Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947)/Ася

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Паездка ў Палессе Ася
Апавяданьне
Аўтар: Іван Тургенеў
1947 год
Арыгінальная назва: Ася (1857)
Пераклад: Уладзімір Ляўданскі
Першае каханне

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АСЯ

I

Мне было тады гадоў дваццаць пяць, — пачаў Н. Н.: — справы даўно мінулых дзён, як бачыце. Я толькі што вырваўся на волю і паехаў за граніцу, не дзеля таго, каб «скончыць маё выхаванне», як казалі тады, а проста, мне захацелася паглядзець на свет божы. Я быў здаровы, малады, вясёлы, грошы ў мяне не выводзіліся, клопаты яшчэ не паспелі завесціся — я жыў без аглядкі, рабіў, што хацеў, працвітаў, адным словам. Мне тады і ў галаву не прыходзіла, што чалавек не расліна, і квітнець яму доўга нельга. Маладосць есць пернікі пазалочаныя ды і думае, што вось гэта і ёсць хлеб насутны; — а прыдзе час, і хлеба напросішся. Але няма патрэбы аб гэтым гаварыць.

Я вандраваў без усякай мэты, без плана; спыняўся ўсюды, дзе мне падабалася, і адпраўляўся адразу-ж далей, як толькі адчуваў жаданне бачыць новыя твары — іменна твары. Мяне цікавілі выключна адны людзі; я ненавідзеў цікаўныя помнікі, надзвычайныя зборы, адзін выгляд лон-лакея выклікаў ва мне адчуванне тугі і злосці; я ледзь не звар’яцеў у дрэздэнскім «Груне-Гевёлбе». Прырода дзейнічала на мяне надзвычайна, але я не любіў так званых яе прыгожасцей, незвычайных гор, круч, вадаспадаў; я не любіў, каб яна навязвалася мне, каб яна мне перашкаджала. Затое твары, жывыя, чалавечыя твары — гаворка людзей, іх рухі, смех — вось без чаго я абыйсціся не мог. У натоўпе мне было заўсёды асабліва лёгка і радасна; мне было весела ісці, куды ішлі другія, крычаць, калі другія крычалі, і ў той-жа час я любіў глядзець, як гэтыя другія крычаць. Мяне забаўляла назіраць людзей… ды я нават не назіраў іх — я іх разглядаў з нейкай радаснай і ненасытнай цікаўнасцю. Але я зноў адыходжу ўбок.

Такім чынам, гадоў дваццаць таму назад я жыў у нямецкім невялікім гарадку З., на левым беразе Рэйна. Я шукаў адасобленасці: я толькі што быў паражоны ў сэрца адной маладой удавою, з якой пазнаёміўся на водах. Яна была надта прыгожая і разумная, какетнічала з усімі — і са мной грэшным, — перш нават заахвочвала мяне — а пасля балюча мяне ўразіла, афяраваўшы мною аднаму чырвонашчокаму баварскаму лейтэнанту. Калі прызнацца, рана майго сэрца не надта была глыбокая, але я палічыў за абавязак аддацца на некаторы час смутку і адзіноце — чым маладосць не цешыцца! — і пасяліўся ў З.

Гарадок гэты мне спадабаўся сваім месцазнаходжаннем ля падножжа двух высокіх узгоркаў, сваімі старымі сценамі і вежамі, векавымі ліпамі, крутым мастом над светлай рэчкай, якая ўпадала ў Рэйн — а галоўнае, сваім добрым віном. Па яго вузкіх вуліцах гулялі вечарам, адразу-ж пасля захаду сонца (справа была ў чэрвені), прыгожанькія белакурыя немачкі і, сустрэўшыся з чужаземцам, гаварылі прыемным галаском: «Guten Abend!» — а некаторыя з іх не адыходзілі нават і тады, калі месяц уставаў з-за вострых стрэх старэнькіх дамоў, і дробныя каменні бруку чотка рысаваліся ў яго нерухомых праменнях. Я любіў блукаць тады па горадзе; месяц, здавалася, пільна глядзеў на яго з чыстага неба; і горад адчуваў гэты позірк і стаяў чутка і мірна, увесь заліты яго святлом, гэтым спакойным і ў той-жа час ціха душу хвалюючым святлом. Певень на высокай гатычнай званіцы блішчэў бледным золатам; такім-жа золатам пераліваліся струменьчыкі па чорнаму глянцу ракі; тоненькія свечкі (немец ашчадны!) скромна цяпліліся ў вузкіх вокнах пад грыфельнымі дахамі; вінаградныя лозы таямніча высоўвалі свае завітыя вусікі з-за каменных агарод; штосьці прабягала ў цені каля старадаўняй студні на трохкутнай плошчы, нечакана чуўся санлівы свіст начнога вартаўніка, добрадушны сабака бурчэў сцішка, а паветра так і лашчылася ў твар, і ліпы пахнулі так соладка, што грудзі, паняволі, усё глыбей і глыбей дыхалі, і слова: «Грэтхен» — ні то воклік, ні то пытанне — так і прасілася на вусны.

Гарадок З. ляжыць у двух вярстах ад Рэйна. Я часта хадзіў глядзець на велічную раку і, не без некаторай напружанасці, марачы аб каварнай удаве, праседжваў шмат гадзін на каменнай лаўцы, пад адзінокім вялізным ясенем. Маленькая статуя мадонны з амаль дзіцячым тварам і чырвоным сэрцам на грудзях, праколатым мечамі, сумна выглядвала з яго галін. На супроцьлеглым беразе знаходзіўся гарадок Л., крыху большы за той, у якім я пасяліўся. Аднойчы вечарам сядзеў я на сваёй любімай лаўцы і глядзеў то на раку, то на неба, то на вінаграднікі. Перада мною белагаловыя хлапчукі карабкаліся па баках лодкі, выцягненай на бераг і перакуленай насмоленым дном дагары. Караблікі ціха плылі на слаба надзьмутых парусах; зеленаватыя хвалі праслізгвалі міма, ледзь-ледзь успухаючы і бурчачы. Раптам данесліся да мяне гукі музыкі: я прыслухаўся. У горадзе Л. гралі вальс; кантрабас гудзеў адрывіста, скрыпка няясна залівалася, флейта свістала бойка.

— Што гэта? — запытаўся я ў падышоўшага да мяне старога ў плісавай камізэльцы, сініх панчохах і чаравіках з пражкамі.

— Гэта, — адказваў ён мне, папярэдне перасунуўшы мундштук сваёй люлькі з аднаго кутка губ у другі: — студэнты прыехалі з Б. на комерш.

«А пагляджу вось я на гэты комерш, — падумаў я: — дарэчы я ў Л. не бываў». Я знайшоў перавозчыка і пераправіўся на другі бок ракі.

II

Магчыма, не ўсякі ведае, што такое комерш. Гэта асобага сорту ўрачысты пір, на які зыходзяцца студэнты адной зямлі або брацтва (Landsmannschaft). Амаль усе ўдзельнікі ў камершы носяць здаўна ўстаноўлены касцюм нямецкіх студэнтаў: венгеркі, вялікія боты і маленькія шапачкі з аколышкамі пэўных колераў. Збіраюцца студэнты звычайна к абеду пад старшынствам сен’ёра, г. зн. старшыны, і піруюць да раніцы, п’юць, спяваюць песні, Landesvater, Gaudeamus, кураць, лаюць філістэраў; іншы раз яны наймаюць аркестр.

Такі вось камерш адбываўся ў г. Л. перад невялікай гасцініцай пад шыльдай Сонца, у садзе, які выходзіў на вуліцу. Над самай гасцініцай і над самым садам развяваліся сцягі; студэнты сядзелі за сталамі пад абстрыжанымі ліпкамі; вялізны бульдог ляжаў пад адным сталом; у баку, у альтанцы з павою, змяшчаліся музыканты і старанна гралі, раз-по-раз падмацоўваючы сябе півам. На вуліцы, перад нізкай агародай саду, сабралася досыць многа народа: добрыя грамадзяне гарадка Л. не хацелі прапусціць выпадку паглядзець на заезджых гасцей. Я таксама ўмяшаўся ў натоўп гледачоў. Мне было весела глядзець на твары студэнтаў; іх абдымкі, выкрыкі, нявіннае какецтва маладосці, палкія позіркі, смех без прычыны — лепшы смех на свеце, — усё гэта радаснае кіпенне жыцця юнацкага, свежага, гэты парыў наперад — куды-б там ні было, абы толькі наперад, — гэта дабрадушнае раздолле мяне кранала і ўзрушвала. Ці не пайсці ўжо да іх? — пытаўся я ў сябе…

— Ася, годзе табе? — раптам прагаварыў ззаду ў мяне мужчынскі голас па-руску.

— Пачакаем яшчэ, — адказаў другі, жаночы, голас на той-жа мове.

Я хутка павярнуўся… Позірк мой спыніўся на прыгожым маладым чалавеку ў шапцы і шырокай куртцы; ён трымаў пад руку дзяўчыну невысокага росту, у саламяным капялюшы, які закрываў усю верхнюю частку яе твара.

— Вы рускія? — сарвалася ў мяне мімаволі з языка.

Малады чалавек усміхнуўся і сказаў:

— Так, рускія.

— Я гэтага зусім не чакаў… у такім захалусці, — пачаў было я.

— І мы не чакалі, — перабіў ён мяне: — што-ж? тым лепш. Дазвольце рэкамендавацца: мяне завуць Гагіным, а вось гэта мая… — ён запнуўся на момант: — мая сястра. А ваша імя дазвольце знаць?

Я назваў сябе, і мы разгаварыліся. Я даведаўся, што Гагін, падарожнічаючы, таксама, як я, дзеля сваёй прыемнасці, тыдзень таму назад заехаў у гарадок Л., ды і застаўся ў ім. Праўду сказаць, я неахвотна знаёміўся з рускімі за граніцай. Я іх пазнаваў нават здалёку па іх хадзе, пакрою вопраткі, а галоўнае, па выразу іх твара. Самазадаволены і пагардлівы, часта загадкавы, ён раптам змяняўся выразам асцярожнасці і палахлівасці… Чалавек раптоўна насцярожваўся ўвесь, вочы неспакойна бегалі… «Баценькі мае! ці не схлусіў я, ці не смяюцца з мяне?», здавалася, гаварыў гэты ўтароплены позірк… Праходзіў міг, — і зноў аднаўлялася велічнасць фізіяноміі, зрэдку чаргуючыся з тупым неўразуменнем. Так, я ўнікаў рускіх, але Гагін мне спадабаўся адразу. Ёсць на свеце такія шчаслівыя твары: глядзець на іх усякаму люба, нібы, яны грэюць вас або гладзяць. У Гагіна быў іменна такі твар, мілы, ласкавы, з вялікімі, мяккімі вачыма і мяккімі кучаравымі валасамі. Гаварыў ён так, што, нават не бачачы яго твара, вы па аднаму гуку яго голасу, адчувалі, што ён усміхаецца.

Дзяўчына, якую ён назваў сваёй сястрою, з першага погляду паказалася мне вельмі мілавіднай. Было штосьці сваё, асаблівае ў складзе яе смуглаватага, круглага твара, з невялікім тонкім носам, амаль дзіцячымі шчочкамі і чорнымі, светлымі вачыма. Яна была грацыёзна складзена, але як быццам не зусім яшчэ развіта. Яна ніколькі не была падобна да свайго брата.

— Хочаце вы зайсці да нас? — сказаў мне Гагін: — здаецца, досыць мы наглядзеліся на немцаў. Нашы-б, праўда, шыбы пабілі і паламалі-б крэслы, а гэтыя ўжо надта скромныя. Як ты думаеш, Ася, пайсці нам дадому?

Дзяўчына сцвярджальна кіўнула галавой.

— Мы жывем за горадам, — прадаўжаў Гагін: — у вінаградніку, у адзінокім доміку, высока… У нас слаўна, паглядзіце. Гаспадыня абяцала прыгатаваць нам кіслага малака. Цяпер-жа хутка сцямнее, і вам лепш будзе пераязджаць Рэйн пры святле месяца.

Мы адправіліся. Праз нізкія вароты горада (старадаўняя сцяна з каменняў акружала яго з усіх бакоў, нават байніцы не ўсе яшчэ разваліліся) мы вышлі ў поле і, прайшоўшы крокаў сто ўздоўж каменнай агарожы, спыніліся перад вузенькай каліткай. Гагін адчыніў яе і павёў нас па крутой сцежцы. З абодвух бакоў, на ўступах, рос вінаград; сонна толькі што зайшло, і чырвонае тонкае святло ляжала на зялёных лозах, на высокіх тычынках, на сухой зямлі, усеянай скрозь буйным і дробным плітняком, і на белай сцяне невялікага доміка, з касымі чорнымі перакладзінамі і чатырма светлымі акенцамі, які стаяў на самым версе гары, па якой мы ўзбіраліся.

— Вось і наша жыллё! — усклікнуў Гагін, як толькі мы сталі набліжацца да доміка: — а вось і гаспадыня нясе малако. Guten Abend, Madame!.. Мы зараз возьмемся за яду; але раней, — дадаў ён: — азірніцеся: які від?

Від быў, сапраўды, цудоўны. Рэйн ляжаў перад намі ўвесь срэбраны, паміж зялёнымі берагамі; у адным месцы ён гарэў багровым золатам заходу. Гарадок, які прытуліўся да берагу, паказаў усе свае дамы і вуліцы; шырока, разбягаліся ўзгоркі і палі. Унізе было хораша, але наверсе яшчэ лепш: мяне асабліва здзівіла чыстата і глыбіня неба, ззяючая празрыстасць паветра. Свежае і лёгкае, яно ціха калыхалася і перакатвалася хвалямі, нібы і яму было раздольней на вышыні.

— Выдатную выбралі вы кватэру, — сказаў я.

— Гэта Ася яе знайшла, — адказваў Гагін: — а ну, Ася, — прадаўжаў ён: — распараджайся. Загадай усё сюды падаць. Мы будзем вячэраць на свежым паветры. Тут музыку лепш чуваць. Ці заўважылі вы, — дадаў ён, звярнуўшыся да мяне: — зблізку іншы вальс нікуды няварты — пошлыя, грубыя гукі — а ў аддаленні, цуда! так і варушыць у вас усе рамантычныя струны.

