Перайсці да зместу

Ветры буйныя (1927)/III/Пажоўклы клён…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Я дарую табе ⁂ (Пажоўклы клён…)
Верш
Аўтар: Паўлюк Трус
1927 год
Навошта сэрца я параніў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Пажоўклы клён
Абветраў і абмок,
Нямая сінь
Над возерам упала!
Перада мной
Разгорнута пісьмо,
Што на ўспамін
Дзяўчына мне прыслала.

Ты пішаш мне,
Што ў вас цяпер вясна,
І вербы журацца
Ў зацішку над крыніцай…
Што ты заспанаю,
З сястрою ці адна,
Да сонца йдзеш,
Ідзеш зьбіраць суніцы.

А ў вольны час,
Пачне як сэрца ныць —
Заплача зорамі
Над хутарамі вечар —
Бяжыш за млын,
Дзе плаваюць чаўны,
І доўга, доўга
Думаеш аб нечым?!

Стаіш адна…
Глядзіш на дно ракі,
А там у беразе
Шуміць аер з чаротам…
Ты кветкі рвеш,
Адна віеш вянкі
І ў ціхім сьне
Пускаеш іх на воду…
........
Любіў і я!..
Любіў калісь вясну,
Любіў да сьлёз,
Як матку, як дзяўчыну!
Але цяпер,
Цяпер яе адну
Я сэрцам выпяю
У кволых журавінах.

Ня знаю сам,
Ня ведаю чаму, —
Ці можа толькі мне,
Мне аднаму здалося?!
Як лісьце сыплецца…
Таму, вось, мо‘ таму
Ў красе асеньніх зор
Поэты любяць восень?

Ня скажа й клён,
Што пад акном абмок,
А сінь даўно
Над возерам упала…
Перада мной
Разгорнута пісьмо,
Што на ўспамін
Дзяўчына мне прыслала.

1926 г.