Перайсці да зместу

Водгульле (1922)/Дзьве дарогі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
На пераломе Дзьве дарогі
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1922 год
На рэчцы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дзьве дарогі (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У ДЗЬВЕ ДАРОГІ.

Над балотам, над лясамі
Жураўлі крычаць,
Бы сваімі галасамі
Хочуць вестку даць,

Што цяпло мінецца скора
І заглухне бор,
Ў полі сіняга прастору
Ня угледзіш зор;

Што нагоніць хмар вятруга,
Наплыве туман,
І абніме гора — туга
Поле, лес, курган…

Разам з вамі, вольны вырай,
Палячу і я,
Толькі-ж к сьмерці стане бліжай
Сьцежка там мая.

Ляціцё вы ў край паўднёвы
Зіму пераждаць,
Каб на весну песьняй новай
Родны кут вітаць.

А я еду, госьці лета,
Ў той крывавы вір,
Дзе вар’яцтва ўсяго сьвету
Свой спраўляе пір.

22/VII 1917 г.