Перайсці да зместу

Водгульле (1922)/«Асадзі назад!»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Песьня п’янага «Асадзі назад!»
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Эй, скажы мне
Іншыя публікацыі гэтага твора: «Асадзі назад!».

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




„АСАДЗІ НАЗАД!“

Дрэнна маё жыцьце,
Ўсё ідзе ня ў лад,
І крычаць мне ўсюды:
«Асадзі назад!»

Божа ты мой мілы!
Б’юся я, як гад,
Толькі-ж куды выйду—
«Асадзі назад!»

Помню, я жаніўся,
Добры быў мой сват!
К дзеўцы нос паткнулі—
«Асадзі назад!»

Дзеўка была важна!
Ды сусед—Кандрат
Ногу мне падставіў—
«Асадзі назад!»

Трапіў я у горад,
Быў якраз «парад»,
Лезу я наперад—
«Асадзі назад!»

У засеках пуста,
Жыта пабіў град…
— Дай, старшынка, «ссуды!»
«Асадзі назад!»

Я з капейкі зьбіўся,
Зарабіць я рад.
— Ці няма работы?
— «Асадзі назад!»

Сам я растрапаўся,
Лезе з плеч халат.
— Памажэце, людзі!
— «Асадзі назад!»

Сына свайго ў людзі
Вывеў бы Ігнат
— Ось, мой сын, паночкі!
— «Асадзі назад!»

Ў вёску хлеб прыслалі—
Там галодных шмат…
Пруся я з мяшэчкам—
«Асадзі назад!»

Галаву я маю,
Быў бы дэпутат.
— «Цэнзу» ты ня маеш—
«Асадзі назад!..»

Праўда, што таіцца?
Быў і мой чарод:
Два разы на жыцьцю
Вышаў я ўпярод:

Ўзбунтавалась вёска—
Ой, быў цяжкі год!
Прыяжджае прыстаў:
— Выхадзі ўпярод!

Гэта ты, мярзавец,
Ўзбунтаваў народ?
Гэй, гарадавые!
Даць яму ўпярод!

1908 г.