Ася (уласна, імя яе было Анна; але Гагін называў яе Асяй, і ўжо вы дазвольце мне яе так называць) — Ася пайшла ў дом і хутка вярнулася разам з гаспадыняй. Яны ўдваіх неслі вялікі паднос з гаршком малака, талеркамі, лыжкамі, цукрам, ягадамі, хлебам. Мы ўселіся і пачалі вячэраць. Ася зняла капялюш: яе чорныя валасы, астрыжаныя і прычэсаныя, як у хлопчыка, падалі буйнымі завіткамі на шыю і вушы. Спачатку яна дзічылася мяне; але Гагін сказаў ёй:

— Ася, досыць ёжыцца! ён не кусаецца.

Яна ўсміхнулася і, крыху пачакаўшы, сама ўжо загаварвала са мною. Я не бачыў істоты, больш жвавай. Ніводнага моманту яна не сядзела смірна; уставала, убягала ў дом і прыбягала зноў, напявала ўпоўголаса, часта смяялася і дзіўным чынам не з таго, што чула, а з розных думак, што прыходзілі ёй у галаву. Яе вялікія вочы глядзелі прама, светла, смела, але іншы раз павекі яе злёгку жмурыліся, і тады позірк яе раптам станавіўся глыбокім і пяшчотным.

Мы размаўлялі гадзіны дзве. Дзень даўно пагас, і вечар, перш увесь агністы, пасля ясны і пунсовы, пасля бледны і смуглы, ціха таяў і пераліваўся ў ноч, а гутарка наша ўсё прадаўжалася, мірная і спакойная, як паветра, што акружала нас. Гагін загадаў прынесці бутэльку рэйнвейна; мы яе выпілі, не спяшаючыся. Музыка, па-ранейшаму, далятала да нас; гукі яе здаваліся саладзей і далікатней; агні запальваліся ў горадзе і над ракою. Ася раптам апусціла галаву, так што кудры яе на вочы з’ехалі, змоўкла і ўздыхнула, а пасля сказала нам, што хоча спаць, і пайшла ў дом; я, аднак, бачыў, як яна, не запальваючы свечкі, доўга стаяла за неадчыненым акном. Нарэшце, месяц узышоў і заіграў па Рэйну: усё асвяцілася, пацямнела, змянілася, нават віно ў нашых гранёных шклянках заблішчэла таямнічым бляскам. Вецер сціх, нібы крыллі склаў і замёр; начной, пахучай цёплынёй павеяла ад зямлі.

— Пара! — усклікнуў я: — а то, бадай, перавозчыка не знойдзеш.

— Пара, — паўтарыў Гагін.

Мы пайшлі ўніз па сцежцы. Каменні раптам пасыпаліся за намі: гэта Ася нас даганяла.

— Хіба ты не спіш? — запытаўся ў яе брат, але яна, не адказаўшы яму ні слова, прабегла міма. Апошнія дагараючыя плошкі, запаленыя студэнтамі ў садзе гасцініцы, асвятлялі знізу лісці дрэў, што надавала ім святочны і фантастычны выгляд. Мы знайшлі Асю ля берага: яна размаўляла з перавозчыкам. Я саскочыў у лодку і развітаўся са сваімі новымі сябрамі. Гагін абяцаў наведаць мяне ў наступны дзень; я паціснуў яго руку і працягнуў сваю Асі, але яна толькі паглядзела на мяне і паківала галавой. Лодка адчаліла і паімчалася па быстрай рацэ. Перавозчык, бадзёры стары, з напружаннем апускаў вёслы ў цёмную ваду.

— Вы ў месячны слуп уехалі, вы яго разбілі, — закрычала мне Ася.

Я апусціў вочы: вакол лодкі, чарнеючы, калыхаліся хвалі.

— Бывайце! — зноў пачуўся яе голас.

— Да заўтра, — прагаварыў пасля яе Гагін.

Лодка прычаліла. Я вышаў і азірнуўся. Нікога ўжо не было відаць на супроцьлеглым беразе. Месячны слуп зноў цягнуўся залатым мастом цераз усю раку. Нібы на развітанне даляцелі гукі старадаўняга ланераўскага вальса. Гагін праўду казаў: я адчуў, што ўсе струны сэрца майго задрыжэлі ў адказ на тыя ліслівыя напевы. Я пайшоў дадому цераз пацямнеўшыя палі, павольна ўдыхаючы пахучае паветра, і прышоў ў свой пакойчык увесь распешчаны салодкім тамленнем беспрадметных і бясконцых чаканняў. Я адчуваў сябе шчаслівым… Але ад чаго я быў шчаслівы? Я нічога не хацеў, я ні аб чым не думаў… Я быў шчаслівы.

Ледзь не смеючыся ад мноства прыемных і ігрывых пачуццяў, я кінуўся на пасцель і ўжо заплюшчыў было вочы, як раптам мне прышло ў галаву, што на працягу вечара я ні разу не ўспомніў аб сваёй жорсткай красуні… «Што-ж гэта азначае? — запытаўся я ў самога сябе: — хіба я не закаханы? Але, задаўшы сабе гэта пытанне, я, здаецца, адразу-ж заснуў, як дзіця ў калысцы.

III

У наступную раніцу (я ўжо прачнуўся, але яшчэ не ўставаў) стук кія пачуўся ў мяне пад акном, і голас, у якім я адразу-ж пазнаў голас Гагіна, заспяваў:

„Ты спишь ли? Гитарой
Тебя разбужу…“

Я паспяшаўся адчыніць яму дзверы.

— Добры дзень, — сказаў Гагін, уваходзячы: — я вас раненька патрывожыў, але паглядзіце, якая раніца. Свежасць, раса, жаўранкі спяваюць…

Са сваімі кучаравымі бліскучымі валасамі, адкрытай шыяй і ружовымі шчокамі, ён сам быў свежы, як раніца.

Я апрануўся; мы вышлі ў садок, селі на лавачку, загадалі падаць сабе кофе і пачалі гутарыць. Гагін расказаў мне пра свае планы на будучае: уладаючы вялікім багаццем і ні ад каго не залежачы, ён хацеў прысвяціць сябе жывапісу, і толькі шкадаваў аб тым, што позна спахапіўся за розум і шмат часу страціў дарэмна; я таксама напомніў аб сваіх меркаваннях, ды, дарэчы, паверыў яму тайну майго нешчаслівага кахання. Ён выслухаў мяне спагадліва, але, колькі я мог заўважыць, моцнага спачування да маёй страсці я ў ім не абудзіў. Уздыхнуўшы ўслед за мной разы са два, з далікатнасці, Гагін прапанаваў мне пайсці да яго, паглядзець яго эцюды. Я адразу згадзіўся.

Мы не засталі Асю. Яна, паводле слоў гаспадыні, пайшла на «руіны». Вярсты за дзве ад гарадка Л. знаходзіліся рэшткі феадальнага замка. Гагін раскрыў мне ўсе свае картоны. У яго эцюдах было многа жыцця і праўды, штосьці свабоднае і шырокае; але ніводзін з іх не быў скончаны, і рысунак паказаўся мне неахайным і няправільным. Я адкрыта выказаў яму сваю думку.

— Так, так, — падхапіў ён уздыхнуўшы: — вы маеце рацыю, усё гэта вёльмі дрэнна і няспела, што-ж рабіць! Не вучыўся я, як след, ды і праклятая славянская распушчанасць бярэ сваё. Пакуль марыш аб рабоце, дык і лятаеш арлом; зямлю, здаецца, зрушыў-бы з месца — а пры выкананні адразу-ж слабееш і стамляешся.

Я пачаў падбадзёрваць яго, але ён махнуў рукой і, сабраўшы картоніны на бярэма, кінуў іх на канапу.

— Калі хопіць цярпення, з мяне выйдзе што-небудзь, — сказаў ён праз зубы, — не хопіць, застануся недараслем з дваран. Пойдзем лепш Асю шукаць.

Мы пайшлі.

IV

Дарога да руін вілася па схілу вузкай, лясістай даліны; на дне яе бег ручай і шумна кідаўся цераз каменні, нібы спяшаючыся зліцца з вялікай ракой, што спакойна блішчэла за цёмнаю гранню крута рассечаных горных хрыбтоў. Гагін звярнуў маю ўвагу на некаторыя шчасліва асветленыя месцы, у словах яго адчуваўся, калі не жывапісец, то ўжо напэўна мастак. Хутка паказаліся руіны. На самай вяршыні голай скалы ўзвышалася чатырохвугольная вежа, уся чорная, яшчэ моцная, але нібы рассечаная ўздоўжнай расколінай. Імшыстыя сцены далучаліся да вежы; сям-там ляпіўся павой; пакрыўленыя дрэўцы звешваліся з сівых байніц і абваліўшыхся скляпенняў. Камяністая сцежка вяла да ўцалеўшых варот. Мы падыходзілі ўжо да іх, як раптам наперадзе ў нас прамільгнула жаночая постаць, хутка перабегла па кучы абломкаў і села на ўступе сцяны, проста над прорвай.

— Ды гэта-ж Ася! — усклікнуў Гагін: — якая вар’ятка!

Мы ўвайшлі ў вароты і апынуліся на невялікім дворыку, да палавіны заросшым дзікімі яблынямі і крапівой. На ўступе сядзела, сапраўды, Ася. Яна павярнулася да нас тварам і засмяялася, але не кранулася з месца. Гагін пагразіў ёй пальцам, а я голасна ўпікнуў яе ў неасцярожнасці.

— Ды што вы, — сказаў мне шэптам Гагін: — не дражніце яе; вы яе не ведаеце, бадай яшчэ на вежу ўзбярэцца. А вось, вы лепш падзівіцеся кемлівасці тутэйшых жыхароў.

Я азірнуўся. У кутку, змясціўшыся ў маленькім драўляным балаганчыку, старэнькая жанчына вязала панчоху і касілася на нас праз акуляры. Яна прадавала турыстам піва, пернікі і зельтэрскую ваду. Мы ўселіся на лавачцы і пачалі піць з цяжкіх валавяных конавак досыць халоднае піва. Ася прадаўжала сядзець нерухома, падабраўшы пад сябе ногі і захутаўшы галаву кісейным шарфам; стройны твар яе выразна і прыгожа вырысоўваўся на ясным небе; але я з непрыязным пачуццём паглядаў на яе. Ужо ўчора заўважыў я ў ёй штосьці напружанае, не зусім натуральнае… «Яна хоча здзівіць нас», — думаў я: — «навошта гэта? Што за дзіцячы выбрык?» Нібы адгадаўшы мае думкі, яна раптам кінула на мяне быстры і наскрозь прабіваючы позірк, засмяялася зноў, у два прыжкі саскочыла са сцяны і, падышоўшы да старэнькай, папрасіла ў яе шклянку вады.

— Ты думаеш я хачу піць? — прагаварыла яна, звярнуўшыся да брата: — не, тут ёсць кветкі на сценах, якія абавязкова паліць трэба.

Гагін нічога не адказаў ёй; яна, са шклянкай у руцэ, пачала карабкацца па руінах, зрэдку спыняючыся, нахіляючыся і з забаўнай важнасцю раняючы некалькі кропель вады, якія ярка блішчэлі на сонцы. Яе рукі былі вельмі мілыя, але мне, паранейшаму, было прыкра, хоць я мімаволі любаваўся яе лёгкасцю і спрытам. На адным небяспечным месцы яна знарок крыкнула і пасля зарагатала… Мне стала яшчэ больш прыкра.

— Ды яна як каза лазіць, — прамармытала сабе пад нос старая, на момант адарваўшыся ад сваёй панчохі.

Нарэшце, Ася апаражніла ўсю сваю шклянку і, гарэзліва пагойдваючыся, вярнулася да нас. Дзіўная ўсмешка злёгку падзёргвала яе бровы, ноздры і губы; напоўдзёрзка, напоўвесела жмурыліся цёмныя вочы.

«Вы лічыце мае паводзіны непрыстойнымі, — здавалася, гаварыў яе твар: — усероўна: я ведаю, вы мною любуецеся».

— Умела атрымліваецца, Ася, умела, — прагаварыў Гагін сцішка.

Яна раптам як быццам засаромілася, апусціла свае доўгія расніцы і скромна падсела да нас, як вінаватая. Я тут упершыню добра разгледзеў яе твар, самы зменлівы твар, які я толькі бачыў. Праз некалькі імгненняў, ён ужо ўвесь пабялеў і набыў сканцэнтраваны, амаль сумны выраз; самыя рысы яе мне паказаліся большымі, стражэйшымі, прасцейшымі. Яна ўся сціхла. Мы абыйшлі руіны навокал (Ася ішла ўслед за намі) і палюбаваліся відамі. Між тым час абеду набліжаўся. Расплачваючыся са старой, Гагін папрасіў яшчэ кружку піва і, павярнуўшыся да мяне, усклікнуў з хітраватай грымасай:

— За здароўе дамы вашага сэрца!

— А хіба ў яго, — хіба ў вас ёсць такая дама? — запыталася раптам Ася.

— Ды ў каго-ж яе няма? — запярэчыў Гагін.

Ася задумалася на момант; яе твар зноў змяніўся, зноў паявілася на ім бойкая, амаль дзёрзкая ўсмешка.

Ідучы назад яна яшчэ горш рагатала і сваволіла. Яна зламала доўгую галіну, паклала яе сабе на плячо, як стрэльбу, абвязала галаву шарфам. Памятаецца, нам сустрэлася шматлікая сям’я белакурых і чапуркіх англічан: усе яны, нібы па камандзе, з халодным здзіўленнем праводзілі Асю сваімі шклянымі вачыма, а яна, нібы ім на злосць, моцна заспявала. Вярнуўшыся дадому, яна адразу-ж пайшла да сябе ў пакой і паявілася толькі к самаму абеду, апранутая ў лепшую сваю сукенку, старанна прычэсаная, падперазаная і ў пальчатках. За сталом яна трымалася вельмі чынна, амаль чопарна, толькі крыху спрабуючы яду і піла ваду з чаркі. Ёй яўна хацелася разыграць перада мною новую ролю, — ролю прыстойнай і добравыхаванай паненкі. Гагін не перашкаджаў ёй: прыкметна было, што ён прывык патураць ёй ва ўсім. Ён толькі часамі добрадушна паглядаў на мяне і злёгку паціскаў плячом, нібы жадаючы сказаць: «Яна дзіця; будзьце спагадлівы». Як толькі скончыўся абед, Ася ўстала, зрабіла нам кніксен і, надзяваючы капялюш, запыталася ў Гагіна: ці можна ёй пайсці да фрау Луізе?

