Перайсці да зместу

Водгульле (1922)/Журба палёў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Эх, як я-б хацеў!.. Журба палёў
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
Суш
Іншыя публікацыі гэтага твора: Журба палёў.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЖУРБА ПАЛЁЎ.

Уплывалі хмары-горы
Белымі клубкамі,
Як бы крыгі ледзяныя
З меднымі краямі.

Ападала іх заслона
Ў беспарадку кучай,
Як бы Сам Бог дзьмухануў іх
Сілай вусн магучай.

І, пакорны Яго волі,
Уцякалі хмары.
Так прад ўсходам сонца нікнуць
Ночы страхі, чары.

І, шырока разгарнулась
Неба сінь-лазура,
Ды прырода пазірала
Хмурна і панура.

Быццам думкай невясёлай,
Наміткай туману
Засьцілалісь луг і поле,
Лес, гаі, курганы—

І глядзелі засмучона,
Як зьнікалі хмары,
І як з імі прападалі
Іх надзеі-мары;

Бо ім смага дакучала,
Сонца іх зьнішчала,
І бясплодна дажджавая
Хмара уплывала.

Пазіралі, гаравалі
Нівы, сенажаці…
Так гаруе, плача сэрца
Па сваёй утраце.

14/V 1910 г..