Перайсці да зместу

Водгульле (1922)/Эй, скажы мне

З пляцоўкі Вікікрыніцы
«Асадзі назад!» Эй, скажы мне
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Старыя дубы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Эй, скажы мне, небарача…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




* * *

— Эй, скажы мне, небарача,
Ты, каго ў ярме трымаюць,
Чыё жыцьце папіхаюць:
Сам ты ныеш, доля плача,
Ва ўсім чысьценька нястача,

Сееш многа ты і дбала,
Хоць скупое тваё жніва,
Адкажы ты мне праўдзіва:
Што цябе тут прыкавала?
Ці у сьвеце сьцежак мала?

Або сьвет тут зачыніўся?
Ці ты глух на папіханкі?
Сьвецяць рэбры скрозь катанкі,
А праз шапку чуб прабіўся.
Ці цярпець ты век згадзіўся?

Ці ня чуў аб лепшай долі?—
— Ой, даўно-б я ўсё пакінуў,
Толькі-ж многа сьлёз я лінуў
І крыві на тыя ролі,
Дзе ўзыходзяць песьні болю.

Дык няхай сьвет хоць трасецца,
Я тут вырас, тут і згіну,
А разорак тых ня кіну,
Дзе мой смутак, жаль снуецца,
Дзе мне шчасьце не даецца,

Бо я цьвёрда веру ў тое,
Што наш засеў у полі дзікім,
Гневам вырасьце вялікім
І затопіць ён ўсё злое,
Ўсё няшчасьце векавое.

28/II 1912 г.