— Ці даўно ты стала пытацца? — адказваў ён са сваёй нязменнай, на гэты раз некалькі збянтэжанай усмешкай: — хіба табе нудна з намі?

— Не, але я ўчора яшчэ абяцала фрау Луізе пабываць у яе; прытым-жа, я думала, вам будзе лепш удваіх, п. Н. (яна паказала на мяне) што-небудзь яшчэ табе раскажа.

Яна пайшла.

— Фрау Луізе, — пачаў Гагін, стараючыся ўнікаць майго позірку: — удава тутэйшага бургомістра, добрая, між іншым, пустая старэнькая. Яна вельмі палюбіла Асю. У Асі страсць знаёміцца з людзьмі ніжэйшага круга: я заўважыў, прычынаю гэтага заўсёды бывае гордасць. Яна ў мяне вельмі спешчаная, як бачыце, — дадаў ён, крыху памаўчаўшы: — ды што будзеш рабіць. Патрабаваць я ні ад каго не ўмею, а ад яе — тым больш. Я абавязан быць ласкавым з ёю.

Я прамаўчаў. Гагін перамяніў размову. Чым больш я пазнаваў яго, тым мацней я да яго прывязваўся. Я хутка яго зразумеў. Гэта была проста руская душа, праўдзівая, сумленная, простая, але, на жаль, крыху вялая, без чэпкасці і ўнутранага агню. Маладосць не кіпела ў ім; яна свяцілася ціхім святлом. Ён быў вельмі мілы і разумны, але я не мог сабе ўявіць, што з ім станецца, як толькі ён узмужае. Быць мастаком… Без горкай, заўсёднай працы не бывае мастакоў… а працаваць, думаў я, гледзячы на яго мяккія рысы, слухаючы яго няспешную гаворку, — не! працаваць ты не будзеш, сціснуцца ты не здолееш. Але не палюбіць яго не было магчымасці: сэрца так і цягнулася да яго. Гадзіны чатыры правялі мы ўдваіх, то седзячы на канапе, то павольна ходзячы перад домам, і за гэтыя чатыры гадзіны сышліся канчаткова.

Сонца зайшло, і мне ўжо час быў ісці дадому. Ася ўсё яшчэ не вярталася.

— Якая яна ў мяне вольніца! — сказаў Гагін. — Хочаце, я пайду праводзіць вас? Мы, па дарозе, зойдзем да фраў Луізе; я запытаю, ці там яна? Наклад невялікі.

Мы спусціліся ў горад і, звярнуўшы ў вузкі, крывы завулачак, спыніліся перад домам у два акны шырынёю і вышынёю ў чатыры паверхі. Другі паверх выступаў на вуліцу больш за першы, трэці і чацверты яшчэ больш за другі; увесь дом, са сваёй старой разьбой, двума тоўстымі слупамі ўнізе, вострым чарапічным дахам і працягнутым у выглядзе дзюбы калаўротам на чардаку, здаваўся вялізнай, згорбленай птушкай.

— Ася! — крыкнуў Гагін: — ты тут?

Асветленае акно ў трэцім паверсе стукнула і адчынілася, і мы ўбачылі цёмную галоўку Асі. З-за яе выглядаў бяззубы і падслепаваты твар старой немкі.

— Я тут, — прагаварыла Ася, какетліва абапёршыся локцямі на падаконнік: — мне тут добра. На табе, вазьмі, — дадала яна, кідаючы Гагіну галінку герані: — уяві, што я дама твайго сэрца.

Фрау Луізе засмяялася.

— Н. ідзе дадому, — запярэчыў Гагін: — ён хоча з табой развітацца.

— Няўжо? — прагаварыла Ася: — у такім выпадку, дай яму маю галінку, а я зараз вярнуся.

Яна зачыніла акно, і, здаецца пацалавала фрау Луізе. Гагін працягнуў мне моўчкі галінку. Я моўчкі паклаў яе ў кішэню, дайшоў да перавоза і пераправіўся на другі бок.

Памятаю я ішоў дадому, як раптам мяне здзівіў моцны, знаёмы, але ў Германіі рэдкі пах. Я спыніўся і ўбачыў каля дарогі невялікі загончык канапель. Іх стэпавы пах умомант напомніў мне радзіму і прабудзіў у душы маёй страшэнны смутак аб ёй. Мне захацелася дыхаць рускім паветрам, хадзіць па рускай зямлі. «Што я тут раблю, чаго я цягаюся ў чужой старане, паміж чужымі?» — усклікнуў я, і жудасны цяжар, які я адчуваў на сэрцы, выліўся раптам у горкае і пякучае хваляванне. Я прышоў дадому зусім у іншым настроі, чым учора. Я адчуваў сябе амаль раззлаваным і доўга не мог супакоіцца. Незразумелая мне самому дакука разбірала мяне. Нарэшце, я сеў і, успомніўшы пра сваю каварную ўдаву (афіцыяльным успамінам пра гэту даму заключаўся кожны мой дзень), дастаў адну з яе запісак. Але я нават не раскрыў яе; думкі мае адразу прынялі іншы напрамак. Я пачаў думаць… думаць пра Асю. Мне прышло ў галаву, што Гагін, на працягу размовы, намякнуў мне на нейкія цяжкасці, што перашкаджаюць яго звароту ў Расію… «Не падобна, каб яна была сястрой яго?» — прагаварыў я ўголас.

Я раздзеўся, лёг і стараўся заснуць; але праз гадзіну пасля гэтага я зноў сядзеў у пасцелі, абапершыся локцем на падушку, і зноў думаў пра гэту «капрызную дзяўчынку з вымушаным смехам»… «Яна складзена, як маленькая рафаэлеўская Галатэя ў Фарнезіне», — шаптаў я: — «так; і яна яму не сястра»…

А запіска ўдавы спакойна ляжала на падлозе, бялеючы ў праменнях месяца.

V

У наступную раніцу я зноў пайшоў у Л. Я запэўняў сябе, што мне хочацца пабачыцца з Гагіным, але ўлотайку мяне цягнула паглядзець, што стане рабіць Ася, ці таксама яна будзе «дурэць», як учора. Я застаў абодвух у гасцінай, і, дзіўная справа! — магчыма ад таго, што я ўночы і раніцой многа размышляў аб Pасіі — Ася паказалася мне зусім рускай дзяўчынай, ды простай дзяўчынай, ледзь не пакаёўкай. На ёй была старэнькая сукеначка, валасы яна зачасала за вушы і сядзела, не варушачыся, ля акна, ды шыла ў пяльцах, скромна, ціха, нібы яна век свой нічым іншым не займалася. Яна амаль нічога не гаварыла, спакойна паглядвала на сваю работу, і рысы яе набылі такі нязначны, будні выраз, што мне мімаволі ўспомніліся нашы домарошчаныя Каці і Машы. Для давяршэння падабенства, яна пачала напяваць упоўголаса «Матухну-галубачку». Я глядзеў на яе жаўтаваты, згаслы тварык, успамінаў аб учарашніх марах, і шкада мне было чагосьці. Надвор’е было цудоўнае. Гагін абвясціў нам, што пойдзе сёння маляваць эцюд з натуры; я запытаўся, ці дазволіць ён мне праводзіць яго, ці не перашкоджу я яму?

— Наадварот, — запярэчыў ён: — вы мне можаце добрую параду даць.

Ён надзеў круглы капялюш à la Van Dyck, блузу, узяў картон пад паху і пайшоў; я паплёўся ўслед за ім. Ася засталася дома. Гагін, адыходзячы, прасіў яе паклапаціцца аб тым, каб суп быў не надта рэдкі; Ася абяцала пабываць на кухні. Гагін дабраўся да знаёмай ужо мне даліны, прысеў на камень і пачаў зарысоўваць стары дуплісты дуб з раскідзістымі галінамі. Я лёг на траву і дастаў кніжку; але я і двух старонак не прачытаў, а ён толькі паперу змазаў: і мы ўсё больш разважалі і, наколькі я магу меркаваць, досыць разумна і тонка разважалі аб тым, як іменна трэба працаваць; чаго неабходна ўнікаць, чаго прытрымлівацца, і якое ўласна значэнне мастака ў наш век. Гагін, нарэшце, рашыў, што ён «сёння не ў настроі», лёг побач са мною, і ўжо тут свабодна пацяклі маладыя нашы гутаркі, то гарачыя, то задуменныя, то захапляючыя, але амаль заўсёды няясныя гутаркі, у якіх так ахвотна разліваецца рускі чалавек. Набалбатаўшыся ўдосталь і напоўніўшыся пачуццём задаваленняя, нібы мы штосьці зрабілі, паспелі ў нечым, вярнуліся мы дадому. Я застаў Асю такой-жа самай, якой я яе пакінуў; як я ні стараўся назіраць за ёю — ні ценю какецтва, ні прызнаку наўмысна-прынятай ролі я ў ёй не заўважыў; на гэты раз не было магчымасці папракнуць яе ў ненатуральнасці.

— Ага! — гаварыў Гагін: — пост і пакаянне на сябе наклала.

Пад вечар яна некалькі разоў непрытворна пазяхнула і рана пайшла да сябе. Я сам хутка развітаўся з Гагіным і, вярнуўшыся дадому, не марыў ужо ні аб чым: гэты дзень прайшоў у цвярозых адчуваннях. Памятаецца, аднак, кладучыся спаць, я мімаволі праказаў уголас:

— Што за хамелеон гэта дзяўчына! — і, падумаўшы крыху, дадаў: — а ўсё-такі, яна яму не сястра.

VI

Прайшло цэлых два тыдні. Я кожны дзень наведваў Гагіных. Ася нібы ўнікала мяне, але ўжо не дазваляла сабе ніводнага з тых свавольстваў, якія так здзівілі мяне ў першыя два дні нашага знаёмства. Яна здавалася ўпотайку засмучанай або збянтэжанай; яна і смяялася меней. Я з цікаўнасцю назіраў за ёю.

Яна досыць добра гаварыла па-французску і па-нямецку; але па ўсяму было прыкметна, што яна з маленства не была ў жаночых руках і выхаванне атрымала дзіўнае, незвычайнае, якое не мела нічога агульнага з выхаваннем самога Гагіна. Ад якога, не гледзячы на яго капялюш à la Van Dyck і блузу, так і веяла мяккім, напалову спешчаным, вялікарускім дваранінам, а яна не была падобна да паненкі; ва ўсіх яе рухах было штосьці неспакойнае: гэты дзічок нядаўна быў прывіты, гэта віно яшчэ брадзіла. Ад прыроды сарамлівая і нясмелая, яна злавала на сваю сарамлівасць і, з-за гэтага, праз сілу старалася быць развязнай і смелай, што ёй не заўсёды ўдавалася. Я некалькі разоў загаварваў з ёю аб яе жыцці ў Расіі, аб яе мінулым; яна неахвотна адказвала на мае распытванні; я даведаўся, аднак, што да ад’езду за граніцу яна доўга жыла ў вёсцы. Я застаў яе аднойчы за кнігай, адну. Абапёршыся галавой на абедзве рукі і запусціўшы пальцы глыбока ў валасы, яна пажырала вачыма радкі.

— Брава! — сказаў я, падышоўшы да яе: — якая вы старанная.

Яна прыўзняла галаву, важна і строга паглядзела на мяне.

— Вы думаеце, я толькі смяяцца ўмею, — прагаварыла яна і хацела пайсці…

Я зірнуў на загаловак кнігі: гэта быў нейкі французскі раман.

— Аднак, я ваш выбар пахваліць не магу, — заўважыў я.

— Што-ж чытаць! — усклікнула яна і, кінуўшы кнігу на стол, дадала: — дык лепш пайду дурачыцца, — і пабегла ў сад.

У той-жа дзень, вечарам, я чытаў Гагіну «Германа і Даратэю». Ася перш усё толькі прашмыгвала міма нас, пасля раптам спынілася, прынікла вухам, ціхенька падсела да мяне і выслухала чытанне да канца. У наступны дзень я зноў не пазнаў яе, пакуль не здагадаўся, што ёй раптам прышло ў галаву, быць дамавітай і сталай, як Даратэя. Адным словам, яна з’яўлялася мне поўзагадкавай істотай. Самалюбная да крайнасці, яна прыцягвала мяне, нават калі я злаваўся на яе. У адным толькі я больш і больш пераконваўся, а іменна ў тым, што яна не сястра Гагіна. Ён абыходзіўся з ёю не пабрацку: занадта ласкава, занадта спагадліва і ў той-жа час некалькі вымушана.

Дзіўны выпадак, як відаць, пацвердзіў мае падазрэнні.

Аднойчы ўвечары, падыходзячы да вінаградніка, дзе жылі Гагіны, я знайшоў калітку замкнёнай. Не доўга думаючы, дабраўся я да аднаго абваленага месца ў агарожы, ужо раней заўважанага мною, і пераскочыў цераз яго. Недалёка ад гэтага месца, у баку ад дарожкі, была невялікая альтанка з акацыяй: я параўняўся з ёю і ўжо прайшоў міма… раптам мяне здзівіў голас Асі, якая з жарам і праз слёзы гаварыла наступныя словы:

— Не, я нікога не хачу кахаць, апрача цябе, не, не, аднаго цябе я хачу кахаць — і назаўсёды.

— Ды штоты, Ася, супакойся, — гаварыў Гагін: — ты ведаеш, я табе веру.

Галасы іх чуліся ў альтанцы. Я ўбачыў іх абодвух праз негусты пераплёт галін. Яны мяне не заўважылі.

— Цябе, цябе аднаго, — паўтарыла яна, кінулася яму на шыю і з сударгавым плачам пачала цалаваць яго і прыціскацца да яго грудзей.

— Досыць, досыць, — цвярдзіў ён, злёгку праводзячы рукою па яе валасах.

Некалькі імгненняў застаўся я нерухомым… Раптам я схамянуўся. — Падыйсці да іх?.. Ні за што! — прамільгнула ў маёй галаве. Шпаркімі крокамі вярнуўся я да агароды; пераскочыў цераз яе на дарогу і ледзве не бягом пусціўся дадому. Я ўсміхаўся, паціраў рукі, здзіўляўся выпадку, які нечакана пацвердзіў мае здагадкі (я ні на момант не ўсумніўся ў іх правільнасці), а між тым, на сэрцы ў мяне было вельмі горка. Аднак, думаў я, умеюць-жа яны прытварацца! Але дзеля чаго? Што за ахвота мяне марочыць? Не чакаў ад яго я гэтага… І што за чуллівае прызнанне?

