Вецер з гаем размаўляе (Шаўчэнка/Купала)
Выгляд
*** Вецер з гаем размаўляе Верш Аўтар: Тарас Шаўчэнка Пераклад: Янка Купала |
Кабзар, 1939 |
Вецер з гаем размаўляе,
Шэпча з асакою;
Плыве човен па Дунаю
Адзін за вадою.
Плыве човен вады повен —
Ніхто й не прыкмеціць;
І хто спыніць? — Ўжо рыбалкі
Няма ўжо на свеце!
Паплыў човен аж у мора,
Яно загуляла…
Пагулялі горы-хвалі —
І шчэпак не стала…
Шлях нядоўгі, — як і чоўну
Да сіняга мора,
Сіраціне на чужыну,
А там — і да гора.
Пагуляюць людзі, нібы
Халодныя хвалі;
Падзівяцца, паўздыхаюць,
Як сіротка плача;
Спытай потым — дзе сіротка?
Не чуў і не бачыў…
(С.-Пецярбург, 1841)