у якія дзверы пастукаць; цягаўся пакуль без справы. У адзін цудоўны вечар я ў тэатры сустрэў Майданава. Ён паспеў ажаніцца і паступіць на службу — але я не знайшоў у ім перамены. Ён таксама непатрэбна захапляўся і таксама раптоўна падаў духам.

— Вы ведаеце, — сказаў ён мне, між іншым: — пані Дольская тут.

— Якая пані Дольская?

— Хіба вы забыліся? былая княжна Засекіна, у якую мы ўсе былі закаханы, ды і вы таксама. Памятаеце, на дачы, каля Няскучнага?

— Яна замужам за Дольскім?

— Так.

— І яна тут, у тэатры?

— Не, у Пецербургу, яна гэтымі днямі сюды прыехала; збіраецца за граніцу.

— Што за чалавек яе муж? — запытаўся я.

— Цудоўны хлапец, багаты. Супрацоўнік мой, маскоўскі. Вы разумееце — пасля той гісторыі… вам гэта ўсё павінна быць добра вядома… (Майданаў значна ўсміхнуўся) ёй не лёгка было саставіць сабе партыю; былі вынікі… але з яе розумам усё магчыма. Ідзіце да яе: яна вам будзе вельмі рада. Яна яшчэ прыгажэйшай стала.

Майданаў даў мне адрас Зінаіды. Яна спынілася ў гасцініцы Дэмут. Старыя ўспаміны ў мне заварушыліся… я даў сабе слова на другі дзень наведаць былую маю «пасію». Але выпалі нейкія справы: прайшоў тыдзень, другі, і калі я нарэшце адправіўся ў гасцініцу Дэмут і запытаў паню Дольскую — я даведаўся, што яна чатыры дні таму назад памерла — амаль раптоўна — ад родаў.

Мяне як быццам штосьці ў сэрца штурхнула. Думка, што я мог яе ўбачыць — і не ўбачыў — і не ўбачу яе ніколі — гэтая горкая думка ўпілася ў мяне з усёй сілай неадбіўнага дакору. Памерла! — паўтарыў я, тупа гледзячы на швейцара, ціха выбраўся на вуліцу і пайшоў, не ведаючы сам куды. Усё мінулае адразу ўсплыло і стала перада мною. І вось чым скончылася, вось да чаго, спяшаючыся і хвалюючыся, імкнулася гэта маладое, гарачае, прыгожае жыццё! Я гэта думаў, я ўяўляў сабе гэтыя дарагія рысы, гэтыя вочы, гэтыя кудры — у цеснай скрынцы, у сырой падземнай цемры — тут-жа, недалёка ад мяне, пакуль яшчэ жывога, і, магчыма, у некалькіх кроках ад майго бацькі… Я ўсё гэта думаў, я напружваў сваё ўяўленне, а між тым —

„Из равнодушных уст услышал смерти весть
И равнодушно ей внимал я…“

гучэла ў маёй душы. О маладосць! маладосць! Табе ні да чаго няма справы, ты як быццам-бы ўладаеш усімі скарбамі сусвету, нават смутак цябе цешыць, нават сум табе да твару, ты самаўпэўненая і дзёрзкая, ты гаворыш: я адна жыву — глядзіце — а ў самой дні бягуць і знікаюць бясследна і безлічна, і ўсё ў табе знікае, як воск на сонцы, як снег… І, магчыма, уся таямніца твайго хараства заключаецца не ў магчымасці ўсё зрабіць, а ў магчымасці думаць, што ты ўсё зробіш — заключаецца іменна ў тым, што ты пускаеш па ветру сілы, якія ні на што іншае скарыстаць-бы не ўмела, — у тым, што кожны з нас без жартаў лічыць сябе марнатраўцам, не жартуючы лічыць, што ён мае права сказаць: О што-б я зрабіў, калі-б я не страціў часу дарэмна!

Вось і я… на што я спадзяваўся, чаго я чакаў, якую багатую будучыню прадбачыў, калі ледзь праводзіў адным уздыхам, адным тужлівым адчуваннем на момант узнікшую здань майго першага кахання?

А што збылося з усяго таго, на што я спадзяваўся? І цяпер, калі ўжо на жыццё маё пачынаюць набягаць вячэрнія цені, што ў мяне засталося больш свежага, больш дарагога, чым успаміны аб той хутка праляцеўшай, ранішняй, вясенняй навальніцы?

Але я дарэмна наводжу на сябе паклёп. І тады, у той лёгкадумны, малады час, я не застаўся глухім на сумны голас, які клікаў мяне, на ўрачысты гук, што даляцеў да мяне з-за магілы. Памятаецца, праз некалькі дзён пасля таго дня, калі я даведаўся аб смерці Зінаіды, я сам, па ўласнай непераадольнай заманлівасці, прысутнічаў пры смерці адной беднай старэнькай, якая жыла ў адным з намі доме. Пакрытая лахманамі, на цвёрдых дошках, з мяшком пад галавою, яна цяжка і пакутліва сканала. Усё жыццё яе прайшло ў горкай барацьбе са штодзённай беднасцю, не бачыла яна радасці, не паспытала ад мёду шчасця — здавалася, як гэта ёй не ўзрадавацца смерці, як свабодзе, як спакою? А між тым пакуль яе старое цела яшчэ ўпіралася, пакуль грудзі яшчэ пакутліва ўздымаліся пад налёгшай на яе ледзянячай рукою, пакуль яе не пакінулі апошнія сілы, старэнькая ўсё хрысцілася і ўсё шаптала — божанька, даруй мне грахі мае… і толькі з апошняй іскрой свядомасці знік у яе вачах выраз страху і жудасці сканання… І памятаю я, што тут, ля пасцелі гэтай беднай старэнькай, мне стала страшна за Зінаіду, і захацелася мне памаліцца за яе, за бацьку — і за сябе.

1860г.