VII

Я спаў дрэнна, і назаўтра ўстаў рана, прывязаў паходную кайстру за спіну і, сказаўшы сваёй гаспадыні аб тым, каб яна не чакала мяне к ночы, адправіўся пехатою ў горы, уверх па цячэнню ракі, на якой ляжыць гарадок З. Гэтыя горы, адросткі хрыбта, называемага Сабачай спіной Hundsrück, вельмі цікавыя ў геалагічных адносінах; асабліва выдатныя яны правільнасцю і чыстатой базальтавых слаёў; але мне было не да геалагічных назіранняў. Я проста не разумеў, што ва мне адбывалася; адно пачуццё было для мяне ясна: нежаданне бачыцца з Гагінымі. Я запэўняў сябе, што адзінай прычынай маёй раптоўнай непрыязні да іх была злосць на іх хітрасць. Хто іх прымушаў выдаваць сябе за сваякоў? Між іншым, я стараўся аб іх не думаць; блукаў, не спяшаючыся, па горах і далінах, заседжваўся ў вясковых харчэўнях, мірна гутарачы з гаспадарамі і гасцямі, або клаўся на плоскі, нагрэты камень і глядзеў, як плылі воблакі, добра, надвор’е было цудоўнае. У такіх занятках я правёў тры дні, і не без задавалення, — хоць сэрца ў мяне і шчымела часамі. Настрой маіх думак адпавядаў якраз спакойнай прыродзе таго краю.

Я аддаў сябе ўсяго ціхай гульні выпадковасці, набягаўшым уражанням: спакойна змяняючыся, працякалі яны па душы і пакінулі ў ёй, нарэшце, адно агульнае пачуццё, у якім злілося ўсё, што я бачыў, адчуў, пачуў за гэтыя тры дні — усё: тонкі пах смалы ў лясах, крык і стук дзятлоў, несціханае журчанне светлых ручаін са стракатымі фарэлямі на пясчаным дне, не вельмі смелыя абрысы гор, хмурыя скалы, чысценькія вёсачкі з паважанымі старымі цэрквамі і дрэвамі, буслы на балотах, утульныя млыны з праворна круцячыміся коламі, гасцінныя твары пасялян, іх сінія камзолы і шэрыя панчохі, скрыпучыя, марудлівыя вазы, у якія запрэжаны тлустыя коні, а іншы раз каровы, маладыя доўгавалосыя вандроўнікі па чыстых дарогах, абсаджаных яблынямі і грушамі…

Нават і цяпер мне прыемна ўспомніць мае тагачасныя ўражанні. Прывітанне табе, скромны куток германскай зямлі, з тваім няхітрым дастаткам, з паўсюднымі слядамі працавітых рук, цярплівай, хоць маруднай работы… Прывітанне табе і спакой!

Я прышоў дадому пад самы канец трэцяга дня. Я забыўся сказаць, што з дакукі на Гагіных, я паспрабаваў уваскрасіць у сабе вобраз бязлітаснай удавы; — але мае намаганні засталіся дарэмнымі. Памятаецца, калі я пачаў марыць аб ёй, я ўбачыў перад сабою сялянскую дзяўчынку гадоў пяці, з круглым тварыкам, з нявінна выпучанымі вочкамі. Яна так па-дзіцячаму прастадушна глядзела на мяне… Мне стала сорамна яе чыстага позірку, я не хацеў хлусіць пры ёй, і адразу-ж канчаткова і назаўсёды раскланяўся са сваім ранейшым прадметам.

Дома я знайшоў запіску ад Гагіна. Ён здзіўляўся нечаканасці майго рашэння, папракаў мяне, чаму я не ўзяў яго з сабою, і прасіў прыйсці да іх, як толькі я вярнуся. Я з непрыемнасцю прачытаў гэту запіску, але ў наступны-ж дзень адправіўся ў Л.

VIII

Гагін сустрэў мяне па-прыяцельску, асыпаў мяне ласкавымі дакорамі; але Ася, нібы знарок, як толькі ўбачыла мяне, пачала рагатаць без усякай прычыны і, па сваёй прывычцы, адразу-ж выбегла. Гагін збянтэжыўся, прамармытаў ёй услед, што яна вар’ятка, папрасіў мяне прабачыць ёй. Прызнаюся, мне стала вельмі дасадна на Асю; ужо і без таго ў мяне быў дрэнны настрой, а тут зноў гэты ненатуральны смех, гэтыя нейкія дзіўныя грымасы. Я, аднак, зрабіў выгляд, быццам нічога не заўважыў, і паведаміў Гагіну падрабязнасці свайго невялікага падарожжа. Ён расказаў мне, што рабіў у часе маёй адсутнасці. Але гаворка наша не клеілася; Ася ўваходзіла ў пакой і выбягала зноў; я сказаў, нарэшце, што ў мяне ёсць тэрміновая работа, і што мне час вярнуцца дадому. Гагін перш мяне ўтрымліваў, пасля, пільна паглядзеўшы на мяне, вызваўся праводзіць мяне. У пярэдняй Ася раптам падышла да мяне і працягнула мне руку; я злёгку паціснуў яе пальцы і крыху пакланіўся ёй. Мы разам з Гагіным пераправіліся цераз Рэйн і, праходзячы міма любімага майго ясеня са статуйкай мадоны, прыселі на лаўку, каб палюбавацца відам. Надзвычайная размова адбылася тут паміж намі.

Перш мы перакінуліся некалькімі словамі, пасля змоўклі, глядзячы на светлую раку.

— Скажыце, — пачаў раптам Гагін са сваёй звычайнай усмешкай: — якой вы думкі аб Асі? Яна павінна здавацца вам крыху дзіўнай, ці не праўда?

— Так, — адказаў я не без некаторага здзіўлення. Я не чакаў, што ён загаворыць аб ёй.

— Яе трэба добра вывучыць, каб аб ёй меркаваць, — прагаварыў ён: — у яе сэрца вельмі добрае, але галава бядовая. Цяжка з ёю ладзіць. Між іншым, яе нельга вінаваціць, і калі-б вы ведалі яе гісторыю…

— Яе гісторыю? — перапыніў я… — хіба яна не ваша…

Гагін зірнуў на мяне.

— Ці не думаеце вы, што яна не сястра мне?.. Не, — прадаўжаў ён, не звяртаючы ўвагі на маё замяшанне: — яна дапраўды мая сястра, яна дачка майго бацькі. Выслухайце мяне. Я адчуваю да вас давер’е і раскажу вам усё.

— Бацька мой быў чалавек вельмі добры, разумны, адукаваны — і нешчаслівы. Лёс абышоўся з ім не горш, чым з многімі іншымі; але ён і першага ўдару яго не перанёс. Ён ажаніўся рана, пакахаўшы; жонка яго, мая маці, памерла вельмі хутка; я застаўся пасля яе шасці месяцаў. Бацька завёз мяне ў вёску і цэлыя дванаццаць год не выязджаў нікуды. Ён сам займаўся маім выхаваннем і ніколі са мною не разлучыўся-б, калі-б брат яго, мой родны дзядзька, не заехаў да нас у вёску. Дзядзька гэты жыў заўсёды ў Пецербургу і займаў досыць важную пасаду. Ён угаварыў бацьку аддаць мяне да яго на рукі, таму што бацька ні ў якім разе не згаджаўся пакінуць вёску. Дзядзька ўгаварыў яго, што хлопчыку маіх год шкодна жыць у поўнай адзіноце, што з такім вечна панурым і маўклівым настаўнікам, якім быў мой бацька, я абавязкова адстану ад сваіх аднагодкаў, ды самы нораў мой лёгка можа сапсавацца. Бацька доўга працівіўся ўгаворам свайго брата, аднак, здаўся нарэшце. Я плакаў, расстаючыся з бацькам; я любіў яго, хоць ніколі не бачыў усмешкі на твары яго… але, трапіўшы ў Пецербург, хутка забыўся пра наша цёмнае і невясёлае гняздо. Я паступіў у юнкерскую школу, а са школы перайшоў у гвардзейскі полк. Кожны год прыязджаў я ў вёску на некалькі тыдняў і з кожным годам заставаў бацьку свайго ўсё больш сумным, у сябе паглыблёным, задуменным да палахлівасці. Ён кожны дзень хадзіў у царкву і амаль развучыўся гаварыць. У адно з маіх наведванняў (мне ўжо было гадоў дваццаць), я першы раз убачыў у нас у доме худзенькую чарнавокую дзяўчыну гадоў дзесяці — Асю. Бацька сказаў, што яна сірата, і ўзята ім на пракармленне — ён іменна так і сказаў. Я не звярнуў асаблівай увагі на яе; яна была дзікая, жвавая і маўклівая, як звярок, і як толькі я заходзіў у любімы пакой свайго бацькі, вялізны і змрочны пакой дзе сканала мая маці і дзе нават удзень запальваліся свечкі, яна адразу-ж хавалася за вальтэраўскае крэсла яго або за шафу з кнігамі. Здарылася так, што ў наступныя за тым тры, чатыры гады абавязкі службы перашкодзілі мне пабываць у вёсцы. Я атрымліваў ад бацькі кожны месяц па кароткаму пісьму; аб Асі ён успамінаў рэдка і то мімаходзь. Яму было ўжо больш пяцідзесяці год, але ён здаваўся яшчэ маладым чалавекам. Уявіце-ж мой жах: раптам я, нічога не падазраючы, атрымліваю ад прыказчыка пісьмо, у якім ён паведамляе мне аб смяртэльнай хваробе майго бацькі і ўпрашае прыехаць як мага хутчэй, калі толькі хачу развітацца з ім. Я паімчаўся, на злом галавы, і застаў бацьку жывым, але пры смерці. Ён вельмі ўзрадаваўся мне, абняў мяне сваімі высахшымі рукамі, доўга паглядзеў мне ў вочы нейкім ні то выпрабоўваючым, ні то ўпрашаючым позіркам, і, узяўшы з мяне слова, што я выканаю яго апошнюю просьбу, загадаў свайму старому камердынеру прывесці Асю. Стары прывёў яе: яна ледзь трымалася на нагах і дрыжэла ўсім целам.

— Вось, — сказаў мне з намаганнем бацька: — завяшчаю табе маю дачку, тваю сястру. Ты аб усім даведаешся ад Якава, — дадаў ён, паказаўшы на камердынера.

Ася заплакала і кінулася тварам на ложак… Праз поўгадзіны мой бацька сканаў.

Вось што я даведаўся. Ася была дачка майго бацькі і былой пакаёўкі маёй маці, Тацяны. Вельмі добра памятаю я гэту Тацяну, памятаю яе высокую, стройную фігуру, яе прыемны, строгі, разумны твар, з вялікімі, цёмнымі вачыма. Яна славілася дзяўчынай гордай і непрыступнай. Наколькі я мог зразумець з пачцівых недагаворак Якава, бацька мой сышоўся з ёю праз некалькі гадоў пасля смерці матулі. Тацяна ўжо не жыла тады ў панскім доме, а ў хаце ў замужняй сястры сваёй, скотніцы. Бацька мой моцна да яе прывязаўся і пасля майго ад’езду з вёскі хацеў нават жаніцца з ёй, але яна сама не згадзілася быць яго жонкай, де гледзячы на яго просьбы.

— Нябожчыца Тацяна Уласаўна, — так дакладваў мне Якаў, стоячы ля дзвярэй з закладзенымі назад рукамі, — ва ўсім былі разважлівы і не захацелі тату вашага пакрыўдзіць. Што-ж я вам за жонка? якая я пані? так яны гаварылі пры мне. — Тацяна нават не хацела перасяліцца да нас у дом і прадаўжала жыць у сваёй сястры, разам з Асяй. У дзяцінстве я бачыў Тацяну толькі ў святы, у царкве. З завязанай цёмнай хусткай, з жоўтым шалем на плячах, яна станавілася ў натоўпе, каля акна, — яе строгі профіль выразна адбіваўся на празрыстым шкле, — і пакорліва і важна малілася, кланяючыся нізка, па-старадаўняму. Калі дзядзька забраў мяне, Асі было ўсяго два гады, а на дзевятым годзе яна страціла матку.

Як толькі Тацяна памерла, бацька ўзяў Асю да сябе ў дом. Ён і раней выказаў жаданне мець яе пры сабе, але Тацяна яму і ў гэтым адмовіла. Уявіце-ж сабе, што павінна было адбыцца ў Асі, калі яе ўзялі да пана. Яна да гэтага часу не можа забыць тую хвіліну, калі на яе ўпершыню надзелі шоўкавую сукенку і пацалавалі яе ручку. Маці, пакуль была жывая, трымала яе вельмі строга; у бацькі яна карысталася поўнай свабодай. Ён быў яе настаўнікам; апрача яго, яна нікога не бачыла. Ён не песціў яе, гэта значыць, не няньчыўся з ёй; але ён любіў яе надта моцна і ніколі нічога ёй не забараняў: ён у душы лічыў сябе перад ёю вінаватым. Ася хутка зразумела, што яна галоўная асоба ў доме, яна ведала, што пан — яе бацька; але яна таксама хутка зразумела сваё фальшывае становішча; самалюбнасць у ёй развілася моцна, недаверлівасць таксама; дрэнныя прывычкі ўкараняліся, прастата знікла. Яна хацела (яна сама мне аднойчы прызналася ў гэтым) прымусіць цэлы свет забыцца аб яе паходжанні, яна і саромілася сваёй маці, і саромілася свайго сораму, і ганарылася ёю. Вы бачыце, што яна многае ведала і ведае, чаго-б не трэба было ведаць у яе годы… Але хіба яна вінавата? Маладыя сілы бушавалі ў ёй, кроў кіпела, а паблізу ніводнай рукі, якая-б яе накіравала. Поўная незалежнасць ва усім! Ды хіба лёгка яе перанесці? Яна хацела быць не горш за іншых паненак; яна кінулася на кнігі. Што тут магло атрымацца добрага? Няправільна пачатае жыццё складвалася няправільна, але сэрца ў ёй не сапсавалася, розум уцалеў.

Ι вось я, дваццацігадовы хлапец, апынуўся з трынаццацігадовай дзяўчынкай на руках! У першыя дні пасля смерці бацькі, пры адным гуку майго голаса, яе трэсла ліхаманка, ласкі мае навявалі на яе смутак, і толькі патроху, спакваля, прывыкла, яна да мяне. Праўда, пасля, калі яна пераканалася, што я сапраўды прызнаю яе сястрой і палюбіў яе, як сястру, яна надта моцна да мяне прывыкла: у яе ні адно пачуццё не бывае напалову.

