Водгульле (1922)/Думкі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На адзіноце Думкі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Я помню
Іншыя публікацыі гэтага твора: Думкі (Дрэмлюць думкі цяжкай дрэмай…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДУМКІ.

Дрэмлюць думкі цяжкай дрэмай,
Поўныя трывогі;
Ім на сьвет з магілы немай
Не прабіць дарогі;

Ім няма дзе прыхінуцца,
Хоць і сьвет зьлятаюць.
А часамі, як ачнуцца,
Жаласна ўзыграюць;

Усё смуткуюць сэрца дзеткі,
Што мы тут ў няволі,
Што пасохлі жыцьця кветкі
Без пары, бяз долі;

Што мы гора збыць ня ў сілах,
Крыўды не зваюем,
Што, быць можа, да магілы
Долі не пачуем.

Не смуткуйце ж вечарамі,
Думкі, гора дзеці!
Хоць мне цяжка, толькі з вамі
Не адзін я ў сьвеце.

Тускна жыцьце, ні іскрынкі,
Ў кут яно забіта;
Толькі з вамі, сірацінкі,
Гаманю адкрыта.

1/IX 1910 г.