Вецер (Гарун)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Вецер
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/72273


Вее вецер вольны,
Хмары шыбка гоніць;
З вадой, зямлёй, лесам
Зюкае-гамоніць!
         Прыляцеў да рэчкі,
         Прылёг, прытуліўся,
         Крышачку па яснай
         Віхрам закруціўся,
Сказаў слоўца ласкі,
Сьвіснуў і падняўся
І за хмаркай лёгкай
Пырхнуў і пагнаўся.
         Зноў прымчаў да лесу:
         «О, здароў, мой браце!»
         І пайшоў між хвоек
         Ён дурэць, гуляці:
Адну пацалуе,
З другой пасьмяецца,
Кіне слоўца, пару,
Да трэйцяй бярэцца…
         Годзе ўжо у лесе!
         Зноў увыш падняўся,
         Пакруціўся крыху
         Ды удаль падаўся.
Задаў гону, пылу
І уніз ён рынуў,
Прыпаў да зямліцы,
Быццам дзесь загінуў.
         «Ах, мая матуля,
         Як я нагуляўся!
         Бачыў сонца, месяц,
         Ў рэчачцы скупаўся.
Хораша на сьвеце!
Колькі ў ім прастору:
Шыбаеш па рэчцы,
Прыпадзеш да бору…
         Я хацеў бы болей
         Ў сьвеце пагуляці, —
         Адпусьці ж, матуля,
         Яшчэ палятаці!»
Пэўне, што пусьціла
Вецер маць гуляці,
Бо падняўся ў неба
І пачаў сьпяваці…
         Вось — нянацкам скончыў
         Сьпяваці гуляка,
         Гікнуў і панёсься
         Ўдаль хутчэй за птака.