Я прывёз яе ў Пецербург. Як мне ні балюча было з ёю расстацца, жыць з ёй разам я ніяк не мог; я змясціў яе ў адзін з лепшых пансіёнаў. Ася зразумела неабходнасць нашай разлукі; але пачала з таго, што захварэла і ледзь не памерла. Пасля яна прыцярпелася і выжыла ў пансіёне чатыры гады; але, наперакор маім чаканням, засталася амаль такой-жа, якой была раней. Начальніца пансіёна часта скардзілася мне на яе: «І пакараць яе нельга, — гаварыла яна мне! — і на ласку яна не паддаецца». Ася была надзвычай кемлівая, вучылася вельмі добра, лепш за ўсіх; але ніяк не хацела падыйсці пад агульны ўзровень, была ўпартай, глядзела ваўчком… Я не мог надта вінаваціць яе: у яе становішчы, ёй трэба было або прыслужлівай быць, або дзічыцца. З усіх сваіх сябровак яна пасябравала толькі з адной, непрыгожай, загнанай і беднай дзяўчынай. Астатнія паненкі, з якімі яна выхоўвалася, большай часткай з добрых фамілій, не любілі яе, язвілі яе і калолі, як толькі маглі; Ася ім на волас не уступала. Аднойчы, на уроку закона божага, выкладчык загаварыў аб заганах. «Падлізванне і баязлівасць самыя вялікія заганы», — гучна сказала Ася. Адным словам, яна прадаўжала ісці сваёй дарогай; толькі манеры яе сталі лепшыя; хоць і ў гэтых адносінах яна, здаецца, не многага дасягнула.

Нарэшце, ёй мінула семнаццаць год; заставацца ёй далей у пансіёне было немагчыма. У мяне былі досыць вялікія цяжкасці. Раптам мне прышла ў галаву добрая думка: выйсці ў адстаўку, паехаць за граніцу на год або на два, і ўзяць з сабой Асю. Задумана — зроблена і вось мы з ёй на берагах Рэйна, дзе я стараюся займацца жывапісам, а яна… сваволіць і дурыцца па-ранейшаму. Але цяпер я спадзяюся, што вы не станеце асуджаць яе вельмі строга; а яна хоць і прытвараецца, што ёй усёроўна, — думкай кожнага даражыць, вашай-жа ў асаблівасці.

І Гагін зноў усміхнуўся сваёй ціхай усмешкай. Я моцна сціснуў яму руку.

— Усё нічога, — загаварыў зноў Гагін: — але з ёю мне бяда. Порах яна сапраўдны. Да гэтага часу ёй ніхто не спадабаўся, але бяда, калі яна пакахае каго! Я іншы раз не ведаю, што з ёй і рабіць. Днямі яна вось што ўздумала: пачала раптам запэўняць мяне, што я да яе стаў халадней ранейшага, і што яна аднаго мяне кахае і век будзе аднаго мяне кахаць… І пры гэтым так расплакалася…

— Дык вось што… — прагаварыў было я, і прыкусіў язык.

— А скажыце вы мне, — запытаў я ў Гагіна: — справа між намі пайшла на адкрытую, — няўжо, на самай справе, ёй да гэтага часу ніхто не падабаўся? У Пецербургу бачыла-ж яна маладых людзей?

— Яны-ж вось ёй і не падабаліся зусім. Не, Асі патрэбен герой, незвычайны чалавек — або жывапісны пастух у горных цяснінах. А зрэшты, я загаварыўся з вамі, затрымаў вас, — дадаў ён, устаючы.

— Паслухайце, — сказаў я: — пойдзем да вас, мне дадому не хочацца.

— А работа ваша?

Я нічога не адказваў, Гагін добрадушна ўсміхнуўся, і мы вярнуліся ў Л. Убачыўшы знаёмы вінаграднік і белы домік наверсе гары, я адчуў нейкую асалоду — іменна, асалоду на сэрцы: быццам мне цішком мёду туды налілі. Мне стала лёгка пасля расказу Гагіна.

ІХ

Ася сустрэла нас на самым парозе дома; я зноў чакаў смеху; але яна вышла да нас уся бледная, маўклівая, з апушчанымі вачыма.

— Вось ён зноў, — загаварыў Гагін: — і, заўваж, сам захацеў вярнуцца.

Ася запытальна паглядзела на мяне. Я ў сваю чаргу працягнуў ёй руку і на гэты раз моцна паціснуў яе халодныя пальчыкі. Мне стала вельмі шкада яе; цяпер я многае разумеў у ёй, што раней збівала мяне з толку: яе ўнутраная трывога, няўменне трымаць сябе, жаданне парысавацца, — усё мне стала ясна. Я зазірнуў у гэту душу: таемны гнёт душыў яе заўсёды, трывожна блыталася і білася неспрактыкаваная ганарлівасць, але ўся істота яе імкнулася да праўды. Я зразумеў, чаму гэта дзіўная дзяўчынка мяне прыцягвала; не адной толькі поўдзікай пяшчотнасцю, разлітай па ўсяму яе тонкаму целу, прыцягвала яна мяне: яе душа мне падабалася.

Гагін пачаў капацца ў сваіх малюнках; я прапанаваў Асі пагуляць са мной па вінаградніку. Яна адразу згадзілася з вясёлай і амаль пакорлівай гатоўнасцю. Мы спусціліся да паловы гары і прыселі на шырокую пліту.

— І вам не сумна было без нас? — пачала Ася.

— А вам без мяне было сумна? — запытаўся я.

Ася зірнула на мяне збоку.

— Так, — адказвала яна. — Добра ў гарах? — прадаўжала яна адразу-ж: — яны высокія? Вышэй за воблакі? Раскажыце мне, што вы бачылі. Вы расказвалі брату, але я нічога не чула.

— Не трэба было вам выходзіць, — заўважыў я.

— Я выходзіла… таму што… Я цяпер вось не пайду, — дадала яна з даверлівай ласкай у голасе: — вы сёння былі сярдзіты.

— Я?

— Вы.

— Ды чаго, скажыце калі ласка…

— Не ведаю, але вы былі сярдзіты і пайшлі сярдзітым. Мне было вельмі сумна, што вы так пайшлі, і я так рада, што вы вярнуліся.

— І я рады, што вярнуўся, — сказаў я.

Ася павяла плячыма, як гэта часта робяць дзеці, калі ім добра.

— О, я ўмею адгадваць! — прадаўжала яна: — бывала, я па адным татавым кашлі з другога пакоя пазнавала, ці здаволены ён мною ці не.

Да таго дня Ася ні разу не гаварыла мне пра свайго бацьку. Мяне гэта здзівіла.

— Вы любілі свайго тату? — сказаў я, і раптам, к вялікаму майму смутку, адчуў, што чырванею.

Яна нічога не адказвала і пачырванела таксама. Мы абодва змоўклі. Удалечыні па Рэйну плыў і дыміўся параход. Мы пачалі глядзець на яго.

— Што-ж вы не расказваеце? — прашаптала Ася.

— Чаго вы сёння рассмяяліся, як толькі ўбачылі мяне? — запытаўся я.

— Сама не ведаю. Іншы раз мне хочацца плакаць, а я смяюся. Вы не павінны асуджаць мяне… за тое, што я раблю. Ах, дарэчы, што гэта за казка аб Ларэлеі! Ды гэта-ж яе скала відаць? Кажуць, яна раней усіх тапіла, а як пакахала, сама кінулася ў ваду. Мне падабаецца гэта казка. Фрау Луізе мне розныя казкі расказвае. У «Фрау Луізе ёсць чорны кот з жоўтымі вачыма…

Ася падняла галаву і страсянула кудрамі.

— Ах, мне добра, — прагаварыла яна.

У гэты момант даляцелі да нас адрывістыя, аднастайныя гукі. Сотні галасоў разам і з мернымі расстаноўкамі паўтаралі маліцвены напеў: натоўп багамольцаў цягнуўся ўнізе па дарозе з крыжамі і пратэсамі…

— Вось пайсці-б з імі, — сказала Ася, прыслухоўваючыся да паступова слабеўшых галасоў.

— Хіба вы такая набожная?

— Пайсці куды-небудзь далёка, на малітву, на цяжкі геройскі ўчынак, прадаўжала яна. — А то дні ідуць, жыццё пройдзе, а што мы зрабілі?

— Вы ганарлівая, — заўважыў я: — вы хочаце пражыць не дарэмна, след пасля сябе пакінуць…

— А хіба гэта немагчыма?

«Немагчыма», ледзь было не паўтарыў я… Але я зірнуў у яе светлыя вочы і толькі сказаў:

— Паспрабуйце.

— Скажыце, — загаварыла Ася, пасля невялікага маўчання, на працягу якога нейкія цені прабеглі ў яе па твары, які паспеў ужо збялець: — вам вельмі спадабалася тая дама… Вы памятаеце, брат піў за яе здароўе ў руінах, на другі дзень нашага знаёмства?

Я засмяяўся.

— Ваш брат жартаваў; мне ні адна дама не падабалася, прынамсі, цяпер ні адна не падабаецца.

— А што вам падабаецца ў жанчынах? — запыталася Ася, закінуўшы галаву з нявіннай цікаўнасцю.

— Якое дзіўнае пытанне! — усклікнуў я.

Ася крыху збянтэжылася.

— Я не павінна была задаваць вам такое пытанне, праў- да? Прабачце мне, я прывыкла балбатаць усё, што мне ў галаву прыходзіць. Таму вось я і баюся гаварыць.

— Гаварыце, калі ласка, не бойцеся, — падхапіў я: — я так рад, што вы, нарэшце, перастаеце дзічыцца. Ася апусціла вочы і засмяялася ціхім і лёгкім смехам; я не заўважаў у яе такога смеху.

— Ну, расказвайце-ж, — прадаўжала яна, разгладжваючы полы сваёй сукенкі і ўкладаючы сабе іх на ногі, нібы яна ўсядалася надоўга: — расказвайце, або прачытайце што небудзь, як, памятаеце вы нам-чыталі з «Онегіна»…

Яна раптам задумалася…

„Где нынче крест и тень ветвей
Над бедной матерью моей!“

прагаварыла яна сціха.

— У Пушкіна не так, — заўважыў я.

— А я хацела-б быць Тацянай, — прадаўжала яна ўсё таксама задуменна. — Расказвайце, — падхапіла яна жвава.

Але мне было не да расказаў. Я глядзеў на яе, усю аблітую ясным сонечным праменнем, усю супакоенную і ціхую. Усё радасна ззяла вакол нас, унізе, над намі — неба, зямля і воды; самае паветра, здавалася, было насычана бляскам.

— Паглядзіце, як прыгожа! — сказаў я, мімаволі сцішыўшы голас.

— Так, прыгожа! — таксама ціха адказвала яна, не гледзячы на мяне. — Калі-б мы з вамі былі птушкамі — як-бы мы ўзняліся, як-бы паляцелі… Так-бы і патанулі ў гэтым блакіце… Але мы не птушкі.

— А крыллі могуць у нас вырасці, — запярэчыў я.

— Як гэта?

— Пажывіце — будзеце ведаць. Ёсць пачуцці, якія ўздымаюць нас ад зямлі. Будзьце ўпэўнены — у вас будуць крыллі.

— А ў вас былі?

— Як вам сказаць… здаецца, да гэтага часу я яшчэ не лятаў.

Ася зноў задумалася. Я крыху нахіліўся да яе.

— Умееце вы вальсіраваць? — запыталася яна раптам.

— Умею, — адказаў я, некалькі азадачаны.

— Дык пойдзем-жа, пойдзем… я папрашу брата сыграць нам вальс… Мы ўявім, што мы лятаем, што ў нас выраслі крыллі.

Яна пабегла дадому. Я пабег услед за ёю — і, праз некаторы момант, мы кружыліся ў цесным пакоі, пад салодкія гукі Ланера. Ася вальсіравала цудоўна, з захапленнем. Штосьці мяккае, жаночае выступіла раптам у яе дзявоча строгім абліччы. Доўга пасля рука мая адчувала дакрананне яе далікатнага стану, доўга чулася мне яе паскоранае, блізкае дыханне, доўга мярэшчыліся мне цёмныя, нерухомыя, амаль заплюшчаныя вочы на белым, але ажыўленым твары, рэзка абвеяным кудрамі.

Х

Увесь гэты дзень прайшоў, як не трэба лепш. Мы весяліліся, як дзеці. Ася была надта мілая і простая, Гагін радаваўся, гледзячы на яе. Я пайшоў ад іх позна. Уз’ехаўшы на сярэдзіну Рэйна, я папрасіў перавозчыка пусціць лодку ўніз па цячэнню. Стары падняў вёслы — і царственая рака панесла нас. Гледзячы навакол, слухаючы, успамінаючы, я раптам адчуў таемную трывогу на сэрцы… падняў вочы да неба — але і ў небе не было спакою: усеянае зоркамі, яно ўсё варушылася, рухалася, дрыжэла; я схіліўся да ракі… але і там, і ў гэтай цёмнай, халоднай глыбіні таксама калыхаліся, дрыжэлі зоркі; трывожнае ажыўленне мне здавалася ўсюды — і трывога павялічвалася ў мне самім. Я абаперся на край лодкі… Шэпт ветру ў маіх вушах, ціхае бульканне вады за кармой мяне раздражнялі, і свежае дыханне хвалі не супакойвала мяне; салавей пачаў спяваць на беразе, і заразіў мяне салодкім ядам сваіх гукаў. Слёзы закіпалі ў мяне на вачах, але гэта не былі слёзы беспрадметнага захаплення. Што я адчуваў, было не тое смутнае, яшчэ нядаўна зазнанае адчуванне ўсеабдымных жаданняў, калі душа шырыцца, гучыць, калі ёй здаецца, што яна ўсё разумее і ўсё любіць… Не! у мне запалілася прага шчасця. Я яшчэ не асмельваўся назваць яго па імю, — але шчасця, шчасця да перасычэння — вось чаго хацеў я, вось аб чым пакутваў… А лодка ўсё плыла, і стары перавозчык сядзеў і драмаў, нахіліўшыся над вёсламі.

