Перайсці да зместу

Водгульле (1922)/Старыя дубы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Эй, скажы мне Старыя дубы
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Дубы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Старыя дубы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СТАРЫЯ ДУБЫ.

Зноў я бачу, зноў вітаю,
Як паноў вяльможных,
Панад Нёманам у гаю
Гурт дубоў разложных.

Сам ня ведаю, чым мілы,
Чым вы сэрцу любы,
Выхаванцы веку, сілы,
Магутныя дубы.

Чымся мілым, чымся родным
Ад вас павявае,
Аж мне сэрца ў сьпеў лагодны,
Ў думкі ахінае.

Ўзварухнуцца думкі-песьні,
Як вашы лісьцінкі,
І зноў станеш напрадвесьні
Жыцьцёвай пуцінкі.

Цешусь вамі, пазіраю,
Любуюся, дрэвы,
Смутна сэрцам прачуваю
Вашы думкі-сьпевы.

Толькі-ж шум я ня той чую—
І вы парадзелі,
І вы ня ўсе буру, злую
Зьнесьлі і здалелі!..

Ой, асілкі ў ціхім гаю,
Векавыя дубы!
Зноў вітаю вас, вітаю,
Любы ж вы мне, любы!

1912 г.