— Гэй, мой конік! гэй, мой сівы!
Ну, яшчэ, маленькі!
Варушыся, гэй, ня бойся,
Конік мой сівенькі!—
Ў полі зранку за сахою
Аратай гукае,
Сіўку, друга у цяжкай працы,
Просіць-панукае.
Сам бяз шапкі, босы ногі,
Грудзіна раскрыта;
Б‘юць каменьні аб напрогі,
Скрыгацяць сярдзіта,
І шуршаць пяскі буйныя,
Як жарства рачная, Ходзіць подскакам ў дрыготках
Сошачка крывая.
Аратай ідзе спавагу,
Мерна, крок за крокам.
Вузка доўгая палоска,
Не акінеш вокам.
Пройдзе боразну аратай,
Сошку падтрасае;
Сам назад ўвесь падаецца;
Конік службу знае:
Сам заходзіць без панукі.
Без каманды, спраўна,
Аж нейк глянуць на сівога
Люба і забаўна.
Нібы знае сівы конік
Думкі аратая,
І яго панукі-крыку
Сіўка не чакае.
Аратай-жа, завярнуўшысь,
Спыніць друга-сіўку,
Слова ласкавае скажа
І паправіць грыўку;
Гладзіць коніка па шыі,
Мух дакучных гоніць,
Як бы з самым лепшым другам,
З сіваком гамоніць.
— Змардаваўся? адпачынь, брат!
Пастаім, пакурым;
Вератнік мы гэты скончым,
Спачываць патурым.—
Конік трэцца галавою
Аб яго кашулю;
Адпачыўшы, зноў ён цягне
Сошачку крывулю.
А аратай, задуменны,
Зноў ідзе ступою.
Моцна, моцна іх зрадніла
Праца за сахою!
— Гэй, мой конік! гэй, мой сівы!—
Носіцца па полі.
Конік, сошка і аратай
Мерна йдуць паволі.
Эх, ты поле! колькі сілы
Тут затраціць трэба!
Цяжка, цяжка дастаешся
Ты, кавалак хлеба!
|