ХІ

Адпраўляючыся ў наступны дзень да Гагіных, я не пытаўся ў сябе, ці закаханы я ў Асю, але я многа думаў аб ёй; яе лёс мяне цікавіў, я радаваўся нечакачаму нашаму збліжэнню. Я адчуваў, што толькі з учарайшага дня я пазнаў яе; да гэтага часу яна адварочвалася ад мяне. І вось, калі яна раскрылася, нарэшце, перада мною, якім дзівосным святлом асвяціўся яе вобраз, які ён быў новы для мяне, якія таемныя чароўнасці сарамліва ў ім свяціліся…

Бадзёры ішоў я па знаёмай дарозе, увесь час паглядаючы на здалёку бялеўшы домік; я не толькі аб будучым — я аб заўтрашнім дні не думаў; мне было вельмі добра.

Ася пачырванела, калі я зайшоў у пакой; я заўважыў, што яна зноў прыбралася, але выраз яе твару не адпавядаў яе ўбранню: ён быў сумны. А я прышоў такім вясёлым! Мне здалося нават, што яна, па свайму звычаю, сабралася бегчы, але зрабіла намаганне над сабою — і засталася. Гагін знаходзіўся ў тым асаблівым стане мастацкага жару і ярасці, які, у выглядзе прыпадку, нечакана авалодвае дылетантамі, калі яны ўявяць, што ім удалося, як яны кажуць, «злавіць прыроду за хвост». Ён стаяў, увесь ускудлачаны і выпэцканы фарбамі, перад нацягненым палатном і, шырока размахваючы па ім пэндзлем, амаль злосна кіўнуў мне галавой, адсунуўся, прыжмурыў вочы і зноў накінуўся на сваю карціну. Я не стаў перашкаджаць яму і падсеў да Асі. Павольна павярнуліся да мяне яе цёмныя вочы.

— Вы сёння не такая, як учора, — заўважыў я пасля дарэмных намаганняў выклікаць усмешку на яе губы.

— Не, не такая, — запярэчыла яна спакойным і глухім голасам. — Але гэта нічога. Я не добра спала, цэлую ноч думала.

— Аб чым?

— Ах, я шмат аб чым думала. Гэта ў мяне прывычка з дзяцінства: яшчэ з таго часу, калі я жыла з матуляй…

Яна з намаганнем прагаварыла гэта слова, і пасля яшчэ раз паўтарыла:

— Калі я жыла з матуляй… я думала, чаму гэта ніхто не можа ведаць, што з ім будзе; а іншы раз і бачыш бяду — ды выратавацца нельга; і чаму ніколі нельга сказаць усёй праўды?.. Пасля я думала, што я нічога не ведаю, што мне патрэбна вучыцца. Мяне перавыхаваць трэба, я вельмі пагана выхавана. Я не ўмею граць на фартэпіяно, не ўмею маляваць, я нават шыю дрэнна. У мяне няма ніякіх здольнасцей, са мною, напэўна, вельмі нудна.

— Вы несправядлівы да сябе, — запярэчыў я. — Вы шмат чыталі, вы адукаваны, і з вашым розумам…

— А я разумная? — запыталася яна з такой наіўнай цікаўнасцю, што я нехаця засмяяўся, але яна нават не ўсміхнулася. — Брат, я разумная? — запыталася яна ў Гагіна.

Ён нічога не адказваў ёй і прадаўжаў працаваць, безупынна мяняючы пэндзлі і высока падымаючы руку.

— Я сама не ведаю іншы раз, што ў мяне ў галаве, — прадаўжала Ася з тым-жа задуменным выглядам. — Я іншы раз самой сябе баюся, далібог. Ах, я хацела-б… Ці праўда, што жанчынам не след чытаць многа?

— Многа не трэба, але…

— Скажыце мне, што я павінна чытаць? скажыце, што я павінна рабіць? Я ўсё буду рабіць, што вы мне скажаце, — дадала яна, з нявіннай даверлівасцю звярнуўшыся да мяне.

Я не адразу ёй адказаў.

— Вам-жа не будзе нудна са мною?

— Ды што вы, — пачаў я.

— Ну, дзякуй! — запярэчыла Ася: — а я думала, што вам нудна будзе.

І яе маленькая гарачая ручка моцна сціснула маю.

— Н. ! — ускрыкнуў у гэты момант Гагін: — не цёмны гэты фон?

Я падышоў да яго. Ася ўстала і пайшла.

ХIІ

Яна вярнулася праз гадзіну, спынілася ў дзверах і падазвала мяне рукою.

— Паслухайце, — сказала яна: — калі-б, я памерла, вам было-б шкода мяне?

— Што ў вас за думкі сёння! — усклікнуў я.

— Я ўяўляю, што я хутка памру; мне іншы раз здаецца, што ўсё вакол мяне са мною развітваецца. Памерці лепш, чым так жыць… Ах! не глядзіце так на мяне; я, дапраўды, не прытвараюся. А то я вас зноў баяцца буду.

— Хіба вы мяне баяліся?

— Калі я такая дзіўная, я, дапраўды, не вінавата, — запярэчыла яна. — Бачыце, я ўжо і смяяцца не магу…

Яна засталася сумнай і заклапочанай да самага вечара. Штосьці адбывалася ў ёй, чаго я не разумеў. Яе позірк часта спыняўся на мне; сэрца маё ціха сціскалася пад гэтым загадкавым позіркам. Яна здавалася спакойнай — а мне, гледзячы на яе, усё хацелася сказаць ёй, каб яна не хвалявалася. — Я любаваўся ёю, я знаходзіў чуллівую пяшчотнасць у яе пабляднеўшых рысах, у яе нерашучых запаволеных рухах — а ёй чамусьці здавалася, што ў мяне кепскі настрой.

— Паслухайце, — сказала яна мне незадоўга да развітання: — мяне мучыць думка, што вы мяне лічыце лёгкадумнай… Вы ў далейшым заўсёды верце таму, што я вам гаварыць буду, толькі і вы будзьце са мною шчырым; а я вам заўсёды буду гаварыць праўду, даю вам чэснае слова… Гэта «чэснае слова» зноў прымусіла мяне засмяяцца.

— Ах, не смейцеся, — жвава прагаварыла яна: — а то я вам скажу сёння тое, што вы мне сказалі ўчора: «чаго вы смяецеся?» — і памаўчаўшы крыху, яна дадала: — Памятаеце, вы ўчора гаварылі аб крыллях?.. Крыллі ў мяне выраслі — ды ляцець няма куды.

— Ды што вы, — сказаў я: — перад вамі ўсе шляхі адкрыты.

Ася паглядзела мне проста і ўважліва ў вочы.

— Вы сёння дрэннай думкі аба мне, — сказала яна, нахмурыўшы бровы.

— Я? дрэннай думкі? аб вас!..

— Што гэта вы нібы ў ваду апушчаныя, — перапыніў мяне Гагін! — хочаце, я як учора, сыграю вам вальс?

— Не, не — запярэчыла Ася і сціснула рукі: — сёння ні ў якім разе!

— Я цябе не прымушаю, супакойся…

— Ні ў якім разе, — паўтарыла яна, бляднеючы.

....................

«Няўжо яна мяне кахае?» — думаў я, падыходзячы да Рэйна, які шпарка каціў свае цёмныя воды.

ХIIІ

«Няўжо яна мяне кахае?» — пытаўся я ў сябе ў наступны дзень, толькі што прачнуўшыся. — Я не хацеў заглядваць у самога сябе. Я адчуваў, што яе вобраз, вобраз «дзяўчыны з вымушаным смехам», уцясніўся мне ў душу і што мне прыдзецца доўга яго насіць. — Я пайшоў у Л. і застаўся там цэлы дзень; але Асю бачыў толькі мелькам. Ёй нездаровілася: у яе балела галава. Яна сышла ўніз, на хвілінку, з павязаным ілбом, бледная, худзенькая, з амаль заплюшчанымі вачыма; слаба ўсміхнулася, сказала: — гэта пройдзе, гэта нічога; усё пройдзе, праўда? — і пайшла.

— Мне стала нудна і неяк сумна-пуста; я, аднак, доўга не хацеў адыходзіць і вярнуўся позна, не ўбачыўшы яе больш.

Наступная раніца прайшла ў нейкім поўсне свядомасці. Я хацеў узяцца за работу — не мог; хацеў нічога не рабіць і не думаць… і гэта не ўдалося. Я блукаў па горадзе; вяртаўся дадому, выходзіў зноў.

— Гэта вы пан Н.? — пачуўся раптам ззаду ў мяне дзіцячы голас. Я азірнуўся: прада мною стаяў хлопчык.

— Гэта вам ад фрэйлен Annette, — дадаў ён, падаючы мне запіску.

Я разгарнуў яе — і пазнаў няправільны і таропкі почырк Асі. — «Я абавязкова павінна вас бачыць, пісала мне яна: — прыходзьце сёння ў чатыры гадзіны да каменнай капліцы на дарозе каля руін. Я зрабіла сёння вялікую неасцярожнасць… Прыдзіце, будзьце ласкавы, вы аб усім даведаецеся… Скажыце пасланаму: так».

— Будзе адказ? — запытаўся ў мяне хлопчык.

— Скажы, што: прыду, — адказваў я. Хлопчык пабег.

ХІV

Я прышоў да сябе ў пакой, сеў і задумаўся. Сэрца маё моцна білася. Некалькі разоў перачытаў я запіску Асі. Я паглядзеў на гадзіннік: і дванаццаці яшчэ не было.

Дзверы адчыніліся — увайшоў Гагін.

Твар яго быў хмуры. Ён схапіў мяне за руку і моцна паціснуў яе. Ён здаваўся вельмі ўсхваляваным.

— Што з вамі? — запытаўся я.

Гагін узяў крэсла і сеў насупраць мяне. — Чацвертага дня, — пачаў ён з вымушанай усмешкай і запінаючыся: — я здзівіў вас сваім расказам; сёння здзіўлю яшчэ больш — з другім я, напэўна, не асмеліўся-б… так проста… Але вы благародны чалавек, вы мне прыяцель, ці не праўда? — Паслухайце: мая сястра, Ася, у вас закахана.

Я ўвесь затросся і прыўзняўся…

— Ваша сястра, кажаце вы…

— Так, так, — перапыніў мяне Гагін: — Я вам гавару, яна вар’ятка і мяне з розуму звядзе. Але, на шчасце, яна не ўмее ілгаць — і давярае мне. — Ах, што за душа ў гэтай дзяўчынкі… але яна сябе загубіць, абавязкова.

— Ды вы памыляецеся, — пачаў я.

— Не, не памыляюся. Учора, вы ведаеце, яна амаль увесь дзень праляжала, нічога не ела, між іншым, не скардзілася… Яна ніколі не скардзіцца. — Я не хваляваўся, хоць пад вечар у яе і паднялася тэмпература. Сёння, у дзве гадзіны ночы, мяне разбудзіла наша гаспадыня: ідзіце, кажа, да сваёй сястры: з ёю штосьці нядобра. — Я пабег да Асі і застаў яе нераздзетую, у гарачцы, у слязах, галава ў яе гарэла, зубы ляскалі. «Што з табою? — запытаўся я: — ты хворая?» — Яна кінулася мне на шыю і пачала ўпрашаць мяне не вывезці адсюль яе як мага хутчэй, калі я хачу, каб яна засталася жыць… Я нічога не разумею, стараюся яе супакоіць… Плач яе ўзмацняецца… і раптам, скрозь гэты плач пачуў я… Ну, адным словам, я пачуў, што яна вас кахае. — Запэўняю вас, мы з вамі разважлівыя людзі, і ўявіць сабе не можам, як яна глыбока адчувае і з якой невераемнай сілай выказваюцца ў ёй гэтыя пачуцці; гэта находзіць на яе таксама нечакана і таксама непазбежна, як навальніца. — Вы надта мілы чалавек, — прадаўжаў Гагін: — але чаму яна вас так пакахала — гэтага я, прызнацца, не разумею. Яна гаворыць, што прывязалася да вас з першага погляду. Вось гэтага яна і плакала днямі, калі запэўняла, мяне, што апрача мяне нікога кахаць не хоча. — Яна думае, што вы ёю пагарджаеце, што вы, напэўна, ведаеце, хто яна; яна пыталася ў мяне, ці не расказаў я вам яе гісторыю — я, вядома, сказаў, што не; але чуткасць яе — проста страшэнная. Яна хоча аднаго: выехаць, выехаць неадкладна. — Я прасядзеў з ёю да раніцы: яна ўзяла з мяне слова, што нас заўтра-ж тут не будзе — і тады толькі: яна заснула. — Я падумаў, падумаў і рашыў — пагаварыць з вамі. Па-мойму, Ася правільна рашыла: самае лепшае — выехаць нам абодвум адсюль. І я сёння выехаў-бы з ёю, калі-б не прышла мне ў галаву думка, якая мяне спыніла. Магчыма… хто ведае? — вам сястра мая і падабаецца? Калі так, то навошта я яе буду вывозіць?

— Я вось і рашыў, адкінуўшы ўсякі сорам… Прытым-жа, я сам сёе-тое заўважыў… Я рашыў… даведацца ад вас… — Небарака Гагін збянтэжыўся. — Прабачце мне, калі ласка, — дадаў ён: — я не прывык да такой калатні.

Я ўзяў яго за руку.

— Вы хочаце ведаць, — сказаў я цвёрдым голасам: — ці падабаецца мне ваша сястра? — Так, яна мне падабаецца…

Гагін зірнуў на мяне. — Але, — прагаварыў ён, запінаючыся: — вы-ж з ёй не ажэніцеся?

— Як, вы хочаце, каб я адказваў на такое пытанне? Падумайце самі, ці магу я цяпер…

— Ведаю, ведаю, — перапыніў мяне Гагін, — я не маю ніякага права патрабаваць ад вас адказу, і пытанне маё — надзвычайная непрыстойнасць… Але што рабіць? З агнём жартаваць нельга. Вы не ведаеце Асю; яна можа захварэць, уцячы, спатканне вам назначыць… Другая ўмела-б усё захаваць і пачакаць — але не яна. З ёю гэта ўпершыню, — вось што бяда! Калі-б вы бачылі, як яна сёння плакала ля маіх ног, вы-б зразумелі маю баязнь.

Я задумаўся. Словы Гагіна: «спатканне вам назначыць» кальнулі мяне ў сэрца. Мне здалося ганебным не адказваць шчырасцю на яго чэсную шчырасць.

— Так, — сказаў я нарэшце: — ваша праўда. Гадзіну таму назад, я атрымаў ад вашай сястры запіску. Вось яна.

