Перайсці да зместу

Водгульле (1922)/На адзіноце

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Мацерына прычытаньне На адзіноце
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Думкі
Іншыя публікацыі гэтага твора: На адзіноце.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НА АДЗІНОЦЕ.

Між глыбокіх сьнягоў,
Дзе лес глуха шуміць,
Ціхі дом лясьнікоў,
Адзінока стаіць.

Воўчым вокам вакно
Ў цемні ночы блішчыць.
Дзеткі сьпяць ўжо даўно,
Толькі матка ня сьпіць,

Смыча-нітку яна,
Ўсё кудзельку прадзе.
Глухата, цішыня,
Толькі ўюга гудзе,

Завывае, як зьвер.
Стогне вяз над, страхой.
Страшна ў лесе цяпер,
Сьцішна ў хаце адной.

Ды прывыкла яна
Да паўночы сядзець
І скрозь шыбы вакна
Ночцы ў вочы глядзець:

А у коміне зноў
Вецер песьню пачаў;
Вось ён глуха завёў,
Як жабрак засьпяваў.

Ў гэтай песьні глухой
Сьлёзы гора чутны,
Плач і енкі з мальбой
Адзінокай душы.

—Мама! страшна мне тут,
Я баюся адзін:
Унь варушыцца жмут
На ашэстку аўчын!—

Сын малы, Васілёк,
Кліча матку к сабе.
—Бог з табою, сынок:
То здалося табе!

Ня пужайся, дурны:
То аўчынкі вісяць,
Няжывыя яны
І ня могуць чапаць,—

Мама! сядзь, ідзі тут…
Што так страшна гудзе?—
Ставіць прасьніцу ў кут,
К сыну матка ідзе.

—Мама! чуеш: во—во!
Хтось па даху пабег!
Гэта злодзей ці хто?—
—Не, сынок: гэта сьнег.—

—А што трэба яму?
Чаго ўзьлез ён на дах?
Ці ён грозіць каму?
Ці спужаў яго страх?

— Ой, блазнота мая!
Ну-ж, з цябе і сьмяляк!
Чаго думка твая
Улякалася так?

Гэта-ж вецер, сынок!
— Ён жывы, ці які?
— Да-не, мой галубок:
Гэта воздух такі!—

— А што робіць ён?—Хто?—
— Ну, той воздух! скажы?
— Няма ведама, што
Ты пляцеш ўсё—ляжы!—

Васілёк замаўчаў,
Нярухліва ляжыць,
Мусіць думаць пачаў,
Чаго вецер шуміць.

А ён, быццам той зьвер,
Плача, вые; гудзе.
— А дзе тата цяпер?
Чаму доўга ня йдзе?..

Не баіцца адзін
Ён у вочы хадзіць!—
— Тата дужы, мой сын.
За плячыма вісіць

Стрэльба, нож пры баку,
Дык баяцца чаго?
Кепска будзе ваўку,
Калі чэпіць яго.

— Мама! праўда ці лгуць.
Што маленькіх дзяток
Жабраком аддаюць
Заміж хлеба ў мяшок?

— Не, ня праўда, сынок!
Гэта байку сплялі;
Проста страшаць дзяток,
Каб паслушны былі.—

Зноў заціх Васілёк
І пытаць перастаў,
Зноў яго разумок
Варушыцца пачаў.

Ціха ў хатцы малой,
Смутна лямпа гарыць.
Бор стары за сьцяной
Усё шуміць ды шуміць.

13/X 1909 г.