Гагін узяў запіску, хутка прачытаў яе і апусціў рукі на калені. Выраз здзіўлення на яго твары быў вельмі забаўны, але мне было не да смеху.

— Вы, паўтараю, благародны чалавек, — сказаў ён: — але што-ж цяпер рабіць? Як? яна сама хоча паехаць, і піша да вас, і дакарае сябе ў неасцярожнасці… і калі гэта яна паспела напісаць? Чаго-ж яна хоча ад вас?

Я супакоіў яго, і мы пачалі размаўляць спакойна, па меры магчымасці, аб тым што нам патрэбна было прадпрыняць.

Вось на чым мы спыніліся, нарэшце: каб унікнуць бяды, я павінен быў ісці на спатканне і сумленна пагаварыць аб усім з Асяй: Гагін абавязаўся сядзець дома і не паказваць віду, што яму вядома яе запіска, а вечарам мы дамовіліся спаткацца зноў.

— Я цвёрда спадзяюся на вас, — сказаў Гагін і сціснуў мне руку: — пашкадуйце і яе, і мяне. А выязджаем мы, усё-такі, заўтра, дадаў ён, устаючы: — таму што вы Асю замуж не возьмеце.

— Дайце мне тэрміну да вечара, — запярэчыў я.

— Калі ласка, але вы замуж яе не возьмеце.

Ён пайшоў, а я кінуўся на канапу і заплюшчыў вочы. Галава ў мяне ходырам хадзіла: вельмі многа ўражанняў нахлынула адразу. Я быў нездаволены адкрытасцю Гагіна, я быў нездаволены Асяй, яе каханне мяне і радавала, і бянтэжыла. Я не мог зразумець, што прымусіла яе расказаць усё брату: неўнікнёнасць хуткага, амаль імгненнага рашэння мучыла мяне…

«Жаніцца з семнаццацігадовай дзяўчынкай, з яе норавам, як гэта можна!» — сказаў я, устаючы.

ХV

Ва ўмоўленую, гадзіну пераправіўся я цераз Рэйн, і першая асоба, якая сустрэла мяне на супроцьлеглым беразе, быў той самы хлопчык, які прыходзіў да мяне раніцой. Ён, як відаць, чакаў мяне.

— Ад фрэйлен Annette, — сказаў ён шэптам і падаў мне другую запіску.

Ася паведамляла мне аб перамене месца нашага спаткання. Я павінен быў прыйсці праз паўтары гадзіны не да капліцы, а ў дом Фраў Луізе, пастукаць унізе і зайсці на трэці паверх.

— Зноў: так? — запытаўся ў мяне хлопчык.

— Так, — паўтарыў я і пайшоў па беразе Рэйна. Вярнуцца дадому не было калі, я не хацеў блукаць па вуліцах. За гарадской сцяной быў маленькі сад з навесам для кегляў і сталамі для аматараў піва. Я ўвайшоў туды. Некалькі ўжо стараватых немцаў гулялі ў кеглі, са стукам каціліся драўляныя шары, зрэдку чуліся пахвальныя воклічы. Прыгожанькая служанка з заплаканымі вачыма прынесла мне куфель піва; я зірнуў ёй у твар. Яна хутка адвярнулася і адышла.

— Так, так, — прагаварыў тоўсты і чырвонашчокі грамадзянін, які тут сядзеў: — Ганхен наша сёння надта засмучана: — жаніх яе пайшоў у салдаты. — Я паглядзеў на яе: яна прытулілася ў куток і падперла рукою шчаку, слёзы капалі адна за другой па яе пальцах. Хтосьці папрасіў піва, яна прынесла яму куфель і зноў вярнулася на сваё месца. Яе гора падзейнічала на мяне, я пачаў думаць аб чакаўшым мяне спатканні, але мае думы былі клапатлівыя, невясёлыя думы. Не з лёгкім сэрцам ішоў я на гэта спатканне; не аддавацца радасцям узаемнага кахання прадстаяла мне: мне прадстаяла стрымаць дадзенае слова, выканаць цяжкі абавязак. «З ёю жартаваць нельга» — гэтыя словы Гагіна, як стрэлы, упіліся ў маю душу. А яшчэ чатыры дні таму назад у гэтай лодцы, якую неслі хвалі, ці не мучыўся я ад прагнасці шчасця? Яно стала магчымым — і я хістаўся, я адштурхваў, я павінен быў адштурхнуць яго ад сябе… Яго раптоўнасць мяне бянтэжыла. Сама Ася, з яе гарачай галавой, з яе мінулым, з яе выхаваннем, гэта прывабная, але нейкая дзіўная істота — прызнаюся, яна мяне палохала. Доўга змагаліся ва мне пачуцці. Назначаны тэрмін набліжаўся. — «Я не магу з ёй ажаніцца», — рашыў я нарэшце: — «яна і ведаць не будзе, што і я пакахаў яе».

Я ўстаў — і, паклаўшы талер у руку беднай Ганхен (яна нават не падзякавала мне), накіраваўся да дома Фрау Луізе. Вячэрнія цені ўжо разліваліся ў паветры, і вузкая паласа неба, над цёмнай вуліцай, чырванела водблескам зары. Я памаленьку стукнуў у дзверы; яны адразу-ж адчыніліся. Я пераступіў парог і апынуўся ў цемені.

— Сюды, — пачуўся голас старой. — Вас чакаюць.

Я ступіў разы са два навобмацак, чыясьці кастлявая рука ўзяла маю руку.

— Гэта вы, Фрау Луізе? — запытаўся я.

— Я, — адказваў мне той-жа голас: — я, мой цудоўны малады чалавек. — Старая павяла мяне зноў наверх, па крутой лесніцы, і спынілася на пляцоўцы трэцяга паверха. Пры слабым святле, якое падала з маленькага акенца, я ўбачыў маршчыністы твар удавы бургамістра. Да прыкрасці хітрая ўсмешка расцягвала яе ўпалыя губы, жмурыла цьмяныя вочы. Яна паказала мне на маленькія дзверы. Сударгавым рухам рукі адчыніў я іх і захлопнуў за сабою.

ХVІ

У невялікім пакойчыку, куды я ўвайшоў, было досыць цёмна, і я не адразу ўбачыў Асю. Захутаная ў доўгі шаль, яна сядзела на крэсле, каля акна адвярнуўшы і амаль схаваўшы галаву, як напалоханая птушка. Яна дыхала часта і ўся дрыжэла. Мне стала страшэнна шкада яе. Я падышоў да яе. Яна яшчэ больш адвярнула галаву.

— Анна Нікалаеўна, — сказаў я.

Яна раптам уся выпрасталася, хацела зірнуць на мяне — і не магла. Я схапіў яе руку, яна была халодная і ляжала як мёртвая на маёй далоні.

— Я хацела… — пачала Ася, стараючыся ўсміхнуцца, але яе бледныя губы не слухаліся яе, — я хацела… Не, не магу, — прагаварыла яна і змоўкла. Сапраўды, голас яе перапыняўся на кожным слове.

Я сеў каля яе.

— Анна Нікалаеўна, — паўтарыў я, і таксама не мог нічога дадаць.

Наступіла маўчанне. Я прадаўжаў трымаць яе руку і глядзеў на яе. Яна, па-ранейшаму, уся сціскалася, цяжка дыхала і па маленьку кусала ніжнюю губу, каб не заплакаць, каб стрымаць накіпаўшыя слёзы… Я глядзеў на яе: было штосьці чароўна-бездапаможнае ў яе нясмелай нерухомасці, нібы яна ад стомленасці ледзь дабралася да крэсла і так і кінулася на яго. Сэрца ў мяне растаяла.

— Ася, — сказаў я ледзь чутна…

Яна павольна ўзняла на мяне свае вочы… О, позірк жанчыны, якая пакахала, — хто цябе апіша? Яны ўпрашалі, гэтыя вочы, яны давяраліся, пыталі, аддаваліся… Я не мог працівіцца іх чароўнасці. Тонкі агонь прабег па мне пякучымі іголкамі; я нагнуўся і прытуліўся да яе рукі…

Пачуўся трэпетны гук, падобна да перарывістага ўздыху, адчуў на сваіх валасах дакрананне слабай, як ліст дрыжачай рукі. Я падняў галаву і ўбачыў яе твар. Як ён раптам змяніўся. Выраз страху знік з яго, позірк пайшоў кудысьці далёка і цягнуў мяне за сабою, губы злёгку раскрыліся, лоб пабляднеў як мармур, і кудры адсунуліся назад, як быццам вецер іх адкінуў. Я забыўся аб усім, я падцягнуў яе да сябе — пакорліва слухалася яе рука, усё яе цела пацягнулася ўслед за рукою, шаль пакаціўся з плячэй і галава яе ціха лягла на мае грудзі, лягла пад мае загарэўшыяся губы…

— Ваша… — прашаптала яна ледзь чутна.

Ужо рукі мае слізгалі вакол яе стану… Але раптам успамін аб Гагіне, як маланка, мяне асвяціў. — Што мы робім! — усклікнуў я і сударгава адсунуўся назад… — Ваш брат… ён-жа ўсё ведае… Ён ведае, што я бачуся з вамі.

Ася апусцілася на крэсла.

— Так, — прадаўжаў я, устаючы і адыходзячы ў другі куток пакоя. — Ваш брат усё ведае… Я павінен быў яму ўсё сказаць…

— Павінны? — прагаварыла яна няясна. Яна, як відаць, немагла яшчэ апамятацца і дрэнна мяне разумела.

— Так, так, — паўтарыў я з нейкай злосцю: — і ў гэтым вы адны вінаваты, вы адны. — Навошта вы самі выдалі вашу тайну? Хто прымушаў вас усё выказаць вашаму брату? Ён сёння быў сам у мяне і перадаў мне вашу размову з ім. — Я стараўся не глядзець на Асю і хадзіў вялікімі крокамі па пакоі. — Цяпер усё прапала, усё, усё.

Ася ўстала было з крэсла.

— Застаньцеся, — усклікнуў я: — застаньцеся, прашу вас. Вы маеце слраву з сумленным чалавекам — так, з сумленным чалавекам. — Але-ж скажыце, што ўсхвалявала вас? Хіба вы заўважылі ў мяне якую перамену? А я не мог таіцца перад вашым братам, калі ён сёння прышоў да мяне.

«Што я такое гавару?» — думаў я сам сабе, і думка, што я распусны ашуканец, што Гагін ведае аб нашым спатканні, што ўсё перакручана, выяўлена, — так і звінела ў маёй галаве.

— Я не звала брата, — пачуўся спалоханы шэпт Асі: — ён сам прышоў.

— Паглядзіце, што вы нарабілі, прадаўжаў я: — Цяпер вы хочаце выехаць…

— Так, я павінна выехаць, — таксама ціха прагаварыла яна: — я і папрасіла вас сюды толькі дзеля таго, каб развітацца з вамі.

— І вы думаеце, — сказаў я: — мне будзе лёгка з вамі расстацца?

— Але навошта-ж вы сказалі брату? — са здзіўленнем паўтарыла Ася.

— Я вам кажу — інакш я не мог. Калі-б вы самі не выдалі сябе.

— Я замкнулася ў сваім пакоі, — запярэчыла яна простадушна: — я не ведала, што ў маёй гаспадыні быў другі ключ…

Гэта нявінная просьба прабачэння ў яе вуснах у такую хвіліну — мяне тады ледзь не раззлавала… а цяпер я без расчулення не магу аб ёй успомніць. Беднае, сумленнае, шчырае дзіця!

— І вось, цяпер усё скончана! — пачаў я зноў: — усё. Цяпер нам трэба расстацца. — Я ўпотайкі зірнуў на Асю… твар яе хутка чырванеў. Ёй, я гэта адчуваў, і сорамна рабілася, і страшна. Я сам хадзіў і гаварыў як у ліхарадцы. — Вы не далі развіцца пачуццю, якое пачынала спець, вы самі разарвалі нашу сувязь, вы не мелі да мяне давер’я, вы ўсумніліся ў маёй шчырасці…

Пакуль я гаварыў, Ася усё больш і больш нахілялася наперад — і раптам пала на калені, схіліла галаву на рукі і заплакала. Я падбег да яе, спрабаваў падняць яе, але яна мне не давалася. Я не пераношу жаночых слёз: убачыўшы іх, я адразу-ж бянтэжуся.

— Анна Нікалаеўна, Ася, — цвярдзіў я: — будзьце ласкавы, упрашаю вас, перастаньце… — Я зноў узяў яе за руку…

Але, на вялікае маё здзіўленне, яна раптам усхапілася, з быстрынёй маланкі кінулася да дзвярэй і знікла…

Калі праз некалькі хвілін пасля гэтага ў пакой увайшла фрау Луізе — я ўсё яшчэ стаяў на самай сярэдзіне яго, нібы громам прыбіты. Я не разумеў, як магло гэта спатканне так хутка, так недарэчна скончыцца — скончыцца, калі я і сотай долі не сказаў таго, што хацеў, што павінен быў сказаць, калі я яшчэ сам не ведаў, чым яно магло скончыцца.

— Фрэйлен пайшла? — запыталася ў мяне фрау Луізе, прыўзняўшы свае жоўтыя бровы да самай накладкі.

Я паглядзеў на яе як дурань — і вышаў з пакоя.

ХVІI

Я выбраўся з горада і пусціўся проста ў поле. Смутак, шалёны смутак мяне грыз… Я асыпаў сябе дакорамі. Як я мог не зразумець прычыну, прымусіўшую Асю перамяніць месца нашага спаткання, як не ацаніць, чаго ёй каштавала прыйсці да гэтай старой, як я не ўтрымаў яе! Калі мы былі адны з ёй, у тым глухім, ледзь асветленым пакоіку, у мяне хапіла сілы, хапіла духу — адштурхнуць яе ад сябе, нават дакараць яе… А цяпер яе вообраз мяне праследаваў, я прасіў у яе прабачэння; успаміны аб гэтым бледным твары, аб гэтых вільготных і палахлівых вачах, аб распушчаных валасах на нахіленай шыі, аб лёгкім дакрананні яе галавы да маіх грудзей — пяклі мяне. «Ваша»… чуўся мне яе шэпт. «Я зрабіў, як мне падсказвала сумленне» — запэўняў я сябе… Няпраўда! Хіба я сапраўды хацеў такой развязкі? Хіба я магу з ёй расстацца? Хіба я магу яе страціць? «Вар’ят! вар’ят!» — паўтараў я са злосцю…

А між тым, надыходзіла ноч. Шырокімі крокамі накіраваўся я да дома, дзе жыла Ася.

ХVІII

Гагін вышаў да мяне насустрач.

— Бачылі вы сястру? — закрычаў ён мне яшчэ здалёку.

— Хіба яе няма дома? — запытаўся я,

— Няма.

— Яна не вярталася?

— Не. Я, даруйце, — прадаўжаў Гагін, — не мог выцерпець: наперакор нашаму ўгавору, хадзіў да капліцы; там яе не было; значыцца, яна не прыходзіла?

— Яна не была ля капліцы.

— І вы яе не бачылі?

Я павінен быў прызнацца, што я яе бачыў.

— Дзе?

— У Фрау Луізе. — Я расстаўся з ёю гадзіну таму назад, — дадаў я: — я быў упэўнены, што яна дадому вярнулася.

— Пачакаем, — сказаў Гагін.

Мы ўвайшлі ў дом і селі адзін каля другога. Мы маўчалі. Нам вельмі непрыемна было абодвум. Мы ўвесь час аглядаліся, паглядвалі на дзверы, прыслухоўваліся. Нарэшце, Гагін устаў.

— Ды гэта-ж нікуды не варта! — усклікнуў ён: — у мяне сэрца не на месцы. Яна мяне заморыць, дапраўды… пойдзем шукаць яе.

Мы вышлі. На дварэ ўжо зусім сцямнела.

— Аб чым-жа вы з ёю гаварылі? — запытаўся ў мяне Гагін, насоўваючы капялюш на вочы.

— Я бачыўся з ёю ўсяго пяць хвілін, — адказваў я: — я гаварыў з ёю, як было дамоўлена.

— А ведаеце што? — сказаў ён: — лепш нам разыйсціся; так мы хутчэй на яе наткнуцца можам. — Ва ўсякім разе прыходзьце сюды праз гадзіну.

ХІХ

Я хутка спусціўся з вінаградніка і кінуўся ў горад. Шпарка абыйшоў усе вуліцы, зазірнуў усюды, нават у вокны Фрау Луізе, вярнуўся да Рэйна і пабег па беразе… Зрэдку трапляліся мне жаночыя фігуры; але Асі нідзе не было відаць. Ужо не смутак мяне грыз, — таемны страх мучыў мяне, і не адзін страх я адчуваў… не, я адчуваў раскаянне, шкадаванне самае пякучае, каханне — так: самае пяшчотнае каханне. Я ламаў рукі, я клікаў Асю сярод надыходзячай начной цемры, перш сцішка, затым усё мацней, і мацней, я паўтараў сто разоў, што я яе кахаю, я кляўся ніколі з ёй не расставацца; я аддаў-бы ўсё на свеце, каб зноў трымаць яе халодную руку, зноў чуць яе ціхі голас, зноў бачыць яе перад сабой… Яна была так блізка, яна прышла да мяне з усёй рашучасцю, у поўнай нявіннасці сэрца і пачуццяў, яна прынесла мне сваю некранутую маладосць… і я не прыціснуў яе да сваіх грудзей, я пазбавіў сябе шчасця ўбачыць, як яе мілы твар зацвіў-бы радасцю і цішынёй захаплення… Гэта думка мяне з розуму зводзіла.

«Куды магла яна пайсці, што яна з сабою зрабіла?» усклікаў я ў смутку бяссільнай роспачы. Штосьці белае прамільгнула раптам на самым беразе ракі. — Я ведаў гэта месца; там, над магілай чалавека, які ўтапіўся год семдзесят таму назад, стаяў да паловы ўросшы ў зямлю каменны крыж са старадаўнім надпісам. — Сэрца замерла маё… Я падбег да крыжа: белая фігура знікла. Я крыкнуў: «Ася!» Дзікі голас спалохаў мяне самога, — але ніхто не адазваўся. Я рашыў пайсці даведацца, ці не знайшоў яе Гагін.

ХX

Хутка ўзбіраючыся па сцежцы вінаградніка, я ўбачыў святло ў пакоі Асі… Гэта мяне крыху супакоіла.

Я падышоў да дома; дзверы ўнізе былі замкнуты; я пастукаў. Неасветленае акно ў ніжнім паверсе ціхенька адчынілася, і паказалася галава Гагіна.

— Знайшлі? — запытаўся я ў яго.

— Яна вярнулася, — адказаў ён мне шэптам: — яна ў сваім пакоі і распранаецца. Усё ў парадку.

— Дзякуй богу! — усклікнуў я з невыказным парывам радасці: — дзякуй богу! цяпер усё добра. Але вы ведасце, мы павінны яшчэ перагаварыць.

— Другім разам, — запярэчыў ён, ціха пацягнуўшы да сябе раму: — другім разам, а цяпер бывайце.

— Да заўтра, — прагаварыў я: — заўтра ўсё будзе вырашана.

— Бывайце, — паўтарыў Гагін. Акно зачынілася.

Я ледзь было не пастукаў у акно. Я хацеў тады-ж сказаць Гагіну, што я прашу рукі яго сястры. Але такое сватанне ў такі час… «Да заўтра, — падумаў я: — заўтра я буду шчаслівы…»

Заўтра я буду шчаслівы! У шчасця няма заўтрашняга дня, у яго няма і ўчарайшага; яно не памятае мінуўшага, не думае аб будучым; у яго ёсць сучаснае, — і то не дзень, а адзін міг.

Я не памятаю, як я дайшоў да З. Не ногі мяне неслі, не лодка мяне везла: мяне ўздымалі нейкія шырокія, дужыя крыллі. Я прайшоў міма куста, дзе спяваў салавей; я спыніўся і доўга слухаў: мне здавалася, што ён спяваў маё каханне і маё шчасце.

ХXI

Калі, на другі дзень раніцай, я стаў падыходзіць да знаёмага доміка, мяне здзівіла адна акалічнасць: усе вокны ў ім былі расчынены, і дзверы таксама былі адчынены; нейкія паперкі валяліся перад парогам; служанка з мятлой паказалася за дзвярыма.

Я падышоў да яе…

— Выехалі! — сказала яна, перш чым я паспеў запытацца: ці дома Гагін?

— Выехалі?.. — паўтарыў я… — Як выехалі? Куды?

— Выехалі сёння раніцой, у шэсць гадзін, і не сказалі куды. Пачакайце, ды вы-ж здаецца, пан Н.?

— Я пан Н.

Вам ёсць пісьмо ў гаспадыні. — Служанка пайшла наверх і вярнулася з пісьмом. — Вось, калі ласка.

— Ды не можа быць… Як-жа гэта так?.. — пачаў было я. Служанка тупа паглядзела на мяне і пачала месці.

Я разгарнуў пісьмо. Да мяне пісаў Гагін; ад Асі не было ніводнага радка. Ён пачаў з таго, што прасіў не злавацца на яго за раптоўны ад’езд; ён быў упэўнен, што, па разважліваму меркаванню, я ўхвалю яго рашэнне. Ён не знаходзіў іншага выхаду са становішча, якое магло зрабіцца цяжкім і небяспечным. — «Учора вечарам, — пісаў ён: — пакуль мы абодва моўчкі чакалі Асю, я пераканаўся канчаткова ў неабходнасці разлукі. Ёсць забабоны, якія я паважаю; я разумею, што вам нельга жаніцца на Асі. Яна мне ўсё сказала; для яе спакою я павінен быў уступіць яе паўторным, узмоцненым просьбам». — У канцы пісьма ён выказваў шкадаванне аб тым, што наша знаёмства так хутка спынілася, жадаў мне шчасця, па-сяброўску паціскаў мне руку і ўпрашаў мяне не старацца іх шукаць.

«Якія забабоны? — закрычаў я, як быццам ён мог мяне чуць: — што за глупства! Хто даў права ўкрасці яе ў мяне»… Я схапіў сябе за галаву…

Служанка пачала моцна клікаць гаспадыню: яе спалох прымусіў мяне апамятацца. Адна думка ў мне загарэлася: знайсці іх, знайсці, чаго-б гэта ні каштавала. Прыняць гэты ўдар, прымірыцца з такой развязкай было немагчыма. Я даведаўся ад гаспадыні, што яны ў шэсць гадзін раніцы селі на параход і паплылі ўніз па Рэйну. Я пайшоў у кантору: там мне сказалі, што яны ўзялі білеты да Кёльна. Я пайшоў дадому з тым, каб адразу-ж спакавацца і паехаць услед за імі. Мне давялося ісці міма дома Фрау Луізе… Раптам я чую: мяне хтосьці кліча. Я падняў галаву і ўбачыў у акне таго самага пакоя, дзе я напярэдадні бачыўся з Асяй, удаву бургомістра. Яна ўсміхалася сваёй праціўнай усмешкай і клікала мяне. Я адвярнуўся і прайшоў было міма; але яна мне крыкнула ўслед, што ў яе ёсць штосьці для мяне. Гэтыя словы мяне спынілі, і я ўвайшоў у яе дом. Як перадаць мае пачуцці, калі я ўбачыў зноў гэты пакойчык…

— Па-настаяшчаму, — пачала старая, паказваючы мне маленькую запіску: — я павінна была даць вам гэта толькі ў выпадку, калі-б вы зайшлі да мяне самі, але вы такі цудоўны малады чалавек. Вазьміце.

Я ўзяў запіску.

На маленькім кавалачку паперы стаялі наступныя словы, паспешліва напісаныя алоўкам:

«Бывайце, мы не ўбачымся больш. Не з гордасці я выязджаю — не, мне нельга інакш. Учора, калі я плакала перад вамі, калі-б вы мне сказалі адно слова, адно толькі слова — я засталася-б. Вы яго не сказалі. Мабыць, так лепш… Бывайце назаўсёды!»

Адно слова… О, я вар’ят! Гэта слова… я праз слёзы паўтараў яго ўчора, я пускаў яго на вецер, я паўтараў яго сярод пустых палёў… але я не сказаў яго ёй, я не сказаў ёй, што я кахаю яе… Ды я не мог і сказаць тады гэтае слова. Калі я сустрэўся з ёю ў тым ракавым пакоі, у мяне яшчэ не было яснага ўсведамлення майго кахання; яно не прачнулася нават тады, калі я сядзеў з яе братам у бяссэнсным і цяжкім маўчанні… яно ўспыхнула з нястрымнай сілай толькі праз некалькі імгненняў пасля, калі, спалоханы магчымасцю няшчасця, я пачаў шукаць і клікаць яе… але ўжо тады быле позна. «Ды гэта немагчыма!» скажуць мне; не ведаю, ці магчыма гэта — ведаю, што гэта праўда. Ася не паехала-б, калі-б у ёй быў хоць цень какецтва, і калі-б яе становішча не было фальшывым. Яна не магла выцерпець таго, што ўсякая іншая выцерпела-б: я гэтага не зразумеў. Нядобры мой геній спыніў прызнанне на вуснах маіх пры апошнім спатканні з Гагіным перад пацямнеўшым акном, і апошняя ніць, за якую я яшчэ мог ухапіцца — выслізнула з маіх рук.

У той-жа дзень вярнуўся я з запакаваным чамаданам у горад Л. і паплыў у Кёльн. Памятаю, параход ужо адчальваў, і я ў думках развітаўся з гэтымі вуліцамі, з усімі гэтымі месцамі, якія я ўжо ніколі не павінен быў забыць, — я ўбачыў Ганхен. Яна сядзела каля берага на лаўцы. Твар яе быў бледны, але не смутны; малады, прыгожы хлапец стаяў з ёй побач і, смеючыся, расказваў ёй штосьці; а на другім баку Рэйна маленькая мая мадонна ўсё таксама сумна выглядала з цёмнай зелені старога ясеня.

ХXІI

У Кёльне я напаў на след Гагіных; я даведаўся, што яны паехалі ў Лондан, я пусціўся ўслед за імі; але ў Лондане ўсе мае пошукі засталіся дарэмнымі. Я доўга не хацеў прымірыцца, доўга ўпарціўся, але я павінен быў адмовіцца, нарэшце, ад надзеі знайсці іх.

І я не ўбачыў іх больш — я не ўбачыў Асі. Цёмныя чуткі даходзілі да мяне аб ім, але яна назаўсёды для мяне знікла. Я нават не ведаю, ці жыва яна. Аднойчы, праз некалькі год пасля, я мімаходзь убачыў за граніцай, у вагоне чыгункі, жанчыну, твар якой выразна напомніў мне незабыўныя рысы… але я, відавочна, быў ашуканы выпадковым падабенствам. Ася засталася ў маёй памяці той самай дзяўчынкай, якою я ведаў яе ў лепшую пару свайго жыцця, якой я яе бачыў у апошні раз, нахіленай на спінку нізкага драўлянага крэсла.

Між іншым, я павінен прызнацца, што я не надта доўга сумаваў па ёй: я нават рашыў, што лёс нядрэнна распарадзіўся, не злучыўшы мяне з Асяй; я ўцяшаўся думкай, што я, напэўна, не быў-бы шчаслівы з такой жонкай. Я быў тады малады — і будучае, гэта кароткае, хуткае будучае, здавалася мне бязмежным. Хіба не можа паўтарыцца тое, што было, думаў я, і яшчэ лепш, яшчэ прыгажэй?.. Я ведаў іншых жанчын — але пачуццё, абуджанае ва мне Асяй, тое пякучае, пяшчотнае, глыбокае пачуццё, ужо не паўтарылася. Не! ні адны вочы не замянілі мне тых, калісьці з любоўю накіраваных на мяне вачэй, ні на чыё сэрца, прыпаўшае да маіх грудзей, не адказвала маё сэрца такім радасным і салодкім заміраннем. Асуджаны на адзіноцтва бессямейнага бабыля, дажываю я нудныя гады; але я захоўваю, як святыню, яе запісачкі і высахшую кветку герані, тую самую кветку, якую яна некалі кінула мне з акна. Яна да гэтага часу крыху яшчэ пахне, а рука, што мне яе дала, тая рука, якую мне толькі раз давялося прыціснуць да губ сваіх, магчыма, даўно ўжо тлее ў магіле… І я сам — што сталася са мною? Што засталося ад мяне, ад тых шчаслівых і трывожных дзён, ад тых крылатых надзей і імкненняў? Так лёгкае выпарэнне нікчэмнай траўкі перажывае ўсе радасці і ўсе гаротнасці чалавека — перажывае самога чалавека.

1857 г.